epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Роздумы перад маладымі

Крыху самакрытыкі
Адказнасць за сябе і за слова
Свае вочы
Майстэрства і немайстэрства


Крыху самакрытыкі

Вялікая група нашых маладых празаікаў і паэтаў была запрошана ў Маскву. Людской работы паглядзець і свае не ўтаіць, як гаварылі калісьці, паслухаць добрае рады і зычлівага ўшчунку, тады смялей глядзіцца навокала і цвярдзей ідзецца па зямлі. І выйшла ўсё як найлепш: памеркавалі хораша пра зробленае, і ў друку было чутно, значыць, стала вядома не толькі тым, хто гаварыў і хто слухаў.

А ці будзем праз гэта пляскаць самі сабе ў ладкі: вось як удала падгадавалі сваіх зменшчыкаў? Праўду сказаўшы, ніхто з нас тут асабліва не вінават: самі маладыя пацягнулі, здольнасцю, працавітасцю выйшлі на святло, пачулі тое, чаго заслугоўвалі.

Зрэшты, папрок пра скупаватае наша шчыраванне і ўвагу да маладзейшых таварышаў мог бы прыняць на аднаго сябе, хоць толькі зараз, з газетнай інфармацыі, даведаўся, што ўваходжу ў склад камісіі па рабоце з маладымі. А калі так, дык ці ўся камісія не дужа завіхалася, ці магла не клікаць на дапамогу, патрэбы ў парадзе не надарылася.

Гэта — не ў крыўду ці асуджэнне, будзем лічыць сказанае за жарт.

Творчыя справаздачы ў Маскве сталі традыцыйнымі, у добрым сэнсе гэтага слова, але ўсё роўна, сталы ты майстар ці зялёны пачатковец, хвалявання не абмінеш: паездка ў сталіцу, асяродак усяго творчага клопату краіны, патрабуе асаблівай сабранасці. Ведаю гэта з уласнай практыкі — па з’ездах, нарадах, дэкадах,— і самому даводзілася знаёміць сяброў-масквічоў з нашымі маладымі паэтамі, разам выступаць, прымаць належную і неналежную хвалу, і як вядзецца ў гасцінных гаспадароў, даволі прыстойныя пачастункі.

Семінары, агляды, выезды — усё гэта скіравана на выяўленне людзей, здольных працаваць у літаратуры. У карыснасці нічому не адмовіш: закінулі чарговы невадок, і, глядзіш, праз год-два на прылаўку блісне свежая кніжачка.

Палохае тут крыху адно — некаторая параднасць: сумнаватыя даклады, халаднаватыя сустрэчы з больш спрактыкаванымі людзьмі. Усё гэта, хочаш не хочаш, збіваецца часам на павучанні: не выклікае абмену думкамі, нават запытанняў да ўмелага майстра не пачуеш. Магчыма, бяда ў абыякавай арганізацыі — творчае пачынанне сыходзіць на ўзровень «мерапрыемства», выкананне пэўнай пазіцыі загадзя зацверджанага плана.

Адсюль і абавязковы, але ў меру павярхоўны падыход да асноўнага — да разгляду работ, не будзем пакуль што называць іх творамі. Тут найчасцей выстаўляюцца адзнакі па пяцібальнай сістэме.

Даводзілася выступаць у такіх выпадках і дакладчыкам, і дарадчыкам, і носьбітам пэўнага вопыту. Найбольш цікавыя сустрэчы атрымліваліся, калі хто-небудзь з «семінарыстаў» цішком даваў у рукі сшытак і прасіўся перагаварыць сам-насам. Гаворка толькі са сшыткам і аловачкам, без лішніх вушэй, без непатрэбнай асцярогі казаць праўду — можа, крыху жарсткаваты, але, на маю думку, адзіны спосаб выявіць, наколькі глыбокая ў чалавека патрэба працаваць словам і ці ёсць яна сапраўды, такая патрэба.

Тое, што гаварыў некалі перад слухачамі і зараз выводжу на паперу, не насіла і не носіць характару рэцэптаў, бясспрэчных, прыдатных на кожны выпадак парад. Гэта — хутчэй за ўсё меркаванні, што і як бы я рабіў, каб зараз пачынаў пісаць, і якім чынам паводжуся перад пачаткам новай работы.

Магчыма, тут знойдзецца тое-сёе нялішняе для агульнага нашага клопату пра людзей, якія спрабуюць стаць на шлях, дзе можна чакаць уцешнага, але не ўцячэш ад засмучэнняў і няўдач.

 

 

Адказнасць за сябе і за слова

Што ж перад усім трэба браць з сабою, выпраўляючыся ў дарогу да літаратуры? Гэта не жарт: «з цэлым народам гутарку весці, сэрца мільёнаў падслухаць біцця» (Я. Купала). На жаль, шмат хто рвецца хутчэй пераступіць парогі газет і часопісаў, не дбаючы пра суровы абавязак адказваць за ўсё, што мае зрабіць, і галоўнае — без цвёрдай пэўнасці, што літаратура — ужо ж не забаўка, не здабыванне больш-менш гучнага поспеху, а часам і заработкаў. На літаратуру не скажаш — асноўны занятак, яна нават не мэта жыцця, а само жыццё! Цяжкае, без аздоб і адзнак, у імя якога трэба шмат чаго выракацца, дый цярпець часамі нястачы, пакуль выведзеш твор у людзі, або нараканні, калі цябе не гэтак, як хацеў і думаў, убачылі і зразумелі ці не хочуць убачыць і зразумець.

Думаецца, сустрэча майстра з пачаткоўцам павінна пачынацца з высвятлення і канчацца ўсведамленнем, што паэзія патрабуе «не чыткі слоў акцёра ў ролі, а каб ён гінуў сапраўды».

Гатоў ты да гэтага ці не гатоў?

Адзін паэт, што пачынаў у дваццатых гадах, расказваў: «Я ўзяўся за вершы, бо хацеў здавацца паэтам. Гэта было модна. Потым прывык і стаў лічыць, што і сапраўды паэт». Прызнанне цяжкае і павучальнае: не ўнутраная патрэба вымагала звароту да слова, а вабіў вонкавы бок справы: друк, воплескі, увага. Але тут умяшаўся лёс, ці як гэта сказаць, і даў таму чалавеку паэтычную біяграфію. А з яе, цяжкай і ўжо сапраўднай, выраслі вершы, якія маюць права дыхаць.

Ці не завялікая цана: за нейкі радок — аддавай жыццё. Дык вось каму задорага, хай не марудзіць: хай ідзе ў кар’еру, у скупку паўторнай сыравіны, у які хоча безахвярны хлеб.

Гавару не жартуючы, а прыслухоўвацца не ўсім хочацца. І людзі, не адужаўшы душою, хінуцца на сцежкі тых, што зарабілі такую-сякую славутасць і збіраюць бляшаныя кветкі пашаны!

