epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Парад Перамогі

Шырока ў свеце цэлым іх слава прагрымела.

Два маршалы.

Сустрэча ля даўняе сцяны.

Адзін — з крамлёўскай брамы,

ён выехаў на белым,

Другі яму насустрач скакаў на вараным.

 

Наўсцяж стаялі тыя, хто танкі крыў гранатай,

Масты наводзіў міру, працуючы штыком,

Хто маршалаў стварае —

звычайныя салдаты!

На гэтым, як вядома, трымаецца наш дом.

 

Штандары баявыя раслі пад Маўзалеем,

Рады, як перад боем, знітованы былі.

Так гучна білі крокі, здаецца, чуе Ленін,

Як рэха перамогі лунае па зямлі.

 

Канчаюцца на плошчы пяхотныя парадкі,

Адзін стаіць, без руху, асобы батальён.

Каб рук не пагнюсілі, байцам далі пальчаткі.

У іх цяжкая ноша — на ёй ляжыць праклён.

 

Вось барабан павёў іх, хлапцоў тых знакамітых,

І следам новы пошчак — уласных сэрцаў стук:

Варожыя штандары — шаўкі і аксаміты! —

Шпурляюцца на камень, ляцяць на мокры брук.

 

Ці ж хлопцы іх шпурляюць, каб выказаць знявагу?

Іх тут навек хаваюць, каб не ўваскрослі зноў.

А столькі паланіць іх —

патрэбна вернасць сцягу,

Адвага, і любоў, і тысячы баёў.

 

Тады перад вачыма прайшла сутычка светаў —

Скрываўлены пачатак і мужных спраў вянец:

Пад сцяг чырванакрылы я запрасіў планету,

А вораг склаў штандары.

Памог мой друг — баец.

 

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан