epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Перамога акцёра

«...Вось выходзіць бедны Гамлет з яго запаветным пытаннем: быць ці не быць...»

В. Бялінскі

 

На высокіх крэслах сядзяць Клаўдзій і Гертруда. Светлыя ўбранні, вясёлыя твары прыдворных... Кароль гаворыць напышлівую прамову, і вочы ўсіх прысутных з увагай сочаць за ім. Толькі ж чаму раптоўна вяне весялосць, блекне ўрачыстая каралеўская прамова? Так бывае, калі нечакана набягае хмара на чыстае неба і яркія колеры пачынаюць ліняць.

У гэтым вінаваты чалавек у чорным. Толькі аднаму яму нявесела. Ён стаіць збоку, нерухомы, і на першы погляд гэтая постаць здаецца высечанай з мармуру, адной з тых статуй, якіх так многа пастаўлена для аздобы каралеўскага палаца. Чалавек неадрыўна глядзіць на сваю маці-каралеву, і яе вочы адбягаюцца ўбок. Ён пераводзіць зірк на свайго дзядзьку-караля, і той губляе ўпэўненасць і, надужаючы сябе, спрабуе жартаваць.

Так упершыню з’яўляецца перад нашым позіркам Гамлет.

Ён стаіць моўчкі, назірае, мяркуе, спрабуе знайсці ўтаймаванне сваім думкам. Ён яшчэ не ведае, што сябры бачылі на начной варце здань, якая так падобна да яго бацькі, памёршага караля Гамлета.

Яму вядома адно: яго выклікалі сюды з прычыны нечаканай смерці караля. Смерць гэта незразумелая. Яшчэ больш незразумела тое, што маці яго, не паспеўшы стаптаць чаравікаў, у якіх ішла за труною мужа, не адбыўшы тэрміну жалобы, стала жонкаю роднага дзядзькі прынца Гамлета, новага караля — Клаўдзія.

Падстаў для развагі шмат.

І перш за ўсё за гэтую надзвычайную і бліскучую паўзу, невымерна цяжкую для выканання, мы павінны быць удзячны таленту Паўла Малчанава, выдатнага артыста, які зноў прымусіў нас паверыць у існаванне Гамлета, перажыць разам з сабою яго трагедыю ў тэатры, што расказаў нам гісторыю, аб нешчаслівым, ці, як часта называе яго Бялінскі, «бедным» прынцы Дацкім.

Гэта ўжо другая сустрэча тэатра з Шэкспірам. Некалі, можна сказаць, у юнацтве, на пачатку свае самастойнай творчай працы, тэатр імя Якуба Коласа паставіў «Сон у летнюю ноч». Прамежак часу — ад пастаноўкі адной з самых лёгкіх і вясёлых камедый Шэкспіра да складанейшай трагедыі, адзначанай спеласцю генія,— не маленькі. Сягонняшняя пастаноўка абумоўлена таксама пэўнай творчай спеласцю тэатра і ўзроўнем яго майстэрства. У першую чаргу гэта стасуецца да выканаўцы галоўнай ролі.

Тэатр зрабіў новы крок на шляху вытлумачэння «Гамлета», і ў гэтым яго бясспрэчная заслуга. За многія вякі, у якія «Гамлет» не сыходзіць са сцэны, галоўнага героя паказвалі і вар’ятам, памылкова лічачы, быццам вар’яцтва ўзвышае вобраз, і схільным да самагубства містыкам, і закаханым, і бяствараю нікчэмнасцю, народжанаю ладам феадалізму, і прэтэндэнтам на каралеўскую ўладу, і расхрыстаным дэкадэнтам пачатку першых гадоў нашага стагоддзя. Спрачацца з гэтымі трактоўкамі цяпер не мае ніякага сэнсу, як зусім не цікава весці размову аб тым, каму аддаць перавагу: іспанскаму гідальга Дон-Кіхоту ці дацкаму юнаку Гамлету, абуранаму ўсім, што ёсць злачыннага і несправядлівага на свеце.

Бялінскі сто год таму назад, поруч з уражаннямі ад ігры Мачалава, даў геніяльнае вытлумачэнне трагедыі, ускрыўшы ўнутраныя падставы ўчынкаў і ваганняў Гамлета, асэнсаваўшы вобраз яго як жыццё чалавецтва і імкненне да святла і праўды.

