epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Роднае слова

Пісьменнік і мова
Мова ў газеце
Магчымасці мовы


Пісьменнік і мова

Пісьменнік павінен уладаць мовай так арганічна, мець настолькі вялікі і шырокі слоўны запас, каб усе яго думкі, ідэі і вобразы былі данесены да чытача выразна, ярка і дакладна.

Гэтага можна дасягнуць руплівай працай над узбагачэннем свайго моўнага багажу новымі словамі, зваротамі, формамі сказаў. Такая работа, вядома, не мае ніякай сувязі з мудрагельнай словатворчасцю, стварэннем бяссэнсных слоў-калек. Да паслуг пісьменніка — невычарпальная крыніца сягонняшняй народнай мовы, творы класікаў, зборы фальклору даўнейшага і сучаснага, напрыклад партызанскага, нарэшце, у патрэбных выпадках мы маем магчымасць выкарыстоўваць старажытныя летапісы і дакументы. Усё гэта той урадлівы грунт, на якім вырастае мова пісьменніка і наогул мова літаратуры. Аднак некрытычнае выкарыстоўванне фальклору і помнікаў старажытнай літаратуры можа пацягнуць за сабой і непажаданыя вынікі: замест асвяжэння слоўніка атрымаецца яго засмечванне, і пісьменнік апынецца ў палоне архаічнасці.

Як на прыклад выдатнага выкарыстання народнай мовы і фразеалогіі Случчыны можна спаслацца на творчасць Кузьмы Чорнага. Каб навучыцца творча валодаць мовай, з яго кнігамі не шкодзіць і класціся і ўставаць. Мова К. Чорнага сапраўды з’яўляецца ўзорам трапнага ўжывання слова, узорам пабудовы сказа. Чорны падняў літаратурную мову да высокай ступені выразнасці і маляўнічасці, прадоўжыўшы ў гэтым працу Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Ёсць у К. Чорнага невялікая колькасць мясцовых слоў і зваротаў, а таксама застарэўшых слоў. Але яны зразумелыя, сэнс іх арганічна выцякае са сказа. Як паказваюць працы даследчыкаў, Пушкін ужываў пустынны й у сэнсе адзінокі («Звезда пустынная сияла»). Пушкінскае слова ничтожество азначае нябыт, презрительный — варты пагарды, д о б ы ч а — ахвяра. Але хіба праз гэта траціць што-небудзь спадчына геніяльнага паэта? Значыць, перш чым што-небудзь адмаўляць, трэба добра вывучыць тую з’яву.

Звернемся да К. Чорнага. Возьмем першы, на якім разгарнулася кніга, абзац з апавядання «Нянавісць».

«Там не было ніякіх фатаграфій. За што там было здымацца, калі хлеба ў хаце не было! Тады, як родны Бухчаў брат служыў у Бухчы за парабка, стрэчныя сваякі прысявалі ў Бухчы на аджон то картоплі, то льну, то бралі часамі гатоўкаю збожжа на адработак. Усё гэта агульвалася нейкім сваяцтвам: Бухча, бывала, з паўкаша лішняй бульбы сваякам усыпле, або Зоську раней (тады яшчэ зусім дзіця была) з работы пусціць».

Параўнаем гэта з першым, што трапіўся на вочы, фальклорным запісам са Случчыны, радзімы Кузьмы Чорнага:

«Я нават не віедаю, як яго звалі на ймене. Яшчэ я маленькі быў, а ён тагды ўжэ міеў сівую велізарную бораду па самы пуп. Ось ужэ я пасівіеў, саўсім сапсеў, а ён туолькі ліетась памёр. Кажуць, што ён сам лік згубіў, куолькі гадуоў жыў. Ужэ яму было пеўне больш за дзвіе капы гадуоў, а ён... бало адзін спутае здаравеннага быка, перакіне вяроўку цераз спіну, залыгаўшы за рогі да як пацягне, дак той бурдык на землю да туолькі раве».

Простае ўспрыманне на слых выразна паказвае, адкуль ідзе карэнне мовы Кузьмы Чорнага, увесь яе лад, апавядальныя інтанацыі. Але да якой высокай дасканаласці давёў сваю мову пісьменнік, як смела абыходзіцца ён са словам, не баючыся паўтораў: «за што там было здымацца, калі хлеба ў хаце не было», бо яны ўзмацняюць уражанне. Чорны гаворыць прысявалі і як гэта дакладна! Не засявалі, не сеялі, а іменна прысявалі, трохі, з ласкі. Толькі так і трэба было сказаць: не насыпле, не дасць, а ўсыпле кош бульбы, адчэпнага, з пагардай. І з пяці прыведзеных радкоў ясна, хто такі быў яго герой, Бухча.

Мова Кузьмы Чорнага даўно патрабуе даследавання, сур’ёзных работ, бо пісьменнік пашырыў рамкі сказа, межы ўжывання асобных слоў, узбагаціўшы мову ўсяе літаратуры. Галоўнае, вядома, змяшчаецца ў тым, каб дасканала вывучыць жывую сучасную мову ва ўсіх яе адценнях, багацці і гнуткасці.

Работа над творам мне ўяўляецца, як двухбаковы творчы працэс: моўны і вобразны. Калі пісьменнік адносіцца да мовы не творча, карыстаецца гатовымі размоўнымі ці газетнымі зваротамі, не шукае уласнай будовы сказа, новай расстаноўкі слоў, інтанацыйных хадоў, дык твор будзе напісаны штампаванай невыразнай мовай. У выбары моўнага матэрыялу пісьменнік заўжды суб’ектыўны, ён хутчэй паставіць у радок слова, знаёмае яму змалку, чым пачутае ў пазнейшыя часы. Але ён заўсёды імкнецца знайсці самыя правільныя, самыя яркія словы, якраз тыя, што патрэбны для дакладнага выражэння думкі.

Ніякі муляр не кладзе ў сцяну поруч з апаленай цэглай неапаленую, нетрывалую. На жаль, мы часта грэшым на гэта і ўстаўляем у творы не толькі нетрывалы, неапалены слоўны матэрыял, а і розны друз. І вось такія слоўныя пабудовы не вытрымліваюць ні патрабаванняў, ні выпрабавання часу.

Мы вельмі мала выкарыстоўваем тыя багатыя магчымасці, якія дае нам мова ў адносінах адценняў. Калі наша ўспрыманне адкідае карціну, напісаную аднымі асноўнымі колерамі, скажам, толькі чорным і белым без пераходаў, дык таксама нельга мірыцца і з літаратурным творам, дзе выкарыстаны толькі дзве-тры моўныя фарбы. І ў тым і ў другім выпадку атрымліваецца не мастацкі твор, а кепская дэкарацыя. Ці можна прапанаваць такі твор нашаму патрабавальнаму чытачу, які беспамылкова адрознівае літаратурную з’яву ад нелітаратурнае, добра ведае, калі перад ім сапраўдны яблык і калі расфарбованы муляж?

Вышэй прыводзіліся прыклады ўмельства Кузьмы Чорнага карыстацца моўнымі адценнямі. Калі ўзяць адну толькі прыстаўку «у», дык якое багацце дзеясловаў можна атрымаць з яе дапамогай: уліць вады, усыпаць жыта, унесці дроў, уехаць, убіць, учарнець. Кожны з гэтых на месца пастаўленых дзеясловаў можа карэнным чынам змяніць характарыстыку вобраза, даць новае асвятленне сказу, а часам і ўсяму твору.

У адным з сваіх выступленняў А. Фадзееў прыводзіў прыклады работы Л. М. Талстога над дзеясловамі. Папрабуем прасачыць, ці можа атрымацца гэтак і ў беларускай мове. Возьмем, напрыклад, дзеяслоў: рабіць. З дапамогай прыставак, суфіксаў і флексій ад яго можна ўтварыць безліч новых дзеясловаў, правільней дзеяслоўных відаў. Вось яны: зрабіць, вырабіць, вырабляць, урабіць, урабляць, перарабіць, перарабляць, зарабіць, зарабляць, адрабіць, зрабіцца, перарабіцца, вырабляцца, вырабіцца, рабіцца,— і так без ліку.

Вось якое мноства адценняў і колераў дае нам у карыстанне мова.

Разнастаіць мову можна пры дапамозе сінонімаў і не трэба старацца звесці іх. Возьмем назоўнікі: гаворка, гутарка, гамонка, гамана (апошняе слова ўжываецца і ў сэнсе — пагалоска), статак, чарада, гавяда, худоба, жывёла, тавар (на Палессі). Усе яны маюць права на жыццё. Часамі трэба сказаць гаворка, а часамі гамана. Ужываем мы пераважна слова жывёла, але нішто не можа замяніць слоў статак і чарада.

А вось другія назоўнікі: прадонне, бяздонне, бязодня, бязодніца. Выбірайце да спадобы! Або — сум, нуда, смутак, туга, журба, сумота, журбота, маркота. З іх дапамогай можна перадаць усе станы чалавечага настрою.

Часта мы баімся амонімаў — кажам: склад у сэнсе — частка слова і сховішча, але пішам састаў прэзідыума, састаў руды, забываючы, што і тут ёсць амонім — таварны састаў. У гэтым выпадку ніяк не скажаш: таварны склад. Мы гаворым: простыя людзі і чамусьці — прамая дарога. Ужываецца ж слова бавіцца ў двух значэннях: бавіцца дзіця, гэта значыць, гуляе, і бавіцца чалавек у дарозе, значыць, затрымліваецца, марудзіць. Ці трэба забараняць выраз вядуцца работы, таму што гавораць вядуцца куры, вядуцца сюды хлопцы талакою.

Мне здаецца, што боязь амонімаў тлумачыцца неразуменнем метафарычнасці мовы, яе ўласцівасці надаваць аднаму і таму ж слову розныя сэнсавыя адценні.

Існаванне сінонімаў мае свае гістарычныя падставы. У арабскай мове, як было падлічана ў свой час, ёсць тысяча адменнікаў для слова меч і чатыры тысячы для слова няшчасце. Гэта сведчыць і аб шматлікіх войнах і аб гараванні народа.

Калі ў беларускай мове засталося ад цяжкога мінулага шмат слоў для абазначэння смутку, дык ёсць усе падставы спадзявацца, што ў наш савецкі час народ-моватворца, як гаварыў Маякоўскі, створыць куды большую колькасць адменнікаў для слоў весялосць і радасць.

Мова няспынна змяняецца. Актыўны адбор новых слоў і адкіданне паміраючых, гэта значыць, непасрэдны ўдзел у фармаванні літаратурнай мовы, з’яўляецца абавязкам кожнага пісьменніка.

На нашых вачах адмерлі многія словы. Гэты працэс заканамерны. Калі ўзяць словы: асяніна, аджон, адкос, пачынак,— дык лёгка пераканацца, што яны не маюць болей эканамічных падстаў для далейшага існавання. Ніхто цяпер не будзе ўвосень збіраць калгаснаму пастуху асяніну, гэта значыць, натуральную плату за пасту. Ніякі калгас не будзе пазычаць збожжа ў другім калгасе на аджон ці на адкос. Выйшлі з ужытку прасніцы, а з імі і пачынкі.

З другога боку, мова ўвесь час папаўняецца новымі словамі, выкліканымі да жыцця новымі вытворчымі адносінамі, шляхам запазычання з іншых моў.

Беларуская мова ўзбагацілася ад рускай цэлым шэрагам слоў савецкага часу, формамі слоў, прынцыпамі словаўтварэння і шмат чым іншым. Трэба адзначыць таксама, што іменна ў паслякастрычніцкі час некаторыя беларускія словы праз пераклады перайшлі ў рускую мову.

Узбагачэнне за кошт рускай мовы адбываецца зараз у краінах народнай дэмакратыі. Бясспрэчна, што на грунце сяброўскіх палітычных і эканамічных адносін і адтуль да нас у недалёкім будучым прыйдуць словы, каб знайсці ўжытак у мовах народаў Савецкага Саюза.

Мы знаем многа блізкіх слоў па карэннях, па гучанню ў розных мовах. Той самы ветер, вітэр, вецер, wiatr, ventus, viento, wind, wind — у рускіх, украінцаў, беларусаў, палякаў, рымлян, іспанцаў, немцаў і англічан гучаць вельмі падобна.

Так, з дапамогаю гістарычных дадзеных устанаўляецца сваяцтва моў, узаемныя ўплывы, выкліканыя рознымі падзеямі ў жыцці народаў.

Нядаўна мне трапіла ў рукі кніжка «Bledy naszе» («Нашы памылкі»), выдадзеная ў 1915 годзе ў Варшаве. Як гаворыцца ў прадмове, кніжка выпушчана з мэтай захаваць чыстату польскай мовы. У сапраўднасці ж аўтар хоча адхрысціцца ад уплыву рускай мовы, а найбольш — беларускай, адмаўляючы ёй у праве называцца моваю і лічачы яе «простанароднай» гаворкай, гэта значыць мужыцкай, ледзь не суцэльным bledem (памылкай).

Гэта відаць з прадмовы і з тлумачэнняў некаторых слоў. «Сёрбаць,— чытаем на стар. 265,— выраз беларускі, які часта можна пачуць у Літве ў значэнні: есці з непрыемным водгаласам, хлябтаць, чмякаць, цмокаць. Польская мова не мае, здаецца, адпаведнага выразу, бо і само сёрбанне рэдка здараецца чуць у нас».

Сёрбаць, бачыце, маглі толькі хамы, а паны елі далікатна!

Але міма волі складальніка кніжыцы ён пацвердзіў існаванне беларускай мовы, бо гэтых «памылак» — беларускіх слоў і выразаў, якія ўжываліся ў тагачаснай польскай мове, назбіралася на добры слоўнік.

Гэтая кніжка дае цікавы матэрыял і гісторыку і мовазнаўцу.

Цяпер ужо не можа быць спрэчак аб дабратворнасці ўздзеяння рускай мовы на польскую і беларускую. Мы шырока чэрпаем з гэтай вялікай і чыстай крыніцы, узбагачаючыся і непасрэдна лексікай і моўнымі прынцыпамі.

Аднак можна бачыць і некрытычнае запазычанне ці словаўтварэнне. Часта аўтары, у сілу патрабаванняў рытму, ці, як кажуць, для рыфмы, адкідаюць беларускія словы або калечаць іх. А часамі гэта робіцца проста праз нядбайнасць, праз няведанне мовы.

Нашто пісаць сеў, калі такі назоўнік успрымаецца як дзеяслоў і ёсць добрае слова сяўба? Пішуць памол, а ёсць і мліва і меліва.

Выпрабаванне ў сэнсе испытание ўжываецца, але калі гаворка заходзіць пра испытание материалов, чамусьці пішуць і с п ы т матэрыялаў, лянуючыся трохі павярнуць слова выпрабаванне і сказаць выпрабоўванне матэрыялаў.

Чытаеш у газеце ліственіца, а ў садаводаў чуеш лістаўніца, яны падпарадкавалі гэта слова поўнагалоссю, а газета не.

Бачыш у газеце: спартыўная нядзеля, а гаворка ідзе аб тым, што адбылося за т ы д з е нь, а не ў нядзелю.

Газета паведамляе: Муратаў займаецца вымаганнем. Думаеш, што такое? Ставіць строгія вымаганні? Аж нічога падобнага: займаецца вымогательством. У спешцы пераклалі, заўтра будзе надрукавана, і чаго добрага пойдзе гуляць слова-нязграба.

Савецкі друк вучыцца ў бальшавіцкай «Правды» прынцыповасці, умельству адстойваць ідэйныя пазіцыі. Трэба вучыцца ў старэйшай партыйнай газеты і мове, уменню апрацаваць і лаканічна падаць матэрыял прыгожай чыстай моваю.

Беларуская мова ўвесь час пашырае свой слоўнікавы склад. У сувязі з гэтым, мне здаецца, трэба больш увагі аддаваць вывучэнню дыялектаў, бо яны, не могучы існаваць самастойна, уліваюцца ў мову. Па-першае, з дапамогай дыялектаў могуць запоўніцца нашы прабелы, знойдуцца словы, якіх нестае; па-другое, не дрэнна будзе мець і новыя адменнікі ўжо вядомых слоў. Гэта не значыць, што дыялектызмы трэба ўводзіць у такой колькасці, каб абцяжыць мову, зрабіць яе незразумелай. Не трэба навязваць мове правінцыялізм тыпу для, што на Случчыне азначае каля: я стаяў для печы. Але чаму, скажам, не ўжываць слова капаніца, гэта значыць, матыка, наўзлакоткі, значыць, успёршыся на руку. Гэта не старое слова, яно мала вядомае, бо распаўсюджана толькі на невялікай тэрыторыі. Малады пісьменнік нядаўна ўжыў слова накольнік, якога так неставала для перадачы такіх слоў, як сорванец. Слова зразумелае — вешаецца на калы, накольнік.

Вельмі часта блытаюць нязвычнае, малавядомае слова са старым, архаічным. Такія асуджаныя на выміранне словы прыводзіліся вышэй. Але ёсць цэлы рад слоў старой славянскай мовы, якія ў пэўных выпадках надаюць мове героя ці наогул твора маляўнічасць, уздымаюць стыль ці адцяняюць яго.

«Господа Струве, признавая революцию, тут же высовывают паки и паки свои ослиные уши»,— чытаем у Леніна.

Можна прывесці шмат прыкладаў, у прыватнасці з «Правды», калі ўжываюцца ибо, ныне, доколе. Калі ўзяць, да прыкладу, архаізм якобы, дык трэба сказаць, што ён з поспехам ужываецца і бадай ці не выціскае больш новае будто бы.

Такое ўжыванне архаізмаў, калі толькі яно не перарастае меж і не становіць сабой поўнага звароту да царкоўнаславяншчыны, не парушае сучаснай мовы.

Небяспечнымі з’яўляюцца спробы архаізаваць граматычны лад мовы, бо, як вядома, ён змяняецца больш павольна, чым слоўнікавы фонд, а значыць, і змены гэтыя з’яўляюцца трывалымі, робяцца моўнымі законамі.

У беларускай літаратурнай мове адмерлі дзеяслоўныя канчаткі ці: хадзіці, рабіці, гуляці. Калі яны заканамерны для дакументаў XVI стагоддзя ці для «Гутаркі Данілы са Сцяпанам», дык зусім дрэнна гучаць у сучаснай паэзіі.

Вось урывак з судовых законаў XVI ст.: «Если хто отца, або матку свою, изъ якой замсти забилъ, якимъ кольвекъ обычаемъ родича своего о горло приправилъ, тогда таковый сын, або дЪвка... не только горломъ маеть быти карана, але и почтивость і вси имънья тратить, и таковою смертью и потварностью ганебною маеть карана быти, по рынку возечи и клещами тЪло его торгати, а потомъ у мЪхь скураный усадивши до него пса, кура, ужа, котку, и тое все посполу в мЪхъ завезавши гдЪ наглубей до воды утопити».

