epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Па дарогах Купалы

"Скрычаліся, просячы рады, гудкі..."
"А Орша дрыжыць пад агнём з перапраў..."
"Дзеці, фурманкі..."
"Пазіраючы з гмахаў высокіх..."
"Ходзіць Купала: акно і парог..."
"Загаварыў ён, смуткуючы, курачы..."
"Рэдзенькі лес, паўгадзіны прывалу..."
"Вырвуся з болю, суцішу заплачкі..."
"Як толькі аціхнуць марозы..."
"Поруч быў, а стаў, мае сябры..."


 

Пакідаў гняздо бусел,

Свае пожні і сосны...

Янка Купала

 

"Скрычаліся, просячы рады, гудкі..."

* * *

Скрычаліся, просячы рады, гудкі,

І зарыва мкне, абганяючы думкі...

А кнігі глядзяць і сяброў падарункі,

І клічуць пачатыя чарнавікі.

 

Ён грозіць бамбёжцы:

— Нічога, нябога! —

Зірнуў на гадзіннік:

— Гатовы ў дарогу?

— А клункі? — спытала Бянігна з парога.

Купала бярэ са стала алаўкі:

— Хоць самі б у сані...

Каб як у Ляўкі.

 

— Я дому прыгледжу...

— Што думаць аб ім!

Не будзем старцамі, заробіцца нешта...

Бянігна упарта стаіць на сваім:

— Навошта старую мяне павязеш ты!

 

— Адну не пакіну...

— Гаворыш дарма!

Ты сядзь каля маці, ўкусі чаго-небудзь,

Сунічкі ўдаліся, варыла сама...

Дай божа, каб мы не жадны былі хлебу.

 

— Чакае машына...

— Не з гэткіх я пань,

Усе не пасядзем, дый вы ж ненадоўга...

А шлях не на дзень быў...

З Масквы на Казань,

У цёмныя ночы бяссоння над Волгай.

 

— Паедзем жа, мамка! —

Да шчок хвартушок

Яна прыціскае:

— Я — клопат нявелькі...

І больш не кажы, не прасі, Янучок.

Чаго я за свет? Мне бліжэй у зямельку.

Цярпелі мы з ёю, яшчэ пацярплю...

 

І змоўкла...

Становіцца ён на калені,

Цалуе руку і цалуе зямлю,

Прымаючы матчына блаславенне.

 

Ізноў, засланяючы сына сабой,

Адна застаецца ў пакінутай хаце

З адвечнаю,

многавяковай тугой,

Адвечная,

многавяковая маці.

 

І ўжо не галіны шумяць з-за акон,

А тлум галасоў, ператвораны ў попел...

І полымя, крыкі і слёзы вакол

У душу ўліліся да кроплі, да кроплі.

 

Народжана жыць і павінна гарэць

І сэрца, як слова, і слова, як сэрца,

Няхай на апошняй мяжы разарвецца —

На бок перад ім адступаецца смерць!

 

Ён едзе за Мінскам. Бярозы стаяць,

Ад полымя твар засланіўшы, ад болю.

 

Бянігна прыперлася ў браме з таполяй,

Не чуе, не бачыць,— сама не свая,—

Паветра дзяўбаюць злавесныя птахі,

Нячысцікі быццам спраўляюць гульню...

З каменных плячэй

гмахі

ссоўваюць дахі

І нікнуць пад зыркай заслонай агню.

 

Гарачы вятрыска хусціну зрывае,

Упрочкі з дамоўкі пажар выганяе...

За сынам, на шлях! Паспяшае ўдвая,

Нясе яна жару гаршчок у прыполе,

Пад вецер становіцца, сыпле вуголле,

І плача, і паліць няжатае поле

Купалава маці, старая жняя.

 

* * *

 

"А Орша дрыжыць пад агнём з перапраў..."

А Орша дрыжыць пад агнём з перапраў,

Дзе хваля ледзь-ледзь галаву падымала...