«А чым я горшы?» — пытаецца сам сябе такі малады чалавек і ніша. Бо сапраўды, чым ён горшы за некаторых вершаскладальнікаў: і радок касабокі, і сэрца ў ім ані, а вось жа друкуюць!

Ніяк нельга ўтлумачыць некаторым: непрыдатнасць да іншых прафесій не азначае, што ты маеш права брацца за пяро.

У рэдакцыі прыходзяць лісты: «Мяне выпусцілі з вар’яцкай бальніцы і не прызначаюць загадчыкам сельмага, таму я вырашыў аддаць усе свае разумовыя здольнасці літаратуры. Пасылаю 10 вершаў, напісаў за адну ноч. Друкуйце, правіць дазваляю».

Або жаляцца на малыя выдавецкія магчымасці — дрэнныя заработкі, няма чым дзяцей карміць. А хто сказаў, што харчы трэба канечне здабываць з літаратуры, а не з нарыхтоўкі сенажу?

Адкінем выпадкі адзіночныя, яны гучаць анекдатычна. Цяжэй, калі чалавек лічыць за прызванне простую набітасць рукі, якая дазваляе без намаганняў зарыфмаваць пару лозунгаў і такім чынам «адгукнуцца» на сур’ёзную патрэбу грамадства, хоць яна не стала ўнутранай патрэбай аўтара.

Лёгкасць уладання формай, нават прасцей — лёгкасць, з якою пяро перасоўваецца па паперы, заўсёды насцярожвае. Нездарма Аляксандр Блок прытрымаў за руку сябе аднойчы, вырашыў — не трэба пісаць вершаў, занадта ўжо добра ўмее гэта рабіць.

Цяжка дагаворваць тое, чаго не даказаў сам паэт, але думаецца — меў ён на ўвазе менавіта набітасць рукі, робленыя халодныя радкі, не вырасшыя з глыбіні істоты.

Тут зноў на відавок выходзяць першакрыніцы, што даюць жыццё твору: чалавецкая біяграфія, паўната і шырыня духоўных інтарэсаў асобы.

Біяграфія пісьменніка — менш за ўсё весткі, калі нарадзіўся і скончыў дзесяць класаў, гэта — дзе быў, што ўбачыў, што рабіў, што ўмееш. Зразумела, ні падарожніцтва, ні мноства ўбачанага, ні ўмельства саўладаць са складанай работай нічога не заважаць самі па сабе без мастацкага асмыслення, без здольнасці ператвараць жыццёвыя набыткі ў мастацкія вобразы. Набыццё шырокай біяграфіі — спосаб «сэрца мільёнаў падслухаць біцця», што ўжо і дае права «з цэлым народам гутарку весці», паводле купалаўскай формулы.

В. Я. Брусаў сваім жыццёвым подзвігам імкнуўся давесці, што кожнага добра граматнага можна навучыць пісаць. І ў пэўнай меры даводзіў. Па той простай прычыне, што ў выхаванцы ягонага інстытута, у першы набор, прыйшлі людзі з нялёгка здабытай біяграфіяй: у грамадзянскую, у чонаўскіх атрадах, у Чырвонай Арміі, у пераадоленні цяжкасцей станаўлення нашага ладу. Спашлюся на першыя, што ўспамянуліся, прозвішчы: Уладзімір Дубоўка і Сцяпан Злобін. Прыйшлі па навуку майстэрства, ужо сфармаваўшыся як асобы, з акрэсленым жаданнем гаварыць за сябе і за паплечнікаў, за свой час, але не маючы ніякіх падстаў, апрача здольнасці. А гэта якраз і вырашыла ўсё, школа, умельства — прыдаліся.

Возьмем бліжэйшую крыху пару. Біяграфію майму пакаленню рабіў час. Не апісваючы падзей, толькі назаву тыя, што давялося бачыць: падзел зямлі ў 1917-м, Днепрабуд і Асінбуд, арганізацыя калгасаў, першая пяцігодка, першы айчынны трактар і аўтамабіль, першы самалёт і палёт у Амерыку без пасадкі, ракеты, спадарожнік, чалавек у космасе, беларуская нафта, соль, граніт. А вайна? Яна адна напісала біяграфію мільёнаў, праўда, часамі і абрывала, не дапісаўшы.

Усе тыя велічэзныя падзеі, а кожнай з іх паасобку зусім даволі, каб да астатку запоўніць істоту і кіраваць угору думку і дух чалавека, усе яны прыпалі не толькі на маю долю, кажу так, маючы на ўвазе ўсіх літаратурных і не літаратурных равеснікаў. Частку падзей трэба раздзяліць з пісьменнікамі сярэдняга пакалення і яшчэ малодшымі.

У Міхаіла Луконіна і Аляксея Недагонава біяграфіі таксама напісаны вайной. І яны разгарнуліся ў вельмі прыкметныя паэтычныя з’явы. Або ў нас. Прыйшлі з вайны Анатоль Вялюгін і Аляксей Русецкі. На нейкім з пісьменніцкіх сходаў адзін прачытаў баладу пра ўральскі танк, а другі — сціслыя, ёмістыя чатырохрадкоўі. Тут жа стала зразумела — паэты! І абодвух, не сыходзячы з месца, прынялі ў Саюз пісьменнікаў насупар статуту — без кніжак. І тыя вершы іх, як і Міколы Аўрамчыка, жывуць поруч з пазнейшымі тварэннямі іхняга таленту, больш сталымі і дасканалымі. Жывуць, бо ў іх закладзена сваё непаўторнае, вырасшае з цярплівага дасведчання ўласнага сэрца.

І даўным-даўно сышлі з памяці хвалёныя, але недаспеленыя ў цеплыні пачуцця аднадзёнкі, хоць і трактавалі яны нібыта важныя праблемы, адгукаліся нібыта на актуальныя заклікі ў той жа час.

Хто-небудзь адмыслова вучыў названых зараз паэтаў? Не. Па сутнасці, акрамя вайны і жыцця, ніхто не вучыў, хоць і яны былі ўдзельнікамі нарад і семінараў пачаткоўцаў.

Няма, думаецца, больш важнага і высакароднага абавязку ў майстроў літаратуры, як дапамагчы стаць на ногі новаму таленту. Скіраваць яго ўвагу на здабыванне біяграфіі, на ўваход у тое асяроддзе працы розуму і рук, дзе растуць ідэі і здзяйсненні сучаснасці, якім суджана апладняць творчыя намеры.

Магчымасцей духоўна забагацець не толькі не паменшала, калі параўноўваць з не так далёкім мінулым, а прыбавілася. І калі глядзець на сягоння ўкаханым у яго вокам, дык вакол будзённых, здавалася б, спраў гэтага сягоння ўзвеецца арэол рамантыкі, такі самы, як і вакол незабыўнага штурму Зімняга ці подзвігу Мікалая Гастэлы.

Радасна чуць, што маладыя паэты і пісьменнікі станавіліся на некаторы час у цэхі, плавалі матросамі на караблях, хадзілі на пошукі нафты з геолагамі.