Мова — каларытная, і аўтарам гістарычных твораў вельмі не пашкодзіць знаёмства з ёю.

За ўжыванне адмершых граматычных форм трэба зрабіць папрок некаторым аўтарам песень. Гэтыя песні нейкім чынам варочаюць тое, што адкінула мова.

 

Ды пачаў жа хлопец

Думаці, гадаці:

Многа ў сяле дзевак,

Каго ж тут узяці?

 

Страфа А. Русака амаль не адрозніваецца ад фальклорнага запісу стогадовай даўнасці. Справа тут у архаізацыі граматычнага ладу, у некрытычным выкарыстанні фальклору, механічным перанясенні гэтых думаці, гадаці і дзевак у сучасную вёску.

Ёсць у таго ж аўтара песня «Мяцеліца»:

 

Людзі глянуць ды гавораць:

Не дзеўчына — мяцеліца.

 

А ў другой страфе:

 

Бабы глянуць ды гавораць.

 

Аўтар механічна пераносіць з фальклору слова людзі ў сэнсе — мужчыны, а бабы ў сэнсе — жанчыны. Зараз гэта гучыць абразліва і псуе наогул някепскі тэкст.

Песні абцяжваюцца такімі канчаткамі, як «на палёх, на дварох», такімі выразамі: «хай кожны з вас будзе ў працы дзябёлы», і такімі строфамі:

 

А дзяўчына,

Як птушына,

Толькі апярэла (!),

Распакрыла (!)

Свае крылы,

Фыр-р! — і паляцела.

 

Відаць, трэба згадзіцца з Традзьякоўскім, які пісаў: «Всегда при составе стиха больше стараться о чистом в нем смысле, нежели о богатой рифме, буде невозможно сим обоим совокупно, так чтоб для богатства рифмы твердого смысла нигде и никогда не пренебрегать».

Беларускі фальклор высока ацэнены не толькі вучонымі-даследчыкамі. У свой час ён прывабіў А. Блока. Вось што ён піша ў рабоце «Поэзия заговоров и заклинаний»:

«В Белорусском Травнике с необычайной нежностью описывается трава тихоня: «растеть окала зелини, листички маленькие, рядышкым, рядышкым, твяточык сининький. Растеть окала земли, стелтца у разные сторыны».

Паэтычныя вобразы, моўныя звароты, метафары, лексіка фальклору будуць заўсёды выкарыстоўвацца намі, але выкарыстоўвацца крытычна.

Перад намі стаіць задача поўнага асваення класічнай мовы Якуба Коласа і Янкі Купалы, а таксама і ўсіх скарбаў народнай творчасці. Гэтыя крыніцы заўсёды жывілі і жывяць творчасць нашых пісьменнікаў.

Цяжкасці толькі ў тым, што фальклорныя зборнікі, як і, скажам, слоўнік Насовіча, сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Можа быць, час падумаць і аб перавыданні найбольш цікавых работ.

Не ўсе, аднак, перавыданні робяцца ўдала. Возьмем кнігу 1950 г. «Беларуская літаратура XIX ст.» з грыфам Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР. Разгарніце ў гэтай кнізе «Мужыцкую праўду» Кастуся Каліноўскага. Вы не пазнаеце зусім тэкста. А першакрыніцы паказваюць, што рэдактура зрабіла шмат адступленняў, прыгладзіла мову, прычасала арфаграфію і выйшла, што Каліноўскі пісаў сучаснаю беларускаю мовай. Параўнаем:

У першакрыніцах У кнізе

што чуваці на свеце што чуваць на свеце

многа наноў будуць многа наноў будуць

перэпыняць перанімаць

пісьмо нашэ да вас пісьмо наша да вас

ні якой ніякай

нема няма

гэто гэта

І ўсяго на трыццаць радкоў тэксту больш за сорак перайначванняў.

Для чаго яны зроблены? Гэтак можна дайсці да таго, каб і летапісы правіць. І «Слова аб палку Ігаравым» можна выдаць на сучаснай мове і адразу пакончыць з усімі розначытаннямі і спрэчкамі. Такі перадрук пазбаўляе дакумент гістарычнай і моўнай каштоўнасці. Сцёрта характэрнае для Кастуся Каліноўскага набліжэнне да рускай мовы, сцёрты асаблівасці вымаўлення Гродзеншчыны. А што аўтар «Мужыцкай праўды» набліжаўся да рускай мовы, больш чым ясна з усіх сямі нумароў яго газеты. Мы знаходзім у нумары першым толькі адзін польскі зварот «цэлую праўду» ў сэнсе «ўсю праўду», а на будове сказа, на граматыцы відзён вялікі ўплыў рускай мовы. Незразумела таксама, чаму апушчаны ў нумары першым радкі аб сутнасці мужыцкай праўды, аб мужыцкім гонары. Па-першае, гэтыя радкі даюць многае для характарыстыкі Каліноўскага; па-другое, яны растлумачваюць назву «Мужыцкая праўда»; па-трэцяе, тут устанаўліваецца цудоўная пераклічка з купалаўскім «Мужыком». Не думаю, каб гэтыя акалічнасці не мелі значэння для студэнта і настаўніка, на якіх разлічана кніга.

Некалькі слоў аб рэформе правапісу. Яна канечне патрэбна, каб ліквідаваць правапісныя «ўдзельныя княствы» і «междуусобіцы». Што ні рэдакцыя, то свой закон, нават няма згоды ў асобных рэдакцыях адзінага нашага выдавецтва...

А калі ўключыш радыё, дык тут зусім вушы вянуць. Разаніна супраць націскаў, выразы накшталт «упушчаны дзень», але «уроненая кніга», або «Пархоменка хутка паехаў, але зараз жа абярнуўся». Аказваецца, што не абярнуўся, а азірнуўся. На радыё не зважаюць на збегі паасобных складоў, у выніку чаго атрымліваюцца немагчымыя для вымаўлення рэчы.

Удакладняць правапіс трэба так, каб праз 10 год не ўзнікла патрэбы ў новай рэформе. Такія частыя змены прыводзяць да перадрукоўвання падручнікаў, перавучвання на новы лад людзей, якія ўжо засвоілі пэўныя правілы, а гэта справа нялёгкая. У выніку будзе распаўсюджвацца і правапісная анархія і проста непісьменнасць.

Перад рэформай павінна быць праведзена работа па вывучэнню сучаснага стану літаратурнай беларускай мовы. Час падагуліць усе змены, усё тое новае, што з’явілася ў мове ад Кастрычніцкай рэвалюцыі да нашых дзён. Кастрычнік, грамадзянская вайна, калектывізацыя сельскай гаспадаркі, ператварэнне рэспублікі ў індустрыяльную краіну, уз’яднанне беларускага народа, Айчынная вайна, партызанская барацьба — усё гэта адбілася ў мове, але дасюль не ўзважана і належным чынам не асэнсавана. Другое: трэба ўлічыць тэндэнцыі развіцця жывой мовы. Гэта дасягаецца шляхам арганізацыі мовазнаўчых экспедыцый, стварэння асобных слоўнікаў, запісаў асаблівасцей вымаўлення таго ці іншага слова ў розных абласцях.

Мова рэфарміруецца ў вуснах народа. У рускай мове часоў Пушкіна існавалі канчаткі гробы і домы, цяпер гаворыцца і пішацца гроба і дома, і ўсё часцей сустракаецца напісанне цеха замест цехи і г. д. Гэта выяўляе пэўную тэндэнцыю мовы. Аднак зусім не значыць, што трэба распаўсюджваць ужыванне канчатку а, я на ўсе словы, якія маюць канчаткі ы, і.

Нешта падобнае ёсць і ў беларускай мове. Сучасны правапіс забараняе скарачаць злучнік і пасля галосных. Але вось гэты злучнік трапляе ў неспрыяльныя абставіны, у абкружэнне галосных, скажам, у такім сказе: Ды і я іду. Тут выразна адчуваецца патрэба ў нескладовым і. Каб не псаваць мілагучнасці і адначасна не парушаць правапісу, гэтае і хітруе і далучаецца да ды, утвараючы адно слова: Дый я іду.

Некалі Даль пісаў: «Трэба не маскоўскую гаворку папраўляць па граматыцы Грэча, а граматыку Грэча па маскоўскай гаворцы».

Трэба прыслухвацца да нашай цэнтральнай гаворкі, якая легла ў аснову літаратурнай мовы.

«Мой стих трудом громаду лет прорвёт»,— казаў Маякоўскі. Іменна праца, практыкаванні прыводзяць да сапраўднага майстэрства, калі спрактыкаваны майстар ужо на вока можа адколваць вялікія глыбы і шліфаваць найтанчэйшыя грані.

Толькі з дапамогай працы над мовай паэт ператварае крыніцу свайго таленту ў вялікую раку. Гэтым зусім не адмаўляецца права на паэтычную смеласць, парушэнне канонаў. Няхай жыве такое парушэнне! Паэтычныя вольнасці становяцца законамі і граматычнымі нормамі. Але кожны пісьменнік, які ідзе на такое парушэнне, павінен рабіць гэта ў духу мовы, на падставе той самай школьнай граматыкі, якую ён парушае, таму што добра ведае яе недасканаласць.

1950

 

Мова ў газеце

Любіць і шанаваць мову нас вучылі Пушкін, Талстой, Тургенеў, Шаўчэнка, Колас. Іх думкі шырока вядомыя, часта цытуюцца і перадрукоўваюцца. Звернемся да выключнага па хараству і сіле выказвання выдатнага рускага педагога К. Д. Ушынскага:

«Мова народа — лепшы, бо ніколі не вяне і вечна наноў развіваецца, цвет усяго яго духоўнага жыцця, што пачынаецца далёка за межамі гісторыі. У мове адухаўляецца ўвесь народ і ўся яго радзіма; у мове сілаю народнага духу ператвараецца ў думку, у карціну і гук неба айчыны, яе паветра, яе фізічныя з’явы, яе клімат, яе палі, горы і даліны, яе лясы і рэкі, яе навальніцы і буры, увесь той глыбокі, поўны думкі і пачуцця голас роднай прыроды, які гучыць так моцна ў любві чалавека да яго часамі суровай радзімы, які выказваецца так ясна ў роднай песні, у родных напевах, у вуснах народных паэтаў. Але ў светлых празрыстых глыбінях народнай мовы адлюстроўваецца не адна прырода роднай краіны, а і ўся гісторыя духоўнага жыцця народа. Пакаленні народа адыходзяць адно за адным, але вынікі жыцця кожнага пакалення застаюцца ў мове ў спадчыну нашчадкам. У скарбніцу роднай мовы складае адно пакаленне за другім плён глыбокіх сардэчных рухаў, плён гістарычных падзей, вераванні, погляды, сляды перажытага гора і перабытай радасці, словам, увесь след свайго духоўнага жыцця народ беражліва захоўвае ў народным слове. Мова ёсць самая жывая, самая багатая і трывалая сувязь, якая злучае пакаленні, што аджылі, жывуць зараз і будуць жыць, у адну велічную, гістарычную, жывую цэласць. Яна не толькі выражае сабою жыццёвасць народа, але ёсць іменна само гэта жыццё».

Зачэрпаўшы такой светлай любві да мовы, чалавек заўсёды будзе моцна шанаваць яе сам і не дазволіць нікому рабіць роднаму слову шкоду ці якое-небудзь калецтва.

Не хачу звінаваціць у нядбайнасці і непавазе да мовы газетных работнікаў агулам. Ёсць тут і спецыфічныя акалічнасці: матэрыялы ў нумар даводзіцца рыхтаваць хапаючыся, на апрацоўку ніколі нестае часу. Праз гэта — вялікая колькасць моўных і не моўных ляпсусаў.

Наша мова складаецца, фармуецца яшчэ. Яна значна вырасла і палепшала за апошнія дзесяцігоддзі. Аднак у ёй не хапае многіх адценняў, форм, вымагае пашырэння і лексічны склад. Умела выкарыстоўваючы практыку і багацці блізкіх моў, мы павінны ўсебакова ведаць уласныя рэсурсы, тварыць новыя словы, успамінаць забытыя. Таму не скарачаць лексічны запас, а ўзбагачаць яго мусяць пісьменнікі, журналісты, перакладчыкі, настаўнікі, студэнты.

Здараецца, што ў адрас таго ці іншага аўтара (даводзіцца выслухваць гэта і самому) кідаюцца ўпічкі наконт незразумеласці мовы. Вельмі рэдка, аднак, такія размовы вядуцца кваліфікавана, з умельствам і жаданнем пераканаць. Часцей заўвагі крытыкаў зводзяцца да навязвання праз друк, ледзь не ў дэкрэтыўным парадку, свае абмежаванасці ў слоўным запасе, у магчымасцях арыентавацца ў лексіцы, адшукваць і тварыць новае ў ёй. Ці ж аўтар вінен у гэтым, што ведае болей слоў за крытыка? І, па справядлівасці падумаўшы, каму з іх трэба вучыцца!

Да таго ж падставы, на якіх адкідаецца тое ці іншае слова, варты жалю і смеху. «У нас так гавораць»,— сцвярджае важна крытык. Дзе гэта «у вас» і хто такі «вы»? Гэта трэба ведаць канечне, каб меркаваць, колькі важыць выказаны погляд. Ці не падобен такі крытык да селяніна, якому прачыталі з газеты вестку, што жанчына нарадзіла чатырох немаўлят. «Не можа быць,— казаў дзядзька,— у нашым сяле ніколі не раджалася больш за трое».

Мерка «нашага сяла» куды як шкодзіць у мовазнаўстве! З ёю на шырокі прастор моўнага мора не патыкайся.

Так званых незразумелых слоў баяцца не трэба. Хай на першым часе якое-небудзь слова сапраўды будзе не ўсім зразумелым. А ўжывецца ў адным артыкуле, у адной, у другой газеце, пяройдзе ў кнігі і атрымае шырокае распаўсюджанне.

Слова навучэнец набыло права грамадзянства толькі з выхадам руска-беларускага слоўніка ў 1953 г. Цяпер жа ніхто і не думае, што гэта новатвор, настолькі трывала ўвайшло яно ў абыхрдак.

З кожным годам у нас выдаецца ўсё больш кніг, і кожная нешта ды дадае ў слоўны фонд. Такім чынам, калі не баяцца навізны гэтых укладаў у мову, а пускаць іх шырэй ва ўжытак, незразумелых слоў будзе рабіцца ўсё меней і меней.

Маласпрактыкаваныя крытыкі лічаць штучным слова падступны, а яно ў сэнсе коварный, криводушный шырока ходзіць з вуснаў у вусны. Змест яго як на далоні: падступны — той, хто ведае, з якога боку падступіцца, можа падступіцца нечакана, неспадзявана. Насовіч дае такія прыклады: «Падступная твая дружба. Ты з подступам для мяне гэта робіш. Ведаем мы тваё падступства». Як бачым, народ стварыў з аднаго кораню прыметнік і два слаўных назоўнікі.

Якая ж тут штучнасць! Асцярожна, вельмі асцярожна трэба адмаўляць словам у праве на існаванне. Яны паміраюць самі, калі змяняецца паветра, або яго пачынае неставаць. А гэта бывае, калі змяняецца час, перайначваюцца формы жыцця, калі знікае патрэба ў выражэнні тых ці іншых паняццяў.

Ёмкасць слоў можна і трэба пашыраць. Вось заспеў, на маю думку, слова больш ёмкае чым застаў. Не заспеў — значыць, хацеў застаць, але не застаў, спяшаўся, але не ўправіўся з’явіцца ў час.

Мы мала дбаем аб тым, што дзеясловы — невычарпальны фонд для новатвораў. Возьмем запабягаць — падслужвацца, шукаць у каго ласкі. У народнай мове ўжываецца так: «Суддзю запабягаеш, а чаму ж суседзей не запабег, каб гаварылі аб табе добра» (Насовіч). Дзеяслоў гэты, як бачым, вельмі гнуткі і дае добры прыметнік запабегліві, якога так неставала нашай мове.

Адзін з маіх чытачоў неяк запярэчыў супраць сказа: «Дождж пераціх недзе пасля поўначы». Я спачатку здзівіўся: усё ж зразумела дый па канструкцыі сказ зусім народны.

А чытачу замінала іншае, яго бянтэжыла недзе, пастаўленае ў такім кантэксце. Справа ў тым, што для майго апанента недзе страціла свой пераносны сэнс — блізка. У народзе гавораць: «Было гэта недзе каля Піліпаўкі», надаючы слову, і зусім правільна, адценне часу. «Калі мы ўбачымся?» — пытаем мы часамі і адказваем: «Недзе на гэтым тыдні».

Трэба ўлічваць усе магчымасці, схаваныя ў слове, і ўмела ўдыхаць у іх жыццё.

Мы не маем права не звяртаць увагі на гучанне слова, бо мова апрача дакладнасці патрабуе яшчэ і мілагучнасці.

Мову трэба адчуваць навобмацак, на смак і на гук, тады яна дазволіць паказваць рэчы ў патрэбных вымярэннях. У адваротным выпадку слова пойдзе супроць цябе, будзе не дапамагаць, а замінаць і выкажа не тое, што хочаш, а процілеглае.

Аднак асвяжаць і пашыраць мову належыць не толькі за кошт унутраных рэсурсаў яе — новатвораў, дыялектызмаў, забытых слоў. Можна і трэба, ведаючы разумную меру, звяртацца да блізкіх братніх моў.

Няма чаго баяцца, калі нестае слова, калі наша мова не нарадзіла яго, бяры і ўжывай найбольш блізкае па гучанню і духу. Багата слоў так і просяцца да нас з моў чэшскай і славацкай. Да прыкладу, ёсць такое не дужа зграбнае слова грузоподьёмность. Па-беларуску яго скалькавалі і атрымалася яшчэ горш: грузападымальнасць. Чэхі гавораць прасцей: ностност, і адразу ясна, колькі панясе кран або ліфт. Мне падабаецца, што чэхі захавалі слова таемнік, хоць, відаць, няма сэнсу зараз замяняць ім шырокапашыранае — сакратар. І ўсё ж — таемнік — адразу выкладае свой змест, паказвае славянскі твар і выяўляе добрую ёмкасць. Таксама адразу ж паказваюць на падобнасць законаў словаўтварэння: дзівадла — тэатр, ківадла — маятнік. Яны вельмі блізкія да некаторых беларускіх слоў, успомнім: кавадла, правідла і інш.

Было б неасцярожна, аднак, пераносіць у мову словы без належных падстаў, кіруючыся асабістымі прыхільнасцямі і прывычкамі, або, у лепшым выпадку, знешнім падабенствам формы ці тым, што дзесьці хтосьці калісьці так сказаў.

