epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Нешта ёсць

Светлы волас, звонкі голас

І каса да паяса —

Не дзяўчына, а краса!

Чарначубы, чарнавокі,

Сам высокі, крок шырокі —

Люба глянуць на хлапца.

 

Гэта пара ў роўнай сіле

На лугах, на паласе,—

Так сказалі людзі ўсе.

Трэба сватаць пакрысе,—

Бабкі так пастанавілі.

 

А дзяўчаты — ў смех дзяўчаты:

Як там сватаць,

дзе там сватаць,

Калі ўсё наадварот:

Ён — у двор, яна — з варот,—

Перабег дарогу кот.

 

Чорны кот?

А каб ён здох!

Дык за лапу і на мох.

 

Лета скончыла прыборку,

Ураджаі на вазе,

Дзядзька бусел ля пагорку

На адной стаіць назе.

 

Вось хлапец выходзіць з хаты,

Паднядзелен, як у свята:

Плашч гумовы, адмысловы,

Хоць і сонца, а не дождж,

На назе блішчыць галёш.

 

Да дзяўчыны проста крочыць.

— Можа, прымеш: гэта я.

А яна пяском у вочы:

— Дома ўся мая сям’я.—

 

Зноў пайшло наадварот:

Ён — у двор,

яна — з варот.

Словам, гэта валавода

Трэпле вёску цэлы год.

 

А чаму ж у іх нязгода,

І прычым тут чорны кот?

 

Што не хоча задавака

За вясельныя сталы,—

Тут закопаны сабака

Ды, відаць, і не малы.

 

Нешта ёсць ці нехта ёсць.

Вось і ўсё.

Тлумачыць досць.

 

1969


1969