epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Праўда, подзвіг, паэзія

Першая і галоўная, а калі дакладней сказаць, неад’емная адзнака сапраўднага таленту — шчодрасць.

Такі талент не зважае, што па небе, з усходу на захад, тысячы год ходзіць сонца. Ні хвіліны не вагаючыся, ён абдарвае людзей яшчэ адным сонцам, сваім, ім створаным, ці наноў знойдзеным, ці па-свойму прыкмечаным.

Такі талент не глядзіць, што спакон веку ў прыродзе існуюць мільёны светаў, якія могуць змяшчацца на велізарных кантынентах і ў дзіцячым, велічынёй з дзіцячы кулачок, сэрцы. Ён, гэты шчодры талент, ні на момант не падпускаючы да сябе сумненняў у мэтазгоднасці таго, што робіць, даруе нам яшчэ адзін, а то і многа светаў, выснаваных з свайго ўяўлення і заселеных паводле свайго меркавання.

Ахоплены неспакойнаю прагаю тварыць, талент шчодра прапануе нам адкрытае яму і невядомае нам.

Якуб Колас!

Вымавім гэтае імя самі да сябе, на хвіліну ўслухаемся ў яго і прыгледзімся, што яно пакажа кожнаму з нас паасобку.

Можа быць, адным уявіцца чысты свет маленства, які сімвалізуецца іменем малога Костуся, і свет горкае долі, не да канца выспеўшага пратэсту, звязаны з іменем лесніка Міхала. Сутыкнуўшыся, абодва светы стануць для нас адным — з такою павабнай, добра знаёмай, і здаецца аж цёплай ад гэтага назвай — Новая зямля.

Другія, напэўна, успамянуць і ўбачаць «На ростанях»: свет забітых і адначасна гордых, цёмных і ў той жа час мудрых людзей, з якога выйшаў і ў якім жыве думкай і справай Андрэй Лабановіч.

Трэція апынуцца «На прасторах жыцця» ці ў глухіх пушчах «Дрыгвы» або ў «Рыбаковай хаце», у свеце слаўных Сцёпак і Алёнак, партызанаў Талашоў. І якой бы рознабаковай ні выглядала творчасць Якуба Коласа — не забудзем, што ён паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст — усе светы, што створаны і апісаны ім, аб’ядноўваюцца ў адзін: народ і яго жыццё.

Не будзем гнацца за дзёрзкім намерам ацаніць неацэннае, гэта значыць поўнасцю ўявіць ролю і значэнне такой з’явы, як творчасць Якуба Коласа. Кожную ацэнку творчасці Коласа няўхільна паправіць і зменіць час, бо Колас — з’ява, якая знаходзіцца ў руху, належачы больш будучаму, чым нам, сучаснікам. І наступнікі, людзі вастрэйшага вока і чутчэйшай душы, вычытаюць з Коласа куды больш, як мы сягоння, бо і мы ведаем яго глыбей, чым папярэднікі!

Вось чаму абмяжуемся скромнай спробай пакідаць творчы партрэт пісьменніка, які ўвесь час ідзе з намі наперад, дапамагаючы здзяйсненню найвялікшай мары, што перш стала мэтай, а зараз ёсць справа савецкіх людзей. Колас працуе для будучага цяпер, напярэдадні расстання з бацькаўшчынай у тым разуменні, як ён некалі пачынаў сцвярджаць свой край, а значыць перад уступленнем у свет, якому суджана стаць радзімай, адзінай для ўсіх насельнікаў зямлі.

Да Якуба Коласа, так як і да яго вялікага друга і саратніка Янкі Купалы, можна дапасаваць словы, сказаныя А. М. Горкім пра Пушкіна: «Ён у нас — пачатак усіх пачаткаў».

Гэта вялікая праўда.

Ад Коласа, а ў роўнай меры і ад Купалы, пачынаецца мова, якая амаль цалкам увайшла ў склад сённяшняй, той, што карыстаемся мы.

