epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

"Не чакалася, не гадалася..."

* * *

Не чакалася, не гадалася,

А развітваемся назаўжды:

Пад крылом ужо загайдаліся

Гор двухгорбыя верблюды.

 

Можа быць, гэта ніва спелая,

Можа быць, гэта ў кветках луг,

Але ж сіняе, але ж белае,

Але ж звонкае ўсё наўкруг...

 

Мора ўгневанае,

Песня спеваная,

А гаручая — не крані!

Скінь яе, залатая дзеванька,

Парашутам з высачыні.

 

Горы, ўгнутыя хмар паклажаю,

Чалавек сівы між дубоў,—

Для цябе ўжо сталі муляжамі,

Размалёванымі пад любоў.

 

Застанецца мне хваля з плюскатам

Калыхацца, гусці, трымцець...

І амаль зусім беларуская

Вунь — бярэзіна на хрыбце.

 

30.VI.1958