epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Пад сінім дахам

1
2


1

На ўзбярэжжы, на каменні шэрым

Пачак ад запалак гмахам стаў,

А яго назвалі штаб-кватэрай

Для рэгулявання земных спраў.

 

Каля той шматпавярховай хаты

Строй сцягоў — шарэнгаю рабой.

Паўз мяне праходзяць дыпламаты:

Чаравік начышчан, хвост — трубой.

 

Перад тым як ладзіць правалочкі,

Наганялі глянец малайцы:

Самі ў ванне мылілі сарочкі,

Прасавалі вузкія штанцы.

 

Грошай — брак, а выглядай паўлінам!

Дзе ж тых дробных возьме пасланец —

Край яго на крыльцы вераб'іным

Занач абляціш з канца ў канец.

 

І цяпер, каб не абедаць дома,

Падапрэ заможны кабінет

І глытае сліну да прыёму —

Там пад’есць і чарку хапане.

 

2

Твары ўсе пад незалежнай маскай,

У паставе гонару не менш,

А міргне багаценькая ражка,

Тут і пачынаецца манеж.

 

Круцяць сальта, скачуць праз вяроўку,

Піруэт змяняе піруэт,

Калі ж хто падмажа залатоўкай,

За чубы хапаюцца як след.

 

Разбягуцца, стукнуцца ілбамі,

То сябры, то ворагі навек.

Грабяні сабе параздзяўбалі

Ды яшчэ ў драбнейшых недарэк.

 

Перапынак...

Зноў у згоднай пары

Сігарэты смаляць, цэдзяць джус,

За плячыма ў плёткі — кулуары! —

Клеплюць і расклёпваюць хаўрус.

 

Ачмурэўшы ад таўчэння ў ступе

Вадкасці, вядомай добра ўсім,

Я выходжу — дождж настырны лупіць —

Зноў вада! Барометр нахлусіў...

 

А паветра ўсё дазвання зжорта —

Лімузіны мчаць на бензапой.

З люкаў — пара...

Д’яблы ў жоўтых шортах

Грэюць лазню

блізка пад зямлёй.

 

15.Х.1968