epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Рэквіем

1
2
3
4
5


1

Ён ужо з хворага рабіўся чалавекам.

Хутка ўстаў,—

тэлефон разрываецца, звонячы.

У трубцы раптам

зайграўся рэквіем...

Як стрэл у сэрца.

Адразу — агонія.

 

Даволі!

Зноў дэтэктыўны фільм?

Дык пачніце з канца,—

дадушы надакучыла:

Такіх пачаткаў мільёны міль

Любоўная плёнка штодня раскручвае.

 

Не, тут папраўдзе.

Гэта — пачатак,

Нядаўна быты, зусім спадзяваны:

Забіты напавал чалавек сіваваты,

А на целе нідзе ані знаку раны.

 

2

Бязлюдныя вуліцы,

быццам бы громам аблясканы,

А дыхаюць парна.

Здаецца, укрыты натоўпамі,

І лапак пад ногі —

з ласкавай яліны пушчанскае —

Адсутным працэсіям

ветрам адсутным натоптана.

 

Ні плачу капелаў, ні ўзрыдаў аркестравых,

Паветра ж паранена крохкімі згукамі:

То ў неба ляцяць і вяртаюцца весткамі,

То б’юцца на бруку і робяцца чуткамі.

 

3

Адзін-адзіненькі, у долах няезджаных

Блукаў...

За лясамі, за рэчкаю сіняю

Шукаў невялічкую кроплю бязмежнага —

Азяблае плечка пад лёгкай хусцінаю.

 

Гукаў чалавек... Хоць бы водгулле з міласці!

А з сэрцавай хаты, ад сэрцавых сенцаў

Часцінка прасторы ў прасторы адбілася,

Што ў доме жыла... І каса на сукенцы...

 

4

Яшчэ красавік

без красак

на лузе мок.

Дажджавік з туманоў

апранала вясёнка ў застудзе.

Чалавек падбег на тэлефонны званок.

А трубка стрэліла.

Словам — у грудзі.

 

Можа, не стрэліла, можа, сказала?

Ну, так,

і з вуснаў ляцяць карцечыны.

Сэрца ж не бранірована,

толькі што акрыяла,—

Ледзь дакраніся, і напал рассечана.

 

А што ў тым слове?

Нічога асаблівага:

Хтосьці камусьці стаў непатрэбен.

І ўраз адцураўся дарог пад ліўнямі,

Вады не бярэ, нават хлебам грэбуе.

 

Курыць, маўчыць.

Старасвецкі пакой:

Дзверы — пад столь, у парозе грубка.

Чакае.

Тэлефон абазваўся званком.

— Ало!

Не тая...

Бязгучна страляе трубка.

 

5

Не цішацца смуткі, як ні прастарэкуем,

Таго не вярнуць, што адклікана лёсамі,

І граецца сам

самы горкі рэквіем:

Каханне як сыдзе,

не ўгонішся —

босае.

 

1969


1969