Вось апошнім часам пачало надакучаць вачам слова палучаць, ужытае ў тым сэнсе, як і ў рускай мове. Відаць, яно сяды-тады пракідаецца ў гаворцы,— не магу і не хачу спрачацца. Але выпісваць яму пашпарт і сцвярджаць права на жыццё было б непрадумана.

Як прызвычаіўся карыстацца гэтым дзеясловам народ? Прасочым па слоўніках.

У Насовіча:

Получиць, сов. гл. д. Лучиць. Соединить. Получи наших коней с своими.

Получицьца, сов. гл. возвр. Лучацьца. Соединиться браком. Год як наши молодые получилися.

У Гарэцкага:

Лучаць — соединять; целиться, метиться; случайно попадать в подходящее время. Лучыў якраз пад снеданне.

У Віцебскім краёвым слоўніку:

Лучаць; дас.— попадать. Лоўка лучыў яму між вушэй.

У краёвым слоўніку Чэрвеншчыны:

Лучыцца, дзс. безас.— случиться. Так лучылася мне, нічога не паробіш.

Лучыць, дзс. безас.— попасть. Спаткнуўся, лучыў на сук.

Палучаць, дзс. (зак. палучыць) — получать. Палучыў свае грошы. А што: палучыў! Я казоў, не чапайся.

Толькі на адзін прыклад (з шасці!) могуць абаперціся ахвотнікі да слова палучаць у тым сэнсе, які яны хочуць надаць яму. Пры ўсім жаданні пашырыць колькасць такіх прыкладаў узорамі з жывой мовы ў фальклорных запісах не ўдалося.

Падстаў для ўжывання гэтага слова відавочна мала, не больш чым і для адназначнага адзяржаць, якое выплыла з нетраў даўніны ў пачатку 20-х гадоў, калі для дзяржаўнага і літаратурнага абыходку раптам спатрэбілася куды больш слоў і тэрмінаў, чым мела і магла стварыць наша мова. Крыху паліпеўшы, адзяржаць сканала канчаткова, бо не магло існаваць праз штучнасць і немілагучнасць.

Здараецца чуць пярэчанні, нібы ў сказе палучыў ліст ці палучыў кнігу дзеяслоў мае тое ж сэнсавае напаўненне, як і ў прыведзеным вышэй: Палучы нашых коней з сваімі. Ажно, тлумачаць нам, разважаць трэба наступным чынам. Што значыць — палучыў кнігу? У мяне не было кнігі, я пайшоў у бібліятэку і там выдалі на час. Такім чынам я палучыў (злучыў, аб’яднаў) кнігу з сабою.

Ці не занадта складаныя разважанні? Ход іх крыху нагадвае паездку з Мінска ў Барысаў цераз Паўночны полюс!

У гэтым выпадку няма чаго мудраваць: ёсць добрае слова — атрымаць. Гэтае слоўца цяжка не прызнаваць, яно само, у выпадку чаго, можа пастаяць за сябе. Гукне прабітныя прыстаўкі, і вакол старэйшыны рода, дзеяслова трымаць, збярэцца цэлы атрад братоў — маладзец да малайца:

вытрымаць, датрымаць, затрымаць, недатрымаць, падтрымаць, патрымаць, ператрымаць, пратрымаць, прытрымаць, стрымаць...

Ніштаватая-такі сямейка! І ўсе ў добрым здароўі, здольны разам з іншымі сваімі моўнымі сябрамі выказваць нашы справы і турботы, складацца ў песні і ў кнігі.

Адна бяда: нам не зусім яснае паходжанне слова. Не складае цяжкасцей пашукаць дзеяслову трымаць сваякоў у іншых мовах. Англічане ведаюць слова trimmer — той, хто трымае (падбэлечнік, накаціна), ёсць у іх выраз to trim the sails to the wind — трымаць ветразі (нос — у пераносным значэнні) па ветры.

І ўсё ж, на мой погляд, гэта не падстава, каб гаварыць аб запазычанні і выракацца добрага слова толькі таму, што не расказвае яно само біяграфіі.

Можна прыгадаць блізкага ягонага сваяка — trzimac. Большасць значэнняў гэтага слова супадаюць у абедзвюх мовах, толькі ў польскай раяць пісаць не трымаць экзамен, а здаваць, не трымаць заклад, а ісці аб заклад. Думаецца, з гэтым можна пагадзіцца і нам.

У гэтай сувязі не пашкодзіць пазнаёміцца з біяграфіяй другога слова, хоць яна, магчыма,— хай даруецца гэта мне! — будзе больш паэтычнай, чым дазваляе строгая цётка лінгвістыка.

Не пажадаўшы далучыцца да ніводнага з пяці прадуктыўных і адзінаццаці не прадуктыўных класаў, на якія сучасная граматыка надзяляе дзеясловы, недзе наводшыбе асела адно цікавае слова. Можа гэта і не хутаранец, хоць патыхае ад яго, як зараз убачым, маёнткам, але ў кожным разе слова — індывідуаліст.

Спрагацца, як усе добрыя людзі, яно не хоча, а патрабуе да сябе выключнае ўвагі.

Завуць гэта слова — мець. Калі даходзіць справа да спражэння, яно начыста змяняецца, прымае як быццам зусім неўласцівую для сябе аснову maj: маю, маеш, мае. І тады адразу ўспамінаецца дыялектнае вымаўленне: маць, маці. Адгэтуль нітачка вядзе яшчэ далей, у старажытнае.

Доктар філасофіі І. Даброўскі заўважае: «...если глаголы одного начала или корня меняются в многоразличных видах, это значит, что первоначальный их вид истребился... Посему нечего удивляться неправильному спряжению глагола имамь, составленному по трем формам, а именно, по первой иму, по третьей имъти, по пятой имати».1

Гэта пацвярджае і акадэмік Я. Ф. Карскі: «Из глаголов с суффиксом — 'Ь — в неопределенном по своему спряжению замечателен имъти. Под влиянием формы имамь он развил а в настоящем времени, повелительном и даже образованных от основы неопределенного. Он рано утратил начальное и»2.

Ахвотнікі могуць перагарнуць яшчэ даследаванні А. М. Селішчава, дзе ёсць ці мала цікавых фактаў і назіранняў»3.

Мы тым часам будзем падбіваць вынікі, бо размове пагражае небяспека стаць занадта спецыяльнай. Успомнім, што ў стараславянскай, старажытнай беларускай, як і ў многіх іншых мовах, дзеяслоў мець дапамагаў і вельмі актыўна ўтвараць новыя словы (мадзець з маць і дзець)4, або формы пэўнага часу (маю казати, мает дати, не мелы ехати і сучасныя нам дыялектныя формы (рабіцьму, пасціме, ганяцьмуць).

І вось цікава! Ахвотна адгукаючыся на патрэбы бліжніх, наш дзеяслоў, хоць і клікаў на дапамогу, але стараўся абысціся сваёю сілаю. Калі, скажам, трэба было памарыць аб будучым і адпаведным чынам змяніцца, інфінітыў без усякіх ваганняў далучаў да сябе адну з сваіх жа ўласных форм. Тады, адсоўваючы ўбок створанае са старонняй дапамогай буду мець, з’яўляліся: мецьму (мъть иму) і адпаведна мецьмеш, мецьме, мецьмем, мецьмеце, мецьмуць.

Гнуткасць выключная, амаль бяспрыкладная! Імкненне да аднаасобніцтва, у чым быў звінавачаны дзеяслоў мець вышэй, ці, мякчэй кажучы, схільнасць да гордай адзіноты, была ў яго не заўсёды, а развілася ў выніку страты першапачатковага выгляду.

Якую надзвычайную трываласць і ўмельства ўкараняцца ў абыходак і не знішчыцца, не ўмерці выяўляў наш дзеяслоў у розных абставінах, можна меркаваць з наступнага выказвання таго ж самага І. Даброўскага.

«Недостаточный глагол имамь, имаши, имать, имами, имате производит третье лицо множ. имут от иму, откуда и дееприч. имы (имый), имущи, другие же времена от формы имЬти: повелит. имЬй, имЬим, имЬйте, деепрпч. имЪя, прош. имЪх, имЪ, имЪсте, имЪша, или имЪху, прич. дейст. имЪл, дееприч. прош. имЪв, прич. страд. имЪн, отсюда же отглагольное имЪние. Прош. многократ. имях, имЬяше, имяше и проч. От гл. иму, который не только своим видом, но и значением отличается, происходит повелит, ими, имЪм, имЪте, прош. дееприч. jем (вм. им), jемши, неопр. яти, откуда ях, я (ят), яхом, ясте, яша, прич. дейст. ял, страд. ят. Настоящее его время будет jемлю от jемати или имати. К выраженню fidem habere (веровать) все виды глагола имеют место: веру jемлю, веру иму, веры не яша, веру имЪй, веру имать. Сложные пойму, пріиму, пріемлю, вонму, вняти, внемлю, внимати и проч. сообразуются с простыми и по различию видов своих следуют разным примерам» 5.

Хай даруюцца гэта занадта даўгая выпіска і ўсе астатнія вытрымкі і развагі. Мудрэй як у люстры відзён з іх гістарычны шлях аднаго слова. А нешта ж падобнае перацярпелі мовы цалкам, пакуль ператварыліся ў тыя здаровыя спеўныя арганізмы, якімі яны з’яўляюцца ў карыстанні сучасных народаў. Можа гэты напамінак паслужыць перасцярогай ад незвычайнай лёгкасці, з якою мы адмаўляемся ад тых ці іншых нашых слоў, быццам бы таму, што яны належаць іншым мовам, а некаторыя, спрадвеку ўкаранёныя народам у абыходак і пацверджаныя літаратурнымі помнікамі і сучаснымі творамі, хочам замяніць немаведама чаму на іншыя, нялепшыя на жаль. Нарэшце, позірк у гісторыю мовы прыцягне больш увагі да вымаўлення, правы якога часамі пакідаюцца на самапас — пішы так, а вымаўляй гэтак! Нібыта тут няма ўзаемнага ўплыву і напісанне не ўплывае таксама моцна на вымаўленне, а значыць, адбіваецца на інтанацыйнасці мовы, яе мілагучнасці і наогул у вялікай меры вызначае самабытнасць моўнай афарбоўкі.

Мы не меліся так шырока разгортваць размову, павёў яе сам прадмет, паказаўшы, што чым больш ведаў мы будзем мець ці, можна сказаць, мецьмем з гісторыі мовы, тым лепш разбірацьмемся пры супастаўленні, адборы і вывучэнні моўных фактаў мінулага і сучаснага.

Маю перайсці непасрэдна да заканчэння. Няцяжка заўважыць, што наш дзеяслоў і зараз не рэжа вуха нават пры старой манеры ўжывання.

Як жа быць з тым словам, з якога пачалася гаворка? Які прысуд вынесці для атрымаць? Сэнс яго — выразны, гучанне — не выклікае пярэчанняў, формаўтварэнне не задае лішняга клопату. Чаму ж тады выцурвацца яго ў карысць палучаць, слова зусім процілеглага значэння? Няўжо толькі праз тое, што атрымаць не дае вытворнага палучка? Такой бяды! — адкажам мы на гэтакія доказы: грошы ўсё роўна рана ці позна адамруць. Дык навошта захоўваць адмысловы тэрмін? А хочаце, карыстайцеся не сказаць каб пашыраным, але і не забытым словам:

 

А карэц вады і прымаўка

От і ўся твая атрыманка,—

Ручкам за работу,

Вочкам за сухоту

Ад усходу да заходу,—

 

пяецца ў песні.

 

Абяцанку даганяй,

Атрыманку спажывай,—

 

гаворыцца ў прыказцы.

Я. Колас трапна заўважыў, што для пісьменніка мова з’яўляецца і матэрыялам, і інструментам. Не шкодзіла б помніць пра гэта і газетным работнікам.

Агульная хіба мовы нашых газет змяшчаецца вось у чым. Мы абавязкова хочам слова ў слова перакласці кожны сказ з рускай мовы. А тут замінаюць аддзеяслоўныя формы — дзеяпрыметнікі і дзеяпрыслоўі. Вось і атрымліваюцца словы-недарэкі кшталтам рабіўшыеся і публікуемыя, або яшчэ горш — прадстаячыя. Апошнім часам пачалі пісаць маючы адбыцца. Крыху лепш, але нязначная палёгка. Тут трэба звяртацца да выразаў мае быць, мае адбыцца, на чарзе. Сказы будуць куды больш удалыя і мілагучныя.

Адна паважаная газета надрукавала вялікі артыкул, амаль цалкам напісаны вось так: «У сувязі са склаўшыміся абставінамі выявілася поўная немагчымасць выканаць сяўбу жыта ў вызначаныя тэрміны».

Каб і хацеў, не прыдумаеш нязграбней! А ўсю гэтую складаную канструкцыю можна замяніць кароткім і людскім сказам: «Абставіны склаліся так, што пасеяць жыта ў час было нельга».

Звычайна мы скардзімся, што ў газеце мала месца, скарачаем, як гаворыцца, рэжам матэрыял. А ці не лепш умела падаваць яго, вытрасаць слоўнае шалупінне, словы-паразіты.

Вось яшчэ прыклад: «На сесіі гарадскога савета, якая адбылася ўчора, было прынята рашэнне...» Што гэта за мова? Суконная то суконная, але перш за ўсё вадзяністая. Сказаць трэба так: «Сесія гарадскога савета ўчора вырашыла». Няцяжка здагадацца, адкуль бярэцца пухліна ў некаторых раманах!

Тут не лішне будзе прыгадаць добрыя парады М. С. Альмінскага, ветэрана бальшавіцкага друку. У артыкуле «Як я стаў літаратарам» ён з усмешкай абвяргае чуткі, быццам пасля яго праўкі «застаецца толькі кропка ў канцы артыкула,— і больш нічога».

«Апісвалася дэманстрацыя,— чытаем далей,— здаецца, ў Цвяры. У канцы сказана: «мясцовая паліцыя, якая з’явілася на месца здарэння, арыштавала восем чалавек дэманстрантаў». Такія сказы былі звычайнай з’явай. Ці трэба было іх друкаваць цалкам? Напрыклад, «мясцовая»,— хіба ў Цвяры магла з’явіцца паліцыя не мясцовая, а казанская? Потым «якая з’явілася на месца здарэння»: хіба магла яна арыштаваць не з’явіўшыся? А «паліцыя»,— хто ж арыштуе, акрамя паліцыі? Нарэшце «чалавек дэманстрантаў», вядома не кароў і не прахожых. Застаецца для друку «арыштавана восем»,— толькі і трэба, а ўсё астатняе — вада. Усё-такі застаецца не толькі кропка, а і два словы, якімі ўсё сказана»6.

Добра было б прыняць да выканання гэтыя мудрыя парады.

Да мовы трэба адносіцца творча. Перакладаючы слова ў слова, фармальна карыстаючыся слоўнікам, распрацоўку мовы наперад не рушыш. Некалі з такіх перакладчыкаў моцна здзекаваўся К. Чорны. З дапамогаю слоўніка, як гэта зрабіў бы які-небудзь чужаземец, ён пераклаў сказ: «Мне охота съесть кисть винограда». Атрымалася на першы погляд дакладная, але смехатворная перадача: «Я маю паляванне з’есці пэндзаль вінаграду».

Так прыкладна і дасюль карыстаюцца слоўнікам некаторыя няўдаліцы-перакладчыкі. «В лучшем виде» ў іх перадаецца як «у лепшым выглядзе», а «видать виды» як «бачыць выгляды». Вядома, лепей казаць і пісаць гэтак: «Сёлета палеткі выглядалі лепш», але можна дапусціць і такую форму: «Сёлета палеткі былі ў лепшым выглядзе». Затое ніяк нельга перадаваць такою калькай іронію ў сказе: «Я яго даставіў у лепшым выглядзе». Тут можна было б напісаць «даставіў у поўным бляску». А «бачыў выгляды» лёгка замяняецца прыказкай: «быў на кані і пад канём».

Часта з прыведзеных у слоўніку адменнікаў для перакладу бяруць першы, ігнаруючы падтэкст арыгінала і самога слова. Так здарылася са словам вяртанне. Яно азначае толькі сам працэс пераходу з аднаго стану ў другі, скажам, вяртанне лёду ў вадкі стан. Аднак гэта слова неправамерна пашырылася і зусім выціснула зварот у сэнсе возвращение, пакінуўшы яму функцыі обращения.

Або, скажам, слоўнік дае для навернуть адменнік накруціць. З дапамогаю гэтага слова можна перакласці выраз навернуть гайку. А як быць з навернуть у сэнсе многа з'есці? Слоўнік тут нічым не памагае. Няўжо ж пісаць «накруціў кацялок кашы?» Удумлівы перакладчык, вядома, знойдзе выйсце і паставіць умяў ці ўмалоў.

Ёсць многа вельмі пашыраных памылак. Ад слова дзяўчынка множны лік будзе не дзяўчынкі, а дзяўчаткі. Дзяўчынкі пішуцца толькі пры лічэбніку: дзве, тры, чатыры дзяўчынкі.

Цяжкі лёс у слоў шкода (назоўнік ад шкодзіць) і шкада (прыслоўе ад шкадаваць). Асабліва не лічацца з розніцай у іхнім значэнні паэты. Чаго там цырымоніцца з нейкім пераносам націску! Пішуць: «Шкода сэрца твайго», і не заўважаюць, што шкода па-руску значыць вред, ущерб, потрава. А паэт жа шкадуе нейчае сэрца, выказвае жаль, толькі не ўмее гэтага правільна выказаць.

Блытаюць дзеясловы (на гэты раз — празаікі!) застацца і астацца, або зусім зліваюць іхнія значэнні, хочуць абысціся адным астацца. Праўда, так гавораць на Случчыне. Але літаратурная мова — шырэйшая, яна зрабіла строгае размежаванне: «Я даганяў каня, але астаўся», значыць адстаў, не збегся. Застацца можна аднаму, або застацца за стоража, ці на другі год у тым самым класе.

Абыходзячы такія скарбы, як амонімы і сінонімы, мы збядняем мову. Да прыкладу, возьмем слова біла. Гэта не толькі язык у звоне, але і аглабіно ў возе і наогул поручні, але не на сходах, а ў дзіцячай калясцы, драўляным ложку, крэсле. Паходзіць слова ад біць, прыбіць. Такіх прыкладаў — безліч. І цяпер самая пара ўзяцца за распрацоўку слоўніка амонімаў і сінонімаў. Гэта быў бы найкаштоўнейшы падарунак студэнту, журналісту, маладому пісьменніку.

