epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Прага крыла

Каля сутокі дзікіх рэк,

Падняўшы вочы ў неба,

Стаяў без шапкі чалавек

І еў кавалак хлеба.

 

У пушчы вырваўшы загон

Дзярніны векавое,

І рады быў і горды ён

Сякеркай ды сахою.

 

Сузор’яў белаваты дым

Да долу падаў хваляй.

Мільёны светаў перад ім

Знікалі і ўставалі.

 

Здавалася, яго знарок

Не прыкмячаюць зоры —

Зямнога пылу камячок,

Загублены ў прасторы.

 

Глядзець у зіхаткі сусвет

Было б не гэтак горка,

Каб ведаў ён:

з другіх планет

Зямля здаецца зоркай.

 

Сава-начніца праз гушчар

Залапатала крыллем...

Ці раз ён марай учашчаў

Да дзіў на небасхіле.

 

Сніў: уздымаецца, ляціць

І нібыта крыламі

Над міскай возера ў трысці

Памахвае рукамі.

 

Нясе на мілю кожны ўзмах,—

Між воблакаў дарога...

...А хто ж з нас не лятаў у снах

Маленства залатога!

 

Ён меў тады такі ж узрост,

Па моцы і па думках.

За ноч, намуляўшы рабро,

Абуджваўся з лятункаў.

 

Злятаў з нябёс на бедны глей

І разважаў за сошкай:

«Вось верабей — куды драбней,

Але ж ляціць патрошкі!»

 

Здзіўленне брала, што жаўрук

Упасці не баіцца,—

Няўжо за хмарай, як павук,

Вісіць на ўласнай нітцы?

 

Ён майстраваць пачаў крыло

З прутоў і апранахі,

Прыжмурваў вочы і далоў

Скакаў з царкоўных дахаў.

 

Смяяўся ўласнік дробных крам,

Клялі ў царкве нябогу:

— Не можа стаць спрадвечны хам

Анёлам, роўным богу.—

 

Пан ушчуваў, аконам сек:

— Пільнуй свайго акрайца! —

І горка думаў чалавек

Больш з небам не займацца.

 

Аднак жа чуў ён: спакваля

Расце, бушуе сіла,

Вучыла кроку перш зямля

І лёту навучыла.

 

Крыло, палёт і вышыня!

Да сініх зор спрадвеку —

Зірнуць,

ці ёсць на іх радня —

Карцела чалавеку.

 

Яму хацелася займець

Крылатага багацця

На самай горкай між зямель,

У самай курнай хаце.

 

Махаў з-пад хмар яму Ікар

Крылом на плыўкім воску,

Цераз суцём з ягоных мар

Раджаўся Цыялкоўскі.

 

...Глядзіць,

рагоча гурт сялян,

Чуцён з-пад неба лёскат:

Ледзь-ледзь вышэй плыве біплан

За бусла з нашай вёскі.

 

Ды вось між зор ляціць зямляк,

Смаленец,

смелы хлопец.

Ніхто не скажа — сілы брак,

За крылы бог не схопіць...

 

Ты крылы нам усім дала,

І подлеткі лятаюць,

Радзіма прагі да крыла,

Краіна залатая!

 

1969


1969