epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Піва

Калі справа не пад сілу,

Дык на плечы не бяры,—

Засмяялася мне казка

З вельмі даўняе пары.

 

Раз прыйшоў сусед да чэха

І гаворыць:

— Добры дзень!

Як зварыць такое піва,

Што ім слаўны горад Плзень? —

 

Чэх быў добры і сардэчны,

Не хацеў таіць сакрэт,

А праз тыдзень ці праз месяц

Зноў пытаецца сусед:

 

— Можа б ты прадаў ячменю,

Хмелю вашага прадаў

І вады хаця крынічку,—

Не такая ў нас вада.—

 

Атрымаў усё, ды хутка

Валачэцца той сусед:

— Наварыў я,— кажа,— піва,

А не хмельнае як след.

 

Калі жорны прадасі мне,

Што размолваюць ячмень,

Я звару пітво такое,

Каб здзівіўся горад Плзень.—

 

Чэх, паціснуўшы плячыма,

Даў яму два камяні,

Але справы — па-старому,

Не скрануліся, ані.

 

Затужыў сусед:

— Я маю

Жорны, хмель, ваду, ячмень,

А зварыць не ў сілах піва,

Што ім слаўны горад Плзень.—

 

Чэх сказаў няўмеку:

— Добра,

Каб вось тут крыху было б! —

І з усмешкаю пастукаў

У суседаў цвёрды лоб.

 

10.VI.1957