epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Перасяленцы

Порт залыпаў соннымі вачамі,

Карабель бярэцца на прыкол,

І на борце людзі закрычалі —

Рвуцца ў рай з птушыным малаком.

 

Хоць бы падказала ім жанчына,

Змерзшая,

ды факел жа ў руцэ,—

Тут замешан край не на птушыным

І наогул не на малацэ.

 

Хай крычаць рэкламы на Брадвеі —

Прытрымай у пальцах — слізкі! — цэнт:

Хлеб не памякчэе, не станнее,

Чый ні сеў бы зверху прэзідэнт.

 

Неаднойчы ўспомняць маму з татам,

І дастане бог на арахі,

Ім свабода трэба, а не статуя,

А дамоў завязаны шляхі.

 

Не закрасіш золатам і кока

Даўкі смог і горкі смак бяды.

Б’ецца ў бераг пенная затока

Горам перасоленай вады.

 

1968


1968