epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Ручай

З далёкай стромае вяршыні

Звісаў, як нітка, ручаёк,

І я пайшоў насупраць плыні,

Каб дакапацца, дзе клубок.

 

З якіх ён выбіўся расколін,

Чым пачастуе нас цішком:

Ці домессю гаючай солі,

Ці то яшчэ якім дабром?

 

...Ударыў гром, і поруч з гэтым

Пабег ручай, за ім другі!

Вясна здароўкаецца з летам,—

На Татрах растаюць снягі.

 

I зноўку загрымела глуха,

У скалах пашчапаўся гук...

Злуе завея-папрадуха,

А пража ўсё сплывае з рук.

 

1955


1955