Аднак ніводзін слоўнік не можа быць поўным у такой ступені, як нам хацелася б, каб задаволіць усе густы і патрабаванні. Руска-беларускі слоўнік 1953 года доўгі час быў найбольш поўным і дасканалым з усіх, што выдаваліся да гэтага часу. Але ў ім багата прамашак, пралікаў. Для рускага визг, визжание даюцца беларускія значэнні віск, піск, скавытанне. А ёсць жа яшчэ — сковыт, вішчанне, віскат, скуголенне. Супроць обзор у слоўніку чытаем агляд, а як быць, калі трэба перакласці ваенны тэрмін: «Эта высота дает хороший обзор»? Ператросшы блізкія дзеясловы і назоўнікі, можам спыніцца на двух варыянтах для гэтага выпадку: прагляд або яшчэ лепш — прозірк.

Важна толькі не памыліцца ў выбары дзеяслова. Калі ў слоўніку недотрога перакладаецца як недатыка, адразу відаць — новатвор вырас не з таго дзеяслова. Трэба было шукаць іншага, магчыма чапаць. Ад яго атрымалася б зграбнейшае і больш мілагучнае — незачэпа.

Беларуска-рускі слоўнік 1962 года — работа фундаментальная, можна смела сказаць, падзея ў культурным жыцці рэспублікі. Крытычна абагуліўшы ранейшы вопыт, слоўнік увабраў у сябе вялікую колькасць слоў жывой мовы і, вядома ж, не пацвердзіў многіх «калек», наспех перакладзеных слоў, а то і проста пададзеных у нашай транскрыпцыі, якія сустракаліся ў папярэднім выданні. Хіба што замнога дадзена слоў іншаземнага паходжання. Да прыкладу, на стар. 207 змешчан цэлы слупок слоў з пачаткам гідра: гідраавіяцыя, гідраакустыка, гідрабіялогія і г. д. Тое ж маем і ў іншых літарах. Думаецца, такую нагрузку правільней было б ускласці на плечы двух слоўнікаў: арфаграфічнага і замежных слоў, тады паўней была б прадстаўлена беларуская мова ў сваім арыгінальным гучанні.

А то застаўся за бартом дзеяслоў шматаць, але трапіла не вельмі гучнае слоўца шмататамны (лепш — многаатамны), якое ні ў напісанні, ні ў перакладзе сумняванняў не выклікае. Ёсць у слоўніку «калька» — падпасак, але чамусьці няма правільнай формы падпасавіч; знаходзіш настырны, але прапушчана настырнасць. Дадзена адно значэнне слова пяколак — загнетка, а па ўсёй Міншчыне на пяколак лазяць грэцца!

Засмучае і напісанне слова нейчы як нечы (стар. 524). Некалькімі радкамі ніжэй змешчана нешта. Скланяюцца, як бачым, абодва словы аднолькава.

Дык ці не лепш, каб унікнуць блытаніны, ужываць, як прызвычаена; нейчым у сэнсе чыім-небудзь, а нечым — чым-небудзь, тым больш што слова нейкі ў слоўніку засталося нярушаным.

Гэта ўзятыя без выбару заўвагі з некалькіх старонак слоўніка, якія давялося перагарнуць пры рабоце. Добрыя намеры складальнікаў слоўніка даць як мага болей слоў-тэрмінаў зусім зразумелыя: праз нераспрацаванасць тэхнічнай і навуковай тэрміналогіі мова адстае, а яна ж павінна падагульваць высілкі думкі і працы. Аднак, як ужо гаварылася вышэй, такой мэце павінны служыць слоўнікі іншага тыпу. Будзем спадзявацца, што другое выданне ўнікне і гэтых дробных агрэхаў.

Наша граматыка даволі безудзельна канстатуе, што прыналежныя займеннікі мая, твая, свая ў родным, давальным, творным і месным склонах маюць аднолькавы канчатак — ёй (для творнага дапускаецца ёю). Такім чынам, мы практычна без назоўніка не можам адрозніць, у якім склоне ўжыты займеннік. Тым часам жывая мова не траціць індывідуальных канчаткаў для гэтых склонаў:

Родны — мае, твае, свае.

Давальны і месны — маёй, тваёй, сваёй.

Творны — маёю, тваёю, сваёю.

Тое ж назіраецца ў гутарковай мове датычна прыметнікаў жаночага роду.

Напэўна, мы зарана уніфікуем такія важныя асаблівасці, як склонавыя канчаткі. Зразумела, у мове перамагае пераважнасць і пашыранасць ужывання слова ці яго формы. Калі я гавару пра ўсё гэта, дык маю на ўвазе, што зусім не грэх пісаць займеннікі, як паказана вышэй, бо граматычныя законы выводзяцца на падставе працяглых назіранняў і з улікам усіх ужытковых асаблівасцей у частках мовы.

Хто дбае, той і мае,— кажа старая прыказка. У дачыненні да мовы яна захавала свой сэнс у поўнай моцы. Было б легкадумна спадзявацца толькі на слоўнікі: ніводзін, самы лепшы, не навучыць валодаць моваю.

Кожны аўтар — гэта перш за ўсё лексікон, які складаўся на працягу многіх год ад маленства да сталасці. Працаваць над моваю трэба кожны дзень, тады яна расчыніць усе свае скарбы, тады прыдадуцца і слоўнікі, не для рабскага следавання, а для свядомага выбару лексікі, папаўнення яе і адштурхвання ад пэўнага матэрыялу, каб знайсці нешта больш удалае і новае.

1960-1962

 

1 Добровский Н. Грамматика языка славянского по древнему наречию. Санкт-Петербург, 1883. Гл. ч. І, стар. 414—415.

2 Е. Ф. Карский. Белорусы. М., 1956. Гл. т. ІІ, вып. ІІ, стар. 300.

3 Старославянский язык. М., 1952. Гл. ч. ІІ, стар. 152—153.

4 Е. Ф. Карский. Белорусы. М., 1956. Гл. т. ІІ, вып. ІІ, стар. 96.

5 Гл. тую ж кнігу Т. Даброўскага, ч. ІІ, стар. 101—102.

6 М. Ольминский. По вопросам литературы. Л., 1926.

Магчымасці мовы

(Нататкі на палях)

*

Пісьменнік нараджае мову ў пакутах і пошуках, вядома сваю, бо мова народа нараджае пісьменніка.

Адзін, добра агледзеўшыся вакол сябе, лічыць за лепшае не хадзіць далёка, а падбірае ўсё, што ляжыць на паверхні, сабранае і запісанае іншымі. Другі паводзіцца больш разборліва, бярэ пераважна адшліфаванае, з твораў, са слоўнікаў, збораў фальклору, не мінаючы трапнага слоўца, з якога б кутка краіны яно ні вызірнула. Трэці дастае слова, укапаўшыся на некалькі штыкоў у глыбіню, гэта значыць, цягне і добрае і благое, але толькі з аднаго кар’ера, са свае вёскі, у лепшым выпадку — з раёна. Чацвёрты трымаецца, як бульдозер: ідзе і горне перад сабою што б ні трапіла пад нож, як быстрая патока вясною гоніць каменне, гальку, пясок і мул.

У 20-я гады ў літаратуру хлынула магутная, неўпарадкаваная моўная стыхія. Гартны, Гарэцкі, Чорны, Крапіва, Дубоўка, Зарэцкі, Хадыка — што ні чалавек, то і мова! Колькі новага яны прынеслі ў мову Купалы і Коласа, у мову, якая ўжо расла ў пэўных межах і шукала нормаў.

Сучасная літаратурная мова ўвабрала ў сябе ўсё лепшае з прынесенага гэтай пісьменніцкай плынню, адмовілася ад нязграбнага, невыразнага, немілагучнага. Аднак, у прозе апошніх дзесяцігоддзяў можна было чакаць больш сур’ёзных спроб пашырыць свае магчымасці ў лексіцы і асабліва ў пабудове сказа.

Шукальнікаў народнага слова ў асяродках пісьменнікаў прыбаўляецца мала, а шкада: менавіта з яго россыпаў і намываецца золата літаратурнай мовы. Поступ у гэтым кірунку часта мяжуе з крайнасцю — густым ужываннем дыялектызмаў, ды яшчэ у мясцовым вымаўленні. Тут патыхае небяспека — аўтар будуе сцяну незразумеласці паміж сабою і чытачом. Адно-два толькі ёмкія слоўцы (булы і выпілы) даў Колас свайму дзядзьку Есыпу, і перад намі жывы паляшук з яго гаворкай. І не трэба бясконца паўтараць якое-небудзь «ета», «быдта» ці што-небудзь падобнае.

Дарма думаюць, нібы такім спосабам можна перасягнуць Коласа, які, бачыце, апісваў Палессе з пазіцый (заезджага настаўніка Лабановіча». Класікі, уводзячы малазнаёмыя шырокаму чытачу словы, выходзілі пераможцамі ў абнаўленні і ўзбагачэнні лексікі, бо ведалі меру, мелі густ распазнаць, што дадае мове свежасці і сакавітасці, што губіць іх.

Прадукцыя рамеснікаў не турбуецца абцяжваць чытача ні глыбінёй думкі, ні навізною, іх клапоціць «маштаб» — пад ім разумеецца колькасць друкаваных аркушаў (каб не менш за 30!).

Зразумела, на ўдалае слоўца тут мала надзеі, іх усяго дзесяткі два-тры. Дзеясловы: быць, ісці, слухаць, бачыць, стаяць, сядзець; зрэдку: думаць і кахаць; назоўнікі: дзень, ноч, раніца, зіма, вясна, лета, конь, брыгадзір, трактар; прыметнікі: светлы, шчаслівы, сіні, ружовы, вялікі, дарагі; займеннікі: я, ты, ён. І усё.

Праз гэта ствараецца ўражанне нібыта ва ўжытак уводзіцца меней слоў, чым выводзіцца з яго пад выглядам незразумелых. Такіх, наогул кажучы, няма, ёсць — малаўжываныя; чым шырэй ужываецца слова, тым больш зразумелае яно робіцца. Скажам, той жа навучэнец, вынайдзены ў свой час у Інстытуце мовы.

Думка расце на моўным матэрыяле. Не для аўтара, ён мае глыбейшых ці плытчэйшых думак роўна столькі, колькі адпусціў яму лёс. Расце для чытача, бо думкі выказваюцца найбольш поўна, выразна, калі аўтар валодае багатым слоўнікам, умее паставіць слова ў радок, каб бліснула яно новенькім, нячэпаным бокам.

Творчыя адносіны да мовы, жаданне зачэрпаць як мага болей з яе глыбінь — адзнака жывой неспакойнай думкі, якая вымагае і шукае найбольш дасканалага выражэння.

Няма патрэбы пагаджацца са сцёртымі ва ўжытку словамі, калі, як след падбаўшы, можна адшукаць новы адменнік, успамянуць адзіны, самы дакладны, паварот слова, вядомы народу. А не ўдасца — трэба брацца ды самому паварочваць, зыначваць форму, а праз гэта надаваць слову адменнасць гучання і перад усім новае сэнсавае напаўненне.

Магчымасці мовы — невычэрпныя. Падагуліць вопыт літаратуры — вельмі вялікі клопат. Па некалькі выданняў вытрымалі зборы твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Прыйшло да чытача ўсё, што паспеў напісаць Кузьма Чорны. А зборы твораў К. Крапівы, М. Танка, П. Броўкі, А. Куляшова, П. Глебкі! Адзін двухтомнік Максіма Гарэцкага дае практыкам і лінгвістам мноства нагляданняў, дазваляе зрабіць безліч абагульненняў і вывадаў.

Трэба думаць, асваенне гэтых здабыткаў не за гарамі. Бо ўжо ж зроблена колькі! Нават у маёй сціплай калекцыі звыш сямі дзесяткаў беларускіх слоўнікаў і выданняў слоўнікавага тыпу (матэрыялы да слоўнікаў, тапанімічныя, антрапанімічныя, геаграфічныя і інш). Не паспеў я з зайздрасцю пагартаць польскі слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, як з’явіўся ўжо і беларускі, у многім, як мне здаецца, удалая работа.

Але матэрыяльная і духоўная культура народа ўсё ўзрастае і вымагае яшчэ больш шырокага лексічнага запасу, адменных сінтаксічных канструкцый. У мову ідзе патока новых слоў, гэта заканамерна, дыктуецца часам.

Якуб Колас пакінуў літаратуры і навуцы залаты запавет: «...смялей ствараць новыя словы і ў патрэбных выпадках звяртацца да запазычанняў. Але мы маем вялікі моўны запас, які незаслужана забыты намі, літаратарамі, і з поспехам ужываецца ў народзе. Значыць, перад увядзеннем кожнага новага слова трэба добра абшарыць кішэні свае памяці, перагледзець слоўнікавыя і фальклорныя крыніцы, прыслухацца да жывой гаворкі...»

Мае нататкі выкліканы гэтым самым «абшарваннем кішэняў памяці». Калі часамі доўга не ўдаецца пачуць жывой гаворкі з родных мясцін, бярэшся за Сержпутоўскага, асабліва каларытная мова ў ягоных «Прымхах і забабонах». А ёсць яшчэ Насовіч — слоўнік і прыказкі, Раманаў, Дабравольскі. Чытаеш — і ўспамінаеш мову, як быццам зноў вучышся ўспрымаць яе, падняўшы галаву з калыскі. А ў памятным нататніку прыбаўляецца слупок ці два слоў. Дакладных у сэнсе характарыстыкі з’явы, прадмета, асобы, звонкіх на вымаўленне, лёгкіх на ўзлёт.

Не шкодзіць заглядаць і ў нашы даваенныя выданні. Знойдзецца там, поруч з недасканалым, чаго мова не прыняла і пайшла далей, трапнае, забытае сапраўды незаслужана.

Вельмі павучальна выглядаюць часопісы: «Полымя», «Маладняк», «Узвышша». У апошнім — артыкулы мовазнаўчага парадку, амаль рэгулярныя нататкі пра культуру мовы, у рэцэнзіях — абавязковая ацэнка стылістыкі і мовы аўтараў. А галоўнае, практыка саміх майстроў. К. Чорны шчодрай рукою, не важачы, рассыпаў у творах сінтаксічныя пабудовы і лексіку Случчыны, К. Крапіва з густам да ёмкага і выразнага слоўца не забываўся здабыткаў яго роднай Уздзеншчыны, Ул. Дубоўка, адлучаны мяжой ад свае радзімы, Вілейшчыны, усё лепшае з яе мовы помніў, усё значнае і звонкае натаваў у вершах.

Не аставаліся і маладыя. «Крыўда» А. Куляшова звярнула ўвагу не толькі гушчынёю паэтычных фарбаў — яна несла новае і ў мову. Прыкметнымі і дасюль застаюцца пошукі новага ў мове, якія рабіў Лукаш Калюга. Талент гэты не паспеў разгарнуцца, але ўжо зарэкамендаваў сябе ўласнай мовай, умельствам пачуць самае цікавае слова ці зварот і ўмельствам данесці яго ў першаісным значэнні, але зрабіўшы здабыткам літаратурнага ўжытку.

Найбольш выпісак зроблена з Кузьмы Чорнага, яго мова і стылістыка патрабуе асобнай работы. Спадчына пісьменніка шырока даступна, і да яе спадзяюся вярнуцца.

Перагорнем некалькі выпісак з Лукаша Калюгі («Узвышша», 1929, № 2).

 

Каб сам сабе добрую параду даў ды каб сам сябе і паслухаў — зрабіў так лёгка, як языком брахануць.

Сказ ужо на крыллях, вось-вось узляціць гатовая прыказка.

Паквапіўся на сабе практыку зняць, ці добра будзе тое, як другім раіў.

Два радкі, а замяняюць, ці, дакладней, паглынаюць даўжэразную слоўную канструкцыю прыкладна такога парадку: чалавек, які падахвочваў некага на тое, чаго не ведаў, не каштаваў, раптам паверыў у сваю параду сам, скажам, у сродак ад галаўнога болю або ад падвярэду, але, калі выпрабаваў гэта на сабе, горка пакаяўся.

Лаганіў.

Паходжання слова не ўтоіш, лгаць так і дыхае з яго, але не груба маніць, ашукваць, а фантазіраваць, выдумляць бясшкодна, нават — раззвоньваць чутае.

Абы было ў місцы многа, каб было на што расчыняцца.

Тут сэнсу і адценняў багата: рабіць заход, рыхтавацца, чыніць патраты, адкрываць намеры. Вось колькі дабра ў гэтым расчыняцца.

З’есці тое, што сабак трое.

Па ўсіх адзнаках — прымаўка, відаць, проста занесеная аўтарам на паперу пад час пісання твора, бо сустрэць яе ў чыіх-небудзь зборах не ўдалося. Аўтар — не мовазнаўца, а знаўца мовы і ведае, як і што можна стварыць, добра ўзяўшыся, са слова.

Адзін сабака паўздохлага цяляці асіліць.

Афарыстычна. А як дасягаецца афарыстычнасць? Ці не гэтым нязвыклым скарачэннем, дакладней, аб’яднаннем назоўніка і прыметніка. Не палавіну здохлага цяляці, і не проста паўцяляці, а паўздохлага цяляці, акцэнт, як бумеранг, перакідаецца ад нежывой жывёлы на вялікага галоднага дварняка.

Гультай, што толькі каля вуглоў ціцюляе.

Адменнікаў адчуваецца багата: абівае парогі, аціраецца, акалачваецца, мазоліць вочы. Але ні адзін з іх не перадае так адцення бесклапотнага марнавання часу, не малюе чалавека ўзвей-вецер, як вось гэта звонкае, поўнае сакавітага сэнсу — ціцюляе. Як тварылася слова? У ім бачыцца сабака, які віляе хвастом, дык, можа, і зліліся два слоўцы: цюцька і віляе.

Не варушкі надта.

Якраз тое, чаго не хапае літаратурнай мове. Гэта не проста — непаваротлівы, няспрытны або разява. Тут маецца на ўвазе чалавек, што сябе ў крыўдзе не пакіне, без разліку не варухнецца, пальцам не кіўне.

Гаршчок картоплі ўва'віць аднаму.

Усе шырока вядомыя словы — умяць, умалоць, зжэрці, улупіць — бляднеюць перад ім. Не перадаюць яды са смакам, з потам і крэктам: хоць і многа далі, але смачна, вось і ўвавіў.

Рабіць няма ніякага сходу.

Прыслоўе сходна мы амаль забылі, а пра назоўнік таго ж кораню многія і не чулі. Тым часам сход у сэнсе выгада, разлік нясе яшчэ адно свежае адценне.

Дачка хацела была паспагадаць па бацьку.

Для сучаснай літаратурнай мовы — словазлучэнне нязвыклае, мы прызвычаіліся ўжываць слова спагадаць са склонам — каму-чаму. Тым часам у Насовіча: спагаданне трэба мець па другім; у Каспяровіча: сыты па галодным не спагадаець; у Бялькевіча: дужа ён будзіць па табе спыгадывыць. Гэта ведаў і Максім Гарэцкі.

І духу не ўказаў, пакуль не павячэралі.

Значыць, не толькі не абазваўся ці не паварушыўся, нават не дыхнуў моцна. Ад указаў, відаць, вырасла аказаўся, больш мілагучнае слова, якое замяняе два — падаў голас.

Улавіў і залавіў.

Мы пагадзіліся з адным толькі адменнікам — злавіў — і забылі гэтыя цудоўныя улавіў і залавіў, дзе чуецца — злавіў падпільнаваўшы; я яго ў яблыках ўлавіў; ганялі-ганялі каня, дый залавілі, у агароджу прыпёршы.

Слухае ўтаіўшыся, што на хаце будзе рабіцца.

Вельмі і вельмі скупа выкарыстоўваем мы для ўтварэння слоў ці змены іх адценняў прыназоўнікі. Гэтае самае у, напрыклад. Я пісаў аб гэтым, спасылаючыся на фальклор і літаратурную практыку. («Пісьменнік і мова»). У той жа час дазваляем, каб у выціскала на, а мова пратэстуе: пайшоў на сяло гуляць, вылез на хату з запечча.

Як паў быў абуўшыся і апрануўшыся, дык першы дзень і праспаў.

Гэтага дзеяслова і менавіта гэтай формы няма чаго зракацца. Пасці (не блытаць з пасвіць і пасці) выражае найвышэйшую ступень зморы, знямогі. Паў той хлопец каля сопак — не ў сэнсе загінуў (руск. пал), а зваліўся ў непрытомнасці. Між іншага — прыпасці таксама выражае вышэйшую ступень выяўлення радасці, страху, задавалення, смагі, голаду.

Калі ўсяе зімы пралежаць нельга.

Нечаканая ці заканамерная падмена склону? А сказ свяжэе і робіцца куды больш гнуткім.

Як ні мэдзіўся ён, сон не бярэ.

Дакладнае значэнне не адшукваецца. А чуецца нешта кшталтам круціўся, прыстройваўся, злаўчаўся, нават мудрыўся, мучыўся.

Падгаловы падушку.

Выраз ідзе каранямі ў той час, калі на палацях пад некалькі галоў клалася адна толькі падушка. Старавата, вядома, але ці варта забываць.

Гнушка.

Накрыўка на гаршчок. Тое, што ўгінае, уціскае капусту, буракі, каб пад час кіпення не выпіралі. Магчыма, угнутая бляшанка, чарапок, якімі зручна накрываць.

Прымі там усё.

Не толькі — прымі са стала — у процівагу — пастаў на стол, а і ў сэнсе прыбяры, схавай. Прымі з вачэй адзежу, прымі ўбок смецце.

Скарач.

У беларуска-рускім слоўніку — ручнік з доўгімі махрамі. Дакладней: 1. Сцірка або кухонны ручнік з грубай нябеленай саматканіны; скарач — бо шорсткі, крыху скарэлы ад выцірання посуду. 2. Дзіцячы спавівач — доўгая ануча або ручнік, таксама карэлы, але ўжо ад іншай прычыны.

Дзе ён скажа, што баліць.

Вось і яшчэ адно нечаканае адценне: хіба ён дапусціць, нават мацней — ні за што, ні ў якім разе не прызнаецца.

Рызу наладзіць ад холаду.

Тут рыза — лахманы, старая адзежына, гэта зразумела. Шкада, што знікае распаўсюджанае некалі налажыць — у ім зневажальнае адценне — ускінуць на плечы абы-што. А ў яго бліжэйшага сваяка — узлажыць — гучанне ўрачыстае: узлажыў чыстую кашулю, узлажыў новы кажух з буркаю.

Надта ж ужаліўся.

Вельмі прыдаецца гэтае слоўца, калі трэба сказаць, што чалавек надзвычай расчуліўся, шкадуючы самога сябе.

Няма ніякай паверкі.

Відаць, дарма адмаўляцца ад гэтага слова, бытуе ж яно ў жывой мове, не кажу пра літаратурную. Тут ужыта ў значэнні няма веры, наогул жа паверка нясе адценне не звычайнай праверкі, а асабліва пільнай, ваеннай (зверка наяўнасці людзей са спісачным складам). І яшчэ ёсць выраз: на паверку выходзіць, гэта значыць — а ў сапраўднасці.

Нямавярнікі нашы людзі.

Першае адценне — недаверлівыя, навучаныя ашуканцамі: другое — такія, каму нельга даваць веры (адменнік — несуверныя); трэцяе — вядомыя праз нешта выключнае — смеласць, спрыт, працавітасць.

Кладзецца ў лагво ды бярэ лапу ссаць.

Недзе пасля вайны ўжытае мною ручво ў жывой мове не чуў, напісалася само, на ўзор слова лагво. Гэта слова зграбнейшае за бярлог, асабліва гаматны ў склонах (берлагу), дый крыху не тое значыць. Лагво — часовае, не разлічанае надоўга звярынае жытлішча.

У пададзеным выразе цікава і яшчэ адно; бярэ набыло сэнс пачынае, гэта не простае скарачэнне, як можа здацца, дзеяслова бярэцца.

Лежыва.

Значна ямчэй гучыць за ляжанне. Па гэтым узоры я ўжываў ежыва і седзіва, бо ў народзе такіх формаў не купіць: печыва, прадзіва, малодзіва, ворыва, варыва.

Почату няма.

Не пачата бяседа, ніхто не адважваецца першы пайсці ў танцы, наліць першую чарку. У Насовіча почет — образец; на почет гетага здзелай. У мяне на кроснах почату не было (в. Закружка Мінскага раёна).

Адзежа незапаметна дзярэцца.

Цяжкаватае, няўклюднае крыху слова, наўрад ці можна разлічваць на яго зварот у жыццё. Але ж каларытнае і ў духу мовы.

Прыступней.

Выводзіцца ад прыступіць, а значыць — лягчэй, даступней, танней, нават — болей ёсць чаго-небудзь. Прыступней стаў цукар у магазіне; прыступней да начальства дайсці; лета сухое, прыступней касіць на балоце.

А вось залатыя выразы ў самой пабудове сваёй, у гучанні і ў яснасці:

Даўнейшыя хлопцы, што цяпер мужчыны.

Цераз лад хітры.

Ноч з поўначы стала хмурная.

Так яно ідзецца (заведзена).

Далілі і закускі далажылі толькі, сама колькі ў дарозе пачувалася, што нестае.

Слухаць не хачу — ані ў разгон не бяру (не прымаю ў разлік, або — не шманаю, не прыбаўляю кроку).

Не ўсякі густуе на яго добрасць (не кожнаму падабаецца) .

Пэцкаль на гэту работу (другую, можа, і ўмее, а тут бракароб, халтуршчык).

Ад аднаго духу казлы падзярэ.

Памкнуўся быў не толькі языком, але і рукамі сваю крыўду паказаць ды сваё вяршынства устанавіць.

На такога тыпу канструкцыі быў здатны яшчэ Чорны («скоры на работу кулакамі»). Але тут ёсць, апрача іншага дабра,— вяршынства, на мой густ, лепшае за першынства і шырэйшае за народнае — верх.

Штраф усім, што ўвечары былі, і аднаму, што не было.

А мы б якраз напісалі: наклалі штраф на ўсіх прысутных на вечары і на аднаго, што адсутнічаў.

Трэба моцнага сэрца, каб выцерпець, каб не пераведаць каго.

Зноў замена склону. І вельмі характэрная. Дай нож — значыць, аддай мой нож, а дай нажа — пазыч, дай на час. Так і тут: не заўсёды трэба моцнае сэрца, а толькі на гэты выпадак, на раз.

Доктар хіну дае і ад вужакі хлеб. І чалавеку і карове — усім памагае.

Два сказы, і вобраз вясковага лекара гатоў!

Вада не з гнілой сажалкі брадзена, а з двух гаршкоў ды праз трубку гнана.

Брадзена і гнана падкрэсліваюць мнагакратнасць дзеяння.

У адно слова гавару.

Дзейнічаю аднамысна, не адступлюся ад сцверджанага некім — сябрам, сваяком.

Распратваць, распратвацца.

Нешта ёсць у гэтым слове такое, што горне да яго больш чым да распранаць і распратаць, як ужываецца звычайна (без в).

Трэба глядзець работы.

Да шматлікіх значэнняў гэтага дзеяслова ёсць магчымасць дадаць яшчэ некалькі. Глядзець работы — шанаваць пасаду, пільнавацца наседжанага месца, не адыходзіцца ад варштата, малатарні, каб не ўчынілася псота.

Калі ты назадзёр, і не еш.

Добрая прыбаўка ў сям’ю слоў кшталтам; насупар, насупраць, наперакор, на злосць, сумысля, на кепства.

Лусту ўкавяліла.

Адкавяліла, не шкадуючы, адрэзала. А можа, ад кавяла — мыліца, штучная нага, крывы, кій, наогул — крывуля.

Лежня.

Гэта не толькі лагво, дакладней — месца адной начоўкі дзікай жывёлы, а і адбітак постаці на снезе, на мяккай зямлі. Не грэх ужыць і замест ляжанне.

Лешня.

Кій, пруцік, якім робяць лехі — знакі на вораным. Лешыць — класці такія знакі ці праводзіць на засеяным раўчукі, каб сцякала вада. Можна сказаць лешня і на вяху.

Не душыцца хлебам, а толькі лепшую форму лусце дае.

Сказ лёгкі, грацыёзны, у меру іранічны. Малюнак з яго просіцца ў фарбу. Чалавек галодны, але трымаецца дастойна, з годнасцю, не каўтае лусту за раз, а далікатна, асцярожна адкусвае, нібыта раўняе, прыбірае лішняе з кавалка.

Жыве аб шчырым посце.

Стрымана, але выразна сцвярджаецца — галадуе. Можа быць ужыта і да набожнага чалавека: шчыра посціць, каб не ўпасці ў грэх. Нарэшце, яшчэ адно адценне да вядомых ужо: шчырае поле, шчыры бор (чысты, без падлеску).

Хлеб жвакуе.

Есць, цмакае, цёпкае, жуе і жве, аплятае — гэта ўсё словы аднаго раду і розных адценняў. У жвакуе яшчэ адчуваецца, як чалавек есць душачыся, з поўным ротам сліны, аж захлынаецца.

От які ты галадамір. Работы рабіць не хачу, а есці — есць.

Дакладна слова не растлумачваецца як быццам. Паводле тэксту — чалавек, які абвясціў галадоўку, але ўдавана, для таго, каб адвесці вочы. У Насовіча: той, хто морыць сябе голадам.

Успала на яго.

1. Наляцела, накінулася. 2. З’явілася жаданне — успала ахвота есці. 3. Успала — прыспала, закалыхала, усцішыла спевам дзіця, і яно заснула.

Рукі ў яго вачэй не чакаюць.

Так можна характарызаваць добрага работніка, з механічна засвоенымі звычкамі. Робіць, не гледзячы на работу, забівае, скажам, цвікі ў падэшву, б’е цэпам па пасадзе снапоў.

Скудзельніца.

Справа зусім нечаканая. Слова паходзіць не ад славянскага скудзель — гліна, прах, тлен,— не кажуць так на могілкі і на жонку ганчара. Гэта ўсяго толькі папрадуха, пралля, тая, што мае справу з кудзеллю. Таму і вячоркі, калі жанкі і дзяўчаты збіраюцца з прасніцамі, сям-там называюць скудзельніцамі.

Свае натуры не пакідае.

Значэнне даволі яснае. Чалавек трымаецца таго, да чаго звык, не перайначваецца. І яшчэ адценне: робіць насупроць, назадзёр, хоць і ведае, што нельга, што ўжо быў караны за гэта.

Упатрэбіць.

Вось як яно можа зыначыцца абвыклае «употребить»! Не толькі націск змяніла слова, а і набыло багата ў сэнсе. Гэта — не проста спажыць, але абавязкова скарыстаць на патрэбу.

Картоплю свіньмі скормяць.

Як быццам крыху рэжа вуха, але мова знае такое ўжыванне, яно законнае, як і, напрыклад, жыта коньмі стравіць.

Зайсці ў вялікую спрэчку.

Скрозь вядома: зайшла страшэнная злосць, зайшла сутычка паміж суседзямі. І гэта вельмі па-народнаму.

Уза'лабкі.

Літаральна: схапіліся за чубы, загрудкі.

Ніколі нічога жонцы не хваліўся.

Зноў — падмена склонаў (замест нічым), і ў выніку іншы сэнсавы акцэнт на дзеяслоў: не гаварыў лішняга, не спяшаўся сказаць загадзя.

Языка не распускай, бо наступяць на доўгі.

Прыказка, дакладней, крылатае слоўца, належыць аўтару.

На смелага дваццаць смелых нарываецца.

Нарвацца — не толькі наскочыць, наляцець, а і знайсціся, як вось тут. Такое адценне грунтоўна прызабылася.

Мы на людзі багатая вёска. На далей утаймаваўся.

Вернемся да папярэдняга сказа. Тры разы ўжыта тое самае на і ўсё па-рознаму: замест — супроць смелага, замест — чым багаты і — у далейшым, з цягам часу.

Сопалаху.

Са страху, з перапуду, ад жаху — усе пішуць. А сопалаху — даўно не чуты, амаль забыты цуд! — нясе ў сабе і страх, і паспяшанне, і збянтэжанне. I абавязкова — адценне гумарыстычнае.

Нурэц.

Самі абзываюцца насустрач словы — маўчун, панурлівы, сарамяжлівы, замкнёны.

Зрабіць барыш.

Маецца на ўвазе выпіўка перад пачаткам работы, калі дамовяцца, скажам, скасіць участак, паставіць хлеў, пашыць кажух. Тады кажуць: «Убачыў ты нас з кілішкам, убачым мы цябе з работаю».

Каб у што найбольшым таварыстве быць.

Вельмі простая і ў той жа час выразная форма павелічальнай ступені. Вось бы і пісаць: не самы большы, а што найбольшы.

Асыка'цца.

Слова ёсць у слоўніку Шатэрніка: адгаварвацца, бурчаць (дык ета ты яшчэ будзеш асыкацца, я ж табе пакажу!). Па-мойму, дакладней растлумачыць яго можна як агрызацца. У самім гучанні чуецца сычанне.

Мацаў клямкі, намацаў засланку.

Поруч з адным дзеясловам (розныя трыванні), розныя склоны: родны (клямкі) і вінавальны (засланку) .

Спачатку ціха, а далей угаварыўся.

Неабмежаваныя магчымасці «у»! Млын не хацеў малоць, пасля ўмалоўся. А ўссесці, усшухарыцца, усшукацца, успароцца, уз’ездзіцца і г. д. і г. д.!

Прыпрэ ахвота.

Менавіта прыпрэ, калі ні адкласці, ні перамагчы жаданне, ні саўладаць з ім. Ёсць і такі варыянт: падапрэ работа, патрэба. Касьба не адышла, а жніво падперла. Не адсёрбаўся заціркі, а тут каша падперла.

Чорт ад цябе будзе работы даходзіць.

Адкуль яно пайшло, гэта сэнсавае адценне? Мы ўжываем: даходзіць — канаць, а тут: дамагацца, сыскваць, дашуквацца, патрабаваць. Можа, ад хады, калі часта і доўга ходзяць, сыскваючы грошы. Ці абіваць ногі, ходзячы за ляным работнікам, дамагаючыся ад яго людскай работы. Ёсць і прыметнік — даходны, даходны вельмі чалавек, значыць усюды дапінае.

Не пападзеш у мяне нічога.

Можна сказаць і скрозь кажуць — не атрымаеш, не даможашся, не дастукаешся. Але не пападзеш нясе момант канчатковага адмаўлення, не дастанеш нават выпадкова.

Сагрозіць.

Ніяк не горш як згрозіць. Інфінітыў — сагразіць таксама гучыць.

Аце'рпецца.

Мілагучней і выразней, чым абцерпецца ці прыцерпецца.

Сухім з вялікага гоману выскачыць.

Можа служыць прыказкай і замяніць кальку «выйсці сухім з вады».

У вялікае не палезе.

Таксама прыказка: не пяройдзе мяжы, не перабярэ меры, не памкнецца звыш магчымасцей.

Парабіў у гразь.

Можна — паўрабляў і ўрабіў. Такім чынам большае сям’я адназначных слоў: упэцкаў, уквэцаў, угнюсіў, забрудзіў.

Рэдка хто буднога дня на вечар абуецца, ходзяць у бацькоўскім вобуі.

Змена склону дазваляе абысціся без у (у будні дзень); на вечар абуецца — значыць ідучы гуляць, на танцы. А калі хадзіць басанож, дык, аказваецца, гэта ў бацькоўскім вобуі.

Дык дзіва, што шкада работы.

Народ умее будаваць сказы, абыходзячыся без адмоўных часціц. Руцэ рупіць напісаць: дык не дзіва або дык ці дзіва, а выходзіць — і без іх можна, і яшчэ лепей атрымліваецца. І наадварот бывае — часціца ўлазіць туды, дзе яе не чакаеш: вышастаў вецер амаль не ўвесь чад з галавы. Часам у такіх канструкцыях не аб’ядноўваецца з амаль: вышастаў вецер немаль увесь чад з галавы.

За няма што.

Можа з поспехам замяніць злучэнні: праз глупства, з-за дробязі, без прычыны.

Непярэліўкі, спэнту...

Непярэліўкі ў нас перакладаецца недакладна, як плохо дело. Дакладней: не шуточки, серьезный оборот. А спэнту — гэта скарочанае з імпэту або супэнду — са страху.

*

Выпісак можна рабіць шмат: столькі багацця і з адных толькі ўмелых рук. Мова майго маленства, слуцкая, прыносіць таксама багата дзівосаў:

Ляны дуб — той, што не скідае лісця на зіму і вясною доўга стаіць не развіваючыся. Лянуецца, сказаў народ, а мог бы сказаць — асцерагаецца марозу, баіцца апараніцца, каб не пабіў ранішнік маладога лісту.

Ачэпіны або абмецце — тое, што ў слоўніку названа амеці, дробная салома, каласы, мякіна, якія застаюцца пасля малацьбы ў збожжы. Большае смецце абметаецца, меншае — адвяваецца ці адархоўваецца. І ў ачэпінах і абмецці чуюцца дзеясловы: чапляецца (за збожжа чапляецца палова), абметаць (збожжа зверху).

Каптур. Сказаць — галаўны ўбор, будзе, відаць, загучна. Гэта паркалёвая шапачка для малых, немаўлят, з завязкамі пад бараду. У замужніх жанок каптур — адзнака замужжа, круглы абруч вакол галавы, які надзявалі пад хустку, часам яго называлі — шапка.

Усё гэта, чутае на ўласныя вушы, у свой час выдатна прыкмечана Сержпутоўскім і запісана ў трох яго кнігах. Успамінаем далей:

Налог — звычка, навык; хлопец мае налог у чытанні (або — налажыўся чытаць).