Сучасны тэатр, сучасны чытач Шэкспіра і сучасны акцёр маюць поўнае права надаць трагедыі сваё ўласнае напаўненне.

Кожнага з нас часта вяло ў тэатральныя залы жаданне сустрэцца з Гамлетам, а выходзячы са спектакляў, нават з шырока вядомымі імёнамі, даводзілася толькі пасумаваць аб няспраўджаных надзеях убачыць ператвораным у вобраз сваё ўяўленне аб гэтым героі.

Перанясёмся думкаю на тры стагоддзі назад, у стары англійскі тэатр «Глобус», дзе, трэба думаць, адбываўся першы паказ трагедыі. Можна з пэўнасцю сцвярджаць, што, апынуўшыся там, мы заўважылі б, як з кожным маналогам Гамлета мелавая бледнасць укрывае твары прынцаў крыві і тытулаваных асоб у іх высокіх ложах. Гэта не сведчыць, вядома, аб тым, што ў Гамлета ёсць рысы хаця б пасіўнай рэвалюцыйнасці. Але веліч Шэкспіра ў тым, што ён пісаў да празрыстасці проста. А праз гэтую празрыстасць відаць: Гамлет, перад усім, руйнавальнік асноў старога, хоць ён і не можа супрацьставіць нічога новага таму, што імкнецца разбурыць.

Трагедыя Гамлета — не проста трагедыя асобы, якая праз злачынства страціла бацьку і абавязкова павінна помсціць. Акт помсты Гамлета значна вышэйшы, ён хоча адпомсціць усяму злачынству, подласці і несправядлівасці ў свеце, канкрэтным носьбітам якіх з’яўляюцца кароль Клаўдзій і яго атачэнне. А ўсе ваганні і развагі, якія складаюць трагедыю, вынікаюць праз тое, што Гамлет адзін, яму няма на каго абаперціся. Гарацыо? Гэта добры сябар, але ўзровень яго далёкі ад узнёслых пабуджэнняў Гамлета.

Значыць, помста каралю, якую кожную хвіліну можа ажыццявіць Гамлет, не дасць вынікаў, бо нават сам прынц, апыніся ён на момант каралём, хоць для яго зусім непрыдатна такога парадку варварства, будзе змушаны схіліцца перад абставінамі і плысці за лёсам, пакуль не захлынецца ў душным асяроддзі палоніяў, осрыкаў, розенкранцаў, якія ў кожны момант могуць прадаць сваю шпагу новаму ўладару.

Вось чаму Гамлет, прыкінуўшыся вар’ятам, прыдумвае страшнейшы від помсты — не фізічнае, а маральнае знішчэнне сваіх ворагаў, бліскуча выкананае ім у так званай «Мышалоўцы».

Вось адкуль і вынікае славутае «Быць ці не быць?». Гамлету з яго кругаглядам зусім зразумела, што ён згіне ў змаганні з абставінамі. Справа ўся толькі ў тым, які шлях выбраць:

 

Што разумней — альбо цярпець удары,

Каменні, стрэлы яраспага лёсу,

Альбо узброіцца на мора крыўд

І знішчыць іх змаганнем.

 

І для нас, сягонняшніх гледачоў і акцёраў, трагедыя дацкага прынца заканчваецца не на схіленні прыдворных Клаўдзія перад Фарцінбрасам, а на ад’ездзе Гамлета ў Англію.

З гэтага сцвярджэння можна і распачынаць самыя гарачыя спрэчкі аб тым, што апошнія акты, так сказаць, закругляюць падзеі, высвятляюць адносіны Гамлета да Афеліі, завершваюць яе лёс і лёс другіх дзейных асоб, у тым ліку і галоўнага героя, які знаходзіць смерць у няроўнай барацьбе з абставінамі і выпадковасцямі.

Тым часам, нельга лічыць развязкай тое, што на працягу некалькіх хвілін гінуць усе асноўныя персанажы трагедыі і такім чынам да дзвюх папярэдніх смярцей дадаюцца яшчэ чатыры. Гэты крывавы фінал і не робіць уражання на гледача, бо ён быў ужо раней узрушаны помстай, адзіна магчымай і адзіна справядлівай для Гамлета. Наадварот, запавет Гамлета Гарацыо і яго духоўная перамога над злом, уносяць святло, якое пераважае над крывавымі падзеямі.