Па жоўтых прыступках сышоў да Дняпра,

Прысеў і задумаўся...

Горна Купалу...

 

Уночы прыехаў, не спаў да відна...

Бунтуецца плынь прад сухімі вачыма:

І тут ужо злыбеда-дзеўка —

вайна

Свой доўгі, распусны падол замачыла.

 

І крокі...

Пазнаў, пагукаў бы здалёк,

Ды сэрца нібыта заціснулі ў лубе.

Рвануўся насустрач:

— Адтуль, Каласок?

Здалі?

Падымім, пагаруем, Якубе.—

 

Нагнуўся, зачэрпаў пяску на далонь,

На дол ручаінка бяжыць залатая...

Напэўна, вось так, за аблонню аблонь,

Радзімы зямля ад яго адплывае!

 

Аднымі губамі:

— Цярусіцца жвір

На века труны мне...—

Суровее Колас,

Смутнее:

— А ты, сіраціна, жыві!1

Прыждаўшы зіміцы, мы станем на полаз...—

 

Па беразе дрот сувязіст пацягнуў,

У садзе акопы капае пяхота.

Купала зірнуў:

— Запыняюць вайну...

І нам бы пара да яе на работу.—

 

Байца абдымае, адвітвае сад,

Пруточак рабіны, разгатую грушку...

Забраць бы ў сувой трапяткі далягляд,

Разлогі і пушчы ў Дняпро абгарнуўшы.

 

Нашто тое што!

Калі ён ува ўсім

І ўсё гэта ў ім неадлучна, навечна —

Садок, гадаваны пры доме сваім,

І сад, што падрос у душы чалавечай.

 

Падступіць чужынец — усходзіцца гром,

Вада перасохне ў крыніцах багатых,

І пырснуць зярняты свінцовым дажджом,

І яблык у жмені ўзарвецца гранатай.

 

* * *

 

1 Радок Я. Купалы.

"Дзеці, фурманкі..."

Дзеці, фурманкі...

У бежанства зноў

Едзе Купала.

І бачыць Купала —

Сіняе войска расцвіўшых званкоў

Выйшла з лугоў.

І яно адступала!

 

Сінія хвалі і злева, і справа...

Жонцы азваўся:

— Зірні, Ўладзіслава! —

 

А ўжо званочкі звіняць, як званы:

— Ты на каго гэта нас пакідаеш? —

...З бомбамі ў дзюбах ляцяць груганы.

Кветкі ўміраюць, а звон —

не сціхае!

 

Водгулле — следам.

Мацней і мацней

Звоняць званочкі — трываць немагчыма!

Як на адправу, склікаюць людзей.

Стала і плачам зайшлася жанчына.

 

Стаў і Купала.

Без шапкі, з кійком.

Як пераступіш? — Мяжа Беларусі!

Цешыць:

— Сястрыца, ты вернешся ў дом! —

Думцы ж трывожна:

— А сам я вярнуся?

 

* * *

 

"Пазіраючы з гмахаў высокіх..."

Пазіраючы з гмахаў высокіх,

Ніў прасторамі, плынямі рэк

Гаварыў з намі заўтрашні век.

Пры яго карабельных вытоках,

Рады працай,

жыў той чалавек,

Без каго б заспяваць не маглі

Ані ўцехі свае, ні тугі.

 

Як на золку, у чэрвеньскі дзень,

На мяжы загрымелі гарматы,

І сыпнулі чужыя салдаты,

Несучы за плячмі па бядзе,—

Адвітаўшыся з роднаю хатай,

Падняліся на трубы вайны

Беларускай краіны сыны.

 

У цывільным, яшчэ не ў зялёным,

З трохлінейкамі на рамянях,

Пачалі небрукованы шлях

У калоны,

пасля ў эшалоны,

А пасля ў курганы на франтах.

Гэткім часам падаўся за свет —

Першы з першых — народны паэт.