Цёска — трэска, не сечаная, а счэсаная.

Тронціць — кепска пахне, патыхае з рота.

І вось амаль зусім забытае: уваччу, увушшу. Да гэтых формаў звярталіся, калі гаворка ішла пра некалькі асоб: «колькі людзей там ні стаяла, гром як цяў, маланка як бліснула, дык у ва ўсіх увушшу зазвінела, уваччу пацямнела» (Сержпутоўскі).

Шопшы вялікдзень. Выраз гэты доўга заставаўся для мяне таемным. Аднойчы вуха ўлавіла: гэта ж так дэфармавалася усопший. Вялікдзень мёртвых, пасха усопших, карацей — радаўніца. А вось што значыць — з добрага раю, так і не высветлілася канчаткова, хоць бы толькі для сябе.

Калі я пачуў, як сказалі лістабой, дык пашкадаваў, што ўжо напісаў «Хто робіць пагоду». Вось было б імячка для аднаго з вятроў, герояў мае казкі!

Потым прыблукала да мяне самадайка — абразлівае слоўца, але вельмі добра згадзілася. Чакае чаргі на ўжытак — уяда аднаго кораню з пераяда, ад'яда; пераяда сэрца гэты чалавек; сваё дзіця, але ад'яда жыткі мае. Уяда — шырэй: можа азначаць і ўедлівасць і прыкласціся да чалавека драбязнога, прычэплівага.

Як шмат чуецца ў скарзе старога чалавека, збеласвецілі мяне, а мае ж крэўныя сыны. Значыць, збэсцілі, зганілі, зрабілі прайдзісветам і яшчэ абабралі да рубіны, пусцілі з торбай па белым свеце.

*

Як толькі траціцца смак да мовы, бяднее моўны адбор.

Жернова — млыновыя камяні — перакладаюць як жорны. Тым часам жорны — зародак машыны, у пэўным сэнсе — агрэгат: два камяні, часта іх акоўваюць абручамі. У верхнім камені мацуецца млён — дзяржальна для раскручвання, ёсць і адтуліна, куды сыплюць зерне. Гэта прылада для размолвання збажыны па-руску называецца ручной жернов. А ў млыне не жорны, а камяні. Калі на іх трэба было зрабіць насечку, каб сталі шурпатыя, млынары казалі: трэба камень каваць.

Цяпер часцей за ўсё пішуць адно слова — спачатку. А паспрабуй крыху азірнуцца, і маеш: спачатку — сначала, напачатку — вначале, але ў пачатку дарогі, перш чым — прежде, спярша — сперва.

Выходзіць, побач і поплеч могуць вельмі шырока ўжывацца. Не толькі: два дубы поплеч, хлопцы стаяць поруч, а і воўк пабег побач дарогі (Віцебскі краёвы слоўнік), побач з намі (Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны), поплеч Валі (К. Чорны, Зб., тв., т. IV, стар. 141).

Не трэба кідацца ў крайнасці. Я пісаў пра тое, як адны аўтары схапіліся за словы помач і памагаць, зусім адкідаючы дапамогу і дапамагаць. Помач — часцей пасуе для дыялогу, а ў дапамозе ёсць сэнсавы элемент больш шырокага і закончанага дзеяння. Колькі тае помачы было, адзін раз сякерай цюкнуў. Каб не рынулі людзі на дапамогу, быў бы яму алох.

Магчыма, мы будзем шукаць у слоўніках і не знаходзіць тыя словы, што шырока ўжываліся за маю памяць дый зараз не звяліся ў жывой мове.

Ненапамкі — няўцям, неўпрыцям, не ў галаве. Яму і ненапамкі, што азірацца трэба.

Подушы — падабаецца, па сэрцы, пад густ, прыемна.

Перасціханак — перапынак, часовае спыненне справы, з’явы. Дождж ідзе без перасціханку. Гаворыць-гаворыць, і перасціханку няма.

Праштроп — правіна, ад праштрафіцца. На трэці год выйшаў у пастуха Данілы праштроп.

Прашаворы — пустыя гаворкі, глупства, забабоны, прашкі. Хутчэй за ўсё ад прах.

Сыскацца — з’явіцца пасля доўгай адсутнасці.

Перакорны — той, хто робіць на кепства, наперакор.

Малечка — ласкальнае ад трохі, амаль. Малечка незахапілі дзядзьку, кагадзе паехаў. Мукі засталося дзецям на блінцы, малечка.

Сліжэй, сліжэйшы — ад слізка, слізкі. Пасля чаркі і елкае сала сліжэй пайшло. Дарога сёння сліжэйшая.

Даваць — шыбаць. Дае ў нос шкіпінарам.

Адказаць — перадаць, пераказаць. Адкажы братавай маю просьбу.

Мець закалец — затаіць злосць, мець вока на каго-небудзь.

Водалей — наводдаль. Прыдаецца для параўнання адлегласці ці ступені сваяцтва або прыхільнасці.

Іванькава ад нас водалей за Ігнатаўшчыну. Мы з ім добра сябравалі, а цяпер сталі водалей.

Рачанец, рачанцы — тэрмін, які павінен сысці для акрыяння чалавека ці жывёлы або для ачышчэння, пакаяння. Яшчэ цяляці рачанцы не сышлі, а яго — па горле. Нарадзіла дзіця, а як сышоў рачанец, пайшла ў царкву на ўводзіны.

Зяўнуць — моцна крыкнуць. На ўсю зяпу зяўнуў, аж агонь у лямпе падскочыў.

Узмірэнне ці замірэнне — можа ўжывацца замест перамір’е, мір, спыненне вайны або проста бойкі, калатні.

Дальшы і блізшы — для дыялогу выдатна, хоць і здаецца менш мілагучным за абвыклыя формы.

Няўтроп — зусім дакладна перадае сэнс слова невпопад.

Чаму не ўжываць гэтта — вось тут, пахнючы — пахучы, блішчасты — бліскучы, гэны — вунь той — хіба ўсё папішаш?

*

Колас пярэчыў супроць ужывання ля. «Сапсаванае слова каля»,— казаў ён. Але народная мова нічога не чыніла дарма, ёй хацелася быць мілагучнай, і яна стала такой, робячы ўсё, што было для гэтага патрэбна.

Ля, шчэ, мо, трэ — з’явіліся акурат у выніку памкнення мовы да мілагучнасці і пры збегу зычных і галосных. Народ апускаў тое, што шкодзіла вымаўленню. Вось як гэта адбывалася:

а я (я)шчэ не снедаў: мо (жа) жаўна застукала; рака (ка)ля плота; трэ(ба)бабе пералаз.

Мова наша стала незраўнана прыгажэйшая, багацейшая і больш гнуткая. Але яна — фармуецца і развіваецца, і таму павінна ўбіраць у сябе рочадзі і ручаінкі з дыялектаў. Тады разрасцецца яшчэ буйней. Давайце пасабляць! І не забывацца пры ўстанаўленні моўных нормаў пра мілагучнасць. Найчасцей яна вырашае, якому слову жыць, якому адыходзіць.

*

Вышэй успаміналася: шмат ваяваў Якуб Колас, так і не зваяваў да рэшты пачварных стварэнняў накшталт прадстаячы і маючы адбыцца. Перайсці да больш зграбнага не так і цяжка: трэба толькі адважыцца і пачаць пісаць: сход, што на чарзе, урачыстасць, што мае адбыцца або яшчэ лепш — мае быць.

Можна пайсці іншым шляхам, ад слова чарговы. З яго дапамогай маем: пазачарговы або надчарговы — внеочередной, а падчарговы, той што на чарзе, адпавядае цалкам предстоящему, прадстаячаму.

І яшчэ адна бяда, гэта, здаецца, узаконена граматыстамі. Пішуць, друкуюць, вымаўляюць: два з палавінай раза або паўтара раза, на той, бачыце, падставе, што палавіна нібыта стасуецца да раза. У рускай мове, як ні дапасоўвай, ці да назоўніка ці да лічэбніка, склон раза не зменіцца. Аднак і па-руску і па-беларуску трэба ставіць у адным склоне лічэбнік і назоўнік: два раза с половиной, два разы з палавінаю (два з палавінай разы). Дарэчы, народ скланяе: дзесяцьма коньмі, пяцьма вокнамі, а не толькі на скалькаваны ўзор (дзесяццю, пяццю).

Шмат якія словы ў нас самі просяцца аднавіць уласцівыя духу мовы формы: наспа, прызва, нерва, рэзерва, проспа, замест насып, прызыў, нерв, рэзерв, просып. Так і пісалі ў 20—30-я гады.

Здавён жа боль, цень, капыт, сабака маюць у нашай мове род мужчынскі, а сев — жаночы, сяўба. І слова не пагоршала, і праца, якую яно азначае, не пацяжэла.

Мова звычайна абдымае ўсе высілкі працы і думкі. У гэтым кірунку нашай мове трэба знайсці, стварыць, а пры неабходнасці і запазычыць багата чаго. Тэхнічная і навуковая тэрміналогія распрацавана не да таго ўзроўню, каб задаволіць вымаганні сённяшняга фізіка, інжынера, геолага. Тым часам выданне тэрміналагічных зборнікаў спынілася і не аднаўляецца. Літаратура не можа дапамагчы нашай навуцы і тэхніцы падшукваць патрэбныя тэрміны ў рэчышчы роднай мовы — гэта справа спецыяльная. Пры выпуску беларускай энцыклапедыі сустракаліся пэўныя цяжкасці: трэба дакладнае азначэнне, сціслы выраз, а іх якраз у мове і нестае. Натуральна, не ўсё, што мае мова, удавалася выкарыстаць.

Да прыкладу слова масла, як тлумачыць слоўнік Ушакова, «вадкае або цвёрдае рэчыва, якое штучна здабываецца з рэчываў расліннага, мінеральнага або жывёльнага паходжання».

Наша мова мае розныя адменнікі адзінага ў рускай мове тэрміну масла, у залежнасці ад крыніц ягонага паходжання. На прадукт, якім мы абавязаны карове, гаворыцца — масла, тое, што здабываецца з раслін,— алей, тэхнічнае, змазачнае, лампаднае масла — аліва, нарэшце, мае сваё імя і аліфа — пакост.

Гэтак карыстаўся словамі народ, гэтак зафіксавана і ў «Тэхнічнай тэрміналогіі» (М., выд. Акадэміі навук, 1933, стар. 72), дзе нават даецца група вытворных тэхнічных тэрмінаў (аліваправод, алівазбіральнік, аліўны буфер і г. д.). Аднак у далейшы абыходак уведзены: змазачныя матэрыялы, мінеральныя маслы (множнага ліку жывая мова не ведае).

Радуга, пішацца ў т. 9 энцыклапедыі, тое самае, што і вясёлка, якой прысвечан цэлы артыкул. Але абалонка вока названа не вясёлкавай, а радужнай і стронга — таксама!

У беларуска-рускім слоўніку шмат зроблена, каб устанавіць напісанне іншамоўных слоў, што яшчэ не азначае ўзбагачэння мовы тэрмінамі. Дарэмна шукаць у ім нават некаторыя шырока распаўсюджаныя словы, да прыкладу:

абдзьмуць і абдзімаць, аблавушка (треух), абложны (дождж), абмова, абнашчыцца, абшмараваць, без возірку (без оглядки), адлоў, адпанаваць, адшкадаваць, акраса (у сэнсе — уцеха, акраса нашага жыцця, акраса ў бядзе), акрыянне, апасвацца, апона, асяніна, атачэнне, аторва, ачаляць, ашостак, барвізна, бязбацькавіч, блішчынка (блёстка), важыльня (весовая), валавода, вагаркі, варавацца, вартоўны, вачніца, велізарына, відавок, вешыць (стаўляць вехі), віша, выплатнік (плательщик), выпруціць, вырабіўся (избавился), высцігаць, вытаўкаць, выцурацца, выцурана (отчужденно), гак (адмеліна), гамарня, гічка (у мяху), гнюсар, гнюс (пэцкаль), гравійка, гулец.

Гэта толькі малая частка ўпісанага мною ў слоўнік на першых дзвюх сотнях старонак. Цяжка, вядома, улічыць усе адценні і адменнікі, але ўсё ж. Зазначу першыя, на чым разгарнулася кніга: весціся, апрача ўсіх пералічаных значэнняў, азначае — ісці самому і весці яшчэ каго-небудзь; вядзецца сюды з усёю сям’ёй. Няма і на відавоку (на виду) і многа чаго ўжыткоўнага і патрэбнага для перакладаў.

Затое можна дазнацца, што ваблівы покліч кіц-кіц перакладаецца кіс-кіс. Чаму ў слоўніку так пашанцавала кацінаму племені, сказаць цяжка. Ужываюцца яшчэ цю-цю, шута-шута, але яны засталіся не перакладзенымі, як і гаў-гаў, кукарэку, ціў-ціў.

Праўда, знайшлося ёмкае слоўца акыш. На жаль, яно адно, а народ стварыў іх даволі багата, каб вабіць, клікаць або палохаць птушку і жывёлу: кось-кось — на коней, пыля-пыля, ціп-ціп — на курэй, агыля — на гусей, ашкіра — на авечак, аюсь — на свіней.

Усё гэта зразумела, ніводзін слоўнік не можа пахваліцца вычарпальнай паўнатой, усе яны грунтуюцца на адборнай, выпрабаванай у літаратуры лексіцы. І ўсё ж крыўднавата, калі знаходзіш ад’язджаючы, а не ад’язнік, калі поруч са словам аматар і вытворнымі ад яго даецца нямаведама нашто любіцель, таксама з усімі вытворнымі, тут жа асяніць і ахінуць, застацца і як правамоцны адменнік астацца, хоць наша мова прызнае яго найчасцей у значэнні не паспець (астаўся ад цягніка) ці ў значэнні не збегся, адстаў.

Думаецца, нязручна перакладаць вусціш — тишина, а вусцішна — жутко, страшно (вусціш — у жывой мове — жудасць).

Прыклады ёсць і яшчэ, прыводзіць іх, значыць, засмучаць сябе і другіх тым, што салідныя, вартыя ўвагі выданні маглі б стаць яшчэ лепшымі пры ўсебаковым вывучэнні і ўліку ўласных, часта нязнаных моўных багаццяў.

У такіх складаных справах, як стварэнне навуковай і тэхнічнай тэрміналогіі, запазычанняў няма чаго баяцца, гэтага не магла абмінуць ні адна мова. Але пры кожным увядзенні новага слова трэба, як вучыў Якуб Колас, добра азірнуцца ва ўсе бакі, ці няма чаго падобнага дома. Вельмі надзённа было б грунтоўнае высвятленне ўзаемаўплываў моў славянскіх і іншых народаў і беларускай.

Я прыгадваў некалі смешную рэч, як мы адмаўляемся ад пэўнай катэгорыі слоў, лічачы іх за польскія, а лінгвісты-палякі адхрышчваюцца ад іх, уважаючы за нашы (гл. артыкул «Пісьменнік і мова»).

Запазычанні з нямецкай (ланцуг, швагер), французскай (фатыга, амбарас) — агульнавядомыя. Але ёсць яшчэ старэйшыя сваякі.

Працую па-грэчаску будзе прастаю, пратаю, прыбіраю — яраттсо. Дык ці не туды, у часы вялікага шляху «з варагаў у грэкі», узыходзіць гэта сваяцтва? А воўна, кажуць, слова, старэйшае за піраміды.

А як прасачыліся, адкуль узяліся англійскія словы? То rob — рабаваць, robber — рабаўнік, chiwer (сівер) — дрыжыкі, glume (глум) — шалупінне з зерня, the pipe (піпка) — люлька, glebe (гліб) — зямля, кавалак зямлі, schedule (цыдула) — распіска, спіс, squeal (сквіл) — віскат, крык тонкім голасам.

Пасля фашысцкай акупацыі — як-ніяк тры гады! — у мове засталіся сляды, прыжыліся слоўцы часцей у іранічным ужытку, з’явіліся макаранічныя вершы:

 

Война прыма, война гут —

Фраў нах дойчлянд, дзеўка тут.

 

І такія:

 

Варум ты ўчора не прыйшоў,

Іх цябе чакала,

Фатэр швайну закалоў,

Мутэр шнапс нагнала.

 

Успомнілася гэта швайна і нагадала размову двух хлопцаў на рынку:

— Адкуль у цябе яблыкі?

— З воза нэмнуў.

Вось як яно пачало спрагацца, гэта nehmen(браць)!

Самае дзіўнае, што, як выпадкам высветлілася пазней, гэта самае слова запісаў сабе ў слоўнік Насовіч. І растлумачыў: ад якога нямецкага дзеяслова паходзіць і значыць — красці, ціхенька браць.

Усё цікава, усё чакае дбайных рук!

*

Шляхі распаўсюджання слоў у свеце сапраўды дзівосныя.

Каля кафэ два падвяселеныя юнакі даволі бесцырымонна выскаляюцца.

— Гэй ты, дуду, сюды! — кідаюць амаль кожнай дзяўчыне.

Хто пасміхаецца, хто прыбаўляе кроку. А адна спынілася, агледзела задзірак і нязлосна, але важка прамовіла:

— От я табе як дудукну, дык і капытамі накрыешся!

І ў падмацаванне паказала моцны, знаёмы з фізічнай працаю, кулачок.

Многа пазней я выпадкам дазнаўся вось пра што. На Марцініцы падчас карнавалаў дзяўчаты завязваюць на розны манер матрас — тонкую і яркую хусцінку. Калі ўгару тырчыць адзін ражок — можна заляцацца; два паднятых ражкі — папярэджваюць: сцеражыся — ёсць сталы кавалер, а тры азначаюць, што дзяўчына — дуду (doudou), згодзіцца на ўсё.

Наўрад, каб тыя хлопцы ведалі гэта.

І вось дуду гучыць на мінскай вуліцы. Дзе Беларусь, а дзе тая Марцініка!

Там жа чорныя жанчыны часта звяртаюцца да еўрапейцаў: «Faites moi un enfant!» або «Giwe me white baby!» (Падаруй мне белага дзіцёнка).

Гэта клопат пра старасць. Белыя дзеці, вырасшы, болей зарабляюць і таму лепш дагледзяць маці.

Наогул жа шлюб са «святлейшымі» за сябе азначае — «падняць колер скуры» сям’і. Іначай не прымуць, не прызнаюць у мясцовым «свеце».

*

Новае і старое жывуць у мове поруч, прыслухаемся.

Бабкі ідуць у царкву:

— А якое свята?

— Сымон Слупастаў, выпі ды пастаў.

Шафёр расказвае, што ён палабавозіўся каля машыны. Як ёмка! Сапраўды, коўзаецца па зямлі, лобам пад пуза грузавіку, калі дзе ў дарозе няўпраўка.