Мне здаецца, што ў нас ёсць усе падставы іменна такім чынам прачытаць сягоння геніяльнае стварэнне Шэкспіра. Трэба думаць, што Шэкспір, падаючы трагедыю ў такім выглядзе, у якім яна дайшла да нас, па-першае, сплаціў даніну часу, а па-другое — да гэтага яго змушала выкарыстанне хронік і фактычных матэрыялаў.

Тэатр не абарваў п’есу на яе лагічным завяршэнні, але, як відаць, кіраваўся ў рабоце пададзеным вышэй вытлумачэннем. Ці можна механічна заканчваць дзею на трэцім акце? Думаецца, што не. Павінна быць смелая, але ўдумлівая рэжысёрская работа над перанясеннем вышэй і кампанаваннем паасобных эпізодаў з завяршэння п’есы. Шэкспіраўскі жэмчуг не павінен рассыпацца дарэмна, але выкарыстоўваць яго трэба так, каб асноўная думка не засцілася.

У гэтым кірунку тэатр зрабіў многа. Мы не знойдзем у пастаноўцы надмернага акцэнтавання падзей апошніх двух актаў. Наадварот. Сцэна з магільшчыкамі добра падкрэслівае непрыдатнасць самагубства для Гамлета, аб чым думалася яму раней, а пахаванне Афеліі выяўляе ўсю глыбіню і чыстату пачуцця Гамлета да дзяўчыны. Паасобныя купюры, зробленыя тэатрам, толькі дапамагаюць раскрыццю сутнасці п’есы, канцэнтруюць увагу гледача на першарадных здарэннях і падзеях.

Чым жа радуе нас гэты спектакль? Па-першае, стройнасцю ансамбля. Тут непрыкметны шурпатасці, недапрацаванасці, прыкрыя ў сваёй непатрэбнасці дэталі. Ва ўсёй пастаноўцы відна школа і сапраўдны мастацкі густ. Ігра выдатных выканаўцаў нас узрушвае і хвалюе, але і выкананне другарадных роляў стаіць на добрым узроўні тэатральнай культуры.

Тэатр здолеў запоўніць шэкспіраўскую тканіну дзеяй і перажываннем, і таму сэнс не толькі кожнай рэплікі, але і кожнага слова выяўляецца поўна; яны маюць вагу, адкрываюць перад намі тое з задумы драматурга, чаго да гэтага не ўдавалася адчуць ні пры чытанні, ні на спектаклях.

Вось Гамлет і Афелія. Да гэтых двух вобразаў несупынна цягнуліся многія пакаленні таленавіцейшых акцёраў, яны займалі ўвагу выдатнейшых паэтаў ад Пушкіна да Блока. Сапраўды, яны з’яўляюцца асяродкам, вакол якога развіваюцца падзеі; іх трагічны лёс пераплецены паміж сабой шчыльней, чым лёс усіх іншых персанажаў.

Гамлет і Афелія кахаюць адзін другога і ў той жа час ускосна вядуць адзін аднаго да згубы. Сярод свету няпраўды і злачынства Афелія — адзіны светлы прамень для Гамлета, але і перад ёю ён не можа скінуць маскі вар’яцтва, бо пачуццё помсты больш важкае за пачуццё кахання.

Гамлет абражае і адпіхае Афелію цынічнымі размовамі, раіць ёй ісці ў манастыр. Але як жа іначай можа трымацца ён, за кожным крокам якога сочаць сябры-шпіёны, Палоній і сам кароль. Апрача таго, перад вачыма Гамлета неадступна стаіць вобраз уласнай маці, жанчыны, якая падала такі ганебны прыклад жаноцкае нявернасці. Ён баіцца кахання, не дазваляе яму блізка падысці да сябе, каб і самому не стаць заўчаснай ахвярай, прынамсі да ажыццяўлення помсты. Паводзіны Гамлета, потым забойства ім Палонія губяць кволы розум Афеліі, і яна гіне. У сваю чаргу, смерць Афеліі з’яўляецца ўскоснай прычынай смерці Гамлета, бо каралю трапляецца зручны выпадак наладзіць паядынак Гамлета з Лаэртам, калі атручаная шпага развязвае лёс абодвух герояў.

Гэтыя акалічнасці дазвалялі многім акцёрам, у якіх, па выразу А. Блока, не засталося за душой нічога, апрача «біцця здаровым кулаком у хрыплыя грудзі», ператвараць Гамлета ў «смутнага красунчыка», прыносячы ідэйнае напаўненне трагедыі ў ахвяру хоць і моцнаму, але не асноўнаму ў п’есе матыву кахання.

