epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Рэчка Паратунка

Рэчка Паратунка на Камчатцы!

Якава ты, мілая рака?

Мусіць, перад тым як так назвацца,

Дзесьці ўратавала земляка.

 

Доўга я лавіў цябе на картах:

Сіні хвост вільне — і ў акіян.

З берагоў тваіх жалезным гартам

Мне звініць бяроз каменных стан.

 

У гады сягаю пільным вокам,

Ці салодкі меў, ці горкі лёс

Той дзівак, што ў гэты край далёкі

Наша слова добрае прынёс.

 

Кім ён быў? Відаць, землепраходцам,—

Крок ступі і цуды прыкмячай:

Снег ляжыць, а дно ягонай лодцы

Грэе кіпню чыстага ручай.

 

Чалавек ці звер хлапца параніў,

Як з прасторам біўся за ключы,

А з цябе зачэрпаў цёплай твані,

Прылажыў і раны падлячыў.

 

Можа, ў сэрцы здарыцца нястача

І рабіць адмовіцца рука,

Рэчка Паратунка! У няўдачы

Выратуй другога земляка.

 

Я сябе даўно ўжо цешу думкай,

Што калісь, на ростані дарог,

Наша слова стане паратункам

Ад тугі, ад болю, ад трывог.

 

1969


1969