epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Наследаванне народнаму

...А жылі-былі ў свеце тры тугі,

Злыя тры тугі — падкарытухі...

 

У малодшай тугі бракавала кос,

Падплятала яна ў косы конскі хвост.

Нос — на дзесяць рос, на адну саспеў,

Між вачэй не ўлез, на ўсю губу сеў

І хаваўся за негустою,

Хоць і баба, за барадою.

 

У сярэдняй тугі — не было нагі,

Успіралася на хатуль даўгі,

Руку правую ёй па локаць

Адсушыў, ад’еў труйны блёкат.

 

У старэйшай тугі — над ілбом рагі,

Пад вачмі кругі,

З рота дух благі,

Вочы плаваюць у алеі:

Хто падыдзецца, так і ўмлее.

 

Ёсць ці не грахі,

Дзьмуць у тры духі,

Гнуць у тры дугі

Злыя тры тугі...

 

Завіхаюцца падкарытухі...

 

Намагаліся цёткі нядобрыя,

Каб на іх былі ўсе падобныя,

І людзей з чалавечай рочаці

На капыл на свой паварочвалі.

 

Ды прыйшоў красавік у госцікі,

Варухнуў ён вятрамі цёплымі,

Падхапіў тры тугі — выносьцеся! —

Не паспелі ўзляцець і — лопнулі!

 

Казка расказана быццам дзіцячая,

Калі хто хоча, хай перайначвае,

Як аджылі

Тры тугі, разбойніцы,

Як пачалі

Пад іх людзі строіцца:

Недзе ў бародах

Хаваюць насы,

Следам за модай

Па пуп — валасы,

Кос не хапае — скубуць у кабылы,

Дзеўкі з хвастамі — страшная сіла!

Не надужаюцца надта размоваю,

Ходзяць маўчком, нібы губы за пломбаю,

А пад вачыма кругі вымалёўваюць,

Рукі і ногі ў шэйках выломваюць.

 

Простая казка і ясная прыказка —

Што на прапіску, што тут на выпіску.

Я памаўчу...

У стаялыя рочаці

Вы ж і не хочаце,

Вы ж і не збочыце.

 

1973


1973