Цяпер менавіта так — не ў баях ваенных, а ў працоўных — можна ўзбагаціць сябе пранікненнем У духоўны свет рабочага, калгасніка, інтэлігента. Невялічкае апавяданне, дзе па-сапраўднаму чутны штодзённы клопат, каханне, смуткі ці ўцехі сённяшняга настаўніка, бліжэй і цяплей аграваюць чытача, чым кілаграмовай вагі тамы, у якіх замест людзей пастаўлены нашпігаваныя загадзя зададзеным зместам схемы, хоць у пінжаках і сукенках, але пазбаўленыя духоўнага вопыту чалавека і яго жывой мовы. Не ведаю, як каму, а мне лягчэй пагадзіцца са звычайным спісваннем з навакольнага, тут знойдуцца, можа, і не дужа багатыя, але ўсё ж адзнакі часу і падабенства чалавечых абліччаў — хаваем жа мы на памяць фатаграфічныя адбіткі.

І ўсё ж — хочацца большага!

Сустрэчы з тым, на што можна сказаць — твор мастацтва.

Што ж гэта?

Акно: у чалавека, у прыроду, у час. У пазнанне і пазнаванне людзей у сабе і сябе ў людзях.

Асветлены прагалак: ва ўзнікненне ідэй і думак, сустрэч і знаёмстваў, у працоўныя заняткі, у бушаванне пачуццяў, не канечне толькі павабных, а наогул усіх — у істоце ж людской многа чаго вядзецца і творыцца, высвятляецца яшчэ.

Няходжаная дарога: у неадкрытыя прасторы часу, учарашняга, сённяшняга, заўтрашняга, у неадчутыя дасюль подых і абдымкі прыроды, у не ўбачаныя яшчэ яе адменнасці.

Сустрэнецца такое акно, удасца пастаяць пры ім, падзівішся па такі прагалак, ступіш на такую дарогу — глядзіш, надоўга памацнеў, намнога пабагацеў у развазе і ў кроку.

Здараецца чуць, нібыта дасягаецца мастацкае адзінства гарманічнай дазіроўкай дзеяння і перажывання, натавання знадворнага выгляду героя і яго разважанняў, апісанняў прыроды і руху натоўпу. Слоў няма, прыгожае абумоўлена гармоніяй. І як ні сіляцца давесці адваротнае рознай поўсці мадэрністы ад пяра і пэндзля, сіметрыя і гармонія і вухам не вядуць. І чалавек ад заляпанай дзёгцем і ўтыканай цвікамі мешкавіны пад іменем «Вясна» спяшаецца, скажам, да палатна «Гракі прыляцелі» — хоць трохі дыхнуць вясны.

Выказваюцца ў тым сэнсе, каб не называць эстэтыку навукай аб прыгожым, бо прыгожае, як быццам, толькі адзін раздзел мастацтва, а трэба ахапіць усё: і прыгожае і пачварнае. Ёсць рацыя! Тады і вершаваныя вырабы прыхільнікаў такога погляду могуць трапіць пад вока эстэтыкі.

Але не ў гэтым справа. І ўжо ж не дазіроўкай кампанентаў у роўных прапорцыях абавязаны мы асалодзе ад мастацтва літаратуры. Гэтаму пярэчаць Дастаеўскі — згусткамі перажыванняў, Тургенеў — шчодрым апісаннем прыроды, Ганчароў — партрэтным жывапісам, Хемінгуэй — прыцэлам на падтэкст і дыялог.

Майстэрства пейзажу — менш за ўсё ўмельства намаляваць словам сасну ці паводку. Найчасцей апісаннямі з’яў прыроды карыстаюцца як сродкам перадаць настрой чалавека. І ўсё ж як лёгка і хораша робіцца, калі разгорнеш кнігу і адтуль махне галінамі белы зімовы лес, сыпанецца за каўнер снегу з-пад крыла успуджанай птушкі, ні з таго ні з сяго хрусне сучок сярод глыбокага баравога маўчання.

Ты ўжо забыўся, што чытаеш, ужо не кніга вядзе цябе, а ходзіш сам па ранішніх узлессях, глядзіш прасвежанымі, памаладзелымі вачыма на белы свет, сочыш, хаця б не мінулася што без увагі. І дыхаеш марозным паветрам. Дыхаеш не надыхаешся...

Не меней можа адчуцца і ў апісанні паводкі. Жывей і ўзрушлівей як быццам здаецца такі малюнак яе, калі стыхія дыхае небяспекай для чалавека ці жывога стварэння. Над чорнай бязодніцай, паміж ледзяных проламак, па ператрушчаным на кавалкі, ненадзейным лёдзе цераз раку бегма перахватваецца хлапчук. Або круціць крыга якую-небудзь бесклапотную казу, а тая сабе едзе, жуе сваю жвайку і хоць бы мэкнула са страху. А табе, чытаючы, і холадна і боязна.

Але ж можна яшчэ і так напісаць. Грымяць, напіраюць адна на адну тоўстыя крыгі, становяцца дубка, б’юцца з грукатам аб маставіны, а халодная плынь паветра, нібыта яшчэ адна рака, плыве ўгары над гэтай і астуджае дрэвы, дамы, поле, уцягваючы іх у паводку. Ды шум пакрысе сунімаецца і аціхае, крыгі ідуць раўней, і толькі лёгкі звон стаіць на ўзбярэжжы, быццам дзесьці далёка і вельмі далікатна шклянка датыкаецца да шклянкі: крыгі слухаюць жаўранка і ціхенька пазвоньваюць самі.

Раптам усё пачынаецца спачатку: яшчэ зласней і пранізлівей скрыгоча і ломіцца лёд, разбіваецца на ігластыя драбы, і яны штурхаюцца паміж сабою, распіхаючы слабейшых і зусім выпіхаючы іх на берагі: рака ўжо не змяшчаецца ў ручве. Растае снег на полі і ў лесе, бягуць не збягуцца адна перад адною ручаіны, каламуцячы, высока падымаючы раку над яе звычайнымі ўлоннямі.

Што, хіба, прачытаўшы такое, не робіцца вусцішна і светла?

Дык, мусіць, многа залежыць ад вачэй, якія ўзяў ты ў дарогу, у якія глядзеў на свет. Вочы — люстра душы, казалі некалі. Можа, і праўда: як убачыў настроеным на душэўны лад вокам, так і напісаў, адлюстраваў і адлюстраваўся сам у адлюстраваным. Іначай не здолееш, хіба што зменіцца ў цябе духоўная настроенасць. Тады, вядома, іншыя стануць вочы.

Праўда, бачанне — рэч вельмі далікатная, асабістая. Аднойчы я позна ноччу вяртаўся з-за горада. На доўгім і шырокім праспекце фары выхапілі са змрочнай залевы чалавечыя постаці. Людзі як людзі, беглі, угнуўшыся пад дажджом, а здаліся наўздзіў падобнымі да чалавечкаў, якіх складаюць з запалак дзеці. Адна запалка — галава і шыя, дзве — упоперак яе — рукі, адна — удоўж — тулава, і дзве, расстаўленыя ў бакі,— ногі.

