epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Надыход слова

1
2


1

У чалавечых тлумах

Чуюся аднаверцам:

Сэрцу хочацца думаць,

Думаць хочацца сэрцам.

 

Згукі лаўлю і зрухі

Чуйна, як на паверцы:

Сэрцу хочацца слухаць,

Слухаць хочацца сэрцам.

 

Золак людской удачы

Поўніць вачэй азерцы:

Сэрцу хочацца бачыць,

Бачыць хочацца сэрцам.

 

2

Сцежка ідзе, не збочыць,

Шляхам у век прарвецца:

Сэрца ўражае вочы,

Вочы глядзяць у сэрца.

 

Хтосьці пашэпча ціха —

Рэха мне адгукнецца:

Сэрца кранецца слыху,

Слых пазвініць у сэрца.

 

Жыць не па звыклай мерцы,

Лёсам шукаць ратунку:

Думка бунтуе сэрца,

Сэрца раджае думку.

 

1972


1972