У выкананні Паўла Малчанава Гамлет паўстае перад намі як чалавек, засмучаны раптоўнаю смерцю бацькі, абражаны вельмі паспешным замужжам маці. Ён губляецца ў здагадках, адчуваючы, што за знадворным хаваюцца больш глыбокія ўнутраныя падставы падзей. Даведацца аб гэтых падставах яму даводзіцца не дужа звычайным спосабам, але гаворка са зданню сумненняў не пакідае. Вось адсюль і пачынаецца помста. Няхай сабе здань заклікае да помсты крывёй. Гамлет — чалавек асвечаны, ён выхаванец Вітэнбергскага універсітэта, і для яго простае забойства забойцы важыць вельмі мала: забойца і яго вольная ці не вольная хаўрусніца павінны быць выкрыты і знішчаны пры жыцці. Аднак, адчуваючы сябе ў небяспечным становішчы, бо той, хто атруціў бацьку, не пасаромеецца накіраваць да праайцаў і сына, Гамлет не спяшаецца помсціць, а выдае сябе за вар’ята, які не становіць сур’ёзнай пагрозы для караля, і шукае найбольш пэўных шляхоў да ажыццяўлення задумы. Прыезд акцёрскай трупы дае нечаканае выйсце.

Калі Малчанаў гаворыць:

 

Ў камедыі пастаўлю пастку я

І заманю сумленне караля,

 

у гэтым адчуваецца спеласць задумы Гамлета, і ён паўстае цвярозым, дужым і непахісным мсціўцам.

Відовішча, наладжанае вандроўнымі акцёрамі, але падрыхтаванае Гамлетам, і з’яўляецца самым сапраўдным актам яго помсты. Іменна помсты, а не выкрыцця вінаватых і не пераканання ў тым, што яны сапраўды вінаваты. Ці ёсць сэнс караць ледзь жывых ад страху каралеву і караля, які становіцца на малітву, просячы даравання грахоў, калі абое яны ўжо знішчаны маральна, перад людзьмі? Яны страцілі спакой, здабытая злачынна ўлада не дае радасці, значыць, Гамлету можна выязджаць у Англію. Хоць падарожжа гэта і не абяцае дабра, але заставацца тут далей небяспечна. Версія аб вар’яцтве ўжо нікога не пераконвае, і кароль будзе шукаць сродкаў пазбавіцца ад ворага і прэтэндэнта на ўладу.

Малчанаў дае гледачу многа хвілін высокага перажывання і хвалявання. Ён дасканала падкрэслівае асноўны матыў трагедыі, тую «неадпаведнасць рэчаіснасці з яго (Гамлета) ідэалам жыцця», якую так трапна заўважыў і выказаў Бялінскі. Вось чаму мы і гаворым аб перамозе акцёра, што вельмі поўна зразумеў вялікага драматурга і данёс да нас вобраз Гамлета ў яго сапраўднай чыстаце.

Гамлет — асоба гнеўная, палымяная і рашучая, асабліва ў тых выпадках, якія не супярэчаць яго прыроджаным нахілам. Для перадачы ўсіх гэтых якасцей у Малчанава стае выразных і пераканаўчых сродкаў. Але над пералічанымі асаблівасцямі ў Гамлета пераважае розум, і як бы ні пакіравалася яго помста, ён ведае, што адзін чалавек — не воін, ён занадта слабы для таго, каб усталяваць справядлівасць. Вось чаму ў Малчанава словы

 

Век зрушыўся з падруб і горш ад усяго,

Што я прымушан утрымаць яго,—

 

гучаць трагедыяй не адной асобы, якая гіне ў барацьбе са старым, а цэлай плеяды людзей, якія злажылі галовы пад руінамі аджыўшага свету, на цяжкіх шляхах да новага жыцця.

Мы дазволілі сабе прывесці цытаванае вышэй месца ва ўласным перакладзе, бо з недакладным «век разваліўся, раззлаваны лёс замест падпоры ўзяў мяне прынёс» — пагадзіцца немагчыма.

