epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Рэпартаж з рубцом на сэрцы

Слова да размовы
І
ІІ
III
IV
V
VI
VII
VIII
ІХ
X


Слова да размовы

Жыццё ў Амерыцы — гэта бітва за жыццё. Тут не гульня ў словы і не выхвалянне парадоксамі.

Тут знойдуцца жывыя прыклады гэтаму. Дарэчы, будзе расказана, як невялікі гурт людзей вёў бой за жыццё таварыша. І ў варожай адзіноце велізарнага горада — выйграў.

Мы захапілі ў сэрцы хатні вецер, а ў ім — усплёск чырвонага сцяга над Крамлёўскай сцяной і шолах трыснягоў на Браслаўскіх азёрах, уся добрая ласка і турбота нашага вялікага Дома.

Ад таго часу Зямля выбралася ў чацвёртае падарожжа вакол галоўнага свяціла. Ці не запозна выходзіць на людзі? Амерыка, пры ўсіх яе выключных кідках і рыўках наперад, шмат у чым закансервавалася, стала на месцы. Дасюль жыве, бытуе, паўтараецца тое, што прыкмецілі, асудзілі і выкпілі не толькі Горкі і Маякоўскі, а нават Дзікенс і Гамсун, чыім меркаванням пераваліла і перавальвае за стагоддзе.

Найлепшым чынам адзначылі гэта і нашы бліскучыя публіцысты. У сённяшніх допісах з Вашынгтона, калі Амерыку зноў калоціць перадвыбарная ўструшня, як і чатыры гады назад перад такой самай падзеяй, гаворыцца, колькі падобнага ў краіне зараз, што не змянілася і не магло змяніцца.

У аўтара гэтых радкоў ёсць адна перавага і адна бяда: я пабыў там, куды не ўсім здараецца дапяць, і не дай алах трапляць, у Амерыцы. Часу і адпаведна магчымасцей назіраць было вобмаль, таму кожны кавалачак рэчаіснасці ўваходзіў у істоту і адбіваўся на ўсю вастрыню зроку і пачуцця.

За падобнасць назвы схіляю галаву перад памяццю Юліуса Фучыка, а гэтыя старонкі прысвячаю таварышам, з кім радаваўся і бедаваў у падарожжы.

 

І

Бэзавае святло і сабачы могільнік. Хлеб расце ў роце. 125 краін пад адным дахам. Дзяржаўны сакратар і галёрка. «Іду на вы». Андрэй Грамыка на трыбуне. Зваротнае падарожжа ў часе. Бяспека па-амерыканску. Начлежнікі ў парку. Тэатральны вінегрэт.

 

Апошнія дні верасня — гаворка будзе пра 1968 год — прайшлі ў зборах, мітусні, патрэбных і непатрэбных сустрэчах. Прыехаў у Маскву са здавальненнем ужо зусім вольнага ад усялякага клопату чалавека — мноства папер неверагоднай даўжыні і ёмістасці, пакавання вершаў, хатняга ежыва, папярос, лекаў і іншай драбязы, якая адбірае чалавеку рукі. Стаўшы над усім гэтым, укладзеным у чамадан ці зашпіленым ва ўнутраную кішэньку пінжака, зірнуў праз акно ў гасцініцы. Абрысы Замаскварэчча, рака напамянулі пра гады, пражытыя ў гэтым горадзе. Як моцна прывязаны я да яго! І абавязаны. Усім лепшым, што ва мне ёсць.

І пацягнула...

На тыя горы, дзе Герцэн і Агароў злажылі славутую клятву, якая магутна загрымела ў «Колоколе», на Красную плошчу, папрасіць перад вялікай дарогай мужнасці і трываласці ў Леніна, дыхнуць вечным хараством Васіля Блажэннага, на Тэатральны праезд да першадрукара і да букіністаў, хоць хвіліну паперабіраць кнігі — асвечаны высокім узорам, улюбёны занятак.

Скончыліся блуканні ў аднаго старога знаёмага. Ён працаваў нажнічкамі на ўвесь бляск свайго майстэрства — «хай паглядзяць там, як рабіць галаву!» — і расказваў, праўда чутыя ўжо, гісторыі цырульніцкіх прыгод і знаёмства з Якубам Коласам і Міхаілам Шолахавым.

 

*

І вось ужо як быццам не было ранішняга халадку ў Шарамеццеве, апошняга казырання пагранічнікаў, толькі гэты аднастайны гул магутнага «ІЛа». Па праўдзе кажучы, машына ідзе роўным-роўненька, нават не абуджаюцца думкі аб неверагоднай вышыні і небяспецы, а яна, як ні круці, адчуваецца марозікам уздоўж спіны на пачатку кожнага палёту. Мілыя анёлы-абаронцы (добра па-польску — anioł stróż) без крылляў, але ў сукенках сцюардэс закармліваюць нас мудрэй, чым адзін з былых прэзідэнтаў краіны, куды мы ляцім, карміў сваіх індычак і далікатным мясам іх частаваў англійскага госця пасля прамовы ў Фултане.

Паўзіраўшыся на брудны лёд Грэнландыі, не паспяваю заўважыць, як самалёт бяжыць па зямлі.

Манрэаль. Тут, хоць да Нью-Йорка застаецца ўсяго гадзіна лёту, прыпынак, і значны. Уподбега на агляд аэрапорта. А на вуліцу — выбачайце — трэба канадская віза.

Прыкладна цераз гадзіну ўлятаем у прастору цудоўнага святла бэзавага колеру. Унізе пачварныя аскабалкі будынін або не запоўненыя цэглай і бетонам канструкцыі. Дамы ні дамы, вежы ні вежы, нешта хутчэй падобнае да бязладдзя пліт на яўрэйскім могільніку. Успамінаю, так выглядаў наш Мінск у канцы 1944 года з самалёта: касцякі дамоў, каробкі, як казалі тады. Пакрысе здагадваюся: небаскробы! Ад гэтага ўражанне, што перад намі не горад, а ш к і л е т горада, не знікае.

Невялічкая працэдура — важаць багаж — у аэрапорце Кенэдзі, і мы кіруемся ў горад. Праязджаем каля сабачага могільніка з помнікамі, шыкоўнымі агароджамі, прыбранымі ў ружы магіламі лепшых сяброў чалавека. Над курганкамі ў жалобе і несуцешным смутку схілены постаці асірацелых членаў сям’і (не хвастатых). Вуліцы пацвярджаюць неабходнасць у сабачых могілках: відаць, горад перанаселены не толькі людзьмі.

Цудоўны мост — рух у некалькі паверхаў.

Вочы вяртаюцца да бэзавай смугі над Нью-Йоркам. Амаль над кожным домам гараць два факелы. Смецце, паперы, абгортка, кардонныя пачкі і пасудак не вывозяцца, а валяцца ў шахты дамавога смеццеправода, а адтуль трапляюць у печ. Растлумачэнне крыху расчароўвае сваёй празаічнасцю. Вось табе і бэзавы колер.

 

*

Савецкае прадстаўніцтва. Каля ўваходу два паліцэйскія. Пасля званка дзверы расчыняюцца самі, падымаецца насустрач дзяжурны. Мы — дома, у савецкім кутку, адзіным на гэтай тлумнай зямлі.

Яшчэ некалькі хвілін — і рэзідэнцыя нашага прадстаўніка і яго штату. Мы адбіраем у іх крыху пакояў. Селімся не дужа зручна, але даволі дружна.

Першы выхад у горад... Дакладней, пераход цераз Трэцяе авеню ў прадуктовы магазін. Хлеб, яйкі, кіслае малако — усё гэта ў прыстойным упакаванні. Цукар сыплецца з пудэлка цераз металічнае сіцечка зверху, але хлеб, хлеб! Пакецік, фунт, ці што, 40—50 цэнтаў. Вызваліўшы пакупку з прыгожага цэлафану, адчуваеш у роце нешта накшталт ваты, такое ж белае або рудаватае, пульхнае, як дрожджы. Як ні тужышся, не пражуеш. У больш далёкім прадуктовым магазіне ёсць нешта падобнае да нашага мінскага хлеба. Але невялічкі батончык, на раз укусіць, утрая даражэй за нашу буханку. Цэлую, ёмка выпечаную, што сама, здаецца, кліча адваліць шчодры акрайчык і з’есці, як рабілі бацькі, проста так, толькі пасаліўшы.

 

*

Ездзіць чалавеку трэба, і абавязкова далёка. Мы, мінчане, альбо, скажам, хабараўцы, дома не тое каб не сябравалі, але колькасць добрых сяброў часамі зводзілася да параўнаўча невялікай лічбы. З рэштай людзей, каго ведаеш, робіш адну і тую справу, сустракаешся ва ўстановах, чамусьці адносіны далікатныя, роўныя, магчыма, крыху абыякавыя. Варта ж толькі з кім-небудзь разам апынуцца за мяжою, як локаць чуе сустрэчны локаць, вока пытае і адказвае другому воку, хочацца зрабіць прыемнае свайму чалавеку, які стаіць поруч, або хоць абазвацца.

І ў мяне ёсць добрая пэўнасць, што ўсім таварышам, з кім пачынаем жыццё ў Нью-Йорку, застануся сябрам, у горшым выпадку добра знаёмым. А чаму ж дома часамі мінаеш людзей, не зазіраючы ім у сэрца і не адкрываючы свайго? Не лепшаем жа мы раптоўна, перасякаючы акіян ці якую дзяржаўную граніцу?

Можна адказаць вельмі проста, не ведаю, у якой ступені правільна. Дома вельмі багата душэўнай і матэрыяльнай апоры, яе не трэба шукаць, кожная рука гатова працягнуцца табе насустрач. Вось і прывыкаеш, прызвычайваешся і да вялікай дабраты, да адкрытасці і добразычлівасці сяброў і несяброў, знаёмых і незнаёмых.

За мяжою гэтага вобмаль. Таму і цэніш, шчадзіш душою.

 

*

Адразу пры ўваходзе ў будынак Генеральнай Асамблеі — невялічкі эскалатар. Падымаешся і робіш немаленькае падарожжа па засланых дывановымі дарожкамі калідорах. Уласна кажучы, гэта падлога, бо пад дываном, апрача цэментаванага пакрыцця, нічагусенькі няма. І вось зала пасяджэнняў, нешта кшталтам скругленага наверсе конуса. У самай шырокай частцы — месцы дэлегатаў. На кожную дэлегацыю — па шэсць, у два рады: наперадзе тры лепшанькія, з парэнчамі перад столікам, падобным да школьнае лаўкі: за плячыма першага раду — тры горшанькія, вузейшыя, крэселкі з іншай абіўкай.

У амфітэатры сядзяць дарадчыкі, а крыху вышэй размяшчаецца прэса, на балконе — публіка.

Сцены конуса пакрыты бранзіраванымі пліткамі. На другім паверсе яны перарываюцца зашклёнымі, упушчанымі ўсярэдзіну кабінамі для перакладчыкаў з англійскай, французскай, іспанскай, кітайскай моў. Руская мова падаецца ў навушнікі з чацвёртай кабіны.

У цэнтральным праходзе, непадалёку ад тыльнай сцяны — трыбуна для прамоўцаў, цяжкая на выгляд, з якогасьці цёмнага каменю. За ёю, крыху вышэй, падмосткі, як бы яшчэ адна трыбуна, але святлейшага колеру, дзе сядзіць старшыня.

Удар малатка — гватэмалец, абраны за старшыню, пачынае пасяджэнне. Гэта ўжо не першае, на тое мы не трапілі і таму не ўдзельнічалі ў традыцыйнай хвіліне на роздум ці малітву.

Вастрасловы жартуюць, што ў краіне, здатнай на самы неверагодны крадзеж і махлярства, мог быць такі выпадак. Асамблея цалкам ці адно з яе чарговых пасяджэнняў павінна закончыцца. Але гэткі паварот справы нявыгадны нейкай частцы ўдзельнікаў. І ў старшыні знікае малаток. Таму пасяджэнне ідзе ўсю ноч, назаўтра раніцай, працягваецца пасля паўдня. Пакуль усё не вырашаецца ў пажаданым кірунку. І малаток цудам з’яўляецца ў старшыні...

Разглядаюся. Беларусы сядзяць поруч з Бурундзі. Парадак размяшчэння дэлегацый — дэмакратыя! — вырашаецца жараб’ёўкай. На гэты раз першае месца выцягнула Руанда, за ёю селі ўсе астатнія да канца алфавіту, пасля расселіся ад А да Р.

125 краін свету пад адным дахам! Вось бы і дамовіцца аб усім, што пі стане на дарозе праўды і міру.

Наш савецкі падарунак — скульптура Вучэціча «Перакуём мячы на аралы» — стаіць у прыасамблейным парку, што збягае да Іст-Рывер. 24 кастрычніка мае быць адзначаны Дзень Аб’яднаных Нацый. Вось бы і прывесці да скульптуры ўсю Асамблею: хочаце ладу на зямлі — слухайце гэты заклік. І паўтарыце словы, з якіх пачынаецца Статут ААН: «Мы, Народы Аб’яднаных Нацый, поўныя рашучасці ўратаваць будучыя пакаленні ад бедаў вайны»...

Якія ж суседзі яшчэ ў беларускай дэлегацыі? Зусім поблізу — Конга, крыху вышэй — дэлегацыя СССР, а лявей ад яе — украінцы.

Твары ўсіх адценняў: белыя, чорныя, жоўтыя, аліўкавыя, шакаладныя. І чамусьці ўспамінаюцца каляровыя пано пры самым уваходзе і па левай сцяне. Сэнс іх для мяне цьмяны: штосьці выламана-абстрактнае, а наогул падобна да дзялення клетак, калі пазіраеш у мікраскоп.

Над галавою старшыні — эмблема ААН — земны шар на безбярэжным акіяне, акаймаваны дзвюма аліўкавымі галінамі.

 

*

На трыбуне бразілец. Пазадзіраўся крыху наконт «падзей у Чэхаславакіі», за ім — Раск. Гэтага прарвала! «Мы не хочам ваенных баз... Мы імкнёмся забяспечыць свабоду...» Як потым падлічылі журналісты, у прамове было 4035 слоў. І якіх! Класавыя супярэчнасці, маўляў, не дазваляюць нам бачыць чалавека сапраўды гуманным.

На самым пачатку прамовы з галёркі пачаліся выгукі. Разлягаліся звонкія маладыя галасы: «Вялікія босы, канчайце вайну!»

Маладыя людзі скандзіравалі сказы. Нацягнулі ў руках некалькі палотнішчаў і шчытоў з лозунгамі — умудрыліся ж неяк пранесці пад пінжакамі і плашчамі. Паліцэйскія — здаравілы таго гатунку людзей, што ломяць мяла,— удвух не могуць даць рады адной шчуплай дзяўчыне: выкручваецца з рук, выслізгвае і зноў крычыць. Вось паперлі ў дзверы сярэдніх год чалавека, вось яшчэ дваіх, маладзейшых. І зноў крык: «Пакуль тут босы мелюць глупства, нашы хлопцы паміраюць на вайне!»

Прамова дзяржаўнага секратара была падпсавана. Уласна кажучы, і псаваць не было чаго: жавалася жвайка — ніхто не прасіў, ніхто нічога кепскага не рабіў, а чужаземныя войскі ўвайшлі ў мірную краіну.

І яшчэ мудрэй! Злучаныя Штаты, бачыце, імкнуцца ва В’етнаме «пакласці канец гвалтоўніцтву з яго трагічнымі пакутамі і рызыкай вялікай вайны». А чаго ж бы тады крычала галёрка, пане дзяржаўны сакратар?

Нейкае «яго правасхадзіцельства» за Раскавымі плячыма пачулася вальней, паспрабавала распяразвацца. А ўражанне ад яго прамовы — смехатворнае, бо само «правасхадзіцельства» падобна да моцна загарэлага ці падсмажанага на патэльні гогалеўскага Пасюка.

Запісваюцца ў запас радкі: «А міргне ім ражка кшталтам Раска, вось і пачынаецца манеж».

Той-сёй паводзіўся па прынцыпе — і хочацца і колецца: добра было б закінуць што-небудзь у савецкі адрас, але боязна.

3 кастрычніка А. А. Грамыка выступіў на Асамблеі і сустракаўся з Раскам, а таксама з кіраўнікамі дэлегацый ААР і Чэхаславакіі. Карэспандэнцкія насы ўзмоцнена цягнуць у сябе паветра, але паведамленні аб гэтых сустрэчах больш за пяць радкоў не атрымліваюцца.

На вячэрнім пасяджэнні — ліванец, дамініканец і яшчэ хтосьці. І ніводнага слова ў зададзеным тоне. Зала часамі апладзіруе.

 

*

Прамоўца пачаў з падыгрывання пад густы. «Простыя людзі нішчацца бульдозерамі лёсу»,— прадэкламаваў ён, а далей паплыла несусвеціца, чутая ўчора і пазаўчора, без варыянтаў. Ды яшчэ сцвярджаў немагчымае, нібыта «разуменне моманту ёсць і ў Каіры і ў Іерусаліме». Адкуль жа ў Іерусаліме, калі Савет Бяспекі пастанавіў ачышчаць той Іерусалім ад захопнікаў?

Прамоўца з трыбуны моліцца госпаду богу, без дапамогі якога, маўляў, усе намаганні будуць марныя. Зала апладзіруе і яму, нават даволі дружна.

Дзікавата тут нашаму брату!

 

*

Мая маленькая ўнучка сярод самай вясёлай гульні, калі ёй робіцца што не пад густ, абвяшчае бацьку або маці: «Я цябе буду б і з я ц ь»,— гэта значыць крыўдзіць. Словы ў яе творацца і перайначваюцца самым неверагодным шляхам; так, памідор стаў чамусьці — д а б а л ю м. Пасля такой заявы з ваяўнічым папярэджаннем двухгадовая далонька імгненна згортваецца ў кулачок, а постаць зрыхтоўваецца да грознага выпаду.

Гэта прыгадалася ў Амерыцы. Не таму, што і я збіраюся некага «бізяць»,— занятак мала патрэбны і, як на адну сілу, смешнаваты, дый не надта дадуцца тут у крыўду. Аднак абвясціць нешта па ўзор славянскага выкліку «Іду на вы» мушу, абавязан сэрцам, розумам, усім, што ў мяне ёсць новага і адменнага ў параўнанні з гэтым далёка не новым светам, з даўно адкінутым намі ладам.

Вось ужо зараз усёй істотай абвяргаю, спрачаюся: з няспынным выццём пажарных сірэн у гарачым, парным, вільготным паветры;

з паказной набожнасцю (кожную тэлеперадачу пачынае пастар, рабін, поп) і поруч з ёю самым бессаромным рабункам грошай і душ;

з перанаселенасцю людзей і перавытворчасцю машын, а ў сувязі з гэтым — хісткасцю дабрабыту, такога ломкага, як першы лядок на лужыне (кватэра адбірае палавіну заробку, пагаліцца і то 2 долары, правесці дзень у клініцы — лічба астранамічная);

з нясмачнаю ежай: прадукты напіхаюць хіміяй, іначай псуюцца;

з марнай мітуснёй, і ўсё ўподбега. Гэта заўважыў і выдатна ацаніў Эйзенштэйн: «Каб мая ўлада, я ўсюды загадаў бы паставіць зручныя садовыя лаўкі. Можа тады б амерыканцы прыселі і задумаліся».

 

*

Мексіканскі дэлегат дон Антоніо Карыльё Флорэс не без гумару і патайнай скрухі гаварыў:

— Грамыка абышоўся з Раскам як сапраўдны тарэадор — адзін узмах плашча, і раз’ятраны бык праляцеў міма.

Як на маю думку, гэта прызнанне каштавала мексіканцу нямала. Але што зробіш, даводзіцца прызнаваць перавагу праціўніка. «Савецкі міністр запрапанаваў Асамблеі перспектыву прагрэсу праз раззбраенне»,— паведамляе «Нью-Йорк таймс» вуснамі свайго аглядальніка.

Нездарма главу савецкай дэлегацыі слухалі не зварухнуўшыся, усе месцы былі заняты. І апладзіравалі хораша.

Свет зараз рад быў бы пачуць не адзін гэты голас буйнога і мудрага палітыка.

Свет прыслухоўваецца прагна.

 

*

У зале міжволі звяртае на сябе ўвагу адзін дэлегат. Высокі, у шэрым лёгкім балахоне, падобным да папоўскай расы. Відаць, абодва гэтыя параўнанні — абразлівыя ў дачыненні да нацыянальнага ўбору, але як назваць яго? На галаве — белая чалма з чырвоным верхам: мусіць, чырвоныя столкі тканіны ўвіваюцца раней, а потым закрываюцца белаю. Пад усім гэтым — твар. Цёмны, аліўкавы, з глыбокімі шрамамі, на кожнай шчацэ па тры-чатыры.

Варта ўзважыць і разважыць: з 125 краін пад дахам Асамблеі большасць, і прытым пераважная, мае сваім насельніцтвам людзей чорнай, жоўтай і яшчэ іншых, не белых, колераў скуры. Справа, вядома, не ў колеры. Гэтыя краіны з крывёю ададралі ад плячэй ярэмы каланіялізму. У іх ёсць прэзідэнты, парламенты, фінансавыя тузы, для дзяржаўнага жыцця нестае толькі самастойнасці. Наступаюць на пяты, вісяць над душой дабрадзеі ў смокінгах і стандартных гарнітурах, амерыканскія канцэсіянеры і акцыянеры ды яшчэ федэральныя разведчыкі. За першай сутычкай з капіталам іншаземным непазбежна і другая — з мясцовым, тутэйшым. Іначай самастойнага дзяржаўнага гаспадарання не пачнеш. І народы ўважліва глядзяць на дарогу сацыялізму, прагнуць ступіць на яе. Дык ці ў вашых жа руках будучыня свету, паны ганарлівыя бізнесмены? Вы яшчэ не адчуваеце, як хутка можа «хруснуць ваш шкілет», гаворачы пранізлівымі словамі Блока. Нездарма адзін амерыканскі раманіст узяў гэтыя радкі за эпіграф да новай кнігі.

 

*

На скрыжаванні аднаго з цэнтральных авеню і не менш славутай стрыт, як мы прызвычаіліся называць тутэйшыя вуліцы, пераходзіла, хутчэй перахватвалася на другі бок худзенькая і шчуплая, яшчэ маладая жанчына. Ухапіўшыся за матчыну руку, поруч бегла бялявая дзяўчынка, зусім маленькая. Другую руку маці адцягвала паўнюткая гаспадарчая торба з таго гатунку, што называюць бяздоннымі. Адтуль відны былі пачкі парашку для бялізны, бляшанкі танных кансерваў ды іншая хатняя дробязь.

А за плячыма ў жанчыны, з перавязанай крыжам на грудзях палатнянай тканіны выглядала галоўка, таксама светлавалосая.

Натужна раўлі грузавікі, шасцелі шыны лімузінаў, ішлі, дакладней — беглі, людзі. Наўкруг грукатаў, як і заўсёды, спяшаючы, велізарны, апранены ў сталь і бетон горад, смяротна змораны ад гэтай гаматнай цяжэразнай апранахі, якая прыціскае і нізрынае ніцма чалавека.

І раптоўным кідком з самага цэнтру першага горада Амерыкі мяне шпурлянула амаль на стагоддзе назад. У глухім-глухую, згорбленую жабрацтвам, сагнутую нядоляй беларускую вёсачку. У той самы жнівеньскі прыпар, калі нашы бабкі і прабабкі ішлі жаць свае небагатыя палоскі. Неслі ў торбах збанкі з вадою і чэрствыя акрайцы хлеба з тонкімі лісцінамі скораму, прыхаванага на цяжкую работу. Вяліся на поле з усім незлічоным патомствам — не пакінеш жа без догляду дома, яшчэ бяды наробяць, чаго добрага, закінуць агню ў леташнюю салому пад паветкай. І патомства валаклося: хто трымаючыся за спадніцу, хто хнычучы і просячыся на рукі, хто падымаючы пыл на гарачай дарозе, подскакам на самаробным каньку-кійку. А на плячах сядзеў пакуль што самы шчаслівы, увязаны ў старэнькую дзяружку, накормлены мамчыным малаком, меншанькі, той, хто не навучыўся яшчэ стаяць на ўласных нагах.

Гэта я ўсё гавару табе, беленькае дзеўчанё, хоць ты яшчэ не хутка дабярэшся да маіх радкоў. Ты нездарма кожную раніцу непакоішся, як там паводзіцца дзеду, за тым самым велічным і незразумелым, што ўмяшчаецца ў гучанне слова — акіян. Не марныя твае турботы. Дзед не толькі далёка ад’ехаўся, ён прарабіў яшчэ зваротнае падарожжа ў часе, апынуўся ў пары, якая табе не пагражае, малая, але, як бачыш, дзе-нідзе яшчэ сціскае чалавека кашчавымі пальцамі.

Дык як жа нам з табой пасля гэтага не паўставаць на Амерыку? Мы вымушаны гэта рабіць праз намаганні яе самой.

Вось табе яшчэ адзін малюнак.

Ехалі ў Вашынгтон, а мне ўсё здавалася дарога з Гомеля ў Рэчыцу. Чырвоныя ад гліны, чырвоных скальных парод пагоркі, і на іх такія ж велічныя дубы. Але абапал дарогі — фермы. Вялікая колькасць хатняй птушкі, свінні, коні. Ёсць і ваданапоркі, часта сустракаюцца электраветрачкі. Шмат агульнага з фальваркамі — мімаволі шукаю бліжэйшых аналогій і падабенства, хоць ніхто і ў нас зараз не ведае гэтых аб’ектаў параўнання — менавіта з фальваркамі. Адрубы па дзесяцін 40—60, з паравым млынам, малатарняю (яна давалася напракат), сеялкамі, касілкамі і жняяркамі, дыскавымі баронамі і спружыноўкамі. Хіба што трактараў і электрарухавічкоў не было, ды будынкі не цагляныя, як тут, а спрэс драўляныя, пад гонтамі і саломай. Такія гаспадаркі ў Беларусі былі ў поўным сэнсе слова кулацкія. Наўкол мае вёскі сядзела з пяць такіх гнёздаў.

Калі Случчыну зноў узяліся біць на хутары, як быццам не хапала сталыпінскай спадчыны, будучыя хутаранцы, даводзячы перавагу жыць асобна, мець зямлю ў адным кавалку, казалі:

— А нашто нам тыя сёлы? Хіба што дзеля баб. Баба не можа быць адна, ёй трэба з некім языком мянціць. Вось мы, дурні, праз іх кучамі селімся, у сёлы тыя лезем.

Наўрад ці дзесятая ферма з бачаных выглядала заможна і дыхала дастаткам.

Крыху ў бок ад аўтастрады адскочыла палявая дарога і павяла да купкі дрэў і будынкаў, па якіх мімаволі пазнаеш хутаранскую сядзібу. Саманныя хлявы, праз дахі іх свіціцца неба. Дом з вокнамі без шыб, пазатыканымі старымі джынсамі, а то і проста саломай, з паабсыпанай да драніц атынкоўкай. Дзверы і вароты парасчыняны, вольна гуляе вецер.

І сярод гэтага згалення валочыцца, бразгае шчэлепамі на выбітым поплаве нявыліняўшы конь-шаўлюжка; парка не лепшага выгляду кароў ходзіць у лагчыне, ржавеюць непрыбраныя плугі і бароны.

Насустрач ляніва гаўкнуў сабака, адзін раз — слабыя харчы,— але папярэдзіць гаспадара трэба. А ён, нібы мерачыся прыхаваць спуставанне, рыжавусы, лысенькі, у камізэльцы, рыхтуе кучу кампосту. І з надзеяй глядзіць на кожную машыну: а ну, пакупцы? О, ён павядзе паказваць сядзібу, будзе падхвальваць зямлю, прымаўляючы накшталт коласаўскага Хадыкі: «Панамі будзеце, панамі, ядзяць вас мухі з камарамі».

Апошні хутар! Гэта бачыў я астатні раз, ездзячы арганізоўваць калгасы на Мазыршчыне. І вось зараз тут, толькі пад іншаю назваю — ферма. Акінутая, забытая, няшчасная. І зноў не менш чым на траціну веку назад адкінула ты мяне, Амерыка!

 

*

Амерыканскі часопіс «Форчун» заняўся падлікамі, колькі мільянераў і мільярдэраў зараз угрызлася ў скуру Амерыкі. Выраз гэты, вядома, не з часопіса. А весткі такія: камандораў і канквістадораў тамтэйшага фінансавага свету налічваецца каля дзвюх соцень. Мільярдэраў менш за сотню, мільянераў — сотня з гакам.

 

*

Вечарам вялікая прагулка ў тэатр. І назад. Лексінгтон авеню, Мэдзісон авеню. Пятае авеню — з аднаго боку Цэнтральны парк, дзе аб’ява, што ад заходу да ўсходу сонца за вашу бяспеку ніхто не адказвае, з другога — дамы, заможныя, камфартабельныя і рэспектабельныя. У тым ліку дом Кенэдзі, непадалёку славутая гасцініца «Уолдарф-Асторыя», дзе спыняюцца прэзідэнты, прыязджаючы ў Нью-Йорк.

Папярэджанне пры ўваходзе ў парк змушае да асцярогі; трымаемся далей ад паркавага тратуару. Аднак уздоўж агароджы на лаўках спалі ці рабілі выгляд, што спяць, людзі, скруціўшыся пернікам. У стоптаных чаравіках, якія ніяк не накрыеш кароценькім пашарпаным палітончыкам, падаслаўшы пад бок шматстароначныя газеты (на іх можна разжыцца ў вулічных урнах і ў метро). Пад галаву кулак, а на вочы — пакоўчаны капялюшык.

Пад адной кучай рызманоў угадваліся абрысы жаночага цела, зношанага, знясіленага.

Хто яны? Не пабудзіш, не спытаеш. Адказ, напэўна, быў бы стэрэатыпны: ахвяры алкаголю, наркотыкаў, беспрацоўя. Значыць, абагульненне прыходзіць само сабой. А калі шчыра прызнацца, «начлежнікі на паркавых лаўках», здавалася мне, перавандроўвалі з аднаго газетнага нарыса ў другі, не будучы падмацаванымі ўласным назіраннем аўтараў. Пабачыўшы ўсё гэта на свае вочы, я даведаўся, што часопіс «Юнайтэд Стэйтс ньюс энд Уорлд рыпорт» сцвярджае, нібыта «...жабрацтва ў ЗША — праблема, якая знікае». І ў той жа час прызнае, што 26 мільёнаў амерыканцаў зарабляе менш, чым трэба для пражыцця, а «кожная сям’я з чатырох чалавек павінна зарабляць удвая больш, чым да апошняй вайны, каб мець усё неабходнае».

 

Дробны дожджык. Гэта не замінае бегаць на каньках па плошчы Ракфелер-цэнтра. Тут, паводле рэкламы і даведнікаў, найбольшы ў свеце «прыватны комплекс будынкаў гандлю і развагі». Семнаццаць гмахаў злучаны між сабою падземнымі калідорамі, а там — і выпіць, і закусіць, і адзежыну набыць льга.

Мы ўсё ідзём і ідзём. І ў тэатр і з тэатра. Пад зямлю, у метро, лезці не хочацца, нічога не ўбачыш, а таксі не злавіць. Праз кожныя два-тры пад’езды — рэстаран. Нумары ставяцца не на дамах, а на пад’ездах. У гэтым ёсць рацыя: дамы вялізныя, паспрабуй адшукай патрэбную кватэру.

Дасведчаныя людзі кажуць, і, здаецца, не жартуючы, што ў Нью-Йорку 20 тысяч рэстаранаў, 30 тысяч паліцэйскіх і кожны адзінаццаты жыхар разумее па-руску.

Што ж аб тэатры? У мяне начыста выветрыліся з памяці і п’еса, і аўтар, і акцёры. Не было чаго запомніць. Невялічкі тэатрык не на самым Брадвеі, а поблізу. Зусім без фае, адзін толькі кругавы калідорчык вакол партэра. У сцяне яго — шафкі для вопраткі за асобную плату, таму плашчы трымаюць на руках. У тым жа калідорчыку п’юць піва і кока проста з бляшанак, дзе-нідзе хто-ніхто — жуе. Праграмы папярэдліва раскладзены на крэслах, звычка добрая і пахвальная, аднак гэты сервіс за твае ж грошы — кошт праграмы ўключаны ў кошт білета. Памяшканне хочацца праветрыць, а плюшавую абіўку крэслаў прапыласосіць.

На сцэне быў банальны вінегрэт з уяўнай здрады жонкі і сапраўднай здрады мужа, якому, у сваю чаргу, здраджвае каханка з яго ўласным сынам, зусім блазнюком. Канчаецца ўсё, вядома, шчасліва, бацькі мірацца, а сын прыводзіць у дом нявестку. Ні тут, ні ў Метрапалітэн-Оперы, ні ў Вівіян Бамон-тэатры я не мог паўтарыць за Чапліным яго словы пра МХАТ: «Мяне ўзрушыла тое, што я не бачыў, як акцёр прыходзіць на сцэну і як выходзіць». На жаль! Тутэйшая рэжысура нібы назнарок падкрэслівае з'яўленне акцёра або актрысы, асабліва ў рангу так званых «зорак».

 

*

Царква, а на дзвярах дзіўны для нашага вока надпіс: «Сёння ў нас танцуюць».

 

ІІ

Забастоўкі і псіхічна хворыя. Дэманструюць паліцэйскія. Як стаць мільянерам? Жалезны прэс нажывы. Розныя галасы Амерыкі.

 

У нью-йоркскім порце каля прычала сабралася 17 вялікіх суднаў. Рабочыя не выйшлі разгружаць: павышайце заработную плату, памер пенсіі, паляпшайце ўмовы працы. І ўсяго баставала 75 тысяч грузчыкаў! Якія толькі не ўжываліся захады, нават умяшаўся федэральны суд Нью-Йорка.

Працяглая забастоўка настаўнікаў. Іх у Нью-Йорку каля 55 тысяч, а не бастуе крыху больш за 8 тысяч. Даўно пачаўся навучальны год, а вучэнне не наладжана, шмат якія школы зусім пустыя. З мільёна вучняў прыходзіць на заняткі ўсяго 125 тысяч.

Бастуюць пажарнікі, прыбіральшчыкі смецця, нават паліцэйскія, не маючы на гэта права. Апошнія патрабуюць павялічыць зарплату асабліва настойліва, улічыўшы, так сказаць, шкоднасць прафесіі — увесь час даводзіцца рызыкаваць жыццём.

Зараз яны спасылаюцца на ганконгскі грып і не выходзяць на пасты. Кожны дзень на вуліцах не стае тысяч па дзве патайных і яўных ахоўнікаў парадку.

Пацешыла адно сведчанне відавочцы. Нібыта ў шэрагах дэманстрацыі камуністаў ішлі паліцэйскія. Мы смяяліся і чамусьці разам успомнілі Леніна: як бы весела пасміхнуўся наш Ільіч. А можа б і не пасміхнуўся. А зрабіў бы з факта бліскучыя, важныя для характарыстыкі моманту вывады. А тут яшчэ многа чаго трэба высвятляць! Ці азначае ўдзел у камуністычнай дэманстрацыі тое, што чалавек належыць да партыі? Ці сумяшчальна гэта наогул: паліцэйскі і членства ў кампартыі ЗША? Чым скончылася дэманстрацыя для такога ўдзельніка, ахоўніка парадку: далі вымову, узялі на заметку, зволілі? Нарэшце, хто ён, адкуль сам родам, якая сям’я, калі нарадзіўся. Як бачым, падстаў для сацыялагічнага аналізу стае. Застаецца зрабіць яго, тады будуць і вывады.

Амерыканскі паліцэйскі — гэта, апрача фізічных дадзеных, чысты дот. Рацыя, фотаапарат, два пісталеты (а колькі прыхованых!), дубінка. Вось і запярэч такому!

Гэтага ўжо мала! Фірма «Федэрал лабаратарыз» прапануе на ўзбраенне паліцыі міні-гранаты кішанёвага памеру, пнеўматычныя стрэльбы з драўлянымі кулямі, але б’юць яны не слабей за камень, і нават газамёты. Апрача таго, у паліцэйскіх участках устанаўліваюць падлікова-вылічальныя машыны, каб лягчэй вызначыць раёны, дзе могуць пачацца хваляванні.

Не помню, якое месца займаюць ЗША па росце псіхічных захворванняў, адным чынам — у лячэбніцах пацыентаў хапае. У псіхіятрычных бальніцах Квінс, Крыдмар, Бронкс, Манхетэн баставалі дактары і ўвесь медыцынскі персанал. 11 тысяч хворых засталіся без догляду. Тузы — шэфы лячэбнай справы — не знайшлі іншага ратунку, як адпусціць 1300 хворых дадому. Губернатар Нельсан Ракфелер палічыў забастоўку незаконнай. Справа пайшла ў суд, а вар’яты рынулі па хатах.

І ўсё ж Амерыка, калі не вучыць задумвацца,— працэс жыцця, як і работы, у значнай меры механізаваны,— дык прымушае ўглядацца, так сказаць, цераз абалонку з’явы, калі не заўсёды ў глыбіню, дык абавязкова ўшыркі. Размах дзеянняў велічэзны сапраўды. Толькі страх бярэ, калі падумаеш, што цэлыя статкі небаскробаў, банкаў, заводаў могуць належаць аднаму чалавеку. У яго ў руках: сродкі куплі і продажу, сродкі і прадукты вытворчасці, арміі аховы ўласнай персоны і ўласных набыткаў, армія нагляду і інфармацыі, дый ці мала чаго іншага. Гэта ён прыгроб да сябе і не выпусціць. А як прыгроб? Часта сапраўды пачынаў, як модна гаварыць, з нуля — гэта стала стандартам для біяграфіі мільянера. Заўчора — спекулянт кантрабандным тытунём, сёння — уласнік вострава Скарпіёс, купленага за 84 мільёны долараў, муж Жаклін Кенэдзі.

Чартоўская здольнасць да ўзбагачэння не мае нічога агульнага з анекдатычнымі парадамі аднаго з амерыканскіх часопісаў, як стаць мільянерам. Аказваецца, для гэтага даволі, калі вам міне 30 гадоў, штогод укладаць капітал у прадпрыемствы, якія даюць 15 працэнтаў прыбытку. Трэба адно толькі: мець крыніцы капіталу і сродкі на выплату падаходнага падатку. І — усё: мільянер падрумяніўся і спёкся!

Калі мы гаворым: крывасмокі, эксплуататары, звышпрыбыткі, махлярскія аперацыі — гэта ўсё чыстая праўда! Аднак без прабівальніцкага спрыту, вынаходлівасці, паваротнасці магнатам не станеш, ні прамысловым, ні фінансавым, кішэня не надта патлусцее.

З такога нялёгкага спаборніцтва мы выйдзем пераможцамі толькі супрацьставіўшы хватцы нажывы талент стваральнага намнажэння калектыўнага багацця, а ўмельству падкупіць, згуртаваць вакол сябе патрэбныя сілы — талент арганізаваць самых здольных, акрылёных мэтай тварыць жыццё разумна, справядліва, без надужыццяў, як таго і вымагае характар нашага ладу і праграма дзеянняў нашай партыі.

За пяцьдзесят год мы паставілі сваёй зямлі новыя ветразі, зрабілі новы руль, перайначылі спосабы працы і прагрэсу. І ўсё ж трэба рабіць ды рабіць, каб дагнаць гэту краіну, хоць усім вядома, што лад яе асуджаны на згубу праз супярэчнасці, адзначаныя марксізмам, знішчаныя практыкай савецкага быцця. А каб дайсці да гэтага быцця, колькі давялося адкінуць, пераадолець, пачаць усё спачатку. Бо што было? Помніце горкі боль Сухава-Кабыліна: «Было на зямлю нашу тры нашэсці: набягалі татары, находзіў француз, а цяпер чыноўнікі аблеглі, а зямля наша што? І глядзець шкада: пранядужала да касцей, прагніла наскрозь! Прададзена ў судах, прапіта ў корчмах, ляжыць яна сярод вялікага стэпу няўмытая, рагожаю накрытая, з перапою слабая».

Якія ж сілы, здольнасці і сродкі трэба было ўжыць бальшавікам — перш за ўсё Леніну! — каб паставіць такую зямлю на ногі, перайначыць яе аблічча, расчыніць нетры, авалодаць цаліной земляў і душ!

Амерыка глушыць грукатам, рухам, безліччу металу ў дамах, вежах, машынах. Усё гэта здаецца бязладдзем, але толькі знадворна. Інстытут Гэлапа ведае, колькі выпіваецца джусу і якога гатунку, улічвае попыт на піва і палітыку, а таксама на магчымых кандыдатаў у прэзідэнты.

І вось не новы для нашай прэсы прыклад, калі не сталёвай, дык жалезнай арганізацыі вытворчасці. Форд у адным з сваіх філіялаў, у Сан-Поль, збірае звыш 100 тысяч легкавых машын. Восем мадэлей — ад «Лінкальна» да «Меркурыя». Усяго там 2000 чалавек — адміністрацыі, інжынераў, канструктараў, рабочых. На зарплату ім выдаткуецца 19 мільёнаў долараў. Значыць, доля зарплаты на зборку машыны складае 190 долараў.

Завод фактычна працуе 10 месяцаў. Два месяцы — перапынак для распрацоўкі новых мадэлей і падрыхтоўкі да іх выпуску.

І гэта пры хаатычнай, ліхаманкавай вытворчасці. Значыць нельга забываць, што тэндэнцыя да загнівання не выключае шпаркі рост капіталізму.

 

*

Не ведаю, як каму, а чалавеку, прагавітаму на ўражанне і назіранне, сквапнаму пабольш захапіць у вока і ў памяць, хоць потым далёка не ўсё кладзецца на паперу, а часцей пыліцца доўгія гады ў папка-х, чалавеку такога складу цяжка тут. Нестае, не скажу яднання, проста звычайнага дотыку да знадворнага свету, гаворкі з чалавекам мясцовым, магчымасці зазірнуць хоць употайкі, напаўзрэнкі, у яго, твайго суразмоўніка, простага ці няпростага амерыканца. У гэтым сэнсе многія нашы суайчыннікі — інжынеры, вучоныя — куды ў лепшым становішчы. Яны гавораць пра справы, распытваюцца, назіраюць і пазнаюць людзей, пільнуючыся толькі, каб не пратраціць у інтарэсах і не спляміць радзімінай годнасці.

Адным словам, хацелася б вальней рухацца: заманулася — і паехаў пачуць сапраўдны голас сапраўднай Амерыкі. Хто можа пахваліцца, што чуў яго? Не той «Голас», які прабіваецца ў нашы транзістары з добрай сотні перадатчыкаў, пастаўленых на тэрыторыі ЗША і за межамі краіны. Гэты «голас» лёгка пазнаць па асабліва старанным вымаўленні, што надае драўлянасць, іншаземнасць рускай мове дыктараў. І па асаблівай ялейнасці тону і выразаў, калі хочуць перадаць што-небудзь, на іх погляд, асабліва нам непрыемнае.

Іх «прыемнасці» і «непрыемнасці» для нас аднолькавыя, яны роўна ахрышчваюццца ў нашым уяўленні ёмкім слоўцам — мана, а яшчэ ямчэй — брахня.

Аднак брахня разлягаецца не толькі з Фларыды і Паўночнай Караліны, яна плыве з Радоса, Мюнхена, Англіі і Танжэра праз зяпы мноства перадатчыкаў і транслятараў — тут дакладна не палічыш. Да таго ж, у любы момант, у якое хочаш месца могуць быць падкінуты перасоўныя перадатчыкі.

Колькасць маны сапраўды глабальная! Нам трэба берагчы сваё маральнае здароўе і маральны імунітэт, якія б выдатныя яны ні былі. І таму час-часом, часта не варта рукі брудзіць, аплявушыць усе гэтыя «галасы» так, каб у іх надоўга перасядала ў горле.

Нельга не прыслухацца да таго, што кажа амерыканскі сацыёлаг Чукас. Параўнаўшы прапагандысцкія погляды з кулямі, бо і тыя і другія некаму адрасуюцца і некім атрымліваюцца, ён піша: «...Выпушчаная куля губляе сілу, дзіця, знайшоўшы яе, зробіць цацкаю. Вынікі прапагандысцкай ідэі не заўсёды льга прадбачыць...» Сказаўшы па-народнаму — і ад паклёпу застаецца след.

Кодэкс паводзін манюк эфіру, упісаны ў кулінарную кнігу амерыканскай радыёкухні, уключае ў сябе два карэнныя рэцэпты: перабольшванне і падхарошванне. Яны не караюцца і не бяруцца пад сумненне ў краіне «свабоды слова». Таму ўсе прыгатаваныя па такіх рэцэптах стравы, апрача агіды, нічога іншага не выклікаюць. А жывот атруціць могуць. І зусім нармальны.

У Інфармацыйнага агенцтва Злучаных Штатаў многа нанятых галін. «Голас Амерыкі» — адна з буйнейшых і раскідзістых. За гэта мае, як кажуць, львіную долю бюджэту агенцтва — нешта каля 200 мільёнаў долараў.

У руках таго ж агенцтва — часопісы і кнігі з астранамічнымі тыражамі і звыш патайных і яўных сродкаў прапаганды — дзве сотні спецыяльна скамплектаваных бібліятэк у многіх краінах свету.

Размах антысавецкай друкаванай прапаганды яшчэ як бы характарызуецца іменем Генры Люса. Нездарма выпрабаваны рэкардсмен палітычнай інтрыгі Чэрчыль прылічыў яго да сямёркі найбольш магутных людзей у Амерыцы. Выданні Люса напханы ў амерыканскія дамы густа, цераз кватэру. Адсюль відаць іх мільённае пашырэнне і заработкі ўласніка і фундатара.

 

*

Дык вось, нестае, моцна нестае чалавечых сустрэч з размовамі, смуткамі, розумам і глупствам.

Слову дэмакратычнаму, сапраўды свабоднаму прабіць ход праз усе гэтыя муры маны і агароджы забарон нялёгка. Але людзі даюць выйсце своеасабліваму пратэсту. На сценах, звернутых да вуліцы, глухіх, без акон, у бетонных заездах пад масты часта-часта спыняюць выгукі, так сказаць, шчырага сэрца. Ніштаватымі літарамі, каб відаць было з машыны, фарбай павышанай трываласці, каб не так хутка пераеў смог, выведзена: «Чхаў я на ваш капіталізм!» Пераклад — вельмі недакладны. У арыгінале ўжыта слоўца, якое ўзыходзіць да найвышэйшых узораў вуснага фальклору колішніх рамізнікаў.

Надпіс расчуліў. Не столькі магутнасцю пратэсту, як непасрэднасцю звароту да свайго згадзеўшага ладу.

 

III

Амерыканцы на Эльбе. Пераклічка нораваў. «Піць віскі ці ваяваць?» Што думае заяц. Як не ўспомніць Эйнштэйна.

 

Уласна кажучы, гэта не першае маё знаёмства з Амерыкай. Не з краінай, вядома, а з тымі, з кім мы разам апынуліся на Эльбе і няблага чокнуліся за перамогу.

Сёлетні кастрычнік вельмі падобны на той далёкі, вясёлы май. Доўгі час пасля прыезду сюды я сіліўся ўспомніць, чаму ўсё гэтак наўкол знаёма, быццам некалі жыў тут і вось неспадзеўку вярнуўся. Потым узнікла і не адступалася ўражанне, што я зноў апынуўся ў Германіі.

Цераз год пасля падпісання капітуляцыі ў Карл Хорсце мне давялося завітаць туды, калі Міжнародны трыбунал судзіў ваенных злачынцаў.

Хацелася ці не хацелася гэтага акупацыйным уладам, на Заходняй Германіі адразу ж адтаўраваліся невыгойныя адзнакі амерыканскага побыту, абыходку, звычак і нораваў.

Якім жа здаўся тады ён, амерыканец, пасля славутых абдымкаў у гонар перамогі, не Айк, як звалі генерала Эйзенхаўэра, вядома, а які-небудзь Бэнджамэн са штата Місуры, як ён прымаў і разумеў свайго цёзку, якога-небудзь Банэдыка з-пад Капыля.

Мы ехалі праз Веймар з яго ламанымі крывымі вулачкамі і чулліва спараваным помнікам Гётэ і Шылеру каля мясцовага тэатра. Наўкруг так і патыхала Вільняю ў яе даўнейшым, нячэпаным вайною выглядзе і той самай даваеннай цішынёю: з гасцінічнай мансарды было чуваць, як адбівае чвэрткі вежавы гадзіннік.

Дарогай можна было спачыць. Асабліва пасля Берліна. Хоць горад і даўнавата быў вызвалены ад фашызму, аднак не так лёгка выдыхаць, выветрыць разбуральны дух яго. Прыгнечанасць, панурасць у людзей, муроў і нават у сквераў, што спрабавалі зазелянець у тую першую пасляваенную вясну.

 

Здаўся горад нейкім душным бункерам,

Дзе адвыклі ўголас размаўляць.

Нават дрэвы, ўзрошчаныя юнкерствам,

Думалі: шумець ці памаўчаць.

 

Цюрынгія здалася, як і малявалі яе, зборышчам спеўных гаёў. Грабовы лес, дубовы, хваёвы, ды часцяком і альховы — з дрэвамі неймавернай таўшчыні, чамусьці дома не даводзілася бачыць такіх таўшчэзных алешын. Лес, мусібыць, саджаны, вельмі ж чыста ў ім: ні адламанай галінкі, ні сучка пад нагою. Аж нудна, як быццам і не лес. Не відаць і высечаных дзялянак. Праўда, двойчы за паўстагоддзе немцы вывезлі з Беларусі столькі драўніны, каб з ліхвою пабіць ненажэрную пашчу свае прамысловасці.

Выскачыш з тунельчыка — і воку робіцца ўцешней ад чырвоных макаў у ярыне. Каторы раз успамінаецца Гарын: засеяў 40 дзесяцін макам, каб толькі глянуць, як гэта ўсё будзе выглядаць, калі зацвіце.

Каля Эйзенаха падняў руку стары абшарпаны веласіпедыст: дайце закурыць!

Васіль, павольны, мажны ўкраінец, тармозіць і дабрадушна-ласкава лаецца:

— О, чарцяка! Хіба ён не бачыць, што мы акупанты.

Гэтым слоўцам Васіль зноў рассмешвае ўсіх. Ён падбівае часам мяне ўжыць «акупанцкія правы» і нарваць чарэшань з прыдарожных дрэў ці хоць насварыцца за нясмачную вячэру на гаспадара рэстарана.

Веласіпедыст насцярожваецца і пераходзіць на рускую мову сам. Трапіў у палон яшчэ ў 1914. Паслалі працаваць на ферму, а там заўдавела ягоная гаспадыня. Пачалі разам спаць. І не агледзеўся: дзевяцера дзяцей! Але не жаліцца.

Раптам спахватваецца. Пачынае нехлямяжа і ні да чога запэўняць, што жывецца пагана — дамоўка ўспамінаецца. Старэйшага сына навучыў змалку гаварыць па-руску. І, калі ўжо такая ўдача, што рускія па Германіі раз’язджаюць, ён абавязкова вернецца.

«Рускія па Германіі раз’язджаюць!» — смешна і Васілю і мне.

Колькі гадоў назад, у самыя цяжкія дні, калі немцы тужыліся замкнуць абруч пад Сталінградам, я, утуліўшыся ў маленькі акопчык, чакаў канца мінамётнага абстрэлу. І раптам, зусім нечакана, пачаў патрабаваць у сябе адказу: што ты будзеш рабіць і як будзеш трымацца ў Берліне па канцы вайны? Папытаўся і ў старшыны, каму, уласна кажучы, і належала наша нетрывалае сховішча.

Зусім не да часу, пад частыя разрывы мін, мы пачалі голасна рагатаць, уявіўшы сябе ў тым сто разоў узятым здалёк варожым горадзе. Перш за ўсё схадзілі ў лазню, потым паклаліся ў ложкі з чыстай бялізнай, паспалі па трое сутак, дабраліся, нарэшце, да традыцыйных нямецкіх сасісак і піва. Потым прышылі падкаўнерыкі, наглянцавалі боты і — на Фрыдрых-штрасэ або Курфюрстэндам. Сцеражыцеся, дзяўчаты!

Пераязджаем у амерыканскую зону. Паабапал шашы «навочныя дапаможнікі» для ахвотнікаў шпаркай язды. Разбітыя «вілісы» і «доджы», а поруч іх рызыкоўныя вадзіцелі — манекенныя фігуры ў вайсковай вопратцы з паадрыванымі галовамі і паадломванымі нагамі. Густой чырвонай фарбы ляпалі не шкадуючы.

Васіль абыякава кідае:

— Не сказаць, каб страшна.

У газетных кіёсках на плошчы поўна амерыканскіх часопісаў.

Бяру «Life» з Давідам Бурлюком на вокладцы. Чалавек, які называў сябе першым рускім футурыстам, выступае ў Амерыцы ў якасці мастака. Партрэт з прэтэнзіяй: маэстра высаджвае галаву з пустое рамы, якую ён сам трымае абедзвюма рукамі.

Падыходзіць мясцовы жыхар-яўрэй, нядаўна вярнуўся з фашысцкага лагера ў Латвіі. З усёй сям'і ацалеў адзін.

— Каб хто сказаў, нашто я вяртаўся сюды? Ні дому, ні к дому. Казалі добрыя людзі: заставайся ў Рызе. Ужо і работа была б.— Цяжка ўздыхае і апускае вочы ўніз.— Думаў, растаргуюся тут. Бо ў вас жа не надта пускаюць у гандаль.

Горача. Няспынныя навальніцы і дажджы. Гасцініца — каля вакзала, жывуць адны амерыканцы. З нас не бяруць грошай — госці. Вялікія нумары, тэлефоны, гарачая вада.

Каля ўваходу — з выгляду блазнюк, а яму 22 гады. Пільнуе, каб паднесці рэчы ці так што дапамагчы. Назваўся аўстрыйцам, відаць, умоўна, хутчэй ён тубылец Закарпацця, што некалі было пад аўстра-венгерскай каронаю. Гаваркі, як млыновае кола. Гаворыць рознае, найбольш жаліцца: сёння з’еў толькі палавіну бульбіны. Амерыканцы адшкадоўваюць жыхарам па 150 грамаў хлеба, кілаграм бульбы каштуе 28 пфенігаў. У параўнанні з англійскай зонай — дай божа! Там за бульбу гані аж 8 марак.

 

*

На беразе рэчкі амерыканцы кідаюць мяч і ловяць яго гумовай рукавіцай. Салдаты і афіцэры папрыводзіліся з сваімі нямецкімі сяброўкамі. У гэтых лёс незайздросны: у кіно не пускаюць, у рэстаран таксама. Што рабіць? Тыя, каму не пашанцавала падлавіць амерыканца, стаяць або сноўдаюцца каля пляжа: а можа знойдзецца хто «незаняты» ці «заняты» надумаецца змяніць аб’ект свае заморскае ўвагі.

Нарэшце амерыканцам надакучае шпурляць мяча. Падыходзяць да нас, курым разам, пачынаем размову. Гаворым на неверагоднай мешаніне англійскай, французскай, нямецкай і рускай моў. Але ўсім усё зразумела і нават весела.

Малодшы з амерыканцаў — сержант — самы цікавы. Ён малюе крыху, бачыў шмат нашых фільмаў. Сыпле назвамі, успамінае эпізоды. І нібыта між іншага:

— У нас больш фільмаў ідзе, але я іх гляджу так, напаўвока. Мала што ў памяць ускоквае.

Ён нечакана пераходзіць да знарочыстых, ці не наўмысна для нас прыдуманых вывадаў: больш лагоднай і міралюбнай краіны за Савецкі Саюз няма. Хай сабе гэта разумеюць не ўсе амерыканцы.

На наша здзіўленне, у знак згоды з ім ківае галовамі ўся група, што абкружае нас. Сержант час ад часу зварочваецца да іх, каб знайсці падтрымку. І тут жа хітранька ўсміхаецца і грозіць нам пальцам:

— Вы думаеце, я гатовы ў вашу веру перайсці? Не! Я сваю Амерыку люблю і ў крыўду не дам. Я толькі хачу, каб яна стала разумнейшая. Таму і лаю свае парадкі. А да вас — не падамся. Я — чалавек багаты. Праўда, грошы мае мой бацька, але калі ўжо багаты бацька, дык багаты і сын.

Мімаходзь, як пра нешта вельмі абвыклае, пытае, колькі ў нас знаёмых дзяўчат.

— Зусім няма? — на твары непадробнае здзіўленне.— А я спаў шмат з якімі...

— Во, гэта акупант! — напаўголаса заўважае Васіль, пакуль мы ідзём у афіцэрскі клуб, на кактэйль.

Амерыканцы рушылі з намі ўсёй талакою, пакідаўшы на пляжы сваіх дзяўчат. Тыя, відаць прызвычаеныя да такога абыходжання, прастуюць услед. Цяпер яны шнуруюць каля высокай сонечнай тэрасы рэстарана.

 

На століках, у праходах паміж імі, на газонах каля сходцаў вялікія чырвоныя ружы ў вазонах і кустах. Поўна іх і ў залах для полудню, у пакоях, дзе п’юць толькі сокі і ліманад. Кока-кола, пра які так шмат чута, на мяне амаль не робіць уражання. А шампанскае — добрае.

Каб не здацца недалікатнымі, заказваем віно на ўсю хеўру. Амерыканцы лагодна пасміхаюцца, але плаціць не дазваляюць.

Піць яны здаровы, мажныя, добра ўкормленыя. Непрыкметна стараюцца падбухторыць нас на віскі. Мы гераічна супраціўляемся: хіба што пакаштаваць. І ставім кропку.

Афіцыянты — немцы, але з манерамі вельмі чопарных англічан — здзіўлены, чаму такі заход робяць амерыканцы. А можа, і хутчэй за ўсё так, не могуць схаваць няпрыязні да «савецкіх».

На правах даўняга знаёмага сержант дапытваецца ў нас і ў сваіх сяброў, што значыць добры мастацкі твор.

— Гэта значыць,— ён адказвае сам сабе,— духоўнае жыццё. У рускіх — яно сапраўднае, а мы ў Штатах сядзім на плыткім. Толькі я да вас не падамся!

Сержант заканчвае тыраду знаёмым прыпевам і зноў грозіць пальцам, як тады, на пляжы.

— У вас трэба працаваць, а мне гэта страх не пад густ. Я люблю маляваць і малюю тое, што хачу.

— «Я адзінокі дзікі кот, я гуляю, дзе хачу»,— далікатна цытуе адзін з нас.

Сержант рагоча. А як жа! Ён ведае гэту кіплінгаўскую казку. Кату вельмі хацелася ўслед за іншымі жывёламі трапіць пад чалавечы дах, але не дазваляла задавацтва, жаданне вытаргаваць сабе сходныя ўмовы.

Ну што ж! Чытаў Кіплінга, зразумеў жарт і не пакрыўдзіўся, тым лепш. Наш суразмоўнік між іншым кідае, што англічане далі свету многа выдатных людзей: Байран і Чэрчыль. І зараз жа папраўляецца:

— Чэрчыль толькі ў часе вайны быў вялікі чалавек, цяпер ён маленькі балбатун.

На некаторы час увагу адцягваюць шатландцы. У нацыянальным убранні: спадніцы ў буйную клетку — чорнае з чырвоным — з тканіны, падобнай да той, што ў нас называюць шатландкаю. Крыху карацейшыя супроць моды 20-х гадоў, адным словам, вышэй за калена. Калі дадаць кашулю з пагонамі, бураковага колеру ражку з вусамі, таўсценныя барвовыя лыткі з пупырышкамі, спаднічкі робяць, мякка кажучы, уражанне няёмкасці. А мне здавалася, такая вопратка засталася толькі ў раманах Вальтэра Скота. Іранічныя ўхмылкі з’яўляюцца на момант і ў амерыканцаў. Сержант добразычліва махае рукою «спаднічнікам».

— Мы тут вашага Чэрчыля прабіраем.

Шатландцы, не абазваўшыся і паўгукам, не выціснуўшы з сябе нават паўусмешкі, велічна даюць зразумець, што можна працягваць.

Сумесная гаворка не клеіцца. Нарэшце амерыканец, якога мы і засталі тут з бакалам віскі, вымавіў нешта падобнае да тосту.

— Як вы думаеце, салдаты,— ён націснуў на апошняе слова,— што мы з вамі будзем рабіць цераз дзесяць год?

— Піць віскі,— спрабуе прабіцца жарт.

П’янаваты хлопец ляпае па плячы жартаўніка.

— Я гэта і хацеў дазнацца: будзем піць віскі з рускімі ці ваяваць? — Ён падымаецца і, пагойдваючыся, гаворыць далей: — Давайце за тое, каб піць разам і праз дзесяць, і праз дваццаць...— Асушае шклянку і дадае: — Хоць я ў гэта мала веру.

Амерыканцы махаюць на яго рукамі, але дзіўны халадок прадчування небяспекі нячутна павеяў у пакоі.

Сержант пажадаў праводзіць нас да гасцініцы. Каля выхаду даволі прыгожая жанчына. Ён робіць нядбалы рух рукою — пайшлі! — і вось ужо абцасікі дробна тупочуць поруч. Выкладаецца анкета: Берта Мілер (каб і хацеў, не прыдумаеш нічога банальнейшага, хіба што называе выпадковае імя), 23 гады, муж забіты на фронце, сынок зусім малы, бацька ў палоне ў Францыі. Гаворыць па-англійску, па-французску і па-польску. Штохвіліны ўзраготвае і ляпае сержанта па плячы.

Жанчына сама пытаецца і адказвае: ці праўда, што ў Берліне рускія салдаты ідуць з немкамі гуляць, а потым выграбаюць усё з іхніх сумачак? Не? Яна так і думала. О, як брыдка пачалася вайна з Расіяй. Вы нам далі хлеба, а Гітлер загадаў напасці. Крычаў — будзе добра, а што ж добрага цяпер?

Змораны яе тварык набывае выгляд благання. Брату заўтра трэба ехаць, абяцалі работу, а ў іх — адна марка на дваіх.

— Завяла! Усе яны гэтак,— абразліва кідае сержант.

Жанчына разумее, што знаёмства канчаецца не пачынаўшыся, і заглядае ў вочы:

— Руская мова такая цяжкая! Але закахаўшыся можна вывучыць...— О, яна — жанчына, верная ў каханні.

Тым часам гасцініца. Пакідаем спадарожніцу з сержантам канчаткова паразумецца пра любоў і вернасць. А самі ў калідоры яшчэ пагаварылі з палякам. Ён быў у Дахау. На руцэ пяцізначны нумар — доказ неабвержны. Паказвае лагерныя квіткі, своеасаблівыя сертыфікаты, служылі замест грошай.

 

*

Далекавата занесла мяне з надзіманай сваім дабрабытам Амерыкі ў разбураную і панівечаную гадамі вайны Германію. Але ад тых першых сустрэч з амерыканцамі цягнецца невідочная нітачка ў сягоння і дапамагае мне зараз — што зразумець, да чаго пільней прыгледзецца.

Выязджаем раніцай. Да машыны кідаецца ўчарашні паляк з аматарскім фота.

— Жонка нашага Тэдзі. Сама падпісала мне.

Хто там і што там на здымку — не разабраць, надпіс таксама нечытэльны, дый трэба ж ведаць руку жонкі цудоўнага Тэдзі, як любоўна звалі Тэльмана рабочыя.

Да выезду з горада перад намі ідзе «віліс». Паміж двума амерыканцамі — блакітны дог такой велічыні і з такою пашчаю, што перакусіць мяне напал яму не цяжэй, чым хламнуць муху. На скрыжаваннях, дзе трэба было тармазіць, дог голасна брахаў на ўсе машыны, што ішлі насустрач і, як яму здавалася, заміналі ехаць далей.

Мы спыніліся на даволі высокім пагорку. Праз утравянелыя бакі яго выглядае камень. Старое замчышча, сцены ў руінах, але захавалася вежа і сутарэнне, няйначай для вязняў.

Раптам нас абкружылі дзеці, узброеныя самаробнымі лукамі і дзідамі. Аж адзінаццацера. Выпрасіліся ў бацькоў і жывуць у руінах некалькі дзён. Акцыя супроць нас — чарговы напад разбойнікаў на багатых падарожных. «Разбойнікі» просяць прыкінуцца, што нам страшна. Ахвотна робім гэта, тады яны патрабуюць выкуп. Старгаваліся на плітцы ваенторгаўскага шакаладу.

Зноў аднастайная дарога з прысадамі. У вёсках каплічкі і мадонны пад кветкамі, часцей за ўсё дробнымі ружамі ружовенькага колеру і язмінам. Нібы на заказ, усё аднолькавае. Амаль у кожным доме, у сцяне ад вуліцы, ніша з металічнаю постаццю раскрыжаванага Хрыста. Па-слуцку гэта — езусак, назва па-сялянску фамільярная і патыхае блюзнерствам. Адным словам —

Ідылія

 

Куды ні паглядзіце,

Тут каля кожнай хаты

Стаіць мадонна з дзіцем

Або Хрыстос распяты.

 

Работа ёсць у Грэтхен —

Яны з усмешкай мілай

Да статуй носяць кветкі,

Штодня шаруюць мылам.

 

Пасля, адбыўшы прошчу,

З такой жа самай мінай

Дзяцей дубцамі хвошчуць

І хмыляцца мужчынам.

 

Паважна і набожна

Вядуць іх у атэлі,

Дзе толькі ад бамбёжак

Пярыны ацалелі.

 

Калі тут што благое,

Няхай даруе неба,

Не век жыць удавою,

Сабраць пасагу трэба.

 

А потым даць аб’яву

У дзённую газету,

Што гладкая на славу,

Здаровая кабета,

 

Прыемнай рыжай масці,

Сто сорак восем ростам,

У прымы возьме шчасце

Сярэдняга узросту.

 

Каб сталы быў і статны,

Меў да жывёлін ласку

І быў, вядома, здатны

Да пэўных абавязкаў.

 

Каб пільнаваўся жонкі

Ды не ўчашчаў да любых,

Тады яна пярсцёнкі

Законным звяжа шлюбам.

 

Калі ж ён туз гандлёвы

Або шынкар заможны —

Яна і так гатова,

Тады без шлюбу можна.

 

Калі гэта наследаванне Гейнэ, хай даруе вялікі дух паэта. Відаць, вецер з Гарца абдзьмуў мяне пад час падарожжа.

У самім Мюнхене нельга не заўважыць, хоць і пабітыя, карцінную галерэю і замак. Мужчыны ў скураных трусах — замша ад доўгага ўжытку стала лубяная — і шэрых курціках з зялёнай аблямоўкай. На штрыфлях панашываны дубовыя лісты таксама з нечага зялёнага. Капелюшы, часцей за ўсё зялёныя велюравыя, на патыліцы абавязковае птушынае пяро. Гэта як бы уніформа. На пешаходах яна не так рэжа вочы, але калі ўздзябурыць яе пажылы чалавек ды ўзаб’ецца да таго ж на веласіпед, мімаволі пасміхнешся. А веласіпедыстаў — процьма! Пераязджаюць вуліцу перад саменькай машынай, кіруючыся толькі ім адным вядомымі правіламі руху, едуць поруч, мерацца абагнаць.

Васіль, з яго цудоўнай вытрымкай, прыкметна хвалюецца. На адным з паваротаў не ўсцярогся: зачапіў вельмі ж нахабнага ездака. Той падляцеў угору, зрабіў сальта і, як быццам нічога не здарылася, зноў стаў на ногі каля машыны.

Мы, збянтэжаныя нечаканасцю, маўчалі. Не лаяўся веласіпедыст — відаць, адчуваў сябе вінаватым і не вельмі кеміў, што ж адбылося: ляцеў пад неба, а стаіць на зямлі.

Неўзабаве нас дагнаў «віліс» з літарамі МР — Эмпі — ваенная паліцыя. З машыны высунулася рука і загадала ехаць услед. Непрыемна, могуць быць непатрэбныя размовы. Заварочваем некуды ў двор — відаць, тут іхні штаб. У дзвярах — афіцэр.

— Маладзец! — пахваліў ён затрымаўшага нас салдата.— А то, чаго добрага, магла б пачацца валавода. Страху ніякага, але нашто! Паколькі мы саюзнікі,— лёгкі паклон у наш бок,— трэба дапамагаць адзін аднаму. Чаго нам лічыць: адным немцам болей, адным меней...

Прапануе зайсці. Пачынаецца частаванне цыгарамі і ліманадам. Прыгнечаныя такой ветлівасцю, мы стараемся як мага хутчэй вырвацца. Але гэта не так лёгка. Наш суразмоўнік напакаваны весткамі аб Мюнхене, аб бытаванні тут Гітлера і прамацвае, што вядома нам.

— Разумееце, яго як быццам чорт сцярог!

Сапраўды! Колькі захадаў да знішчэння ў адным толькі годзе! Замах на паказе вайсковага абмундзіравання не ўдаўся, у самалёце, якім Гітлер вяртаўся з групы армій «Цэнтр», не ўзарвалася бомба, некалькі дзён пазней правалілася і спроба замаху ў берлінскім арсенале.

20 ліпеня бомба ляснула-такі, але нарада была не ў падземным бункеры, а ў знадворным лёгкім бараку — абышлося толькі перапудам. Потым Гітлер хваліўся Мусаліні, паказваў месца, дзе размінуўся са смерцю.

— Іначай і не скажаш, сцярог чорт касавокага,— заключае размову наш новы знаёмы.

Нарэшце вырываемся за горад.

— І гэты акупант за маё-маё! — з усмешкай заўважае Васіль.— Цыгары прапануе, а каб здарылася, сам бы мог дзверы ў душагубку зачыняць. «Адным немцам болей, адным меней»...— ён перадражнівае і дадае: — А вы баіцеся адну вішаньку сашчыкнуць, гаворыце з немцамі, быццам прабачэння просіце.

— За што прабачэння?

Да Васіля варочаецца пачуццё гумару:

— За тое, што мы іх пабілі і прыйшлі сюды...

Васіль чалавек гаспадарлівы, ён успамінае, як амерыканцы наладзілі побыт. У сталоўцы, дзе колькі разоў карміліся і мы, на снеданне прыносілі грэйпфрут, неэрзацную каву, кавалак хлеба з яйкам і беконам, павідла, грэнкі і ячную поліўку.

— І колькі за ўсё? Дзве з палавінай маркі. А вы пілі піва па марцы куфаль? У акупантаў і цэны акупанцкія. А за чый кошт? — І Васіль дадае газу.

 

Упершыню бачу Дунай. І ніякі ён не блакітны, а руды. Праўда, нядаўна былі дажджы, раўчукі нанеслі глінянага мулу з палёў, і рака дзе-нідзе выліваецца з берагоў. Бывалы Васіль запэўніў: у Браціславе хвалі набываюць блакітнае адценне, а яшчэ ніжэй — закасцянелы эпітэт «блакітны» спраўджваецца на поўную сілу.

Валгала. Мармуровы пантэон, заснаваны Людвігам І Баварскім у 1836 годзе. З прысценкаў пазіраюць бюсты Баха, Моцарта, Рубенса, Бісмарка, Мольтке, Гётэ, Шылера. Знайшлі сабе месца таксама Кацярына ІІ, Барклай дэ Толі, Дзібіч, Мініх.

Двое амерыканскіх ваенных абураюцца: несправядліва! Ніводнага амерыканскага паперся, як кажа Васіль на бюсты. Але не можа быць, хутка ў гэтым гурце з'явяцца Рузвельт і Айк (Эйзенхаўэр). Амерыканцы шчодра пашыраюць пантэонскае кола на Жукава і Сталіна. Мы велікадушна згаджаемся і робім сяброўскі перакур.

Стаім у малым горадзе: спынены рух. Па вуліцах павольна павіваецца рэлігійная працэсія. Дзяўчаткі ў белым: зусім маленькія, трохі большыя і тыя, што ўвайшлі ці ўваходзяць у паўналецце. Нясуць абразы, пратэсы, ці харугвы, кветкі, зеляніну. Манашкі ў колькасці неаблічальнай. Адкуль іх столькі ў гэтым, параўнаўча невялікім, паселішчы?

Даведаўшыся, што за імя ў горада, успамінаем нядаўнія паведамленні друку. Не толькі манашкі атаўбаваліся ў гэтых сценах — яны вяліся ў іх, відаць, спрадвеку. Недалёка знайшлі прытулак разнамасныя ўцекачы, усе, хто агнюсіў сябе здрадаю Радзіме, на кім гараць невідочныя, бо наскрозь прапяклі яны збрадлівую скуру, кроплі крыві людзей, каго яны выдалі, паслалі, штурхнулі на смерць.

Чаму ж рынула сюды, як бы гэта сказаць далікатней, уся тая прайдзісветная навалач? Пэўна ж, не без волі і дазволу апекуноў зоны, амерыканцаў. Не тых добрых хлопцаў, з кім мы пасябравалі на Эльбе, з кім нядрэнна толькі што гутарылі і жартавалі. За іх плячыма цэлая плойма палітыкаў, разведчыкаў, дыпламатаў. Яны ведаюць, што рабіць, які тавар будзе ў цане заўтра.

І навалач, што нанядоўга ўсплыла была пад час фашысцкае акупацыі нашых земляў, значна выперадзіла нямецкае адступленне. Здалёк учула нашы танкі і гарматы, а калі так, дык і на панах і на паслугачах хутка пачне падсмажвацца скура. Хутчэй даваць лататы, хоць з чамаданамі, хоць без чамаданаў. Куды-небудзь, дзе глушэй, далей, абы было спакайней, у непрыкметны гарадок. Тут лішак вільгаці, ліюць дажджы, а дзе дажджы, там і слата — цяпер чалавечая, уцякацкая, імпартная. Пакуль што агінаецца ў зацішку, балазе ёсць затула — высокая рука саюзнай дзяржавы. Толькі-толькі скончылі вайну, а твой саюзнік збірае вакол сябе тваіх ворагаў...

Густы змрок. На фары раз-поразу выскокваюць зайцы і бягуць перад машынай у агністых палосах святла. Васіль не спускае нагі з тормаза, шкадуе палахлівае стварэнне.

— Яны думаюць — ужо днее — і ляцяць на сонца.

— Адкуль ты ведаеш, што заяц думае?

— І хіба пашкодзіла б, каб ведалі? Дый не адны заечыя думкі, а і тое, што ў драпежніка ў галаве.

 

*

Мінула больш за дваццаць гадоў. Бясхітрасны Васіль! Ты хацеў некалі ведаць намеры драпежнікаў. Гэта і цяжка і лёгка. З трыбун гаворыцца: мы імкнёмся забяспечыць свабоду — вось словы дзяржаўнага сакратара. І як назнарок часопіс «Юнайтэд Стэйтс ньюс энд Уорлд рыпорт» абвяшчае сродкі «забеспячэння свабоды»: 3,3 мільёна амерыканскіх салдатаў падтрымліваюць паліцэйскі парадак у свеце: 645.000 — у Азіі, 345.000 — у Еўропе, 23.000 — у Цэнтральнай Амерыцы, 2.287.000 — у саміх ЗША».

На зямлю 43 краін Злучаныя Штаты паставілі свой паліцэйскі бот і чыняць паліцэйскія захады. Усё часцей даводзіцца клікаць арміі на падаўленне хваляванняў у самой краіне. Пентагону давялося стварыць спецыяльнае ўпраўленне на такі выпадак. Генерал Мэтэр з вялікім апаратам адмыслова «трэніруе» салдатаў для барацьбы з хваляваннямі. І такіх атрымаўшых «трэніроўку» ўжо 160.000. Тым не менш знаходзяцца смелыя людзі, нападаюць на вярбовачныя пункты і паляць прызыўныя спісы.

Крыху раней мы сказалі б: на штыках трымаецца амерыканскі лад у самой дзяржаве і ў тых краінах, якім гэты лад навязваецца. Так, на штыках, калі яны сімвал узброеных сіл. Але сілы гэтыя ўзброены далёка не аднымі Штыкамі, ракетныя базы раскіданы па ўсім свеце.

Як тут не ўспомніць Эйнштэйна! На пытанне, што за зброя будзе ў чалавецтва пасля трэцяй сусветнай вайны, ён нібыта пасміхнуўся: «Дубіна».

Эйнштэйн дажываў веку, кіруючы матэматычнай школай Інстытута павышэння ведаў у Прынстане. І не мог дараваць сабе, што выдатная вынаходка Энрыка Фермі нейкім чынам і праз яго намаганні прывяла да атамнай бомбы.

 

IV

Кастрычнік стукае ў дзверы. Сустрэча з акіянам. Старонкі сумнай гісторыі. Чаму салдат пераабуваўся? Мы выступаем на Асамблеі. Грукат перадвыбарных бубнаў. У цяньку статуі Свабоды. Павявае паветра Радзімы.

 

Спецыяльны палітычны камітэт. Манатонна цячэ прамова, шалясцяць паперы на століках. Графіны з ледзяною вадою, і дыму-дыму! Асабліва стараецца мілы сусед — камерунец. Даўжэйшых і больш смярдзючых цыгар ніколі не даводзілася бачыць і нюхаць. Прапануем найлепшыя цыгарэты, а ён рагоча і ветліва працягвае пудэлак з сваімі нясцерпнымі сусламі.

 

Я падыму, нарэшце, бунт,

Ва мне пракураны ўсе шпары:

Адсуньце трохі Камерун,

Бо ён заб’е мяне цыгарай.

 

Прамоўца гаворыць, што ад Савета Бяспекі ў яго цяперашнім складзе рашэнняў не чакае. Акурат як у газеце «Нью-Йорк таймс» пішацца, нібыта сесія Асамблеі пачалася «ў атмасферы згасаючых надзей на гэтую міжнародную арганізацыю». Якім духам патыхае з газеты, больш чым ясна. У кожным разе, гаворыць яна не ад імя тых, хто шукае магчымасцей зменшыць напружанасць у міжнародных адносінах.

З другога боку, прамоўцу не адмовіш у логіцы: Тэль-Авіў наладжвае правакацыю за правакацыяй. Сёння — супроць ААР, заўтра — супроць Сірыі. Ізраільскія дыверсанты лезуць ва ўсе шчыліны, па арабскіх паселішчах б’юць гарматы.

Захапіўшыся ўласным красамоўствам, прамоўца пераходзіць да парадоксаў: «Дурань заўсёды бароніць свае погляды, а разумны шукае кампрамісаў». А потым, нібыта ставячы знак роўнасці паміж абедзвюма краінамі, патрабуе, каб «ЗША і СССР паказалі сябе сябрамі Афрыкі». Якія доказы сяброўства з нашага боку патрэбны яму, высвятляецца з працягу прамовы: «Сацыялізм Афрыкі — прагматычны, а не дактрынёрскі, у нас няма класаў. Мы вырашым самі, якім шляхам ісці, сацыялістычным ці дэмакратычным».

Людзі добрыя, ратуйце! Як трэба доўга і цярпліва пераконваць такіх асоб, каб расплюшчылі вочы і паглядзелі, дзе расце дрэва іхняга дабра і шчасця.

 

*

Вось ужо і Кастрычніцкае свята ступіла на парог. Дзень, да якога дома пачынаеш рыхтавацца загадзя. Яшчэ застаецца з тыдзень, а ты не ўрымстуешся, каб жа ўсё было як мага святлей і радасней. Кожную раніцу кладуцца па стол паштоўкі сяброў, і, здавалася б, абвыклыя словы віншавання набываюць першароднае, асабліва значнае гучанне, узнаўляючы веліч падзеі.

І ўсё роўна: хадзіў ты ў калонах дэманстрантаў 50 разоў, ці вядуць цябе за руку, або едзеш, уссеўшы на бацькавы плечы, з чырвоным сцяжком і зялёнай галінкай у руцэ, а калі глянеш на ўзбуджаную, спеўную, з громам аркестраў вуліцу — з твару не сыходзіць шчаслівая і ў дарослых дзіцячая ўсмешка.

Хораша, светла! Усе нібыта ўзняты над зямлёй адчуваннем блізасці да радзімы, краіны вялікіх задум, велічнага поступу.

Поруч свята. Сустрэць яго давядзецца ў невымернай далечыні ад дому, у нязвыклых, насцярожаных умовах. І ветэранам замежных паездак, і тым з нас, каму гэта справа ў навіну, ніяк не схаваць ні хвалявання, ні зусім відавочнага памкнення пад родныя дахі, у гурт родных людзей, за накрыты свежым абрусам стол. І каб пачаць канечне са слоў, якія нязменна вымаўляюцца старэйшым на бяседзе: «Дык яшчэ за адзін год Кастрычніка, сябры!»

На жаль, 7-га трэба ісці на сесію Асамблеі. Шкада! Але, будзем спадзявацца, менавіта ў гэты дзень удасца зрабіць там што-небудзь асабліва вартае.

Затое 50 год рэспублікі справім дома. Тут я расказаў пра наш кінематограф работнікам прадстаўніцтва і членам дэлегацыі. Гаварыў пра карціны самыя першыя і аж да тых, што ў вытворчасці, нават у планах зараз.

Беларускае кінамастацтва на дзесятак год маладзейшае за рэспубліку, але яно ішло па тых жа вялікіх дарогах, як і краіна, і, будучы мастацтвам, прасочвала лёсы людзей, а тым самым і лёс народу ў яго часамі цяжкім, але заўжды натхнёным паходзе. Адсюль наша мэта: стварыць кіналетапіс барацьбы, працы, перамог, спалучаных з цяжкасцямі, цяжкасцей, спалучаных з перамогамі нашага народу, які многа чаго зазнаў за гэты час і добра валодае і зброяй і прыладамі працы.

Падыходзілі ўкраінцы, трэслі руку. Карціны, праўда, паказалі мы слабаватыя, даўнія кароткаметражкі, дый я сам не зусім у форме — вынік недастатковай акліматызацыі.

 

*

Рыхтуюся выступаць. Можа быць цікава. Ёсць заявы дэлегатаў, нібыта «няма ніякай супярэчнасці паміж палітыкай апартэіду і захаваннем добрых адносін з дружалюбнымі афрыканскімі дзяржавамі». Гэта можна выкарыстаць, ударыць смехам з прамовы.

Напісаўся верш «Перад выступленнем», з усмешкай.

 

*

Недзе ў нас ужо добрая позняя восень. Дазбірваюцца баравічкі, калі каторы вылез на сонечны бок пагорка, адшукваюцца ў траве рыжыкі, рэжуцца жменямі зялёнкі, радоўкі, таўстухі.

А тут? Коні Айленд з безліччу атракцыёнаў, ад так званых амерыканскіх гор да механічнай варажбіткі — манекен пад шкляным каўпаком за колькі цэнтаў прарочыць чалавеку лёс. І на свае вочы ўпэўніўся: ідуць, варожаць.

Патупаў каля статуі Свабоды. Кажуць, зірнуўшы на яе, адзін англічанін смутна пажартаваў: у нас таксама стаўляюць помнікі славутым нябожчыкам.

Затое быў і акіян. Шэра-жоўты, праўда, але з незраўнаным пахам водарасцей, ёду, мокрай драўніны.

Я не мог адступіцца ад берагу, разгублены, прыгнечаны такою бясконцай, гаманлівай, неспакойнай прасторай. У вечным руху і таму як быццам жывою. І самае дзіўнае — рыса, мяжа сухазем’я і вады. Здаецца — зямля, і непрыкметна, раптоўна пераходзіць у іншы стан, у вадкасць, тут жа закіпае, шуміць, кідаецца на тую сваю частку, што не паспела рашчыніцца і засталася цвёрдая. І падмывае, разбурае, ператварае яе ў сваю новую форму.

Падабраў некалькі ракавін, вялікіх і бліскучых. Адну паставіў на стол і вось цяпер гляджу на яе і як быццам удыхаю акіянскае паветра, чую плюскат шырокай з белым венчыкам хвалі. Карціць, узнікае блюзнерскае жаданне напісаць аб акіяне.

 

*

І які д’ябал падбіў людзей будаваць свой найбольшы горад менавіта тут, паміж Гудзонам і Іст-рывер? Страшэнная гарачыня і не менш дзікая вільгаць. Да таго ж неверагодная засмечанасць! Проста пад нагамі гніюць у многіх месцах несабраныя, нявывезеныя кучы сапсаванай зеляніны і таго, што было ежай. Хіба што ўдасца перарабляць арганічныя адыходы на нафту, такія распрацоўкі і праекты ёсць, можа тады пачысцее.

Скончылася забастоўка прыбіральшчыкаў смецця, але яго, па-мойму, яшчэ пабольшала на скверах і вуліцах. Вось і вер пасля гэтага, нібыта на прыборку горада штодзень траціцца мільён долараў.

Ганконгскі грып пачаў касіць і старых і малых. Хто яго ведае, можа б не разраслася да такіх памераў эпідэмія, будзь тут крыху чысцей. Хвароба пакрысе дабіраецца і да беларусаў. Ратуемся, як можам.

 

*

Як бы каму ні хацелася прынізіць значэнне і ўплыў Асамблеі — падзея застаецца падзеяй. І яшчэ падзеі, якія не могуць не турбаваць свет і Амерыку. Недалёкія выбары новага прэзідэнта, сусветная алімпіяда ў Мехіка, падрыхтоўка да палёту ў космас новага амерыканскага карабля. Але ні ахвяры ў В’етнаме, ні налёты на арабаў не перабунтоўваюць гэтак горад і яго прэсу, як шлюб Жаклін Кенэдзі з Арыстотэлем Анасісам. Вялізныя літары ў газетах крычаць, што спрытны, але падтоптаны грэк падараваў маладой клейноты каштоўнасцю на два мільёны. На кожнай паласе здымкі.

Амерыканцы ўсердзіліся. Замест ласкавага Джэкі на яе кажуць мадам Анасіс. Аб шлюбе чытаюць, гавораць у метро і аўтобусах. Выйсці замуж за грошы, прадацца старой руіне — гэта здрада! Памяці мужа, уласным дзецям. Не, а куды глядзела сям’я Кенэдзі? І сенат? Сенат павінен быў нешта зрабіць, не дапусціць, не дазволіць.

Насустрач абураным галасам чуюцца цвярозыя, яны падлічылі ўжо выгады і перавагі шлюбу. А што, Жаклін мела яхту? Ды яшчэ пераабсталяваную з ваеннага карабля, ды яшчэ ахрышчаную такім іменем, як «Крысціна». Там жа таптаўся, несучы чэрава, Чэрчыль, бывалі славутыя акцёры, людзі арыстакратычнага паходжання. Не, нічога падобнага яна не мела і не бачыла! А востраў? Нават два. Нядаўна яе абраннік купіў другі, пад назваю Спарці. Не, яна не мела і вострава. Пярсцёнкі і бранзалеты? Такіх дарагіх ніколі не насіла. А залаты бідэ? Гэта ж рэч відна добра на здымку ваннага пакоя.

І як-ніяк — мільярд! Няхай сабе і ў такім падношаным мяху з чалавечай скуры, як Анасіс. З другога боку, прысутнасць Жаклін у Грэцыі прыцягне паток турыстаў — рэклама!

Загорнем на гэтым старонку сумнай гісторыі, яна менш за ўсё здаецца сямейнай ці шлюбнай. Можа час адхіне заслону над учынкам той, што адважылася на гэты крок. А як жа магла так хутка ўсё забыць жанчына!

Толькі-толькі пасміхалася з машыны ў натоўп і раптам падхапіла на калені прастрэленую галаву мужа, прыгажуна, першага чалавека краіны? І ў той жа сплямленай крывёю сукенцы, поруч з неастыўшым целам бацькі сваіх дзяцей, у тым самым самалёце яна была змушана выслухваць прысягу таго, хто вельмі спяшаўся ў прэзідэнты.

Потым пачаўся ланцуг, непарыўны і строга абумоўлены ланцуг: памерлі ці былі забіты ўсе, хто хоць што-небудзь ведаў ці мог дапамагчы сведчаннем відавочцы; катастрафічна зніклі доказы рэчавыя і дакументальныя; накладзена забарона працяглы тэрмін карыстацца дакументамі, якія не паспелі знікнуць або быць знішчанымі.

Тым часам новы прэзідэнт адгрукаў такое пасланне сенату — адно разяўляй рот на дармовыя галушкі, амерыканец. Чакайце царства божага і вы, астатнія жыхары зямлі.

Набліжаліся новыя выбары, а разам з імі да прэзідэнцкай рэзідэнцыі шпарка крочыла постаць другога Кенэдзі. Зноў разлёгся стрэл. І поруч з надтрунніцай Джона стаў сціплы белы крыж над магілай Роберта. Пражыві ён яшчэ шэсць месяцаў, дык убачыў бы сваё адзінаццатае дзіця.

Яшчэ не былі знойдзены забойцы першага брата, а іх не столькі шукалі, колькі заміналі шукаць пракурору Гарысану, як завінуліся выкручваць, выручаць, адцягваючы і наўмысна ўскладняючы справу, злоўленага за руку забойцу другога брата. Амерыканскае правасуддзе паварочваецца з падазронай маруднасцю. І напэўна не для таго, каб забойца Роберта Кенэдзі, як і забойца Марціна Лютэра Кінга, паспеў напісаць мемуары. А што такая літаратура — хто ведае, можа і фільм — рыхтуецца, не без іроніі паведамляе газета «Інтэрнэшнл геральд трыбюн». І знаходзяцца сааўтары, і з усіх бакоў прапануюць паслугі злачынцам.

Вайна ў В’етнаме, нявыкананыя абяцанні не прынеслі папулярнасці. Куды ж пасля гэтага прэзідэнту высоўваць сваю кандыдатуру на новы тэрмін!

Засталося абвясціць аб спыненні бамбардзіровак пэўных раёнаў Дэмакратычнага В’етнама. Запозна і фальшыва. Кандыдаты ў прэзідэнты, паведамленыя аб гэтым рашэнні самім прэзідэнтам, падтрымалі яго толькі знадворна.

Пасля першай заявы Джонсана ў сакавіку 1968 года толькі на адну правінцыю Тхань-Хоа 37 разоў наляталі амерыканскія самалёты. Пра разбураныя бомбамі вёскі, пра выпаленыя выбухамі рысавыя палі ўгневана піша Моніка Варненска з найбольш небяспечнай зоны В’етнама — зоны мужнасці, паводле выразу гэтай польскай пісьменніцы. Яна сама, відаць, вельмі мужны чалавек, увесь час там, у гэтай гераічнай краіне, у самым пекле баёў.

Вось і ўгадай, як і ў кім можа выявіцца мужнасць. Я сустракаў Цэзара Кунікава да вайны, пад час яго рэдакцыйнай работы ў Маскве. Нельга ўявіць нічога больш цывільнага і сціплага. А стаўшы ваенным, ён 255 дзён біўся за малы кавалачак зямлі пад Наварасійскам, дзе стаў Героем Савецкага Саюза, і ўсё падбадзёрваў: «Матросы, тут брамка ў Берлін».

Гэта на адным узроўні з не раз пераказаным выпадкам, калі наш салдат сядзеў на снезе і ў жахлівы мароз вызваляў нагу ад парцянкі і валёнка. Брытанскі міністр Ідэн зірнуў і палічыў, што хлопец не ў сабе. Але атрымаў растлумачэнне: пераабуваецца, каб ногі не панаціраць, бо ісці давядзецца аж да Берліна.

Чым толькі не бароняцца, як ні ратуюцца в’етнамцы ад грабежных нападаў. Поруч з міннымі пасткамі дзеці і падлеткі вешаюць гнёзды дзікіх пчол, не даўшы ім магчымасці лётаць. Пчолы гудуць і раз’юшваюцца. Калі вораг блізка, у гнёздах адтулінкі адчыняюць. Пчолы на ўсю моц і злосць жыгаюць амерыканцаў, а тыя трацяць вытрымку і асцярожнасць і трапляюць на мінныя палі.

Вось ужо дзе спраўджваецца беларуская прыказка: «У сваім дварэ і трэска пасабляе».

Прыдумку в’етнамскіх дзяцей паспяшаліся падхапіць не хто іншы, як амерыканцы. Часопіс «Ньюсуік» не без адцення іроніі паведамляе, што яны, забыўшыся на найноўшую тэхніку, дрэсіруюць гусей. Маўляў, калі партызаны памкнуцца ўзарваць сайгонскія масты, гусі ўчуюць, загагаюць і папярэдзяць аб нападзе. Невядома адно, ці в’етнамскія гусі настолькі страцілі пачуццё патрыятызму, каб працаваць на захопнікаў. Рымскія ж некалі ратавалі радзіму!

 

*

Нарэшце, 11 кастрычніка, узляцеў «Апалон-7». Уолтэр Шыра — камандзір, выбраўся ў космас трэці раз, экіпажу належыць прабыць у касмічнай прасторы 11 сутак. Я бачыў па тэлевізары толькі запуск з мыса Кенэдзі. Таварышам пашанцавала больш: у другой перадачы касманаўты паказвалі, як і чым кіруецца карабель у кабіне, гатавалі ежу, гарачая і халодная вада падаецца з асобных кранаў. Камандзір мераў тэмпературу, гэта кепска ўдавалася, ён глытаў аспірын і яшчэ нейкія таблеткі.

Газеты трымаюцца сціпла, мяркую па месцы, занятым паведамленнямі аб палёце. Як быццам гэта не іх, амерыканская, справа, а так нейчая, збоку прыпёку.

Зварот адбыўся шчасліва, хоць перахварэлі і астатнія касманаўты. Яны папярэдзілі, што на Штаты насоўваецца ўраган. Гэта спраўдзілася. У раёне прываднення быў моцны лівень, але нічога кепскага не здарылася. Людзі — жывыя, здаровыя, лечаць свае насмаркі ўжо ў абвыклых зямных умовах.

 

*

Раск, як паведамляецца з пыхай, прыняў прысягу ад дэлегацыі ЗША па Асамблеі. Гэта ў Нью-Йорку. А ў Вашынгтоне сенатары зацвердзілі ваенны бюджэт. На такую вышыню выдаткаў краіна яшчэ не ўздымалася. Вайна ёсць вайна! Спрабуй абзавіся супроць яе! Лётчык Ф. Патрык паспрабаваў. Неўзабаве пасля зацвярджэння бюджэту, львіная доля якога пойдзе на ваенныя дзеянні і падрыхтаванні, гэтага сумленнага ваеннаслужачага ваенны трыбунал засадзіў у турму. Следам трапіў пад суд яшчэ адзін вайсковец: ён пайшоў на дэманстрацыю супроць асуджэння Патрыка.

 

*

На беларускім паверсе павесялела. Пакрысе выступаюць нашы дэлегаты: у эканамічным камітэце, у прававым, у камітэце па сацыяльных і гуманітарных пытаннях. Прыходзяць з пасяджэнняў ажыўленыя, з агеньчыкам у вачах. Людзі ўцягваюцца ў работу, імі пачынае ўладаць азарт. Выступленні ўдаюцца, і гэта ўсіх нас цешыць. Вечарам, каля тэлевізара, збіраемся пакурыць, памеркаваць аб тым, што наперадзе.

Не будзем кратаць падрабязнасці. Гэта не справаздача, яе зробяць без мяне тыя, хто мае паўнамоцтвы ў руках, весткі ў партфелі, а за плячыма вопыт. Па-другое, па-трэцяе, па — сам не ведаю каторае — я не ўладаю бесстароннасцю фотааб’ектыва. Таму людзі, з’явы і падзеі малююцца не тое каб насуперак праўдзе дакумента, але ў поўнай згодзе з правам мастацкага абагульнення, калі, як вядома, адны рысы вылучаюцца больш рэзка, а другія ахінаюцца ў цень.

Мы тут — людзі розных узростаў і ўзроўняў, неаднолькавай дзяржаўнай сталасці і душэўнай спеласці, непадобных інтарэсаў і прыхільнасцей. Невымерна больш рыс аб’ядноўвае нас. Усе высілкі нашых думак, дзеянняў, слоў скіраваны на адно: вышэй праўду Радзімы, шырэй яе святло!

Быць пэўна, недаравальна мала і скупа казаць пра такіх людзей толькі — сябры і нашы. Дружна жыў разам, чуў не адно добрае слова, апіраўся не на адну дружбацкую руку. У іх ёсць імёны, і не толькі ёсць, а і пазначаны поспехам у плаванні па дыпламатычных водах, дзе ніколі не ўгадаеш, адкуль вытыркнуць падводныя камяні. Ці мала гарачых сутычак за савецкія прапановы, поўныя міралюбства і жадання дабра ўсім народам, вытрымалі старэйшыя і маладзейшыя таварышы?

Калі мы ўжо сабраліся ў сваім фае пры блакітным экране, пажадаем адзін аднаму добрага вечара. Цісну руку вам і падпадаю пад вашу абаяльнасць і сардэчнасць, здольную растапіць і каменнае сэрца.

Зараз, дакончыўшы самае неадкладнае, да гурту далучацца ўсе. І пад вострым каментарыем ажывуць сённяшнія спрэчкі ў камітэтах і праясняцца артыкулы ў газетах, пазначацца магчымыя захады малых і большанькіх палітыкаў. Дый тое, што мільгае на экране тэлевізара і сіліцца выставіць сябе за найлепшае, павернецца іншым бокам, стане зусім непаглядным, пакажа сапраўдную вартасць і нутро.

Вось так яно і працуецца.

 

*

На Асамблеі пачалася валавода з запрашэннем Карэі, Народнай і Паўднёвай, на абмеркаванне карэйскай праблемы. Італьянец — старшыня Першага камітэта — і філіпінец дзьмуць у амерыканскую дудку: запросім КНДР, але яна загадзя павінна падпарадкавацца любой пастанове Асамблеі! Вось ім і ўсыпалі савецкі дэлегат, а таксама прадстаўнікі Балгарыі, Малі, Гвінеі.

Слаўна, ёміста і горача сказаў польскі дэлегат: «...Сацыялізм ёсць і будзе палітычнай і сацыяльнай сістэмай будучага, менавіта ён торыць шлях у гэтае будучае!»

Яшчэ раз — добра!

 

*

Амерыка напярэдадні выбараў — так ці іначай, крыху сціплей ці крыклівей пішуць газеты, сцвярджаюць часопісы, запэўняюць лістоўкі.

Кандыдаты тры: Рычард Ніксан, рэспубліканец, Губерт Хэмфры, дэмакрат, Джордж Уолес, прадстаўнік так званай незалежнай партыі. Першы — ездзіць у пафарбаваным срабрыстай фарбай цягніку, вакзальны звон па-старасвецку кліча выбаршчыкаў паслухаць свайго кандыдата. Другі — лётае на рэактыўным самалёце. Няма браку ў сродках перасоўвання і ў Уолеса, але гэты трымаецца знадворна сціплей, бо абвясціў сябе другам «простага амерыканца», а сваю партыю — партыяй «маленькага чалавека».

На ўвесь перадвыбарчы тлум і шум, як падлічвае друк, страчана ўжо звыш 50 мільёнаў долараў.

Інстытут Гэлапа ў канцы верасня паведаміў: Ніксану аддаюць перавагу 43 працэнты з апытаных выбаршчыкаў. На долю Хэмфры прыпала 28, а Уолесу дасталося яшчэ менш, усяго 21 працэнт. Як пакіруюцца справы далей? Час яшчэ ёсць, майстэрства махляваць таксама не купляць, і вынікі могуць быць самыя нечаканыя. Хоць друк сцвярджае, што за ўсю сваю практыку інстытут памыліўся толькі раз, аблічыўшы погляды на магчымага кандыдата ў прэзідэнты.

Механіка апытвання складаная: звычайна апытваюць паўтары тысячы амерыканцаў з 300 самых розных месцаў краіны. Задаюцца 100 пытанняў. Адкажы, хто ты, мужчына, жанчына, колькі жывеш на свеце, што робіш, ці шмат зарабляеш, да якой партыі належыш. Потым высвятляюцца адносіны да выбараў і да кандыдатаў у прэзідэнты, нарэшце, могуць спытаць, якое піва ці віскі ўжываеш, якія цыгарэты курыш, на якой машыне ездзіш ці хацеў бы ездзіць. Усё адпаведным чынам апрацоўваецца на падлічальных машынах, і атрыманыя весткі могуць служыць падставай для прагнозаў.

 

*

Што ж думаюць пра кандыдатаў выбаршчыкі? І што тыя ім абяцаюць?

Абяцаць даводзіцца шчодра. Уолес на ўсю сілу тужыцца давесці: «Я — самы лепшы і шчыры сябар простага народу».

Ніксан паўтарае словы Т. Рузвельта, «што трэба гаварыць мякка, але трымаць вялікую дубінку», абяцае дамагацца больш «цеснага яднання ў рамках НАТО» і праводзіць «такую палітыку, каб забяспечыць Ізраілю тэхнічную і ваенную перавагу, большую, чым тая, што патрэбна, каб перавысіць колькасную перавагу варожа настроеных суседзяў Ізраіля».

Камуфлююцца гэтыя больш чым адкрытыя выказванні высакароднымі звонку сказамі: «...ЗША, калі на іншую краіну будзе зроблен напад, павінны лічыць сваёй мэтай дапамагаць ёй у вайне, а не ваяваць заместа яе».

Хэмфры, не ў прыклад Ніксану, лічыць за неабходнае ратыфікаваць дагавор аб нераспаўсюджванні атамнай зброі. У астатнім і гэты кандыдат недалёка адбегся: «Амерыка павінна мець кіраўнікоў, якія ўладалі б мудрасцю і сілай, калі мы хочам мець справу з рускімі ў імя міру, а не вайны». І тая ж падтрымка Ізраіля, і жаданне пацвердзіць непарушныя абяцанкі сваім саюзнікам у Заходняй Еўропе.

«Я не бачу вялікай розніцы паміж Ніксанам і Хэмфры, і большасць народу думае тое самае»,— праўду кажа негр з універмага ва Уічыта. Часопіс «Юнайтэд Стэйтс ньюс энд Уорлд рыпорт» выбраў гэты гарадок для рэпартажу як тыповы ў амерыканскіх умовах.

І так амаль усе з дзесятку апытаных. Агульнае нездавальненне, скаргі: растуць падаткі, падскокваюць цэны, скрозь злачыннасць і беззаконне. І як вынік: ніводзін кандыдат не здолее спыніць вайну, палепшыць дабрабыт, даць спакойнае жыццё.

Тым часам перадвыбарчыя бубны грукочуць усё мацней. Людскуюцца партрэты кандыдатаў у вітрынах шмат якіх магазінаў, вісяць велізарныя плакаты на сценах. Скрозь у горадзе на бойкіх скрыжаваннях раздаюць значкі — выбірай аблічча якога хочаш кандыдата — або проста жэтоны ці лістоўкі з заклікамі: «Галасуй за Ніксана», «Уолеса да ўсіх д’яблаў».

Каля сабвею, насупраць славутага універмага «Мэйсі», дзяўчынка, даволі-такі азглелая, дзьмуў нейкі асабліва пранізлівы вецер, тройчы совала нам лісткі з Ніксанавым фота. Мы далікатна адмаўляліся, а яна ўсё ішла ўслед, дзяўбла сваё: «Вы можаце не галасаваць за яго, але вазьміце, зірніце, пачытайце!» Настырнасць дапамагае. 400 тысяч жыхароў Чыкага, паводле часопіса «Ньюсуік», віталі Ніксана. Яго машыну засыпала пацяруха канфеці.

Самі кандыдаты так і цікуюць пусціць кроў з носу саперніку. «Я прывяду сваю партыю да ўлады з найвялікшай урачыстасцю»,— чуваць самаўпэўнены голас Ніксана, і тут жа ён хапае за лытку Хэмфры, вінаваціць, нібыта той занядбаў інтарэсы дзяржаўнай бяспекі і выбаршчыкаў. «Калі вы прагаласуеце за Хэмфры, у вашай кішэні будзе яго рука».

Хэмфры не застаецца ў даўгу і дае пад рабро ў адказ, называе Ніксана «Рычардам куранячае сэрца». Пачні ажыццяўляць ніксанаўскія планы ўзбраення, даводзіць ён з лічбамі ў руках, гэта будзе каштаваць амерыканцам не менш за 50 мільярдаў. А пад час урачыстай праходкі ў Нью-Йорку не вельмі сціпла сцвярджае, што збіраецца «прайсці пеша праз Пятае авеню, а адтуль — проста ў Белы дом».

Уолес чакае выпадку падабрацца да горла і першаму і другому. Ён глушыць амерыканцаў песнямі накшталт «Уолес маладзец», абяцанкамі расправіцца з усімі «прыхільнікамі анархіі і камунізму», «парушальнікамі спакою», дакляруе, што атамная зброя не можа зараз мець ніякага месца. І з поспехам! Пасля вусных яго выступленняў дэманстранты крычаць «Прэч Уолеса», а яго прыхільнікі — нешта кшталтам гітлераўскага «хайль». Нездарма нават амерыканскаму аглядальніку, каго не звінаваціш у лішку прагрэсіўных поглядаў, хутчэй — наадварот, пачало здавацца, што «пэўны гатунак амерыканскага фашызму можа з’явіцца ў нас», а следам і «арганізацыя маладых галаварэзаў»! Зрэшты, на пагрозы «бунтаўшчыкам», «камуністам», «актывістам», «дэманстрантам з моладзі левых поглядаў» не скупыя і два іншыя прэтэндэнты апынуцца пад дахам Белага дома.

Найбольш газетных галасоў — у карысць Ніксана. Аднак вельмі ўплывовая сярод чытачоў «Нью-Йорк таймс» старанна пералічвае заслугі, а больш абяцанні Хэмфры ў галіне кантролю над узбраеннем, дармовай медычнай дапамогі састарэлым, палепшання становішча негрыцянскага насельніцтва.

 

*

Вельмі ж глыбока загнездавалася тут рэакцыя рознай масці і колеру! На кожным кроку яе гнёзды. Амерыканскі легіён з прыстойным, на першы позірк, тытулам — арганізацыя ветэранаў вайны. А ён намагаецца накласці лапу на духоўнае жыццё. Забараняе спектаклі на Брадвеі і фільмы ў Галівудзе, у тым ліку чаплінаўскія: з іх, бачыце, патыхае «духам камунізму». Што ж датычыць уплыву, мякка кажучы, на ўрад, дык тут асаблівых намаганняў не трэба. Членствам у гэтай непаважанай суполцы ахоплены: прэзідэнт, спікер палаты прадстаўнікоў, чатыры члены вярхоўнага суда, 61 сенатар, 270 членаў палаты прадстаўнікоў, 31 губернатар. Гэта па вестках нашага друку на кастрычнік 1968 года.

А яшчэ ёсць «белыя нацыянал-сацыялісты», «бёрчысты», «ку-клукс-клан», «дочкі амерыканскай рэвалюцыі», «сыны Амерыканскага легіёна». Ад усяго гэтага няпоўнага пераліку пасцілаецца пагібельны трупны смурод фашызму, які выкарыстоўвае кожную магчымасць адрадзіцца на амерыканскай зямлі, у цяньку статуі Свабоды. Ёсць на каго абаперціся Уолесу.

