epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Наследаванне славацкаму

У той вечар хмурны

Ты спявала звонка:

«На Кашыцкай турне

Шэдзі два галонбка».

 

Песеньцы дзівоснай

Мы ўсе падпявалі,

І Дунай нязлосна

Пырскаў сіняй хваляй.

 

Ды з тае часіны

Людзі ў вочы поруць:

Дзе твая сцяжына,

І мая там поруч.

 

І бягуць праз межы

Гэтыя слядочкі...

«На Кашыцкай вежы

Двое галубочкаў...»

 

11.VI.1957