epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Пачатак чалавека

Дзе паўвека, дзе ўвесь свой век,

Быццам жар у глухой загнетцы,

Ў чалавеку спіць чалавек,

Ён пачнецца, калі прачнецца.

 

Не гукайце яму — ўставай! —

Не ўшчувайце, чаму спазняецца,

Не турбуйце яго, няхай

Пачынаецца, прачынаецца.

 

Хоць шуфлюе аўсы ў засек,

На падмуркі ўзрывае гнейсы,

Але спіць яшчэ чалавек —

Ён прачнецца, калі пачнецца.

 

Можа поруч прайсці балід —

Не скранецца,

а бразне вочап —

Ён прахопіцца і наўзрыд

Будзе плакаць ці зарагоча.

 

Хлыне дзень да яго вачэй,

І жыццё здасца добрым святам,

Прыме ў сэрца бары, дзяцей,—

Гэтак прыйдзе яго пачатак.

 

А задыхае смерць за метр,

Ён падымецца,

без прыжмуру,

За хвіліну агледзіць свет

І, ўздыхнуўшы,— на амбразуру.

 

Не ўскладайце тады вянцоў,

Не спявайце хвалы па часе.

 

Гэта — доля жывых байцоў:

Ён не скончыўся, ён пачаўся.

 

1973


1973