Сярод скогату, енку, сквілу і выцця варожых сіл тым больш важка і трывала выглядаюць намаганні краін, вялікіх і малых, якія ўздымаюць голас за мір, прагрэс і ўсеагульны росквіт духоўнай і матэрыяльнай культуры. Народы Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі не адны ў барацьбе за сваю нацыянальную незалежнасць. Каму не ясна цяпер небяспека ізраільскай агрэсіі, разбойніцтва амерыканцаў у В’етнаме?

23 кастрычніка мы крыху хваляваліся. Але ў главы беларускай дэлегацыі прамова атрымалася сціплая і важкая. З канструктыўнымі прапановамі. Пераканаўчая. Гэта і адзначана друкам. І ў Мехіка не ашукалі нашых надзей землякі. Аляксандр Мядзведзь стаў двойчы алімпійскім чэмпіёнам, студэнтка Мінскага педінстытута Алена Новікава, не маючы папярэдніх перамог і ўзнагарод, адхапіла «золата» за фехтаванне, а ў гімнастыцы ўзяла верх маладзенькая Ларыса з такім мілым і ўтульным прозвішчам Петрык.

Тым часам залаты чэмпіён Томі Сміт і бронзавы Джон Карлас выключаны са складу амерыканскай каманды на Алімпійскіх гульнях. Яны — абодва негры — асмеліліся стаць на п’едэстал пашаны без абутку, толькі ў чорных шкарпэтках. Гэтак ім хацелася падкрэсліць згалеласць негрыцянскага насельніцтва. А пад час выканання амерыканскага гімну паднялі ўгору кулакі ў пальчатках, таксама чорных, дэманструючы адзінства свайго народу.

«Я пачую тваю песню, мілая ластаўка, успомню маю радзіму і заплачу»,— гучалі над алімпійскім стадыёнам словы развітальнай песні.

Часта і светла ўспамінаецца радзіма! Нават уявіць не мог, што так здоўжыцца гэта расстанне. І ў імя сустрэчы, не сустрэчы, не, бо ў нас не бывае расстання, а проста ў імя яе самой, у імя таго, што мы першыя прынялі ў свае рукі самую справядлівую справу на свеце і вось ужо больш за пяцьдзесят год шырым, падымаем усё вышэй і ўмацоўваем яе, у імя ўсяго гэтага любоў да радзімы робіць мужнымі нашы сэрцы і пільным наш зрок, натхняе нас на працу. Яна піша маёю рукою радкі ў амаль пазбаўленым дзённага святла пакоі нью-йоркскага дома, з якімі я хацеў бы выступіць на высокім форуме народаў.

Прыкладна такою ж парою ў савецкім шпіталі, абкружаным эўкаліптамі эфіопскай сталіцы, наш урач робіць першую ў гэтай краіне аперацыю на сэрцы, каб уратаваць жыццё тутэйшаму чалавеку. Дзве гадзіны каля аперацыйнага стала стаяць на нагах імператар і славуты мастак, які потым перанясе гэта дзіва на палатно.

Любоў да радзімы абуджае і любоў да чалавека.

І гэта творыць цуды.

 

V

Шпітальны гонг. «Чысцец». Не ўсе тутэйшыя на адзін капыл. Амерыканец з вёскі Прусы. Пінчук — кардыёлаг. Разглядаюся навокал.

 

Нечаканыя акалічнасці змусілі перапыніць справы, турботы, запісы. Я трапляў у непрыемнасці, трываў даволі лёгка і без асаблівых намаганняў выдыхваў. А зараз, мала таго, што трапіў у Амерыку, дык убіўся і ў амерыканскі шпіталь. Гэта сапраўды няволя. Не вырвешся, не вылужашся! Але ў асобнай палаце — рай у параўнанні з тым, што назвалася «чысцец». Што гэта за ўстанова і чаму яе так ахрысцілі — хіба што растлумачу пазней.

 

*

Шпітальны гонг. Адзін удар даецца ў 12 гадзін, на абед. Сёння, доўга і працяжна, званілі з рання, звоняць і зараз. Сёстры бягуць і зачыняюць дзверы палат наглуха. Ці не едзе нехта ў апошнюю дарогу?

Дзень у шпіталі! З 7 раніцы да 10 вечара. Нават з тэлевізарам перад вачыма — не ўтрываць. Ратуе томік Прышвіна. На самым пачатку вайны ў мяне было недзе напісана пра кулю: «Гула, як раздражнены чмель». Хтосьці ў рэцэнзіі падкалоў, нібы я ніколі не чуў кароткага слоўца «свісь-свісь», якім размаўляе куля. Чуць то я чуў, можа больш за некаторых крытыкаў. Адкуль жа ўзялося гэтае гудзенне? І вось чытаю: «То падал снаряд, взрывая глубокую воронку, то пуля пчелкою ж у ж ж а л а, а я все шел»...

Выходзіць, і Прышвін чуў! Значыць, на ізлёце, трацячы прабіўную сілу, калі канчаецца змога ляцець далей, куля пачынае гусці, ж у ж ж а т ь.

 

*

Бязрукія! Паўтараю ўслед за нашымі хлопцамі, бо амерыканцы, абы дзе якая няспраўнасць, хай самая дробная, выклікаюць майстра. Скажам, пастукваюць дзверцы ў машыне. Калупні вінты адвёрткаю — і ўсё. Не, пруцца ў майстэрню. Так і зараз.

Перад снеданнем уключыў тэлевізар. А ён давай шчоўкаць па ўсіх каналах і ні на адным не спыняецца. Прыйшла сястра, пакруціла галавою і пайшла, за ёю з’явілася другая, прарабіла тое ж самае. Нарэшце прыбег хлопец: гэты на ўсе рукі хват — ложак падняць, акно зачыніць. Пакруціў ручкі апарата, нічога не дарадзіў і знік. Апарат шчоўкаў, пэўна, з гадзіну, пакуль я не страціў цярплівасці і абазваўся галасней. Тады збегліся ўсе і разводзяць рукамі: выклікалі майстра! Я паказаў: адключыце ад сеткі. Выцягнулі з разеткі вілку, і ўсё сціхла. Усе пры гэтым глядзелі на мяне здзіўлена і з несхаванай пашанаю.

Які-небудзь наш хлопец, не манцёр і не майстар, а звычайны аматар, управіўся б з усім за чвэрць гадзіны. Бо ён збірае трактары, але ўмее пабудаваць і дачны дом.

Тут ездзяць на раскошных машынах з угнутымі крыламі і вытаўчанымі шкламі, а няма, каб пастукаць драўляным малаточкам і выраўняць бляху ці замяніць шкло.

Дзіўна неяк: з аднаго боку — несутрымная практычнасць, кемнасць, і поруч жа — поўная бездапаможнасць у найменшых драбніцах.

 

*

Дык вось! Будзем пакрысе прыгадваць гісторыю.

Вярнуўся з пасяджэння і сядзеў спакойна за сталом. Абдумваў, што і як пісаць у Мінск пра нашы святочныя захады на чужыне. Хтосьці заглянуў. А я не магу вымавіць слова, цямнее ў вачах. Адчуванне такое, быццам праз горла пад лыжачку заганяюць таўшчэразны кол.

Паклікалі фельчарку. Валідол, гарачы чай, у некага знайшоўся кардыёвален. Нарэшце, адшукалі доктара. Уколы, адзін, другі, нітрагліцэрын. Пачало адпускаць.

30 кастрычніка паклалі ў шпіталь.

 

*

Сёння 12 лістапада. Ноччу а палове чацвёртай прачнуўся, забалела сэрца. Пасігналіў — ніхто не прыйшоў. Тады ўспомніў: ёсць жа паратунак. Люсі — сядзелка-негрыцянка, якая прыходзіць да мяне ў 3 і дзяжурыць да 11, пакінула пілюлю. Прыгожую — палавіна ярка-чырвоная, знізу чорная, другая палавіна — бледна-ружовая. Галоўнае ж не ў выглядзе — таймуе адразу боль. Угрэўся і заснуў. А ў 7.30 прахапіўся зноў, боль стаў нясцерпны. Сястра памерала ціск, тэмпературу, прынесла ружовенькую пілюльку. Праз паўгадзіны стала лягчэй.

Такім чынам пачынаецца 14-ты дзень у New York Medical College, Flower and Fifth avenue Hospitals, room 761.

Напісаў «рум» — пакой — і ўспомніў, як смяяліся мы, што мясцовыя беларусы задаюцца адзін перад адным колькасцю пакояў у кватэры: «Пяць румаў займаю з сям’ёй». Не так і шмат — страціўшы радзіму! Бо і дасюль пахне ім смалою сапраўдны р у м, пясчаны адхон дзе-небудзь на Нёмане, куды возяць бярвенне і вяжуць плыты.

Шпіталя свайго звонку не бачыў, вядома. На адвароце штодзённых меню ёсць фатаграфія: дзевяціпавярховая будыніна, спланаваная паўкругам, як гэта робіцца ў нас, у дамах, што ставяць наўкол круглай па абрысах плошчы.

Палата ў мяне невялічкая. Ад ложка да наступнай сцяны з дзверцамі ў туалет можа метр ці паўтара. У той жа сцяне — ніша, дзе вісіць мой касцюм і плашч, бліжэй да дзвярэй у калідор — некалькі крэслаў. У галавах ложка — вялікае акно, у нагах — камода. Над самымі ўваходнымі дзвярыма на палічцы тэлевізар, якім я кірую з пульта пры ложку. Як на аднаго, крыўдзіцца няма чаго.

 

*

Адчуваю на сабе націск. Не сказаць, каб цэлых Штатаў, а таго, што робіць іхняга чалавека насцярожаным і вельмі пільным, калі справа ходзіць хоць пра якія грашовыя разлікі. Тутэйшы побыт: уяўная трываласць і наладжанасць, а на паверку — зыбучасць і розрух. Пра ўсё гэта казана-пераказана. Уласныя дамкі і кватэры з усімі іх самымі сучаснымі бэбахамі — павабная мара перад вачыма і тапор над каркам выплатніка. На ўсё жыццё.

Вылузваючыся са скуры, ён збірае так-сяк на першы ўзнос за сваю будучую нерухомую ўласнасць. Перабраўся на жытло, раскашуйся, ты — быццам бы ўласнік. І сапраўды, толькі — быццам бы. Бо купля зроблена ў растэрміноўку і паспрабуй апазніся з наступнай ратай. Прачнешся на вуліцы такі самы голенькі, як і быў. Твой колішні дом і халадзільнік ужо ў іншых руках, а табе, калі хопіць учэпістасці, застаецца пачаць усё нанава.

Не паспеў ахамянуцца ў шпіталі, як адчуў дзіўную рэч. Нібыта дзесьці поруч уключалася невідочнае прыладдзе. Кшталтам электрычнага лічыльніка. Нячутна круціцца кольца, і ў акенцах кожуха няспынна змяняюцца лічбы. Не кілават толькі, а дзесяціцэнтавікаў, дваццатак і долараў.

За ўсё. І што палата ў мяне на аднаго — тут кольца прыбаўляе ход і круціцца даўжэй, і што акно глядзіць у двор, а не на вуліцу, і што крэсла пастаўлена, і што выгоды не ў калідоры. І за кожную прыгожанькую з выгляду пілюльку.

Дзень і ноч пакручваецца кольца, штохвіліны выскокваюць новыя лічбы.

Дзіва што амерыканцы баяцца бальніцы мудрэй як пажару. І тое і другое — згаленне, шлях на паркавыя лаўкі, у чэргі па місачку дабрачыннага крупніку.

 

*

Пры ўсёй сухасці і практычнасці, што лягчэй за ўсё растлумачыць бязлітаснай пагоняй за капейчынай, людзі скрозь трапляюцца на вока ў большасці адкрытыя і добразычлівыя.

Едучы ў Вашынгтон, мы заблудзіліся, хоць і мелі падрабязныя карты, іх можна браць на бензакалонках дарма. Першы сустрэчны, у каго спыталі дарогі каля тэлефоннага аўтамата, як належыць растлумачыў усе павароты і пад’езды, пасля зірнуў на гадзіннік і крактануў:

— Будзь у мяне паўгадзіны, я вывеў бы вас. Але — жанчына! Гэта не справа, не адкладзеш.

Быў той залётнік лысаваты і з чэраўцам. Што рабіць! Грошы прыходзяць толькі з узростам, а без іх якое там каханне.

Дакторка з прыёмнага пакоя ласкава абыходзілася са мною там і цяпер не мінае. Кожны дзень пасядзіць, паслухае, параіць. А простага дачынення як доктар да мае асобы не мае.

Сястра, маладзенькая дзяўчына, падзяжурыла змену і старалася як найбольш памагчы, усцешыць мяне. Завучыла сказ «Як пан шэ маш?»1 і, усміхаючыся, пачала гэтым новае дзяжурства.

Санітарка Моніка, як тут вымаўляюць — Маныке, даглядала мяне ў другім аддзяленні. Цяпер прыйшла адведаць у палату, доўга трэсла руку, жадала здароўя. І поруч з усім гэтым незразумелая гісторыя нейкай сумыснай нячуласці і абыякавасці, якой пачаставаў «чысцец».

Гэта даволі вялікая зала, хутчэй за ўсё квадратная. Уздоўж дзвюх сцен яе, якія нібы ўтвараюць літару «Г», восем ложкаў. Яны адлучаны адзін ад другога лёгкай, шчыльнай заслонай. Захінеш з усіх бакоў, атрымліваецца нешта накшталт пакоя-бокса. У кутку каля акна, што выходзіць на Пятае авеню і 106 стрыт, ляжаў я. Адносна пашанцавала: відна аўтамабільная стаянка, будка, дзе бяруць плату за пастой і адначасова мыюць машыны. Праезджая частка вуліцы ўпіраецца ў тупік, хлопцы, акурат як і ў Мінску, ганяюць мяч — самадзейны футбол.

Спачатку нас тут ляжала пяцёра. Хлопчык з сінімі губамі пад кіслародным мехам. Яму рабілі аперацыю на сэрцы, і цяжкую. Бацькі вельмі прыгнечаны, не адступаюцца ад ложка.

Поруч са мной — «скрыпка», не ведаю, каторая, з нейкага нью-йоркскага аркестра. Дзве жанчыны ў крайніх па маёй сцяне боксах не відны і не чутны.

Пасярэдзіне пакоя — агароджаны балясамі васьмікутнік — месца дзяжурных урачоў і сясцёр. Там жа два пульты, каб сачыць за хворымі, дакладней — за паказаннямі прыбораў.

Калі мяне прывезлі сюды, наш доктар спазніўся. Я не ведаў, чаго ад мяне хочуць. Натрапілася місіс Кундштат, полька з паходжання. Пачытала мае кардыяграмы і пацешыла: усё зарасце, загоіцца. Яна ж і рапаравала плячо, уводзіла ў сасуд жылку з іголкай для датчыка, каб перадаваць біццё сэрца на экран манітора і на самапісец.

Я нічога не чуў, так хутка і далікатна працавала дакторка, толькі жахнуўся, пабачыўшы поўныя кошыкі крывяных бінтоў і сурвэтак.

 

*

Але вось — «чысцец». Пяць начэй, з 30 кастрычніка, заснуць было нельга, хіба забудзешся на момант ад чарговай ін’екцыі. А вакол стаяў гвалт, трашчаў тэлевізар, разлягаўся нутраны, з саменькіх вантроб, рогат негрыцянак, быццам іх няспынна злакаталі пад пахамі.

Чаму такі шабаш у самым адказным месцы шпіталя, у самы адказны час, калі вызначаецца цяжкасць захворвання, да таго ж уначы?

Як ні кепска мне было, запісваў. Нешта накшталт фатаграфіі адной гадзіны ляжання там. 4 лістапада.

16.00. Хтосьці ў капелюху роў з парога немым голасам — ці то выклікаў каго, ці нешта наказваў.

16.03. Сястра з суседняй палаты. Зайшла, пастаяла каля тэлевізара, ляснула дзвярыма і выйшла.

16.04. Стаў пасярод пакоя нейкі мужчына, запытаў пра хворага хлапчука.

16.05. Усунулася ў дзверы чорная галава, нешта прамармытала і знікла.

16.06—16.12. Тры сястры то выходзілі, то вярталіся ў пакой. Усяго шэсць разоў адчыняліся і зачыняліся дзверы.

16.15. Балбатала, стоячы на парозе, сястра. Некага перадражнівала і смяялася.

16.18—16.25. Зноў заходзілі і выходзілі палатныя сёстры. 6 разоў.

16.27. Доктар з суседняй палаты двойчы званіў па тэлефоне.

16.30—16.40. Два дактары, адзін дзяжурны, голасна, занадта голасна, улічваючы прысутнасць цяжка хворых, саймаваліся. Па тварах відаць — гаворка не сур’ёзная.

16.48. Прыйшоў з доўгаю смярдзючай цыгараю доктар, у якога рудзенькія бачкі на шчоках. Курыць нібы назнарок і пагардліва паглядае: што я з табою, рускім, буду лічыцца. Я не зважаю. Помню залатое правіла: будзь тактоўны, не прыкмячай нетактоўнасці.

16.50. Безупынку лахаюць сёстры. Праўда, наводзяць у палаце парадак. Раскладаюць лякарствы, распакоўваюць рознае начынне — судны, міскі для ўмывання...

Хтосьці з хворых абураецца, канчаецца змога і ў мяне, толькі ледзь свеціць пачуццё гумару: навошта ж вы так распранаеце сябе, добрыя людзі? Такой гадзінкі зусім даволі, каб і здаровы пакінуў «чысцец» і перайшоў у другое кола «Боскай камедыі».

 

*

Гэта ён, бацька хлапчука з сінімі губамі, выклікаў цень Дантэ. Пераступіўшы парог, ён заўсёды разводзіць рукамі і падымае вочы ўгару: «О purgatorio!» («чысцец»). Так удала было названа месца нашага бытавання. Я ўспомніў верш Багушэвіча пад такою назвай. Першае кола пакут Дантэ «Пекла» — нью-йоркскія вуліцы з іх гарачынёю, парнасцю, адсутнасцю паветра было пройдзена. Спяшацца ў апошняе — не мела сэнсу.

Гэты чалавек — італьянец з застыглай цырульніцка-прыказчыцкай усмешкай. Яна трагічная, гэтая ўсмешка, чаплінаўская. Вымушанасць пасміхання яшчэ падкрэслівае глыбіню ягонага гора. Прыйшоў, завучаным рухам, такім жа змушаным, бусьнуў у дзве шчакі сына і жонку. Чаго толькі не носіць ён свайму малому! Марожанае, сокі, кніжкі з малюнкамі, цацкі. Дый малюе сам, і нядрэнна, розных смешных жывёлін і птушак. Кожную паданую страву сам мяшае, каштуе і цмакае ад удаванага задавальнення.

А хлапчуку горш і горш, ён ад усяго адварочвае свой змарнелы тварык. Не развесяліў яго і робат — слоік з варэннем, які ездзіць па падлозе, рукамі-лыжкамі дастае сам з сябе варэнне і прапануе ўсім, хто ці што сустракаецца на дарозе: туфлям сясцёр, ножкам крэслаў і ложкаў.

Бедны бацька тужыцца пацешыць хлопчыка як толькі можа. Уключыў тэлевізар на мультыплікацыйную перадачу і тут жа настроіў прыёмнік. Зараз, нахіліўшыся над ложкам, ён праваю рукою малюе, а леваю смешна чухае сябе паміж лапатак. Сын не бачыць гэтага, а каб і бачыў, усё роўна, мусіць, не засмяяўся б, не ўздужае.

 

*

Дык вось да чаго гэта ўсё хінецца. «Чысцец» — доследны пакой, як я казаў, з самай сучаснай апаратурай, для самых цяжкіх хворых.

Калі ты — гара абмякшых мускулаў на страціўшых рухомасць касцях — ляжыш на разумным ложку, паслушным кожнаму руху пальца, над табой апякуюцца вымуштраваныя, як лялькі, сёстры, кожны найдрабнейшы зрух у тваім стане перадаецца на вельмі чулы прыбор, а той адразу ж запісвае на стужку, пыхкае зялёнай ці чырвонай лямпачкай, бяжыць крэмавай іскаркай па экранчыку, гасне і ўзнікае зноў,— тады ты ўжо не чалавек, а штосьці паддоследнае.

Тым больш, што ўся твая няшчасная скура пората-перапората, колата-пераколата, ды яшчэ на локцевым згібе проста ў вену ўвагнаны кавалак штучнага сасуда, які заканчваецца нечым вельмі падобным да раяльнай струны сярэдняга дыяметру, а з правага боку грудзей тонкімі жаночымі рукамі да тваіх жыл далучаны штучныя жылкі, больш чым паўметровай даўжыні, і ўсё гэта злучана складанай сістэмай дратоў, датчыкаў і перадатчыкаў з прыборам-рэгістратарам і прыборам-самапісцам.

Ты, лічы, ужо знаходзішся, як кажуць, на тым баку. За цябе думаюць і вырашаюць прыборы, спярша прыкмеціўшы ўсё і вызначыўшы, чым дапамагчы. Трэба дэкстрозы — яна капае ў жылу, нестае кіслароду — і ён пачынае падавацца ў лёгкія.

Ты сабе не належыш. Ты ва ўладзе аўтаматыкі, за ёю толькі наглядае, дзесьці збоку, абыякавы, як заўсёды здаецца хворым, чалавек.

І адзінае, што звязвае цябе з жыццём у бліскучай чысціні і строгасці назірання, гэта ўсё-такі яно, тваё шматпакутнае сэрца. Ты ляжыш без руху, а яно б’ецца, толькі чамусьці не ў табе, а дзесьці поруч з табой, быццам гадзіннік, які вынялі з кішэні і павесілі на цвічок, над ложкам. Глухая ноч, ты не чуеш і не адчуваеш свету і сябе, толькі ён, заўсёдны твой сябар і дарадчык, цягне няхітрую песеньку — цік-цік-цік. Старанны, нястомны цвыркунок, але не з сеннай капы і не з крымскай гары, а таксама прылада беларускай фірмы «Прамень» ці «Амега» з Швейцарыі, дзе, кажуць, птушкі, праз адсутнасць такіх прыдатных матэрыялаў, як сянінкі і бадылінкі, звіваюць гнёзды з гадзіннікавых спружын, самых тонкіх — валаскоў.

Вось якава твая самая моцная і самая нетрывалая сувязь з жыццём. Сэрца жывяць усімі сродкамі, але яшчэ не лечаць: невядома, чым і як — на гэта павінны адказаць прыборы. Крэмавая іскарка, акурат як ад згарэўшай саломіны, успыхвае на экране, выпісвае крывую з пікамі і спадамі і саступае месца новай. А такі самы спічасты чорны след застаецца на паперы, міліметр за міліметрам з-пад пяра самапісца паўзе кардыяграма. Так рэгіструецца рух кожнай кроплі крыві, кожнае скарачэнне сардэчнай мышцы, як бы няспынна запісваецца яе работа.

Але што гэта? Падае лік удараў сэрца, панізіўся ціск, чалавеку няма чым дыхаць, няма чым жывіцца мозгу, адкуль пасылаюцца хоць і аслабленыя, але няўпынныя загады. Прыбор заўважыў небяспеку — трывога! Агністая крывая на экранчыку дрыжыць і хістаецца, зялёны агонь мігціць і змяняецца чырвоным, на пульце загараюцца трывожныя лямпкі.

Сардэчная недастатковасць! Апаратура аўтаматычна ўключае эквітмен, электрастымулятар, робіць захады па ажыўленні сэрца, жывіць хворага кіслародам.

Не драмлі і ты, чалавек! Спяшайся на дапамогу да хворага, можа трэба рассекчы грудзіну, пакуль не ўдарылі сігнальныя гонгі. Нішто і ніколі не заменіць чалавечага клопату.

Як мне здавалася, тут бяруць на аналіз кожнае вылучэнне арганізма, якое яно ні было б, колькі б разоў ні паўтаралася. Тут кожнае найменшае адхіленне ад нормы ў дыханні або ў біцці сэрца выклікае адпаведныя сігналы, трывогу прыбораў, прыбораў, а не людзей. Людзі крычаць на поўную губу, смяюцца, ядуць, нават кураць, а мы ляжым, спавітыя дратамі, абклееныя пластырамі, як паддоследныя цюцькі, ляжым, не можам, не маем права варухнуцца, падаць голас, спыніць вэрхал.

Людзі ведаюць, што доларавы лічыльнік не ўпыняецца, значыць, яны не будуць у крыўдзе. А выйдзеш ты адсюль ці вынесуць цябе нагамі ўперад — няўжо ім начхаць на гэта з самага высокага небаскроба? Хмарачоса, як кажуць украінцы, небадрапа, як зласнавата перакладаем мы.

У апошнюю ноч, з 4 на 5 лістапада, гармідар стаў неверагодны. Хворыя прасілі сціхнуць, стукалі, званілі лыжкамі. Ніхто і вухам не вёў, а доктар з бачкамі нават кінуў штосьці абразлівае.

Тады я не ведаў, дакладней — не мог улічыць, што за шпітальнай сцяной знаходжуся нібыта ў воку цыклона — так называюць вучоныя спакойную зону. Вакол бушавалі выбарчыя страсці, ліліся патокі паклёпу, уздымаліся хвалі маны, дзьмулі вятры подкупу і ашуканства. Усё гэта не магло абмінуць шпіталя і 5 лістапада дасягнула найвастрэйшага піку — пачынаўся завяршальны дзень выбараў.

Пасля ранішняга абходу перавялі ў асобную палату. І то, мусіць, таму, што моцна сціснула ў грудзях. І зноў выбаўлялі з болю.

Маладыя дактары з доследнага пакоя, насупар шэфу і галоўнаму кардыёлагу шпіталя, да пераводу ў асобную палату лічылі, што інфаркту ў мяне няма. Казалі і мне і таварышам.

Доктар Кундштат меркавала, што здарыўся mały atak2, але чамусьці была адхілена ад расчытвання маіх кардыяграм.

Дык як было не завагацца: а ці не стаў мой стан інфарктным пасля апошняй жахлівай ночы ў доследным пакоі?

А тут яшчэ чуеш, здаецца: спяшае, завіхаецца кольца доларавага лічыльніка, а лічбы навыперадкі перарастаюць у двухзначныя і трохзначныя.

 

*

Напэўна, тут гаворыць мая ўзварушлівасць, павышаная чуллівасць. Відаць, у шпіталі паўтарыўся слабейшы прыступ. Бо не паказала ж кардыяграма нічога благога. Так, прынамсі, запэўняла мілая дакторка, сам-насам, не баючыся нічыіх вушэй. А я выдумляю абы-што. І ўсё ж не магу дараваць, проста не разумею, як маглі паводзіцца гэтак амерыканцы.

Мінуліся часы цудоўных чэхаўскіх дактароў! Не шкадавалі яны для хворых ні дня, ні ночы, ні сябе самога. Як той, каго сыграў Бандарчук у фільме «Паскакуха». Але ён быў пад нашым богам, а тут бог іншы — долар. І кожны хоча зарабіць.

Няма чаго шукаць вінаватых на старане. А хто гэта, як не сам, тоўкся дзень і ноч на студыі, ведаючы, што наперадзе такая дарога? Ды яшчэ пафураваў на пушкінскія мясціны спраўляць свята паэзіі. Адтуль без перадыху рушылі ў Ленінград — нашу літаратуру запрасілі ў госці. Сябры, выступленні, сустрэчы. Вырваўся раней тэрміну — Прага збірала на канферэнцыю перакладчыкаў-багемістаў. Дзень дома, толькі-толькі паспеў захапіць свежую кашулю, і рынуўся туды. Зноў выступленні, прыёмы, паездка па краіне. І страшэнная гарачыня ў Браціславе, не ратаваў нават блакітны Дунай, а новай сустрэчы з ім не мог нарадавацца, не адыходзіўся ад берагу, глядзеў не наглядзеўся. Вось і ляжы цяпер ціхенька і не выкладай недарэчных сумняванняў.

 

*

Высокая мажная негрыцянка мяце, мые, чысціць палаты, калідоры, туалеты. Пхае перад сабой цялежку, на гумовых шынах, з наборам парашкоў — для паліроўкі мядзяных ручак; жыжак — для люстраў, вокан і фаянсу; крэмаў — для пластыку, падлогі. Заяўляецца да мяне, як і дактары, без стуку, дае «добры дзень», пачынае завіхацца. І праз колькі хвілін не застаецца ніводнай — літаральна! — парушынкі. Усё зіхціць і ззяе!

Але — згрэбач згрэбачам, як кажуць на Случчыне. Колькі тае падлогі і колькі тае прыборкі, а яна ўмудраецца некалькі разоў стукнуць у ложак шчоткаю. Стукне, спыніцца пасярод пакоя, уздыхне, нібы адчуўшы сябе вінаватай, але, відаць, і не здагадваецца, што на кожны яе штуршок, хоць шчотка і гумовая, болем абзываецца сэрца. Зрабіўшы пару рухаў, зноў стукае ў ложак, зноў уздыхае і, не саромеючыся, пачынае чухацца — чамусьці ў яе свярбіць пад грудзьмі з правага боку. Пасля прыборкі ў мяне ўсё паперасоўвана шыварат навыварат: тэлевізарны пульт (трэба, каб быў пад рукою) на месца тэлефона (можа стаяць і далей), блакнот і кніжка, за якія хапаюся штохвіліны,— на месца графіна з вадой, а ваду налівае сястра, прыносячы лекі.

Акурат як было дома. Мілая наша Аня, абцёршы пыл з гравюры на этажэрцы, заўсёды стаўляла яе дагары нагамі.

Я махнуў рукою і ўслед перасоўваў рэчы, пакуль не надакучыла: ліха з ім, хай будзе бязладдзе! І ў гэтым была рада. Цераз дзень яна зноў блытала і пераварочвала рэчы. Такім чынам гравюра станавілася як належыць, верхам угару, а чорны кот пазіраў на мяне не з хваста, а мызаю. Ці не паспрабаваць старога спосабу і тут?

 

*

Прышвін — цуд! Хай даруецца такое банальнае слоўца пра яго, але ўтрымацца не магу.

«Цяпер у нас пяюць салаўі... Вось я зараз бачу перад акном аднаго: дожджык пачынаецца, на яго ўжо капае, а ён усё пяе, і адна кропелька ўжо вісіць на носіку, і ён яе строс і пяе»...

Прачытаў і палез глядзець праз акно: а ну сапраўды пяе? Хоць добра ведаў: там лістапад і шумная, чужая, несалаўіная краіна.

 

*

Перапісваю нататкі з асобных, назбіраных пад час хваробы карталюшак. З гэтай прычыны зноў крыху адступаю назад.

7 лістапада. Першы раз за ўсё жыццё сустракаю свята на чужыне. Як на тое, ноч была ўдалая: спаў добра, моцна, на адным баку. У 6 гадзін запаліў святло, выпіў вады і паслухаў кастрычніцкі вецер за акном. А ну ён даляцеў аднекуль з дому? Шуміць сапраўды па-роднаму. Стала лягчэй, весялей. І зноў заснуў.

Сніў асенні адвячорак, выбіралі бульбу і, вядома, пяклі яе. З Андрэем Макаёнкам і Іванам Шамякіным. Дасталі па гарачанькай з прыску, абскрэблі, аблупілі, разламалі, пасалілі, налілі па чарцы... І прачнуўся, ліха на яго, не пакаштаваўшы!

У дзверы палаты пастукалі, запрапанавалі ўмыцца і пагаліцца. Сястра паставіла паднос са снеданнем і зняла металічную накрыўку з судка. Там ляжала нешта такое нечаканае, нават не пазнаў адразу. Не паверыў, памацаў пальцамі. Яна! Вялікая, добра спечаная бульбіна.

Еў назахапкі, быццам баяўся, што адбяруць, хоць і без солі, бо не даюць, а смярдзючай падробкі (для дыябетыкаў) не хачу. І без чаркі, хворым у маім стане не паложана. Пагадзіўся з парэчкавым джусам, а гэта далёка не каньяк.

Значыць, вось як яны ўзнікаюць, гэтыя сны! Дзесьці ў кухні пяклі бульбу, а мой нос учуў праз дзесяткі дзвярэй. І прымусіў гаспадара сасніць... Не ведаю, ці магу прэтэндаваць на адкрыццё ў механізме сну, але ў мяне сёння маленькае дзіва.

Прыемны напамінак аб свяце, хоць дома наўрад ці надумаўся б пячы бульбу на Кастрычнік.

Свята трывае ў мяне аж да гэтага часу. Чырвоныя ружы з даўжэзнымі сцяблінамі і нейкімі асабліва махровымі пялёсткамі былі прынесены напярэдадні. Асабліва прыемна, што да іх дадумаліся мужчыны, вырваўшы хвіліну перад тлумным і ажыўленым прыёмам.

Ліля, колішняя супрацоўніца Акадэміі, разам некалі рэдагавалі першыя тамы Коласа, падаравала гваздзікі. Белыя, пакрэпленыя чырванню. Ды яшчэ яблыкаў, вялікіх і смачных, а таксама тутэйшых мандарынак. Большыя, але і кіслейшыя за нашы.

А галоўнае — беларускія газеты! Гасцініца «Юбілейная» сфатаграфавалася і прыслала мне здымак. Падарунак на свята гораду і нам. Паказваю амерыканцам: вунь як будуецца мая сталіца! Ухвальна цмокаюць, просяць газету на памяць. Паглядзеў даклады на пісьменніцкім пленуме... І як быццам пабыў там сярод таварышаў, пакурыў у перапынку, паслухаў жарты, паспрачаўся. Наогул кажучы, новага не вельмі шмат. Як правіла, на такіх пашыраных пасяджэннях дакладчыкі стараюцца нешта адкрыць, назваць новую рэч або прозвішча. На жаль, часта да наступнага пленума адкрыццё намоцна забываецца або аказваецца нуднаватай аповесцю ці сухой, немузычнай паэмкай. І ў каго з нас не было такіх «адкрывальніцкіх» казусаў! Свой густ, не падперты агульнаэстэтычнымі крытэрыямі,— адзін свой густ часта ашуквае. А потым — прэтэнзія на праўду горай за няпраўду. Вось пра гэта і помніць бы, беручыся хваліць твор, цешачыся са свае знаходкі, а рэшту — абы-як, абы-што, ледзь не скідаючы з лічыльнікаў.

 

*

Насупраць у палаце пасялілі высокага маладога чалавека. Мусіць, цяжка хворага. На дзвярах прылеплена чырвоная сігнальная паперка. Над дзвярыма раз-поразу ўспыхвае лямпачка — выклік дактароў і сясцёр. Сёстры і санітары ў мыле, безупынку цягаюць кісларод і незнаёмыя мне медыцынскія прылады з гумовымі шлангамі. Дактароў назбягалася — няйначай, з усяго горада. Ваявалі з хваробай трое сутак без перадыху. Яму крыху палепшала і адразу ж стала горш. Барацьба за жыццё не скончана.

Гэтую палату насупраць толькі што займала шчуплая бландзінка з трывалай маскай нерухомага аблічча, якую ўтварае касметыка. Жанчына, здавалася, рабіла адно: пераапранала раскошныя халаты і шпацыравала па калідоры. Часам зазірала і ў мой пакой, нават з усмешкай.

Паляк з суседняй палаты растлумачыў, што пасля аперацыі «бжуху», не вельмі ўдалай, колер твару паказваў на рак, яе забралі дадому. А ў мужа ўжо ёсць дама, і ён прыходзіў з ёю адведаць хворую.

Дзверы мае палаты часцей за ўсё адчынены. Кожнага вечара міма нясуць кош архідэй, а гэта немалыя грошы. Пэўна, у падарунак высознай, хударлявай і маларухомай, як з музею васковых фігур, амерыканцы. Муж у яе лысы, рэспектабельны здаравіла.

Па мясцовым прызвычаенні наведвальнікам ніякіх халатаў не паложана. У палату прыходзяць у паліто, тут распранаюцца, кураць і прапускаюць па чарачцы. Часамі гэта робяць і доктар з пацыентам, часцей за ўсё пры выпісцы.

З гадамі чалавек усё вастрэй адчувае лічанасць, адмеранасць кожнай хвіліны жыцця. Гады тры назад злавіў сябе на тым, што ў адзін і той жа час чытаю і слухаю радыё. А зараз, у бальніцы, і тэле гляджу, і кніжку гартаю, і кручу прыёмнічак, балазе ён адгукаецца, калі не Масквой, дык Варшавай. Лепшай уцехі мне сябры і прыдумаць не маглі.

 

*

Таварышы прынеслі навіну: замах на Ніксана — зноў знайшлі нейкія вінтоўкі і патроны. А я ж аглядаў кабіну з непрабіўнога шкла на тэрасе Капітолія, адкуль будзе прамаўляць новаабраны прэзідэнт, і думаў: да чаго гэтая гарадзьба?

У Нью-Йорку быў землятрус. Дванаццатага, адным словам, як і належыць трэсціся свету,— у кастрычніцкія дзянькі. Мая сядзелка спазнілася на гадзіну: ліў страшэнны дождж, машыны стаялі ў хвост адна за адною, без надзеі рушыць наперад.

Прырода не надта ўгневалася ці адрасавала большы ўдар куды ў іншае месца, тут сіла ўздрыгаў была два балы. Аднак падзею зарэгістравалі не толькі прыборы. У дамах звінелі люстры і пасудак, і амерыканцы добра-такі напужаліся. На ўскраінах горада акіян дыхнуў ураганам — паздзірала дахі, парушыла сувязь, пакачала на зямлю слупы.

Вохкаючы і паціраючы азяблыя рукі, прыйшоў доктар — просіць прабачыць за спазненне — не мог злавіць таксі.

Выходзіць, не так ужо шмат патрэбна, каб распарадак гарадскога жыцця стаў дагары нагамі. Дык няма чаго і задавацца, нібыта яно мае пад сабой «трывалы падмурак тэхнічнага прагрэсу». Гэтак лічаць так званыя айцы горада. А варта папайсці снегу, хоць бы з дзянёк, і з вадзяной кашай на асфальце ніхто не саўладае. Тады лічы — па ўсёй краіне спыніўся аўтамабільны рух.

 

*

Каб хто спытаўся, як выглядае інтэлігентны амерыканец сярэдняга веку, скажам, доктар, адвакат, бухгалтар, я прыгадаў бы просты і, відаць, дакладны партрэт: чэхаўскі Чубукоў у не вельмі ўмелым грыме якой-небудзь нашай самадзейнасці. Не больш і не менш. Тлусценькі, прасядае лысінка, каштанавыя бачкі запушчаны аж да мочкі вуха. Рухі павольненькія, кожнае выяўленне пачуцця, нават сапраўднага, выглядае робленым, штучным і таму смешным. Зласнавата? Па-мойму, яшчэ лагодна.

Справа ў тым, што Амерыка накладае на людзей адбітак, і не толькі на тубыльцаў. Пратырчыць прыезджы гадок-два і, глядзіш, аброс лускою ўяўнае дабрабытнасці, потым замкнёнасці, дбання толькі аб сабе, аб сваіх вераб’іных кроках, якія здаюцца сямімільнымі ці за такія выдаюцца. І нарэшце — чалавек траціць ахвоту ўваходзіць хоць у якія дачыненні з сабе падобнымі.

 

*

Я не першы прусец, які трапіў у Амерыку. Селянін з мае вёскі Прусы пабыў тут гадоў на пяцьдзесят раней. А вярнуўся дадому і адразу дастаў мянушку — амерыканец. Калі яго асабліва хацелі ўцвяліць, выдзіраліся дакладней — прускі амерыканец. Гэтым як бы ставіўся знак роўнасці паміж Амерыкай і нашымі Прусамі з іх невылазнай гразёю на асенняй вуліцы, з падслепаватымі хаткамі, да таго ж без лесу, без ракі, без шырокага поплаву. Бо нездарма ж вярнуўся чалавек з-за акіяну, куды быў кінуўся шукаць лепшага жыцця і лягчэйшай капейчыны, на бацькаў нешырокі загон, пад парослую зялёным саламяную страху.

Праўда, заявіўся ён дамоў неўзабаве пасля Кастрычніка, калі, мусіць, прышумелі ў яго новае паселішча весткі пра дэкрэт аб зямлі. Варухнулася надзея атрымаць нарэшце, яе, тую самую зямліцу, якой так горка неставала дзядам, бацькам і яму самому,— нястача гэтая і выправіла яго за свет. А што за тым светам без свайго загончыка! Не разжыўся, не разбыўся — прышываў у душным гмаху гузікі ў порткі, стаяў, калоцячыся, пры канвееры, каб не парушыць фабрычнага рытму, каб хаця не прапусціць якую калашыну, не ўкалоўшы іголкаю. Той чалавек, за даўнасцю часу не ўспомню яго імя і прозвішча, прыехаў з жонкай і дзецьмі і прывёз некалькі куфраў з заморскімі рэчамі. Як на тыя галаднаватыя і абдзёртыя часы, калі крамнага тавару было вобмаль і вёска хадзіла ў саматканым сукне і палатне, каляровыя анучкі амерыканцавай жонкі, нетутэйшых фарбаў і фасонаў кашулькі на дзецях, нарэшце, шлейкі і камізэлька на ім самім, ператрэслі сэрца бабкам і кумкам з усяе нашай разлегласці. Такога ніхто не бачыў, такога не было нават у ваўкаватых хутаранцаў, што тлусцелі на сваіх прасторных сядзібах. Асабліва ўражалі нас, малых, прагумованыя абручыкі — амерыканец надзяваў іх на рукі, возячы сена ці снапы. Адкуль было ведаць, што тыя таемныя штучкі трымаюць рукавы кашулі, каб не спаўзалі на рукі, нам уяўлялася — ад іх прыбывае сілы.

Дык вось звычайны прускі мужык, пабыўшы ў амерыканскай скуры, прывёз на сабе знак чужога абыходку, пачаў трымацца далей ад людзей, жонка яго не пляткарыла з суседкамі, дзеці не гулялі з сваёй вулічнай раўнёй. Праела скуру, відаць, гарачае, што, дарэчы, сядзела і ў не быўшым у Амерыцы мужыку, прагненне: мой надзел, мой дом, мой двор. У прыезджага ўсё гэта вытыркала на кожным кроку, ён пачуваў сябе нечым адменным — ого, дзе набыўся, чаго ён нагледзеўся, у што апрануўся.

Але лінялі і драліся прывезеныя транты ў сямейнікаў, амерыканец уздзіраў аднаконным плугам не большы і не меншы, чым у астатніх сялян, надзел, свяціў голымі каленьмі праз зношаныя заморскія порткі, пакуль не змяніў іх на шарачковыя. І адразу павесялеў, пачаў разводзіць гавэнды з дзядзькамі, седзячы на прызбе з агеньчыкам самакруткі пад носам, нібы са зношанай вопраткай злузалася з чалавека выпадкова прыстаўшая луска.

На жаль, я не ведаю канца гэтай гісторыі, рана страціў з вока тых людзей, а цяпер і сваякоў іхніх, пэўна, не адшукаеш.

 

*

Стары ірландзец з бронзавым, спісажаным маршчынамі тварам выконвае ў шпіталі абавязкі сястры, ён вялікі майстра даглядаць хворых. Памыў, пераапрануў, захутаў у чыстыя прасцірадлы. Ляжу, як быццам толькі створаны Адам.

А ён усё завіхаецца. Памяняў наўлечкі, паклаў адну падушку пры боку, прыпёр да сцяны, каб зручней было чытаць, і сказаў на яе «бэбі». Потым, памякчэўшы вачыма, пачаў дазнавацца, ці піў я віскі. Выраз зморшчанага твару стаў такі благальны, такі зразумелы, што давялося паабяцаць яму «рускай віскі».

Прынеслі «Белавежскую». Ён схапіў бутэльку і знік, як злы дух, а пасля абеду прыйшоў лагодны, доўга дзякаваў і ўсё паказваў на жывот: «О, тут агонь!»

 

*

«Капсулі. Рускія паляўнічыя называюць іх каўпачкамі, бо яны надзяваюцца на звернутую ўгару затраўку, як каўпак на галаву. Зрэшты, капсулі фігурай сваёй больш падобны на шапкі беларускіх сялян».

Адкуль сіе ў С. Ц. Аксакава? Дзе ён бачыў такое? Не шкодзіла б прачытаць поўную біяграфію.

 

*

Я меў магчымасць здзівіцца з незвычайнай беднасці амерыканскіх аддзелаў у карцінных галерэях. Скрозь адно эпігонства, ніводнага людскага палатна, каб спыніла незнаёмым колерам, цікавай думкай, водбліскам святла або фактурай. Прыгнятаюча добрасумленна выпісаны твары, вопраткі, дрэвы, паветра. І ад гэтага яшчэ больш нудна і цьмяна. Праўда, мастакі-амерыканцы знаходзяцца ў невыгодным для сябе суседстве сусветных шэдэўраў, тонуць сярод іх, але растаць цалкам не могуць, як славутая кропля дзёгцю, што сапсавала некаму ўвесь мёд.

Да таго светлага і ўздымнага, што стварыў чалавецкі геній і што прыбралі ў бяздонныя свае сховы тугакішэнныя амерыканцы, вернемся, калі падужэем. Цяпер пра запазычанні ці крадзеж меншага памеру. Учора глядзеў фільм. Хлопец ловіць у лясных нетрах дзікіх звяроў і насвіствае... Што б вы думалі? Не што іншае, як «Карабейнікаў», не помню, каму належыць музыка, на някрасаўскія словы.

Зараз з тэлевізара плыве любоўная песенька. А ў нас матыў яе даўно спалучаны з чулымі сардэчнымі словамі: «Ціха наўкол, і вецер травы не калыша».

 

*

Бяда, вялікая бяда адсутнасць мовы. Хораша напісаў Караленка «Без языка».

Некалі ва Усходняй Прусіі, падміргваючы адкормленай, згаладалай па мужыку бязмужцы, здаравенны старшына гаварыў з несхаваным жалем: «Глядзі, мовы іхняй не ведаем, а жанкі браку не даюць. А каб ведалі?»

Часам я трапляў у няёмкае становішча. Раіліся прадстаўнікі сацыялістычных краін, складаная размова ішла па-англійску. Перакладчык хвілін на дзесяць спазніўся, а для мяне гэта была вечнасць.

 

*

Шэф шпіталя зусім не Грычман, як я думаў. Грычман — загадчык кардыялагічнага аддзялення. Ён і загадаў класці мяне, нават не паглядзеў як след, толькі прыткнуў стэтаскоп да грудзіны. Дый то, калі наш доктар агрызнуўся, што метад лячэння вызначаюць пасля агляду хворага.

Грычман трохі разумее па-польску і, як перадалі мне, родам з Пінска.

Хоць ты спявай:

 

Ах ты, шпіталь мой — амерыканка!

Гудзе ад хворых з начы да ранку:

Хто п’е мікстуру, хто глушыць віскі,

Інфаркт нью-йоркскі, а доктар пінскі.

 

Першая размова з гэтым колішнім «палешуком».

— Мы вам зараз зробім аперацыю. Такую, як Эйзенхаўэру рабілі. Можа вы будзеце лепшым за яго прэзідэнтам.

Наколькі дазвалялі боль і ўзрушанасць, адказваў іранічна і не без злосці. Маўляў, у мяне дома лепшая работа, і мяняць яе на пасаду амерыканскага прэзідэнта няма разліку.

У Грычмана пакруглелі вочы.

— У такім стане і пачуццё гумару? Мы вас вылечым.

— Хаця памажыце крыху, рэшту сам зраблю.

Доктар падсоўваў падпісаць бланкі на згоду лячэння ў гэтым шпіталі і на ўвод у сасуды датчыкаў. І рагатаў.

Так у нас з ім і павялося: пачынаць сустрэчу з усмешкі.

 

*

Не дагаварыў пра шэфа шпіталя. З’явіўся, калі я перабыў першую бальнічную ноч. Паціснуў руку, адрэкамендаваўся, хто ён, назваў прозвішча, на жаль, вылецела з памяці, не да знаёмстваў было. Шчупленькі, на дробным тварыку нешта кшталтам высыпкі, нібыта сляды кепскага абмену рэчываў.

Праз колькі дзён, калі ставіўся канчатковы дыягназ, маладыя дактары не прызнавалі інфаркту, былі схільны выпісаць мяне. Як жа ён распякаў іх, небарак! Крычаў, тупаў нагамі. І пакінуў мяне ў «чысцы» аж на пятыя суткі. Няўжо толькі таму, што не хацеў, каб пуставала цэлае аддзяленне: у ім застаўся б тады адзін італьянскі хлопчык.

Шэф ходзіць у блакітнаваценькай змятай кашульцы і крэмавых пакамечаных портачках. Стэрыльная аперацыйная вопратка, яе надзяваюць непрасаваную, адна для ўсіх: санітараў, дактароў, асістэнтаў-японцаў, майстроў калоць іголкамі, зашываць разрэзаныя сэрцы, упускаць у вены пластмасавыя сасуды.

Такой, нібы пажованай цялятамі, апранахі не стыдаецца глава вялікай медыцынскай установы. Адзін з наведвальнікаў вельмі непасрэдна заўважыў:

— І гэта іхні шэф? Я думаў, ён тут апошні падмятайла.

А той, у звычайнай сваёй вопратцы, вёз якраз у аперацыйную ці на даследаванне старую-старую негрыцянку. На цялежцы, пераплеценай шырокімі брызентавымі рамянямі і засланай нечым вельмі белым.

Негрыцянка ляжала нерухома: ужо не цела, а злузаная з цела, бліскучая, як палакіраваная, скура, нешта накшталт знятай з рукі лайкавай пальчаткі ці змяінай абалонкі. Бабульцы было 89 год, яе прывезлі перад змрокам. Гадзіны дзве перагаворвалася з вельмі ўважлівымі сынам і нявесткай (ён усё казаў «маці») і пад раніцу перайшла, як гаворыцца, у лепшы свет. А дактары цэлую ноч гарлалі, тупалі, замінаючы ці дапамагаючы старой памерці — папярэджвалі так званую сардэчную недастатковасць.

 

*

Так яны і стараюцца выглядаць і трымацца, усе сапраўды багатыя. Носяць стандартныя гарнітуры, ходзяць у чаравіках з пазбіванымі абцасамі, бяруць білеты другога класа ў цягніках і самалётах.

І прынялі за правіла: умей рабіць усё чыста, працуй сам, іначай не будзеш багаты, ды яшчэ паглядай, каб іншыя не гулялі.

Знаёмая, яна ўжо гады два жыве тут, расказвала пра мільянера па мянушцы Філька. Нашы людзі здымаюць у яго кватэры, яны і паклапаціліся прыляпіць мянушку. У Фількі некалькі дамоў і зямельных участкаў. Рабочых толькі двое, вядома, неграў — гэта танней. Яны ачышчаюць памыйныя ямы, сметнікі і яшчэ тое-сёе.

Філька — гаспадар і ў той жа час бухгалтар, касір і касец. Запрагае дохлую канячку ў дапатопную касілку і выкошвае газоны каля дамоў. Тут ніякага дзіва. Больш за 3 мільёны амерыканцаў працуюць на так званы сервіс, з іх трэцяя частка — самі ўласнікі атэляў, матэляў, бензакалонак, цырульняў і г. д. Абавязак працаваць распаўсюджваецца і на патомкаў. Не праз тое, што руплівыя бацькі прасякнуліся высакароднымі прынцыпамі нашага выхавання — вучыцца працаваць і паважаць працу, не! Проста каб дзеткі не сталі наркаманамі і не звалакліся ў хіпі.

Вось і Фількаў сын, васьмігадовы хлапчук, летам возіць на веласіпедзе газеты ў другі раён. І прыносіць у дом пяць долараў за месяц. Сын мільянера! Можна сказаць: прагавітасць. Не без гэтага, вядома, але тут больш навукі зарабляць і цаніць заробленае.

 

*

Відаць, так заўсёды бывае перад няшчасцем. Хочацца ўсяго і памногу. Глядзець, хадзіць, рабіць. Прыехаўшы сюды, напісаў тры вершы. І ў паэму ўпісалася сама менш радкоў 300, ды яшчэ складаў тэкст для выступлення.

Да таго ж, агромністымі кавалкамі глытаў навакольнае: ААН, Гудзон, рынкі рыбы і гародніны, опера, драма, кіно, некалькі музеяў, узбярэжжа акіяна. Нарэшце, падарожжа значнай адлегласці на машыне: Нью-Йорк — Філадэльфія — Вашынгтон. Пры амерыканскіх хуткасцях і загружанасці дарог, хоць і вельмі добрых, выматала і сілу і нервы. Пераезды і перабежкі — бегма, бегма.

Сну мала, цыгарэт многа, гаворкі дапазна, пакуль усе не сыдуцца пад свой дах. Адзін забавіўся на пасяджэнні, другі ў горадзе, той на прыёме, гэты на якім-небудзь відовішчы. Кожнаму ёсць што сказаць, пажартаваць. Ну, як тут не паслухаць навіны!

 

*

Сухарлявая амерыканка з залепленым пластырамі носам доўга шнуравала паўз мае дзверы і кожны раз выціскала на вусны ўсмешку. Нарэшце зайшла. Яна жыве ў нейкім маленькім гарадку, там не прадаюць савецкай прэсы. А ў яе двое дзяцей, хоча паказаць хоць якую-небудзь газету. Дайце, калі ласка! Якраз знайшлася «Советская Белоруссия» за 10 лістапада з апісаннем Кастрычніцкага параду ў Маскве і ў Мінску. Вельмі ўсцешылася жанчына.

 

*

Ніксан займае дванаццаты паверх у гасцініцы «П’ер». Гэта пакуль што ягоны Белы дом yа Пятым авеню. У сувязі з выкрыццём замаху новаабранага прэзідэнта даставілі з аэрапорта ў Цэнтральны парк на верталёце. А адтуль на машыне, хоць парк гэты ідзе ўздоўж вуліцы, дзе знаходзіцца гасцініца.

Выходзіць, аб’ява, што ад цемнаты да ўсходу сонца за бяспеку людзей у парку ніхто не адказвае, распаўсюджваецца і на прэзідэнта.

Пяць год з дня пагібелі Кенэдзі. Вельмі спачувальная прэса. Далікатныя намёкі і гаворка на поўны голас: падымайце заслону таямніцы над забойствам. Студэнты паклалі на магілу былога прэзідэнта вянок з надпісам: «Не давайце яму кветак, дайце нам праўду». А замест праўды — 26 тамоў са справаздачай славутай камісіі Уорэна...

Чамусьці зноў успамінаюцца Арлінгтонскія могілкі, сутык двух узгоркаў і мармуровыя прыступкі да вечнага агню перад дашчулкай з іменем Джона Кенэдзі. Паабапал бацькі ляжаць дачка і сын. І зусім недалёка — брат.

Гэта не мой успамін прывандраваў туды, там раяцца ўздыхі многіх амерыканцаў па няспраўджаных надзеях.

 

*

Яшчэ раз давялося здзівіцца з кансерватызму «перадавой», «самай дэмакратычнай», як любяць называць амерыканскія тузы сваю краіну.

У 1926 годзе ў штаце Арканзас была накладзена забарона на «Тэорыю паходжання відаў» Дарвіна. За выкладанне, нават не за выкладанне, а простае азнаямленне з яго вучэннем, настаўнікаў штрафавалі на значныя сумы, да 500 долараў. Забарона славутай кнігі была пацверджана і ў 1967 годзе.

Тое ж прарабіў, асудзіўшы на спаленне кнігу вялікага прыродазнаўцы, начальнік Галоўнага ўпраўлення па справах друку М. Н. Лонгінаў... Але на пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя ў Расіі, падуладнай дому Раманавых.

Зноў Амерыка спазнілася на цэлае стагоддзе!

 

*

Кожны дзень бяруць па некалькі кубікаў крыві, з вены. У нядзелю коле мужчына, малады, відаць, доктар: нацягне поўны шпрыц — і не счуешся. Звычайна ж прыходзіць дзяўчына цёмнай скуры, зусім няўмечка. Пора, пора ў жылу, сінцы ад уколаў застаюцца на цэлы тыдзень. Аднойчы скінула з ложка кнігу. Прыйшла сястра, падняла і зараз жа пабегла скардзіцца. Праз колькі хвілін у палату з’явіўся доктар і прыцягнуў за руку, літаральна прывалок на расправу зарумзанае тое дзяўчо. Давялося як мага падхваліць яе — маўляў, вельмі добрая, уважлівая, а кнігу скінуў я сам. Бо выгналі б як бачыш.

 

*

Сусед з палаты 762 — Школьнік — галіцыйскі яўрэй. Рускую мову амаль забыў ці, можа, не ведаў, а па-польску размаўляе прыстойна. І, як дзіця, рады кожнаму «родзіннэму слову», калі ўспомніць або пачуе ад мяне. Вельмі рэкамендуе свайго доктара.

У Школьніка баліць «бжух», яго бясконца прасвечвалі, нарэшце сёння выпускаюць дадому. Прыедзе сын, балазе сёння вольны, машына добрая, і ён хвацка водзіць. Які мастак яго сын, я такі не дабраў ладу, здаецца, майстар вулічнай, вітрыннай рэкламы.

Школьнік працаваў у магазіне прыказчыкам, так і кажа. Яму 65 год, мае права на льготнае лячэнне, але ўсё ж багата даплачвае.

Збіраючыся на выпіску, ён загадаў з раніцы выключыць тэлевізар: аказваецца, гэта асалода каштуе каля трох долараў у суткі.

Дарагоўля страшэнная! «Нью-Йорк таймc» прызналася неяк, што медыцынскае дапамогі не могуць атрымаць ні сельскія беднякі краіны, ні жыхары гета ў гарадах, ні сезоннікі, ні нацыянальныя меншасці.

Будзе нудней без суседа.

 

*

Санітар-іспанец, малады хлапчына, жулікаваты. Ахвотнік пагаварыць, але ў запасе мае толькі тры словы: «добжэ», «дзенькую», «совьет». Прывёў учора водаправодчыка Джо, са сталёвай шчэлепай, відаць у нас яшчэ ўстаўленых, зубоў. Гэты родам з Львова, жонка з Крамянчуга. Гаворыць, зразумела, па-руску і па-польску. Ваенную службу служыў у Ленінградзе, трапіў у нямецкі палон. Тут жыве ўсяго чатыры гады. Набіваецца прыносіць кожную раніцу рускую газету. Кажу, што няма патрэбы, газеты ёсць. А ён сваё: «У вас — савецкія, паглядзіце, што тут пішуць». Ад тутэйшых эмігранцкіх выданняў мутарыць. Чалавек гэты нібы нечага не дагаворвае.

 

*

З’явіўся прамывач акон. З вядром жыжкі і анучай. Пырснуў на шыбу нейкаю празрыстаю чартаўнёю, развёз яе па шкле анучаю і абцёр нечым падобным да аўтамабільнага дворніка. Акно зазіхцела.

Добра і хутка, падумаў я сам сабе, а як жа ён будзе мыць з другога боку? Тут не дужа выставіш азадак на вецер, стаўшы на падаконне, каб вымыць шыбы знадворку. Тым часам хлопец спакойна вылез на гзымс, прычапіў канцы падобнага на манцёрскі пояса за крукі ў раме — і прарабіў тую ж аперацыю з жыжкаю і з дворнікам. У пакоі пасвятлела ўдвая. І ў вачах таксама.

Наўздзіў ясная абуджаецца думка, словы адчуваюцца так выразна, хоць пальцамі пачапай, радкі набягаюць самі. А паварушыцца нельга, нельга і думку натруджваць, каб выпадкам не спыніць прыпсуты матор, якому няма ні ўпынку, ні замены. Тры дні — амаль без болю і без сродкаў, што папярэджваюць боль. Вечарамі толькі ные, быццам жаласна просіць нечага: ці не закурыць?

 

*

Пераклаў тры вершы А. Твардоўскага. Доўга не ўдавалася: «С отменною злостью, с большою охотой едят меня разные серые волки!». Шукаў патрэбныя словы, пасміхаючыся: колькі іх, шэрых і няшэрых, вызвяралася на дарозе! А вершы — светлыя, без кроплі гаркоты, з нейкай усмешлівай спагадай да шэрых. Хто нарадзіўся пад елкай, гаворыць паэт, чытай — у засені радзімы, таму ніякі шатан не страшны. Дзівакі! За мною большае — бог: слова, блізкі сваяк таму, якім спынялі сонца. А ў магію кляцьбы, хоць і яна ідзе ад слова, не веру.

 

*

Том — югаслаў. Яго таксама прывёў да мяне жулікаваты іспанец. З Югаславіі збег, ратуючыся ад беспрацоўя. Мала грошай, «пенязі» — вось жа ўтрымалася славянскае слова ў жывой мове,— а ў сям’і цэлых восем душ.

Том басцяўся ў Чыкага без работы каля двух гадоў, спаў на вулічных лаўках. Ён — электрык, добры майстар. Удалося паступіць у саюз электрыкаў, праз некаторы час дапамаглі ўладкавацца ў гэты шпіталь. Аплата — так сабе, але Том на сёмым небе: мае дармовы пакой. Значыць, кватэра не з’ядае палавіну заробленага. Хапае і на жонку і на двое дзяцей, хоць і скупавата.

Яму страшэнна хочацца дамоў, там жа ў яго «тато» і «мамо». Тату ўжо 75 год, але выпівае два літры віна. Дома жыць добра, вясёлыя людзі, робяць чарачку, пяюць, а тут толькі выганяюць «пенязі». Але ж, Том уздыхае, без пенязяў кепска, дома маладым людзям даводзіцца зарабляць ліха ведае як: «Стара баба наймуе собе младзюха».

Том робіць сімпатычнае ўражанне. Але нашто ён, як і той Джо, увесь час прапануе паслугі: хочаш, лекі дастане танней, чым у аптэцы, і ў кафетэрый збегае па каву і джус. Гэта не дужа падабаецца, аднак прашу прывесці цырульніка, па мне даўным-даўно плачуць нажнічкі,

 

*

Не аспрэчыш ніяк: кожная вайна — працяг палітыкі іншымі сродкамі. Прыклад напрошваецца сам сабою: вайна ў В’етнаме. Праіграць яе або скончыць, не да рэшты расшматаўшы краіну, значыць адмовіцца ад міфу аб амерыканскай усемагутнасці і, яшчэ больш, ад драпежнай мары пра сусветнае панаванне. Мяхі ваеннага патэнцыялу раздзімаюць полымя на ўсю сілу. Дык хіба заліеш агонь рэдзенькімі абяцаннямі палітыкаў! Абяцаюць абы абяцаць, а як да справы — стоп!

Здаралася, праўда, палітыка дружыла з эканомікай — да пары. Колькі ні нагаворвалі Пятру І пра шкоднасць расколу і раскольнікаў, махаў рукою: «А падаткі яны плацяць? Плацяць. Няхай жывуць!» А як прачуўся, што раскольнікі схільны падтрымаць Аляксея, вунь як загрымеў: «Учителей раскольничьих, буде возможно, вину сыскав кроме раскола, с наказанием и вырвав ноздри, ссылать в каторгу».

Не меней сур’ёзна гэты цар змагаўся з бракам. Гісторыя металургіі ведае яго ўказ такога зместу: маскоўскім майстрам, калі яны і надалей будуць адліваць «пушки кривороты», было паабяцана не шкадаваць розаг, а калі трэба — і шыбеніцы.

Вернемся да раскольнікаў. Адзін з сучаснікаў Кацярыны ІІ запісаў: «У наш дабрабытны век, калі сумленне і думка развязаны, падвойныя подаці з іх (раскольнікаў) знішчаны».

Раскольнікі не турбавалі царыцу ў такой меры, як яе папярэдніка. Таму і касаваліся падаткі. Але ўсё змянялася, варта было небу замгліцца небяспекай для ўлады, якую гэта жанчына ўтрымлівала не па-жаноцку ўчэпіста. Гэта ж на яе «развязаным» сумленні і думцы — Радзішчаў.

 

*

На месца майго галіцыйскага знаёмца ў 762 палату пасялілі кругленькую паўнатварую бабку з Украіны. Яна пакінула свой горад, калі ён быў яшчэ не Хмяльніцкім, а Праскуравам. Прыйшла да мяне пагаварыць разам з мужам — сухенькім дзядзькам не без абаяльнасці, ён таксама разумее тое-сёе па-руску. Брат яго жыве ў Маскве, некалі паехаў туды працаваць у Амторг і асеў. Ён «харошы бальшавік» — падхвальвае гаваркая бабка, працуе сам бухгалтарам, а жонка настаўнічае. Дарэчы, сваіх дачок, мастачку і дакторку, яна таксама велічае «харошымі бальшавікамі».

Бабка гаворыць неўціхана, безупынна, робіцца нуднавата, але разумееш: людзі рады мове, хоць і страчанай, а ўсё ж роднай. Бабка ўспамінае надмерна шумна, па-амерыканску, але вочы вільгатнеюць.

 

*

Калі боль адпускае, ці сам па сабе, ці з дапамогай якога сродку, не хочацца думаць: глядзеў бы дурны фільм па тэлевізары, вучыў бы сястру вымаўляць рускія словы, сачыў бы, як шпацыруюць паўз дзверы хворыя.

А нешта з глыбіні істоты падштурхоўвае руку: запішы, занатуй думку. Трэба спяшацца, слова трывалейшае, яно перажыве цябе. І зноў вяртаецца бязглуздае адчуванне прывіднасці, ілюзорнасці існавання. Хвароба, шпіталь, чужы горад за сцяною здаюцца высненымі, прыдуманымі. Таксама, як падрыхтоўка да паездкі сюды, нават самалёт, нават першыя крокі па амерыканскай вуліцы,— усё ўяўлялася няпраўдай: кінь, прачніся і апынешся ў сваёй хаціне, з ясенем пад акном.

Вось гэтая нетрываласць мучыць, можа не мучыць і не трывожыць нават, а не пакідае ў спакоі. Як быццам зноў павінен быць нейкі рубеж, нейкі пераход. І не дадому, як гаворыць цвярозая развага, а яшчэ кудысьці, у невядомае.

 

1 Як вы маецеся? (польск.)

2 Мікраінфаркт.

VI

«Памагаю» выбіраць прэзідэнта. Як яго выбіралі. Да ведама медыкаў і хворых. Тылы Джонсана. Хіпі ў Вашынгтоне. Стралкі і стрэльбы. Чорныя і белыя. Смех праз слёзы.

 

У 22 гадзіны прыехаў з Нью-Джэрсі мой шпітальны доктар, абяцае пачаць вучыць хадзе. Не паказваю цялячай радасці.

Мушу сказаць, што гэты доктар дакладна ў прызначаны час, раніцай і вечарам, з’яўляецца ў маім пакоі. Не выключаючы выхадных, толькі тады на гадзіну пазней. А чалавеку ўжо добрых 70, можа і з гакам. Ні разу не ўсердзіўся, хоць хворы ў яго не з цярплівых і можа тое-сёе дадумаць і прылажыць да свайго стану.

Я быў аднойчы пакрыўдзіўся, што ён не хоча зважаць і не лічыць сур’ёзным боль, на які я жаліўся. Доктар падчапіў далікатнаю шпількаю:

— У вас ужо хапае медыцынскага вопыту. Прыехаўшы дамоў, можаце адкрыць сваю клініку. Калі не ў Маскве, дык у Падмаскоўі. А нам дазвольце лячыць так, як мы ўмеем.

І пасміхнуўся.

А перад паездкай у Нью-Джэрсі спецыяльна зайшоў, каб папярэдзіць, што не з’явіцца ў абвыклы час.

— У вас як у пісьменніка развіта фантазія, і вы можаце зрабіць фантастычныя вывады з мае адсутнасці.

Можна сказаць: вывучыў-такі нораў пацыента! Не без гэтага, вядома. Ён строга пільнуецца часу, падкрэслена ўважлівы і з’яўляецца на парозе з аднолькавай, раз і назаўсёды выпрацаванай усмешкай. Яна тлумачыцца празаічна: колькасцю адлічэнняў за хворага са шпіталя ў карысць доктара. Усмешка — імэдж, вобраз, так павінен выглядаць урач.

 

*

Паспрабуем вярнуцца зноў да выбараў прэзідэнта. Мне таксама давялося прымаць удзел у гэтай цырымоніі.

Была нядзеля, 3 лістапада. Напярэдадні прыйшлі ўсе нашы, павіншавалі з днём нараджэння. Прынеслі ў падарунак прыёмнічак і надзею калі не 7-га, дык усё ж кавалачак свят правесці сярод сваіх людзей. Словам, настрой — самы што ні на ёсць нядзельны. Рыжанькі доктар-практыкант, найбольш сімпатычны з дактароў аддзялення, відаць, нудзіўся, святочнае дзяжурства было яму ў цяжар. Разоў колькі браў у мяне кроў: то даставаў шпрыцам з правай рукі, то з адкрытай вены на левай, куды капала дэкстроза.

Недзе пасля паўдня доктар уласнаручна зрабіў апошні аналіз. Мая кардыяграма яго не турбавала, бянтэжыў нейкі паказчык у біяхімічным складзе крыві. Праверыў вынікі аналізу і ўздыхнуў з палёгкай. Пасля выставіў мне вялікі палец «з прысыпкай» — аказваецца, рух гэты міжнародны,— сказаў «гуд»: хутка пойдзеш дамоў. Я павесялеў, а ён, каб павесялець, зрабіў пэўныя захады.

Схадзіў у кафетэрый, пад’еў і вярнуўся за сваю агароджу. Пасля — балазе хворых заставалася толькі двое — хлапчук і я, і абодвум не ў галаве, чым ён займаецца, а сясцёр некуды здзьмула, доктар крадком дастаў бутлю спірту, наліў у мерную шклянку і пакрысе цадзіў, разбавіўшы сокам. Я думаў, што тутэйшыя бальніцы ў нейкай ступені застрахаваны ад падобных дзеянняў. Намочаныя ў алкаголі сурвэткі для ўколаў і аперацый хаваюцца ў паветранепранікальных пакетах: трасцы вып’еш, хіба што наясіся марлі.

Тым не менш доктар сербануў крыху прыватнаўласніцкага дабра.

Мы глядзелі тэлевізар, набліжаўся самы даўгі дзень хваляванняў, дзень падліку галасоў і абвяшчэння вынікаў. Вось-вось чакалася выступленне Ніксана.

Амерыканскі друк не раз падкрэсліваў, што ўсе тры кандыдаты ў аднолькавай меры непапулярныя. А яны вылузваліся са скуры, каб набіць сабе цану. Заставаўся нявыкарыстаны магутны сродак — тэлебачанне, менавіта тэлевізійныя дэбаты паміж кандыдатамі. Гэтага ўнікаў Ніксан, але вельмі хацелася Хэмфры — за яго выказалася значна менш амерыканцаў.

Даць дармовы тэлевізійны час асноўным кандыдатам і зачыніць гэту магчымасць для камуністаў і другіх прэтэндэнтаў — справа, якую трэба было ўзаконіць праз палату прадстаўнікоў. Але як сабраць кворум? Рэспубліканцы абавязкова пастараюцца знікнуць з пасяджэння. Таму дзверы палаты прадстаўнікоў былі замкнуты на ключ. Кангрэсмены апынуліся ў пастцы. Прапацеўшы 27 гадзін за наглуха зачыненымі дзвярыма і 45 разоў правёўшы галасаванне, яны прынялі біль, выгадны для кандыдата дэмакратычнай партыі.

Рэспубліканцы не разгубіліся. Калі непажаданы ім законапраект перайшоў у сенат, галасаваць не было каму — загадзя папярэджаныя сенатары-рэспубліканцы не з’явіліся на пасяджэнне.

Існуе папулярны жарт. На запытанне, пра што гаварыў цэлыя 8 гадзін адзін з сенатараў, нехта з камічных акцёраў зазначыў: «Не ведаю, ён гэтага не сказаў».

Хэмфры зрабіў ці мала захадаў, аднак тэлевізійны паядынак кандыдатаў так і не адбыўся. Ніксан не пажадаў ні ўваходзіць у долю, ні выступаць дармова, калі Хэмфры запрапанаваў сплаціць усе выдаткі тэлекампаній. Затое пачуў не адзін папрок у баязліўстве. Што ж, у кожнага свой разлік, пад які вецер лепш падставіць твар.

Усе гэтыя меркаванні пацвярджаюць вельмі добра і доктар і санітарка Моніка. Яна выслаўляецца аднаскладова, але зусім пэўна.

— Кенэдзі? О-о-о!

— Джонсан? Фэ-э-э!

— Ніксан? Ноу!

— Боб Кенэдзі? Гуд!

Доктар нецярпліва ходзіць па зале, а Ніксан так і не з’яўляецца на экране. Я сказаў, што хачу спаць, і ён перанёс тэлевізар у ардынатарскі пакой. Потым вярнуўся і ўзяўся за допыт.

— Хто, па-вашаму, лепей: Ніксан ці Хэмфры?

Я сухавата растлумачыў, што абодва яны вашы і справа амерыканцаў выбраць лепшага.

Доктар, відавочна, быў нездаволены, яму хацелася больш адкрытасці і шчырасці.

— Буду галасаваць за Хэмфры! — гукнуў ён. Пабегаў па пакоі і абвясціў: — Не, за Ніксана! — Яшчэ патупаў: — Шкада, Боба няма.

Адчуў яго няпэўнасць і разгубленасць, захацелася сказаць яшчэ што-небудзь. Злажыў нязграбны сказ прыкладна такога зместу:

— Трэба такі прэзідэнт, каб нашы народы лепш ведалі адзін аднаго і дружылі між сабою.

Доктар пасміхнуўся — відаць, гэта ў нейкай ступені яму пасавала, паціснуў мне руку і лыкнуў чарачку гаспадарскага спірту. Цяпер ужо не хаваючыся.

Моніка нагнулася паправіць падушку і шапнула: «Хэмфры». Яна, як і большасць неграў, бачыць у ім свайго ратавальніка.

А назаўтра шэф шпіталя пад час абходу разнёс таго беднага доктара за аптымізм у ацэнцы майго стану, за недавер да яго шэфскіх прагнозаў.

 

*

Хто выбірае прэзідэнта ў Амерыцы, было ясна яшчэ дома.

Паездка сюды дадала да вядомых усемагутных імён Марганаў і Дзюпонаў, Мелонаў і Ракфелераў менш распаўсюджаныя, але ўплывовыя: Хеці, Хант, Х’юз. Гэта новыя заправілы і верхаводы амерыканскага капіталу.

Прыхільны позірк гэтага нікім не выбіранага, але найвышэйшага парламента, нікім не сфармаванага, але наймагутнейшага ўрада, распарадчыка ўсіх лёсаў Амерыкі, упаў на аднаго чалавека. Хто стане прэзідэнтам, можна было з пэўнай доляй верагоднасці адказаць ужо ў сярэдзіне года. Імя Ніксана назвалі: з’езд банкіраў у Чыкага, сто прэзідэнтаў самых буйных карпарацый і 75 працэнтаў бізнесменаў, апытаных газетай «Нью-Йорк таймс».

І вось зараз мінула 16 гадзін няспынных падлікаў галасоў, прычым мазоліліся не людзі, а электронныя машыны. Пацверджана перамога Ніксана, рэспубліканца. Выбаршчыкі галасавалі не столькі за прадстаўніка рэспубліканскай партыі, колькі супроць кандыдата дэмакратычнай, нагрэўшыся ў пагоні за прывідам «усеамерыканскага шчасця» на працягу васьмі год, калі гэта партыя стаяла пры ўладзе.

Маючы сякія-такія весткі аб усім папярэднім, я не ведаў, як выбіраюць прэзідэнта. Уявіць гэту валаводную справу дапамог грунтоўны артыкул у «Известиях» акурат пад такою назваю «Як выбіраюць прэзідэнта». І другі — «ЗША: анатомія выбараў».

Выбары прызначаюцца, дакладней кажучы — прыпадаюць, няйначай вялікдзень па праваслаўным календары. Толькі не на першую маладзіковую нядзелю пасля вясновага раўнадзенства, як тое свята, а на першы аўторак пасля першага панядзелка ў лістападзе. Не ведаю, якімі заканадаўчымі актамі ўзаконена такое палажэнне. Схілен думаць, што праз амерыканскую забабонлівасць: баяцца панядзелка, як і лічбы 13 — у нумарацыі паверхаў ды яшчэ ў некаторых выпадках яна проста прапускаецца.

І ўсё ж Ніксана адразу ж назвалі — прэзідэнт меншасці! За яго пададзена 44 працэнты галасоў (акругляючы). Зусім даволі, каб атаўбавацца ў Белым доме. Простая арыфметыка паказвае, што большасць (56 працэнтаў) не прыняла кандыдата. Вось чаму ўзнікла і пайшла гуляць тая крыўдная мянушка.

Партыя рэспубліканцаў церпіць маральнае паражэнне: у сенаце іх 42 (пры 58 дэмакратах), а ў палаце прадстаўнікоў 192 супроць 243 членаў дэмакратычнай партыі.

Тут не надта разгонішся: праціўнікі прылаўчацца стаўляць перашкоды і нечаканкі супроць непрыдатных ім захадаў у самой краіне і за яе межамі.

 

*

Высвятляецца, што выбарчыя справы не скончаны: прэзідэнта трэба выбіраць яшчэ раз. 5 лістапада прагаласавалі толькі за выбаршчыкаў. Лічба іх не выпадковая, яна складаецца з колькасці сенатараў і членаў палаты прадстаўнікоў. Вось гэтыя выбаршчыкі павінны сабрацца на адпаведную цырымонію, для чаго таксама ёсць тэрмін — 16 снежня, тады толькі будзе абраны прэзідэнт.

Аднак гэта праформа і бутафорыя. Што зроблена, тое зроблена і не пераробіцца. Адзначу толькі адну хітрую рэч: уласна выбаршчыкі падаюць голас за спісы выбаршчыкаў прэзідэнта. Часамі перавага, нават на адзін голас, аддае ўсіх выбаршчыкаў штата таму ці іншаму кандыдату.

У той час, калі закладаліся асновы амерыканскай канстытуцыі, двухступенныя выбары давалі пэўную гарантыю, што будзе абраны самы дастойны. Цяпер... Але мы ўжо гаварылі аб тым, хто выбірае прэзідэнта. Тое ж робіцца і з яго выбаршчыкамі, іх падбіраюць пануючыя партыі па прынцыпе безадмоўнага выканання загаданага ці запрапанаванага.

Некалі прэзідэнцкія выбаршчыкі маглі збракаваць усіх прэтэндэнтаў і паставіць гаспадаром Белага дома зусім нечаканую кандыдатуру. Маглі перадаць гэту справу на вырашэнне кангрэсу, калі ніводзін кандыдат не атрымліваў большасці. На жаль, гэта было калісьці. Зараз усё ператварылася ў падробку пад дэмакратыю, у больш-менш зладжаны аркестр з тонка арганізаванай праграмай, падуладны аднаму ківу пальца паноў мільёнаў і мільярдаў.

У выбарах удзельнічала мала больш за дзве траціны насельніцтва краіны. Для астатніх пастаўлены шматлікія рагаткі. Маеш цэнз грамадзянства і аселасці, ёсць у цябе транспарт для праезду на выбарчы ўчастак, можаш адарвацца часова ад работы — тады галасуй! Нарэшце, трэба ўмець чытаць і распісвацца, а граматай — у Амерыцы! — не ўладае звыш двух мільёнаў чалавек. Прыкінь на лічыльніках усе гэтыя катэгорыі абдзеленых магчымасцю выкарыстаць сваё грамадзянскае права, і за бартом выбарчага карабля апынецца блізка 50 мільёнаў амерыканцаў.

Пасля ўсяго гэтага 37-му прэзідэнту як быццам няёмка рабіць заяву, што ён не стаўленік рэспубліканцаў, а глава аб’яднанага народу. Такія слоўцы былі кінуты ім у атэлі «Асторыя Уолдарф» перад адбыццём у Фларыду. Столькі папацеўшы і папараспінаўшыся, можна і адпачыць. Аднак ён зробіць візіт Эйзенхаўэру. Цікава, як прыме былы прэзідэнт свайго былога віцэ.

Прагаласуй усе абыдзеныя і абдзеленыя, можа зусім іншая асоба стала б пры стырне кіравання на цэлыя чатыры гады. Можа гэта быў бы Шарлен Мітчэл ці Майк Загарэла, кандыдаты, якіх упершыню за многія гады здолела адкрыта высунуць камуністычная партыя, выйшаўшы цяпер на нацыянальную выбарчую арэну як самастойная сіла. Гэта гаварыў Гэс Хол, генеральны сакратар кампартыі ЗША. Мітынг, дзе ён выступаў, быў мнагалюдны і гарачы: прэч усяўладнасць манаполій, няхай жыве мір і сацыяльная роўнасць! Грымелі апладысменты ў гонар камуністычных кандыдатаў, у гонар салдата, кінутага ў турму за адмову забіваць мірных людзей у В’етнаме.

Як не ўспомніць бессмяротнага Маркса! Яго словы, што камуністычныя ідэі, «якія аўладаюць нашай думкай, падпарадкуюць сабе нашы перакананні і да якіх розум прыкоўвае наша сумленне,— гэта повязі, з якіх нельга вырвацца, не разарваўшы свайго сэрца».

Добры ўсмешлівы дзянёк! Братка мой мілы! Ты пачаўся з сонечнага промню, сонечнай усмешкі сястры-азербайджанкі, сонечнай надзеі!

Стань жа для мяне днём сапраўднага акрыяння!

 

*

Пасля снедання глядзеў па тэлевізары прыборку кукурузы камбайнамі. Барабаны іх падобны на кажухі турбін. І зусім гэта не гаматнае збудаванне, хутчэй наадварот — вельмі кампактнае. Таксама сеялкі: кароткія, даволі шырокія рукавы, з іх і сыплецца, калі трэба, зерне, а калі — угнаенне.

Потым нейкі марскі начальнік растлумачваў з экрана, як абараняюцца марскія рубяжы ЗША, паказваў магутную лінію берагавой абароны. Авіяматкі, ракетаносцы, быстраходныя манеўраныя судны. Перадача вельмі адкрытая, адно толькі ясна: не для пахвальбы. Ці не застрашваюць амерыканцаў магчымасцю нападу, каб лягчэй апраўдаць гэта ліхаманкавае, несутрымнае намнажэнне запасаў страшнай зброі?

Потым пайшла душаўратоўчая размова нейкага пажылога містэра з манашкай Мары Корд пад літаральнай назвай: «Грып (інфлюэнца) антымаральных кніг».

Знудзела. Пераключыўся на другі канал. Такую ж лухту неслі пратэстанцкі, а потым і каталіцкі пастары. Усе астатнія каналы забіты адным і тым жа: нядзельныя забавы бацькоў з дзецьмі. Усе такія ветлівыя, уважлівыя, гатовыя да ўзаемных паслуг, што агартае зялёная нуда. Можа праз гэту ўяўную дабрачыннасць і цягне тутэйшых людзей на вестэрны, прыгодніцкія душа- і целазабойчыя фільмы.

 

*

Пазней нашы бальніцы пасцілалі мне яшчэ зручнейшыя ложкі, абкружаючы цёплай рупнасцю і ўважлівым доглядам. Аднак успамянём стваральнікаў тутэйшай мэблі. Яна такі дапамагла хутчэй вылузацца са шпітальных кіпцюроў.

Нячутны, зусім слабенькі дотык да кнопкі падымае ложак угору, апускае ўніз, ставіць парэнчы, каб хворы не бразнуўся доле, пад’язджае разам са спінкай і падушкай на патрэбны табе ўзровень. Матрац у палавіне згінаецца, і вось ты ўжо маеш крэсла,— падпірае плечы на час абеду ці калі захочацца пасядзець.

Гэтыя маніпуляцыі, апрача пад’ёму ног, можа прарабляць і сам хворы, падужэўшы, як я цяпер. Пры ложку — столік на адной назе. Яна зверху трымае настольную скрынку, а знізу ўманціравана ў цялежку з чатырма кольцамі, каб пасоўваць стол уздоўж ложка і ўправа або ўлева. Скрынка падымаецца на якую хочаш вышыню для галення, для яды і, нарэшце, для пісання. Дакранешся пальцам — і гатова: стол стаў, як табе зажадалася.

Ёсць і яшчэ выгоды. У стала — дзве накрыўкі. Верхняя, драўляная, пакрыта пластыкам і ходзіць на шарнірах, ніжняя — пластыкавая. Між імі, я казаў ужо, скрынка з перагародкамі. Там у мяне брытва, блакнот. Калі накрыўка ссунецца на шарніры, падымаецца люстэрка, прылада, няшкодная ў шпітальным абыходку, асабліва для жанчын. Бывае, што столік паставяць другім бокам, ён служыць і ў такім становішчы: накрыўка ссоўваецца ў іншы бок, але адкрывае тое ж люстра і скрыначкі.

Зручна, і не трэба лішні раз турбаваць людзей. Абы толькі на падлогу не загрымела што, тут ужо сам не дастанеш.

Праўда, усе гэтыя выгоды даўным-даўно і ў многа крат аплацілі хворыя. За тое, што ляжу тут я, напэўна, усе падшыпнікі да сталоў і столікаў можна было б замяніць сама менш на плацінавыя. А заместа змазкі ўжываць што-небудзь накшталт славутай амбры, а то і міры, той самай, якой парфумавалася царыца Саўская перад агледзінамі біблейнага нарачонага.

 

*

Абедаў са смакам — зноў печаная бульба. А прыёмнічак голасам ксяндза (польская перадача) дзёўб ружанец, а потым скардзіўся на заняпад маральнасці, асабліва сярод моладзі. Ёй, бачыце, трэба не запуск ракет, а маральны грунт, апора, якой належыць пільнавацца. Потым той жа голас расказваў пра Марыю Магдаліну. Вырашалася немалаважнае для свету пытанне: даводзіцца яна сястрой уваскросшаму Лазару ці не.

Не менш грунтоўна і карысна гаварыў Карл Кац, дырэктар яўрэйскага музея ў Нью-Йорку. Гэты калупаўся ў карэнні юдаізму на адлегласці 3000 год.

Усё жыццё абабягаў бальніцу за трое ганей, як гаварылі дзяды. Адзін толькі доктар злаўчыўся, паклаў-такі, і перш за ўсё на аперацыйны стол. Але гэта быў незраўнаны М. І. Бобрык. Потым, рана і ўвечар, прыходзіў у палату і, глянуўшы на мой свежазашыты бок, рабіў выгляд бесклапотнага веселуна:

— Глянь сюды! Вось гэта шоў! Ні адзін кравец так не патрапіць. Дык няма чаго гультаяваць, уставай.

І я ўстаў. Праз дзень ці два дабраўся самастойна да яго ў ардынатарскую, прынёс кніжку.

— У парадку абмену аўтографамі? — ён прачытаў уголас дарчы надпіс.— Жартуеш, хлопец, значыць, можна дамоў тупаць.

Сапраўды, хутка я ўжо сядзеў каля агню ў прыгарадным лесе і слухаў Коласа. Дзядзька Якуб расказваў смешнае пра хворых і дактароў, не прадчуваючы, што неўзабаве той самы Мікалай Іванавіч і яго вырве з лап смяротнай небяспекі.

За Коласам прыглядваў тады С. В. Ліярынцэвіч, лёгкага сэрца і лёгкай хады чалавек. Ён так і памёр у хадзе, спяшаючы некуды на выклік. Я меў магчымасць атрымліваць яго парады і бачыць, як ён абыходзіцца з людзьмі.

Добра распытаўшы хворага — што і як, Сяргей Восіпавіч даставаў стэтаскоп, заслужаны, ці не з часоў працы ў земскай бальніцы. І тут жа адкідаў: выслухваў проста вухам. Потым выціраў акуляры, зазіраючы з-пад іх вачыма ў вочы:

— Гэтага не скажа кардыяграма. Не ўчуе фанендаскоп, і не выкрые рэнтген. Толькі чалавек можа, не глухі. Бачыш, як я сябе хвалю?

Разважваў пацыента, а далей усё больш сур’ёзна:

— А цябе не пахвалю, як сабе хочаш. Парок, і ад нараджэння. Клапаны недзе прыпсуты. Засланкі, разумееш? А ў добрай печы павінна быць шчыльная засланка. Каб дух не выходзіў. Тут хірург патрэбен з душою і рукамі Бобрыка. А мая рада — такая...

Дыягназ ставіўся адразу, і неабвержны, як цяпер кажуць, жалезны. Парад давалася не шмат, але вазьміся за іх шчыра — і паможацца.

С. М. Мялкіх такою ж лёгкаю рукою адагнаў сухоты ад майго юнацтва. І яшчэ аднойчы выбаўляў з вялікага болю. Зрабіў, што мог, сядзеў каля ложка, чакаючы, каб крыху адпусціла. Прыйшлі сябры і адразу ж прыгадалі вясёлыя радкі на сумны выпадак:

 

Он много ел, он много пил,

Он превратился просто в бочку,

И кто-то камень положил

В его протянутую почку.

 

Сяргей Міхеевіч не падтрымаў весялосці, стала неспакойна. Тым часам ён падняўся.

— Я вось аб чым думаў. Праз колькі дзён 1-е Мая. А яму,— кіў галавою на мяне,— толькі чай з лімонам можна. Дык што рабіць?

Ну, гара з плеч, пранесла. А стары прафесар вельмі чула і добразычліва гаварыў:

— Я да вас перад святам зайду. Калі не будзе балець, возьмем па кроплі. Толькі за адзін раз, не націскаючы на закуску. І — чысценькай.— Сяргей Міхеевіч зрабіў страшныя вочы: — Шампанскае — выбуховая сумесь.— І толькі тады дазволіў сабе пасміхнуцца.

Як тут смуткуецца па іх, такіх нашых дактарах! Умелі ж неяк жартам асцерагчы, не сварачыся насварыцца, усмешкай паставіць на ногі. Як хораша ўспамінаецца пра іх!

Сэрца лечаць сэрцам! Гэта ведаў рускі мастак Левітан і гаварыў так не без падстаў: ён быў сябрам рускага доктара Чэхава.

 

*

Што датычыць канструктараў мясцовай бальнічнай мэблі, дык ад іх не адбярэш дасціпнасці і вынаходлівасці. Я пачынаю асвойваць некаторыя канструкцыі. Наколькі хапае сілы ў руках. Праўду кажучы, забаўляюся, хутчэй мінае час.

Вось тумбачка. Драўляная, пакрыта такім жа, як і стол, шэрым, падобным па рысунку да тканіны, пластыкам. Чатыры ножкі па кольцах, якія свабодна пакручваюцца наўкруг восі, вертыкальна і гарызантальна. Ківаю пальцам — і тумбачка падбягае ці далікатна адступаецца. На задняй сценцы ўздоўж яе ходзіць настольная лямпа, нібы прапануе: хочаш, падсунь мяне бліжэй, а калі надакучу — шпіргні, я ад’едуся. Раблю і гэта.

Лямпа — пад абажурам, але можа закрывацца матавым каўпачком. Стаўлю яго як найзручней вачам, каб не рэзала, віднаты можна дадаць па жаданні.

Напакавана мая тумбачка — як пасажная скрыня ў старое дзеўкі. Тры скрынкі, і ў кожнай на падносе, яго лёгка выняць і вымыць, розныя рэчы з галіны санітарыі і гігіены, трубачкі для халоднай вады, сурвэткі для галення. Галоўнае — прыхованы такія-сякія лекі, нашы мінскія — валідол і аспірын. Ужо гэта адно апраўдвае існаванне ўсіх шафак і спратаў.

Вялізныя крэслы доўгі час здаваліся мне цяжэразнымі, да іх я не дабраўся, але ведаю, што яны слухаюць мезенца самай кволай з сясцёр. Камода — таксама паваротная і даволі спрытна бегае па пакоі. Гэта прарабляецца пад час прыборкі. Скрынкі яе пахнуць яблыкамі і мандарынамі: дзякуй, падносяць добрыя людзі.

Мая сястра кожны дзень абавязкова валачэ аднекуль і прыхоўвае ў камоду лішні камплект усялякай бялізны — настольнай, пасцельнай і нацельнай. А гэта і не трэба зусім, бо рана і ўвечары ўсё здзіраецца і з хворага і з ложка і, хочаш не хочаш, абавязкова змяняецца. Але такая ўжо стала чалавечая натура: горне ў запас, нічога не зробіш — такі ўжо тут свет, старайся чаго-небудзь на чорны дзень.

 

*

25.ХІ. 18.10. Сёння доктар павінен вырашыць — вучыцца хадзіць ці зноў ложак. Глынуў пілюлю для спакою. Восем хвілін сядзеў на ложку, звесіўшы ногі, і махаў імі па чарзе. Вось куды мы сягнулі! Слабасці не адчуў, ціск не падскочыў, пульс таксама. Заўтра дазволена пасядзець два разы і па дзесяць хвілін.

Усё-такі ўпацеў і забалела пад лапаткай. Ну, гэта, напэўна, са страху.

 

*

«Ікона і тапор» — здаравенны тамішча, выпушчаны ў 1966 годзе. Мнагазначны падзагаловак — «Парадоксы рускай гісторыі». Гэта азначэнне, уласна кажучы, і сфармавала аблічча кнігі. Усё асвятленне тут супярэчыць здаровай развазе і сэнсу падзей. Ці голая выдумка, ці падтасоўка і фальсіфікацыя даўно вядомага, толькі паднесеная з выглядам, нібыта зроблена першаадкрыццё. Грозны, Пётр І і Сталін абагулены знакам роўнасці. Што датычыць тапара, які фігуруе ў назве, дык пад яго ценем падаюцца і Чарнышэўскі, і змоўшчык Нячаеў, і... чэхаўскі «Вішнёвы сад».

Вось ужо сапраўды: бацька з-за вуха сячэ, а дзеці кажуць — габлюе.

Хіба толькі дэльфіны, калі навучацца нашай грамаце, павераць гэтай пісаніне.

 

*

Галоўны прынцып лячэння тут — не даваць памерці. Сказаць — прынцып, бадай, будзе затлуста. Проста чалавеку не пакідаюць вольнага часу. Варушаць і варушаць: то кардыяграму робяць, то кроў бяруць, то прымушаюць глынуць парашок, то бяруцца вышароўваць даўно вышараваную тваю грэшную скуру. Вось і цяпер пасля агляду — амавенне, а гэта настройвае на хвалю лагоднасці.

Першую ноч у шпіталі, дый перад гэтым ноч яшчэ ў сваім пакойчыку, ляжаў заліты халодным потам. Пасля, сам не разумеючы чаму, не мог урымставацца, усё здавалася, што недзе поруч прыхаваўся стары местачковы казёл.

Тут і з’явілася Анджэла, анёльскага хараства, дакладней — добрага славянскага тыпу, дзяўчына, вельмі маладзенькая. Спачатку доўга лапатала, і я не мог зразумець, чаго яна дамагаецца. Але ў гаворцы часта паўтаралася слова «вошэ». Я ўспомніў «вашэн» (мыць) і радасна заківаў галавою: «іес».

Анджэла на першы раз збольшага ахаяла мяне — заміналі датчыкі,— здавалася — скінуў з плячэй мех камення, папацягаўшы яго цэлы дзень, і апынуўся ў прахалоднай рачной хвалі.

Назаўтра з раніцы негрыцянка Моніка выдала поўны і вельмі грунтоўны курс мыцця. Як быццам шаравала не стараватага мужчыну, якому было крыху сорамна, а выпалосквала і выкручвала мужчынскую кашулю.

Чалавек ляжыць, як калода, яго падцягваюць крыху ўгору, рукамі і з дапамогай рухомага ложка, і пасля кладуць зусім проста. Пад бок — ручнікі, і пайшоў па табе гуляць вехаць — губчатая папера страшэннага мацунку. Не даючы ані перадыхнуць, павозяць па скабах чыстым кавалкам такой жа паперы, і ў ход ідзе ручнік. Далей — націранне нейкай не вельмі пахучай жыжкай і лёгкі масаж.

Гэтак і трэба, бо замест здаравенных мускулаў, якія насілі мяне па ўсіх радашковіцкіх, лагойскіх і плешчаніцкіх грыбных мясцінах, пад скурай варушацца шматочкі ваты!

Пасля гэтага калоду (гэта я не пра ўсіх хворых, толькі пра сябе) паварочваюць на спіну ці на бок. І ўсё паўтараецца.

Заключная працэдура — дзякуй богу, усё канчаецца! — мяняюць наўлечкі і даюць чыстую распашонку, кароткія рукавы, завязка на патыліцы, як і ў нас. Зручна для дактароў, кардыёграфаў, лабарантаў, дый хвораму не трэба рабіць лішняй фатыгі. Споднікаў і нават трусоў не паложана.

На астатку — на табе, нябожа, свежае прасцірадла, а зверху нешта шчыльнейшае. І чалавек адчувае сябе на ўзроўні выкупанага і спелянанага немаўлёнка.

Відаць, гэта ўтрымала на белым свеце больш, чым усе хвалёныя «найноўшыя» спосабы лячэння, чым задаюцца шпітальныя эскулапы. Магутная справа — вада!

Праўда, вытрымліваць такія цырымоніі, ды яшчэ два разы на дзень, цяжкавата. Рабіў спробу выкруціцца — дарэмна! Хоць плач, а мыйся. Еш селядца з галавою, за ўсё грошы плачаны — здзекуецца кплівая прыказка.

 

*

Адведалі мяне Том-электрык і Джо-водаправодчык. Гэты нязграбна расказвае, што выехаў па рэпатрыяцыі ў Польшчу, а адтуль трапіў сюды, балазе адшукаліся сваякі... У яго нядобрыя вочы і вельмі жорсткі выраз твару, ніжняя сківіца выступае ўперад.

Выхваляецца жыццём. Кажа, у нас зарабляў мала, а тут ніхто менш як долар і 60 цэнтаў за гадзіну не мае. Жонка з сынам нібыта гавораць па-польску, а ён — па-руску.

Гісторыя як бы выдумляецца адмыслова для мяне і таму робіцца малацікавая.

Том — югаслаў, гэта яго амерыканскае імя. Цікава, як яго звалі дома: Хама, Тамаш?

Том, пабачыўшы, што я адужваю, прапанаваў прынесці з кафетэрыя чаго-небудзь смачнага, менавіта спагеці — даўжэзныя макароніны. Спага — вяроўчына, шнур. Ці не адсюль наш шпагат?

 

*

Цяпер ужо ўсе згадзіліся, што, прывёзшы ў бальніцу чалавека, добра мытага дома, ды яшчэ з гнойным апендыцытам, няма патрэбы змушаць яго лезці ў глыбокую ванну. А потым пераапранаць у бальнічнае і траціць на гэта процьму часу, так патрэбнага на абследаванне і прыняцце рашэння. Не трымаюцца і за такі метад лячэння — не варухніся! Калі хворыя па месяцу ляжалі нямытыя. Ім жа дыхаць трэба!

Хтосьці з вялікіх нашых медыкаў казаў, што ў доглядзе, як і ў пастаноўцы дыягназу, няма дробязей, усё важна. І раіў абуджаць абарончыя і аднаўленчыя сілы ў арганізме, даваць яму магчымасць дзейнічаць самому, нават крыху гвалтоўна парушаць супакой.

Ну а тут, ці сапраўды той самы догляд, што вяртае паўнату адчування жыцця і магчымасць зноў пераварочваць горы работы? Знадворнага, як кажуць, хапае па самае не хачу. У часе накармілі, далі хіміі глынуць, прыстойна абышліся. Але здаецца як быццам, што стаіць поруч з табой доктар ці сястра і ў той жа час за трыдзевяць зямель. Ды яшчэ за непрабіўной абалонкай абыякавасці. Вось табе на столькі і столькі долараў увагі, на столькі і столькі — усмешкі, лекаў, ежыва. І ўсё, і больш ні паўграма. Не кажучы благога, чысты аўтамат — наліў кубачак кавы па рыску, і ні кроплі наверх.

Як тут не засумуеш па ўнутраным, што называецца, сваім, родным клопаце. Зручна, вядома, перакочвацца на рухомых ложках, пацешна за адзін кіў пальца клікаць да сябе столік або лямпачку. Але кожны, не міргнуўшы, згодзіцца адлежаць не адну, а цэлыя тры бальнічныя раты дзе-небудзь у Нясвіжы ці ў Друскеніках.

Свае людзі! Сваё паветра!

Свой хлеб!

Хіба там адчуваў бы гэтае, ужо нясцерпнае цяпер, ціканне лічыльніка выдаткаў. Цікавая размова або цёплая вада настрояць цябе на некаторую ідылічнасць, а тут — цік-цік-цік! І ўсё атручана.

І я з асалодай пачынаю расказваць шпітальным знаёмым, што ў нас за хваробу, дакладней — за выкурванне яе з чалавека, ніхто нічога не спаганяе.

— Як? — вочы ў Школьніка, хворага на жывот, круглеюць.— Месца ў бальніцы, і лекі, і харчы? І ўсё дармова? Не можа быць.

Я цярпліва выкладаю асновы сацстраху. Іначай не пераканаеш. Гавару — дзяржава дае ўсё дармова. А за зусім няцяжкі, хоць і не дужа прыемны, занятак ляжаць і адужваць табе ідзе яшчэ і зарплата.

— І потым нічога не вылічваюць?

Ён слухае, усё яшчэ не даючы веры, што з грашыма не лічацца. Абы толькі быў цэлы найбольш дарагі для радзімы скарб: ты сам, чалавек, тваё добрае здароўе.

— Дык так жа можна цэлы год на дарэмшчыну пралежаць? — вырываецца ў майго слухача.

І ці я кепска тлумачу, ці ён не можа зразумець, што кожны хворы стараецца на ўсе лапаткі і як найхутчэй адужаць. Бо не прывык, не ўмее, не можа, не хоча быць на ўтрыманні, хай і свае, рупнай, як маці, дзяржавы.

У гэтым пункце нам ніяк не дайсці да паразумення. Псіхалагічная прорва. Прыгнечаны драпежным ладам жыцця, чалавек не можа ўявіць, як гэта адмовіцца ад чаго-небудзь дармовага, не павярнуць яго ў сваю асабістую карысць.

Што зробіш! Усіх доказаў і казыроў не прывядзеш. Нашай гаворцы і так можна надаць «чырвоную» афарбоўку і звінаваціць у «антыамерыканскай дзейнасці».

 

*

Праца і розум чалавека заслугоўваюць пашаны ўсюды і заўсёды, калі толькі накіраваны на карысць сабе падобных.

Я помню і паважаю добрую работу тутэйшых людзей. Таму што ведаю смак працы. Тут — яна несалодкая.

Мая сталая сястра, негрыцянка, робіць амавенне паволі, грунтоўна, жулікаваты іспанец — спяшаецца, абы з рук, найлепш — ірландзец, пра якога я ўжо гаварыў. Пасля «Белавежскай» яго стараннасць падвоілася.

А якія красуні займаюцца гэтай чорнай паганай работай! Анджэлу я ўспамінаў, запомнілася і маладзенькая яўрэйка, чыстая Юдзіф. А ўчора прыйшла такая прыгажуня, хоць вочы засляпі. Маці яе руская, бацька — азербайджанец. Смуглы колер твару, зубы — як статак выстрыжаных авечак, так, здаецца, убачыў іх Саламон у свае Суламіфі, усмешка — тут і Саламонава параўнанне з пунсовай стужкай не цягне.

Я не адважыўся на працэдуру мыцця, папрасіў дазволіць абцерціся самому, маўляў, у яе стае турботы. Шкада, не было кветкі, давялося толькі пачаставаць яе яблыкам і мандарынам. Праўда, і сталыя сёстры хрумстаюць у мяне садавіну, а яны за адно дзяжурства маюць не скупа.

 

*

Хай не здадуцца прыведзеныя вышэй падрабязнасці занадта спецыфічнымі. Яны пэўным чынам падкрэсліваюць знадворнае ў вобліку краіны, у яе побыце і, галоўнае, у людзях, у іх адносінах адзін да аднаго. Знадворнае сіліцца калі не перарасці, дык падмяніць сабой сапраўднае напаўненне жыцця, яго духоўны стрыжань і змест.

Супроць гэтага я абвясціў бунт на самым пачатку кнігі. І пакрысе назбірваю факты. Каб у поўным баявым падысці да асноўнага ва ўсёй гаворцы. Да таго, што ахрысцілася ў маім уяўленні ёмкім слоўцам — тара!

Хутка і аб ёй. А папярэдне папрашу на некаторы час увагі.

 

*

Джонсан абяцаў падараваць свету, не толькі амерыканцам, «вялікае грамадства». Даў вайну ў В’етнаме. Пры ім моцна хістануўся долар, што, як кажуць, зачыніла Джонсану дзверы ў Белы дом на новы тэрмін. Але на адыходзе старанна забяспечыў тылы. Павялічыў аклад прэзідэнту, а сама больш паклапаціўся пра экс-прэзідэнта, пра сябе:

пенсія,

аднаразовая дапамога на пераезд з Вашынгтона, штогадовая сума на розныя патраты, бібліятэка-музей, дзе будзе некалькі сот тысяч фатаграфій з фізіяноміі экс-прэзідэнта,

помнік на пагорку ў Тэхасе, а ў падмурку такі ж самы кабінет, які меў у Белым доме, самалёт і верталёт, пажыццёвая ахова.

Пашаны і зажытку не на аднаго. Хапіла б і на сапраўды вялікага.

 

*

Сродкаў рассунуць шпітальныя сцены ў мяне не сказаць каб багата: тэлевізар, прыёмнік, газета. Аднак прыходзяць сябры, яны дапамагаюць час ад часу вырывацца, і я чую, чым жыве свет. Тым жыву і я, прапускаючы ўсё праз яшчэ не адужаўшае сэрца.

Мне чуваць галасы студэнтаў Бастона, Лос-Анджэлеса, на плошчы Юніён у Нью-Йорку, на вуліцах Чыкага. Яны не хочуць «выбараў без выбару», яны супроць вайны, супроць ператварэння сродкаў палепшання дабрабыту ў сродкі вынішчэння людзей.

Салдат Уільям Брэйкфілд пакінуў месца свае службы: цягаць салдацкую лямку — значыць падтрымліваць урад з яго мілітарысцкай палітыкай. 150 студэнтаў нью-йоркскага Сіці-Коледжа абвясцілі будынак студэнцкага цэнтру сховішчам Брэйкфілда і пяць дзён не пускалі туды паліцыю.

Не помню назвы невялікага вашынгтонскага скверыка. Мы былі там у канцы кастрычніка, дзякуючы ласкавай увазе мясцовага карэспандэнта маскоўскай газеты. Гэта месца, дзе звычайна збіраюцца хіпі. Хацелася калі не атрымаць уяўленне аб гэтым своеасаблівым руху пратэсту, дык хоць падысці ды паглядзець на носьбітаў нездавальнення навакольным.

На скверыку рыхтавалася дэманстрацыя. У падтрымку ваеннаслужачых, якіх караюць за дэманстрацыі супроць вайны. Каля ста хлопцаў і дзяўчат, не ў лахманах, але апраненых зусім сціпла, хадзілі ў абдымку па траве, курылі, перагаворваліся. Стаялі прыпёртыя да дрэў транспаранты з пратэстуючымі заклікамі.

