epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Падарунак

Гэта ты прыслала рана мне,

Беларусь, з сваіх пагоркаў

Нешта вельмі нечаканае —

Снег на вуліцы Нью-Йорка.

 

Як жа, мілы, як жа, белы мой,

На санях ці на кіях,

Ты прабег паўсвета цэлага,

За сварлівы акіян?

 

І сняжыны над прасторамі

У сузор’і павязаў...

Каб яшчэ завея спорная

Ды з-пад елкі дзераза!

 

10.ХІІ.1968