На палявым стане кажуць пра брыгадзіра: «Пайшоў на скрут: ні дома, ні тут». Значыць, ціхенька збег, скруціўся некуды. Відаць, выпіць, бо ён алкаголец.

Вунь як перайначылася са свае прывычнай формы слова!

«Лады» таксама перарабілася на «лаўды» і нібыта стала беларускім. Не адчуваецца наватворам і выраз: дзеці апуціліся (сталі на сваю дарогу, пайшлі на свой хлеб). І ўжо зусім цудоўна прыдумалі на бразгатлівы і дрогкі міжраённы аўтобус — драгунок!

Гэта я ўзяў з адной толькі газетнай нататкі.

Мова ўсё чуе і занатоўвае. А мы ніяк не можам адрозніць, што многокрасочный па-нашаму будзе — шматфарбавы, а слой фарбы (красочный слой) — фарбяны.

Вось — сядзейка. Як і адкуль прыйшло да мяне слова — дай, божа, памяці! Сядзеў-сядзеў ды ўжо сядзейка надакучыла. Тут гаворка пра сам працэс сядзення: чаканне цягніка, адбыванне кары. Гэта — першае значэнне.

А ёсць і другое. Гавораць два нарыхтоўшчыкі:

— Месяц сядзеў, ды каб хоць сядзейка людская была, а то гасцініца ў Лагойску.

Упадабалася, хоць і не перайшло дасюль у радок, слова халадай. Гэта бурка або халат, доўгая світка з даматканага сукна, яшчэ не абношаная. Калі надзяваць такую адзежыну не на кажух, не прыстае да плячэй, стаіць калом, асабліва пабыўшы пад снегам ці пад дажджом. Дзякуй табе, жоначка, такі халадай дала ў дарогу — ледзь-ледзь не адубеў.

Калі бярэшся за верш, заўсёды спакушае слоўны матэрыял, адкуль можна зачэрпаць нечаканую рыфму, вынайсці момант слоўнай гульні, надаць радку звонкасць. Як добра рыфмуюцца блазніца і блізніца! Праўда, цяпер у гэтым кірунку накруцілі больш, чым трэба, перасягнулі 20-я гады. Адной хіба наадваротнай рыфмы не ўжывалі (ток-кот, дар — рад).

Яшчэ болей за асобныя ўдалыя словы грэюць прымаўкі, прымоўі, прыказкі. Многа іх не перайшло ў літаратурны ўжытак, можа, і не пяройдзе. А для пісьменніка, для трансфармацыі іх у выразы іншага парадку — смешныя, кідкія, горкія — прастор вельмі вялікі.

Успамянём крыху, лепшых:

 

Пакіўнуўся з розуму.

Няма-няма, ды раптам і бразне.

Пазайздросціў селядцу, а ў яго гнілыя вочы.

Сядзібачка гола, такаво маё гора!

Абы была каваліха, а гэтага будзе ліха.

 

 

 

А чым слаўны бацькаў дом?

Не канём, а ездаком,

Не пітвом, а пітаком,

Не пражмом, а едаком.

 

Век — добры чалавек: п’ём — п’янеем,

Жывём — разумнеем.

 

 

 

Сісі па місе.

Хоць за казла, ды запаўзла.

 

 

 

 

Што за жоначка ў мяне,

Людцы залатыя:

Ветрам хату мяце,

Дажджом лыжкі мые.

 

Вось па вуліцы ідуць —

Лапці новыя,—

Паперадзе вашалоў

З вашаловаю.

— Стары, стары, сячы дровы! —

Стары расстагнаўся.

— Стары, стары, руш да бабы! —

Стары расківаўся.

 

 

 

У падпальшчыка ценю няма.

Не тужы па бабе, бог дзеўку дасць.

Пусці бабу ў рай, яна і карову за сабой павядзе.

І кіпнем паліваны, і агнём гартаваны.

 

 

 

 

Жыццё наша — бытаванка, як дзірка ад абаранка.

Бачыў бог работу, ды мазалёў не даў.

Сава на лазе, цень на вадзе, а надзея... нямаведама дзе.

Мала хто чаго не хоча! Каза не хоча на рынак ісці,

а яе вядуць.

 

 

На прымаўкі можна распісаць усяго Сержпутоўскага. У яго запісах багата арганізаваных рытмам мясцін, і яны міжволі складаюцца ў строфы. Гэта я і спрабаваў рабіць у 30-я гады, браў рытмізаваныя кавалкі з казак, на іх узор складаў, і вось як атрымлівалася:

 

А сустрэнеш маладую,

Вазьмі пасму залатую,

Залатую

Пасму тую

Я ў гармату заладую,

Каб не каялася міла,

Што ў дарогу блаславіла.

 

Лісце долу валіцца,

Вецер полю жаліцца,

Але не сціхай,

Цёмны гай,

Будзе ураджай

На ўвесь край.

 

Лёгка сэрцу вясною,

Дасветнай парою,

Калі жораў

Вятры адмыкае

З прастораў

І ляціць, чарнадзюбы,

Стараецца маю:

Скажа дубу,

І ліст вырастае.

 

*

Абы пачнеш гаворку пра мову — перад вачыма — Ляскоў! Мы дрэнна чыталі ці моцна забылі яго. Узрадаваліся, сустрэўшы ў 3. Астапенкі радкі аб тым, як архірэй скача пад скрыпку. А ў Ляскова, не адно дзесяцігоддзе да гэтага, поп скакаў, ды як яшчэ! (т. 3. стар. 373).

Зараз мяне, для гэтага выпадку, больш за ўсё цікавіць з’едліва іранічная пабудова ляскоўскіх сказаў. Перакласці гэта немагчыма, таму пакідаю ў першасным гучанні:

«Я скота губернатара не загонял».

«Я губернатором изруган скотом и подлецом».

«Грех воровать, да нельзя миновать», гэта, праўда, перакладаецца: «Грэх уварваць, ды шкада абмінаць».

«Камітэт для абмеркавання бескарыснасці некаторых таварыстваў».

Ляскоў любіў парадыйную фразу і вунь як выдатна будаваў яе. Наша прыгожае пісьменства часамі смаліць усур’ёз, не прыкмячаючы, што ступае на небяспечную глебу пародыі.

Падмацуемся прыкладамі з тэатральных рэцэнзій:

«У пастаноўцы ёсць тры выразна акрэсленыя асаблівасці: рамантызм, лірызм і сатырычнасць, якія ўдала ўпрыгожваюць гэты сцэнічны твор».

«Гэты вобраз — эпізадычная фігура ў спектаклі, таму яго цяжка іграць. У ім небагата тэксту, але закладзена шмат каштоўнага зместу».

«У вобразе Ганны Уласаўны паказана шчырая любоў сялян да выдатнага чалавека».

«Творчая энергія, якая прынесена ў спектакль, не прапала дарэмна, а цалкам перайшла да гледачоў».

«Дыяна апранена ва ўборы, багатыя разнастайнай гамай».

«Музыка, у меладычнай тканіне якой ёсць інтанацыі паўнакроўнага аптымізму і выразныя ноты лірычнай паэзіі».

«Вобраз, які ўвасобіла на сцэне актрыса, больш абагулены, і ён выходзіць за межы дачкі Вероны».

«Сугучнасць Джульеты нашай эпосе вынікае з эмацыянальнага і філасофскага раскрыцця артысткай гуманістычнай тэмы трагедыі, як вызначана Шэкспірам: «Няма аповесці больш сумнае на свеце».

«Канва вобраза Каламбіны выткана з агульнавядомых балетных поз і рухаў».

«Звыш трох год беларускі народ у няспыннай барацьбе чакаў вызвалення».

Даволі!

Давядзецца зноў патурбаваць Пушкіна. «Стан крытыкі,— пісаў ён,— сам па сабе паказвае ступень адукаванасці ўсяе літаратуры».

Няцяжка пераканацца і ў гэтым. Вось вытрымкі з апавяданняў:

«Бацька меў гарбарню для вырабу выключна сялянскіх скур».

«Хварэў ад тых ці іншых хвароб».

«Марылева хата». (Відаць, гаспадыня звалася не Марыля, а Марыль.)

«Даць шырокі адпор ініцыятыве».

«Адпусціў вусы і шчыра ўзяўся за работу».

З вершаў:

 

Вецер далонню песціў

Поўныя грудзі жыта.

 

У думках ён запаўняў

Прабелы жыцця сямейнага.

 

Ну акурат: «Мои объятья к твоим услугам», як напісаў нейкі Аляксей Кавалёў з Растова-на-Доне ў 1914 г.

Словы, прымаўкі, прыказкі — ці не для нас яны! Гэта не руда нават, а россып, парода, багатая на залацінкі. Але... знойдзеш залацінку, і што далей? Ад слова да твора — дыстанцыя невымерная! А пра ўзаемаадносіны кнігі і слоўніка зноў жа думаў Пушкін. Як ён паспяваў пра ўсё падумаць толькі!

...«Розум невычэрпны ў супастаўленні паняццяў, як мова невычэрпная ў спалучэнні слоў. Усе словы змяшчаюцца ў лексіконе, але кнігі, якія з’яўляюцца штохвіліны, не ёсць паўтарэнне лексікона».

Вось гэтак бы і рабіць: не паўтараючы слоўніка, але і не адкідаючы яго.

*

 

Когда расстался я с тобою,

А Настя тоже там была,

Промежду мною и оною

Нашлись возможные дела.

Недолго это продолжалось,

Мое схватило сердце жалость,

И вспомнил я о тайном браке,

Бежал, оставил Настю в мраке.

 

Гэта даўняя пародыя. А сёлета ў маскоўскім часопісе так і прачытаў: «оставил в мраке», можа, і «оною» сустрэнем.

 

Без граматычнае памылкі

Я рускай мовы не люблю...

 

Гэтае выслоўе — не лаз для непісьменных. Вясёлыя памылкі Пушкіна дапамаглі мове вырвацца з палону архаістаў. За ўжыванне дыялектызмаў, за вольнае абыходжанне з канчаткамі ў склонах, за перастаноўку націскаў, што рабіла слова мілагучным,— за ўсё гэта яшчэ многа-многа год паэту будзе кланяцца руская мова.

Як і наша — Купалу.

*

Некалькі год назад атрымаў запрашэнне прыняць удзел ва ўдакладненні правапісу. У якім кірунку, якія ў іх намеры — мовазнаўцы не напісалі, а прыслаць свае меркаванні патрабавалі праз дзесяць дзён.

Ці не занадта хутка для сур’ёзных намераў?

Не сказаць каб вельмі даўно, таксама чамусьці крыху паспешліва абмяркоўвалі праект змен у правапісе (1957 г.), і ў пісьменніцкім асяроддзі чуліся пярэчанні супраць яго недакладнасці.

Мова не церпіць паспешлівасці. Так думаецца цяпер, так думалася і тады, калі запісваў асобныя меркаванні наконт праекта ў дзённік, а можа, і выказваў, не ўспамяну толькі дзе.

Ці не паслаць іх у адказ на прапанову прыняць удзел у заходзе па ўдакладненні? Перачытаем тыя запісы з 1957 года.

 

Тое, што пішу, мала падобна да практычных заўваг, хутчэй гэта некаторыя трывогі і засцярогі.

Наколькі існуючая сістэма напісання ўстарэла ці сапраўды яна з’яўляецца тормазам у далейшым развіцці мовы і ўсёй нашай культуры? Так, асобныя правілы, якім падпарадкавана наша пісьмо, недакладныя і недасканалыя.

Але, ратуючыся ад адной недакладнасці, лёгка упасці ў другую, асабліва калі не ўсё ўзважыць, не ва ўсім разабрацца належным чынам.

Сапраўды, у 1933 годзе была зроблена спроба палепшыць правапіс. Не прайшло і чвэрці веку, як спатрэбілася новае палепшанне, але і яно бачыцца ўсім зноў-такі частковым, і хто ведае, магчыма, правапіс папросіць рамонту праз яшчэ меншы тэрмін.

Мова не церпіць паспешлівасці. Гэта каналізацыю можна рамантаваць па асобных калектарах і сектарах. Мова — жывы арганізм, яна вечна ў руху, у стварэнні новага, аднаўленні забытага, у вызваленні ад знежывелага. Кожны неасцярожны дотык парушае яе нармальнае развіццё і работу.

Упарадкаванне правапісу, нават частковае, паспрыяўшы ў пэўнай ступені развіццю мовы, выклікае чарговую ломку ў кнігах, асабліва ў падручніках, у галовах вучняў і настаўнікаў, дый перавучванне тых, хто выйшаў са школьнага веку.

Каб не плаціць за адно і тое, паводле прыказкі, лепей не сем, а сем разоў па сем адмераць і тады брацца за ножны.

Што пад гэтым разумеецца? За крыніцу літаратурнай мовы, кажуць нам, прынята так званая цэнтральная гаворка. Аднаго сцвярджэння, відавочна, не хапае. Патрэбна навуковая праца, дзе былі б вызначаны межы распаўсюджвання гэтай гаворкі, яе асноўныя асаблівасці, дзе таксама знайшлі б месца назіранні і вывады мовазнаўцаў, зробленыя пасля Карскага і Краёвага слоўніка Чэрвеньшчыны і Віцебшчыны.

Яшчэ сцвярджаюць, што на гаворцы гэтай вырасла мова Янкі Купалы і Якуба Коласа. Зноў жа хацелася б знайсці ў навуковым даследаванні пацвярджэнне, як гаворка ператварылася ў мову асновапаложнікаў беларускай літаратуры. Не менш важны для мэт граматыкі і правапісу навуковы разгляд тытанічнай работы над беларускім словам нашых класікаў, практыка сучасных нам паэтаў і празаікаў.

Толькі абапіраючыся на падобныя даследаванні, вызначэнне і абгрунтаванне тых ці іншых змен у правапісе стане на пэўны і надзейны шлях. Толькі поўнае веданне мовы дае поўнае права меркаваць, што павінна знайсці адлюстраванне ў граматычным правіле і на пісьме як найбольш жыццетрывалае.

Таму для паўнаты моўнай карціны патрэбны не адзін-два краёвых слоўнікі, а такая іх колькасць, каб можна было ўявіць рух і змены мовы ва ўсёй рэспубліцы.

Нарэшце, каб ведаць, што адкуль вынікае, чаму пішацца і вымаўляецца так, а не інакш, як растлумачыць тую ці іншую моўную з’яву, час падумаць аб шырокім вывучэнні і даследаванні гісторыі нашай мовы.

Можна сказаць: гэта зойме дзесяткі гадоў? Так, не меней. Пэўна, не ўсім нам давядзецца давершваць працу, але распачынаць яе трэба сур’ёзна, усебакова ўзброенымі, каб не ікаць на могілках ад няветлых прыгадак лінгвістаў-наступнікаў.

Яшчэ Ламаносаў ведаў немэтазгоднасць існавання васьмерычнага і дзесяцірычнага і, але ён меркаваў, што з рознага выгляду літарамі лягчэй чытаць — у вачах не мільгаецца. Аднак, рускай грамаце ўдалося пазбавіцца ад непатрэбнай літары (дзесяцірычнага і) толькі ў савецкі час. Перашкодай быў, вядома, і навуковы кансерватызм, але ў большай меры асцярожнасць у абыходжанні з мовай.

З выхадам «Правил русской орфографии и пунктуации) (1956 г.) можна бачыць, наколькі нязначныя змены ўнесены ў рускі правапіс за 40 гадоў развіцця мовы ў новым грамадстве. Пры гэтым, запісана там выключна тое, што папярэдне апраўдала сябе ва ўжыванні і з’яўляецца бясспрэчным.

Група слоў, народжаных рэвалюцыйнай эпохай (савет, бальшавік, рэвалюцыя), у 1933 годзе не была падпарадкавана нашаму напісанню. Такі крок даў магчымасць рабіць самыя непажаданыя высновы, і ад яго адмовіліся ў новым праекце.

У той самы час знік і мяккі знак, так званы рэдуцыраваны галосны, пасля прыставачнага з перад мяккімі галоснымі і ў падваеннях тыпу льл, ньн і г. д. Акадэмік Карскі называе падваенне тыпова беларускай з’явай, тлумачачы, як яна атрымалася: «падвойны (або ўзмоцнены) мяккі зычны — галосны».

Руская мова захоўвае мяккі знак і ў словах, якія даўно вымаўляюцца цвёрда (карьер, вьюн). Тым часам мы пачалі стаўляць апостраф нават там, дзе слова аж крычыць, вылузваючыся з-пад гэтага знака (з’ява, з’есці, з’едлівы і шмат іншых).

Страціўся знак памякчэння ў словах тыпу снег, зверху, святло, сталі пісаць каханне, водгулле і, на жаль, пачалі вымаўляць, як напісана — цвёрда.

Такім чынам, мова, будучы пазбаўлена адной з рыс своеасаблівасці і спецыфічнасці, многа прайграла ў мілагучнасці, а гэты фактар, як ужо гаварылася, мае значэнне не маленькае.

Казалі: мы прывыклі да мяккага вымаўлення падвойных, ведаем, як што вымаўляць і без мяккага знака. А новыя пакаленні людзей, адкуль ім будзе дазнацца пра вымаўленне, калі не адзначыць яго адпаведным чынам графічна?

Навучыцца правільна вымаўляць падвойныя зычныя — дакладней будзе называць іх — доўгія, справа цяжкая. Глядзіце: кароткі зычны цвёрды — волас, доўгі зычны мяккі — валоссе. Вось і спрабуйце ўтлумачыць вучням, што ссе трэба вымаўляць мякка — сьсе!

Гаварылі і так: мы пішам доўгія зычныя цвёрда, але вымаўляем усё ж іх мякка. Нібыта прырода надзяліла беларусаў нейкім выключным галасавым апаратам, які сам, аўтаматычна, рэагуе правільна, незалежна ад таго, што і як напісана.

Напісанне, сцвярджаюць мовазнаўцы, робіць моцны ўплыў на вымаўленне, даводзіць гэтага не трэба. Значыць, не будучы адзначана графічна, памякчэнне з часам непазбежна пачне ацвярдзяваць, што павядзе да непажаданых разбежак паміж мовай жывой і літаратурнай.

Супраць мяккага знака ў свой час высоўваліся доказы, так сказаць, эканамічнага парадку: нібыта пры ўжыванні гэтай літары ў падваеннях замест 10 друкаваных аркушаў атрымліваецца 11, значыць, марна пераводзіцца цэлы аркуш паперы. Пачаў прыкідваць следам і я. Вынікі далёка не тыя: на ўвесь гадавы план мастацкай літаратуры 1957 г., надрукаваны з мяккім знакам, прыпадала не больш за паўтара аркушы лішняга.

Значыць, перавыдатак паперы зусім нязначны, прыкладна такі, як пры перакладзе з англійскай на рускую ці з рускай на беларускую мову. Гэта ж не ўтрымлівае нас ад узбагачэння культур праз пераклады.