Дэманстранты меліся вось-вось рушыць. Мы пагаварылі з адной групай, падышлі да другой, купілі ў іх спецыяльна выпушчаныя да гэтага дня значкі. Як быццам наладжваліся някепскія адносіны, і мы папрасілі дазволу зрабіць фатаграфічныя адбіткі. Некалькі чалавек згадзілася. Тут падхапіўся вузкатвары невялічкага расточку чалавечак, хутчэй юнак, чым мужчына, у вайсковай, нядаўна памытай, нявыпрасаванай гімнасцёрцы. Ён сярдзіта закрычаў, што мы, паехаўшы ў Маскву, будзем пісаць ману аб Амерыцы і падмацоўваць здымкамі. Не дазваляйце фатаграфаваць! А вы, гэта значыць — мы, валіце, адкуль прыйшлі.

Ад намеру давялося адмовіцца, але мы пастаялі-такі поблізу, пакуль дэманстранты няроўным ланцугом не падаліся ў бок рэзідэнцыі прэзідэнта.

Гэта толькі бледны водгук усеагульнага ўзрушэння моладзі. Не паспелі аціхнуць хваляванні ў Калумбійскім універсітэце, як падняўся Нью-Йоркскі. Каля дзесяці дзён ішла ўструшня, будаваліся барыкады, успыхвалі пажары на Вашынгтон-скверы і ў Бронксе. Баранілі студэнта Хатчэта. Яго выключылі. Як можна! Кандыдатаў у прэзідэнты вінаваціць у расізме студэнт, да таго ж негр!

Сан-францыскія дэманстранты неслі лозунгі «Вярніце салдатаў дамоў!». Сярод іх можна было бачыць вайскоўцаў, а на вуліцы выйшла каля 7 тысяч чалавек.

Гэта было ў сярэдзіне кастрычніка. А ў пачатку лістапада той самы Чыкага, што абсыпаў Ніксана канфеці, выйшаў на антываенны мітынг.

 

*

Ніксан, стоячы поруч з Джонсанам пры ўваходзе ў Белы дом, зрабіў заяву. Поступ у вырашэнні міжнародных праблем можа выявіцца, калі другі бок зразумее, што с ё н н я ш н я я адміністрацыя праводзіць палітыку, якую працягне б у д у ч а я адміністрацыя.

Якога ж поступу можна чакаць, уласна кажучы, пасля гэткага выслаўлення? А яшчэ раней ён казаў: «Важна, каб Амерыка гаварыла адным голасам, прэзідэнта, нават калі той будзе хутка заменены іншым».

Зрэшты, такія меркаванні не ў навіну. «Вы заўсёды можаце пачуць праўду ад амерыканскага дзяржаўнага дзеяча пасля таго, як яму мінула семдзесят гадоў або ён адкінуў надзею стаць прэзідэнтам».

Амерыканцы атрымалі гэта папярэджанне ад вядомага ў свой час дзеяча Вендэля Філіпса пад час абрання Лінкальна, ледзь не стагоддзе назад.

Нейкі сталяр, сямідзесяцігадовы дзед, дачуўшыся пра перамогу Ніксана, схапіў вінтоўку і на сваёй 166 Іст-стрыт дзесяць разоў стрэліў. Не высветлена адно, ад чаго ўсхадзіўся стары: ад радасці ці ад абурэння. Дома ў яго знайшоўся цэлы склад зброі.

У гэтага стральца хоць зачапка была. А невядомы Джозеф Баталья сядзіць у сваім пакоі ў Брукліне і страляе сабе з акна раз-поразу. Хто б ні ішоў міма. Вінтоўка 22-га калібру, апрача таго знайшлася паляўнічая стрэльба і чорт колькі патронаў.

На ўсіх скрыжаваннях раструблена, што вінтоўка, купленая Освальдам, можа быць прыслана і вам за 12 долараў 78 цэнтаў. З паштовымі выдаткамі.

Праўда, паводле новага закону патроны будуць прадаваць тым, хто дасягнуў 21 году. Але ж толькі пісталетныя! Вінтовачныя, як і самі вінтоўкі, купляй каму зажадаецца. Вось і даводзіцца сенатарам разводзіць рукамі, не ўмеючы саўладаць са страхам перад злачыннасцю: «Ён праследуе нас усюды — калі мы працуем, ходзім, спім». Гэта з прамовы апошняга Кенэдзі, Эдварда, у штаце Заходняя Віргінія.

Пры такой колькасці зброі — за адзін 1967 год прададзена каля 5 мільёнаў штук — не дзіўна, што ў тым жа годзе прасіла рады і ратунку ў паліцыі больш за палавіну насельніцтва Нью-Йорка, а дакладней — 6.200.000 чалавек.

Нездарма Амерыка лічыць сябе найбольш «перадавой» краінай. Яна трымае перад і па злачыннасці. Крыху застарэлыя весткі сведчаць: кожныя 36 хвілін каго-небудзь забіваюць, праз кожныя 16 хвілін здараецца крадзеж з узломам, цераз 14 хвілін — гвалцяць жанчыну. Што датычыць рабункаў, дык тут час скарочан і вельмі ўшчыльнен, названыя справы ідуць адна за адной роўна цераз 2 хвіліны.

Часамі паліцэйскія падзарабляюць яздою на таксі, возяць пасажыраў. Паліцэйскі Пачанепрас вёз маладую пару да Ленокс авеню. Яму загадалі спыніцца і наставілі ў спіну пісталет. Давялося выграбці і аддаць усю выручку — 35 долараў.

Абрабаваны хутка ачомаўся і рушыў услед за рабаўнікамі. Дагнаў, паказаў паліцэйскае пасведчанне і хацеў іх затрымаць. Тыя кінуліся наўцёкі, мужчына схаваўся, а жанчына не паспела — спыніў стрэл у галаву. У рыдыкюльчыку ў яе быў пісталет.

 

*

Сягоння ўразіла багата падзей, падзеек, фактаў і факцікаў рознага маштабу і значэння. Многа было пачута і пабачана. Хацеў параіцца з паперай, але позна.

Таварышы, дзякуй ім, не лічацца, што на адпачынак часу скупавата, прыязджаюць. Калі адзін, калі ўдваіх, а то і ўтраіх. Тады зусім свята. Вось і зараз прывезлі цэлых шэсць лістоў. З добрымі весткамі, людзі помняць, дома ўсе як быццам здаровы. Ды яшчэ нумар «Известий» з маім вершам. Гадоў колькі назад «Правда» падгадала таксама, змясціла верш у дзень, калі нарадзіўся. Цяпер яшчэ больш прыемна — здаецца, здароўя прыбыло.

Сёння і праўда вучыўся аджываць: двойчы сядзеў.

А ногі не трымаюць! Успомніў шафёра Ілью Мікалаевіча, калі яго заспела нерухомасць. «Як жа я вас буду вазіць?» — пытаў ён, сілячыся зрушыць абвіслыя кісці, і заліваўся слязьмі.

На сёння — усё! Зноў перачытваю лісты. Добрай ночы вам, родныя людзі ў Мінску, паклон вам, тутэйшыя добрыя душы!

 

*

Пісаў ужо аб чорнай мажной прыбіральшчыцы, трохі смешнай, трохі бязладнай. Цэлы дзень, не ведаю, колькі дакладна гадзін, але ад відна да цямна ездзіць яна па бясконцых, сліпучых ад зіхцення падлог, люстраў, дзвярэй, шпітальных калідорах. Усё з тою ж вялізнаю, няўклюднаю, як яна сама, скрыняй, поўнай усякага-ўсялякага дабра для навядзення чысціні, мяккіх ануч і прылад для іх механічнага выціскання.

Жанчына ездзіць і ездзіць з надзеяй падхапіць, прыбраць хоць адну-адненькую смяцінку. Няма! Усё роўна папіхай перад сабою скрыню, вазі яе цэлую змену. Іначай страціш работу!

А работа размяркоўваецца, відавочна, паводле колеру скуры. Белыя — дактары і старшыя сёстры, лабаранткі. Проста ў сёстры можа трапіць і хто-небудзь з каляровых або мулатаў, мяшанцаў па крыві, перасяленцаў, асіміляваных палякаў, яўрэяў, італьянцаў або рускіх.

Словам, носяць парашкі і ваду, мераюць ціск і тэмпературу, падаюць ежу — белыя. Чорныя — санітары, яны выносяць розны брудны пасудак пасля хворага.

У доследным пакоі мяне здзівіла адна негрыцянка. Санітарка таксама. Ні на момант не ўпыняючыся, яна гаварыла нешта такое, што ўсе астатнія аж клаліся з рогату. Паказвала, перадражнівала, як сапраўдная артыстка, але, смешачы іншых, сама заставалася непарушна сур’ёзная. Няйначай, яна мела камедыйны талент. І каля майго ложка разыграла камедыйную сцэнку, на здавальненне ўсяе змены сясцёр і дактароў.

— А гэты чаго тут ляжыць? — яна гаварыла прыемным кантральта, у якім чулася нібыта галубінае буркаванне.— Спытайце, няўжо яму няма куды грошы падзець? Гемаглабін і РАЭ як у дзіцяці, ціск быццам у юнака, апетыт — спартсмен пазайздросціць. І кожную раніцу гатоў да дзевак бегчы... Адвярніся, Моніка! Брыдка так лупіць вочы...

Даўшы адрагатацца сваім слухачам, працягвала:

— Куды ты яму падушку пад руку кладзеш? Заместа бэбі? Пакладзі яму лепей сваю галоўку.

Аднойчы, забіраючы абедзенны посуд, весялуха затрымалася. Прыгожы твар скрывіўся, як у дзіцяці. Выхапіла з кішэні фартуха лустачку хлеба ў пакеціку.

— Гэта ўсё, гэта на цэлы дзень. І ў вас так? Тым, хто працуе? — Яна выскачыла з-за фіранкі — у пакой вярталіся сёстры з кафетэрыя.

Сусед, тая самая «скрыпка», расказаў яе гісторыю. Вучылася ў акцёрскай школе, на яе ўскладаліся вялікія надзеі. І раптам бацька стаў інвалідам, маці падтачыла невыгойная хвароба. А сям’я — вялікая. Пайшла працаваць, абы работа, хоць самая чорная. Жартуе: прыкрывае смехам тугу.

Ад таго часу я пакідаў адну страву нячэпанай. І паказваў ёй. І бачыў удзячныя вочы.

Вось і шукай пасля гэтага тлумачэння, чаму толькі палавіна негрыцянскага насельніцтва зарэгістравалася для ўдзелу ў выбарах.

Дарэчы: у прэзідэнты балаціраваўся і негр. Акцёр Дзік Грэгары. Сабраў ён, бядак, усяго некалькі тысяч галасоў.

20 студзеня, у дзень заступлення Ніксана на пасаду, Грэгары збіраецца наладзіць негрыцянскі марш у Вашынгтон. Купіць там дом, афарбуе ў чорны колер і будзе жыць у ім, прыняўшы тытул «Прэзідэнт у выгнанні».

 

*

А насупраць у палаце працягваецца барацьба маладога негра са смерцю. Заўчора здавалася: усё! Ён няўпынна крычаў: ап! (угору). Падумалася, просіць падняць, як многія перад смерцю. Ажно ён загадваў перавесці яго на вышэйшы паверх, аперацыйны. Мусіць, дактары не мелі пэўнасці і не хацелі рэзаць напуста. Аднак з палаты ён знік. Тоўстая чорная жонка, плачучы, збірала транты. Позна ўвечары яго прывезлі на цялежцы, аперыравалі-такі. Дзень перабыў ціха, зараз яму зноў блага. Ванітуе так, што, здаецца, вываляцца вантробы, на ўвесь калідор чуваць.

І адразу ж, як вароны, зляцеліся духоўнікі. То хадзіў патэр ці пастар адзін, а ўчора і сёння лазяць і таўкуцца каля дзвярэй дзве чарнакрылыя манашкі.

Не давайся ні хваробе, ні ім, трымайся, чалавеча! Яны смелыя і красамоўныя, калі небяспека не ходзіць поблізу. Сам папа Павел VI забаяўся ехаць у Ханой. Паслаў толькі «блаславенне» тамтэйшаму епіскапу. А пра паездку доўгі час трубілася даволі настойліва.

 

VII

«Скрыпка» і яе музыка. Папы і манашкі. Ліпкі доктар. Каго і за што кормяць? Што я меўся сказаць на Асамблеі? Антаніёні ў Нью-Йорку. Кіно і тэлебачанне. Кангламерат і нацыя.

 

Тут незлічоная колькасць «ратавальнікаў» чалавечай душы.

У вашынгтонскай гасцініцы нам не забыліся пакласці біблію. Кошт за карыстанне ёю, відаць, плюсуецца на агульны рахунак, як і за тэлефон.

Дакучалі суцяшальнікі і ў шпіталі.

Сусед — хворы з доследнага пакоя — тая самая «скрыпка» нью-йоркскага аркестра. Да таго ж, першая. Вечарамі да яго прыходзіла рыжаватая старая, разам разбіралі ноты і здаваліся вельмі захопленымі таею справаю.

«Скрыпка» жалілася: хвароба вельмі не ў часе. Было адпусціла, яго перавялі «наверх», у палату, дзе лягчэй і спакайней, і раптам зноў «удушша». Усё пачалося спачатку, вярнулі назад, назаганялі пад скуру датчыкаў.

Дні праз два старога забралі зноў. Адзін знаёмы, а ён жыве тут не першы год і добра ведае мясцовыя звычкі, пасміхнуўся:

— А вы бачылі, у яго сапраўды вымалі датчыкі? Можа, толькі пластыры здзіралі?

Музыка занадта настойліва выклікаў на гаворку. Наша першая размова пачалася так:

— Учора ў мяне быў свяшчэннік. Яго высокапрападобіе наведаў, блаславіў і шле вам блаславенне...

Я падумаў, што крыху дзіўнавата ўчора пасылаць блаславенне таму, хто прыйдзе заўтра і менавіта на гэтае месца, у гэты куток, поруч з ложкам, дзе ляжыць блаславёны і знаёмы «яго высокапрападобія».

«Скрыпка» працягвала:

— А ныне (так і сказаў — ныне!) прыйдзе на размову настаяцель наш, вельмі паважаны ўладыка, айцец Аляксандр. Калі пажадаеце, наведае і блаславіць вас.

У горле і ў грудзях у мяне яшчэ стаяў кол, ні паварушыцца, ні дыхнуць.

Я заплюшчыў вочы, зрабіў выгляд, што сплю. «Скрыпцы» чамусьці здалося, нібыта я доктар. Пачаў дапытвацца, па якой спецыяльнасці. Зняможаны, каб як-небудзь адчапіцца, я назваў філалогію.

— Чаму ж гаспадзін доктар не размаўляе па-англійску?

— Я тут месяц...

— А раней? Ваша спецыяльнасць вымагае...

Кажу, што вывучаў польскую, чэшскую, крыху французскую.

Тады ён загаварыў па-сербску, і даволі бойка, потым выцягнуў з-пад падушкі брудную эмігранцкую газеціну на рускай мове.

— Ці не пажадаеце, гаспадзін доктар, свежанькая?

Ад паўторнай прапановы пазбаўляюся, паказаўшы кніжку: вось, маю што чытаць!

Гэта, відаць, не паспрыяла ўмацаванню знаёмства і выратавала мяне ад айца Аляксандра. Ён такі з’явіўся да суседа, вельмі і вельмі ляскоўскі бацюшка, з мясістым носам, шэрымі, зачэсанымі назад валасамі, бародкай, падстрыжанай не лапаткай, а хутчэй веялкай. І страшэнна зацухмолены, ад каўняра свайго ватнага падрасніка да самых пят. Праўда, падкаўнерык быў белы, але не першага дня надзявання.

Яны гаварылі доўга і нудна. Бацюшка жаліўся на халады і адсутнасць цёплай вопраткі, а музыкант спачувальна казаў:

— У мяне ў камодзе, у ніжняй шуфлядзе, ёсць кальсонцы. Яны вам акурат будуць. Бярыце і насіце.

Бацюшка з чыста славянскай удзячнасцю адказваў:

— Так-с! Гэта тое, што называецца — споднікі доўгія.

Акурат так і сказаў, не ісподнікі, як ляскоўскія папы, а споднікі, па-беларуску.

Цяжка было не пасміхнуцца. Відаць, золкі нью-йоркскі вецер моцна задзімае пад крыссе падрасніка. Дый наогул — смешна! Паважная духоўная асоба, з абстрыжанымі ў кружок валасамі і касмылямі бародкі, і раптам — у танненькіх, на тры гузікі, амерыканскіх трусіках.

Тым часам музыкант хваліўся, што да яго зараз павінен прыйсці нейкі «вайспрэзідэнт».

Сапраўды, той не забавіўся. Высокі, чарнявы, у сінім гарнітуры, вочы схаваны за чорнымі акулярамі, хоць у памяшканні іх звычайна здымаюць. Не было патрэбы надзяваць і на вуліцы — дзень удаўся не сонечны, халодны. Дзе тады ягоны плашч і капялюш? Не на вешалцы ж, бо амерыканцы не распранаюцца ў шпіталях, і нашы таксама заходзілі да мяне ў верхняй вопратцы.

«Вайс» зайшоў у бокс да музыканта і стаяў бокам, так, што не быў мне відзён, замінала захінутая да палавіны заслона. Ён гаварыў па-англійску з надзвычайнай стараннасцю і выразна вымаўляў словы, нават неспрактыкаванае вуха пазнавала у ім чужаземца. Гаворка злівалася ў гукавы ланцуг слоўных выбухаў, і гэта вельмі нагадвала гаўканне. Пагаўкаўшы хвілін з дзесяць, таемная асоба знікла. Следам паплёўся і айцец Аляксандр.

Нейкага «вайспрэзідэнта» чуў у перадачы мясцовага польскага радыё. Гаварыў той па-польску кепска, з англійскім акцэнтам, як гавораць людзі, ужо забываючы мову.

Хоць і не клюнуў я на айца Аляксандра, барацьба за маю грэшную душу працягвалася. «Скрыпка» зноў запрапанавала тую ж газету і пакрысе распачала размову. Біяграфія ў гэтага чалавека даволі дзіўная: жыў у Мюнхене, быў пасаджаны ў фашысцкую турму. За перакананні. Якія? — адрабіўся маўчаннем. Уцёк у Амерыку, бо, кажа, на свеце ёсць два няшчасці, роўна небяспечныя: фашызм і камунізм. І нахабна пытаецца: «Правільна?»

Даволі выразна паслаў яго к д’яблу, хоць не шкодзіла б і значна далей. Бо, відаць, такі ён музыкант, як айцец Аляксандр — поп, ці той у сінім — прэзідэнт.

Пасля гэтай размовы маю «скрыпку» ці пасялілі куды ў іншае месца, бо здароўе палепшала, ці проста прыбралі з прычыны поўнай бескарыснасці яго намаганняў. Ён нават і не развітаўся са мной — такі ўважлівы і ветлівы! — і памахаў рукою з парога, пасля таго толькі, як нагадала сястра.

Бессмяротная душа мая не засталася без апекі і пасля пераводу ў асобную палату. Наш доктар апазніўся на пярэбары, і я зноў апынуўся адзін. Вельмі ўзбуджаны, змораны, напалоханы паўторным спазмам. Чаго-небудзь на сон! А сёстры, прыгожанькая Юдзіф і мілая Бэці, якая назаўтра вывучыла спецыяльна для мяне сказ «як пан се маш», не разумелі, якой даць рады.

На дапамогу з’явіўся каржакаваценькі, у акулярах, чалавечак і адрэкамендаваўся па-руску:

— Доктар Чайкін. Чайкоўскага ведаеце? А тут мяне вымаўляюць — Чэйкін. Што спатрэбіцца, скажыце адно слова — Чэйкін. Я — у момант тут, і ўсё зраблю.

Напэўна, ім кіравала звычайнае жаданне перахапіць пацыента. Але нікога іншага поблізу не было. Чайкін падтрымаў: правільна, трэба нечага на сон і спакой. Аднак ён не можа загадаць сястры без «рэзідэнта» паверха, гэта значыць прадстаўніка адміністрацыі.

Неўзабаве прыбег Грычман: зрабілі ўкол. Узрадаваны паслабленнем болю, я праваліўся ў сон, балазе гэтаму спрыяла палатная цішыня.

Колькі спаў, не ведаю, здавалася — прахапіўся адразу ж, адчуў — нехта пазірае ў твар. Зірнуў і я, але не паверыў вачам: попік! Не поп, а менавіта попік. У скуфейцы, валасы як быццам абліты аліваю. Калі айцец Аляксандр быў з папоў, апісаных Лясковым, дык гэты сышоў проста са старонак Мельнікава-Пячэрскага. Расстрыга, п’янюжка і бабнік, за што і пазбаўлены сану. Шчупленькі, чырвоныя з перапою вочкі бегаюць. І такая постаць у Нью-Йорку? Не, прывярзлося, няпраўда! Думаючы, што сплю, каб адчапіцца ад трызнення, спытаў:

— А вы чаго тут, бацюшка?

Прывід не растаў і абазваўся непахмеленым баском:

— Ды так, прыйшоў дазнацца...

Даслухаць, чаго ён хоча дазнацца, не мог. Стрымліваючыся, каб не аблаяцца, растлумачыў: страшэнна хачу спаць, а мне ўвесь час замінаюць.

Попік заспяшаўся да дзвярэй.

— Добра, добра! Не буду турбаваць. Пайду ў палату насупраць.

Усё паварочвалася вельмі нечакана і камічна. Праз боль, праз стомленасць мяне пранізала ўсмешка:

— Насупраць, бацюшка, старая негрыцянка. І вам, такому мужчыну, там рабіць няма чаго.

Сказалася, вядома, крыху саланей. Попік павярнуўся, як на спружынах. Ну, зараз пасыплюцца праклёны, дакоры! А ён нахабнавата падміргнуў у бок мажной прыбіральшчыцы, што, пагойдваючы клубамі, плыла па калідоры:

— Яно справядліва... Вось ежэлі бы гэта...

Не паспеў выветрыцца з палаты папоўскі дух, як у нагах ложка ўзнікла рудзенькая, як нявыліняўшая мыш, манашка. Загаварыла па-славацку. Калі што трэба, рада дапамагчы. Яна штодня ходзіць у касцёл і абавязкова памоліцца за маё здароўе. А то і купіць можа якую рэч.

Безуважна сказаў «дзякуй, пані» і, умасціўшыся зручней, заснуў без ніякіх прыгод да самай раніцы.

А шостай гадзіне прыйшла сястра і сунула ў рот тэрмометр. За ёю стаяла нешта больш маладое і прыгожае, трымаючы на руках цэлы латок іконак і малітоўных кніг. Паспрабаваў адгаварыцца няведаннем мовы, аднак маладзенькае стварэнне падало мне евангелле на рускай і на польскай мовах і пачало выбіраць абразкі са славянскімі надпісамі.

Прывезці евангелле з Нью-Йорка — спакуса вялікая, але не купляць жа яго ў шпіталі, дзе ўсё гэта падсоўваюць табе, відавочна, знарок. Спасылаюся на адсутнасць грошай. Аказваецца, іх і не трэба, за ратунак душы грошай не бяруць. Як мог, растлумачыў, што мая душа ратунку не патрабуе.

Дзяўчына рушыла далей, не сціраючы з вуснаў анёльскай усмешкі. Я застаўся разважаць, адкуль бярэцца ўвесь гэты клопат? І ці не звенчакі аднаго ланцуга: «скрыпка», айцец Аляксандр, доктар Чэйкін, поп, манашка і вось, нарэшце, гэта распаўсюджвальніца евангельскай благадаці.

Ага! Чэйкін казаў, што калі трэба сядзелкі, дык найтанней будзе наняць манашак. Тая, што падобна на нявыліняўшую мыш, працягвае візіты, але пра бога размоў не пачынае. Памахае рукою на прывітанне і пайшла. Яе сяброўка, таксама славачка, прапануе дапамагчы выбіраць меню. Убранне строгае, а глянеш на твар — здаецца, яна ўспомніла нешта смешнае і зараз пырсне.

Чэйкін заходзіць, пытае пра здароўе і, галоўнае, патрабуе, каб я паўтараў ягонае прозвішча, ці помню, каго клікаць на дапамогу.

Найбольш добразычлівыя адносіны складаюцца з ксяндзом ці з пастарам, не ведаю дакладна. Яшчэ ў доследным пакоі ён быў разагнаўся, стаў у мяне ў галавах і пачаў лапатаць па-латыні. Сястра растлумачыла: не трэба, гэта рускі. Ён шырока пасміхнуўся і пайшоў.

Цяпер кожнае раніцы заглядае ў дзверы і махае рукою, дае добрай раніцы. Я адказваю тым жа рухам. Праз хвіліну з суседняй палаты чуецца нуднае суцяшэнне: Pater noster...1 Гугнявае, манатоннае.

 

*

Гэта пра радавых, так сказаць, апекуноў чалавечай душы. А што ж робяць духоўніцкія вярхі? Днямі адбылася сустрэча, і звышчуллівая. Мэр Іерусаліма Тэдзі Колен наведаў нью-йоркскага мітрапаліта Філарэта. Прыезджы больш за гадзіну быў у сінодзе і ў царкве. Рэч, наогул кажучы, нечуваная: іудзей у царкве! Аказваецца, таргаваліся, каб праваслаўныя царкоўныя каштоўнасці не трапілі ў Савецкі Саюз. І яшчэ: змаўляліся пачынаць разам раскопкі ў даліне Іасафата, дзе нібыта знойдзены рэшткі старажытнай сцяны часоў Першага храма.

І вось што сказаў ізраільцянін мітрапаліту: «Вы не можаце паехаць у Маскву. Але заўсёды можаце прыехаць у сталіцу хрысціянства, Іерусалім, і там служыць».

Вось як яно выходзіць! І пакуль ідуць доўгія размовы і дэбаты аб агрэсіі Ізраіля і ўсе абураюцца гэтым, Злучаныя Штаты прадаюць агрэсару 58 самалётаў «Фантом», звышгукавой хуткасці.

І тутэйшыя ўлады глядзяць праз пальцы, што нейкі князь Беласельскі, пры ўдзеле і блаславенні таго самага мітрапаліта Філарэта, у памяшканні Вышэйшай Irwing школы абвяшчае «дзень непрымірымасці». Да каго і да чаго — тлумачыць не варта. Пацалуй ты, княжа, куды беларускі мужык кажа! Дадайце сюды яшчэ «баль народаў Расіі» ў атэлі «Нью-Йоркер», куды госці запрашаюцца ў нацыянальных вопратках і дзе «чакаецца ўдзел беларусаў». Ды баль «кадзет расійскіх зарубежных карпусоў»! Ды яшчэ шмат чаго!

Тады няцяжка будзе ўявіць, колькі рознай брыды выкормліваецца і падкормліваецца супроць нас. І яна можа рынуцца пры якім-небудзь зручным і нязручным выпадку. Дакладней кажучы, усю тую набрыдзь кінуць на нас. Бізнес марна грошы не траціць і на дармовых харчах нікога не трымае.

 

*

Калі б мне далі слова на Асамблеі, я сказаў бы так:

Шырока вядомы цяперашнія радасці і мінулае гора нашага народу, яго адраджэнне і станаўленне, вялікія справы, здзейсненыя на працягу жыцця толькі аднаго пакалення, калі яно пачало тварыць пад сцягам сацыялізму.

Гэты вопыт даступны ўсім, хто жадае сапраўднай свабоды сваім краінам...

Не так даўно, у 1915 годзе, нямецкі ваенны гісторык ніяк не мог «знайсці беларусаў на карце» і пагардліва называў нас нават не народам, а «племенем», якое «знаходзіцца на такім нізкім узроўні культуры, што дапамагчы яму можна толькі пры доўгатэрміновым уплыве».

Са зброяй у руках мы адкінулі і «доўгатэрміновы» і «кароткатэрміновы» ўплывы, гэта значыць драпежніцкія замеры мілітарыстаў усіх масцей.

Цяпер нас ужо ніяк нельга не заўважыць, нават пры самым слабым зроку, нават пры наўмыснай блізарукасці. І патомкі ганарлівага гісторыка, які не хацеў прыкмеціць нас, ахвотна купляюць у беларусаў прылады працы і розныя рэчы для абыходку.

Паважаныя дэлегаты!

Я працую ў майстэрні, якая вырабляе зброю. Аднак зброя гэта такога гатунку, што няма патрэбы прымаць рэзалюцыі пра яе забарону, наадварот, мая зброя заслугоўвае рэзалюцыі пра самае шырокае яе распаўсюджванне, бо яна не што іншае, як паэтычнае слова.

Голасам паэта заўсёды гаворыць народ. Першы клопат майго народу — бачыць усіх людзей свету такімі ж свабоднымі творцамі свайго шчасця, сваёй будучыні. І пра гэта ва ўсе часы ўсхвалявана гаварыла і гаворыць беларуская паэзія.

Слухаючы ў спрэчках рэзкае асуджэнне апартэіду, я ўспамянуў, што і мае вершы працуюць у такім жа кірунку, хоць і не да сённяшняга выступлення напісаны яны, а дзесяць год назад.

Калісьці, у дзіцячым узросце, я чытаў і захапляўся хараством імклівай і багатай ракі Замбезі. Яе іменем і названы верш.

У маленстве я ведаў сваю Замбезі, маленькую беларускую рачулку, яна ажывала толькі пад час вясенняга разводдзя. Вось там мы, малыя хлапчукі, гулялі «ў вайну». Нават тагачасныя падручнікі геаграфіі даносілі жахі прыгнёту і ўціску ў Чорнай Афрыцы. Таму, гуляючы, ніхто з нас не хацеў быць «белым», усе станавіліся на бок «чорных».

Мая рака стала вольная і паўнаводная, а велічная Замбезі не скінула паняволення і да гэтага часу.

Гісторыя майго народу паказала свету, як каваць і бараніць перамогу. Пройдзеш праз гэта і ты, чорны дружа, з берагоў ракі Замбезі.

 

Зробіць некалі свет сабе мір і спакой,

Смага працы адолее смерць у жалезе,

Я прыйду, каб нарэшце абняцца з табой

На ажыўшых прасторах васкросшай Замбезі.

 

 

*

Амерыканцы прылаўчыліся глядзець кінафільмы куды прасцей і танней, чым гэта прывыклі ўяўляць. На параўнаўча блізкай адлегласці ад гарадской мяжы наймаецца або купляецца ў фермера поле ці луг. Наўкол стаўляюць агароджу, даволі ўмоўную — гэта можа быць апона з дроту, і нацягваюць экран. Гледачы прыязджаюць на машынах і, не вылазячы з іх, бліжэй да экрана. У машыну, за плату, вядома, падаецца мікрафон, пры жаданні — чарка, а можа і што іншае.

Кіно так абыходзіцца дзешавей, праўда, трэба мець машыну. Што датычыць цэн пад дахам, дык на прэм’еры, куды едуць паказаць, колькі каштуеш сам і дыяменты жонкі, білетаў не дакупішся.

Мы таксама здорава ўсмалілі за білеты, але гэта на Брадвеі, амаль у самым цэнтры горада. Глядзелі «Блоў ап» Мікеланджэла Антаніёні. Амерыка і Антаніёні? Гэта пытанне так жа лёгка здымаецца, як і ўзнікае. У Нью-Йорку — вялікая італьянская калонія, недарагія рэстаранчыкі і закусачныя ў многіх кварталах запрашаюць на фірменныя стравы італьянскай кухні. Значыць, і выдатны італьянец, адзін з майстроў замежнага кіно, мае падставы знайсці свайго гледача. Апрача таго, у «Блоў ап» ёсць ніцінка прыгодніцтва, таемнае забойства, начны клуб і яшчэ тое-сёе пад густ амерыканцу. Дый сам рэжысёр прыехаў здымаць новы фільм у Амерыку, відаць убачыўшы тут удзячную глебу для назірання і абагульнення.

Трохі святла, хоць і небагата, пралівае на намеры Антаніёні яго гаворка з Альберта Маравіа, апублікаваная ў «Литгазете». Гавару «трохі», помнячы выслоўе гэтага майстра: «Фільм, які можна растлумачыць словамі, не ёсць удалы фільм». «Гісторыя, расказаная ў «Блоў ап», магла б адбыцца дзе хочаш»,— пасведчыў Антаніёні. І хоць майстар не прамовіў ніводнага слова пра тэму новай работы — бо, як сцвярджае сам, не ведае яе, і калі дазнаецца, таксама невядома,— аднак сім-тым падзяліўся.

Амерыка — сапраўдны герой фільма. Мастака цікавіць імкненне студэнтаў і моладзі «вырвацца з існуючай сістэмы» і пратэст супроць яе. У амерыканскай моладзі Антаніёні вабіць «абыякавасць да грошай, чысціня, бунтоўны дух і навізна». Ён з горыччу пацвердзіў «неабходнасць прыстасоўвацца да пэўных патрабаванняў», бо як мастак адчуў у амерыканцаў «страсць да ўсялякага роду няроўнасці»2.

У тым брадвейскім кінатэатрыку «Блоў ап» быў «падмацаваны» стужкай французскай вытворчасці з незлічонай колькасцю красунь. І не абы-якіх. Адна перад адною, яны ловяць прыгожанькага падлетка і заштурхоўваюць яго то ў пуню з сенам, то ў кусты, то за фіранку. І на пытанне (пасля пацалунку): «А што цяпер рабіць?» — апускаюць вочы і шэпчуць: «Крышку распрані мяне». Нарэшце самая маладая і настойлівая хаваецца ў пакоі юнака, замыкае яго на ключ і — тут ужо нявыкрутка! — застаецца да раніцы.

Такая «глядацкая» стужка разам з Антаніёні ў 6 гадзін вечара сабрала, апрача нас трох, яшчэ чалавек з дзесятак. Гадзін у восем людзі пачалі падыходзіць, але наўрад ці назбіралася больш за паўсотню.

 

*

«Амерыканскаму кіно менш уласцівы імправізацыя, вынаходлівасць, чым еўрапейскаму. Тут усё больш бюракратычна. Амерыканцы вельмі прыгнечаны руцінай». Вельмі хочацца паўтарыць гэтыя словы следам за Антаніёні. Шкада, крыўдна мала бачыў фільмаў, а што давялося — больш па тэлевізары. Толькі «Карабель дурняў» і «Вестсайдскую гісторыю» ў людскіх умовах. А ёсць жа Кубрык з яго «Доктарам Стрэнджлавам» і «Касмічнай Адысеяй», дый ці мала цікавых акцёрскіх і рэжысёрскіх работ.

Што ж засталося ў памяці?

Кавалачак канадскага фільма, як здалося, нядрэннага і крышку сімвалічнага. Чалавек з малою дзяўчынкай. Ідзе па асеннім лесе, пад нагамі шасціць апалае лісце. Ён ніяк не можа запусціць змея. Па схіле блукальнікі павольна ўзыходзяць на ўзвышша над горадам. І змей ляціць. Узлятае мара дарослага і дзеўчаняці, тое, чаго яны будуць дасягаць, да чаго будуць імкнуцца як да найсвятлейшага на даляглядзе жыцця.

І яшчэ адзін кавалак. На гэты раз з дакументальнага фільма. З часоў бытавання Хэмінгуэя ў Іспаніі. Голыя, выпаленыя сонцам прасторы, міжгор’і. Бронзавыя, точаныя з пакуты і мужнасці абліччы людзей. Самалёты фашыстаў, нахабныя, вісклівыя, безліччу навісаюць над безабароннымі байцамі. І ён, вялікі жыццялюб, адважны і смелы чалавек. Малады, усмешлівы, з таварышам...

Нечакана, быццам упершыню, перагледзелася «Салодкае жыццё». Усцешыла Сафі Ларэн у «Сідзе», і расчаравала Сімона Сіньярэ ў «Games», даволі свежай стужцы, выпушчанай у 1967 годзе. Фільм рэкламаваўся як «забавы маладой пары, якія канчаюцца смерцю». Каюся, канца не дачакаўся — стужка цягнецца 120 хвілін. Цяжка было глядзець на пастарэлую Сімону, на яе маніпуляцыі з пісталетамі і на ўсе пакуты маладой пары, забіўшай чалавека.

«Лэсі» — цэлыя дзве серыі фільма пра сабаку. Вельмі слабенькі паўтор англійскага «Лэсі вярнулася». Там была, можна сказаць, псіхалогія. Не проста сабака, а разумная, чулая істота адчувала боль ад расстання з гаспадарамі, асабліва з хлопчыкам, іх сынам, і ў імя свае сабачае любові пераадольвала дарогі, разводдзі, са смуткам пакідала дамы добрых людзей, дзе мела догляд і ласку, і ўсё шукала шлях дамоў. Знайшоўшы, забыла, даравала ўчынёную гаспадарамі несправядлівасць — прадалі ў чужыя рукі — і шчасліва зажыла пад родным дахам, праводзячы ў школу свайго ўлюбёнца.

Гэта даўным-даўно бачыў у Карлавых Варах, і вось як запомнілася.

Што ж тут? Сабака толькі падвывае, падае сігнал: закапала вада ў адсеку, чалавеку стала блага, нарадзілася жарабя, крадзецца тыгр. Іграе не сабака, а верталёт ці кацер, якія спяшаюць з дапамогай.

Амерыканскае кіно пад час абвяшчэння так званай халоднай вайны не сядзела склаўшы рукі. Яго перастала здавольваць вырошчванне ігруш на вярбе — паўтарыў прыказку і сумеўся: а ну, можа і такія вырасцілі дзе садаводы! — у сэнсе падачы «рускага» каларыту і побыту, старакупецкага ці суперарыстакратычнага. Шугнула плынь каламуты на наш лад і нашу ідэалогію.

Не ўтрымаліся і тыя, хто выдаваў сваю работу як выключна падпарадкаваную аднаму богу — мастацтву. Прыгадваецца прозвішча Хічкока, каго прынята лічыць ледзь не прабацькам славутай кінематаграфіі жахаў. Ён бачыў сваё прызначэнне ў тым, каб біць на пачуцці гледача страхам і тым самым нібыта даваць яму духоўную асалоду.

Амерыка зламала і паклала ў труну багата талентаў свайго кінематографа. Запозна пераказваць трагічную гісторыю Мэрылін Манро і Джудзі Гарланд. Спустошаныя душэўна, выснажаныя да астатку істоты, яны, не бачачы жыцця і нічога ў жыцці для сябе, пацягнуліся па снатворныя пілюлі.

Сказаць — яны забіты Галівудам — будзе палавіна праўды, бо Галівуд не ўпаў з неба, а вырас з амерыканскай глебы звышнажывы і звышэксплуатацыі.

А Гарланд здымалася ў Стэнлі Крамэра ў яго вядомым нашаму гледачу «Нюрнбергскім працэсе». Ёй ледзь-ледзь не пасміхнулася другі раз прэмія «Аскара», якая прысуджаецца за не абы-які поспех і немалым талентам.

Але што таленты! На агромністых прасторах тут не знайшлося спакойнай лапінкі зямлі для Чарлі Чапліна. Амерыка выціснула яго з сябе абыякава, быццам такія дрэвы мастацтва растуць у яе на кожнай ферме.

Можа б і раслі, ды не тая глеба. Эптон Сінклер памірае ў доме для перастаркаў. Я бачыў у газеце яго апошні здымак. Пісьменнік каля горкі напісаных ім дзевяці дзесяткаў кніг, апошняя амаль падпірае падбароддзе.

Адна з найбагацейшых краін свету не змагла даць свайму пісьменніку ціхі кут і дбайную руку з кубкам кавы замест жабрацкай поліўкі казённага прытулку. Хіба не ён абессмяроціў сябе і краіну, паказаўшы ёй самой яе ўласныя джунглі?

Каму патрэбен такі клопат! Лягчэй і спакайней слухаць песенькі Фрэнка Сінатры, уражанне ад якіх падмацоўваецца чуткамі пра яго сувязі з мафіяй.

Польскі часопіс «Наўкол свету» пераказвае сумны жарт аглядальніка газеты «Нью-Йорк таймс»: «Калі б пад замок пасадзілі ўсе зоркі, што маюць закулісныя змовы з мафіяй, нельга было б накруціць і палавіны фільмаў».

 

*

Па тэлевізары з яго ўсімі каналамі за месяц бальніцы нагледзеўся столькі крыві і забойстваў, начуўся столькі стрэлаў і выбухаў — не дай і не прывядзі! Іншаму за ўсю вайну гэтулькі не давялося.

З вечара ў вечар ішоў бязглузды ці то прыгодніцкі, ці то фантастычны фільм «Падарожжа на дно мора». Серый з дзесяць перацярпеў, дый то для сядзелкі, яна аж калацілася, калі набліжалася палова на сёмую, а я марудзіў уключыць апарат. Таемныя істоты, іх не бяруць ні кулі, ні агонь, паралізуюць волю экіпажу. То ўвесь экіпаж паўстае на камандзіра, то ён адзін пачынае станавіцца ўпоперак дарогі камандзе.

Пад пару гэтаму і штовячорны «Супермэн» — лётае ў паветры, праходзіць праз сцены, ловіць злачынцаў, памагае тым, хто здаецца яму добрым.

Так і гляджу рэгбі ды падарожжы. Гэта разнастаіцца выступленнямі духоўных асоб, іх пхаюць, дзе толькі можна. Вось ранішняя праграма аднае з нядзель.

9.15 — рэбэ Ален Блэйк гаворыць пра яўрэйскую школу. Брадвейскую біблію прапагандуе рэбэ Артур Т. Бах — гэта а палове дзесятай. У 10.30 пачынаецца размова пра лёс пратэстанцкіх манастыроў у Францыі. Пасля перад вачыма маячыць нейкі пастар. Яго змяніла тоўстая негрыцянка з хлапчуком. Яна спявала недзе ў касцёле, стоячы задам да распяцця, і, мяркуючы па рухах сцегнякоў, спевы не вельмі рэлігійныя.

Гадзіну ці больш заняла стужка «Ноччу яны забілі Распуціна». Прозвішча аўтараў не заўважыў, а ў праграме не паказаны. Што тычыць дакладнасці, дык тут, як кажуць, на печы сена косяць. Глядзеў «Чайку» англійскай вытворчасці. Герой трымае ў руках газету, назва відна хораша і выразна: «Известия».

 

*

Маю праскураўскую знаёмую рыхтуюць да аперацыі. Трымаецца бадзёра, а можа каб адцягнуцца і разважыцца, з паўгадзіны даволі цікава расказвала пра грамадзянскую вайну на Украіне.

— Бальшавікам я смела адчыняла дзверы, але Дзянікін, але Пятлюра! Ні малых, ні старых не міналі...

Назаўтра, не пабачыўшы яе ў прызвычаены час штодзённых адведзін, я занепакоіўся. Аказваецца, пралежала цэлы дзень на аперацыйным стале. Позна вечарам прыйшоў яе муж, вельмі змрочны:

— Кепска, рак лёгкага. І доктар абвясціў ёй гэта. Я думаю, хворым нельга гаварыць такое.

Ён крыху пастаяў каля мяне і да самага адбою шнураваў па калідоры. Ноччу я ўбачыў водсветы сігнальнай лямпачкі каля жанчынінай палаты, бегалі дактары, насіліся сёстры з кіслароднымі падушкамі. Стала трывожна, але гонг не зазваніў. Муж хворай зайшоў перад абедам.

— Ёй лепей, як учора.— Ён паказаў канверт.— Рахунак за анестэзію, 200 долараў. А колькі будзе каштаваць аперацыя?

Назаўтра яна выйшла ў калідор. Бледная, з рукою на перавязцы, зрабіла некалькі крокаў і прыпынілася каля маіх дзвярэй.

— Вельмі баліць! — паспрабавала пасміхнуцца і скрывілася.

Жанчыну хутка выпісалі дамоў. У палату да мяне яна не зайшла, зноў пастаяла крыху на парозе.

— Што я для вас успомніла! Чулі калі-небудзь? — І заспявала тоненькім, хрыпатым старэчым галаском:

 

Там вдали видать фигуры —

Санитары и сестра,

А за ними едут фуры

С флагом Красного Креста.

 

І гэта на дзевяты дзень пасля аперацыі, ведаючы, што ў лёгкіх загнездавалася бязлітасная, страшная пухліна.

 

*

Чаго шукае, куды імкнецца сягоння Амерыка? Дзе, за якімі даляглядамі тая «нацыянальная мэта», якой хацеў дасягнуць прэзідэнт Кенэдзі? Пытанні пагражаюць застацца рытарычнымі. Дый смешна было б прэтэндаваць на больш-менш грунтоўны адказ пры такім відавочна недастатковым знаёмстве з краінай.

Гэтая зямля вывернула з сябе столькі металу, што пад яго цяжарам пачала задыхацца, а чалавек на ёй стаў важыць і значыць не больш за найдрабнейшую казюльку.

Я адчуў і ўсвядоміў гэта, вырываючыся з Нью-Йорка на Вашынгтон. Электраперадачы — лінія на лініі, чыгункі — рэйка на рэйцы, заводскія пад’язныя пуці — адзін на адным, вежы пакрыжаваных слупоў і кранаў — амаль усутыч!

Жалезны, сталёвы, чыгунны непраходны лес! Заводы, станцыі і падстанцыі вады, газу, электрычнасці, таксама адна пры адной і адна над адною: рознакаляровыя, закураныя дымам і сажаю, ружовыя ад нядаўна ўкладзенай у сцены цэглы. Здалёк будынкі выглядаюць прыступкамі гіганцкай лесвіцы: прысадзістыя, за імі — вышэйшыя, а далей — ужо галавою ўпіраюцца ў неба. Хочаш і можаш — падымайся, не на неба, не дзеля ратунку душы, а хапай, набывай, выціскай сабою іншага чалавека.

На гэта трэба сіла і змога. І амерыканец рынуўся са сваіх славутых небаскробаў на малюсенькія зялёныя лапінкі каля ўскраінных асабнячкоў, дзе можна пасадзіць усяго адзін куст ружы ці вяргіні ды колькі каліў райграсу. Сам уласнік сядзіць на зялёнай травіцы, скінуўшы пінжак, з унукам і ўнучкаю і папыхвае нядзельнаю цыгарай. Уцёк, называецца, з палону жалеза ў сваё, уласнае, куды не паткнецца старонні. Спрабуй, да прыкладу, трапіць напрасцяк да мора, калі на дарозе прыватная тэрыторыя. Як бачыш наскочыш на штраф, а то і на стрэл. Не ступі, не зачапі — свяшчэнна!

Цягне жывую душу на крыхтачку жывога, а яго так вобмаль! Дай амерыканцу гэтакі ўчастак, як у нашых садовых пасёлках, насаджаюць і нагародзяць чорт чаго, могуць і небаскробы з’явіцца. І зараз домікі-шпакоўні выглядаюць капітальна, свецяць чырвонымі цаглянымі бакамі, нагадваючы пра катэджы XVIII і XIX стагоддзяў. Праўда, ніякай цэглы там і завідам няма, каркас абліцаваны пластыкам, які падрабіўся пад старасвецкую сцяну.

Пацягвае, моцна пацягвае да даўніны гэту звышсучасную краіну. Амерыканцы нявесела жартуюць, што лішкі жалезнай культуры таксама шкодзяць чалавеку, як і недахоп яе. Дык ці трэба было, думаецца ім, пераскокваць у сваім развіцці замаруджанасць, уласцівую, скажам, феадалізму?

Вось і з’яўляюцца «каралеўскія» дозы цыгарэт, каронкі і княжацкія гербы на спражках да ультрасучасных папружак, людзі тоўпяцца ў магазінах, дзе можна набыць стары чыгунны падсвечнік, пажаўцелы бюст антычнага бога ці сярэднявечнага мудраца. Хоць бы зірнуць на што падобнае, калі ўпадабаная рэч не па кішэні, зрэшты, можна здаволіцца і падробкай, дзе там набярэшся арыгіналаў, дый яны не водзяцца ў антыкварыятах.

А яшчэ большы поцяг да першабытнага хараства, гэта значыць першапачатковага, першаіснага, з адчуваннем якога нараджаецца чалавек, да хараства прыроды і ў прыродзе. Тут ужо нідзе не дзенешся, такое памкненне закладзена і прыглушана жыве нават у сэрцах самых найпярвейшых урбаністаў.

Звыштэмпы, звышзаробкі, звышбудовы, звышхуткасці — усё гэта звяло на няма што чалавека, зрабіла яго ўбогім духоўна, кінула пад ногі аднаму толькі богу — п а с п е ц ь, а значыць — зарабіць. Узбагачэнне тэхнічнае, нават да некаторай ступені навуковае, безумоўна, адбылося, магчыма, перавысіўшы спадзяванні і прагнозы. У галіне духоўнай справа звялася да звычайнага рабунку і крадзяжу ў тым сэнсе, што вырабаваны ў народу долар перамануў у Штаты багата вартаснага ў навуцы і мастацтве. Але можна купіць за нечуваныя грошы замак, карціну, скульптуру, вынаходку, нават спевака і артыста. Купіць пісьменніка і кампазітара не так проста — яны становяцца гонарам народу, калі ўзрастуць на нацыянальнай глебе. А Твэн і Уітмэн? Яны ж не імпартныя! І пазней — Хэмінгуэй, Сінклер. Хто яшчэ? Як ні лічы — мала! Не ў параўнанні з літаратурамі іншых народаў, а супаставіўшы літаратурныя каштоўнасці са здабыткамі ўласнай працы. Тэхнічнай, канструктарскай, нават навуковай. Няхай гэта параўнанне здасца неправамерным. Але для большага нестае мовы — амерыканскай! — ёсць кангламерат англійскай, іспанскай, нямецкай, італьянскай, нават рускай.

А ці ёсць амерыканская нацыя, паўночнаамерыканская, як лічаць навуковыя крыніцы? Можа ёсць проста насельніцтва Злучаных Штатаў, яшчэ разнастайнейшы кангламерат. І многім жыхарам усё жыццё, нават перад сконам, праз смог і туман акіянскага ўзбярэжжа, свеціць родная зямля. Хоць бы гэтак, як тым людзям, што прыходзілі да мяне ў шпіталі пачуць роднае слоўка, успомніць і вымавіць яго.

Помняць, бо паехалі не ад дабра, бо «...толькі крайняя галеча прымушае людзей пакідаць радзіму...» і тут трапілі ў «прымусовую вывучку цывілізацыі». Так думаў Ленін у 1913 годзе, так яно ёсць і цяпер: і галеча, і прымусовая вывучка.

Вось і шлюць многія нашы суайчыннікі поўныя засмучэння і любові да радзімы лісты, едуць паглядзець улюбёныя мясціны і не пазнаюць іх. Бо дзе ж тыя даўнейшыя саламяныя вёскі і хутаркі! На знаёмых пагорках пабліскваюць мураванымі сценамі калгасы, узвышаюцца нафтавыя вышкі, ідуць пад зямлю шахты.

Глядзяць людзі на знойдзеную намі і страчаную імі паўнату жыцця і раняюць слязу: маглі ж і яны мець усё гэта! А цяпер не пачнеш спачатку! Праўда, некаторыя пачынаюць: вяртаюцца пад роднае неба, у кола родных людзей.

Дык ці так яно дзіўна, што найбагацейшыя амерыканскія музеі і галерэі, напакаваныя самымі буйнымі творамі геніяў і найвыдатнейшых майстроў свету, не столькі належаць народу і даюць магчымасць меркаваць аб узроўні яго культуры, колькі сведчаць аб пакупной здольнасці долара.

 

*

Вышэй напісалася — кангламерат. Ці справядліва гэта?

Герцэн меркаваў, што «...кожны народ уяўляе сабой la composité (кангламерат) усяго-ўсякага, умоў кліматалагічных ды іншых, цягнецца, складаецца, выходзіць з гарбом, выходзіць з зобам...» Даводзіць не трэба: працэс фармавання нацыі, складання народу цяжкі, пакутлівы, з пікамі і спадамі. Ці закончыўся ён у Амерыцы? Што злучае амерыканскі народ, цэментуе яго ў адзінства? Што за повязі яднаюць людзей розных нацыянальнасцей — не скажу дакладна, колькі іх — розных мэт, рознага ўзроўню, рознага дастатку, якія асядалі тут у розныя часы. Напрошваецца трывіяльны адказ: жаданне забагацець, калі не ў літаральным сэнсе, калі не цалкам вызваліцца ад галадоўлі, беззямелля, бяспраўнасці, чаго нельга было адолець на радзіме, дык каб хоць мець лягчэйшы кавалак хлеба.

Быць можа. Тады краіна, якая давала магчымасць лепей з’есці і вальней дыхаць у параўнанні, скажам, з царскай Расіяй ці санацыйнай Польшчай, павінна была стаць другой радзімай.

Але ж не стала! Па той простай прычыне, што ніхто з перасяленцаў і не шукаў такога, бо «капіталізм стварыў асобы від перасялення рабочых», як гаварыў Ленін пра эміграцыю ў Амерыку, абумоўленую нясцерпнасцю існавання дома.

«...Натоўпы едуць у Амерыку, але яны памыляцца,— прарочыў Герцэн,— трэба, седзячы на тым жа месцы, з’ехаць ад усяго, а ўжо ў Амерыцы ці на Плюшчысе — гэта, дапраўды, усё роўна».

І спытайце ў любога эмігранта, таго самага югаслава Тома, водаправодчыка з майго шпіталя. Ці заклятага ворага пабудовы сацыялізму ў Югаславіі. Успомніць сваё, уздыхне: не стала!