Падабенства ёсць, але, каб даўявіць чалавека, трэба ўспрыманне, настроенае на хвалю дзіцячага бачання.

Дзеці малююць, як бачаць. Відаць, не варта асуджаць і тых дарослых, хто піша і малюе, па-дзіцячы бачачы людзей і з’явы.

 

Свае вочы

Калі добра раздумацца — бачыць рэчы па-свойму ўласціва амаль кожнаму, толькі ў якой меры, вось у чым справа.

Дзесяць сведак злачынства пры апытванні надзеляць злачынцу іншым адзеннем, ростам, абліччам, хоць і бачылі яго ўсе ў тым самым месцы і ў той самы час. Паводле слоў адных гэта высокая, другіх — сярэдняга росту, трэціх — нізкая асоба адпаведна ў чорным, сінім, шэрым паліто. Месца злачынства зноў жа абмалююць неаднолькава: тратуар, рышток, сярэдзіна вуліцы. Нават час, калі ўсё адбылося, можа вар’іравацца ад раніцы да вячорнага сутоння.

Адсюль зусім не вынікае, што апытаныя нешта блытаюць ці дамалёўваюць уяўленнем. Яны расказваюць столькі, колькі ўбачылі, дакладней — колькі былі здольны ўбачыць, і менавіта так, як здалося воку. Ступень асветленасці вуліцы — сонца схавалася за хмару — дазваляла сцвярджаць, што менавіта тады быў вечар, а не дзень. Адлегласць, з якой глядзелася, паказала адменны колер вопраткі, памяняла яго з чорнага на сіні. Нарэшце, шпаркасць хады ўцекача дазволіла меркаваць датычна росту: пры шырокім паспешлівым кроку чалавек выглядае ніжэйшым, чым пры павольным і дробным,— змяняецца нахіл постаці да сцежкі або вуліцы.

Не пакінем без увагі і асаблівасцей зрокавага апарату. Трэба браць папраўку на акуляры, узрост вачэй, хуткасць рэакцыі на ўбачанае і здольнасць захоўваць гэта ўбачанае больш-менш працяглы тэрмін у нязменным выглядзе.

Вось колькі ўсяго-ўсякага спадарожнічае працэсу ўспрымання навакольнага. І ўсё ж, відаць, трэба ўлічыць яшчэ душэўны стан вольнага ці нявольнага назіральніка. Спяшаецца ён на работу ці павольна пахаджае ў выхадны, паглыблен у развагі ці дапускае ў істоту гутаркі пешаходаў, трамвайны званок, смех дзіцяці, расхвалёван няўдачай, грубасцю ці ўсцешан мілай усмешкай, удалым заканчэннем справы — усё гэта падказвае вачам, што ім убачыцца ў тым ці іншым выпадку.

Аднак тут няма яшчэ бачання па-свойму як здольнасці выключнай і непаўторнай. Гаворка ідзе пра індывідуальныя рысы характару. Усе мы, нават не стараючыся, не падобны да сваіх калег ці знаёмых, трымаемся свае звычкі працаваць, гаварыць, выбіраць рэчы для дому.

Пры навальным наступе моды, скажам, насіць пінжакі з высокімі плячыма ці шырокімі штрыфлямі ўсё ж выбіраюць колер тканіны пад густ, асаблівым вузлам завязваецца гальштук, на стандартныя джынсы, дзе-небудзь у найбольш даступным для агляду месцы, нашываецца кветачка, пляшка, конь!

Бястварае канцылярскае патрабаванне на дошкі або шыфер будзе па-рознаму напісана і абгрунтавана, выйшаўшы з-пад рукі розных людзей, хоць яны і супрацоўнікі адной установы, працуюць за састаўленымі ўсутыч сталамі, ходзяць заўсёды абедаць разам у адно і тое ж кафэ.

Гэта ўсё — зародкавыя моманты выяўлення творчага пачатку, мацней пазначаныя ў дзецях і больш-менш прыглушаныя ў дарослых, імкненне сцвярджаць сябе як асобу, з чаго ў пэўных выпадках і вырастае асоба, індывідуальнасць мастака.

Калі такія нагляданні сабраць і абагуліць, дык няцяжка зразумець тых, што меркавалі, нібыта навучыць пісаць можна кожнага, хто б ні пажадаў.

Але ж знайдзіся сярод сведак злачынства, з якога мы пачалі, чалавек з сапраўдным, прафесійна развітым і абвостраным мастацкім зрокам, ён убачыў бы, напэўна, больш і дакладней за ўсіх іх разам, а галоўнае — выхапіў бы самае характэрнае ў здарэнні, па чым можна было б пазнаць і адшукаць злачынцу.

Для мастака бачанне — патрэба, наталенне заўсёднай прагі ўвабраць у сябе як мага больш з шырокай і поўнай ракі жыцця, аднак ён не пагрэбуе і ледзь прыкметнай яго ручаінай. Задаволіў гэту прагу, значыць, сам стаў поўны, каб дарыць, не ашчаджаючы ў будучых работах, вяртаць узятае, але зусім ператворанае, стаўшае новымі вобразамі, адкуль чуваць ужо моц парывання і дзеяння чалавечага.

Напэўна, падобным чынам разважалася шмат каму, і ў маіх выказваннях пачынаюць абзывацца пропісі. Але даходзіў я да ўсяго гэтага сваім гарбом і хачу працягнуць размову, пашукаць розніцы і сувязей паміж бачаннем абвыклым і мастацкім, густам побыту і творчасці.

 

...Сядзелі на адкрытай верандзе кафэ ў Варшаве. Стомленыя доўгімі пераездамі, поўныя ўражанняў ад краіны і сустрэч, маўчалі, глядзелі. Горад плыў у надвечар, скончыўшы дзённыя турботы, людзі не рваліся навыперадкі: хоць на паўкроку, хоць на паўхвіліны ды хутчэй некуды паспець. Вулічная патока заставалася патокай, але ўжо суцішанай, усмешлівай, лагоднай, дзе можна павольна пасоўвацца і разглядацца, раячыся з сябрам, як знайсці спосаб і месца адпачыць, весялей прабавіць час.

Людская гамана ў гэту перадначную пару ўсё часцей перасільвала роўны аднастайны шум пацішэлага горада, зліты з мноства водгаласаў руху: шасцення аўтамабільных колаў, падкоту цягнікоў, паварочвання і пагруквання механізмаў на будоўлях, шорхання падэшваў і падэшавак на тратуарах.

Найбольш ішло жанчын, і не трэба было лішне прыглядацца — сама кідалася ў вочы выразная адменнасць у кожнае. Не з паставы ці круглейшых і вышэйшых рэльефаў, звычайных для жаночае постаці. Гараджанкі былі адменныя ў нечым няўлоўным і ў той жа час настолькі выразным, каб вылучацца ў натоўпе.

Высветлілася, хоць і не адразу, што для гэтага спатрэбіўся не так і вялікі заход.

