epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Раяль

Выганяючы статак вясновай парой,

Разлучаў я хваіну з пахучай карой,—

Скруціш дудку, прарэжаш у ёй галаснік,

Сэрца ўставіш — і ты ўжо музыка з музык.

 

Ажывала свісцёлка ў дзіцячых губах,

Пыльны шлях мае мары на спіне зыбаў.

Зазывала ў дарогу, вяло без канца

Не хваініна сэрца, а сэрца хлапца,

Дый найбольш запявала на смутным ладу,—

Пра бяду гаварыла душа праз дуду!

 

Нечакана вярнуў мяне ў даўнюю даль

Наш тутэйшы, адменнай работы раяль.

Ад блішчастага века над безліччу струн —

Басавітых — на радасць і тонкіх — на сум —

Ледзь відзён быў музыка, нярослы хлапчук,

І на клавішы ўсе нестае ў яго рук.

 

А зайграў:

і мяцеліца ў полі мяла,

І Лявоніха вочкам паблісківала,

І дзяўчына шаптала, і штось гаварыў

Перад вечнаю ростанню бацька стары.

 

Гэта ведаў адзін я...

А як жа хлапчук

Вывеў з цемры той свет і надаў яму гук?

Ды яшчэ адгадаў, чым я зараз жыву,

З чым у заўтра іду...

 

Я схіліў галаву

Перад поўнай душой,

Перад спеўнай рукой,

Перад той, што ўмывалася ў Нарачы з хваль,

Перад елкай, чый голас сышоў у раяль.

 

1967


1967