epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Новае і старое

Змрочна выткнуўся на пляц

З мітуснёю крамак дробных

Папы рымскага палац,

На дупло савы падобны.

 

Дзе-нідзе святы айцец

Забразджыць касцельным звонам,

Ды, відаць, прыйшоў канец

Ватыканскім забабонам.

 

Кормяць чорных вераб'ёў

Бабкі, дрэмлючы на лавах,

Перахрысцяцца і зноў

Ціха дзейкаюць аб справах.

 

А над рэчкай у садку,

Што свіціцца ў пары цёплай,

Маркс успёрся на руку,

Піша ноты Дворжак поплеч.

 

Міла бачыць ім пару

Новай складкі, новай веры...

Гучна выклікаў зару

Горн вясёлы піянера.

 

За высокі сцяг з Градчан

Пастаіць народ ласкавы,

Ён нідзе не пазычаў

Сілы, мужнасці і славы.

 

19.VI.1958