Зачоска, можа нават і не ўся цалкам, а адна нейкая пасма, прыплоеная ці распушаная свабодна, вызначала выгляд твару — задуменны, журлівы, какетлівы. Падоўжанае непрыкметнай рысай брыво паглыбляла вочы ці адценьвала іх бляск, а дотык належнага колеру памадкі ператвараў вусны ў вішнёвае сэрца ці ружаваты чаўначок.

Якая-небудзь каляровая анучка — шалік, гальштучак, касынка — была падабрана так, каб пасаваць толькі да гэтай і ніякай іншай галоўкі і шыі.

А смелы крой блюзачкі або спадніцы з тканіны, здавалася б, занадта простага гатунку і расфарбоўкі, рабіў павабнай, паказваў, як хацелася кабеце, усю яе постаць.

Як толькі вока выкрыла гэтыя маленькія сакрэты і хітрыкі, стала відавочнай неабвержная і неад’емная вартасць іхніх носьбітак — добры густ. Разуменне, што з дараваных прыродаю набыткаў пакінуць у цяньку, а што падкрэсліць, хай будзе яшчэ лепей відно.

Тут быў сапраўды творчы падыход да сябе, адносіны да ўласнай асобы як да мастацкага твора, хоць, вядома, не ўсе варшавянкі пісьменніцы або мастачкі. І ў парыжанак быццам бы — чута, але не бачана — ёсць такая самая схільнасць.

Прыклад з жаночымі ўборамі быў у падмацаванне сказанага вышэй.

Калі без добрага густу цяжка абысціся ў побыце, тым больш прыдаецца гэта якасць у кожным творчым пачынанні. Без густу людскіх раманаў і паэм не напішаш, развіваць яго цяжка і марудна. Але што зробіш, канечне трэба мець у руках магчымасць, каб дазнавацца, «што такое добра, што такое блага», як гаварыў Маякоўскі. Вось і шукаеш духоўнага яднання з тымі, хто ўмеў дасягаць дасканаласці. А яны, аддаючы незлічоныя скарбы душы, што называецца, направа і налева без разбору ўсім, не адразу расшчодрацца перад просьбітам, як бы ні намагаўся ты стаць на нейкі момант саўдзельнікам тварэння. Не ў тым, вядома, сэнсе, каб убіцца ў сааўтары, на гэта не адважыцца ніякі рэжысёр кіно, а ўсяго крыху адчуць, калі ж — не, дык хоць з-пад павека зірнуць, уявіць запал вялікага, пакуль ён у бяссоннай лютасці адбівае лішнія кавалкі мармуру з «Давіда» ці дзесяты раз перакрэслівае старонкі з «Вайны і міру». Тут вялікія, паўтару, не схільны раскідацца, давядзецца і папаходжваць следам і з шапкай папастойваць пад дзвярыма. А можа, і падкінуць што, прыкмеціўшы ў табе здольны розум і руку. Тады хіба дазволяць дакрануцца да разумення, чаму рабілі так, а не іначай, глядзелі на тое, а не на гэта, прымалі адно, так жа рашуча адкідаючы другое, нічым, здавалася б, не горшае.

Так мы пазнаём кіпенне або застойванне часу, калі яны жылі, бачым людзей, каго яны любілі ці ненавідзелі, удыхаем пах вугалля, на якім варылі небагатую сваю страву, і па гэтым па ўсім узнаўляем незабыўны воблік творцы. Суддзі і абаронцы свае эпохі, разбуральніка і сцвярджальніка яе, гордага самотніка, што грэбуе ласкай каралёў з іх шыкоўнымі банкетамі, і бесклапотнага ахвотніка пасядзець сярод бадзяг і бяздомнікаў за непустою пляшкай ва ўскраіннай карчомцы.

Потым усё гэта, не выключаючы пошуму ветру і прабегу сонечнага промня, удыхаецца ў твор, дзе першаю асобай, з каго растуць усе астатнія, будзе ён сам — адзіны і шматтвары.

І дасюль кожны пісьменнік піша герояў на свой капыл. Яны абавязкова падобны да тых, з кім ён пасвіў коні ці авечкі, хто задзіраў яму на плечы кашулю, заспеўшы ў ігрушах, каго ён пацалаваў першы раз, ад каго навучыўся літар ці заслухаўся песні.

Гэта невынішчальна. І зразумела, калі ўспамянуць пра згадваны ўжо зародкавы момант творчасці, закладзены ў кожным чалавеку, чым ён і адрозніваецца ад знаёмых, сваякоў, супрацоўнікаў. Не проста выконвае абавязкі інжынера-будаўніка, а хварэе душою за кожны лесвічны марш, хоча, каб жылося тут лепш, прытульней, абавязкова дакладае ў агульнае долю свайго, асабістага.

Востра выказваецца творчы момант у дзяцей. Яны здольны бачыць у адной і той жа ляльцы маму, суседку і сяброўку, насяляць цёмны куток пакоя хмызняком з ласямі і вожыкамі, а назаўтра пераносіць у гэта самае месца бераг Чорнага мора і дэльфінаў. Беручыся за аловак і паперу, дзеці найчасцей абмяжоўваюцца часткай замест цэлага: малююць не ўсю сенажаць, а купіну з кветкай, разяўленая дзюба з грэбенем наверсе абазначае пеўня, а кружок з вушкамі і вусамі — мыш або ката. Рэшта дамалёўваецца ўяўленнем. І другія дзеці лёгка спраўляюцца з гэтым, разумеюць усё, тады як дарослыя дзядзі і цёці патрабуюць тлумачэнняў, чым і выклікаюць шчырае здзіўленне аўтараў.

 

Зусім яшчэ хлапчукамі, надумаліся мы з таварышам абысці наўкруга гарадок, дзе пачыналі навуку. Вельмі ж цікава было паглядзець, як ён выглядае поначы, накласці агню на беразе Случы і, калі ўдасца, злавіць з пару плотачак.

У суботу, адразу па абедзе, выправіліся. Ішлося лёгка і ахвотна, пакуль не змеркла. Расталі ў змроку таямнічыя манастырскія муры, на якія мы ўсё азіраліся, каб ведаць, ці далёка адышліся. Стала боязна, але мы праставалі далей, трымаючыся сцежкі, што вілася ўздоўж берага.

Раптам зайшоўся ў брэху сабака, ударыла некалькі стрэлаў, асабліва гучных у цішыні вераснёвай ночы. Няйначай, некага лавілі ці нехта бараніўся. Такі ўжо быў час — грамадзянская!

Мы прыпусціліся бегчы, і беглі без душы спачатку некуды ўгару, падбіваючыся, босыя, на вострай жарстве, пасля — уніз, асклізаліся ў балацяныя затончыкі, ногі рэзала асака, аплеталі сцябліны ўчэпістай вадзяное травы. Выбіўшыся зноў на сушэйшае, сталі і, пэўна, не скрануліся б, каб хто страляў не дзесьці там, далёка, а тут, пры самых плячах. Усярэдзіне ў нас калацілася не менш як па дзесяць сэрцаў — у каленях, у пальцах і ў вушах,— і ўсе яны білі так моцна, што здавалася, учуе тая невядомая пагоня са стралянінай, прыскочыць сюды і схопіць...

Ні ісці, ні варочацца!

Вярнуцца-то мы вярнуліся б, дарма, што заўтра будуць выскаляцца — і на чорта было расказваць хлопцам пра гэты паход. Каб адно ведаць, куды падавацца! Сопалаху мы пабеглі, абы ўцячы, не разбіраючы, у каторы бок, і цяпер не маглі здагадацца, дзе апынуліся, як адсюль кіравацца пад свой дом. Да таго ж заленаваўся і не свяціў месяц, мала дапамагалі і зоры, было іх скупавата, толькі ў прагалах неба паміж хмарамі.

Задыханыя, мы рушылі навослеп, пільнаваліся толькі выгінастай ракі: каля яе быў горад, гэта ведалі цвёрда. Адхілішся — і трапіш у поле, а там, чаго добрага, да раніцы і ў сваю вёску датупаць можна — вось будзе смеху з вандроўнічкаў!

Смачна пахлі антонаўкі, і гэта супакойвала: па гэты і па той бок рэчкі цягнуліся вялікія сады з неабабранымі яшчэ яблыкамі. Значыць, не даём кругу нямаведама куды!

Мы проста прабіваліся праз той яблычны пах, як бы расхіналі яго рукамі і плылі, а ён вісеў, густы, як туман, і быў асабліва моцны, настояўшыся ў восеньскім халадку. Непрыкметна з пахучага змроку выплыла і перагарадзіла дарогу дашчаная агароджа. Мы наткнуліся на яе і адразу ж намацалі дзверцы: ага, тут, пэўна, ходзяць браць ваду на агарод. Рызыкнуць зайсці? І адтуль жа смела могуць стрэліць: пільнуе чалавек саду, так і смальне з ламанкі, учуўшы крок. Хай сабе і не шротам, па яблычных злодзеях калі і стралялі, дык буйною соллю, але ўсё роўна папаенчыш, пакуль вычухаецца.

Тым часам дзверцы рыпнулі і адчыніліся, нехта з нас, відаць, залішне націснуў плечуком. У твар дыхнула цеплынёю перагрэтага камення, запахла распараным венікам. Нас прыняла пустая прыхатняя лазенька. Знайшлі вобмацкам палок, і не паспелі сесці, як прыдрамалі. Колькі было таго заечага сну, невядома, а прахапіліся ад таго, што над галавою нешта грукнула. Па-ранейшаму закалацілася сэрца, адарвалася і пераскочыла ў лыткі. Мы намерыліся шуснуць у дзверы, а зверху загрукатала зноў: на дашок нашага прытулку зляцеў абцяжаны спелым сокам яблык.

Пачынала днець. Ухапіўшы некалькі падалак, мы падаліся ўздоўж задніх двароў, па навозах, як казалі ў нашай вёсцы. Пазнаць, дзе мы, у якой частцы горада, усё яшчэ не маглі: туман не разыходзіўся. Але на ранішнім відне, са смялейшай душою, можна было не спяшацца: нядзеля, урокаў няма, як-небудзь ды выб’емся на больш-менш знаёмую вуліцу.

Наперадзе з недалёкага агарода, быццам загадваючы спыніцца, махнула рукою нейкая дзіўная постаць. Мы паўгіналіся і залеглі ў разоры. Насупраць, на гурочнай градзе, з’явілася Бэсціха, удава Фэлькі-сталяра, першая на ўвесь прыгарад самагоншчыца, вельмі галасная жанчына, рашучая на крок і не скупая на брыдкае слова. Цяпер яна чамусьці не рухалася і, галоўнае, маўчала, не бэсціла нас за парушэнне мяжы яе ўладанняў.

Перабароўшы першы пярэпалах, мы сталі цікаваць, як лепей уцячы ад гвалту, каб не чуць сарамацення за нячэпаныя гуркі, бо, што ты да іх не дакранаўся, не давядзеш, усё роўна будзе крычаць: а чаго вы па градах поўзалі! Але ж Бэсціха і не думала ні даганяць нас, ні разяўляць рот, стаяла на адным месцы ў картовым, ад вялікай вагі праношаным на грудзях жакеціку і ўсё памахвала як быццам нежывымі рукамі ў нібыта пуставатых рукавах. Нас чакала жахлівае адкрыццё: у Бэсціхі не было галавы, толькі старая хустка, завязаная вакол навітага на тычку жмута саломы.

Пудзіла!

Не высмеяўшыся як след пасля гэтай сустрэчы, мы натрапілі на яшчэ мудрэйшае. Непадалёку ад участка самагоншчыцы стаяла прысадзістая постаць у камізэльцы на кашулю з косым каўняром. Рыхт у рыхт сальнік Казя Трыгубовіч, каму належаў агарод, выйшаў пратрэсціся і пасля ўчарашняга прасвяжыць галаву першаком вырабу свае суседкі. Толькі наша вока ўжо ўгадвала пад трантамі сальнікавага ўбрання тычку і напханы нечым мех.

Мы аж клаліся з рогату.

На сядзібе поруч матлялася вырудзелая брызентавая накідка — яе ўсе ці раз бачылі на плячах у колішняга ляснога купца з гучным прозвішчам Валянрод, а крыху далей, у садзе пастара Курнатоўскага, маячыла нешта нейкае ў сутане і цвёрдым стаўбунаватым капелюшы.

Смяяцца-то мы смяяліся, але ў той жа час былі на мяжы веры, нібыта гэта сапраўды лясны здабытчык пахаджае, чакаючы фурмана, каб ехаць на далёкую пільню, а божы слуга тэпае на ранішнюю імшу ў свой кальвінскі касцёл.

Цяпер ужо спаў цяжар няведання, як дастацца на сваю вучнёўскую кватэру. Ад вераб’інага страху ў палапленых на каленях портках, што выставіў кравец Юзя, акурат такі мужчынскі майстар, як пазней вычытаны ў Тувіма «ён жа — мадам і ніцоўка», да нашага дома было хвілін з дваццаць хлапечай хады подбегам.

Мы зрабілі са свае знаходкі вясёлую гульню. Прыводзілі ў тыя мясціны другіх хлопцаў, папярэдне завязаўшы вочы, каб не ведалі, куды прыйшлі: «А ну, пазнавайце, чыё пудала?» І нашы таварышы беспамылкова пазнавалі.

Няхай у гэтых адгадках многа важыла знаёмае, ужо бачанае на людзях адзенне. Але ж Бэсціха, сальнік, кравец мімаволі надалі сваім агародным намеснікам зайздроснае падабенства да саміх сябе. Ніяк не скажаш, быццам яны дзейнічалі свядома — дзе гэта знойдзеш ахвотніка выстаўляць на смех уласную асобу!

