epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

"Некалі жыў адною

Некалі жыў адною

Думкай — і ўноч, і ўдзень,—

Хто ж там ідзе за мною,

Ці толькі ўласны цень?

 

Ці ўжо зусім не будзе

Гэткага, што б гукаў:

— Не занядбайце, людзі,

Продкам пачатых спраў!

 

Прымаразкам разводдзе

Скута, як шкло ў акне.

Сэрца на гэтым лёдзе

Не пакаўзнецца, не!

 

Чую, ўжо вырастае

Той, хто прыме зямлю.

Не пазнаю, не знаю,

Бачу яго, люблю.

 

Хай сабе непадобны

Ён да мяне і вас,

Святлейшы і болей добры —

Яму дазваляе час.

 

Вырас на мне карэннем,

Піў з нашых чыстых рэк,

Мае маё сумленне

Век той і чалавек.

 

1966


1966