epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Памінкі

Маладое маджары па шклянках сумуе даўно.

Вострым пахам з рыжкамі спрачаецца сыр-сулугуні.

А чаму ж у пасудку дасюль не завільжала дно,

Звон чуваць не крыштальны, не срэбны,

а быццам чыгунны?

 

Хутка ж з’явіцца вечар,—

нам песні пара пачынаць:

Нас дванаццаць сяброў,

значыць, будзе і песень дванаццаць.

І шырокі Байкал, і азёр маіх морская стаць —

Усё чыста спяецца, што можа сябрам прыгадацца.

 

Што б, здаецца, узяць ды напраўду пабачыцца так:

Сесці разам за стол,

зацяпліць весялосць на абліччы?

Не спяшаюцца нешта.

Наўкол — сціхата, сціхата...

Не пачулі, відаць, хоць я доўга і голасна клічу.

 

Ды як бралася на золак,—

Рып дзвярэй і бляск вачэй:

Завіталі два Міколы,

А пасля пайшлі гусцей!

Вольга з Волечкай,

Тацяна,

Тры Міхайлы,

Два Іваны

І, прытупнуўшы, Сяргей.

 

Ды на што ж гэта падобна:

Ты ў данскім пяску, мой добры!

А ты ўпаў, равеснік мой,

Пад карэльскаю сасной.

 

Над табою крача воран,

Пад табою стэп няворан.

А ты, спраўдзіўшы таран,

Захінуўся ў акіян.

 

О, сястрычкі — цэлых тры! —

Усе тры ў адным віры,

На плывучым тым шпіталі,

Дзе не ўсіх дабінтавалі.

 

Мы ішлі насупраць зграям

Добры лёс вярнуць зямлі.

Дык навошта вы ўміралі,

Як памерці вы маглі?!

 

Міна,

Куля,

Штык,

Асколак —

І ад сэрца друг адколат.

Жыў-быў друг і не жыве:

Ні адным дарожным ветрам,

Ні салютам пісталетным

Не ўзбудзіць яго ў жарстве.

 

Ён учора, адвячоркам,

Стаў Зямлёй.

А стане Зоркай.

 

Свята блізка, на ганку.

Сябры паказаліся мне,

Маладыя, прыгожыя...

Толькі шкада, на хвілінку.

Пэўна, многа лягчэй адляцець з імі

ў ранішнім сне,

Чым той стол накрываць і не стрэчу

спраўляць, а памінкі.

 

Я штовосень хаджу з жураўлінай трубой і журбой.

Збажыну высяваю, гукаю зямлі — патурбуйся!

Адзінаццаць палегла — суровы надарыўся бой,—

 

Я — дванаццаты...

Глянь!

Склаў буслянку

падранены бусел.

 

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан