epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Поўдзень

Пакамянелі бярозы надрэчныя,

Хоць бы дыхнула ў якой верхавіне.

Булькаюць медныя міскі сланечнікаў,

Поўдзень памешвае спёку ў Задзвінні.

 

Млее рака, ледзь вітаецца з канямі,

Быццам не зналася з віхрамі, з бурамі,

Дзе ёй, самлелай, грамамі аскаліцца,

Мусіць, не здатна і хваляй нахмурыцца.

 

Раптам завіўся дымок ад паперчыны

На далягляд... Заклубіўся, падсвечаны,

І як ні быў ён у хмарах уверчаны,

Вырваўся гром...

І паўнеба адсечана.

 

1971


1971