epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Рыбны рынак у Нью-Йорку

Салёны пах лускі, вантроб,

На беразе дыміцца смецце...

І ў шорханні рыбацкіх роб

Затоен акіянскі вецер.

 

Тут, абляпіўшы ўсе масткі,

Каля кашоў пастаўшы рачкі,

Натужаць пэндзлі мастакі

І малакроўныя мастачкі.

 

І я гляджу на сонных рыб,

А кожная — па свінаматцы!

І думаецца: што, калі б

Сюды дарваліся фламандцы?

 

Які пачаўся б ураган,

Прыроды з пэндзлем паядынак,

Які праліўся б чыстаган

З рыб і звяроў, плячэй і шынак.

 

Цяпер жа друг мой, паляшук,

Глядзіць і цэдзіць:

— А хварэлі!

Каб тук пісаць, патрэбен тук,

А не худыя акварэлі.

 

20.Х.1968