epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

На вышыні Елені скок

Я выйшаў на Елені скок

І глянуў на Карловы Вары:

Туманаў шэрыя гушчары

Раслі з аблок і да аблок.

 

Да гэтай слаўнай вышыні,

Сярод завалаў бураломных,

Цар Пётр узняўся на кані,

Чаго не мог ніводзін коннік.

 

Яшчэ далей — ступіў салдат,

Мой брат, нікому не вядомы,

Не прычакаліся назад

Яго наднёманскія стромы.

 

Ён з найвышэйшае гары

Крыжастых касак скінуў зграю...

Тут дождж не капае, вятры

Яго слядоў не задзімаюць.

 

Калі і ты сюды ўзышло,

Пі, слова, пі з крыніц гаючых,

Каб не скрышылася, як шкло,

Ты па дарозе неўміручых.

 

23.VI.1958