А калі не стала, чаму ж не рассыпалася Амерыка на асобныя дзяржавы і дзяржаўкі, дзе б аднавілася, да прыкладу, італьянская ці польская мова. Ці не мог бы хоць адзін штат узяць ды засяліцца паводле нацыянальнай прыналежнасці? Захаваліся ж галандскія вёскі ў штаце Мічыган, абшчыны швейцарцаў у Віскансіне, нарвежскія паселішчы ў Паўночнай Дакоце. Ды яшчэ цэлыя кварталы ў вялікіх гарадах — рускія, польскія, італьянскія, нямецкія, прычым некаторыя з іх двухмоўныя: англійская мова, каб выйсці на людзі, родная — для дому, для душы. І ўсё ж нават індзейцы і негры не здолелі адваяваць сабе па кавалку тэрыторыі (не будзем лічыць гета і рэзервацый). Хай не для самастойнага дзяржаўнага гаспадарання, а каб захаваць мову і яе ўжыванне ва ўстановах, мець элементарныя прынцыпы самастойнага існавання.

Гэтага не здарылася, эканамічны абруч нагнаны туга і не дазваляе Штатам рассыпацца.

Магчыма, паўплывала адна вядомая акалічнасць, якую так і пашыбае пазваць словам — вандроўнасць. Так, вандроўнасць. Большасць цяперашніх тубыльцаў амерыканскай зямлі прывандравала сюды, карэнне іхняга існавання не ідзе ў глыбіню, а сцелецца поверху. Яны адціснулі колішніх тубыльцаў, скажам, індзейцаў, дзейнічаючы часамі, як лісіца, калі выжывае барсука: груба кажучы, яна паскудзіць у ягонай нары. Барсук — дзядзька ахайны: прыбярэ раз, прыбярэ два, а потым бачыць — няўпраўка, ідзе капаць новае сховішча. Так, здаецца, расказана ў Сакалова-Мікітова.

Далейшае папаўненне амерыканскага насельніцтва надзвычай лёгка асімілявалася ў англійскай плыні мовы і амерыканскага ладу жыцця. Яно прымала мову, ужо не англійскую, але яшчэ не амерыканскую, прымала тутэйшыя тэмпы, звычкі, меркантыльнасць і практычнасць. Менавіта праз тую самую вандроўнасць. Хіба маглі людзі наводныя, не тутэйшыя, сцвярджаць што-небудзь сваё? Ужо самім фактам прыезду ў Амерыку на заработкі яны як бы распісваліся ў залежнасці ад тых, што прыбылі раней і абжыліся. Да таго ж, яны блукаюць і тут. Салідныя выданні — савецкая і польская энцыклапедыі могуць пацвердзіць: па краіне вандруюць дзесяткі мільёнаў чалавек у пошуках сталага заробку і трывалейшага даху. Цяжка ўявіць, але больш за 20 працэнтаў насельніцтва мяняе штогод месца жыхарства. Дзе ж ім біцца да апошняга за сваю мову, за нацыянальныя асаблівасці, нарэшце, за такія-сякія свабоды, як гэта робяць караннікі — ірландцы і валійцы, грамадзяне Уэльса. Яны ніяк не ўліваюцца ў англійскую плынь, а наадварот — на ўсю сілу ратуюцца, каб не захлынуцца ў ёй.

І валійцы з-за акіяна падымаюць голас у абарону сваіх еўрапейскіх землякоў. Як на тое, я атрымаў пацвярджэнне гэтым думкам пасля звароту дамоў. Абазваўся вядомы галівудскі артыст Рычард Бэртан. Валійскае сэрца і паходжанне штурхнулі яго руку на дасціпны артыкул, хоць і з дозаю рысоўкі, з пэўным ігнараваннем сацыяльнага боку і некаторым фетышызаваннем мовы. Яго можна было б прывесці цалкам, каб не быў гэта перадрук з «Недели» (1969, № 38, «Беспокойный Уэльс»). Вось асобныя мясціны.

«У малюсенькім, малавядомым Уэльскім княстве ў чатыры разы менш народу, чым у адным толькі вялікім Нью-Йорку. Праўда, мы забяспечвалі каралямі Англію — у тым сэнсе, што ўсе гэтыя Цюдоры пайшлі ад нас. Дык каму гэта ўсё патрэбна? Хіба ёсць чалавек, якому не ўсё роўна, ці атрымае Уэльс самакіраванне?

Дык вось што я вам скажу: гэта абыходзіць мне. Я нашу нацыянальную эмблему Уэльса як ганаровую адзнаку, бо,— як сказаў Генрых V, калі верыць Шэкспіру,— «я ж валіец, мае добрыя суайчыннікі».

Дык вось, чаму ж ідзе шум ва Уэльсе?

Апрача натуральнага энтузіязму маіх суайчыннікаў і паўсюднага жадання моладзі наладжваць дэманстрацыі, апрача ўсеагульных студэнцкіх хваляванняў, ад Каліфарнійскага універсітэта да Парыжа, ад Лонданскай эканамічнай школы да Оксфардскага універсітэта, апрача ўсяго гэтага, у бунтоўна настроеных студэнтаў-валійцаў ёсць яшчэ адзін лозунг: лозунг пра захаванне валійскай мовы.

Насельніцтва Уэльса складае нешта блізка 2,5 мільёна чалавек. Каля 28 працэнтаў з іх гавораць, пішуць і чытаюць па-валійску ўсё сваё жыццё. Значыць, прыкладна 750 тысяч падданых Вялікабрытаніі ўжываюць мову, якая ў адносінах да англійскай з’яўляецца іншаземнай.

У тыя, ужо гістарычныя, часы, калі мой дзед быў блазнюком, кожнага маглі жорстка пакараць, калі яго лавілі на тым, што ён абзавецца па-валійску на вуліцы. Яшчэ тады на ўсю сілу тужыліся давесці, быццам валійская мова — мова плебеяў, вартая неадукаваных сялян, якія жывуць у адным памяшканні з курамі і качкамі.

Такія дробныя абмежаванні наша мова змагла пераадолець, не зважаючы нават на тое, што на працягу двух стагоддзяў наглядалася яе павольная хваравітая дэградацыя, якая рэзка ўзмацнілася за апошнія 40 гадоў. Машынны век бязлітасна знішчыць нашу мову, калі мы зараз жа не пачнём змагацца за яе, як львы.

Няма карысці ўзрываць англічан і цягнікі, нафтасховішчы і прынцаў. Ірландцы ўсё гэта спрабавалі, акрамя апошняга.

Родную мову, як на маё перакананне, нічым замяніць нельга. Я выхоўваўся на дзвюх мовах, валійская пераважала ў першыя гады майго жыцця. Але нават цяпер, калі я засвоіў англійскую, я ўважаю за лепшае чытаць біблію па-валійску.

Мая мова можа лашчыць слых, падобна да італьянскай, можа быць такая ж пявучая, але калі голас павінен гучаць металам, калі ён павінен быць зараджаны стрыманай лютасцю, мая мова можа спаборнічаць з нямецкай, галандскай або рускай. Гэта мова ўмее плявацца, рыкаць і кашляць. Яна ўмее скрадваць зычныя, нараджаць на свет і каціць па ім покатам велізарнае «р», прымусіць гучаць «ч» так, што вы чуеце бас-барабан, які прачышчае сваё горла, можа ціха і пяшчотна праплюскатаць падвойнае «л».

Мы не можам пахваліцца Шэкспірам з ліку сваіх суайчыннікаў, але наўрад ці хто іншы можа зрабіць гэта. Таму мы велікадушна аддаём Уільяма англічанам, напамінаючы, што ён вучыўся ў Стрэтфардскай граматычнай школе ў некага Джэнкінса, які — цікава, га? — быў валіец.

Так ці іначай мы абавязаны звярнуць увагу на ўспамянутую 28-працэнтную меншасць, якая гаворыць па-валійску, і павялічыць яе, наколькі здолеем. Я цвёрда ведаю, што такая малюсенькая нацыя, як мы, будучы не лепей і не горай за іншыя, усё ж адрозніваецца ад другіх і хоча застацца сама сабой».

Выпіскі з артыкула Рычарда Бэртана, відаць, перавышаюць прызвычаеную для цытат норму. Але яны не перарываюць, а працягваюць маю, узнікшую яшчэ ў шпіталі, думку аб вандроўнасці амерыканцаў. Усе вандроўнікі, прыляцеўшы, прыплыўшы, рознымі спосабамі дастаўшыся за акіян, аж да гэтага часу не злучыліся ў аднародны сплаў новай якасці і мацунку, дзе нельга было б адрозніць паасобных кампанентаў і які можна было б у поўным сэнсе слова назваць — а м е р ы к а н с к і н а р о д.

Каб я пісаў дысертацыю, дык для падмацоўкі дадаў бы да прыведзеных раней цытат і меркаванняў яшчэ лічбы і спасылкі. Але я перадаю толькі ўражанні свае, а тут рэдка ўдаецца быць бесстароннім. Дый не для знявагі гаварылася ўсё гэта, а са шчырасцю і пашанаю да народу, з якім мы будзем некалі добра сябраваць, я маю пэўнасць.

Герцэн прадракаў Ціхаму акіяну будучыню Міжземнага мора, хоць яму здавалася, «...што Расія і Амерыка сыходзяцца патыліцамі».

А ў сваіх уражаннях, як высвятляецца, я не адзінокі.

Вось Маякоўскі:

«Не меншая вастрыня і нацыянальных узаемаадносін Амерыкі. Я пісаў пра мноства іншаземцаў у Амерыцы (яна ўся, вядома, аб’яднанне іншаземцаў для эксплуатацыі, спекуляцыі і гандлю), яны жывуць дзесяткамі гадоў, не губляючы ні мовы, ні звычаяў. Мова Амерыкі — гэта мова Вавілонскага стоўпатварэння, як мы яе ўяўляем, толькі там змешвалі мовы, каб ніхто не разумеў, а тут змешваюць, каб разумелі ўсе».

Пералічыўшы мноства людзей розных нацыянальнасцей, якія жывуць у Нью-Йорку, паэт іранічна пытае: «Загадкавы абразок: што ж за яны, па сутнасці кажучы, амерыканцы, і колькі іх стопрацэнтных?»

Можа на погляды Маякоўскага трэба зрабіць папраўкі часу? Паслухаем голас савецкай журналісткі, яна вярнулася з Амерыкі ў лютым 1972 года. Расказвае тую ж легенду аб пабудове вавілонскай вежы, калі бог нібыта перамяшаў мовы, каб людзі не разумелі адзін аднаго. І дадае:

«Ці не для таго, каб у адзін першы-лепшы дзень разнамоўныя, яны ўсё-такі сышліся на амерыканскім мацерыку і пабудавалі свой Вавілон, які не верыць ні ў бога, ні ў чорта.

Сышоўшыся, яны знайшлі агульную мову — мову бізнесу. Яе цалкам хапіла, каб дабудаваць вежу, але далёка не выстарчыла, каб жыць у ёй.

І людзі зноў рассыпаліся на групы па племянных, рэлігійных і прафесійных адзнаках, бо «не хлебам адзіным жыве чалавек», а трэба яму і полымя другога сэрца, і слова падтрымкі, і «строгі суд учынку».

А калі гэта так, дык часовая асіміляцыя ці не можа ператварыцца ў адваротны працэс, падобны да выпадання крышталяў з перанасычанага раствору.

Бо вось помніць жа артыст, ды яшчэ вядомы, ды яшчэ галівудскі, аб сваёй прыналежнасці да валійскага племені і ваюе за сваю мову.

Ды хіба ён адзін на ўсю Амерыку?

 

1 Ойча наш (лац.).

2 Антаніёні паставіў «Забрыскі Пойнт» (геаграфічная назва). Я бачыў стужку, у ёй — сацыяльны пратэст і бунтоўніцтва амерыканскай моладзі. Гераіня ў сваім уяўленні ўзрывае і паліць будынак несправядлівага свету.

VIII

Прага да помнікаў. На Авечай лугавіне. Вашынгтон і яго чорны калідор. Ратунак ад разбурэння. Дзень індычкі. Маладыя падрыўнікі. Я — не адзінокі. Капітолій і горад мёртвых. Музей Гугенхайма. Пікаса аб Амерыцы.

 

Хадзіць мне ўсё яшчэ не дазваляецца. Доктар чакае новай кардыяграмы. Не едзе чортава цялежка! Праўда, возіць яе вельмі ўважлівая японка. Дробнага расточку, немаладая ўжо. А вока цёплае. І хоць не мае права, абавязкова шапяне мне: good! Пасля яе наведвання мне заўсёды лепшае.

Калі на свеце бываюць цуды, дык сёння адбыўся адзін з іх. Прыйшлі нашы жанчыны, абедзве дакторкі, адна была тут на стажыроўцы, і амерыканцы запрасілі яе на практыку. Вельмі абнадзеілі ў сэнсе выхаду на белы свет.

Следам з’явіўся доктар: кардыяграма добрая, давайце паспрабуем злезці з ложка. Паслаў на крэсла коўдру, даў пантоплі, і я, быццам найважнейшая ў свеце персона, глядзеў на Нью-Йорк не ноччу, а ўдзень, і ён мне здаўся зусім прыстойным горадам.

І чаму тыя зямлячкі раней не прыйшлі!

 

*

На пачатку лістапада на Авечай лугавіне Цэнтральнага парку адбылася дэманстрацыя.

Гэта вялікая пляцоўка запомнілася. Ніякіх авечак і пастухоў на ёй цяпер днём з агнём не знойдзеш. У парк прыйшла восень, але цёплая. Вавёркі статкамі валяць да рук, не так галодныя, як проста нахабныя падарэйкі — выпрошваюць салодкае. Не зважаючы на забарону заставацца ў парку ноччу, прыгожыя жывёлінкі позна не кладуцца спаць і пераскокваюць з дрэва на дрэва пры святле ліхтароў.

Удзень на старасвецкіх параконных і аднаконных фаэтонах тут ездзяць пажылыя і маладыя (радзей) людзі. Каштуе такая асалода добрую капейку. Але хто ж лічыцца з грашыма, калі пацягвае на даўніну. Так ізноў выказваецца, хай сабе прымітыўны, пратэст супроць звышшпаркага тэмпу жыцця.

Коні з торбамі аброку на мордах стаяць поблізу плошчы Калумба і адкладаюць свежыя каштаны якраз насупраць фешэнебельнага рэстарана. Пры ўваходзе туды пастаўлена труба для падагрэву паветра на ганку. У зале гараць свечкі, паблісквае цяжкі срэбны і крышталёвы пасудак.

Дык вось з прычыны дэманстрацыі раён гэтай ідыліі быў ачэплены паліцыяй, а зверху кружыліся паліцэйскія верталёты. Дэманстранты ж прыбывалі і прыбывалі. Іх было да 100 тысяч, пішуць газеты. Рады ішлі шчыльна і крычалі.

— Хочам міру!

— Калі?

— Зараз.

Карэта Кінг, удава доктара, гаварыла прачула: «Ён быў супроць вайны ва В’етнаме, але не можа зараз сказаць вам гэтага. Яго забілі прыхільнікі вайны. Таму гавару вам я».

Месца, дзе вымавіліся гэтыя словы, бачыў дрымотным асеннім дзяньком, калі людзей у парку амаль не было і ўсё хінула на адпачынак. Шкада, трэба было б быць там і зараз, чуць самому.

 

*

У «Правде» нарыс «Взъерошенная Америка»: «Голас Нью-Йорка — несціханае выццё сірэн. Здаецца, у горадзе нешта ўзрываецца штохвіліны, гарыць, адбываюцца нейкія няшчасці».

Да чаго ж гэта падобна на маё самае першае адчуванне! Адразу ж пасля прыезду, больш за месяц назад, напісаў верш «Равуць пажарныя сірэны» на тым самым пачуцці. Пажарны дэпартамент Нью-Йорка зарэгістраваў у гэтым годзе 200.000 выездаў па трывозе. Больш за чвэртку выклікаў былі марныя. Вось і не шукай пасля гэтага сувязі паміж абвяшчэннем трывог і турботамі страхавых кампаній. Напалохай крыху амерыканца — сапраўды, куды ўцячэш! — ён ахватней цягне страхавыя ўзносы за рухомую і нерухомую маёмасць. І пажарнікі заробяць!

Што тычыць небаскробаў, дык мае першыя ўражанні, з паветра, патрабуюць удакладнення. Лепшая частка — Ракфелер-цэнтр, вакзал, Эмпайр Стэйт білдынг — не пазбаўлена своеасаблівага хараства, і ўсё ж — гэта халодныя, непрытульныя будыніны. Нешта сярэдняе паміж старымі, звыклымі для ўяўлення пірамідамі і новымі, трошкі інакшага тыпу. Іменна пірамідамі, не дамамі для чалавечага жыцця і работы, а ўсыпальніцамі новых, больш магутных за фараонаў, уладароў.

Турыстаў спрабуюць затлуміць тым, што Эмпайр Стэйт білдынг мае 6.500 акон і два разы на месяц іх начыста вымываюць. Работа, вядома, незайздросная, на вышыні гэта не дужа прыемна. Але зусім іншая справа падняць угару і ўтрымаць там такую масу металу, бетону, шкла.

 

*

Двойчы прыходзіў наш доктар. «Мы вас у нядзелю выпішам, а ў аўторак — на самалёт».

Гэта ўжо размова!

Мілы чалавек Том-электрык! Добра, кажа, што ў цябе свой доктар. Ён паглядзіць цябе і бачыць, праўду кажуць ці не. Бо тут, калі не ведаеш, дык будзеш ляжаць і ляжаць. Ім абы грошы злупіць!

 

*

У Нью-Йорку помнікаў столькі, што не агледзіш і не падлічыш. Часамі праходзіш міма, не паспяваючы дазнацца, каму пастаўлены манумент. Ад даволі безгустоўнай калоны Калумбу і генералаў на конях даходзіш да Аляксандра Гумбальта, да Бёрнса і аж да сабакі, які ўдастоіўся стаяць у шэрагу неўміручых за адвагу: ратаваў дзяцей з полымя і трагічна загінуў пры выкананні абавязкаў.

Каля помніка Андэрсену грот і азярко. Бегаюць завадныя яхты, імі камандуюць не падлеткі, а дзядзькі такі ў гадах, у каго ў кішэні водзяцца зялёныя паперкі, колькасць якіх іхным уласнікам заўсёды хочацца павялічыць. Вось і пускаюць яхты навыперадкі, б’юцца аб заклад, чыя прыйдзе хутчэй да процілеглага берагу. Аднак трэба помніць, што такім спосабам колькасць грашовых купюр можна таксама і паменшыць. З роўным поспехам.

Стае помнікаў і ў Вашынгтоне. Затрымаўся каля Лінкальна. У глыбокім крэсле, успёршыся на падлакотнікі, сядзіць стары, змораны чалавек. Худое, парэзанае маршчынамі аблічча, крыху ссутулены плечы. Але прыгледзішся: прытоеная энергія шукае выйсця! Крані — і ўзгарыцца, прагрыміць прамову, створыць закон, рушыць у бой арміі. Рукі моцныя, учэпістыя. Адна з іх не сціснута нават у кулак, але ўсё роўна ў напружанні: вось расслаблю і выпушчу ўладу, і ўсё па ўсім, канец вам, дарагія суайчыннікі.

Над помнікам — мураваная капліца, цяжкая, безгустоўная, перагружаная калонамі. Тыповы ўзор архітэктурных надмернасцей.

Калі глядзіш з узгорка, дзе пахаваны Кенэдзі, перад вачыма — дакладна просты праспект, месцамі заліты асфальтам, там-сям засаджаны зялёным, дзе-нідзе ператвораны ў своеасаблівы вадзяны канал. І на гэтай простай: помнікі Джэферсану і Вашынгтону, магіла Кенэдзі — і Капітолій.

Гэты, не пазначаны на плане горада, праспект здзіўляе строгасцю ліній, менавіта строгасцю прамізны, мала таго, уражае міжвольнай сімволікай: просты шлях у Капітолій і з Капітолія, просты шлях кулі, каб не пусціць туды або навекі выселіць адтуль. У вершаваным радку сказалася так: «Адна прамая рыса ад Лінкальна да Кенэдзі».

Давялося прыпыніцца і каля помніка марскім пехацінцам. Кучка салдатаў на апошнім напружанні сіл высадзілася на выспу. Яшчэ крок — і яны пападаюць ад нечалавечай стомы. Але кожны твар нячутна гаворыць: дасягнулі, узялі, дамагліся. Гэтым дыхала кожная складка іхняй робы, мокрай, задубелай ад марской вады і салёнага ветру. І што яшчэ: пад грубай, сапраўды каменнай адзежынай адчуваецца кожны мускул, да якой крайнасці ён напяты.

Людзі ўсе ў руху: выйшлі з мора, ступілі і сталі на сухое. Каб не сысці адтуль. І перад усім, не закурыўшы, не прысеўшы, паднялі сцяг. Так-такі сцяг: на рэальным дрэўку, рэальная тканіна, самы звычайны сцяг, які вее і над Белым домам, і над Капітоліем: паласатае палотнішча, і на ім належная колькасць зор.

Стаўшы на некаторы час пурытанінам ад мастацтва, можна сказаць: гэта ўсё роўна што намаляваць паляўнічага і ўманціраваць у палатно жывога сабаку. Аднак твор не адпускае ад сябе, так прыцягвае чалавека сапраўдная манументальная скульптура. Прымем на ўвагу: скульптурны партрэт гэты — дакументальны, з фатаграфіі, якую пашанцавала зрабіць; тады пасля цяжкога бою амерыканцы паднялі сцяг над гарой Сурыбаці, высадзіўшыся на японскую выспу Івадзіма. Адбылося гэта ў лютым 1945 года, калі спатрэбілася прамежная база для амерыканскіх самалётаў, якія вазілі бомбы на Токіо. Можа таму да нявыдуманых людзей пасуе і сапраўдны сцяг.

Для кожнага збудавання — ці то тэатр, ці то мост, ці то помнік — абавязкова адна рэч. У праспекце, у памятным лістку ці проста дзе-небудзь на калоне пералічаны: тыя, хто даваў грошы, далей — старшыня, яго намеснікі, члены будаўнічага камітэта. А ў самым нізе, дробненька — прозвішча скульптара ці архітэктара. Затое вас будуць прыгнятаць лічбамі: утлумачаць, колькі калон і якога дыяметру, скажам, у надтрунніцы Лінкальна, што сама яна каштуе 2.457.000, а статуя прэзідэнта 88.400 долараў.

Так, на кожным кроку па-амерыканску настырна, а таму і нясмачна, падаецца залежнасць быцця і свядомасці. Не знайдзіся фундатар, не было б ніякіх будаўнічых камітэтаў, а тым болей мастакоў і выканаўцаў.

Чыста тутэйшая цікавасць не паспела, хвала алаху, прышчапіцца мне, я абмінуў шматлікі спіс фундатараў і адміністрацыі помніка маракам, але, на жаль, засталося невядомым прозвішча скульптара.

Наш калега-журналіст доўга жыве ў Вашынгтоне і паказваў нам самае цікавае ў горадзе. З міністэрстваў — праўда, яны амаль усе на адзін твар — запомніліся, не ведаю чаму, марское і, у сілу свае адыёзнасці, Пентагон. Будыніна стаіць наводшыбе і не так далёка ад ракі Патомак. Так вымаўляюць вашынгтонцы. Перад самым міністэрствам няўдаленькі яшчэ скверык, поруч — пляцоўка для машын, дакладней пляц, бо паставіць там можна многа соцень самых раскошных твораў аўтамабільнай прамысловасці.

Будынак сам — на пяць кутоў, ад таго і патрывожана грэчаская мова для назвы — Пентагон. Мы двойчы праехалі каля галоўнага ўваходу. Машынам доўга спыняцца нельга, але звонку ні знаку аховы, ні следу. Ненаглядны, як быццам наспех скіданы пяцікутнік зверху абляпан цёмна-шэрым цэментам.

Вядома, што над зямлёй вытыркае толькі нязначная частка Пентагона, усё астатняе — у глыбіні, агляду недаступна. Дарэчы: усе галоўныя ўрадавыя пункты ў Вашынгтоне звязаны падземнай чыгункай.

 

*

Змружыў вочы і не чуў, калі і як у палаце з'явілася незнаёмае стварэнне не ў традыцыйнай белай сукенцы і наколцы, як усе сёстры, а здалося — у нечым накшталт кашулі і спадніцы мышастага колеру і вайсковага крою. Стварэнне пасвяціла чырвоным ліхтарыкам, пашмыгала па пакоі і, заўважыўшы мае расплюшчаныя вочы, бадзёра кінула: «О’кей!»

А цераз калідор над уваходам у палату гарэў сігнал, яшчэ звечара моцна мучыўся і крычаў чалавек. Хадзілі, бегалі, ахайвалі і адхайвалі бедака.

Зноў трывожная ноч, як у доследным пакоі. Там хапала мітусні. Аднойчы позна з'явіліся два майстры, таксама з чырвонымі ліхтарамі, і ўзяліся ляпацца і калупацца ці ў кандыцыйным апараце, ці ў радыятары. Я мармынуў, што на гэтыя справы ёсць дзень.

Напрошваецца ўпічка не ў карысць людзей. У доследным пакоі была шафа. Яе іначай не назавеш, як разумнай. Зроблена з нейкага лёгкага металу кшталтам алюмінію, здалёк падобна на шматканфорачную пліту; так і падумала адна гаспадарлівая наведвальніца. За шырокімі дзверцамі ўнізе спрат на пасудак і розныя санітарнага абыходку рэчы. Верхняя палавіна нагадвае сервант, але адкрыты: пасярэдзіне металічная паліца, а ў бакавых і задняй сценцы — металічныя кішэнькі для лекаў.

Як мне тлумачыла дакторка, змена сясцёр, што ідзе на спачынак, дае шафе заданне: глядзі, каб вунь той рускі ў кутку ў 9 гадзін атрымаў парашок. І шафа сігналіць, папярэджвае сястру за некалькі хвілін, а таксама паведамляе, што лякарства застаецца вобмаль. Калі ж сястра памыліцца і пакладзе пілюлі не на месца, шафа абураецца і выкідвае сігнал — дзе твае вочы, разява! Адным словам, робіць усё, толькі не гаворыць, а каб магла, напэўна, сказала б гэта самае.

Механізм працуе дакладней за чалавека, які прыдумаў яго, навучыў браць плату, даваць рэшту. І спаганяе цяпер за паслугі з самога стваральніка. Смех смехам, а г о р н а крыху.

Горні — славянскае — вышні, той, што ўверсе, угары, пераносна — нябесны.

Горны — беларускае — горкі, цяжкі; відавочна, узыходзіць да гора.

Горан — ужо ад гарнуць, загортваць (жар, вугалле).

Якое набліжанае гучанне і які непадобны сэнс!

 

*

Сонца ўсё надаўжэй хаваецца на спачынак. Заўсёды цяжка перажываю пару самага кароткага дня. Зараз і пагатоў. Толькі і ўцехі, што пішу. Упершыню за ўсё сваё літаратурнае жыццё раблю запісы без адрасу, вяду аднабаковы дыялог, не бачу суразмоўніка і нават не патрабую яго ўвагі.

Занатоўваю таксама ўсё, што неадлучна ад маіх перакананняў, а значыць — стараюся пасвяціць сваім ліхтарыкам на з’явы, падзеі, факты.

Сказаў — перакананні — і з крыўдай адчуў: не дужа пашырана гэта слова сярод некаторых маладых маіх сяброў. Непрыкметна выслізгвае з вершаванага радка, з апавядання, нават з нарыса, а следам — знікае і ўнутраная перакананасць, усхваляванасць, якая падымае чалавека на работу слова.

Як ні дзіўна, на гэта жаліўся Дастаеўскі.

Скончыўся сшытак, паблаславім новы, чыстую яшчэ кніжыцу, ягонымі вялікімі словамі:

«Сапраўды, толькі захочаш выказаць ісціну паводле свайго пераканання, адразу выходзіць, як быццам з пропісяў. Што за фокус? Чаму ў наш век, каб выказаць ісціну, усё больш адчуваецца патрэба звяртацца да іроніі, падсалоджваць ёю ісціну, падаваць сваё перакананне публіцы з нейкай ганарлівай да яго абыякавасцю, нават з некаторым адценнем знявагі».

Вось так! Чаму, сказаўшы, што мая краіна, мая партыя — ёсць маё жыццё, чалавек павінен адчуваць сябе нібыта няёмка, вінавата? Перад якім такім чортам лысым? Я не клічу вяртацца да просталінейнасці ў імкненнях і выражэнні пачуццяў, але не хачу траціць ніводнай парушынкі з унутранага зараду першых дзён Кастрычніка, бо хараство душы і веліч учынкаў ленінскай гвардыі бальшавікоў — бессмяротныя.

Так і трымаць!

 

*

Відаць, не ашукваюся ў першапачатковых уражаннях і таму чуюся смялей. Пацвярджэнне ранейшых меркаванняў аб зборнасці амерыканскіх здабыткаў, дакладней — набыткаў, аб скупліванні розумаў і твораў чалавечага генія ў іншых краінах, аб тым, што навука і тэхніка, сродкі забеспячэння робяцца не сваімі рукамі, пацвярджэнне ўсяму гэтаму знайшлося з амерыканскага боку: «Іміграцыя можа стаць адной са значных крыніц нашых нацыянальных рэсурсаў». Так сказаў не які-небудзь пустабай-сенатар, а дзяржаўны сакратар, уласнаю персонай.

Праўда, гэта амаль сто гадоў назад бачыў Энгельс і тым не менш лічыў, што эміграцыя ў Амерыку «спрыяе толькі таму, каб давесці там да апошняй мяжы капіталістычную гаспадарку з усімі яе вынікамі, так што рана ці позна там непазбежны каласальны крах»...

 

*

20 лістапада ў Заходняй Германіі пыхоўна спраўлялі «Дзень пакаяння». Нельга сказаць, каб фашысты, тайныя і яўныя, скублі на сабе валасы і пасыпалі галаву попелам. Наадварот, яны ўсялякімі спосабамі тапілі франк, пашыралі экспарт, падсякалі заработную плату.

Пакаяцца ж там некаторым асобам не пашкодзіла б. Нездарма ж нейкая Беата Кларсфельд учыніла своеасаблівы пратэст на з’ездзе ХДП у Заходнім Берліне. Калі Кізінгер, людскуючыся перад прысутнымі, раздаваў аўтографы, яна крыкнула: «Стары нацыст». І ўрэзала поўху.

 

*

Праз тыдзень было традыцыйнае свята ў Амерыцы, 28 лістапада тут адзначаецца «Дзень удзячнасці». За ўсё, што дала зямля, вада і зрабілі самі людзі, за тое, што жывуць яны не бедна. Часта гавораць прасцей: «Дзень індычкі» — гэта птушка ў смажаным выглядзе павінна стаяць на кожным стале.

Сёлетнія ўрачыстасці не абмінулі і мяне, грэшнага, скептычна настроенага чужаземца. Ланч падалі на падносе, засланым шыкоўнай сурвэткай, з каляровым партрэтам высокапаважанай прадстаўніцы хатняга птаства. На лісточку меню — таксама яе адбітак, а на талерцы штосьці больш рэальнае — ладны сцягняк. І я схільны быў разам з усімі скласці падзяку за прыстойную, пасля шпітальнай несмачы, ежу, каб не крывавая падаплёка: гэты дзень сімвалізуе з'яўленне белых пасяленцаў і тым самым выцісканне, а потым вынішчэнне карэнных жыхароў. Што ж тады правільней адзначаць: дзень удзячнасці або дзень жалобы?

 

*

Прэзідэнты змяняюцца, праблемы застаюцца. Якую назваць наперадзе? Хай будуць негры, іх барацьба за месца ў краіне, потым студэнты, моладзь наогул, і рух хіпі асобна; нарэшце, жанчына і яе правы.

Уолтэр Ліпман пажартаваў: «Біяграфія кожнага амерыканца дзеліцца на тры часткі. Ён з’яўляецца нявольнікам — па чарзе — свае маці, свае жонкі і свае дачкі».

Справа ходзіць не пра якую-небудзь эмансіпацыю. Мужчынская палавіна роду чалавечага ўсё больш і больш ператвараецца ў прыдатак да канвеера, банкаўскай канторкі, магазіннага прылаўка, біржы, акцый і другіх больш-менш падобных да гэтага рэчаў, іншымі словамі — мужчына робіцца своеасаблівай доларавыціскалкай. Жаночая праца выкарыстоўваецца не ў такой ступені шырока, каб ахапіць усіх жанчын, якія б выказалі да гэтага жаданне. Ім застаецца сям’я, выхаванне дзяцей і безліч вольнага часу. Мужчына, паўторым, махнуўшы на ўсё іншае рукой, толькі здабывае сродкі, не будзем вызначаць іх памеры. Тут, паступова і непрыкметна, фармаванне сям’і, грамадскай думкі, а значыць, і самога грамадства, можа перайсці да жанчын.

На мяне можна накінуцца з лічбамі і статыстычнымі дадзенымі, прыгадаць той самы універмаг «Мэйсі» або «Александэрс», дзе амаль не відаць прадаўцоў-мужчын. Не буду спрачацца. Але не гэта вырашае ўдзел жанчыны ў вытворчасці. І маё ўражанне, заснаванае, можа, толькі на асобных назіраннях і падмацаванае газетнай інфармацыяй, застаецца непарушным. Калі не паснедаўшы, дык паабедаўшы, кажа прымаўка, усё гэта стане праблемай.

Я пісаў аб студэнцкіх хваляваннях, аб знаёмстве з вашынгтонскімі хіпі. Вось некалькі інакшых фактаў з дзейнасці амерыканскай моладзі.

У Дэтройце паліцыя арыштавала дзевяць хлопцаў і дзвюх дзяўчат. Сярэдні ўзрост 18—24 гады.

І за што ж? Пойдзем па календары. З канца жніўня да палавіны верасня яны завіхаліся без перадышкі.

30 жніўня ўзарвалі паліцэйскую машыну ў раёне Вудварк, а праз два дні кінулі бомбы ў воінскі будынак і ў школу.

Перапынкі паміж акцыямі ў далейшым крыху павялічваюцца: 6 верасня ўзарвалі яшчэ адну паліцэйскую машыну, але ў раёне Лівернайс; 10 верасня шпурлянулі бомбу ў машыну ваеннага ведамства, а таксама ў паліцэйскую.

Дзён дваццаць панавала зацішша, збіраліся з сілаю. І сабраліся. 29 верасня спрабавалі ўзарваць кантору, што набірала служачых у ЦРУ ў Эн Арбары, і, не марудзячы, кінулі бомбы ў Інстытут навукі і тэхналогіі пры Мічыганскім універсітэце.

У ход ішла не якая-небудзь найноўшая ўзрыўчатка, а звычайны дынаміт. Балазе дастаць яго няцяжка: кралі на складах будаўнічых матэрыялаў.

Чым лічыць гэтыя ўчынкі, як цаніць? Уважаючы на аб’екты, дзе меркавалі рабіць выбухі, тут нешта большае, не звычайны пратэст. Можа слабы, але пачатак сутычкі з уладамі ўрукапашную. Праўда, замахі адбываліся ноччу, і ахвяр не было. Але ж законы штата Мічыган не лагодныя: раненне бомбай караецца пажыццёвым увязненнем. І адбываць трэба поўнасцю, тэрмін пакарання не скарачаецца, і асуджаныя не падпадаюць ні пад якія амністыі.

 

*

Слаба праўлюся. Значыць, слаба мабілізую сябе, кепска б’юся за жыццё. А біцца трэба: вярнуцца дамоў, дапісаць паэму і яшчэ тое-сёе важнейшае.

Лёгка біцца дома. Вось негр з палаты насупраць. Ужо разоў дзесяць яго павінна была зламаць нейкая жахлівая хвароба. Але наўкол хатнія, знаёмыя дактары, нават манашкі. Хоць увага шмат каго з іх не так да яго асобы, як да яго кішэні. І сёння ён ужо другі раз выязджае ў калідор на калясцы, пакручваючы колы рукамі.

І я ляжу не адзін. Усе нашы памагаюць больш чым дазваляюць ім час і магчымасці ўласнага адпачынку. Нават глава дэлегацыі вырывае часінкі, скупы на выяўленне пачуццяў, просты і вельмі добразычлівы.

І я не бываю самотны: хто падтрымае весткай, хто ўсмешкай, хто кавалкам падобнага на мінскі хлеба, хто навіною з Беларусі.

Дзякуй вам за дабрату, землякі, за тое, што ў цяжкую хвіліну сталі братамі. Гэта абавязвае і мяне: хапацца за кожную ніцінку і акрыяць.

Здавалася б, нас вельмі мала тут, каб пераадолець жалезныя шчэлепы чужыны, дзе хвароба — гора і цяжар. Але невялічкая жменька нашых людзей робіць цуд, стварае клімат радзімы.

Часамі, калі поблізу нікога няма, клічу на дапамогу некалькі добрых душ з далёкага Мінска. Усяго некалькі? Затое — самых-самых, як гаварыў Аляксандр Пракоф’еў, тых, без каго не мыслю раніцы, кавалка хлеба, новага радка. Дый навошта турбаваць палавіну горада, я ж пачаў у ім юнацтва. Студэнцкія гады, праца ў рэдакцыях, сустрэчы з чытачамі сабралі надзейны гурт таварышаў. Не кажу пра найбольш цеснае кола сяброў па турбоце ўсяго жыцця — літаратуры. Не раз памагалі мне, і сам першыя кнігі вылузваў з дзіцячых пялёнак і падштурхоўваў уперад, прапускаў у дзвярах перад сабою: ідзі смялей — ты можаш! Хай часам некаторыя, палічыўшы сябе ў той ці іншай меры масцітымі, чамусьці не заўсёды стараліся аддзякаваць па славянскіх звычаях. Можа за Коласаву навуку — гаварыць пра напісанае толькі праўду? Гэта не дужа прыемна слухаць, не лягчэй і рабіць. А трэба. Вось і гавару. Не для таго, каб за многія сотні вёрст ад дому, засланіўшыся акіянам і сценамі небаскробаў, уголас пахваліць сябе і шапянуць пра другога тое, што яму не ўпадабаецца. Проста помніцца залатая рада дзядзькі Якуба: не скажаш праўды сабе, не скажаш і людзям.

Уся гэта меланхолія тлумачыцца даволі проста: дагнаў ганконгскі грып. Яго мне якраз і не хапала! Рукі ватныя, галава баліць несусветна, кашаль.

Доктар узяўся за лекі на раніцу. Парашкі — адразу штук шэсць — прымусілі глынуць тут жа.

Потым — ін’екцыя пеніцыліну; увалілі ў мяне яшчэ пяць парашкоў ды ўлілі масляністай мікстуры.

Нядзеля — вольны дзень, хутка ад’езд. З зайздрасцю пазіраю ў калідор, дзе мой сусед-негр зноў раскатваецца на цялежцы.

 

*

Негры — вялікая сіла і вельмі грозная. За труною Марціна Лютэра Кінга ішоў урад на чале з Джонсанам. Пачынаў пра гэта раней пісаць, можа хоць зараз дакончыцца. Праўда, кашаль чхаць хоча на эўкаліптавыя ляпёшкі. Аднак трэба перабіваць немачы работай.

Мы спыніліся ў Вашынгтоне пакарміцца. Кафэ, куды зайшлі шафёр і яшчэ адзін спадарожнік, аказалася негрыцянскім. Белыя, мусіць, туды не патыкаліся. Усе наведвальнікі глядзелі на нашых, нібыта на страхоцце, і, як ім здалося, былі не супроць калі не надаваць кухталёў, дык проста выставіць няпрошаных гасцей за дзверы.

І тут само сабою высветлілася: прыйшлі савецкія! Іх цудоўна накармілі і яшчэ дзякавалі за ўвагу. Гэта было на славутай 14-й вуліцы — чорным калідоры Вашынгтона, як ветліва расказаў нам калега, маскоўскі журналіст. Тут палалі пажары, ішлі зыркія баі з паліцыяй. Яны ўскіпалі, калі быў забіты Марцін Лютэр Кінг, узгараліся і ў чэрвені. Тады паліцыя расшкуматала негрыцянскія палаткі, а яны ж туліліся каля помніка Лінкальну, пад высокай рукой свайго шчырага абаронцы.

Хваляванні не спыняліся і ў кастрычніку, мы маглі патрапіць, але крыху апазніліся. Паліцэйскі застрэліў маладога рабочага. Насельніцтва абурылася. Тады завылі сірэны, на неграў пасыпаліся запальныя і слёзаточныя гранаты. Стрэлы з рэвальвераў патанулі ў рэху стрэлаў з гранатамётаў.

14-я вуліца моцна спалена, пабіты амаль усе вітрыны, пэўней, магазіны. Белыя, уласнікі дамоў, лупілі неверагодную арэнду за жытло і гандлёвыя памяшканні. З гэтага і завязалася. Негры пачалі паліць рабаўнікоў і ў той жа час саміх сябе. Свае кватэры, склады і складзікі, канторы і магазінчыкі ў нанятых дамах. Гарадскія ўлады стараюцца залапіць сляды разгрому, у ход ідзе фанера. Дзе-нідзе лапіць няма чаго — замест будынкаў чорныя пляцоўкі з невялічкаю кучкай вугалля.

Мы праехалі па гэтай вуліцы двойчы, а потым яшчэ прайшлі. Яна, відаць, уся была двухпавярховая і зроблена на тандэт — разбіваць крамы і кватэры не складала ніякай турботы, агонь зашугаў хутка і як след. Падобны малюнак і на 4-й ці на 7-й вуліцы, каля бензакалонкі.

Негры захваляваліся ў пятніцу, перад выхадным. Дзяржаўным служачым было сказана канчаць работу раней і пакрысе выязджаць з горада. Праз гэта і ўзнікла паніка. Людзі рвануліся ў ад’езд разам. Забілі дарогі так шчыльна, што не пасоўваліся наперад самі і войскі аж восем гадзін не маглі ўвайсці ў горад на ўціхамірванне і расправу.

Некалі даволі папулярная асоба выхвалялася, нібыта ў выпадку якога неспакою Амерыка можа сесці на машыны і пераехаць у бяспечнае месца. А вось і ўструшні асаблівай не было, праўда, гарэлі дамы не так і далёка ад рэзідэнцыі прэзідэнта, а салдаты, ва ўсёй красе і сіле найноўшай знішчальнай тэхнікі, ніяк не маглі дарвацца да безабаронных неграў.

Уявіце той самы Нью-Йорк, калі надыходзіць трафік (гадзіны пік), калі машыны ідуць у некалькі радоў, адна пры адной, адна за адной, сапучы, што называецца, у карак пярэднім, без надзеі вырвацца ўперад, збочыць направа ці налева. Крыху пастраш ці патрывож — і вуліцы ашалеюць, як бачыш засцелюцца ў некалькі слаёў радыятарамі, дзверцамі і заднімі мастамі, пра ахвяры — памаўчым.

Вернемся да асноўнай тэмы. Сёлета асабліва трывожна. Хваляванні неграў пашырыліся амаль на 230 гарадоў. Вось чаму кандыдатам у прэзідэнты было важна, каб чорнае насельніцтва не байкатавала выбараў. А яно не бачыла ў спісах нікога, хто б хоць збольшага задаволіў надзённыя патрэбы.

Як і трэба было чакаць, негры не могуць разлічваць на пацвярджэнне законам сваіх грамадзянскіх правоў. Амерыка ведала грамадзянскую вайну паміж Поўначчу і Поўднем. Але тады былі Лінкальн у палітыцы і Гарыет Бічэр-Стоў у літаратуры. Прэзідэнт назваў яе «маленькай жанчынай», якая выклікала «вялікую вайну», маючы на ўвазе ўплыў кнігі «Хаціна дзядзі Тома».

 

*

Тады было так. Цяпер жа гавораць і пішуць: Амерыка ідзе ў фашызм. Расіст Уолес мае поспех у выбаршчыкаў і асабліва папулярны сярод паліцэйскіх. Мы пайшлі ў Капітолій, калі наведвальнікаў ужо не пускалі. Забавіліся, ніяк не маглі выбрацца з бібліятэкі Кангрэса, там сапраўды ёсць чаму дзівіцца: і велічэзнасці кнігасховішча, і унікальнасці яго здабыткаў. На адкрытым балконе паліцэйскі флегматычна, але з належнай катэгарычнасцю прапанаваў прыйсці заўтра. Надзея трапіць згасала, але тут наш дабравольны гід прамовіў: «Журналісты з Масквы». У стража парадку памякчэў твар. Праўда, потым выказваліся меркаванні, што магічнае ўздзеянне зрабіла зусім іншае пачутае паліцэйскім слова. Адзін з нас прапанаваў пайсці і перабіць гаркоту няўдачы глытком віскі: маўляў, былі ў Вашынгтоне, а ў Капітолій не трапілі.

Адным словам, знайшліся ключы, знайшоўся час, паліцэйскі выявіў сябе як неблагі праваднік, гаваркі і даволі дасціпны. Абышоўшы збольшага залы і дазнаўшыся пра іх прызначэнне, агледзелі партрэты прэзідэнтаў, карціны, крэслы.

У адным з вялікіх памяшканняў наш гід дазволіў сабе аскароміцца жартам, не дужа свежым, але даволі самакрытычным. Нібыта прыезджы, трапіўшы на малітву ў пачатку пасяджэння, спытаў у суседа, чаму свяшчэннік моліцца за кангрэс. І атрымаў адказ: «Ён пабачыў, хто тут сядзіць, і моліцца за краіну».

Выйшлі на вуліцу з другога боку. Там ужо завіхаліся ёмка: стаўлялі кабіну, адкуль новы прэзідэнт скажа традыцыйную прамову пры інаўгурацыі, будавалі падмосткі для ўдзельнікаў урачыстай цырымоніі. Разам з канцэртам, прыёмам, парадам і банкетам уся гэта фатыга ўскочыць у добрую капейчыну федэральнай казне.

Надыходзіў час падзякаваць і развітацца, але паліцэйскі ішоў у нашу дарогу, гаворка вілася, не спынялася. Ён шмат чытае, выпісвае геаграфічны часопіс, таму багата ведае пра Сібір. І пра Венгрыю — мае жонку венгерку.

— А хто будзе прэзідэнтам, як на вашу думку?

— Роберт Кенэдзі сабраў бы 90 працэнтаў галасоў. Цяпер іх панясуць Ніксану. Паліцэйскія будуць галасаваць за Уолеса.

— А вы?

— І я.

За Уолеса галасавала 10 мільёнаў. Няшмат? Шмат, і вельмі!

А зірніце на кінакадры, дзе выбаршчыкі вітаюць аблюбаванага абранца. Акурат тое самае шаленства і вар’яванне, як перад Гітлерам. Як быццам не было вайны і не прайшло больш за тры дзесяцігоддзі ад тых прамоў да сённяшніх. І горш за ўсё, што вар’яванне такое ж, нават маштабна, а аб’ект — куды драбнейшы, хоць і Гітлера не залічыш у буйныя.

Значыць, не проста псіхоз, не толькі рэванш, не толькі нянавісць да яўрэя ці негра. Нешта ж буйнейшае ляжыць у грунце адраджэння фашызму. І гэта — ідэя сусветнага панавання, ідэя наглая і адкрытая.

Вось і гарлаюць аскепкі гітлераўскіх штурмавых атрадаў, так званыя мінітмэны. Недалёка ад Белага дома, пэўна, з гадзіну язды, грамілы са свастыкай на рукаве калавураць дом наводшыбе, прыпірышча нацыянал-сацыялісцкай партыі. Матляецца сцяг, таксама са свастыкай.

Завадатарка аднаго з аддзяленняў гэтай партыі, здаецца ў Чыкага, носіць гучнае, зненавіджанае людзьмі прозвішча — Эрыка Гімлер. Тым натуральней у дзень нараджэння Гітлера наладжваць расісцкі парад з пагрозамі «левым і камуністам». Праграма ўсё тая ж, вядомая: неграў — у Афрыку, яўрэяў — у стэрылізацыйныя акалодкі, камуністаў — да сцяны. І, вядома ж, вайна! Гэты іхні бог, самы надзейны сродак дасягнуць сусветнага панавання.

А з гэтым час бы і ўтаймавацца. Гордасць сталіцы Амерыкі, слаўнае месца для спачыну — Рок-крык-парк. Лугавіны з зялёнай травой, празрыстая стужка шумлівай ручаіны і дрэвы, дрэвы... Хочаш зірнуць на верхавіны асілкаў — добра задзяры галаву. Але тут, як і ў парку другой некаранаванай сталіцы, Нью-Йорка, не раяць рабіць вячорных прагулак.

Не ведаю, калі апошні раз пашыраўся і добраўпарадкаваўся Рок-крык-парк. А месца спачынку мёртвых, іх горад, як называюць тутэйшыя могілкі, расце ўшыркі, удоўжкі, і ўсё цясней і цясней робіцца там. Галоўныя ваенныя могілкі краіны ў Арлінгтоне ўжо не змяшчаюць ахвяр в’етнамскай вайны. Іх невымерна больш, чым некалі разлічваў Кангрэс, што прыняў рашэнне зрабіць гэта месца нечым накшталт пантэона герояў.

Растуць аднолькавыя здзірванелыя курганкі з аднолькавымі белымі крыжыкамі і парадкавымі нумарамі на іх з адваротнага боку. Зрэшты, над магілай можа быць пліта ці больш раскошнае збудаванне.

Бізнес робіцца і на нябожчыках. Не паспее прыйсці ў асірацелы дом паведамленне аб страце блізкага чалавека, а пранырлівыя маклеры як тут і былі. У чорных вопратках, з засмучанымі тварамі падсоўваюць праспект: па якім разрадзе і за якія грошы вы пажадаеце пахаваць свайго сына ці мужа. Не скупіцеся, шаноўныя сваякі! Справа кампаніі прапанаваць і наладзіць усё добрасумленна — жалобны картэж, прыстойную надтрунніцу. Наймуць пастара і нават прамоўцу. Ваша справа заплаціць і ўволю паплакаць. Труна — за кошт дзяржавы, на тым і канчаецца яе клопат і пашана. Праўда, маці загінуўшых могуць насіць залатую зорку, калі маюць за што купіць яе.

Узрушаныя гэтымі весткамі, мы пайшлі да магілы Невядомага салдата. На пляцоўцы з гранітных пліт каля вечнага агню, як лялька на спружынах, адмерваў крокі то ў адзін, то ў другі бок салдат у нейкім асаблівым абутку. Ён ёмка паварочваўся, гучна ляпаючы абцасамі, няйначай падкаванымі. Было ўрачыста, але занадта тэатральна. Мы не сталі чакаць змены ганаровай варты, цырымоніі, на якую пачалі сыходзіцца наведвальнікі могілак. Абышлі залу для выканання музычных твораў, круглую веранду, зазірнулі ў мемарыяльную будынінку. Вітрыны пад шклом: шматлікія віншаванні, з прычыны адкрыцця магілы Невядомага, ад прэзідэнтаў і прэм’ераў, у тым ліку і ад англійскага караля.

Унізе, у горадзе бяднейшых нябожчыкаў, скрозь — голыя магільныя наспы.

 

*

Пракляты грып затрымае яшчэ ў бальніцы. Удзень весялей, а пахіне на змярканне — ніяк не дабяру сабе ладу. Абы спала тэмпература, буду прасіцца на выпіску.

Пад вечар пішу больш. І ўжо адшукаў прычыну: мацней калачуся за сваю скуру, як самы разапошні баязлівец. Да гэтага часу, калі дактары пыталіся, ці зазнаю пачуццё страху, казаў чыстую праўду: не!

А цяпер — баюся! І праз гэта гатоў наракаць на сяброў, на абслугу, хоць увагай іхняй я далёка не абыдзены. Толькі што пабылі нашы. Зараз зноў укацілі конскую порцыю пеніцыліну, далі сродкі для ачышчэння лёгкіх.

Адкуль жа страх? Чужы горад і занадта разваг з самім сабою? Напэўна. А калі выспавядацца да астатку — боязь, дакладней — няўпэўненасць, што будзе так, як задумаў, як хачу. Гэта рыса ўедлівая, і я ўвесь час аддзіраў яе, каб не прыстала да характару.

Не будучы асабліва смелым у маленстве, я ездзіў верхам, хоць не меў портачак, хадзіў у адной кашулі. Конь, праз поўную адсутнасць павагі да такога ездака, клаўся пасярод дарогі і качаўся, абганяў мух са спіны. Не вельмі пасмялеўшы, я лазіў у чужыя сады, не аставаўся ад майстроў дурэць і гуляць у школьныя і студэнцкія часы; казаў праўду, калі многія выбіралі за лепшае памаўчаць. Дый на вайне не шукаў спакайнейшага месца, давялося пастаяць пад Сталінградам.

Відаць, карэнне некаторай няўпэўненасці гняздуецца не ў страху за сябе, а ў клопаце за другога — не зробіць як трэба, у непакоі за абставіны — складуцца не гэтак, і мае задумы павіснуць у паветры.

Бадай, усяго гэтага можна было б і не пісаць. Але прывязалася трывога — як мінецца грып? Я збіраюся ў ад’езд: вельмі хацелася б на параходзе. Зрэшты, ліха з ім, з тым акіянскім падарожжам! Згодзен на самалёт, каб толькі не ўгразнуць тут. Вельмі ж агорк лічыльнік, я не перастаю чуць яго, што пераводзіць кожную хвіліну шпітальнага існавання ў вартаснае выражэнне, у чыстае золата. Не так і мала яго ў краіне, але задарма выкідаць не выпадае.

