epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

На ўспаміны

У цяньку шатрыстых ліп

Дзеўчаняты ў шатах белых

Прадаюць звяроў і рыб,

Не жывых, а скамянелых.

 

Незвычайнай пекнаты

Падарункі на ўспаміны:

Скамянелыя лісты,

Скамянелыя галіны.

 

Абляпіў крынічны дождж

Іх узорам жоўтай солі.

Пастаіш пад ім — і што ж?

Станеш выкапнем паволі.

 

Сам укрыешся луской

Серы, натрыю і брому,

Не адбіць яе кіркой,

Не паддасца нават лому.

 

Зрэшты, я не мараліст,

Ад мараляў засыхаю.

Мне мілей зялёны ліст,

Рыба вёрткая, рачная.

Ды традыцый не зламлю

І для памяці даўгое

На расстанні прыхаплю

Нешта іншае, жывое.

Тое, што найбольш цаню,

Падарыў мне край прыветны:

Добрых сэрцаў цеплыню,

Шум бароў і пахі кветак.

 

22.VI.1958