 

Браўся прыцемак сіні, калі

Мне знаёмая ў трубку сказала:

«Слухай, зараз прыехаў Купала...

Дзе? Ў «Маскве»...

І прасіў, каб прыйшлі».

Гэта хоць бы каго ўсхвалявала:

Толькі-толькі абнашчыўся лёсам —

Зноў блуканне жане на калёсы.

 

А ў Маскве стала пуста навокал.

Прыхаваўся пад вулічны брук

Чалавечы ўстрывожаны рух.

Небяспека зашторвала вокны

Па загаду, дакладна ў пару.

І Купала глядзеў на Ахотны,

Першы раз на бяседзе — самотны.

 

Ён далёка...

Хай дыхае ў твар

Дробны клопат:

гараж і прапіска,

А ён чуе ўсё віскат над Мінскам,

Бомбаў выбухі, енкі ахвяр,

Бачыць горад засыпаны прыскам...

І да скону, відаць, не забыць

Слоў шчымлівых, ягонай журбы:

 

«Слепіць зноў ліхалецце імжою,

Край раўняе вайны барана,

Бічам скуру дзяруць са сцягна

Акупанты...

Пад царскай рукою

Роднай мовай маглі хоць стагнаць.

Праўда, ўпотай, дый то, калі збоку

Не сачыла належнае вока.

 

О, не спеўнай, лагоднай струной

У наступных сугуччах знайдуся,

Не!

Нязнаны ваяк з Беларусі,

Я парушу вякоў супакой,

З акрываўленым сцягам варвуся,

Пажыццёвы прымаючы бой,

Каб парод не ўмываўся крывёй.

Сцеражыся разменьваць святло,

Нават маючы цэлае сонца...»

 

Ён устаў.

«У раздроб, на чырвонцы,

Толькі пусціш — было і сплыло,

Патанула, як блешня ў палонцы.

І хоць сонца нялёгка прыдбаць,

Трэба цалкам яго аддаваць.

 

Дык палем свае сонцы, палем!

Хто з якім нарадзіўся:

жывыя,

Знепакоеныя, зіхаткія,

Гневам поўныя супраць ярэм».

 

Змоўк. Як быццам шукаў агнявыя

Словы,

каб на цяжкім перавозе

На шляхі пасвяціць перамозе.

 

Вольным гоманам хвоек высокіх1

Нам шумеў непакораны край.

Я ўжо ў войску...

«Ваюй, не гуляй,

Каб ні духу брыды той, ні кроку!» —

Наказаў мне, бацькоўскі «бывай»

Даў на ростань...

Ды сэрца Купалы

Поруч білася, не пакідала.

 

Як шугала праменнем яно!

З Падмаскоўя, з пагоркаў казанскіх

Падкідала агонь партызанскі

У кастры беларускіх сыноў.

 

Хлопцы білі па кодле паганскім

І, сціскаючы горла навале,

З грозных пелюсцяў край вырывалі.

 

* * *

1 Радок Я. Купалы.

"Ходзіць Купала: акно і парог..."

Ходзіць Купала: акно і парог,

Столік,

званочкі не стоўпяцца ў слоік.

Першы,

направа ад сходаў,

пакоік,

Той,

дзе любіў працаваць,

нумарок.

 

Лёс гэты, час гэты ўсё збунтаваў!

Зноўку на меч перакута арала,

Льюцца паводкі агню і металу,—

Тут і юнак ці міне перавал...

 

А на стале, як тады на шашы,

Звоняць званочкі...

Яны пад бамбёжкай

Беглі, кульгалі на збітыя ножкі,

Следам за ім, за патокай машын.

 

Сінія...

Выбеглі на курганы...

Вочы зямлі...

Пазірае, сырая!

Вочы дзядоў яго праз дзірваны,

Сінім зацвіўшы, маўчком дакараюць.

 

Ходзіць Купала: чатыры сцяны...

Толькі ўсяго — пасля цэлага краю!

 

З’ехаць куды... Падалей ад муроў.