Выдатным майстрам паказаў сябе Малчанаў і ў пераходзе ад аднаго настрою да другога: ад блазенскіх і кплівых размоў чалавека, які ўдае з сябе вар’ята, да гнеўнага і бязлітаснага выкрывання караля, Палонія, сваіх сяброў — добраахвотных шпіёнаў і, нарэшце, самога сябе. Усмешка Гамлета — Малчанава запамінаецца надоўга; у кожным асобным выпадку гэтая ўсмешка тоіць у сабе новую нечаканасць. Пад ёю гараць гатовыя сарвацца злыя кпіны і сумная развага, і цвярозае слова, якое вядзе да рашучых ўчынкаў.

Сапраўдным натхненнем адзначаны шмат якія са сцэн спектакля і паміж іх асабліва — гора Гамлета над труною Афеліі. Ён зразумеў глыбіню свае страты, адчуў віну ў смерці дзяўчыны і выплеснуў бясконцы смутак.

Хацелася б заўважыць адно: на выкананні ролі Гамлета адчуваецца нейкі, можа і нязначны, налёт псеўдарамантычнай акцёрскай школы. Гэта выяўляецца ў некаторым злоўжыванні жэстам і ў яго пэўнай аднастайнасці пры выкананні розных па характару маналогаў. У многіх месцах хацелася б бачыць Гамлета больш сціплым і лаканічным. Аднак лічыць гэта сур’ёзнай заганай нельга, тым больш што мы маем справу з акцёрам, талент якога спалучаны з пачуццём меры і які не спыняецца ў сваім развіцці і дасканаленні.

Ролю Афеліі актрыса праводзіць сціпла. Толькі мала ўскрываецца падтэкст вар’яцтва, іменна тое, што ў добрым сэрцы Афеліі месцяцца супярэчлівыя пачуцці: любоў да бацькі і брата і каханне да Гамлета, насупар таму, што бацька яе — блазнуе, а любімы чалавек незаслужана смяецца з яе.

Ёсць сведчанні, што Шчэпкін палажыў пачатак таму асэнсаванню вобраза і той манеры выканання, у якой выдатна праводзіць ролю Аляксандр Ільінскі. Мы ўяўляем Палонія, як нейкі барометр двара, як чалавека з занадта гнуткаю спіною і ўменнем прыстасавацца да абставін. Ва ўсім гэтым Ільінскі бясспрэчна мае рацыю і сваёю таленавітаю ігрою ставіць Палонія ў шэраг тых персанажаў, якія жывуць з гледачом і пасля выхаду з залы. Але нам здаецца так: у далейшай працы над роллю акцёру не шкодзіла б падумаць аб тым, што Палоній — бацька, які любіць сваю дачку і цяжка перажывае абразлівае стаўленне Гамлета да яе, што ён больш блазен па неабходнасці, як па прыродзе, бо блазенства, як і вар’яцтва Гамлета — зручны ўбор для прыхоўвання розуму і ўласных думак.

Пры такім напаўненні ролі будзе больш падкрэслівацца і сам Гамлет, бо ён набывае сапраўдных ворагаў, моцных і хітрых, а не простых падхалімаў і скамарохаў. Пасля караля Палоній — асноўны вораг Гамлета не толькі як слуга, які вельмі лёгка пайшоў слугаваць новаму каралю, але і як узор людской няпэўнасці. Каралева і Палоній — вось падставы таго, што Гамлет зняверыўся ў людзях.

Кароль (Н. Звездачотаў) выглядае крыху спрошчаным. Па задуме аўтара, ён не хапае зор з неба, Гамлет кпіць з яго п’янства ў суправаджэнні гарматных салютаў, але ў той жа час кароль мае і хітрасць, і розум, якія ў спалучэнні з яго злачыннымі дзеямі робяць караля першым ворагам Гамлета. Нарэшце, кароль для Гамлета — гэта ўвасабленне ўсяе подласці, зла і няпраўды. Вось чаму адмоўныя якасці караля павінны паказвацца вельмі тонка, без непатрэбнага падкрэслівання. Гэта таксама чалавек у масцы, і маска гэтая — каралеўская годнасць. Чым больш умела носіцца гэта маска, тым агіднейшым робіцца яе носьбіт.

Трэба ўлічваць у сваю чаргу, што чым мацней будуць пададзены Палоній і кароль, тым дужэйшым будзе выглядаць Гамлет, тым яскравейшай стане яго перамога над імі. А гэта значыць, што і ўвесь спектакль выйграе ў сваім сучасным гучанні.

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 623 с.
Крыніца: скан