Ад Коласа пачынаецца літаратура, упершыню ад выток сваіх звязаная з перадавой культурай рускага народа, літаратура, унутраныя ўласцівасці якой дазваляюць лічыць яе наскрозь сучаснай і ў той жа час класічнай.

Ад Коласа пачынаецца ўсведамленне, што сацыяльныя змены і перавароты не валяцца з неба, а здабываюцца ў жорсткай барацьбе з эксплуататарам і прыгнятальнікам. Паэт дае формулу гэтай барацьбы: «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры».

Далей, ад Коласа пачынаецца паступовае ўсведамленне сябе як прадстаўніка нацыі, «магутнага народу», паводле слова Купалы. Коласам даецца формула патрыятызму, любві да радзімы, выражаная ў трох словах: «Мой родны кут».

І трэцюю формулу даў Якуб Колас — паэтычную формулу — неразрыўнай еднасці народа і партыі:

 

Яна — гэта голас народу,

Яна — яго воля.

 

І невыпадкова ў часы грамадзянскай вайны на Куршчыне вясковыя камуністы выбралі Якуба Коласа, свайго беспартыйнага настаўніка, сакратаром партыйнай ячэйкі. Мы ўспамінаем аб гэтым з усмешкай, а сам факт сведчыць, што камуністамі людзі становяцца задоўга да атрымання партыйнага білета.

Глыбокі сэнс закладзен у імені паэта: расці на роднай зямлі, ствараючы духоўны хлеб для народа, жыць зернем у шматлікіх пакаленнях маладых каласоў.

Палавіну стагоддзя правёў Якуб Колас у нястомнай працы, пакінуўшы нам незраўнаную спадчыну. Гэта і ёсць той духоўны хлеб, які дастойна служыў беларускаму народу, калі ён змагаўся за свабоду, будаваў сваю савецкую дзяржаву, уставаў на абарону заваёў Кастрычніка, у працы і барацьбе ўмацоўваў дружбу з народамі-братамі.

Як жа і калі адзін чалавек узяў на сябе смеласць падымаць голас за мільёны, гаварыць вуснамі мільёнаў, адчуваць сэрцам мільёнаў?

Усведамленнем неадлучнасці ад народа поўнілася істота Коласа ад пачатку шляхоў у жыццё і ў паэзію. Адгэтуль і вырас заклік «Песняру», у першую чаргу адрасаваны самому сабе:

 

Заспявай жа мне песню такую,

Каб маланкай жахала яна

І паліла нядолю людскую,

Каб грымела, як гнеў перуна.

 

Каб здзейсніць мару аб свабодзе, патрэбны сапраўды моцныя і дужыя людзі, упэўненыя ў сваёй сіле і прызначэнні. Гэтыя рысы і вылучае ў тагачасным чалавеку паэзія Коласа:

 

Хоць мяне нядоля гнала,

Ўсё ж мне сілы не зламала.

Ці ж я ростам не высокі,

Ці ж у грудзях не шырокі?

Валасы да плеч густыя,

Мае рукі, як стальныя.

Спрытна рэжу дол сахою,

Здатны ў лузе за касою!..

Толькі дол чужы капаю,

Толькі долі я не маю.

 

Колас ведаў, што здабыць свабоду здольны такія людзі, якія маглі б сказаць пра сябе:

 

Толькі ўскіну я вачыма,

Мой і погляд зробіць след,

 

і здольны ператварыць слова ў актыўную дзею, бо, як вядома, ярмо

 

Не спадзе яно ніколі,

Не спадзе яно само.

 

Не складае цяжкасці ўбачыць, як паступова расце і дужэе вобраз чалавека ў творчасці Якуба Коласа. Ад Міхала і Антося з «Новай зямлі», спыненых на паўдарозе да свае ілюзорнае мэты, да Аксёна Каля з «На ростанях», які пачаў усё ж такі першы сялянскі бунт, да Марціна і Талаша, распрастаўшых плечы ў барацьбе за савецкія ідэалы жыцця, да Данілы ў «Рыбаковай хаце», думкі і справы якога скіраваны на прылучэнне да савецкае радзімы.