Не, чаго добрага, ўвяжуцца сведкі...

Ставіць віно, накрывае сарвэткай,

Зараз пакліча на раду сяброў.

 

Як для вайны — ніштаваты прыпас,

Можна б згуляць і вяселле Паўлінкі...

Раптам спыніўся:

— А можа, памінкі? —

І зазлаваў:

— Не на час амбарас! —

 

Думкі раяцца, патрэбен чакан...

Стаў над паперамі пры этажэрцы:

Звонам звініць, пакідаючы сэрца,

Чысты, высокі запеў «Партызан».

 

* * *

 

"Загаварыў ён, смуткуючы, курачы..."

Загаварыў ён, смуткуючы, курачы:

— Роўныя слёзы — што ў Слуцку, што ў Суражы.

 

Літа і піта ўжо горычы ўволю,

Чутка за чуткаю сунецца ў двор:

Гэты забіты, а той вунь памёр,—

А ён — жывенькі! Пагульвае воін,

Весел і дуж, як з вады градавое.

 

Загадзя смуткамі не ахінайцеся,

З дзейкамі-чуткамі лепш размінайцеся.

 

Так і мяне пагалоска хавала —

Згінуў хлапец на другі дзень вайны,

Лётчык, мой цёзка... Было гаманы:

Чутка сказала — разбіўся Купала.

 

Калі аплакан,— дацягнеш да старасці,

Значыць, з Дняпром яшчэ зробім па чарачцы! —

 

Сумна сябрам і самому нявесела,—

Іскры жартоўнай не высекла крэсіва...

Як жа там, дома? Вастрэй яшчэ ўспомнілі...

 

— Што ж у вас, хлопцы, кілішкі няпоўныя?

Каб не паслаблі, не прытупелі,

Вып’ем за шаблі ды партупеі.—

 

Змоўк і глядзіць на сяброў, выпрабоўвае,—

Не адгукаецца слоўца жартоўнае.

Мусіць, на жорсткіх дарогах абветрала...

Ён пачынае тады ..."нае:

 

— Кроіла сэрца, ці сэрца жывіла,

Лепш не пытайцеся ў песні мае...

Калі пачнеш, а дружбак запяе,—

Песня твая пераступіць магілу.—

 

Падаюць гулкія кроплі маўчання...

Ён падышоў на паўкрок да расстання:

 

— Кроў аддай, але ты не ў страце,

Толькі б слову было ў радку,

Як дзіцяці,

На ўлонні маці

Закалыханаму ў цяньку.

 

* * *

 

"Рэдзенькі лес, паўгадзіны прывалу..."

Рэдзенькі лес, паўгадзіны прывалу,

Зводку чытае пад елкай баец.

Цераз плячо заглядаю:

Купала!

Не!

Гэта воку святла не стае.

 

Чорная рамка армейскай газеты.

Рэзкі, набліжаны болем партрэт.

Паведамленне аб смерці паэта,

А хіба можа памерці паэт?

 

Каб жа гукнулі, хоць думкай паклікалі,

Што небяспекай дыхнула на спеў,

Я б падхапіў вас, Іван Дамінікавіч,

Я ж бы і з фронту дабегчы паспеў.

 

Хай бы лічылі тады дэзерцірам,

Я ж не ад танкаў падаўся назад!

Штандараносца са смертнага выраю

Адратаваўшы, не вінен салдат.

 

Але ж не горшыя хлопцы стаялі

Поруч з бядою... Душу б аддалі,

Каб не пакінуў ён нас на купалле,

Не пастаяўшы на роднай зямлі.

 

Не блаславіўшы ні сэрца, ні зброі,

Не адказаўшы нікому пяра,

Тога, агністага,

вырваў якое

З вечнасці крылаў рукой песняра.

 

Выйшаў на сходы — за мараю ўгору!

Ён уявіў за вайной, за бядой

Ўсю Беларусь, неаб’ятну, як мора1,—

Рушыў насустрач і раптам — на дол!