Ляцець дык ляцець, хоць па спосабу каваля Вакулы, каб толькі Новы год — дома! А там і за работу пакрысе. Я столькі вінен сваёй зямлі, дай мне, лёсе, змогі адрабіць за ўсё.

 

*

Велізарны свердзел, толькі не бліскучы, са сталі, а з жалезабетону, накрыты шапкай купала і пастаўлены конусам уніз. Іначай, бадай, і не скажаш на прыкметную, але не крыклівую будыніну, што ўсвідравалася ў нью-йоркскі асфальт паміж Пятым авеню і 88 стрыт.

Дом ААН увесь час, асабліва здалёк, формай сваёй нагадваў мне пачак запалак, неверагодна павялічаны да памераў небаскроба. А тут — свердзел!

Гэтак спраектаваў карцінную галерэю, па-тутэйшаму музей, Гугенхайма, вядомы амерыканскі архітэктар Фрэнк Райт. Заплаціце паўдолара і заходзьце. Мяркуйце, удалося ці не майстру ажыццявіць тут уласную канцэпцыю так званай натуральнай архітэктуры — найлепшае дастасаванне будоўлі да краявіду і найбольшыя выгоды чалавеку.

Пачаўшыся з вялікай залы ўнізе, спіраль свердла мякка раскручваецца і падымае вас без прыступак і ліфтаў ад вітка да вітка пад самы купал. Святло падае ўсюды роўна, не збыткуючыся, каб не паблісквалі фарбы, але яго зусім даволі — ні колер, ні падрабязнасці ніколькі не трацяцца.

І так, крок за крокам, падымаючыся ўгару, вы перамяшчаеце сябе ў мастацтве, уваходзіце ў новую і найноўшую яго фазы з канца XIX стагоддзя і па сягонняшні дзень. Гэта і меў на думцы фундатар, відны прамыслоўца, чыё імя носіць музей.

Пра адны карціны многа чута, другія знаёмы па рэпрадукцыях. Вось і арыгіналы. «Майстар гадзіннікаў» Сезана, шагалаўскі «Скрыпач», абапёрты маленькімі ножкамі на дахі местачковых дамоў, правільны чатырохкутнік з ліній рознай таўшчыні, ахрышчаны «Кампазіцыяй 2» Мандрыяна. І тут жа: Лежэ, рэчы Банара, праз якія, здаецца, так і точацца манера і фарбы непераадоленага Гагена. Мноства гучных імён. Мадзільяні, Малевіч, чыё прозвішча звязана з суперматызмам і славутым у свой час «Бубновым валетам», нарэшце — Акада з сваім «Сонцастаяннем».

Творы самых розных кірункаў і стыляў, жанраў і манер. А ўсіх гэтых твораў — прывучаюся да амерыканскай звычкі ўражаць перш за ўсё лічбамі — звыш 3000. Болей за 180 рэчаў належаць аднаму Кандзінскаму, ён яшчэ пакінуў даўно забытыя сцэнічныя творы, апавяданні і паэмы ў прозе.

Мы спыніліся каля ягонай «Зімы». З такім жа поспехам гэта можна было назваць «Вясна», «Пчаліны вулей» або «Вароніна гняздо». Пачварнае перапляценне ліній, нібы адвольных мазкоў, блытаніна светлавых і каляровых плям.

Аднак, каб што-небудзь рашуча адмаўляць, трэба разгледзецца як належыць і прымусіць сябе зірнуць вокам стваральніка, завітаць і да суседніх з’яў такога ж парадку.

Філадэльфійскі музей пачаставаў недарэчнымі збудаваннямі накшталт дзіцячых скрынак для пяску, дзе і сапраўды быў пясок, і пустыя бляшанкі, і нацягнутыя ўбезладзь шпагаты. А робяць і «кампазіцыі» з растрыбушаных матрацаў і манекенаў, «эцюды», выконваюць паўзверх рэпрадукцый з вядомых твораў, малююць пакрыўленыя постаці на палатне і высмальваюць у ім асобныя мясціны.

Пасля ўсяго гэтага, што спадцішка і ўголас пачынае называцца мастацтвам, праўда, мастацтвам разбурэння, і «Зіма», якую мы толькі ўспаміналі, можа здацца высакародным, поўным глыбокага зместу творам.

Зрэшты, я выкладаю толькі сваё асабістае «прыняцце» або «непрыняцце». Калі мастак і твор усё ж утрымліваюцца ў межах мастацтва ў агульнапрынятым разуменні і ў вузкааўтарскім, ім ад гэтых меркаванняў ні горача, ні холадна.

Стаяць і вісяць пачварныя збудаванні, зробленыя з дапамогай нажніц, сякер, гір, друшлякоў і другіх падобных прылад, якія замянілі пэндзаль і фарбу апосталам сучаснага мадэрнізму. А цябе так і пад’юджвае спытацца: ці не заняцца вам чым-небудзь карысным, бедныя людзі?

Карцін Уінстана Чэрчыля — ён яшчэ і маляваў, хай не будзе гэта навіною! — бачыць не давялося. Паверым былому англійскаму прэм’еру Макмілану: «Такому мастаку,— пісаў ён,— трэба было мець дадатковую прафесію, каб не памерці з голаду». І Чэрчыль займаўся палітыкай.

У падарожжы па вітках гугенхаймаўскай спіралі трапляліся не толькі эстэтычныя засмучэнні. Была і ўцеха. За гэта перад усім трэба падзякаваць Пікаса.

Скажам яго сапраўднае прозвішча — Руі Бласка — і паспрабуем выдыхнуць усе яго імёны: Пабла Дыега Хазэ дэ Паула Хуан Непамуцэна Крыспін Крыспініяна дэ ля Сантысіма Трынідад.

Мастак прадстаўлены рознымі рэчамі, пераважна створанымі пасля таго, як перажыў ён «ружовы» і «блакітны» перыяды ў сваім творчым шляху і прыняў мастацкую веру кубізму. Вось тут і бачыш, як злузваецца непатрэбнае шалупінне назваў і кірункаў, куды заціскаюць сябе мастакі самі, іх крытыкі і прыхільнікі. Творы сапраўднага мастацтва жывуць самастойна, незалежна ад прышпіленых на іх этыкетак. Цяпер з такой чалавечай глыбіны, як Пікаса, апалі лісткі ўяўных захапленняў, засталася ва ўсёй грознай нагаце і велічы вечная годнасць — мастак!

Праўда, «ружовы» і «блакітны» Пікаса выклікае ў калекцыянераў млосць і змушае расставацца з мяхамі золата. Не ведаю, на колькі прыйшлося раскашэліцца Гугенхайму за «Акардэаніста» (1911 г.), а вось «Мацярынства над берагам мора» сёлета пайшло ў Нью-Йорку за 2.555.500 франкаў.

Чалавецтва не гэтым павінна дзякаваць мастаку за тытанічную працу, у кожным разе — не доларамі і франкамі.

У капцы 1968 года была апублікавана цікавая размова Пікаса з амерыканскай журналісткай. Снежаньскі часопіс «Лук» паведаміў, што незадоўга перад гэтым майстар закончыў серыю гравюр на медзі. Не больш і не менш — 319. І гэта за 5 месяцаў!

Майстар з усмешкай расказваў, што, пражыўшы 87 гадоў, 77 з іх ён працуе мудрэй як асуджаны на смерць. Праз гэта некалькі разоў мяняў месца жыхарства. Калі кватэры і вілы запаўняліся работамі па самае нельга, Пікаса перабіраўся.

«Мала хто з людзей разумее,— заўважае Пікаса,— што мастак павінен мець магчымасць аддаваць увесь час сваёй працы. Адзін іспанскі гітарыст даваў канцэрты ў Нью-Йорку. Я спытаў: «Як вам упадабаўся горад?» Ён разгублена зірнуў на мяне, паспрабаваў адказаць, але высветлілася, што ён не бачыў Нью-Йорка. «Гэта нешта высокае, велізарнае»,— прамармытаў гітарыст. Хіба гэта не паказальна? Ён не заўважаў нічога, акрамя свае работы».

Усё сказанае як нельга лепш стасуецца і да самога Пікаса.

«Назіранне,— зазначаў ён у той жа гутарцы,— найбольш істотная, першарадная частка майго жыцця. Я прывучыў сябе нічога не абмінаць, бо, як любіў гаварыць Сезан: «Ніхто ніколі не бывае дастаткова ўважлівым». Увесь чалавек у тым, каб глядзець наперад».

У гэтых словах і мастацкая і грамадзянская пазіцыя майстра. Ён пакляўся, што, хоць і моцна нестае роднай краіны, не ступіць на зямлю Іспаніі, пакуль будзе жывы Франка. Жывучы ў акупаваным Парыжы, будучы некалькі разоў пад пагрозай арышту, ён ратаваў іспанскіх эмігрантаў і шырока дапамагаў ім.

У гэтых нататках мне некалькі разоў даводзілася звяртацца да марнатраўства і разлажэння, усведамлення грамадзянскіх абавязкаў і выяўлення пратэсту ў асяроддзі амерыканскай моладзі.

Пішучы, я не ведаў думак Пікаса на гэты конт. Дадзім жа яшчэ раз слова ягонай мудрасці.

«У мяне такое ўражанне, нібы той-сёй разумеў, што многае змянілася ў Штатах. Але яны ўсе памерлі ў В'етнаме. Сумняванні, нявер’е ў тое, што гэтая вайна робіць гонар, узвышае забойства двух Кенэдзі, Марціна Лютэра Кінга — усё гэта сімптомы, што нейкія хістанні глебы спасцігаюць гэту самаўпэўненую краіну. Злучаныя Штаты — краіна, якая выклікае параўнанне з тым, хто імкнецца існаваць за кошт выйгрышаў у латарэі. Яны выйграваюць у гэтай латарэі на працягу многіх год, яны цвёрда верылі, што заўсёды будуць у выйгрышы, і раптам фартуна здрадзіла. Моладзь Штатаў у збянтэжанні, шукае кіраўнікоў, узораў, так сама, як і ўсё юнацтва свету.

...Я не магу ўразумець гэту так званую прорву, разрыў паміж пакаленнямі. Не скажу, каб сучасная моладзь была болей складаная, чым былі мы. Бясспрэчна адно, вельмі сталы чалавек, надмерна ўпэўнены ў сабе, не можа кіраваць ёю. Нехта павінен актыўна, па-сапраўднаму быць цікавы моладзі».

І на астатак — пранізлівае папярэджанне. Не толькі Амерыцы, а ўсім краінам з такімі ж хістаннямі глебы, як адзначыў Пікаса:

«У пластах нашага грамадства, якія людскуюцца ў поспехах, асноўныя недахопы не вымагаюць працяглага роздуму. У выніку іх аслаблены, у параўнанні з маім пакаленнем, памкненні да палітыкі, да ўсяго артыстычнага і мастацкага».

І вось не трэба шукаць, дзе гняздуецца карэнне «мастацтва разбурэння», чаму тавару з гэтага капыла найбольш у Амерыцы...

Музей Гугенхайма пачынае раскручваць спіраль у адваротны бок. Сыходзім уніз, пад пераконванні праграм і рэкламных лісткоў, што ўстанова гэта не дае прыбыткаў. Адправіўшы чэк на 100 долараў па пэўным адрасе, вы будзеце прылічаны да прыхільнікаў музея. Тады вольна хадзіце сюды, нават не ў вызначаныя гадзіны, рабіце копіі, слухайце штотыднёвыя канцэрты, выступленні паэтаў і лектараў. Неўзабаве павінен чытаць лекцыю Герберт Маркузе, філосаф не страшны, больш карысны: крытыкуе, але раіць, як удасканаліць капіталізм.

Якія ж тут прыбыткі! Адны страты! Таму за належную прапаганду належных рэчаў музей атрымлівае федэральную датацыю.

 

ІХ

Бабчыны казкі і сапраўдныя лекі. Нядзельныя карнавалы. Не наступі на сабачую лапу. Рэзідэнцыя жоўтага д'ябла. Беларускі міністр на амерыканскім тэлебачанні. «Век зрушыўся з падруб». Рамэо і Джульета. Нікан і Ніксан.

 

6 гадзін вечара. Каб дацягнуць да сну, тэлевізійнай драмы і чарговай серыі прыгод відавочна мала. Буду вучыцца сядзець. Сястра пярэчыць, і я ведаю чаму: яна прыманьвае, што тэмпература нармальная.

Доктар сягоння скептычна гаварыў:

— Вы хочаце, каб я лячыў вас гарчычнікамі і малачком з мёдам. Гэта бабчыны казкі. Вы атрымліваеце лепшыя ў свеце лекі. І ад прастуды хутка і следу не застанецца.

Выслухаўшы ўсе ўшчункі, я выпрасіў у сястры медыцынскага спірту і добра нацёр грудзі і ногі. Вось каб банечкі яшчэ, напэўна развітаўся б з ложкам. А тады сабе кажы: бабчыны і дзедкавы казкі!

Пазваніла Ліля, дзякуй ёй, добрая душа! У самой жа бяды поўная хата: муж і дачка таксама ў грыпе, з страшэннейшай тэмпературай.

 

*

Раніца. Дыхаецца лягчэй. Будзем парадкаваць нататкі, назбіралася іх не так і мала.

Калісьці ў Твардоўскага ўразіў радок: «Тут ни убавить, ни прибавить». Гэта ад вялікай смеласці мастака: ён ведае, што бачыць з’яву такой, як яна выглядае ў сапраўднасці. І таму можа разлічваць на беспамылковасць свае ацэнкі.

У рускай літаратуры, думаў я тады, раней вымавіў тыя слоўцы Міхайлоўскі. Аж выходзіць, перад усім быў складальнік рукапісу аб Нявідзімым градзе: «Иже мы написали и уложили... всему нашему уложению ни прибавить, ни убавить»1

Вось бы і самому дамагчыся так!

 

*

Парады тут адбываюцца амаль кожны тыдзень, дакладней сказаць, кожную нядзелю. На адным — «Дзень Калумба» — я пратырчаў з рання да цямна, балазе было цёпла. Два другія — «Дзень удзячнасці» і Санта-Клаўса — глядзеў па тэлебачанні.

Значыць, з поўным правам магу апісваць, як робяць усе прыстойныя карэспандэнты. Нашто хадзіць на ўрачыстасці? Мітусня і штурханіна, нічога не ўбачыш, матэрыял для друку прасцей рыхтаваць каля тэлевізараў.

Не мной першым заўважана і адзначана, што амерыканцы ўпадаюць за знадворнымі эфектамі, любяць усялякую помпу, бадзянне па вуліцах, пераапрананне, бравурную музыку. Аднак, ці гэта можа здалося, на нядзельных парадах гледачоў значна менш, чым удзельнікаў. Спецыяльна на гэтыя ўрачыстасці як быццам не ходзяць, а так накіроўваецца куды-небудзь чалавек па справе ці ў магазін, прыстоіць хвіліну, паўсміхаецца і падаецца далей. Праўда, рушацца ўсе працэсіі па Пятым авеню, а поруч Цэнтральны парк, так што народ заўсёды таўчэцца.

І яшчэ адно: парады прыносяць сапраўднае задавальненне калі не выпадковым гледачам, дык зноў-такі самім удзельнікам. Душа народу, як вядома, здавён імкнецца да масавага дзейства, калі хочаце сучасней — самадзейнасці. Праўда, у амерыканцаў, карыстаючыся словамі байкапісца, ёсць «задумка іншая».

Рэклама. І перш за ўсё яна. Якую б пампезную пантаміму вам ні разыгрывалі, якія б несусветныя красуні ні сляпілі вам вочы бліскучымі туалетамі — хочаце вы ці не хочаце, а ўсё роўна прыкмеціце прозвішча фундатара, гаспадара фірмы, адрас яе і тое, што менавіта рэкламуецца. Тут ужо метровых літар і сляпучых фарбаў не шкадуюць, іначай навошта той гарод гарадзіць!

Нью-йоркскія газеты пісалі, нібы сёлета ўдзячнасць амерыканцаў скіравана на мару аб свабодзе ад палітычнага, рэлігійнага і эканамічнага прыгнёту.

Мара — гэта някепска! Магчыма, мноства парадаў, больш трапна было б называць іх карнаваламі, і выяўляе мару вызваліцца ад рэчаіснасці: хоць некаторы час пабыць у ілюзорным свеце, вольным ад думкі аб заўтрашнім дні — чаго добрага, страчу здароўе! (Так часта гаворыць шпітальны знаёмы, электрык Том, а поўнасцю — Таміслаў Страдановіч).

Пэўна, таму ўдзельнікам карнавалаў проста прыемна наладжваць свае цырымоніі. Робіцца ўсё ад душы. Ад’язджаюць як мага далей у мінулае. Убіраюцца ў строі з усяго свету — індускія і чачэнскія, феадальнага і ледзь не дафеадальнага часу: ідуць сярэдніх год паляўнічыя, старыя прыдворныя — і раптам хлапчукі ў сучаснай армейскай форме. Бог ведае, з якіх спратаў вывалакваецца старасвецкая зброя, ладзяцца рыцарскія выезды на конях неймавернай вышыні, з сажнёвымі вушамі, у пазлацанай збруі, коцяць на сярэдневяковых калымагах, дыліжансах, у дапатопных вагончыках першых чыгунак, умудраюцца плысці па асфальце ў індзейскіх пірогах ва ўборах з птушыных пёраў і звярыных шкур.

Нічога не каштуе, скажам, вывезці на вуліцу басейн з рыбаю, казуль ці якіх іншых звяроў у вальерах. Поруч з «фордам» і «шэўрале» апошняй мадэлі націскае педалі клоўн на трохколым дзіцячым самакаце.

Далей на цэлы квартал расцягваецца калона дзяўчатак — едуць на адным веласіпедным коле і вырабляюць неверагодныя гімнастычныя выкрутасы. Яшчэ далей — «каралевы» ў засені веераў са страусавых пёраў пад аховаю «рыцараў» і ў суправаджэнні «войска» ў гвардзейскіх, уланскіх, драгунскіх ківерах, шаломах, футровых шапках пятроўскіх і дапятроўскіх, паўлаўскіх і дапаўлаўскіх часоў, калі ваенная форма рускай арміі была, бадай, найбольш эфектная і найменш зручная для салдата.

Поні і аслы, газавыя аўтакапцілкі і вазы першых фермераў, спаборніцтва жаночых туалетаў, выстаўка красунь цалкам, а таксама паасобку — твараў, тварыкаў, ног, ножак, сцёгнаў, сцёгнішчаў, азадкаў і азадзішчаў.

Усё гэта зборышча шуміць, іграе па розных інструментах, страляе з хлапушак і старых крамянёвых стрэльбаў велічынёй з супрацьтанкавае ружжо, звоніць у званкі экіпажаў, дае гудкі, гукае і спявае.

Найбольш правільна, як мне здалося, рэагавала на гэта шумлівае відовішча вялікая прыгожая аўчарка. Яе гаспадар займаў столік у адкрытым кафэ (тэраса рэстарана ад вуліцы), але змушаны быў пакінуць месца праз экспансіўнасць свайго хвастатага сябра. Той не мог стрываць столькі незвычайнага для сённяшняга сабачага вока, раз-поразу разяўляў вялізную чырвоную пашчу і гаўкаў, нібыта гупаў сякераю па калодзе: гуп-гуп! баў-баў!

І калумбаўскі парад, які я глядзеў на Пятым авеню, і два другія, што прайшлі перад вачыма на тэлевізійным экране, нейкім чынам зліліся ў адзін. Гэта былі ўцёкі з сённяшняга, і не ў мару аб будучым, а ў мару аб мінулым. Можа і не без падстаў мяркуюць, што Амерыка разлічваецца за ігнараванне дробных адзнак жыцця нацыі ў імя надмерна бурнага росту, за пераскок, а не пераход, з аднаго гістарычнага перыяду ў другі.

Тады няцяжка здагадацца, чаму такое мноства нацый — добрыя тры дзесяткі! — выліваецца на вуліцу ў дні парадаў. Ці ж для таго, каб парадавацца тым, што ёсць? Наўрад, хутчэй адступіцца назад, у сваю гісторыю, этнаграфію, рэлігію, самабытнасць. Хоць раз у год пабыць самім сабою, адчуць сябе ў сувязі з часам, палюдскавацца паходжаннем: вунь, што мелі і ў чым хадзілі дзяды і прадзеды.

Парады звычайна рыхтуюць рэжысёры не без таленту, запрашаецца і пэўная колькасць акцёраў. Яны выконваюць нумары гімнастычныя, эстрадныя — групавыя і сольныя, а таксама адзіночныя і сальныя.

Як ні мудруй, як ні называй такія відовішчы — парадамі, карнаваламі або прыдумай яшчэ што-небудзь — яны да прыкрасці падобны адно да аднаго. Ці кіруе імі дзед-мароз пад елкай на пад’ёмным кране; ці пагойдваюцца над галовамі партрэты Калумба і макеты яго каравелы і крочаць шэрагі маракоў, ад старых марскіх ваўкоў, піратаў, флібусцьераў да сучасных адміралаў і выхаванцаў марскіх школ; ці паўзе над калонамі якое-небудзь надзьмутае гумовае пудзіла — слон або тыгр; ці ачаляе іх магічнае слоўца, назва магутнага, на ўсю Амерыку, універмага — першае ўражанне не знімаецца. Усё зроблена на адзін капыл, на адзін крой, па адну трафарэтную ўсмешку.

Смешна было б сказаць, што зусім не трапляецца тут пробліскаў таленту і хараства. Вось за вялікім транспарантам рушыць такая колькасць прыгожых стварэнняў, аж страх бярэ, што іх можа існаваць столькі, і кожнае заліваецца срэбным галаском, а вачаняты з-пад аршыновых веек прабіваюць вас навылёт. Яны ахінуты воблакамі шаляў і то закручваюцца ў іх, тады прысутным здаецца, нібы сонца хаваецца ў хмару, то раскручваюцца, і сотні сонцаў зноў свецяць вуліцы, асенняму парку, самому табе, чалавеча, што ўвесь тыдзень пільна сачыў за рухам швальнай іглы ці за падачаю штампаў.

Раптам — прэч шалі! Новыя шэрагі красунь, і ва ўсіх іх плаўна і непрыкметна па нагах, таліі, па грудзях да самай шыі ўзбягаюць абручы, гэтакім жа няўлоўным рухам апускаюцца да зямлі і пачынаюць свой, прыпраўлены сексам, шлях зноў угору праз самае нязначнае парушванне мускулаў.

А ты, затузаны жыццём і змораны работаю, чалавеча, сіваваты, кандыдат у дзяды, стаіш, адкавяліўшы губу, як чапляю, хоць на яе патэльню чапляй. І ў суседа, твайго сябра па майстэрні і суботнім куфлі піва, таксама вочкі пабліскваюць, хоць ніякі ён не валацуга, а бацька вялікай сям’і, добры, цягавіты работнік.

Глядзіце, глядзіце! — кліча аркестр. Аркестранткі — у арэоле залатога і срэбнага зіхцення труб. Хлапечыя мундзірчыкі ніяк не хаваюць іх жаночых адзнак, а, наадварот, нагадваюць якім-небудзь залатым гузічкам, ушпіленым якраз на адпаведным месцы. Дзьмуць дзяўчаткі, не зважаючы на спорны дождж,— грошы заплачаны! Дажджавыя кропелькі збіраюцца на казырках іхніх шапак, падаюць з труб, сплываюць па флейтах, не могуць утрымацца і на тым самым, чым дзьмуць аркестранткі ва ўсе гэтыя трубы, флейты, саксафоны, фаготы,— на тугіх ружовых, зусім трошкі падмаляваных губах.

Нялёгкі хлеб у тутэйшага хараства! Мокні пад золкім асеннім дажджом, дзьмі да знямогі ў выдзеленую табе дудку, рабі выдрыганцы, ад якіх мутарна на душы і яна недзе за абыякавай усмешкай чуецца абражанай.

Але хараство ёсць хараство. І яго можна вызваліць ад прыкрых прымусовых покрываў, глядзі толькі чыстым чалавечым вокам.

Так, мусіць, і ўзіраюцца тыя два амерыканцы, суседзі па рабочым месцы і століку ў бары. Можа гэта пра іх гаворыць Ніксан, успамінаючы «забытага амерыканца, які не крычыць і не ўдзельнічае ў дэманстрацыях». Ці не на яго толькі разлічаны ўсе гэтыя пыхоўныя цырымоніі? Каб хадзіў на карнавалы. І не крычаў. І ён глядзіць, не крычыць. Пакуль што, трэба думаць.

 

*

З раніцы прыязджалі мае добрыя сябры. Яны перахварэлі амаль усе. На гэты самы грып. А хто ўтрымаўся на нагах, кажа, што абавязаны выпрабаванаму беларускаму сродку.

Першы грып у Беларусі лютаваў пад час першай нямецкай акупацыі, незнаёмую яшчэ хваробу называлі — іспанка. Адно сяло ляжала покатам, толькі самы стары дзед хадзіў, паіў хворых гарачай вадою, даваў кожнаму па гарачай бульбіне.

— А вас, дзеду, і хвароба не бярэ?

— Не бярэ, дзеткі, бо не паддаюся. Я дужы — моцнае ем.

Думалі, смяецца, як гэта моцнае есці! Глынуць моцнага ён быў ахвотнік і трымаў у запасе пяршак — самагонку. І такі піў яе, але ж і еў сапраўды моцнае: часнок, цыбулю, хрэн і трохгадовай даўнасці сала, жоўтае, ёлкае, з павыступаўшай праз лубяную скуру соллю.

 

*

Пры адчыненні сесіі ў ААН уваходзіла 125 краін, за гэты час стала 126. І вось яшчэ адзін прэтэндэнт.

Нейкі Рой Бэтс, хто і што ён — я ў газетах не дакапаўся, абвясціў сябе прэзідэнтам незалежнай дзяржавы. Называецца яна — Сіленд, гэта ўсяго толькі металічная платформа для зеніткі. Існуе з часоў апошняй вайны, пастаўлена Бэтсам за шэсць міль ад усходняга ўзбярэжжа Англіі і пад уладу яе не падпадае.

Вось Бэтс і збіраецца ўвесці пашпартны рэжым і ашчаслівіць свет новай валютай.

 

*

Якуб Колас любіў пунктуальнасць. Не дапільнуе прызначанага часу чалавек — і адразу багата страціць у яго вачах. Затое і сам Канстанцін Міхайлавіч на сходы і пасяджэнні, нават на таварыскія бяседы, прыязджаў першы: «Нашто каб мяне ўсе чакалі, лепей пачакаю я адзін».

Так гаварылася не ад нахілу да скрупулёзнасці. Пад іроніяй у яго адчувалася і ўнутраная ўзрушанасць, клопат выканаць абавязак, спраўдзіць дадзенае слова. Бо нязробленае рупіць.

Звычка дакладна пільнавацца часу перадалася шмат каму з яго вучняў і знаёмых. У тым ліку і мне. Зараз, у шпітальных умовах, я стараюся пасміхнуцца, заўважыўшы за сабой такую непатрэбную турботу.

Да трох гадзін цэлая чвэртка, а мяне падымае хваляванне — няма сястры. Яшчэ без дзесяці 10, а вочы выглядаюць доктара ці каго з нашых, каб не прапусцілі пары. Медыкі лаюць за ўзбуджанасць, кажуць, нібы праз гэта не вытрымала сэрца, вось і качайся па заморскіх шпіталях. А хлопцы жартуюць: нехта іншы зараз і вухам бы не вёў — спі ды чытай пакрысе. Табе ж адзін клопат — ляжы ды пасвіствай на ўсю Амерыку. Балазе так і доктар раіць.

Усё гэта праўда, аднак запісваю дакладны час адной немаленькай у маім цяперашнім жыцці падзеі:

10 гадзін 10 хвілін па нью-йоркскім часе, 3 снежня 1968 года. Прыйшоў доктар, загадаў устаць, памог надзець халат і пантоплі, вывеў на калідор і пасадзіў у курыльным салоне. Тым часам сястра падкаціла цялежку з апаратам для вымярэння ціску — праверылі.

Доктар пасміхнуўся, паціснуў руку і павіншаваў з акрыяннем.

Вынікі: можна 10 хвілін гуляць па калідоры пад ручку з сястрой Люсі.

Надзеі: дні якія праз два пераехаць пад свой дах.

Голас асцярогі: не бі ў літаўры — ад тае праходкі за вушамі і то мокра.

 

*

Адцісні нагу сабе і жонцы, пабі крыло ці зад у машыне, толькі, барані божа, не наступі на сабачую лапу! Таварыстваў па ахове жывёлы тут хоць махалам махай. Зацягаюць па судах, апошнія порткі на штрафы здзяруць. Гэта гаварыў Мікалай Іванавіч, таварыш, з кім мы разам багата ездзілі па горадзе.

На кожным кроку, літаральна, сунецца сабачая морда, і з такім выглядам, быццам яна робіць ласку, дазваляе гаспадару трухаць ззаду. Часцяком здараецца, што аднаго небараку-павадыра цягнуць за сабою два, а то і тры злыганыя ланцужкамі сабакі. Якіх толькі псоў не нагледзішся, выйшаўшы на скрыжаванні недалёкіх ад нашага будынка вуліц! Як назнарок пазбіраліся з усяго свету дабрадушныя, як старыя асілкі, ньюфаўндленды, даўгагрывыя, разумныя і злыя аўчаркі колі, сенбернары з кемлівымі дзіцячымі вачамі, спружыновыя факстэр’еры з казлінымі бародкамі, усмешлівыя сібірскія лайкі, стройныя рускія харты і ганчакі, брыдозныя бульдогі з магутнымі грудзьмі, нейкага падоўжанага тыпу таксы, падобныя на аднаконныя лінейкі, калматыя сетэры і спаніелі, малюпасенькія бразгатлівыя балонкі, што калоцяцца на руках, задыхаючыся ад злосці ці ад сабачае астмы. Дзе іх успомніш усіх!

Найбольш усцешыла сустрэча з рудым дварняком. Акурат такі быў Рыжман, сабака майго маленства, ды яшчэ вельмі падобны валацуга цягаўся па пятах у Кіславодску. Атрымаўшы аднойчы паўкіло лівернай у адным кавалку, ён здурэў ад радасці: стаяў, глядзеў на каўбасу і не еў, толькі паабапал морды віселі лейцы густое сліны.

Амерыканскі дварняк не пагрэбаваў маёй сасіскай, а быў участаваны, са згоды гаспадыні, калі скончыў абнюхванне беднага, цудам не засохлага ў гарачыні і смуродзе каштана.

Адзін пёс, мусіць, мільянер, а можа і мільярдэр, як і яны, з выгляду замухрышка, заклапочана і доўга трымаў паднятую нагу над ніжнім радам часопісаў і газет, развешаных ад даху да зямлі па сцяне кіёска. А прадавец, замест таго каб шарахнуць пераплёцінай па сабаку і па гаспадыні, цярпліва чакаў; і выглядаў так, нібы ва ўсім быў вінаваты сам.

Гаспадыня дастала з нетраў старасвецкай накідкі пашарпаны партманецік, папаролася ў ім і адшкадавала кіяскёру манетку, з выгляду не больш за 10 цэнтаў. Ён схіліўся ў нізкім паклоне, а калі накідка і сабачы хвост схаваліся за рогам вуліцы, схапіўся за галаву.

— Трэба выкідаць два дзесяткі газет! А яна як жабраку... І не абзавіся — згоняць адсюль або зусім не дадуць таргаваць. Чортаў сабака нідзе не спыніцца, так сюды і верне. Не адсохне яму лапа!

Праклёны запісаны недакладна. Мы спяшаліся ў кіно, і маіх спадарожнікаў мала цікавіў канфлікт чалавека з сабакам. Гэта першая прычына. Другая: слоўнік далікатных выразаў для перадачы абурэння, злосці і хвалявання распрацаваны даволі дасканала, і ўзбагачаць яго за кошт амерыканскага фальклору няма патрэбы.

 

*

У які бок горада ні даводзілася хадзіць пешкі — следам як бы пераносіўся адзін і той жа малюнак. Амаль кожны квартал паказваў узарваны асфальт і свежыя яміны на праезджай частцы. Нешта ўвесь час псуецца, не можа не псавацца ў слізкіх вантробах непаваротнай велізарыны. З люкаў, з каналізацыйных калодзежаў вырываюцца клубы гарачае пары. Пах такі, быццам у цеснай вясковай хаце адцэджваюць вараную бульбу для жывёлы: бахаюць у цэбар адразу некалькі чыгуноў кіпню. Воблакі пары падымаюць столь, горача, нічога не відаць, мудрэй як у лазні.

Праз колькі хвілін пазбаўляешся ад такога ўражання, пачынаеш разумець, што наўкола цябе перадпекла, а галоўнае пекла знаходзіцца, дзе яму і належыць быць, пад нагамі, у нетрах. Там, падыспадам,— у дыме, у курыве, у смале,— мусіць, і сядзіць д’ябал, сам смажыцца і грэшнікаў не шкадуе. А надмернасці ад нерацыянальнага выкарыстання пары душаць нас, хоць ні да захадаў тутэйшага д’ябла, ні да пакут тутэйшых грэшных душ мы не маем ніякага дачынення. Дый у якасці грэшных душ, з майго пункту гледжання, тут падпякаюць зусім не тых, каго трэба.

Не хапае прастору, у горадзе няма дзе прытуліцца дрэвам. Саджаць — саджаюць, але вуліца спіхае іх на тратуар, а тратуар — ломіць, затоптвае, і яны, чэзлыя — глянуць шкада! — гінуць адно за адным ад бензінавага перагару, дыму і выпарэнняў.

Затое, як і людзі, ажываюць толькі на лапінах зямлі, у суседстве з вадою — тэрыторыя ААН, парк, ускраіны горада пры акіяне, каля статуі Свабоды. Амерыканцы з поўнай адсутнасцю патрыятызму пасміхаюцца, гледзячы на яе: добра, што хоць дрэвам дае дыхнуць.

 

*

Змора, нібы ўсё жыццё выйшла з цела. Нічога не баліць, а сэрцу цяжка, млосна.

Прымусіў сябе ўстаць, пагаліўся, але гэтая працэдура мала палепшыла настрой. Разважыла мілая місіс Кундштат. Ёсць у яе нешта ад дактароў, каго я ўспамінаў, каму верыў. Кіне нейкае адно слова, параду, усмешку — і, глядзіш, утрымаўся на нагах чалавек.

Вельмі хваліла выступленне нашага міністра па тэлебачанні. Па-першае, англійская мова — бляск, па-другое, ён гаварыў і сказаў тое, што хацеў, а не тое і не так, як жадалася і на што збіваў гаворку карэспандэнт тэлебачання Краўс.

— Я пачала сімпатызаваць вашай краіне...

Я падзякаваў і паабяцаў ёй кнігу.

Любата! Упершыню беларус уголас расказвае аб сваёй краіне па тэлебачанні найбольшага горада свету. І ляпае па храпах, фігуральна кажучы, усім брахунам і дэзінфарматарам з так званых перадач, сфабрыкаваных былымі беларусамі, асобамі без сумлення і гонару.

 

*

Некалі, не так, праўда, даўно, Шэкспір прычакаў выдатнага Гамлета і на беларускай сцэне.

Мы пачулі безвыходнасць яго турбот, бо

 

Век зрушыўся з падруб, і горш ад усяго,

Што я прымушан падтрымаць яго.

 

За развагай «беднага прынца дацкага» адчуўся лёс і галасы загінуўшых пад руінамі аджыўшага свету.

Як успомнілася гэта, так і не адступаецца. Ад самай першай сустрэчы з амерыканскай моладдзю: на беразе акіяна, у сталіцы Амерыкі, у друку.

Што краіна захісталася на падвалінах веку, большая частка маладых людзей ведае. Аднак не засмучаецца, як Гамлет, ад усведамлення гэтага, бо не прымае ягонай місіі — падперці будыніну. Няхай развальваецца! Якая мне справа да грамадскіх з’яў і зрухаў, да банкаў і бірж, да гандлю і да мастацтва? Знайшлося закурыць або ўжыць на адзін нюх якой-небудзь злыбеды для забыцця — і даволі!

Такія развагі ў часткі маладых амерыканцаў не дарастаюць ні да сістэмы, ні да абагульнення і накіраваны, на жаль, у першую чаргу супроць саміх сябе. Абыякавасць да навакольнага неадлучна ад абыякавасці да сябе, а гэта першы крок у самазнішчэнне. Праўда, тут, недзе ў глыбіні, прытоена пасіўная, калі можна так сказаць, прага разбурэння несправядлівага свету, у якім жыве моладзь. Калі ўсім не працаваць, а значыць — не падтрымліваць гэтага свету, вось і звядзецца на нічога ўсё, што зараз існуе і здаецца непрабіўным і непарушным. Трэба толькі перабыць пэўны час, перабіцца на пайку і жыццёвым камфорце Адама і Евы, дайсці, так сказаць, да ўзроўню першага чалавека. Тады ўсё пачне расці наноў, прагрэс адновіцца. Асабісты ўдзел у такім працэсе зусім неабавязковы, будзе рабіцца і без мяне.

Вось, бадай, і ўсё веравызнанне хіпі і розных іх адгалінаванняў у розных краінах. Выходзіць, адхрышчвацца ад філасофіі яшчэ не значыць, што яна сапраўды адсутнічае. Так і тут.

Не на адзін дзень і не на адзін век разлічана трывалая мудрасць Шэкспіра.

 

*

Шэкспір! Як ён гатуецца і падаецца на стол па-амерыканску? Даволі традыцыйна, калі меркаваць па двух убачаных спектаклях. Праўда, гэта былі «Рамэо і Джульета» ў Метрапалітэн-оперы і «Кароль Лір» у Вівіян Бамон-тэатры. Абедзве гэтыя сцэны — на асобным становішчы, як бы акадэмічным, і ўваходзяць у відовішчавы комплекс, вядомы пад назвай Лінкальн-цэнтр.

«Рамэо і Джульета» выконвалася па-італьянску, таму гэта была для нас амаль чыстая асалода ад спеваў і музыкі. Веданне тэксту, пераказ зместу оперы ў праграме дапамагаюць мала — за дзеяй не ўсочыш.

Выспеваць пяць актаў пакуты няшчасных каханкаў — не ўправішся і за два вечары, дый дзе яны, такія цягавітыя выканаўцы! Таму вялікаму англічаніну даводзіцца трываць даволі бессаромнае шматаванне нажніцамі і крэмзанне алоўкам. Для мяне, выхаванага на драматургічным варыянце ў поўным бляску і красе, страты былі надмерныя. Але што можа зрабіць пастаноўшчык? Сам кампазітар прыняў такое лібрэта, а складалі яго колішнія супрацоўнікі Гуно па «Фаўсту». Музыкі не прыточыш, нават у здольнай да ўсякай «мадэрнізацыі» мастацтва Амерыцы.

Бунтавацца супроць купюр ні да чога. Тым часам зніклі ці зведзены амаль на няма што ўсе персанажы, хто нёс народны жарт, народную ўсмешку да варожасці Мантэкі і Капулеці, цвярозую народную развагу аб пачуцці, аб жыцці і смерці. Робіцца ніякавата, усё гэта і ёсць для цябе галоўнае ў Шэкспіры. Застаецца знешняя прыгажосць, меладраматычны вэлюм, музычная драпіроўка аголенага да касцяка вялікага твора.

Як, музыка?! Не спяшайце ўзбройвацца камянямі, шаноўныя меламаны! Вялікія літаратурныя пачаткі — Гётэ і Шэкспір — атрымалі працяг у музыцы Гуно цераз пасрэдніцтва. Успомніце «Асуджэнне Фаўста» — вольную трактоўку Гётэ — і драматычную сімфонію «Рамэо і Джульета» — на матывы Шэкспіра.

Яны напісаны значна раней за творы Гуно тых жа назваў і належаць Гектару Берліёзу. Гуно называў яго «адной з найглыбейшых эмоцый юнацтва» і ў прадмове да французскага выдання сваіх лістоў зрабіў прызнанні наконт сімфоніі «Рамэо і Джульета»: «Я быў так уражаны шырынёю, размахам фіналу замірэння Мантэкі і Капулеці, што звярнуўся памяццю да велічнай фразы, укладзенай у вусны Ларэнца. Некалькі дзён пазней я зайшоў да Берліёза і, сеўшы за піяніна, прайграў яму ўсю фразу. Ён расплюшчыў вочы і, пільна ўглядаючыся ў мяне, сказаў: «Чорт пабяры, дзе вы падхапілі гэта?» — «У вас». Ён навастрыў вушы».

Не прызнаны на радзіме, нават пасля трыумфальнай паездкі за мяжу, у прыватнасці ў Расію, змушаны зарабляць на хлеб бібліятэкарствам у кансерваторыі, Берліёз не пазнаў самога сябе. Таго, што стварыў каля трыццаці год назад.

Ніхто не збіраецца рабіць рэпертуарны пераварот. Але, няхай сабе ляцяць у мяне камяні меламанаў, думаю, што Шэкспіра трэба глядзець не калечачы, на драматычнай сцэне. А слухаць — драматычную сімфонію Берліёза, балазе хапае там спеваў, сольных і харавых, дый цягнецца яна каля дзвюх гадзін, акурат — оперны спектакль.

Тады не давядзецца ўціскаць трагедыю ў тры акты і пяць сцэн, як у даволі добрым спектаклі Метрапалітэн-оперы.

Найлепшай мне падалася сцэна — сад-балкон з арыяй Рамэо і дуэтам «O nuit divine» («О чароўная ноч»), у якім героі даспеўваюцца да шлюбу.

Падпсавала настрой рэклама. Яе вялікасць распасцерлася праз усю праграму: пачала першую старонку з выхвалення найноўшага шампуню і закончыла апошнюю — партрэтам анфас бутэлькі муму — французскага шампанскага. Тым не менш у сярэдзіне сшытка двойчы сустрэўся бясхмарны твар Мірэлы Фрэні, якая мелася ўзрушыць гледача горкім лёсам Джульеты. Зазыўная ўсмешка актрысы рэкламавала наспеваныя ёю і не ёю пласцінкі некалькіх фірмаў.

Можа таму яна і пакінула нас абыякавымі, хоць на голас і спявацкую тэхніку яе наракаць грэх.

Спосаб пазбаўлення жыцця ў каханкаў, трэба сказаць, асучаснены. Навошта Рамэо выпіваць атруту, а Джульеце забіваць сябе кінжалам! Герой глытае некалькі таблетак, а гераіня потым даядае тыя, што засталіся. Хутка і даходліва. Бо хто ведае, што ён там п’е, той Рамэо, можа сасмаг і ласуецца кока-кола. А пілюля — справа надзейная. У гэтым штодня пераконваюць тэлебачанне і фільмы, трохрадковая хроніка аб самагубствах абяздоленых і палосныя справаздачы аб раскошным пахаванні кіназорак, якія самі перапынілі сваё панівечанае жыццё, паставіўшы фінальную кропку ў выглядзе снатворнай таблеткі.

А што ж публіка? Яна не застаецца безудзельнай. Задзірае галаву і ўзіраецца ўгару. Матавыя падсвечаныя кругі крыху выпуклыя, заходзяць берагамі адзін на адзін, так што столь здаецца складзенай з лускі нейкай велізарнай рыбіны. Па столі параскіданы без асаблівага ладу яркія люстры. Свяцільнікі ўмацаваны на стрэлах са шкла ці крышталю, яны разыходзяцца праменнямі рознай даўжыні, ствараючы ўражанне акруглых сузор’яў. Святло — няўтульнае, пранізлівае і, здаецца, нейкае калючае. Дарэчы, самая вялікая люстра — гордасць будынка і магнэс для разявак — красуецца толькі да пачатку першай дзеі, пасля яе падымаюць, каб не замінала бельэтажу. Там — гэткая ж зала, як і глядзельная, калі не большая, без падзелу на ярусы. Пачынаецца на вышыні звычайнага бельэтажа, каб уперціся ў самую тыльную сцяну, дзе спрадвеку месціцца галёрка з сваёй найбольш «тэатральнай» публікай.

Паабапал партэра — шэсць ярусаў, а ў самім партэры рады панумараваны не лічбамі, а літарамі, ад А да Z.

Як і ўсюды, тут, хто плоціць большыя грошы, той і сядзіць раскашней. Атрымаўшы месцы ў радзе Е ці F, мы падхвальвалі мэблю і яе расстаноўку: і прайсці можна не сціскаючыся, і сядзець зручна. Другі раз, у радзе Y, было далёка не тое: ногі ўперліся ў ножкі пярэдняга крэсла, а бакі як належыць адчулі локаць суседа.

Фае, прытульных калідораў для размінкі, буфетаў не прыкмячаецца. Кока-кола і шампанскае п’юць проста на невялікай пляцоўцы паміж уваходам і сходамі ў партэр. Затое ніводзін метр плошчы не згуляў, а аплочвае з ліхвою затрачаныя на яго сродкі.

Ці здаволен глядач? Чаму ж яму быць не здаволеным? Усё зроблена рацыянальна, прадумана, прадугледжаны пляцы паркоўкі машын, паказаны бліжэйшыя станцыі метро. Пабыў у лепшым тэатральным будынку горада, паслухаў Гуно, ды яшчэ па-італьянску, ды яшчэ па матывах Шэкспіра. Хіба ж гэта мала?

Апрача ўсяго іншага, праграма паведаміла склад трупы, хто стары і хто новы акцёр і танцор, колькі чалавек ходзіць пад рукою хормайстра. А аркестр? Аркестрантаў 104. Сто пяты — арганіст, адну з віяланчэляў шмаруе смыком нейкі Лешак з прозвішчам майго школьнага таварыша — Завістоўскі.

Вось колькі цікавага. І яшчэ не ўсё. Некалькі старонак уборыстага шрыфту займаюць прозвішчы патронаў і патранес, фундатараў і фундатарак, прыватных асоб і фірмаў.

Першае крэсла — чэрмен — належыць Джону Д. Ракфелеру, спіс замыкае загадкавы на гэты раз для мяне Карл Маркс энд компані.

 

*

Вечар. Па нашым часе недзе каля шостай раніцы. Памыўся, далі джусу, цяпер бы закурыць ды за стол, за работу. Але, пакуль, не чапайся, хлопча. Другі раз стала так сёння: не кепска, не блага, не дрэнна, не балюча, не мутарна, а л і х о.

Дзякуй табе, народзе, за гэта ёмкае слова! Пусціў яго ў светлую гадзіну нехта з тваіх сыноў — цвярозы і хмельны, мудры і наіўны, працавіты і гультай, адважны і баязлівец, востры на слова і пануры маўчун, весялун і лёгкі на слязу.

Ты не адзін такі на свеце, усе яны словатворцы, народы зямлі. Па бацьках паўдаваліся і сыны. Адно ў кім з нас можа змясціцца столькі розных супярэчлівых якасцей, як у табе: таму аднаго называюць — галава, а другога — пустабай.

Мне ліхо! Аб’еўся лекаў, догляду, тэлебачання і рознай іншай трасцы.

Сягоння наогул рэкордны дзень: 16 пілюль ды яшчэ з нейкай палавінаю! А наверх — тры шкляначкі ментолавай жыжкі і эўкаліптавыя ляпёшкі ад кашлю.

Пілюлі даюць усе чохам, пасля яды, нават пепсін з салянаю кіслатою. І сястра стаіць над душою: глытай! Баіцца, каб у паласкальніцу не высыпаў.

Раніцай — бунт. Нічога не прымаю і не ўключаю тэлевізар. Хопіць.

Сёння нашы ладзяць прыём з усімі акалічнасцямі. Хлопцы хваляць мой часнок і сала. Вось бы самому скрылёк!

Першы раз за ўсе гэтыя часы пачуў, што ў мяне ёсць сэрца. Не баліць, а ёсць, жыве разам са мною, а не цікае асобна, быццам гадзіннік на цвічку, як адчувалася раней. Цяпер здаецца, нібыта ў грудзях сціскаецца і пашыраецца футбольная, лапленая-пералапленая і ўсё ж няшчыльна заклееная камера або заслужаная, сямейная змыленая губка з ванны.

 

*

Як і калі назбірваецца ў чалавеку тое, што западае ў вока, уражае сэрца? Хутчэй за ўсё выпадкам, непрыкметна. Бо захапіся чым-небудзь уголас, павойкай ад здзіўлення, парагачы і — пісаць ужо не зарупіць: уражанне як быццам знайшло сабе выйсце ў форму, каб стаць адчутым з другімі людзьмі.

Вось і зараз. Убачанае і адчутае на розных дарогах спакойна перахоўвалася ў душы і раптам пачало паўставаць у фарбе і ў гуку. І пастукалася ў слова,— пачаў пісаць вершы.

 

*

Нельсан Ракфелер, губернатар штата Нью-Йорк, пасаймаваўшы з прэзідэнтам гадзіну, сказаў, што яму больш пасміхаецца цяперашняя пасада. Не прыняў гонару ўвайсці ва ўрад і адзіны сенатар-негр.

Не падручаюцца ісці і ў памочнікі да прэзідэнта. А яны ж трэба. Гэта ж, здаецца, павялося з Кітая, дзе ў кожнага імператара быў прыдворны, які думаў за яго. Былі такія асобы ў Чан Кай-шы, ёсць, напэўна, і ў Мао, а калі няма, час заводзіць, бо, уважаючы на ягоныя вершы і цытатнік, думанне і пісаніну трэба перапаручаць некаму іншаму. Па-кітайску такога падручнага, здаецца, называюць м у л я о, закулісны чыноўнік.

У пытаннях нацыянальнай бяспекі памагатым у Ніксана будзе Генры Кісінжэр, прафесар Гарвардскага універсітэта. Замест Ніксана напісалася Нікана. І я ўспомніў. Гэта ж ён, Нікан Старакаленны, рускі мужык, падказвае раду і развагу простаму амерыканскаму чалавеку вуснамі Міхаіла Прышвіна.

Цудоўны пісьменнік! Пара перакладаць яго на беларускую мову. Хай будзе мой пачатак.

Нікан пераседжваў навальніцу ў стозе сена з выпадкова сустрэтым, дзіўным чалавекам. І зайшла ў іх размова, чаму «народ аслабеў».

«— Воля! — сказаў нетутэйшы.

— Воля божая,— асмеліўся адказаць Нікан Дарафеіч,— воля, я так разумею, зямля, чым болей зямлі, тым селяніну вальней.

— Воля воляй, а суд судом,— сказаў нетутэйшы.

І зноў Нікан здзівіўся, як мог гэты чужы чалавек адгадаць усе яго думкі.

— Болей волі, стражэйшы кій,— сказаў ён.

— Мне кій без патрэбы,— адказаў вучоны.

— І мне без патрэбы,— сказаў Нікан.

— Значыцца, каму ж кій сватаеш?

— На каго ўправы няма, вось у мяне...

— Суніміся,— перапыніў вучоны,— а ці ведаеш ты з пісання: хто меч узяў, праз меч і загіне. Кій патрэбен, а хто ж тым кіем біць будзе?

Крыху падумаў Нікан Старакаленны і зараз жа адказаў:

— Цар, памазаннік божы; ён адзін пасля бога можа нас пакараць».

Нікан запрасіў падарожнага — гэта быў пячнік, і звалі яго Ціхан — паначаваць да сябе. Далёка ўжо за поўнач была ў Нікана з Ціханам такая размова.

«— Калі ў зямлі воля, а ў цары сіла,— дапытваўся пячнік Ціхан,— дык ад чаго цяпер у нас слабасць?

— Я цара не вінавачу,— абазваўся Нікан,— калі цар благі, дык не іначай, як за нашы грахі.

— Мы вінаваты ў цары,— згадзіўся Ціхан,— але хто з нас вінаваты?

Гэта адразу зразумеў Нікан і адказаў:

— Ашукалі цара! Вось што, Ціхан, каб мог цару праўду сказаць, дык упаў бы да ног: «Гасудар! Загадай даць мне дзвесце кіёў, бі мяне да смерці, невінаваты кладуся, толькі каб з мяне пачалося, і пасля мяне бі ўладык, і папоў, і настаўнікаў, і купцоў, і чыноўнікаў, і мужыкоў, усіх бі, вярні назад сваю строгасць».

Усміхнуўся Ціхан-пячнік. І, разгарнуўшы біблію, прачытаў, як гаварыў прарок Ілья Ахаву-цару: «Жывы гасподзь Саваоф, перад якім я стаю, ці доўга будзеш кульгаць на абудва калены?»

— Вось як трэба сказаць, вось якім голасам трэба з царом размаўляць. Але ці знойдзецца на Русі такі чалавек смелы, ды каб не самазван, а богазван, дзе ён, такі чалавек?

— Я.

Позні быў час. Цішыня ў хаце. Голас быў ясны і выразны ў душы Нікана: «Я».

Гэта першы раз надрукавана ў 1912 годзе — час жорсткай рэакцыі ў Расіі. Перакладзі зараз на англійскую мову і, чаго добрага, не апублікуеш у дэмакратычнай Амерыцы. Вельмі ж па-сучаснаму гучыць гаворка аб царскай уладзе, каб не расчыталі часам амерыканцы, як тут усё пасуе да ўлады прэзідэнцкай.

 

1 «Русское Богатство», 1901, № 11, стар. 61.

X

Шэкспір і Лео Сяргеевіч Талстой. Тара: краіна ці абалонка. Пад сваім дахам. Дзе амерыканскае мастацтва? Руская мова ў ААН. Умеў пайсці, умей і вярнуцца. Дабрыдзень, Радзіма.

 

Маю надзею на пятніцу ці суботу, можа выпішуць. Калі не будзе ліхо. І чым больш набліжаецца гэты дзень, якога чакаю і які прыспешваю, усё мацней пасмоктвае трывога, пачуццё, знаёмае з маленства: прывыкаю да месца і цяжка расстаюся з ім. Так бывала нават у санаторыях: нуджуся па доме, а за дзень да ад’езду пачынае смактаць — прывык, не хачу зрушвацца. Так і цяпер. Нібыта я сапраўды шкадую пакідаць гэты астабрыдзелы шпіталь, гэтую нялюбую краіну.

Хмарна. З раніцы не гашу святла. Меўся напісаць нататкі пра тару, галоўнае ў маім успрыняцці Амерыкі. Аж пакуль аглядалі, бралі кроў ды кармілі, так і змарнаваўся час. Можа яно і лепш, на сэрцы спакайней. Дый папера цалейшая.

 

*

Вівіян Бамон-тэатр паведамляе, што лічыць за гонар адкрыць сезон з удзелам «бліскучага, сусветна-вядомага таленту з уласным непаўторным стылем».

Наконт сусветнай вядомасці Лі Каба, выканаўцы ролі караля Ліра, не скажу. А манера выканання ў яго строгая, без меладраматычных надмернасцей. Аблічча — нервовае і выразнае, хоць і прыхавана ў дрымучай барадзе, а вочы — вельмі жывыя. Праўда, пад час спектакля не раз давялося ўздыхнуць па той бязлітаснай праўдзе адзіноты і велічы ў бядзе, якою працінаў Міхоэлс.

Амерыканскі акцёр рассоўвае межы тэатральнай сцэны і з тымі ж ролямі выходзіць на тэлебачанне. І як быццам з поспехам.

Запомнілася і Рэгана. У стваральніцы вобраза зайздросны дыяпазон: ад Ірыны ў «Трох сёстрах» да «Антыгоны». Што датычыць Кардэліі, дык як бы выдатна ні іграла актрыса Сольвейг і Нору, яна не змусіла адчуць высакародную сціпласць і прытоеную пяшчоту апошняй дачкі караля.

Рэжысёрская канцэпцыя пракламуецца так: «Лір» — п’еса аб тым, як цяжка адыходзіць. Іншымі словамі — як цяжка траціць уладу і багацце: няма іх — няма і пашаны, павагі, любові. На якой адлегласці гэта ад чалавечай сутнасці трагедыі, не ўтоіш і ад няўзброенага вока. Затое — бліжэй і даходлівей для тутэйшага гледача, ён то ведае, чаго каштуе застацца без грошай і маёмасці.

Знадворна трагедыя не парушана: тая ж колькасць актаў, усяго на адну сцэну менш. Пералік сцэн у праграме далёка не лішні. Пры ўмоўнасці афармлення і не заўсёды дарэчнай скупасці абсталявання пляцоўкі глядач лёгка блытаецца, што дзе. Да чытання Шэкспіра ў сучаснага амерыканца рукі не даходзяць, дык хіба пазнаеш, якое поле ці чый замак паказваюць, у французскі ці ў брытанскі лагер вядзе яго дзея.

Гэта была другая сустрэча з Шэкспірам на амерыканскай зямлі. Каюся, больш хацелася зірнуць на «Турандот», але гэта была б яшчэ адна опера.

Праграма драматычнага тэатра таксама не абыходзіцца без рэкламы шампуню і, тым больш, без спісаў фундатараў Лінкальн-цэнтра. Усё ж складзена не ў прыклад опернай, знаёміць з абліччам выканаўцаў без грыму, збольшага расказвае пра іх. А галоўнае — уводзіць у свет Шэкспіра і яго вобразаў. Тут і генеалагічнае дрэва драматурга, і славутая Граматычная школа, і дом. Ёсць рэпрадукцыі з карцін на шэкспіраўскія тэмы, фатаграфіі сцэн з найбольш вядомых пастановак, пачынаючы ад сівой даўнасці. Нарэшце, прадэманстравана галерэя «каралёў Ліраў» — трагікаў розных часоў і краін.

З адной са старонак на нас асуджальна глянулі вострыя вочы з-пад высокага чала. Суровы твар у славутай на ўвесь свет барадзе, як гэта паказана на вядомай фатаграфіі 1906 года, не патрабаваў подпісаў. Аднак подпіс быў і спавяшчаў: Лео Сяргеевіч Талстой. Думаў — выпадкова, не, і ў тэксце «Сяргеевіч».

З поглядаў Талстога, які паслаў столькі магутных стрэл менавіта ў «Караля Ліра», нічога не ўтоена. Нічога і не супрацьстаўлена: страшнавата займацца! Хіба толькі агульнае папярэджанне, што, «каб зразумець Шэкспіра, трэба разумець і верыць у народ, які гаворыць так паэтычна».

Пакрысе развагі нашы выйшлі за сцены тэатральнай залы і накіраваліся, як і належала, да вялікага тварца і яго вялікага выкрывальніка.

Перачытаць шэкспіраўскія творы пацягнула Талстога на схіле жыцця. Відаць, непакоіла: чаму ж ён застаецца адзінокі ў сваім адмаўленні, можа памыліўся? Але прачытаў другі раз і зноў адмовіў начыста: і ў таленце — пасрэдны пісьменнік, і ў арыгінальнасці — усё запазычыў ды яшчэ сапсаваў, і ў пачуцці меры і гусце — няма характараў, а ў герояў няма ўласнай мовы. Не мастак! Зноў паўтарыў гэта з вышыні свае 75-гадовае непрыхільнасці і непагрэшнасці, што дазваляе асуджаць усё, чаго не прымаў. Ды яшчэ перасек ..."ам далейшыя спробы сцвярджаць і знаходзіць у Шэкспіра хоць якія вартасці, бо гэта, маўляў, «ёсць вялікае зло, як і кожная няпраўда». Пасля падмацаваў трываласць сваіх поглядаў працягласцю часу адмаўлення, адкрыў, што ўсё сказанае ў ім «сядзела паўстагоддзя».

Адмаўляў Шэкспіра і расчульваўся да слёз выпадковымі вершамі прапагандысткі-народніцы.

Мы пашкадавалі, што ў той час, відаць, былі недасканалыя пераклады, вось бы паднесці яму Лазінскага ці Пастарнака. Потым адумаліся і ўспомнілі Купрына: ён засведчыў, як на параходзе Талстой размаўляў з англічанамі, нібы гэта была яго родная мова. У руках Талстога быў арыгінал Шэкспіра — не здаволіўся! Узяў нямецкі пераклад Шлегеля і ўсё выдадзенае на рускай мове.

Чаго ж больш!

Уявілі Льва Мікалаевіча за пастарнакаўскім «Гамлетам» — і стала чамусьці весела, а больш страшна, каб яшчэ горш не ўгнявіць суровага алімпійца.

Шэкспір, думалі мы ўголас, ідучы з тэатра, менш за ўсё прызначаў свае творы для чытання. Вось каб Талстой пабачыў Гарыка і Мачалава або Астужава і Малчанава. Аказваецца, глядзеў і «Ліра», і «Гамлета», вядома, не з гэтымі акцёрамі, у маскоўскім «Эрмітажы», амаль за дзесяць год да напісання грамавога артыкула «Аб Шэкспіры і драме». Значыць, усё перадумаў, выверыў з усіх бакоў, а потым вынес прысуд. Няхай не ведаў, што Маркс чытаў цэлыя сцэны Шэкспіра на памяць, але не мог абмінуць думак Пушкіна і захопленасці Бялінскага. Ведаў, але ўсё роўна адмаўляў. Бо чуў за плячыма права на сваю праўду.

Аднак Талстой быў гатовы, як гаварыў ён сам, «...уведаўшы вышэйшую ісціну, адмовіцца ад усяго таго, што раней лічыў за ісціну».

 

*

Як бы там ні было, пераходзім да тары. Спачатку возьмемся за бліжэйшае, за тару абеду ці вячэры.

А 12-й гадзіне, як толькі ўдарыць гонг, вялізны здаравіла-негр прыкочвае пад самыя дзверы металічны пакой на калёсах — кухню. Зверху, адкрыта, стаяць графінчыкі з гарачай вадой і пасудак, усярэдзіне — на талерках усе тыя стравы, якімі пічкаюць хворых.

У момант збягаюцца, як па камандзе, сёстры, санітары і санітаркі. Гавораць раздатчыку нумары палат, а той выдае па нумарах меню падносы, дзе ўжо настаўляна ўсяго, чым табе адшкадавана жывіцца, каб перабіць голад.

Хвіліны цераз тры такі паднос падсоўваюць і мне, літаральна пад нос.

Свежая сурвэтка з паперы, а на ёй у самым строгім парадку — прысмакі. Вось талерачка: у прамасленым заклееным пакеціку падсмажаны, яшчэ цёплы тост, а зверху — лісцінка — і па таўшчыні і па велічыні як вішнёвая — несалёнага масла між дзвюх паперак-кардонак. Далей вузкі цэлафанавы пакецік з нажом, відэльцам, лыжкай і лыжачкай. Пасярэдзіне падноса — талерка з металічнай накрыўкай, там сектары для ячменнай ці аўсянай кашы і абавязковага яйка, зваранага, без лупіны і пакладзенага на хлеб, або ў натуральным выглядзе, як яно вырабляецца курыцай. Поруч стаіць перавернуты на сподку кубак, а пад ім кавалак лімона, цукар, пакецік чаю і фруктовы джэм у пластмасавай скрыначцы, заклеенай паперай з металічным пакрыццём.

Крыху патрывай, мой нецярплівы чытач, звярні ўвагу на колькасць адзежынак і таго, што прыхована за імі.

У другім ад едака радзе падобны да лабараторнай колбы графінчык з кіпнем: горлейка ў гафрыраванай гуме, каб не папячы пальцы і не апарыць чэрава, упусціўшы з рук, накрыўка — кардонная, кожны раз новая. Далей сподкі з салатам і з салодкім, паабклейваныя хлорвінілавай плёнкай, шкляначка соку і малака (калі яно не ў кардонным пачку), таксама абклееная.

Пакуль я здымаю ўсе гэтыя абклейкі і дабіраюся, нарэшце, да кроплі нясмачнага зместу пад імі, праходзіць хвілін з дзесяць. Усё роўна есці трэба не спяшаючыся, прыстойна, бо патраў тых — вераб’ю раз клюнуць, але гарачыя, нібы толькі з пліты.

Яшчэ не ўсё! Збоку дзе-небудзь прыткнута пластмасавая трубачка для халоднага соку і малака, яна таксама знаходзіцца ў трубачцы, але папяровай, дзе прапісаны поўны тытул фірмы.

На гэтым не канец. Ёсць яшчэ пакецікі з соллю і перцам ды падобная да джэмавай скрыначка з кетчупам да мяса або з турэцкім кісла-салодкім соусам для лістоў зялёнай салаты і агуркоў. Ну і, вядома, сурвэтка з мяккай паперы, апрача льняной, якую сястра затыкае пад бараду.

Увесь асартымент прапануецца зверыць з прыкладзеным лістком меню. Памылак не было, адзін раз забыліся пакласці лімон і цукар: наслухаўся тады перапрошванняў!

Гэта — прыказка, можа быць занадта падрабязная, але патрэбная. Не таму, што я на сёмым небе ад такой валаводы або намерыўся некага павучаць. У гэтым шырокім заходзе мяне зараз цікавіць толькі тара і тая настырнасць, з якою амерыканцы тужацца ўсё запакаваць, заклеіць і загарнуць, хоць само абгорнутае па вартасці сваёй цягне куды менш за абгортку.

Тара тут, няма чаго наракаць, прыгожая і сіліцца перакрычаць адна другую фарбай, колерам, выхваляннем таго, што ў ёй змяшчаецца, незалежна ад сапраўднай якасці рэчы ці прадукту.

Тым самым апакаванне прымае функцыі рэкламы, дакладней — пераходзіць у яе. І я не магу абмінуць гэту верную спадарожніцу амерыканца, занадта нахабную, каб стаць сяброўкай, і ўсё ж павабную і патрэбную. Яна так і гаворыць: адкінь мяне, амерыканец, і прападзеш у шуканні даведак, дзе і як што купіць, на чым хутчэй прыляцець ці прыехаць у суседні штат. Будзеш мазоліць галаву: нажамі якой фірмы галіцца, чыё піва піць, чый бекон падсмажваць, на што лепей пайсці ў кіно.

Рэклама рэкламай, а з-пад усяго гэтага знадворнага апекавання аб чалавеку вытыркае воўчая морда бізнесу. Рабіць бізнес трэба ўмельства заблытваць і выкручвацца. І яшчэ тое-сёе: гнуткая спіна, жалезныя нервы, сталёвыя сківіцы і звышсабачы нюх. Адным словам, злаўчацца і прадаваць гарнітуры на нябожчыкаў з запасной парай портак.

Газеты амаль на пяць шостых — рэклама. Яна кладзе ўсё проста ў рот, гатовае, не толькі аблупленае, а нават разжованае. Не выплюнеш, хоць і нясмачна. Яна гняздуецца ў вітрынах, на сценах і дахах небаскробаў, у тунелях, на слупах, па абочынах аўтастрад. Ёй аддаецца мноства самых відных старонак у газетах і часопісах. Яна голасам крычыць: заўваж, купі, хоць спыніся, успамяні ў гаворцы.

Гэтай бессаромніцы нічога не каштуе перапыніць фільм ці тэлепаказ на пацалунку, на стрэле, на павітальным поціску рук. І так гэта робіць, так распускае сваё паўлінавае пер’е, што глядач чакае чагосьці наўздзіўнага і надзвычайнага. Тым часам па чатырох белых абстрактнага выгляду роўніцах збліжаюцца чатыры жаночыя постаці, іх галізну не падкрэсліваюць, але і не хаваюць лёгкія тунікі. Рухі таемныя, выразы твараў малітоўныя, і ўвесь каларыт відавочна містычны. Пакажы кінарэжысёру з мадэрнісцкім свербам у мазгах, абавязкова ўцісне гэта кадрам у фільм. Аказваецца, таемныя асобы з павеўнай хадою нясуць каштаваць сваім мужам... карнфлекс і печыва.

Чалавек у дрымучай барадзе валачэцца па дарозе. І раптам — о дзіва! — у руках у яго апынаецца электрабрытва «Філіпс», лямец валасоў ляціць на зямлю, а з экрана ўсміхаецца вясёлы твар маладога спартсмена.

Цэлая псярня сабак прэ не ў свой дух, навыперадкі. Пагоня за злодзеем, сабачыя скачкі — што гэта? Недзе на даляглядзе пачынае маячыць прыгожая бляшаначка. Зграбныя жаночыя рукі адчыняюць яе: пудзелі і таксы, бульдогі і аўчаркі кідаюцца ў момант і з’ядаюць усё, што дадзена. Дзіва што! Гэта ж найлепшыя сабачыя харчы. Морды адразу робяцца лагодныя і ласкавыя, як быццам яны пабылі на дыпламатычным прыёме.

Дарэчы, тара на сабачых харчах яшчэ ярчэйшая, чым на чалавечых, і неспрактыкаваны пакупнік можа смела прынесці жонцы кансервы з вясёленькім малюнкам і вельмі сціплым надпісам «для сабак».

Рэкламуецца ўсё, у тым ліку і кандыдаты ў прэзідэнты. Над стварэннем вобліку абаяльнага, простага, далікатнага чалавека, якім павінен выглядаць будучы прэзідэнт, працавала рэкламная фірма Томпсана. Яе работнікі падганялі ў гэтыя рамкі кандыдата ў прэзідэнты, запрашаючы на дапамогу ў акружэнне яго самых папулярных акцёраў і спартсменаў.

Рэклама разрываецца, прапануючы абутак — найлепшы ў свеце! — парфуму, машыны, бялізну, але найболей ежыва і пітво. Пудзінгі і сэндвічы, крэмы і айсы (марожанае), віскі і джыпы. Ты павінен ведаць, як пры дапамозе гарачай вады з кансерваў імгненна атрымліваецца каша, суп, жэле, як смачна і хутка падсмажваецца кавалак мяса, вылузваецца з бляхі цеста і ператвараецца ў гарачую булачку. Паўзірайся на ўсе кулінарныя дзівосы, хутчэй спрашчэнні ежы, глыні сліну, запомні назву фірмы і тады глядзі сабе далей фільм, перарваны на пацалунку.

Да ведама: рэклама перапыняе ўсе да адной тэлевізійныя праграмы, выключэнне робіцца толькі для выступлення прэзідэнта.

Праўда, не астаюцца ззаду і еўрапейцы. У адным з французскіх магазінаў пакупкі загортваюць у паперу, на якой надрукаван урывак з дэтэктыўнага рамана. Працяг — на новай паперы, праз тыдзень. Хочаш чытаць — ідзі купляй што-небудзь!

На тару ўсіх гатункаў штогод тут убухваюць 25 мільярдаў долараў, рэклама паглынае — 20.

Напэўна, гэта даўгаваты ўступ, але без яго ніяк не пяройдзеш да далейшага. Справа ў тым, што часамі сённяшняя Амерыка здавалася пачварліва вялікай і без патрэбы моцнай тарай, абалонкай для краіны, якой яшчэ няма і якая абавязкова будзе, не можа не быць, бо занадта шмат патрачана намаганняў, каб стварыць умовы для дабрабыту, і занадта мала ў гэтым сённяшнім таго, што прынята называць чалавечым шчасцем і ўсмешкай.

Краіна без усмешкі! Устрывожаная няпэўнасцю ў заўтрашнім дні, заклапочаная, каб не ўрэзацца ў чыю машыну або каб у цябе не ўрэзалася чыя машына, каб не цябе праглынуў канкурэнт, а ты хламнуў яго з усімі бэбахамі, каб не заняў лаўкі ў парку, дзе ты спаў колькі начэй, больш упраўны нямастрэшнік ці беспрацоўны.

Тара служыць чалавеку адзін дзень, даецца на адзін раз. Падышоў да аўтамата, узяў папяровую шкляначку, укінуў 10 цэнтаў, выпіў вады з лёдам, а шкляначку выкінуў у кош. Або хвораму прынеслі лекі: у адной чарачцы — пара пілюль, у другой — мікстура. Глынуў — і вон. І трубачку, праз якую запіваў вадою, туды ж. І шпрыц, якім рабілі ін’екцыю, і мех, куды паклалі касцюм пасля прасавання.

Не таму, што яны не прыдатны да ўжытку, не! Проста вы плацілі за тавар ці пітво, а з вас садралі і за тару.

Зручна, вядома: купіш гузік ці шпільку, і табе пакладуць іх у пакет. А пакецік той узяў ды зліпся, сам заклеіўся. Валачэш з магазіна папяровы мех, цягнеш яго за вуха і не баішся, не парвецца, зладзюга! А там — каробка з тузінам яек, бутэлькі кока-колы, пудэлка цукру, пачак пячэння, кіло яблык, сасіскі. Прадавец швыргаў усё гэта па прылаўку і ў мех так зацята, што здавалася — адна пацяруха застанецца, ажно не пабілася ні адно яйка, не пакрышыўся ні адзін кавалак пячэння.

Але паняцце «тара» пашыраецца ў насельнікаў тутэйшых земляў у непажаданым для чалавека кірунку, прыкладна па такой схеме.

Шклянка — тара віна, вады; касцюм — тара чалавека; дом — тара сям'і; галава — тара розуму, тара ідэй, спраў, здольнасці рабіць грошы і вынаходкі.

І, як ні смутна, многія амерыканцы ставяцца да свае краіны як да тары на адно чалавечае жыццё — значыць, на адзін раз, як да папяровай пасудзінкі для сельтэрскай.

Прагрэс тэхнікі не толькі ў павелічэнні хуткасці апрацоўкі і руху, а найбольш — у спрашчэнні кіравання машынай, карыстання рэччу. Ад шторы звісае адзін шпагат, падымае яе ўгору і апускае ўніз, ва ўмывальніку не два краны для гарачай і халоднай вады, а толькі адзін, але служыць за два. Бутэлька малака ўзброена стрэлачкай, адкуль і як расхінаць посуд, у пачку стэрылізаваных сурвэтак на вечку прастрочаны чатырохкутнік, націсні строчку, выкінь яго і цягні паперчыну, яна ўжо выставіла ражок.

Халадзільнікі халодзяць мяса і марожанае, тостэры грэюць хлеб, смажыльні гатуюць стэйкі па загаданым рэжыме — у цябе ёсць пяць хвілін вольных, мяса будзе гатова, газ узгараецца полымем без запалкі, дзверы аўтаматычна адчыняюцца па званку.

І ўсё гэта — знадворнае, абалонка, тара. Чалавеку цяжка адчуваць сябе тарай на адзін раз: напісаў верш, зрабіў бізнес, паставіў фільм — перадалі па радыё, адзначылі ў газетах — і ўсё! Выкарыстаны адзін раз і забыты.

Смутна вам жыць у вашым новым свеце, гаспада!

Перад тым як скончыць гэту, не ведаю, ці цалкам справядлівую, гаворку, скажам па праўдзе: не ўсе рысы амерыканскага характару ўкладаюцца ў «тару». Часта сустракаеш, як адзначаў я ўжо, людзей, недзе ў глыбіні сваёй шырокіх у памкненнях, дужых і смелых і нават па-славянску гасцінных і прыветлівых.

Месяц у бальніцы здоўжыўся, але гэта зусім малы кавалак часу. А колькі тут выслухана добрых пажаданняў ад амерыканцаў, колькі яны наўсміхаліся мне, ходзячы міма палаты, нанасілі кветак, колькі разоў моцна ціснулі руку перад выпіскай. На мой першы выхад з палаты збегся амаль увесь паверх, і я рабіў кола па калідоры пад воплескі, рыхтык алімпійскі чэмпіён. Ні адна сустрэчная душа не засталася абыякавай: хто слова закінуў, хто пасміхнуўся, хто ўхвальна пагразіў пальчыкам. Што я ім — сват, брат? Паводле штодзённай прапаганды — ні больш ні менш як вораг. А людзі ішлі ды ішлі. І прадавец з хворым «бжухам», і праскураўская яўрэйка з выразаным лёгкім, і пышная бландзінка пасля аперацыі горла, і полька-дакторка, і незраўнаная ў сваёй наіўнасці санітарка Моніка.

Нешта ж парывае гэтых людзей да чалавечага пачуцця, не на ўсіх трымаецца кардонная ці пластмасавая тара эгаізму, намераў, захадаў, спраў на адзін раз.

Было тут, пэўна, тое-сёе і ад звычайнай цікаўнасці: давай зірнём бліжэй на гэтага, савецкага. Бачыш ты, сівы і немалады, а выскрабся, тупае...

 

*

На ўсіх узроўнях — медыцынскім і адміністрацыйным — узгоднена мая выпіска. Змовіліся на заўтра, гадзін у 11—12. Стала балець, але палічыў за лепшае змоўчаць. Выпіска дык выпіска: не ідзі супроць лёсу і абставін.

 

Што дзень наступны мне рыхтуе?

Мо ўсю папраўку закасуе —

Усюды ходзіць моцны грып,

А я нядуж, раскіс, як грыб,

Ды чхаць хачу на ўсе хваробы,

Дадому еду, небаскробы!

 

6 снежня 1968 года. Выпісалі.

На расстанне пагаварыў з дакторкай, паслухаў яе рады, што рабіць, што прымаць. Падараваў кнігу на памяць, пацалаваў руку. Гэтага яна, відавочна, не чакала, расчулілася і няёмка цмокнула мяне ў скронь.

 

*

Першая ноч пад сваім дахам.

Выспаўся на ўласным ложку, трошкі адступіў ад шпітальнай дыеты — еў пасоленае. Больш, вядома, ляжу. Па шпітальнай завядзёнцы, рана і ўвечары мыюся, хоць потым, праўда, кладуся і аддыхваюся паўгадзіны. У мяне цяпер асобны пакой ды куча кніг у дадатак. І, галоўнае, кожную гадзіну загляне чый-небудзь знаёмы твар. А дзе чалавек, там і слоўца.

 

*

Дзівосы, дый годзе! У адной з амерыканскіх газет праслізнула паведамленне — невядома, ці даваць яму веры,— нібыта на прагляд кінафільма «Справа Томаса Краўса» запрасілі былых рабаўнікоў. Прадусэр хацеў апытаць іх, ці па праўдзе накручана там, так ці не так бывае ў сапраўднасці. З’явілася звыш 1000 чалавек, і ўсе яны пацвердзілі судзімасць дакументамі.

Самае цікавае засталося недагавораным: што сказалі шаноўныя знаўцы і эксперты аб праўдзівасці стужкі.

У Амерыкі ёсць чым здзівіць: паміж верагодным і неверагодным мяжа часам губляецца. Многа хто ўсміхаўся, слухаючы, што пасля запуску штучных спадарожнікаў тут з’явілася адпаведна разрэкламаваная кантора па продажы ўчасткаў на Месяцы. Аж мне паказалі, хоць не самую рэкламу, а ўпамінанне аб гэтым у таўстой, саліднай кнізе.

 

*

Хацелася б дазнацца больш аб амерыканскім мастацтве, аб меры праўды ў ім.

У Метрапалітэн-музеі залы былі адчынены напалавіну: пачыналася выстаўка італьянскіх фрэсак XIII—XIV стагоддзяў, пераважна з касцёлаў Фларэнцыі. Затое ўдосталь нагледзеўся цудаў у радэнаўскай зале: «Рука божая», славуты «Пацалунак» — арыгіналы! Праўда, у амерыканцаў своеасаблівыя погляды на аўтэнтычнасць.

У Філадэльфіі перад усім таксама пабеглі ў музей Радэна. І, на наша здзіўленне, той самы «Пацалунак» і тая самая «Рука» былі з гонарам адрэкамендаваны як арыгіналы. Што ж тады паказваецца ў Парыжы і дзе копіі, якія з іх аўтарскія? На гэта музейныя работнікі адказаць не маглі.

У Філадэльфійскім музеі вочы разбегліся. Але я ведаў: пабяжыш па ўсё, не ўбачыш нічога.

Тут былі зусім не адкрытыя для мяне ў мастацтве Кітай, Японія, Камбоджа. На адзін забег, іначай не назавеш турысцкае агляданне музеяў і галерэй, гэтага было відавочна зашмат. І я выбраў Мексіку. І ўжо не мог адарвацца. Перш за ўсё Дыега Рывера. З яго твораў бачыў дасюль толькі дрэнны адбітак «Прадаўшчыц кветак». Выключнае напружанне, экспрэсія, і ўсё так нязвыкла. Мусіць, праўда, што вытокі ягонай творчасці ў мастацтве ацтэкаў.

Потым — Сікейрас. Было вядома толькі яго імя і тое-сёе з біяграфіі. Але, нават пасля пазнейшых сустрэч з вялікімі творамі іншых вялікіх мастакоў, я доўга хадзіў падняты і ўзрушаны мужнай праўдай сікейрасаўскай «Вайны».

Здарыліся тут сустрэчы не сказаць каб не цікавыя, аднак без іх можна было смела пражыць на белым свеце. Расшукваючы «Дарослых купальшчыц» Сезана, я ўбачыў нешта пачварнае і жахлівае. Чалавечае тулава без галавы, затое галовы, зайздросна выпісаныя ў рэалістычнай манеры, вырасталі ці з рук, ці з ног.

Гэта была вытворчасць Сальвадора Далі, прызнанага бога сюррэалізму. Сказаўшы — вытворчасць, я не памыліўся. Маэстра не грэбаваў нічым: круціў фільмы (адзін нават з Дзіснеем!), ілюстраваў «Дон Кіхота», афармляў тэатральныя дэкарацыі, рабіў малюнкі для карт, а таксама каньячныя этыкеткі.

Усё гэта, аказваецца, укладаецца ў межы прыдуманага мастаком «паранаічна-крытычнага» метаду нагрувашчвання ў карцінах жахаў, несумяшчальных у рэальнасці прадметаў, пададзеных вокам, што знаходзіцца ў стане трызнення ці гарачкі. Сабой і сваім «метадам» ён пахваляецца ў кнізе «Інтымнае жыццё Сальвадора Далі».

Поспех і лёгкая слава па абодва бакі акіяна — каркаломныя. Стала вядома, што з-пад рукі яго выйшаў шэдэўр «Галаксідалаксідэзаксірыбануклеінавая кіслата». Вось што значыць ісці на ўзроўні веку! Хіба адным біёлагам дазволена займацца нуклеінавымі кіслотамі! Мастацтва павінна трымаць перад!

Хтосьці з багатых французаў за звышарыгінальны твор Далі разлічыўся таксама звышарыгінальна: купіў у яго карціну памерам 154 кв. метры па 19.000 франкаў за метр.

Каштоўныя камяні дарагія таму, што ўзважваюцца на караты. Пачні важыць дыяменты на пуды, і яны апынуцца ў цане бульбы.

Перабіць мутарнасць ад «паранаічных» тварэнняў удалося толькі ахінуўшыся ў мяккае святло, якое точыцца ў зале французскіх імпрэсіяністаў.

У музеі Радэна нам прапанавалі купіць копіі, не скажу шырспажывецкага гатунку — крыху лепшыя, але не настолькі, каб выкладаць трохзначныя лічбы долараў.

Калі тут рабіць блага, гэта не дасць хлеба, не дазволіць наладзіць бізнес. Таму агульны, сярэдні ўзровень умельства, на якім выпускаюцца рэчы абыходку, малююцца карціны, пішуцца кнігі, гаворацца прамовы, вырабляюцца машыны,— прыстойная пасрэднасць. Ніхто не пойдзе ў тваё кіно на скупую, слаба скалочаную праграму, не будзе купляць малако ў бляклых бутэльках, абстаўляць кватэру нетрывалай мэбляй. А геніяльнае ці хаця б таленавітае? А дзе яно ёсць у свеце і ў якой колькасці? Усё, што вышэй сярэдняга ці проста аздоблена гучным іменем мастака, ацэньваецца ў казачныя, сапраўды неверагодныя сумы. «4 танцоркі» Дэга ў галерэі Пары Бернет — 185 тысяч долараў, «Трускалкі» Банара — 115 тысяч; не так даўно за адно з палотнаў Рэнуара заплацілі 90 тысяч. Каб у такой цане хадзілі творы амерыканскіх мастакоў, нешта не давялося чуць.

Але не толькі шэдэўры мастацтва і помнікі старадаўнасці пераязджалі і пераязджаюць з Еўропы і атаўбоўваюцца на жыхарства за акіянам. Як быццам помсцячы за колішнія пірацкія налёты на берагі Амерыкі, тутэйшыя аўтамабільныя магнаты рынуліся ў Англію і ўпусцілі кіпці больш чым у палавіну аўтапрамысловасці. Не засталіся ззаду і нафтавікі, падтаптаўшы сваіх англійскіх калег. Тут дзейнічалі фірмы Крэйслер і Форд, Стандард ойл і Мобіл ойл. На Францыю нападалі Дзюпоны, мусіць, у падзяку за сваё французскае паходжанне, і айчынная хімічная прамысловасць перажывала там часіны небяспекі.

Гэта дзяржавы — вялікія! А што казаць пра неразвітыя і маларазвітыя. Не помню, хто назваў адну з такіх краін «жабраком на залатым троне». Звыш ста амерыканскіх кампаній выпампоўваюць і выграбаюць усё даастатку з багатых нетраў яе. Палітыка дыктуецца доларам, друк знаходзіцца ў той самай залежнасці, дзяржаўныя дзеячы стаяць на тым самым падмурку і лёгка валяцца адтуль. І ў безвыходнай галоце пакутуюць і гінуць індзейцы, асноўная частка насельніцтва гэтай краіны.

У сваю чаргу, у амерыканскім імпарце ўсё больш і больш пачынаюць адчувацца японцы. Пазяхні — у момант дадуць падножку, а рынак і так у паводцы японскіх транзістараў, малалітражак, оптыкі — яны зручнай формы і памеру, трывалыя і, галоўнае, невысокай цаны. Да таго ж, японцы шлюць харчы беспрацоўным ЗША.

Славутай амерыканскай тэхніцы даводзіцца ўсё часцей збаўляць самаўпэўненасць і ганарлівасць. Хоць і не дужа прыемна, а пасунулася, дала месца савецкім вынаходкам. Турбабуры, медыцынскія апараты для сшывання сасудаў, для хірургіі лёгкіх, партатыўны апарат для лячэння сном — на ўсё гэта давялося купляць у нас ліцэнзіі.

На ферме Вашынгтона, ідучы берагам Патомака, мы бачылі пастаўленыя на старых ясенях громаадводы. Магчыма, яны і абароняць Монт-Вернон ад навальніцы. Але ў эканоміку і валюту Штатаў б’е столькі маланак, што громаадводы ў выглядзе прэзідэнцкіх запэўненняў «трываласці» курсу і «надзейнасці становішча» выглядаюць дзіцячымі забаўкамі.

 

*

Шосты дзень пасля выпіскі. Надзеі паехаць з першай партыяй — марныя. Толькі і ўцехі — перапісаў са сшытка вершы і папрасіў перадаць дамоў. Чуюся быццам лепш, але не ведаю, як трымацца, колькі можна прайсці, якія лекі патрэбны, што калі есці. Нашы дактары звычайна паставяць на ногі і надаюць кучу наказаў: тое рабі, ад гэтага сцеражыся. А тутэйшыя свайго не перапусцяць: каціся, клубочак, а нітачка ў нас у руках. Звернешся, тады скажам, але не задарма. І ўсё ж паслухаць каго-небудзь кваліфікаванага, відаць, варта было б.

Некалькі дзён не скажу пагрозлівых, але цяжкіх. За спробу наведаць сталовую расплаціўся спазмам. Кардыяграма, аналіз крыві і зноў доктар-амерыканец. Дзён колькі загадана ляжаць, вялікія дозы кумадзіну, дарван. Пра ад’езд з наступнай партыяй няма чаго і думаць. Хвала алаху, калі з апошняй выпусцяць.

Па некалькі разоў на дзень заходзяць усе нашы, нібыта ў іх няма іншай работы. Расказваюць, распытваюць, і выгляд ва ўсіх такі, быццам не мне баліць, а ім самім.

 

*

Нацыянальнай галерэі мастацтва я не бачыў. Прызнаюся шчыра і адразу. Бо задача гэта — не на дзень і не на два. Бяжыш на спатканне з «Сіньёрай Гарсіа» Гоі, а тут твае вочы спыняюць, хапаюць за руку цэлыя залы Рубенса, сотні іншых, большых і меншых спакус.

Набярыся мужнасці, прытрымай сэрца і ўсціш прагавітасць, чалавеча, і прабудзь, колькі табе адпушчана часу, каля чаго-небудзь аднаго.

Так і зрабілі. І не адышліся ад твару наўздзіўнай выразнасці Джынеўры дэ Бэнчы — здаецца, яна паслухае цябе і загаворыць сама. Хораша ўспаміналіся словы бессмяротнага яе тварца: «Тыя, хто вывучае толькі аўтараў, а не творы прыроды, тыя ў мастацтве ўнукі, а не сыны прыроды, настаўніцы добрых аўтараў».

З вышыні свайго генія Леанарда да Вінчы гаварыў мякка і спагадліва. Таму вельмі хацелася спытацца, нібыта ён захоча пачуць: «А вы, мэсір Леанарда, хто будзеце прыродзе? Ці не той, самы галоўны, ці не тварэц, часамі?» Адказу мы не атрымалі, бо, відаць, не заслужылі. Ды адкажы на адно пытанне, зададуць другое: «Як жа вы дапусцілі, каб пад мастацтва падлажылі доларавыя колы і такім чынам «Джынеўра» пераехала з радзімы спачатку ў Вену, а пасля ў Вашынгтон?»

Тут жа апынулася, па чутках, «Вадохрышча» Верокіё, дзе Леанарда да Вінчы пісаў анёла на пярэднім плане. Хацелася паглядзець на гэту «калектыўную» працу, але часу на пошукі было вобмаль. Засталося толькі з падзякай падумаць аб сціпласці людзей, якія ўмелі быць слухмянымі вучнямі, хоць і насілі ў сабе таленты настаўнікаў свету.

Затое мы пабылі ў Рэмбрандта. Зазірнулі ў душу праніклівыя вочы майстра з «Аўтапартрэта», устурбавалі, устрывожылі, і тут жа абвеяў палявым супакоем і цішынёй «Млын».

 

*

Першая група нашых ад’язнікоў, пэўна, ужо дома. На адлёце — хутчэй на адплыве — яшчэ адна. Гэтыя кіруюцца цеплаходам, а я не трапляю і ў трэцюю. А яшчэ нядаўна ўсе, каму першым пашчасціла вяртацца на радзіму, сядзелі на чамаданах і, як заўсёды ў такіх выпадках, нецярплівіліся. Нерваваліся, сумавалі, крыху зайздросцячы вяртанцам, і мы.

Тут прыйшлі на ратунак чорныя сухары. Я прыхапіў іх з дому так сабе, ні да чога. Думаў, давядзецца спраўляць тут дзень нараджэння, дык каб укусіць тады хатняга хлеба.

Гэтак спрадвеку вялося ў нашых сем’ях. Хлеб уважалі за найдарожшае; упадзе доле — падымі, падзьмухай і, пацалаваўшы, з’еш. Асабліва шанавалі ў падарожжы: у далёкіх краях хлеб не толькі невідочнымі повязямі лучыў з бацькаўшчынай, а і як бы заступаў яе месца, развідніваўся яе воблікам.

Ва ўсіх вясёлых і цяжкіх дарогах таварышаваў чалавеку чорны кавалак. Бедны акрайчык нявымешанага, а то і несалёнага хлеба абавязкова браў у торбу пасланец, несучы весткі з партызанскага краю. Краўся праз лінію фронту, прыходзіў да землякоў, а яны даўным-даўно прачакаліся, прагнулі гэтай сустрэчы.

І я ўламаў крошку ад аднаго такога асушка. І, колькі ні было нас тады за сталом, уламалі ўсе, і доўга сядзелі — не адважваліся ні глынуць, ні загаварыць. Так цёпла і горна, светла і шчымліва было нам, сталым мужчынам, пасуровелым і пасівелым да часу па зыркім ветры многіх франтоў апошняй вайны. Баяліся варухнуцца — поруч з кожным стаяла радзіма, паклаўшы руку на плячо.

І зараз, за акіянам, за невідочнай лініяй фронту, маленькі драбок сухара аказаўся блізкім сваяком таго, партызанскага. Ён стаўся вялікім дзівам — вярнуў смак роднага хлеба, як быццам даў пабачыцца з бацькаўшчынай.

І мы ўсе павесялелі — хутка сустрэнемся!

 

*

Кіпа газет — беларускія, амерыканскія. Тыражы асобных выданняў бываюць тут сапраўды астранамічныя. Тады незразумела, на чым трымаецца распаўсюджаны погляд, нібы ў амерыканца больш грошай забірае гумовая жвайка, чым кнігі. Пра гэта з усмешкай гаворыцца: з дзвюх жваек выбірай смачнейшую. Каб хоць шчэлепы працавалі, бо для мазгоў і там і там нагрузкі няма.

Нудненькі артыкул. Сапраўды перажоўванне банальных ісцін пра тое, што чалавек нібыта дасягнуў усяго не дзякуючы прыродзе, а насуперак ёй. І яна заўсёды напагатове: рынецца, нападзе і адбярэ ад чалавека ўсё захопленае ў яе.

І гэта называецца па-амерыканску сацыялогіяй?

У нашай газеце гатовы адказ. Паведамленне з трох радкоў: у Арменіі сканструявалі машыну збіраць камяні дыяметрам ад 35 да 250 сантыметраў. Вось бы Колас быў рад! Напэўна, пачаў бы старацца, каб хутчэй яе ў рэспубліку. Гэта быў яго апошні клопат — ачысціць нашы палі ад каменнай навалы, і ўраджай зашуміць большы ўтрая. Дык хто ж тут стаіць насуперак каму?

 

*

Друк успамянуў пра Перона, быў такі прэзідэнт у Аргенціне. Амерыканцаў як быццам паважаў не надта, вось і выхапілі з-пад яго высокае крэсла: давялося пераязджаць у Іспанію. На кнігі вока не меў, яшчэ ў большай няласцы былі ў яго часопісы.

 

Хуан

Дамінга

Перон,

Пан

з фламінга

пяром,

Стаў чэмпіёнам свету:

Бывалі такія дні,

Што мог ён забараніць

Сорак

чатыры

газеты!

Папніся,

вышэй дапні —

Сусветны рэкорд па вета.

 

 

*

Пяты камітэт, дзе старшынёю наш прадстаўнік, прыняў пастанову: прызнаць рабочай мовай Асамблеі рускую. Дагэтуль перакладаліся толькі выступленні, але далёка не ўсе дакументы размножваліся па-руску. За прапанову прагаласавала абсалютная большасць. З гэтай прычыны старшыня камітэта і ўсе мы ззяем. Колькі магу, ззяю і я.

Сёння паляцела яшчэ адна група. Яны ўжо гадзіны чатыры ў дарозе. А мне ўсё яшчэ трэба глядзець на той бок вуліцы, на закураныя сцены і брудныя вокны. Перадалі прывітанне з аэрадрома. З вялікім смуткам развітваўся я з імі. Добрыя гэта, душэўныя людзі!

У гонар усіх гэтых падзей некалькі разоў уставаў, быў на нагах каля дзвюх гадзін. Трохі лепшаю. Калі не сунецца нож паміж лапатак, пад сэрцам ціха. А то ўсё здаецца, што яго нібыта надзімаюць ці наліваюць нечым гарачым.

 

*

Коратка і ёмка сказалася ў нашага народа: умеў пайсці, умей і вярнуцца. З гэтага няхітрага, здавалася б, прымоўя не вычарпаць трывогі, любові, душэўнага клопату аб падарожніку. І да сённяшняга дня гучыць за тымі словамі: «Слухай, бацька, брат, сын, друг, ты сягоння адыходзіш, глядзі, вяртайся дамоў так, каб мог ты проста глядзець у вочы ўсім, хто цябе чакае. З перамогай, з адкрытымі землямі, з добрымі весткамі. І перад усім — каб быў нярушаны і нячэпаны, як баецца ў казцы, жывенькі і здаровенькі».

У наш час самыя вялікія адыходы з дому — гэта палёты; яны сталі ўжо шматдзённымі і шматлюднымі, палёты ў космас, у прасторы будучай айчыны чалавецтва. І калі раптам дазнаешся: о, гэта ж зноў узняліся на ракетным крыле нашы суайчыннікі — вось тут яна і ўспамінаецца, народная мудрасць: умей і вярнуцца!

Мы навучыліся выходзіць у космас самі і не пашкадавалі свае навукі насельнікам планеты. Ад гэтага прыбывае сіла і мужнасць.

Мы аўладалі складаным майстэрствам звароту на зямлю з разгадкамі неразгаданага, са здзяйсненнямі таго, што дагэтуль не здзяйснялася. Ад гэтага дадалася дзёрзкасць пошукаў.

Мы здабылі ўмельства працаваць там, высока. Не адчуваючы вагі ўласнае рукі, якая падымае нязвычныя, таксама раптоўна страціўшыя вагу матэрыялы і інструменты. Хто зварваў фермы або апоры на вышыні, ведае, чаго каштуе такая работа ў сцюжу, на сіверы. А там? На нечуванай хуткасці, у прасторы, дагледжаным і неаб’езджаным і таму поўным затоеных небяспек?

Калі нашы людзі вылятаюць у космас, мы адчуваем іх часовую адсутнасць як адыход на працу добрых сяброў і таварышаў. Хоць нікому з іх ты не паціскаў рукі, не спяваў разам песень, не вандраваў па лясных сцяжынах. І ўсё ж вельмі блізкіх, бо яны ўзялі ў палёт частку твае працы, твае адказнасці за будучае. Яны вылятаюць працаваць, працуюць дастойна, далёка ад Зямлі, высока над Зямлёю! І спраўдзяць нашы спадзяванні — здолеюць вярнуцца. З перамогай.

Не адчуваючы за сабой касмапалітычных нахілаў, сёння радуюся. За чалавека, хоць і не нашай зямлі. Нарэшце адбылося — «Апалон-8» узляцеў. Мінуліся страхі, што трэба будзе мяняць адзін з рухавікоў, з яго ўцякала паліва. Фрэнк Борман, Уільям Андэрс і Джэймс Ловел выйшлі на селенацэнтрычную арбіту.

Зараз амерыканцаў, як і заўсёды, прыгнятаюць лічбамі: звыш 350 тысяч вучоных, канструктараў, інжынераў стваралі касмічны карабель; ляцяць касманаўты з хуткасцю 24.200 міль у гадзіну, пратрымацца ў паветры могуць сем сутак. Па тэлевізары, дый у газетах, «Апалон-8» выглядае як помнік Вашынгтону, а той нагадвае гіганцкі аловак, таму і ахрышчаны гэтай мянушкаю.

Ад запуску ў памяці засталося няшмат: наземны пульт кіравання, сур’ёзныя, заклапочаныя твары за ім і, нарэшце, вежа ў слупе агню і дыму імгненна адлучылася ад зямлі.

Перамога чалавека! І ў той самы дзень ядзерны выбух у штаце Невада, ужо другі на гэтым тыдні. Няхай сабе і пад зямлёю, але ўсё ж не на карысць Зямлі.

 

*

Пачалося вось з чаго. З’явілася раптам Шура з провадам і абцужкамі і пацягнула тэлефон да самага ложка. Паглядзела, ці дастаю рукою трубку. Я, вядома, падзякаваў, але выказаў сумненне — відаць, уся турбацыя дарма: наўрад ці ў бліжэйшыя часы мне будзе званіць дзяржаўны сакратар або мэр горада Нью-Йорка.

Жанчына ведала, што робіць і што мяне чакае, але хораша пасміхнулася:

— А можа вы надумаецеся ім пазваніць?

Такіх дыпламатычных акцый я не планаваў, а звяртацца да ўнутраных тэлефонаў было залішне, усе нашы і так не міналі. Дый поруч, цераз калідорчык, працавала цудоўная Галя. Работы ў яе неўправарот, але ж забяжыць ліст узяць на адсылку, і газеціну падкіне, і пацікавіцца, ці не звяліся алаўкі і папера,— нешта ж безупынку крэмзае гэты хворы.

А тэлефон усё ж такі зазваніў! Назаўтра раніцай. Чыста, быццам з суседняга пакоя, дарма што паміж намі гуў па-зімоваму злосны акіян, абазвалася Масква. І назвала мяне хатнім іменем. Учула-такі здалёк неспакойнае жаноцкае сэрца, што не ўсё яно тут гэтак гладка, як гаварылі мае лісты, як расказвалі прыехаўшы таварышы.

Аднак два галасы, знадворна спакойна і нават весела, запэўнівалі адзін перад адным, нібыта адчуваюць сябе добра, вельмі добра, лепей і жадаць не трэба. І — дзіўная рэч! — сапраўды сталася так. Я апынуўся адразу ў дзвюх сталіцах, у Маскве і ў Мінску, зняўшы шапку, зрабіў першы крок па сваёй зямлі. Справы мае рашуча рынулі на попраўку. Падбадзёраны да кандыцый юнацкага настрою, я ўявіў мноства жаночых рук. Вось бы занесці ў кожныя з іх па ахапку самых свежых, яшчэ з расою, півонь!

Гэта ж яны, упраўныя і руплівыя, столькі папазавіхаліся, каб усцешыць чалавека радаснай нечаканкай. Гасцінічныя тэлефаністкі перадалі просьбу міжгароднім, маскоўскія — нью-йоркскім. І ўрвалі момант сярод няўпыннага гулу лініі ад неадкладных, тэрміновых, дыпламатычных размоў для звычайнай, проста чалавечай.

Не паспела аціхнуць апошняе слова ў тэлефоннай трубцы, а ў пакоі стала светла ад усмешак. Валя, Люся, Лена, старэйшыя па веку Зінаіда Агееўна і Ангеліна Фёдараўна — яны ўжо звечара ведалі пра тэлефонны выклік. І цяпер прыйшлі падзяліць радасць перажытага, каб не занадта было для хворага, бо даўно ўжо распасцерлі над ім сваю добрую апеку.

Нялёгкі клопат у іх, хто жыве тут больш-менш стала! На страшэннай адлегласці ад дому, у чужым, няветлым атачэнні зберагчы ў сям’і роўнае святло нашага ладу, захаваць наша цяпло і клімат. Чакай мужоў з бясконцых сходаў, прыёмаў і пасяджэнняў, а ў іх усюды і заўсёды кожная клетка павінна быць у стане мабілізацыйнай гатоўнасці. Гадуй, выхоўвай, выпраўляй дзяцей у школу, а дзе падзець вечную трывогу за іх?

Год назад у Маі нарадзілася дачушка. Прыбраная ў тутэйшы пасаг, малая выглядала як лялька, да таго ж, яе прывезлі ў скрынцы, падобнай да тых, куды пакуюць цацкі. Суседскі хлопчык Толя насцярожыўся, папрасіў, каб яму далі ключ і паказалі, як гэта штука заводзіцца.

Сёння Наташцы якраз год, яна заходзіла з мамай да мяне ў госці. Мажная, спаважнасці хапіла б і на пяць такіх слаўных стварэнняў.

 

*

Набліжаюцца коляды-крыстмас. Людзі як быццам пашалелі. Усе магазіны спустошваюцца пад мяцёлку. Нью-йоркцаў калоціць падарункавая трасца. Даруе муж жонцы і наадварот, бацькі дзецям і дзеці бацькам, сябры сябрам, знаёмыя знаёмым.

Вечарам выехалі ў горад — калі вытрымаю паездку па Нью-Йорку на машыне, дык пра самалёт і казаць няма чаго.

Вось тут я і прыкмеціў спусташэнне крам на падарункі, у нечым падобнае да нашага мужчынскага клопату перад 8 сакавіка.

Паездку вытрымаў... Заўтра яшчэ адзін выезд — з самастойным заходам у пару месцаў. Для трэніроўкі.

У доме насупраць ярка асветленае акно. Сівавалосая пара прыбірае ялінку. Кватэра, відаць, добрага зажытку, бо пад акном скрынка для кандыцыявання паветра — гэта не такая ўжо танная выгода. Дый на ўсю вялізную 20-павярховую сцяну процілеглага дома акенцаў, дзе відны ялінкі, толькі два.

Цярусіцца сняжок, пад яго неўзаметку напісаўся верш.

Пра родныя завеі, пра нашы слаўныя бары.

 

*

Апошнія крокі на амерыканскай зямлі. Невялічкая пачаканка ў аэрапорце, мяне, акі баляшчага, прапускаюць у самалёт раней.

Бывайце, мае мілыя сябры! За навагоднім сталом я ўспамяну вашу дабрату, вашу нялёгкую долю жыць і працаваць воддаль ад радзімы.

У Манрэалі насела канадскіх украінцаў, едуць сустракаць коляды і новы год на радзіме. П’юць «горілку» і закусваюць вараным салам — у мяне, дыетніка, гоніць слінку. Цярпі, казак! Падмацаваўшыся, мае суседзі пачынаюць спяваць родныя песні куды галасней, чым дазваляе статут пасажырскіх перавозак.

А я, да краю змораны, але шчаслівы-шчаслівы, засынаю на ўсе дзевяць гадзін падарожжа. Канчаткова даю веры, што ўсё скончылася, калі самалёт ледзь датыкаецца коламі да свае зямлі.

Добры маразок, заснежаны прастор аэрапорта, а вось ужо і родныя, даўно не бачаныя твары.

Дабрыдзень, Радзіма!

 

*

Азірнуўся на перагорнутыя старонкі і пачуў голас: «Са здзіўленнем пабачылі дэмакратыю ў яе найагіднейшым цынізме, у яе жорсткіх забабонах, у яе нясцерпным тыранстве. Усё высакароднае, бескарыслівае, усё, што ўзвышае душу чалавечую,— задушанае няўмольным эгаізмам і прагненнем да дабрабытнасці (comfort); рабства неграў сярод адукаванасці і свабоды; радаслоўныя ганенні ў народзе, які не мае дваранства; з боку выбаршчыкаў сквапнасць і зайздрасць; з боку кіруючых нясмеласць і ліслівасць; талент, праз павагу да роўнасці, змушаны на добраахвотны астракізм; багатыр, які апранае пашарпаны кафтан, каб на вуліцы не абразіць ганарлівае жабрацтва, хоць ім ён употай пагарджае: вось яна, карціна Амерыканскіх Штатаў, нядаўна выстаўленая перад намі».

Ад каго ж такая магутная падтрымка маім думкам і меркаванням? Пэўна, гэта хто-небудзь з маіх калег, нядаўні наведвальнік Амерыкі. Голас гучыць чыста і свежа, і зусім поруч. А належыць ён таму, хто ніколі не быў там, і хоць не быў, а ўсё адчуў і ўсё ўбачыў. Пасля ўласнай рукою напісаў і надрукаваў у трэцяй кнізе «Современника» — заўважым — за 1836 год.

Аляксандр Сяргеевіч Пушкін!

І як яны ўмелі так далёка сягнуць вокам, неўміручыя!

Бітва працягваецца. Супроць згалення, стрэлаў з-за вугла і хвароб. Супроць занядбання чалавечых правоў і свабод, супроць падпарадкавання чалавека колу. Не колу гісторыі, а літаральна — аўтамабільнаму, балону, махавіку гонкі ўзбраення, рулявому колу крывавых войнаў на свае і чужыя грошы, уласнымі і чужымі рукамі.

Бітва за жыццё.

Звычайна справа канчаецца мноствам паражэнняў: на нягоду не выходзяць сам-насам. Каб жа адзін стаў за ўсіх і ўсе за аднаго! Гэта ісціна — простая, але не так проста авалодвае яна свядомасцю.

 

Лістапад — снежань 1968,

кастрычнік — лістапад 1971,

Нью-Йорк — Нясвіж