Але мы не збіраемся дзяліць Коласавых герояў на лепшых і горшых. Тое, што Міхал і Антось бачылі ў зямлі сродак свайго ратунку вузка па-сялянску, не парушае нашага спачування да іх трагічнага лёсу і не змяншае нашага захаплення творам, які прынята называць энцыклапедычным. Аднак заўважым, што энцыклапедычнасць «Новай зямлі» не ва ўсебаковасці ахопу жыццёвых з’яў ці ў колькасці вобразаў. Гэта рэчы ўяўныя, хоць за іх даволі моцна трымаюцца некаторыя даследчыкі. Энцыклапедычнасць твора змяшчаецца ў адборы тыповага і, перад усім, у яркасці тыпізацыі, у дасканаласці выканання, якая перавышае магчымае для тагачаснай мовы і літаратуры і робіць твор як бы фактам рэальнага жыцця, а яго герояў нашымі добрымі знаёмымі і сваякамі. Прасцей кажучы, «Новая зямля» напісана так шчодра, што, здаецца, там гаворыцца аб усім чыста з вычарпальнай паўнатой.

«Новая зямля» — твор вялікага выхаду ў свет, гэта паэма чалавечых дарог, тых, што зараслі «не чаратом, не лебядою, а беларускаю бядою», і па якіх ішлі Міхал з Антосем, не маючы ўнутраное сілы ступіць на іншыя, што будуць адкрыты іхнім дзецям.

 

Прасторны шлях!

Калі ж, калі

Ты закрасуеш на зямлі

І злучыш нашы ўсе дарогі?

 

Так прароча заканчваецца паэма. І цяпер, стоячы на гэтым прасторным шляху ў распачаты будоўляю свет камунізма, нельга не ўспомніць твор, у якім «нацыянальныя вобразы паэзіі Якуба Коласа выходзяць у свет шырокага інтэрнацыяналізму» (К. Чорны).

У гэты ж вялікі свет выходзіць і паэма «Сымон-музыка», дзе, здавалася б, нацыянальны пачатак б’ецца куды больш глыбока і востра.

 

О, край родны, край прыгожы!

Мілы кут маіх дзядоў!

Што мілей у свеце божым

Гэтых светлых берагоў,

Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,

Дзе бары-лясы гудуць,

Дзе мядамі пахнуць грэчкі,

Нівы гутарку вядуць,

Гэтых гмахаў безгранічных,

Балатоў тваіх, азёр,

Дзе пад гоман хваль крынічных

Думкі думае прастор.

 

З цяжкай горыччу кажа паэт, што прыгнятальнікі розных масцей зрабілі ўсё,

 

Каб не ведалі і ўнукі,

Хто такія іх дзяды.

 

Паэт не можа пагадзіцца з гэтым і гаворыць ад мільёнаў дужых людзей:

 

Дык хіба мы праў не маем,

Сілы шлях свой адзначаць

І сваім уласным краем

Край свой родны называць?

 

Як сучасна гучаць гэтыя, напісаныя паўстагоддзя назад, гнеўныя словы ў пару абвостранай нацыянальна-вызваленчай барацьбы народаў свету за права называць родныя краіны — сваімі!

Вось Сымонка слухае з дзедам, як у парку гухае тапор. Толькі яму чутны гэтыя гукі, бо хто ж у сапраўднасці можа асмеліцца высякаць князевы дрэвы? А старажытная прылада мужыцкае помсты глуха стукае па камлях, прарочачы няўхільны крах несправядліваму панаванню чалавека над чалавекам.

У герояў і ў чытача расце перакананне: вораг народа ёсць вораг мастацтва, вораг свабоднае песні, з якою ідзе да людзей Сымон, гэты вораг не можа існаваць. Бо не адзін жа Сымонка і не ў адной Беларусі туляўся галодны, закінуты, непрызнаны. Па ўсёй зямлі вялося так. Вось якраз праз гэта паэма, будучы глыбока самабытнай, выходзіць за нацыянальныя рамкі. У ёй, як добра сказаў сам паэт, «дух сусвету з духам лучыцца зямлі».

Так неўзаметку раскрываецца асноўная якасць творчасці паэта — яе народнасць. Нарадзіўшыся ад народа беларускага, гэта творчасць па духу, мэтах, шляхах блізкая і дарагая ўсім народам савецкай радзімы і ўсім працоўным зямлі.

Як дасягаецца народнасць?

Бялінскі казаў, што не ведае лепшага азначэння народнасці, чым дадзенае Гогалем:

«Нацыянальнасць змяшчаецца не ў апісанні сарафана, а ў самым духу народа», калі паэт «...адчувае і гаворыць так, што суайчыннікам яго здаецца, быццам адчуваюць і гавораць яны самі».

Колас — наш сучаснік і ў лепшым сэнсе гэтага слова сучаснік эпохі. Таму яго народнасць мае яшчэ адну ўласцівасць — яна партыйная, у тым высокім разуменні, як партыйны наш савецкі народ — будаўнік камунізма.

Колас заўсёды клікаў нас быць «пад чырвоным штандарам эпохі», бо сам быў пад гэтым штандарам і нёс гэты штандар.

Вось чаму так сардэчна і важка выношвалася ў паэтавай душы, выходжвалася ў цеплыні пачуцця кожнае слова, якое прысвячаў ён роднаму краю, рэспубліцы рабочых і сялян, новай савецкай Радзіме.

 

Выглядаеш ты яснай вясной,

Наша маці, краіна Саветаў!

А зірнеш на цябе, і з табой

Маладзее ўся наша планета.

Перад намі бязмежны прастор,

З намі моладасць сілы юначай,

Дык да сонца, краіна, да зор

З нашай вераю цвёрдай, гарачай!

 

І калі над радзімай звісла пагроза фашысцкага паняволення, ён дае салдату бацькоўскі загад:

 

Глядзі, не прамахніся!

 

Паэт звяртаецца да ўсіх проста і сурова:

 

Запытай ты сябе, чалавеча,

Што зрабіў для айчыны, ці многа?

І які ўзяў цяжар ты на плечы,

Каб наблізіць наш час перамогі?

 

Для таго каб наблізіць гэты час, Якуб Колас рабіў усё: пісаў вершы, паэмы, лістоўкі, звароты да народа і партызанаў, выступаў на мітынгах, па радыё, паслаў на вайну і свайго сына.

А сустрэўшы перамогу, з новай сілай стаяў за абарону міру ва ўсім свеце, думаў аб народным дабры, дбаў пра ўраджай на савецкім полі.

Такім мы яго і ўяўляем, заўсёды заклапочаным, заўсёды неспакойным, старэйшым і ў той жа час самым маладым, прысутным сярод нас. І можам паўтарыць за Коласам:

 

Ідзём мы вернаю дарогай,

Ірдзяцца зоры нашых дзён,

Бо нам прастору, волі многа

І ўсё шырэе даль-разлога

І ўсё дужэе наш разгон.

 

Прыхільнікі творчасці Якуба Коласа, сваякі і асабістыя сябры народнага паэта, чытачы з братніх рэспублік і з братніх зарубежных краін, усе, каму імя народнага паэта Беларусі такое ж блізкае і роднае, як імёны народных паэтаў сваіх земляў, пацвярджаюць яшчэ раз народную любоў і пашану да беларускага чалавека, які разам з Купалам з’яўляецца найярчэйшым выяўленнем нацыянальнага генія, да вялікага паэта нашага народа.

«Я — сляза твае душы»,— некалі пісаў Якуб Колас пра цяжкую пару жыцця народа.

Зараз мы можам сказаць:

— Дзядзька Якуб! Ты ўсмешка нашай душы! Ты наша вялікая, поўная і чыстая радасць на доўгія, незлічона доўгія гады!

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 623 с.
Крыніца: скан