Не, відаць, абазвалася прыглушанае гадамі і дарослым клопатам дзіцячае прагненне — тварыць сабе падобных, дамалёўваць нястачу вугла ў доме ці ног у натоўпе нястрымным уяўленнем.

Падобныя да сябе пудзілы выстаўлялі амаль усе ў гарадку: кажушнікі, рымары, шарстабіты, тое рамесніцтва, што пісалася мяшчанамі, не дацягваючы купецкага ці службовага стану. У іхнім майстраванні нявінных пострахаў для птушкі выходзіла напаверх многа чаго. Адзнакі прафесіі — сутулавасць у вечна сагнутага краўца і шаўцоў, улюбёныя звычкі, скажам, выстаўляць наперад плячо ці жывот, і, хоць рэдка, тое-сёе з нацыянальных рыс і густаў,— на татарскіх агародах постаці былі заўсёды каржакавацейшыя і ярчэй апранутыя.

Ды не толькі ў гэтых, бяссонных працаўнікоў горада, было так. Тое самае праразалася ў куды больш заможных асоб, саборнага бацюшкі ці гарадскога рэзніка. Яны не самі стараліся наконт абароны сваіх агародаў, напэўна, загадвалі рабіць гэта дворнікам і служанкам. А тыя, хоць і не дзейнічалі на ўзор прыдворных жывапісцаў, не сіліліся падгадзіць падхарошаным партрэтам святлейшаму заказчыку, мімаволі ці наадварот, з жаданнем чым-небудзь адпомсціцца, кпліва пераносілі гаспадарскія рысы на пудзілы.

 

Магчыма, можна было б знайсці і лепшыя, менш белетрызаваныя прыклады, але і гэтыя, здаецца, у асноўным адпавядаюць задачы і даводзяць думку: бачанне сваімі вачыма і тварэнне на свой узор, уласцівыя ў пэўнай меры кожнаму чалавеку, для пісьменніка ператвараюцца ў катэгорыю абавязковага. А таму ці не пачынаць змалку, пакуль гэта цудоўная здольнасць не разгубілася на жыццёвых дарогах, ці не тады пачынаць развіваць і выхоўваць уяўленне. Можа б, і прыбавілася ў народу рук, здольных на оперы, карціны, раманы.

 

Майстэрства і немайстэрства

Вада з часам змяняе шчыльнасць, вязкасць, электраправоднасць. Гэта адкрыццё нашых савецкіх вучоных. Колькі новых якасцей адкрыла ў душы чалавека наша літаратура? На жаль, за новай, ультрасучаснай фразеалогіяй далёка не заўсёды чуецца выхаваная новым светам і новым ладам духоўная арганізацыя героя. Замяні ягоны камбінезон на гарнітур для верхавое язды, рассунь цэхавыя сцены — і перад табою паўстане банальны вобраз абібока-паўпанка, якіх нам удосыць пакінула літаратурнае варыва і печыва на пачатку стагоддзя.

Адсюль і хапанне некаторых за так званыя вечныя тэмы — каханне, дружба, смерць. Як быццам жыві зараз Шэкспір, ён не напісаў бы іначай свайго «Гамлета»!

Адвярнуцца ад сучаснасці і пісаць, арыентуючыся на тое, нібыта гены ў чалавека не падлягаюць ніякім зменам, а ўсё такія ж, як і тысячу гадоў назад?

Не пагаджаюся, крыўдна. Дый уцячы са свайго часу кудысьці за хмары мінулага ці будучага проста не ўдасца.

«Жыць у грамадстве і быць вольным ад грамадства нельга»,— Ленін давёў гэту праўду яшчэ ў гады першай рускай рэвалюцыі. Вольна ці міжвольна, далучыўся ці сам дайшоў да гэтай думкі такі светлы талент, як Блок, загаварыўшы пра несвабоднасць мастака ад веку. А ўсякія спробы ўцячы ў вежу са слановай косці ад грамадства і тым самым ад сябе як асобы ва ўзаемаадносінах з часам канчаліся марна, раскрываючыся наастатку як з’явы сацыяльнага быцця на пэўным гістарычным прамежку.

Духоўная незапоўненасць аўтараў клопатам сучасніка прыводзіць да вельмі не густой прозы і яшчэ радзейшых вершаў. Дробязнасць думкі і мізэрнасць пачуцця сіляцца прыхаваць пад манернасцю выражэння, уяўнай мнагазначнасцю, што часам збываецца ў друк пад выглядам філасафічнасці і нават наймяноўваецца філасофіяй.

Усе такія замахі выкрываюцца пры першым жа сутыкненні з чытацкім вокам. «І гэта ўсё?» — і які-небудзь вершаваны зборнік адкладаецца ўбок. А што ж мне сказалі? Што я знайшоў, пра што дазнаўся, чым быў усхваляваны?

Сапраўдны верш — заўсёды жывы арганізм. Актыўны крывезварот — першая адзнака, што верш жыве. Такая ўмова не вызваляе ад недахопаў. У кожным творы, як і ў чалавечым арганізме, можа здарыцца сардэчная недастатковасць. А жывы верш ці не, чуваць адразу, як, скажам, калі вы намацаеце пульс: і са старонкі ідзе выпраменьванне цеплыні, чаргуюцца рытмічныя ўдары сэрца. Не стаю за дакладнасць параўнання, але штосьці падобнае адчуваю пры сустрэчы з сапраўды паэтычным радком, мяркую — адчуваю не толькі я.

Нармальны крывезварот у вершы не павінен парушацца, калі аўтару па маладосці хочацца зрабіць фармальнае сальта або прайсціся на руках у сэнсе асаблівай вышуканасці радка ці вобраза. Праўда, можа некалькі прыспешыцца пульс, ад гэтых практыкаванняў каб не было шкоды гімнасту.

Перш чым завязаць пояс, трэба надзець порткі, ці не Тувім сказаў гэтыя цудоўныя словы? Менавіта поясам дысцыпліны для вершаванага радка і ёсць рыфма, так, прынамсі, лічылі здавён.

Пішуць шмат нерыфмаваных вершаў, кажуць, быццам так вальней дыхаць слову, разнявольваецца змест. Палічы гэта за праўду, дык, чаго добрага, і да Смердзякова прыслухаешся: «І калі б мы пачалі ў рыфму гаварыць, хоць бы нават паводле загаду начальства, дык ці шмат мы нагаварылі б»?

Парадокс, але зусім чыстая праўда: паэзія патрабуе найвялікшай свабоды і лёгкасці і ў той жа час найстражэйшай дысцыпліны і дакладнасці. Тут столькі ўмоў і перадумоў, прызвычаенняў і канонаў, што і разгубіцца можна.

А ты ступай паўзверх нагароджаных напярэдадні ўмельцамі агароджаў і заслонаў. Дбай ды дбай, каб сказаць усё, што рупіць, і так, як хочаш, не перабраць лішняга і не спыніцца, не дабраўшы патрэбнага. Хай выходзіць ад цябе слова такога гучання і давяральнасці, нібыта яно і ёсць адна-адзіная найбольшая і найчысцейшая ў цэлым свеце праўда, якое ні да гэтага не існавала, ні пасля не народзіцца.