Не лічачыся з перавыдаткам паперы, палякі для напісання зычнага шч трымаюць у алфавіце аж чатыры літары (szcz). Відаць, гэта гістарычная неабходнасць ці жаданне знайсці найлепшую замену.

Не трэба спяшацца нармалізаваць тое, што не вымагаецца канечнай неабходнасцю. Запішам, тады трэба выконваць, а яно нясмачна.

Вось, руска-беларускі слоўнік запісаў, зусім не ў якасці нормы два словы: змяненне і вяртанне, прыдатныя як тэрміны ў выключных выпадках. Аднак гэтыя нязгрэды амаль зусім выціснулі добрыя, абвыклыя словы змена і зварот. Спрабуй адстойваць іх, калі ў слоўніку ёсць іншыя!

Цяпер Дз, Ц або Д, Т у імёнах уласных і Э, Е у пачатку іншамоўных слоў пішуцца ў залежнасці ад агульнапрынятага ў беларускай мове літаратурнага вымаўлення. На мой дылетанцкі погляд, запісваць правіла можна, вывеўшы яго з існуючай ці вынайдзенай заканамернасці, а не паводле такой няпэўнай рэчы, як вымаўленне, хоць бы сабе і літаратурнае.

Правапіс складаных слоў занадта складаны. Як іх пазнаваць, тыя складаныя словы з асноўным націскам на першым і не на першым складзе апошняй часткі! Значыць, вучань спачатку павінен разбіць слова на дзве часткі, потым устанавіць, дзе yаціск,— тады толькі пішы!

Асаблівага клопату ў праекце правапісу складаных слоў задаюць заўвагі: іх цэлых пяць, што, па сутнасці, сведчыць аб вялікай колькасці выключэнняў з правіл.

З усім гэтым можна было б пагадзіцца, калі б мы збіраліся рашаць рэбусы, а не выказваць думкі на пісьме.

Прасцей трэба і даступней!

А вось перанос крыкам крычыць, патрабуючы рэформы, даўно час спрасціць гэту аперацыю. Ці не пара дазволіць перарываць слова там, дзе гэта вымагаецца друкам ці пісаннем? Узоры ёсць, напрыклад, у польскай мове.

Руская мова пакрысе вызваляецца ад суфіксаў ір, ірэн (пастеризовать, нормализовать і інш.), неўласцівых ёй, варта задумацца пра гэта і нам.

Выходзіць, што ўдакладняць правапіс трэба стала і надоўга. Прыбудзе сілы, прыбавіцца вопыту, назбіраецца назіранняў над высілкамі самой мовы — тады ў дарогу!

 

Што ж, відаць, няма патрэбы адмаўляцца ад гэтых напісаных некалі старонак, хоць у іх за плячыма больш за два дзесяткі гадоў і відавочна патыхае палемічны запал.

Па-першае, сёе-тое ўдалося ўгадаць: менш чым праз два дзесяцігоддзі спатрэбілася зноў калі не рэформа, дык пэўнае ўдакладненне. Другое — меў падставу і заклік — не спяшацца з вывадамі, не маючы належнага навуковага грунту. Зараз, як гаварылася напачатку, ёсць даследаванні датычна сярэднебеларускіх гаворак (тады іх называлі — цэнтральныя), іх ролі ва ўтварэнні агульнанароднай літаратурнай мовы, акадэмічная граматыка, гістарычная граматыка і многія работы, на якія можна смела абапірацца.

Рад быў сустрэць падтрыманне гэтым сваім думкам у главы нашага мовазнаўства К. К. Крапівы. Ён зазначае, што «...праз пэўны (вельмі некароткі час) ствараецца неадпаведнасць паміж жывой агульнанароднай мовай і яе правапіснымі, а то і граматычнымі нормамі», і далей, што «...замест таго каб зрабіць людзей больш пісьменнымі, частыя рэформы могуць зрабіць іх непісьменнымі» (Зб. тв., Мн., 1976, т. 5, стар. 223).

Дык сапраўды, ці не пераслаць гэтыя накіды мовазнаўцам і параіць яшчэ раз: не будзем спяшацца з удакладненнямі, панаглядаем яшчэ крыху.

Мова ні на момант не спыняецца ў руху, увесь час, ад вуснаў у вусны, сама паляпшае сябе, адкідае лішняе, стварае патрэбнае ёй у новых умовах жыцця і працоўных адносін. Застаецца — у часе прыкмячаць змены і разумець заканамернасці, паводле якіх гэта адбываецца, і растлумачваць іх.

Механічна апусціць мяккі знак у падваенні, значыць — адлюстраваць з’яву, якая не існуе ў вымаўленні, і не прасунуцца наперад у напісанні. Гаматна і нязручна пісаць ньн, льл, сьс, можна следам за мяккім знакам адкінуць і адзін з падвоеных зычных. Той, што застаўся, узброіць адмысловым знакам, які б адначасова азначаў і памякчэнне і падваенне. Можна гукі дз, дж, шч таксама перадаваць адной літарай.

Гэта, вядома, не прапанова, а накірунак думкі: у садружнасці вучоных з мастакамі могуць быць знойдзены і патрэбныя абгрунтаванні і графічныя знакі. Неабходнасць у фіксацыі памякчэння больш чым надзённая: тыя самыя словы з’ява і ссе не вымаўляюцца, як напісана, і мова будзе змушана рабіць нешта сама, магчыма, рассоўваць зычныя галосным (сасе).

Правапіс канчаткаў, асабліва а, я і у, ю, і правілы пераносу зараз распрацаваны з такою звышпатрэбнай шырынёю, што маглі б стаць асобнымі дысцыплінамі ў школьных праграмах. Аднак і пры гэтай умове наўрад ці вучні аўладаюць цалкам прамудрасцю адрозніваць катэгорыі слоў, якім дазволена ў пэўным склоне прымаць канчатак у, ю або а, я. Катэгорый такіх зараз у правапісе занадта шмат, межы паміж імі не заўсёды пэўныя.

Далей. Чаму мы абавязаны ў месным склоне пісаць і, у, ю, адказваючы на пытанне — аб кім, аб чым (Шабуні, Гогалю, Гайдару). Беларуская мова найчасцей у месным склоне адказвае на пытанне пра каго, што. Тады канчаткі адпаведна змяняюцца на ю, а, я (Шабуню, Гогаля, Гайдара).

Найчасцей адказвае — выраз ужыты не выпадкова. У чатырох публікацыях: К. Крапівы («Брама неўміручасці»), П. Броўкі («Донька-Даніэль»), Я. Брыля («Вітражы»), М. Лобана («Любіць слова— любіць жыццё») праф. Ф. Янкоўскі адзначае «каля 260 словазлучэнняў з пра і толькі 14 з аб» («Настаўніцкая газета», 1974, № 19). Памеры і задачы маіх нататак не дазваляюць падмацавацца прыкладамі з Я. Купалы, Я. Коласа, К. Чорнага, іх вельмі шмат.

Ніхто не збіраецца абвяшчаць па-за межамі ўжывання аб. Няма сэнсу адмаўляцца ад яго, калі гэтага вымагае мілагучнасць (не напішаш і не вымавіш, скажам, пра праразанне) або часамі ў афіцыйнай перапісцы і нават у мастацкім творы.

Такім чынам, зафіксаваныя мовай і літаратурай факты проста з лічнікаў не скінеш.

Мусіць, тут я выйшаў на мяжу палемікі. Пачынаць яе — не мая задача, я звяртаю ўвагу на тыя ці іншыя з’явы. Дый паўтару яшчэ раз: пісьменнік не мовазнаўца, а толькі знаўца мовы.

Сапраўды, пісьменнік ведае мову іначай. Ён адчувае ёмістасць, змястоўнасць слова, дарэчнасць ужывання яго ў тым ці іншым выпадку і, вядома ж, мілагучнасць. Таму ў літаратуры жыве заўсёдная рупасць пра знешняе хараство слова, яго форму, таму пісьменнік заўсёды дбае пра напісанне, робіць гэта часам з адступленнем ад граматычных нормаў, што ў далейшым улічваецца ці не ўлічваецца граматыстамі. «Аўтараў, што зусім не адступаюць ад нормы, вядома, не існуе, яны былі б нясцерпна нудныя» — гэта казаў Л. Шчэрба!

Не так даўно пачуў ушчунак («Полымя», 1975, № б, стар. 251): больш чым хто іншы маю прыхільнасць па-свойму скланяць парадкавыя лічэбнікі, займеннікі жаночага роду. Ужо даводзілася тлумачыць вышэй, што, скланяючы іначай, практычна не адрозніш, у якім склоне ўжыты, скажам, займеннік тваёй — у родным, давальным ці ў творным.

Жывая мова не страціла і не думае траціць індывідуальных канчаткаў для розных склонаў: твае сястры няма дома — родны склон; тваёй сястры аддам пазыку дома — давальны; з тваёю сястрою сустрэнемся дома — творны.

Не хочацца прыгадваць несмяротны запавет: «Не ўсё стрыжы, што расце». Бялінскі наказваў не мову раўняць па граматыцы, а граматыку па мове.

Дарэчы, у «Граматыцы беларускай мовы» (стар. 180—181) я не вычытаў, што скарочаныя формы (ай, ёй) з’яўляюцца нормай. У такім выпадку ўсю нашу класіку і практыку пісьменнікаў-сучаснікаў П. Броўкі, К. Крапівы, М. Танка і многіх іншых давялося б лічыць суцэльным адступленнем ад нормы. Прыклады — на відавоку, разгарніце любы том любога з названых пісьменнікаў.

Таксама даводзілася гаварыць, што займеннік нейчы, пераданы на пісьме без й — нечы, набывае падвойны сэнс, бо скланяецца аднолькава з нешта. Калі мы гаворым нейчым, гэта азначае чыімсьці (Я акрыўся нейчым шынялём), нечым жа значыць чымсьці (Мяне нечым ударылі). Няўжо ж гэта адценне не на ўзбраенні мовазнаўцаў!

Паводле арфаграфічнага слоўніка, дапускаецца два націскі, неабыякі' і неабыя'кі. Тым часам перанос націску абуджае ў слове іншае значэнне: неабыя'кі (неабыякавы) — нераўнадушны, а неабыякі' — адмысловы, выключны, адборны.

Асобнае напісанне часціны не, як вядома, выклікае адваротны сэнс у выразах. Тое ж і з прыназоўнікам на: вам на памяць — адно, а вывучыў напамяць — нешта іншае. Чаму ж бы не ўлічыць гэта?

У тым самым слоўніку ў якасці прыкладаў прыводзяцца выразы «не з чаго» і «не за шта», хоць беларуская мова часцей ужывае: няма з чаго (смяяцца) і няма за што (дзякаваць).

Якія б ні існавалі правілы, рука не падымаецца напісаць Герцэн ці рэзеда, хто і як можа давесці, што гэтыя словы не асвоены мовай? Таксама супрацьнатуральна пісаць сержант, але яфрэйтар, камандзір, але дывізія, тыгр, але цік (дрэва, teак, англ.; тканіна, tijк, гал.; хвароба, tic, фр.).

А фае, Гоя і чамусьці Нью-Йорк?

А Пабла Нэруда і Пабло Пікасо?

А Іакагама і Іярданія?

Да чаго гэта ўсё гаворыцца? Каб, нарэшце, вызваліцца ад разнабою, наробленага ўсімі ўдакладненнямі і палепшаннямі.

*

Калі верыць старажытным, самы мудры той, хто даў імёны рэчам, гэта значыць, галоўны і адзіны моватворца і мовазнаўца — народ.

Мова — скарб народа, і народ зацікаўлены, каб яна была ёмістая, гнуткая ў рабоце, прыдатная для выражэння думкі, колеру, паху, сутнасці з’явы, накіраванняў часу, памкненняў чалавека. І да таго ж: лёгкая для ўспрымання і звонкая ў гучанні.

Будзем помніць гэта і з асцярогай асэнсоўваць магчымасці мовы, перш чым прычыніцца да яе працэсаў або што-небудзь парушыць у іх.

К. Крапіва высмеяў гора-мовазнаўцаў, «якія не маглі дачакацца, каб хутчэй ім загаварыць на сусветнай мове. Адны прапанавалі меры штучнага набліжэння беларускай мовы да рускай, у тым ліку і ў галіне граматыкі. Зразумела, што гэта не мае нічога агульнага з марксізмам. Такія гора-мовазнаўцы не разумеюць сутнасці нацыянальнай палітыкі партыі...» (Зб. тв., т. 5, стар. 159—160).

Мова — наша любасць і рупасць, пісьменніцкі матэрыял і зброя, паводле Якуба Коласа.

Часта пытаюць: на якой мове пісаць? Што ж тут пытаць — на той, на якой думаеш, якую лічыш для сябе роднай. Іначай табе не будуць даступны адценні, глыбіня мовы, не знадворнае, стылістычнае ўладанне, а веданне патомнае, што перадаецца з пакалення ў пакаленне. Часам адно трапна ўжытае слова асвятляе чалавека, героя, а то і ўвесь твор робіць больш павабным. Гэта тое купалаўскае зерне, «чыстае, як вока», «ядзяць вас мухі з камарамі» ў Коласа, шматлікія знаходкі Кузьмы Чорнага.

«Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» — падзея, і не малой вагі. Праўда, пакуль што — першы том, але тыраж — зайздросны для такіх выданняў. Гэта адно дазваляе меркаваць, якая рупасць аб родным слове жыве ў грамадстве.

Значная колькасць кваліфікаваных людзей прылажыла рукі да слоўніка, без гэтага было б не перавярнуць такую гару работы, адно складанне картатэкі ды выбарка прыкладаў чаго каштуюць.

Як паведамляе рэдкалегія, слоўнік: 1) «...абагульняе вопыт папярэдняй як айчыннай, так і зарубежнай слоўнікавай культур і ў той жа час з’яўляецца выданнем глыбока сучасным...»; 2) «..з’яўляецца нарматыўным філалагічным даведнікам сучаснай беларускай мовы...»; 3) «...актуальным даведнікам для самых шырокіх колаў грамадства...»

Вядома, рэдкалегія, знаёмая з працай ва ўсім аб’ёме, можа сабе дазволіць такія яе характарыстыкі, спадзяёмся, час дапаможа і нам далучыцца да іх. Зараз узнікае пытанне: якім чынам слоўнік можа абагуліць вопыт беларускай слоўнікавай культуры, калі ў ім не ўлічаны слоўнікі Насовіча, Гарэцкага, краёвыя слоўнікі Чэрвеньшчыны, Віцебшчыны, Магілёўшчыны, шматлікія пасляваенныя выданні такога тыпу? А ёсць жа і фальклорныя зборнікі Сержпутоўскага, Раманава, Шэйна і яшчэ і яшчэ іншыя. У Слоўніку гэтыя крыніцы не паказаны (хоць многія апублікаваны ў 20-м стагоддзі), дзе-нідзе прамільгне спасылка на прыказку (не сказаўшы ад каго, кім і калі чута) ці на газету.

Адказу на пытанне не трэба, здаецца, далёка шукаць: слоўнік падагульняе здабыткі літаратурнай мовы. А яна адкуль бярэцца? Дзе ж яшчэ пачуеш першаіснае гучанне і значэнне слова, найбольш дарэчнае, трапнае, часам нечаканае ужыванне яго, як не ў мове народнай? Тым часам пералічаныя вышэй слоўнікі і зборнікі, дый нават і зусім нядаўнія выданні універсітэтаў і інстытутаў, сталі ўнікальнымі, а захадаў да перавыдання, скажам, таго ж Насовіча не відаць і не чуваць. Такім парадкам агромныя скарбы мовы засталіся па-за межамі карыстання тых, каму найболей патрэбны,— пісьменнікаў, філолагаў, літаратуразнаўцаў.

А хто ведае, ці не замянілі б адзін-два прыклады з выдатнага казачніка Рэдкага цэлых слупкоў набраных петытам «Крыніц Слоўніка», у тым ліку і маіх работ! Кажу не ў крыўду сабе і другім: разважаючы гістарычна, за паўстагоддзе мова ў адборы і шліфаванні лексікі і фразеалогіі паспела зрабіць хіба што ўсяго адзін заход. У яе яшчэ багата турботы і здабывальнай і апрацоўчай. Не ўсё тое, на чым пішуцца кнігі і брашуры, можа называцца мовай дый яшчэ літаратурнай і замацоўвацца ў якасці нормаў. Ёсць адхіленні: калькіраванне, некрытычны перанос слоў з іншых моваў, штампаванне выразаў не на ўласцівы мове ўзор, скажэнні праз няведанне народнага словаўжывання. Таму зусім правамерна гучыць самакрытычная заўвага рэдакцыі аб ілюстраванні значэнняў цытатамі не з найлепшых. Ёсць яны, і на відавоку. А спасылкі на газету — без аўтара і часу — не заўсёды пераконваюць. У друку гэта сустракалася («Беларуская мова», 5, Мн., 1978, стар. 86), было падлічана, што ў трылогіі «На ростанях» Я. Колас ужыў 957 поўных канчаткаў творнага склону, а вячэрняя газета не аскаромілася і разу такім грэхам у сваім нумары. Як ні дзіўна, чытач цягнецца больш за Коласам, хоць бы тут і пераконвалі не нумарам, а гадавым камплектам газеты.

Тое-сёе ў маіх заўвагах з выхадам Слоўніка можна скасаваць. І ўсё ж я не выракаюся іх. Чытачы «Литгазеты» (1978, № 16) пішуць: «Ці не пара яшчэ раз падумаць пра ўпарадкаванне арфаграфіі?» А Л. Успенскі і зараз у цікавым і дасціпным артыкуле (1978, № 17) сцвярджае: «Норма — не догма».

Шкада, што нашы пісьменнікі, прызнаныя майстры слова, апошнім часам амаль не дзеляцца думкамі пра далейшае развіццё мовы, назіраннямі за працэсамі ў ёй, сваёю практыкай.

Усім вядомы страсныя адносіны да роднага слова, глыбокі клопат пра яго ў Л. Ляонава, А. Югава, Л. Успенскага, без іх удзелу не мысліцца нават найдрабнейшы дотык да жывога моўнага арганізма.

Калі гутаркі пра мову, па ўзору маскоўскіх часопісаў і радыё, пойдуць і ў нас шырэй, часцей, больш зацікаўлена, ад гэтага выйграюць усе — навука, літаратура, народ.

Нам усім трэба працаваць лепш не дзеля выключнасці свае мовы і нацыі, а ў імя іх развіцця для стварэння неўміручых каштоўнасцей, дастойных пайсці на агульнае ўзбагачэнне народаў пры далейшым іх збліжэнні, гэта ж дасягаецца з поўным росквітам нацыянальных культур. Так і запісана ў Праграме нашай партыі.

1973, 1976


1973; 1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 623 с.
Крыніца: скан