 

Мёртвай пятлёй, калі лучыць пілот

Сіняе неба з крывавым палеткам,

Стаўся ягоны апошні ўзыход,

Страшны палёт па-над лесвічнай клеткай.

 

* * *

 

1 Радок Я. Купалы.

"Вырвуся з болю, суцішу заплачкі..."

Вырвуся з болю,

суцішу заплачкі,

За далягляды сягну і зірну:

Варта сяброў...

У жалобе спявачка

Польныя кветкі кладзе на труну.

 

Сінія...

Сёстры тым сінім,

з радзімы,

Што ўсё званілі, не моўклі ў душы,

Што пазіралі краіны вачыма,

Не адарваўшыся з мінскай шашы.

 

Нібы прарочылі страшнае дзіва,—

Гора адно не прыходзіць у дом...

Трэба ж, як сталася!

Той жа гадзінай,

Тым жа спякотлівым чэрвеньскім днём,

Разам абоіх жвіры прыгарнулі,

Хлеб напалам і жыццё напалам:

Не перажыў ні на хвілю матулю,

Маці яго перажыць не магла.

 

З мутнай слязою падступнага жалю

Танную хвалу над маці лілі

Тыя, што сыну дабра не жадалі

Ні на зямлі, ні спакою ў зямлі.

 

А партызанка, што ўпотай Купалу

Воддаль кахала,

з таполі яго

Беднай нябожчыцы лісцік сарвала,

Горад згарэў —

не было больш чаго.

 

Ператужыўшы пры тых дамавінах,

Іншая маці — мая і твая —

Салютавала на рэйках краіна

Сыну, што паліць пабедны маяк.

 

Ён у дарозе, выходзіць на строму,

Сочыць, як досвіткі цепліць народ,

І па кастрах партызанскіх

дадому

Значыць шчаслівы і хуткі зварот.

 

Чуеш, салдаце? Гарматы павезлі.

Пражэктары скрыжавалі мячы.

Штандараносец войскаў паэзіі

Перад палкамі.

І сцяг на плячы.

 

* * *

 

"Як толькі аціхнуць марозы..."

Як толькі аціхнуць марозы

І пойдзе грымець крыгаход

Над шпаркай ракою Бярозай

Знаёмы гукне параход.

 

Я з Мінска, з праспекта Купалы

Убачу, пачую здалёк

Тугія зялёныя хвалі

І доўгі зазыўны гудок.

 

Вандроўка —

Як радасна гэта!

Хвіліна, не болей, на збор.

І вось, нібы ў дом да паэта,

Па сходцах ступаю на борт.

 

Плывём у расцвіўшае вецце,

Нясе, падымае вада,

І хораша сэрцу жывецца,

І воку далёка відаць.

 

Тужэй падпяражуць абшары

Паяс надбярэжных бароў,

Ужо не за хваляй, за марай

«Купала» ідзе на Дняпро.

 

І тут грамада маладая

Рукою аблок дастае,

Купалавы вершы чытае,

Купалавы песні пяе.

 

А пройдзем ад мора да мора,

Што злучаны доляй адной,

І ўспыхнуць паэтавы зоры

На стрэчы з Масквою-ракой.

 

І дома гараць і за светам

Высвечваюць, як маякі,

І новыя словы паэтам

І новыя рэкам шляхі.

 

* * *

 

"Поруч быў, а стаў, мае сябры..."

Поруч быў, а стаў, мае сябры,

Звонкай песняй, грознай бліскавіцай,

Белым параходам на Дняпры,

Самай спеўнай вуліцай сталіцы.

 

Станьце ў ратны шэраг, песняры!

 

1962—1968

 




Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў. У 4-х тамах. Т. 3. Падарожныя нізкі; Вершы 1966—1973; Як нараджаўся новы свет; Рэпартаж з рубцом на сэрцы.— Мн.: Маст. літ., 1981.— 512 с.