Сачы і спыніся ў часе на тым самым славутым «ледзь-ледзь», з чаго пачынаецца мастацтва, адкуль загараецца над тваёй работай яркі і трывожны агеньчык — жыве.

А ты ўжо застанешся збоку, як быццам нічога не стараўся, не дабіраў сну, не тлуміў галавы думкамі, не мучыў рукі прыкідкамі: твор існуе самастойна, незалежна ад цябе. Хоць і вырас з твае плоці і крыві, але мае ўжо свае плоць і кроў і гэтым нязмушана, непрыкметна прыпадае да нейчае трэцяе душы, пачынае доўгае ці кароткае вандраванне ад сэрца да сэрца, пакуль не вычарпаецца ў ім паветра часу, запал пачуццяў, святло пазнання.

Ты свае справы скончыў. Хочаш — пацешся крыху, пакрычы ад удачы: «Ай да Пушкін! Ай да сукін сын!», ці ўнурыся перад чарговым узыходам на вяршыню.

Хай цяпер чытач радуецца тваёй усмешцы, падхоплівае ўпадабанае ўголас або цішком уцірае слязу. Ён не ведае і не павінен ведаць тваіх намаганняў. Як толькі на творы кідаюцца ў вочы знакі ад сякеры ці наждака — бяда! Найчасцей гэта след рамесніцтва або так званага самаедства, калі талент ператочваецца звышсамакрытычнасцю: робяцца дзесяткі варыянтаў, а выбраць адзін, найлепшы, часам — самы першы, нестае густу.

Густ — катэгорыя вельмі няпэўна акрэсленая, але тым не менш абавязковая для пісьменніка. Гэта — і выбар тэмы, і матэрыялу, і спосабаў апрацоўкі і, нарэшце, вызначэнне суразмернасці частак твора, умельства зірнуць на ўсё сваё збудаванне цалкам. І тады — ужо ў гатовым! — адкінуць непатрэбную прыбудоўку, прыняць якую-небудзь пераборку ўсярэдзіне, каб паветра было больш і прастору для думак, здзіўленняў, нечаканак для таго, хто ўвойдзе ў твой будынак следам за табой.

Тут ужо, акрамя цябе самога, ніхто не дапаможа і нічога не дарадзіць. Густ ёсць густ, яго не могуць замяніць самыя танчэйшыя электронныя вымяральнікі і нават зычлівыя знаўцы, з кім ты прывык раіцца перад надрукаваннем рэчаў.

Толькі тады можаш лічыцца майстрам, калі выспее сіла вырашыць: друкаваць твор ці не. Не хапае рашучасці ўстрымацца, адкласці ўбок слабое — відаць, сталасць рукі і думкі не прыйшла.

Гэта не так цяжка гаварыць, а вось як давядзецца выкрэсліваць — шкада! Шкада, хоць і ведаеш, бачыш, што замінае табе нешта. А часамі, апрача расцягнутасці, з усіх бакоў вытыркаюць рагі схемы, моцна аснаванай і ёмка закручанай у сюжэт, але схемы, і поўным-поўна штампаў.

Літаратурныя штампы перад усім выяўляюцца ў перадачы рухаў чалавека: калгаснік — папраўляе супоню, падпольшчык — укручвае кнот у лямпе пры стуку ў дзверы (толькі ў адной кнізе ўспамінаў іначай: небяспека, а чалавек падкручвае кнот).

А што зробіш з гэтай бядою, яна ўлазіць непрыкметна, як ні сцеражыся. Нават Горкаму часамі не хапала руху, каб падкрэсліць перажыванне. У «Жыцці Кліма Самгіна» Лідзія падчас рашучага вытлумачэння з Клімам — двойчы ўстае з крэсла (на адной старонцы), не сеўшы і не сядзеўшы.

Але як зроблена гэта, паспрабуйце адшукаць! Я, да прыкладу, заўважыў, правячы свой пераклад «Самгіна»,— пакуль не зверыў з арыгіналам, думаў, што памыліўся сам.

Відаць, засмела гаварыць — «не хапіла руху».

У класікаў заўсёды ёсць падставы нават на памылкі. Не магла гераіня Горкага вымавіць словы, да якіх яе абавязваў стан узрушанасці, іначай як стоячы,— вось і ўстала!

Шмат каму здавалася, нібыта вось узяў ды схапіў класіка за руку, выкапаў недавершанае, недагледжанае. Прыкмячаў так званыя плямы на сонцы дарэвалюцыйны крытык і парадыст А. Ізмайлаў, знаходзіў і савецкі літаратуразнаўца А. Дэрман. А ці ўсюды мелі яны рацыю?

Юры Алеша ў ненапісанай, недапісанай, няскладзенай самім кнізе «Ні дня без радка» заўважыў, як яму здалося, недакладнасць у Гогаля. Даўшы бацьку панначкі з «Вія» пэўны ўзрост — 40 гадоў, Гогаль далей піша: «Старец заплакал». Алеша мяркуе, нібыта Гогаль забыўся, што пісаў вышэй, бо не мог жа ён усур’ёз палічыць дзядком саракагадовага.

На мой погляд, тут іншае. Падобнае да ператварэння срэбнага абразка, якім у Талстога блаславілі на вайну князя Андрэя. Калі той, паранены, ляжаў на полі бою, абразок раптам стаў залаты. Талстой павысіў клас металу, іначай на яго не паквапіліся б марадзёры, і князь Балконскі застаўся б не падабраны.

Гогаль убачыў свайго героя сагнутым праз гора — смерць дачкі, пастарэлым настолькі, каб выглядаць дзядком.

Ці раз траплялася наглядаць, як чалавек, і ў крытыках не хадзіўшы, ёмка і трапна адлучае авец ад козлішчаў у бліжняга свайго. А гляне на сваё — прыжмурваецца! Упікаючы за грахі каго іншага, мы сарамліва абмінаем іх у сябе, хоць і нашы творы хварэюць на тое самае.

Дактары не вельмі рэкамендуюць лячыцца самім, а, хочаш не хочаш, даводзіцца: вось і дамагайся сам дасканаласці, пакуль можаш, пакуль бачыш хоць найменшую недаробку.

На дождж спадзявайся, а гуркі палівай! — гэта быццам знарок прыдумаў народ пра дапамогу крытыкі. Бывае, блытае яна паперы: адным даруе відавочна недапрацаванае, недавершанае, тады, вядома, справядлівыя патрабаванні здаюцца завышанымі.

Падчас справаздач толькі і чуеш: «Мы напісалі», «Мы выпусцілі!». А ў чытача аскоміна. І ад напісанага і ад выпушчанага. Ці не пара б пачаць гаварыць: «Я ўстрымаўся аддаваць у друк», «Мы ўстрымаліся выдаць». А крытыцы — выйсці на падтрымку.

Для дабра літаратуры.


1959-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 623 с.
Крыніца: скан