epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Размова з промнем

Не вельмі цешыць столь

У гэтым новым доме,

Паскардзіцца дазволь

Табе, вясёлы промень!

 

Ты толькі заляцеў,

Пазалаціўшы вокны,

А крыльцы збіць паспеў

Аб мой паддашак мокры.

 

Пасля дзвярны праём

Без надужання выкрыў,

Што ўвесь гэты раён

Не макра ён, а мікра.

 

З акустыкай, маўляў,

Бяда... Хіба магчыма

Вяселле адгуляць,

Адсвяткаваць радзіны!

 

Да мулярскіх вушэй

Закінь ты слоўца ціха:

— Рабіце столь вышэй,

Лягчэй у доме дыхаць!

 

Прыспешце часу бег!

Пакінем пад адхонам —

Мікрараёны стрэх

І душ мікрараёны.

 

 

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан