epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Сад маладосці

*

Кінем позірк у 20-я гады. Гэта была шчодрая на вершаваныя радкі пара. Паштальёны гнуліся, носячы ў рэдакцыі туга напакаваныя скураныя торбы з тоўстымі самаробнымі канвертамі. І ў кожным другім — вершы.

Старшыні выканкомаў пісалі рэдактарам газет і часопісаў адноснікі: «Пры гэтым накіроўваецца 30 фунтаў вершаў, напісаных паэтамі з нашай воласці...»

Цяпер гэта выклікае ўсмешку, тады сведчыла пра вельмі многае.

Пачаў сцвярджаць сябе абуджаны Кастрычнікам народ. Будаваўся на разняволеных прасторах і абсяваў іх. Загаварыў на поўны голас сваёю моваю, і яму адразу спатрэбілася ўсё: школа — ад пачатковай да вышэйшай, тэатры і клубы, кнігі і газеты.

Абудзілася мноства народных талентаў, яны не адразу знаходзілі сваё прызначэнне. Моладзь шукала сродкаў самавыяўлення і кідалася пісаць вершы. Ва ўсе часы душа нашага народа была спеўнай. Але спяваць ёй даводзілася найбольш, глытаючы горыч і ўціраючы слязу,— горка і слёзна, як сказала народная заплачка.

А вось зараз і можна і хочацца гаварыць інакш, не хаваючы радасці. Бо, як сягае вока, скрозь непачынаны край работы, свой гаспадарскі клопат турбуе чалавека, весялейшымі вачыма глядзяць людзі наўкол на справу сваіх рук.

Пра ўсё гэта складаліся радкі ўмела, а найчасцей няўмела. З усіх куткоў краіны пайшло абзывацца паэтычнае водгулле.

Гэтак уяўляецца, дый так сапраўды было, прыход у літаратуру моладзі, дакладней кажучы, пачатак савецкай літаратуры ў рэспубліцы.

Перад вачыма ў моладзі быў грамадскі розгалас і эмацыянальны ўплыў твораў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Чарота. І хоць у далейшым маладыя вершапісцы сталі ў большасці сваёй настаўнікамі і дактарамі, дзяржаўнымі дзеячамі і інжынерамі, яны, дарэчы ўспамянуць, засталіся прыхільнікамі і прапагандыстамі мастацкага слова.

Адбыўся, калі можна так сказаць, працэс крышталізацыі: у літаратуры засталіся толькі тыя, для каго яна была прызваннем, галоўнаю справаю жыцця.

*

Дзіва, як не сатлела яно ў прыску разбамблёнага Мінска, гэта шэрае паспарту! Авалы фатаграфій — твары хлапцоў і дзяўчат — у аздобах, на якія не скупіліся правінцыяльныя фотамайстры. Васількі і каласы, паходня на разгорнутай кнізе — уся гэта наіўная сімволіка хараства і карысці, асветы і ведаў выразна сведчыла пра абавязкі сабранага на фатаграфіі юнацтва. Не пакідаў сумняванняў і надпіс на істужцы са зборкамі: «VI выпуск Беларускага педагагічнага тэхнікума, 1928 г.»

Унеслі ў пакой гэтую картку, і адразу ж спляснуў лісцем сад маладосці, зашумеў, як шумеў ён некалі — чатыры самыя лепшыя з пражытых мною гадоў.

Мілыя твары сяброў і сябровак нібыта ажылі, і мімаволі захацелася назваць усіх па імёнах... Не маўчыце ж, адгукніцеся па старой дружбе!

Даніла, можа ты дзе недалёка? Ты ж родам з той мясціны пад Мінскам, што ўкрыла сябе славаю дукорскіх партызанаў. Нездарма ж гэта была радзіма ўсебеларускага старасты Аляксандра Рыгоравіча Чарвякова. Ты, напэўна, пайшоў тым следам на змаганне супраць захопнікаў. І, калі не склаў маладое свае галавы, тупаеш зараз дзе-небудзь на сонейку, думаю, з кійком, бо за гэту дзядоўскую прыладу даводзіцца хапацца і самому.

А ты, Петрусёк? Сам добра не ведаеш, адкуль ідзе твой род, ты рос у дзіцячым доме. Ты тады ўжо насіў акуляры ў драцяной металічнай аправе. Здымаў іх толькі кладучыся спаць і па-майстэрску вырабляючы практыкаванні на кольцах.

А вы — дзве Наташы? Светлакосая — паэтэса, на дзіцячых вершаваных кроках прыкмечаная Якубам Коласам, і дзяўчына цямнейшага воласу, пазней настаўніца-дашкольніца, дзе вы?

Маня... Мань тут аж тры. Каторую гукнуць спярша? Напэўна, вось гэтую. Невысокая, чарнявенькая, з такой светлай усмешкай насустрач, нібыта ты ёй самы блізкі сваяк і не бачыліся вы сама менш гады тры. Адрываючы скупыя хвіліны з адпачынку, ты вышыла кашулю Трусу. Паўлюк скончыў тэхнікум на год раней за нас і, развітваючыся, абяцаў прыехаць на наш выпускны вечар. Ты сказала: спраўдзіш, будзеш мець падарунак. Паўлюк прыехаў і атрымаў выдатную вышыванку, з буйнымі ружамі цераз грудзіну, такімі свежымі, быццам бы толькі-толькі з куста. Так хораша абдараваны, адразу ж надзеў і пайшоў спяваць з нашым хорам, людскаваўся на сціплым развітальным пачастунку.

Тут не было кахання, пісаў і думаў Паўлюк пра другую, таксама, праўда, Маню, з абліччам больш замкнутым і задуменным, пэўна, дамаляваўшы ёй рысы Марыі з пушкінскай «Палтавы», гэты твор ён ведаў амаль увесь на памяць. З маёю аднакурсніцай у Труса была дружба, не ў сучасным разуменні маладых, а таварышаванне: калі для сябра — усё папалам, і лепшая палавіна каб абавязкова прыпала яму.

Пачуццё таварыскасці добра выростала на тэхнікумаўскай глебе. Многа чаго ўклалася ў гэты грунт: выдатныя настаўнікі і супольнае навучанне ў іх, вясёлыя заняткі ў харавых і скочных гуртках, вячорнае чытанне ў бібліятэцы, літаратурныя спрэчкі, святочныя адпачынкі ў клубе і ў зялёным кутку — нашай ферме каля Свіслачы. І галоўнае — адкрытыя юнацкія сэрцы: запала што, дык на ўсё жыццё.

Вось я і не магу спыніцца: выклікаю з юнацтва постаці так, як запомніліся, палюбіліся тады.

Тодар... Ці пашчаслівіла хаця табе ў жыцці тое, што насіў шчаслівае прозвішча? Дасюль гарэніць смуткам тваё апавяданне пра горкага бедняка, які, выходзячы на работу, клаў на стол скрыпку. «А хлеба, татка?» — прасілі галодныя малыя. «А вы, дзеткі, тромкайце!» Успамянуў гэта і цяпер як быццам глынуў разам з паветрам камячок слязы дзіцячага гора...

Янка! Высокі, дужы, але вельмі ціхманы. Не здолеў дамагчыся адказу ад вучняў на абавязковай лекцыі ў паказальнай школе, там выяўляліся нашы настаўніцкія таленты. Лепшы студэнт курса, і раптам — правал! Праўда, практыкантаў пераварочвалася многа, вучні былі раздураныя. У момант прыкмячалі, хто чуецца не зусім пэўна, не можа ўгібаць у рукі дысцыпліну, і малыя дурэлі. Асабліва адзін, з птушыным, здаецца, прозвішчам — ці не Верабей? Спытаешся, чаму не малюе, а ў адказ: «Я спяваць хачу!» Вось і ссадзіў практыканта з капытоў, бо на задніх лаўках сядзяць і сочаць за табой нашы і школьныя настаўнікі, метадысты, студэнты. Аднак гэтую малую птушку мне ўдалося выставіць за дзверы — мог бы ўперціся і не пайсці! Тады мая, наогул сярэдненькая, лекцыя была ацэнена добра — умее трымацца, не разгубіўся.

А ў Янкі — няўдача! У перапынку ўсе кінуліся спачуваць, спагадаць. А ён на ўсе жалі і засмучэнні адказваў толькі яснаю сваёю ўсмешкаю. Нарэшце абазваўся: «Нічога!» — і дадаў колькі слоўцаў...

Ніхто з нас, хлопцаў, не спадзяваўся ад яго такога. А Янка сказаў, ды яшчэ пры дзяўчатах, але так па-хатняму абвыкла, па-сялянску проста, што не адчулася ні цынізму, ні грубасці. Волечка, таўсмаценькая, вастравокая сяляначка, што найбольш хвалявалася за Янку і церабіла яго за рукаво, сама не заўважыла, як механічна паўтарыла тое самае. Тады толькі схамянулася: «Ой, што я!» — заціснула рот далонькаю і выбегла...

Тады ўсе зарагаталі, не шануючы дзявочых вушэй, бо смяяліся і дзяўчаты. Асабліва пырскаў Міхась-весялун — ён адзін з першых у горадзе сабраў сваімі рукамі дэтэктарны прыёмнічак,— гэты прысядаў, пляскаў сябе па каленях: «Янка аскароміўся!»

Прыкры выпадак не папсаваў, аднак, рэпутацыі нашага сябра: гады адменнага навучання дый іншыя хораша праведзеныя лекцыі прынеслі яму добры дыплом.

Яўген... Зямляк-случанін, з выдатным каліграфічным почыркам, працаваў як быццам у сялянскай газеце, ды мала пахадзіў па зялёнай мураве...

Міхась... Тады дружылі, убачыліся і ў сталым веку, пасля вайны, праводзячы нейчую трупу. Змовіліся сустрэцца, а ён не прыйшоў.

Мікола... Прыехаў вучыцца ў смешнай шапачцы-магерцы, накшталт тых, што насілі палоненыя ў імперыялістычную аўстрыйцы. Прыгнаныя на работу ў фальваркі, яны распаўзаліся па вёсках, шукаючы падхарчавання: вылівалі з волава, выплесквалі з мядзяных трохкапеечнікаў пярсцёнкі, жуковіны, як называлі іх слуцкія дзяўчаты. Хадзілі палонныя хто ў чым, абы цяплей. Ці не за тыя, падобныя да аўстрыйскай, шапачку і курцік прыляпілі старэйшыя на наш першы курс мянушку «аўстрыйцы»? А Мікола хутка вылюдзеў, стаў прыкметным у горадзе камсамольцам.

Вера... Рэзкаватая, на першы погляд, але добрая і смяшлівая, яна была прафсаюзная актывістка.

Сяргей.... Гэты можа найболей абяцаў з маладых тады паэтаў, па ім засталося некалькі тонкіх, амаль забытых цяпер кніжачак. «Беларусь больш не стане крыжам пры дарозе з Хрыстом распятым». Ягоныя словы, помняцца і дасюль, першыя з радкоў пачаткоўцаў прагучалі ў маладнякоўскіх дакладах, паўтараліся ў прэсе.

Паляшук па нараджэнні, ён выхоўваўся разам з Толікам-мастаком у Мазырскім дзіцячым доме. Быў не надта старанны — рана спакусілі вершы! — але кемлівы, з добрай памяццю, хораша маляваў. Твораў, якія вымагала вывучаць праграма, чытаць ленаваўся, прасіў пераказаць змест. Слухаў і здаваў потым залік з лепшай адзнакай за таго, хто расказваў. Значыць, умеў вылушчыць з рэчы самы асяродачак, стрыжань, галоўнае. Гэта ўмельства сцвярджалася і тым яшчэ, што палавіна курса насіла дадзеныя Сяргеем мянушкі. Трапныя і вясёлыя, зусім някрыўдныя, яны адразу прыжываліся. Да часу выпуску стаў хлопец вельмі прыгожы і таксама займеў мянушку. Мы звалі яго Серж, зрэдку дадаючы — Путоўскі. Гэтак менавіта — у два словы — ён запісаў у канспекце прозвішча вядомага збіральніка беларускіх казак. Вершы Сяргеевы студэнты любілі і многія ведалі на памяць. Лёс не быў шчодры, здольны гэты чалавек пайшоў ад нас, многа чаго не дагаварыўшы...

Эстэрка... Біблейскага хараства дзяўчына. Яе кучаравая галоўка хораша вылучалася на каўняры паўкажушка; такую вопратку — сялянскія дзеці! — насілі мы ўсе. Праз адну ці дзве зімы навучання ў яе з’явілася дзіця. Памылка на той час і на дзяўчынін век — нялёгкая, але ніводнага жарту, ніводнага кплівага погляду не было кінута ў бок сяброўкі. Ёю апекаваліся дзяўчаты ў агульным памяшканні, без чаргі давалі месца пры абедзенным стале, непрыкметна падкладаючы лішняе паўлыжкі кашы: «на дваіх».

Стэфа, Ганна, Ларыса, Валянціна, пра якую Сяргей сказаў «зеленакосая бярозка»...

 

Вымаўляю імёны і нібыта чую, як з далёкіх дзён абзываюцца галасы. Тыя, тагдышнія... Вясёлыя, не зачэпленыя хрыпатою ад жыццёвых застуд, не прыглушаныя дарожнымі засмучэннямі.

На нейкі зусім кароткі момант пачынаю і я ўяўляць сябе такім, як хлопцы і дзяўчаты, што глядзяць з карткі: на першых кроках у жыццё. Аднак перамовы з парою ружовых летуценняў, якімі б светлымі яны ні здаваліся ў маладой далечыні, пакрысе надараюць смуткам па незваротным, пагражаюць перарасці ў боль...

Бо, пачаўшы лічыць, шмат каго ўжо недалічуся, не знайду іхніх курганкоў там, дзе адстойвалі яны сцяг наш і свет наш. Пра другіх прачувалася штосьці не дужа лёгкае: жыццёвыя неспадзяванкі, хворасці, часам чалавечыя нячуласць і несправядлівасць не дазволілі ім прыкласці, як маглі, як хацелі, сталую сілу сваю да той справы, якую ахвярна любілі, рабілі заўсёды са шчаслівым трапятаннем у сэрцы, цёпла і дакладна называючы яе — клопат пра наступніка. Той самы, што іначай называецца школа, дзе з малых, натурыстых, гарэзлівых чалавечкаў выгадоўваюцца грамадзяне, вартыя гарачага, уздымнага часу, патрэбныя нашай невычэрпнай на пачынанні і шляхі Радзіме.

Пра ўсіх, аб кім падумалася і ўспамянулася, я мог бы прыгадваць яшчэ і яшчэ... Бо ёсць што. Горшае не паказваецца ў такой паўнаце, хоць было і яно: шпарка ў розныя часы малолася мука, дзе ж тут абыдзешся без высевак!

Дзівіся не дзівіся, а паўвека прайшло. Нічога ўжо не пераробіш, не перайначыш, нічога не падвяслуеш назад з тых неўзаметку адплыўшых даляглядаў. Не адхіліш і нясціплага дотыку ўзросту: пачалі мы не пазнаваць адзін аднаго на вуліцы або, сутыкнуўшыся твар з тварам, дзе-небудзь у бальнічным калідоры. І размінаемся часамі, не пазнаўшы, не ведаючы, што жывём у адным горадзе, хіба што ўзятае ў чорную рамку паведамленне ў вячэрняй газеце напамяне, выхапіць са змроку мінулага сяброўскія рысы ці словы, тады зашчыміць дакор самому сабе: а маглі б і дасюль бачыцца!

 

...Тым часам з гэтай памятнай карткі ўсё точыцца і точыцца цеплыня... Каб агледзеўся і, як трэба, аслухаўся раней, можа і рызыкнуў бы напісаць што большае, бо маю пэўнасць: не пашкодзіць людзям ведаць пра тую маладосць, не толькі студэнцкую, а маладосць ладу, рэспублікі, яе ўраджаяў, вершаў, доследаў, першых, сваімі рукамі зробленых машын. Маладосць гэта ў маштабе Часу даўно мае лаўры Неўміручасці. Іначай сказаўшы, узгадаванае тады пакаленне дзівіць выключнага гатунку трываласцю і ў здзяйсненнях сваіх, не гавару пра вышыні памкненняў, багата дзе пазначыла свае шляхі подзвігамі, чутнымі і знанымі на радзіме і ў свеце.

Вось і шкада, што не аднатаваліся адметныя рысы кожнага, хто меў сілу, гонар і асалоду падымаць плячыма эпоху. Бо пакаленне ёсць пакаленне, яно — неўміручае, а чалавек ёсць чалавек: што душа, то свая постаць. Дый людзей тых усё меншае, а няхай бы жылі і надалей хоць на паперы ці на палатне, але жылі роўна і згодна з намі і з нашчадкамі.

Цяпер ужо не ўхаплю дагнаць і замацаваць недабачанае, можа хто іншы знойдзецца, скажу ўсяго толькі пра аднаго таварыша, чыйго аблічча на выпускной картцы няма, а магло быць.

Цэлыя два гады правёў ён пад дахам нашага юнацтва. Мы побач слухалі і не чулі лекцыі, нявыспаныя, стараючыся не пазяхнуць, бо ноч была праседжана за вершамі. Яны ляжалі, свежанькія, у прыскрынках нашых лавак і прасіліся на божы свет — пачытаць у перапынку дый можа заімчаць куды у рэдакцыю.

На вялікіх пераменах мы стрымгалоў ляцелі па сходах у падвал абедаць і ўвішна бразгалі алюмініевымі лыжкамі, каб што болей вылавіць у пуставатай сталовачнай капусце. Калі ўдавалася трохі зарабіць, хадзілі ў кіно са сваімі тагачаснымі захапленнямі і, не выбіраючы ні часу, ні месца, чыталі адзін аднаму напісанае, а яго прыбывала кожны дзень.

Я выбраў гэтага таварыша не праз агульнасць прафесійных інтарэсаў і не таму, што ягоны лёс больш драматычны ці адменны за лёсы іншых, чые імёны ўспаміналіся тут. Вядома, хапіла і на ягоным шляху адменнасці і драматызму, да таго ж, вызначыцца і зрабіць прыкметныя рэчы майму таварышу пашанцавала пазней.

Пішу пра яго, бо не магу не напісаць: сярод вельмі блізкіх ён быў тады самы бліжэйшы. І я знарок пачаў варушыць час, калі мы былі прыблізна роўныя — усе на ўзлёце! Васемнаццацігадовыя, нават яшчэ маладзейшыя, бо васемнаццаці большасць з нас дасягала ўжо на вылёце з тэхнікума, мы здаваліся адзін аднаму, дый, мусіць, і сталым людзям, добрымі, толькі добрым здавалася і ўсё наўкол. Так яно і было: добрае расло жыццё і добрыя падрасталі ў яго хлопцы!

Аднак ці адна добрасць, чытай — чуласць, сардэчнасць, шчыраванне ў абавязках, была ў тым нашым юнацкім стане? Нас поўнілі смеласць, маладая просталінейнасць — альбо так, альбо так! — і ўсё ў вочы, як таго вымагала праўда ўласнага пераканання; частавата прарывалася, напэўна, безразважнасць, не легкадумнае кіданне на ўзвей-вецер, а пераход да дзеяння без доўгіх хістанняў; паўзверх усяго свяціла, вядома, велікадушнасць. Цэласнасць натуры, некранёнасць характару здаваліся дадзенымі назаўсёды, дый хто думаў тады — да васемнаццаці! — пра эрозію ўзросту і траўленне душы горычамі і кіслотамі перажытага.

Каб жа можна было застацца ў такой непарушнасці да схілу апошняга дня, да сходу ўсіх дарог! Мы не маглі не змяніцца, вядомая рэч, а пра вартасць гэтых змен разважаць пасля нас.

Вось чаму ва ўсім, што ўспамянецца, я не буду выходзіць за агароджу юнацкага саду. Мой сябар, як і ўсе тыя, чые абліччы захавала картка, куды ён не трапіў, быў добры сябар. І застаўся для мяне такім, як ні задзімалі віхуры, як ні развозілі ў процілеглыя бакі жыццёвыя цягнікі. Пазней мы сустракаліся ў розных умовах, у неаднолькавых якасцях, на розных прыступках, але над кожнай сустрэчай, калі яна адбывалася, пачынала невідочна калыхацца зялёная галінка ўсё з таго самага саду маладосці.

Пра тое, як і калі паводзілася, напішацца не ўсё. Не таму, што я пра нешта забыўся, проста мы з таварышам многа дзе былі разам і багата чаго ведаем адзін пра аднаго.

 

Мінск.

Канец жніўня 1924 года.

На рагу Савецкай — цяпер Ленінскі праспект — і Пралетарскай — цяпер вуліца Янкі Купалы — сярод драўляных дамкоў узвышаецца двухпавярховая камянічка, запаветны педагагічны тэхнікум.

Вузкая палоска асфальту вядзе з вулічнай брамы на прасторны двор. Па правай руцэ — драўляны флігель, там кватэры дырэктара і загадчыка гаспадаркі. У глыбіні двара відзён доўгі мураваны будынак, вельмі падобны да памешчыцкіх стайняў, што звычайна складаліся з нябітага камення. Але мы ведалі ўжо: тут змяшчаецца клуб. Старэйшыя студэнты так і называюць яго — стадола. Амаль усутыч пры стадоле, утвараючы просты кут, цягнецца нізкая даўгая афіцынка. Тут жывуць тэхнікумаўскі дворнік, дзядзька Кісель, і вартаўнік, дзядзька Лабанок. Ён невысокі, з клінаватай бародкай, мае абавязак даваць званок на заняткі. За чатыры гады ён расказаў упадабаным студэнтам неверагодную колькасць старасвецкіх анекдотаў і саланаватых гісторый — па некалькі штук на кожнай перамене.

Ні ён, ні дворнік Кісель ніякія не дзядзькі навучэнцам, Дзядзька — пашыраны ў дваццатыя гады зварот, дадатак да прозвішча. Так звярталіся студэнты да настаўнікаў і настаўнікі да студэнтаў. Смешнавата было чуць, як мажны Міхайла Грамыка, выкладчык геалогіі, выклікаў да дошкі хлопчыка, у якога і барада яшчэ не высядала: «Проша, дзядзька Серада!»

Увесь двор — забрукаваны, на тых месцах, куды радзей дастаюць студэнцкія ногі, каля дрэў і паўз сцены касмылямі расце зялёная трава. На лаўцы, за спінаю ў якой падсыхае старая, уся ў парастках, пірамідальная таполя, размаўляюць, а можа больш прыглядаюцца адзін да аднаго, два хлопцы. З-пад заламаных кепачак выбіваюцца шыкоўныя чубы, няйначай над іхнімі зачоскамі папахадзілі рукі местачковых цырульнікаў.

Абуты і апрануты хлопцы таксама не абы-як. Адзін ва ўсім крамным: порткі з цёмнага корту і шэрая ў падоўжную палоску сацінавая кашуля. На другім, крыху меншым і шчуплейшым, шарачковыя, пафарбаваныя ў альховай кары галіфэ, у пагоні за модаю нагавіцы зашыраны ў клубах і вісяць, як сабачыя вушы. Затое ў яго весялейшая кашуля — сіняя з белымі пасачкамі.

На дзвярах камянічкі прылеплены аркуш паперы, на ім цвёрдаю рукою тэхнікумаўскага справавода, дзядзькі Зэйдаля, выпісаны прозвішчы: сорак прынятых у студэнты і пяць кандыдатаў.

Хлопцы і дзяўчаты падыходзяць пад дзверы і, задраўшы галовы, шукаюць сябе ў спісе. Не знайшоўшы, чытаюць яшчэ раз. Калі не дапамагае і гэта, стаяць у смутным роздуме — вяртацца ж у вёску не хочацца! — ды падаюцца забіраць дакументы.

Замацаваныя ж у правах і абавязках студэнтаў выглядаюць іначай — яны ўжо тут гаспадары! Значыць, трэба разглядацца, дзе што.

Хлопец у сіняй кашулі з паўгадзіны назад адчуваў сябе вельмі нешчаслівым: не вычытаў свайго прозвішча ў алфавіце! Пазіраў угару, нібыта мог дагнаць страчаную надзею, неставала сілы адысціся.

— А ты чаго нос павесіў?

Засмучаны хлопец — гэта быў я — азірнуўся на голас.

Крыху рыхлае аблічча з ледзь-ледзь адстаўленаю ніжняй губою добразычліва ўсміхалася. З тым, хто загаварыў, мы перакінуліся словам на першым экзамене і ўжо некалькі дзён віталіся як знаёмыя. Падумалася: што ж ты пытаеш? І так жа ўсё зразумела! Палічыўшы за лішняе адказваць, я кіўнуў галавою ў бок дзвярэй.

— Дрэнна глядзеў!

І сапраўды, у гэты момант я ўбачыў сваё прозвішча. Толькі не там, дзе яму належала стаяць згодна з алфавітам, а ў канцы, апошнім, саракавым.

Не верачы вачам, я правёў па слупку прозвішчаў пальцам.

— Во-во, пачытай рукамі,— засмяяўся хлопец з адстаўленай губою — гэта быў Глебка.— Ды прыціскай добра, каб не выслізнула часамі з-пад кіпця!

Усмешка сама сабою з’явілася і ў мяне. Мы пажартавалі: мусіць, такі праўда: мужык пакуль не памацае, ніколі не паверыць.

Пахадзілі па будынку. Нашаму першаму курсу была і прызначана першая ў правым канцы калідора аўдыторыя, якраз супраць настаўніцкай. На другім паверсе змяшчаліся кабінеты прыродазнаўства, хіміі, бібліятэка, вучыліся старэйшыя курсы, выпускнікі.

Праз некаторы час мы перайшлі на лаўку пад таполяй і ўзаемна запаўнялі вусную анкету: адкуль, што канчаў, якія кнігі больш любіш? Неўзаметку прызналіся адзін аднаму, што пішам вершы.

На гаворку падышоў трэці і, праўду сказаць, крыху парушыў яе, прыгнятаючы нас сваім элеганцкім выглядам. Апрануты па-гарадскому, ён трымаўся вельмі свабодна, сесці з намі не сеў, а стаяў насупраць, час ад часу падымаючыся на пальчыкі, нібыта хацеў звярнуць увагу на свае модныя штыблеты, жоўтыя, з пляскатымі, «качынымі» насамі. Яго не прынялі ў тэхнікум, але хлопец не гараваў, меў надзею на нейкія падрыхтоўчыя курсы. Ён даволі бесцырымонна папраўляў і павучаў нас і, трэба сказаць, змусіў да некаторай павагі да сябе: яго брат піша вершы і ўжо друкуецца. Дык можа мы пачытаем свае «творы»? Але як тут вытыкацца перад такім аўтарытэтам! І ўсё ж Глебка адважыўся, пачытаў нешта.

Новы знаёмы пахваліў, ён разліваўся калі не салаўём, дык сама менш жаваранкам: хораша напісана, ёмка. Толькі шкада — у духу нашаніўцаў, а цяпер маладыя «ломяць форму», бяруцца ў рожкі са «старымі». Пачаў расказваць пра «Маладняк». Сыпаў прозвішчы — Чарот, Вольны, Дубоўка, Дудар,— нібыта яны былі яго найлепшыя сябры.

Пра гэтых пісьменнікаў ужо даводзілася чуць, нават чытаць іх вершы ў часопісах, а вось пра «Маладняк» я не ведаў нічога. А Глебка пахваліўся, што знаёмы з вядомым пісьменнікам, гэта яго зямляк, таварыш па школе, Паўлюк Трус.

Маё знаёмства з Паўлюком пачалося недзе ў сярэдзіне навучальнага года, ён аднойчы даў мне на ноч «Кабзара», дый хадзіць нам з тэхнікума дамоў было ў адну дарогу, у бок Старажоўкі. Але, вядома, самы трывалы звянчак у адносінах быў Пятро, ён таварышаваў і з Трусам, і са мною.

Тут разгортваюцца самыя цікавыя старонкі гэтай дружбы траіх, але, на жаль, яны даўно напісаны і, спадзяюся, прачытаны. Дык не выдзіраць жа і пераносіць сюды ўрыўкі з ранейшых кніг! Дый там гаварылася пра Пятра Глебку, таго, што быў поруч, калі адчувалася плячо сябра і яго клопат. Хто ж мог думаць, што так хутка давядзецца ўспамінаць пра яго ўжо адсутнага.

Некалі, магчыма, збяруцца ў адны вокладкі гэтыя нататкі і запісаныя раней сустрэчы. Пакуль жа давядзецца перапрасіць чытача, параіць, паводле прыкладу навукоўцаў,— хай зазірне ў кнігу вышэй, пагартае ўспаміны пра К. Чорнага, П. Труса і маю аўтабіяграфію.

Зробленыя цяпер накіды будзем лічыць за ўваходзіны ў сад маладосці. Адтуль пачалося ўсё: першыя радкі і роздум пра жыццёвую дарогу, ды, уласна кажучы, і сама дарога...

Мы не былі стараннымі студэнтамі, за ўзор не возьмеш, але ведаць хацелі і веды прызапашвалі. Часамі, праўда, забываліся пра гэта, калі выпадкам кружылася галава ад маленькіх поспехаў: з’явяцца дзе-небудзь у газеце слабенькія радкі, а да аўтара не прыступіцца, кіем носа не дастанеш.

Першыя вершы Пятра друкаваў Алесь Якімовіч у дзіцячым часопісе, а выйшаў паэт у шырэйшы друк увосень 1924 года праз Адама Бабарэку, які загадваў аддзелам літаратуры ў газеце «Савецкая Беларусь».

Той выпадак здаўся тады вялікім дзівам, нават дасюль застаўся ў памяці радок: «І вецер франтам па вясковай разгульваў вуліцы». Газета з вершам абышла ўвесь наш курс, Пятра віншавалі, прыходзілі паглядзець на «паэта» і старшакурснікі. Гэта дадавала ахвоты да працы і нам з Сяргеем Дарожным. Сяргей выйшаў у друк следам за Глебкам, а з наступнае восені выплыў і я.

 

Лекцыі лекцыямі, а па-сапраўднаму мы браліся за работу ў бібліятэцы. Пасля вясковай галадоўлі на кнігі — з дзесятак можна было наскрэбці ў настаўнікаў і па хатах, дый то па колькі разоў паперачытваных,— тут быў неаглядны прастор. І мы з галавою рынуліся ў свет хараства і пазнання. Чыталі ўсіх класікаў запар, ад першага тома да апошняга, стараліся не прапусціць ніводнай новай кніжачкі паэзіі. Так днявалі і начавалі б, каб не папярэджвала далікатна бібліятэкарка, відаць, здзіўленая з такой маладой ненаеднасці. За адным столікам — Пятро, за другім — я, выбіралі месца далей ад дзвярэй, бо там пакручваліся дзяўчаты: ну як не кінуць вокам у той бок.

Тут жа, у бібліятэцы, заспела нас смутная вестка. Стаў у дзвярах Трус і памануў пальцам. Ён быў задыханы, толькі што з «Маладняка»: няма Ясеніна!

Сяргей Ясенін — не проста наша юнацкае захапленне, гэта была больш чым любоў. Кожны радок адразу падхопліваўся, запамінаўся і паўтараўся бясконца, пераходзячы мімаволі ў зусім адкрытае наследаванне. Мы спявалі яго вершы на выпадковыя і ўласныя мелодыі, чыталі гуртам і паасобку. Што казаць пра моладзь, гэты магутны ўплыў зазнала ўся тагачасная паэзія.

Мы стаялі аглушаныя, слухалі Паўлюка: у Ленінградзе здарылася няшчасце, у гасцініцы, невядома чаму. Напісаў крывёю развітальныя радкі. І Дубоўка з Вольным напісалі вершы, заўтра будуць у газетах.

Як, на чым скончылася тая наша гаворка? Дома кінуўся да паперы, праседзеў усю ноч. У тэхнікуме на перамене па вачах пазнаў, што не спалі ні Паўлюк, ні Пятро. Але напісанага мы так і не паказалі адзін аднаму, занадта многа нахлынула горкага пачуцця, каб можна было ўправіцца выказаць. Потым нешта ўсё ж пракінулася ў друку, мой верш надрукавалі нават у «Маладняку».

Але страта была занадта буйною і цяжкай, каб не пакінуць большага следу ў душы і чалавечай памяці. Цераз трыццаць год мне пазванілі з газеты «Знамя юности». Спыталіся, ці не здаралася пісаць пра Ясеніна, і калі я адрокся, нагадалі фельетон «Развянчайце хуліганства», надрукаваны ў «Комсомольской правде» 19 верасня 1926 г. Там,— нязручна і няёмка вымаўляць зараз,— паэзія Сяргея Ясеніна абвяшчалася маральнымі дражджамі хуліганства.

Роўна праз чатыры дні з Мінска паляцеў адказ. Маладыя паэты з усім запалам сваіх васемнаццаці гадоў рынуліся на няпраўду, тым больш што выходзіла яна ад уплывовага тады фельетаніста Л. Сасноўскага. Ліст, пад якім у ліку іншых стаялі прозвішчы Пятра Глебкі і маё, можна падпісаць і зараз, не зважаючы на асобныя палемічныя аздобы стылю. Мы сцвярджалі: Сяргей Ясенін — вялікі нацыянальны паэт і ніяк нельга раўняць пад адзін капыл Ясеніна і ясеніншчыну — гэтак называлі ўпадніцка-багемныя настроі і паводзіны некаторых літаратараў.

Пішучы так, мы не маглі ўгадаць, што ў нейкай ступені дарастаем да поглядаў Горкага, Луначарскага, Маякоўскага, да многіх слаўных галасоў савецкай літаратуры, заклапочаных паэтычным лёсам Сяргея Ясеніна. Дзіва тут вялікага, відаць, няма: моладзь бачыць востра, заўсёды імкнецца да вяршыняў новага і перадавога, жыве прагай да вялікага, паэтычнага, узвышанага.

Гэту гісторыю напамянуў асабіста вядомы літаратуразнаўца Ю. Л. Прокушаў, яму належыць і першая публікацыя матэрыялаў у 1955 годзе («Судьба поэта», б-ка «Огонек», № 14, 1976 г. стар. 11 —12.)

Тут не было адхілення ўбок. Трохі вышэй гаварылася пра ненаеднае чытанне маладосці.

Ці не пачалася ад таго штодзённага гасцявання ў бібліятэцы Глебкава любоў да кнігі? І так, мусіць, і не. Гэта схільнасць пакрысе мацавалася ў яго з самага маленства, а ўжо тут, у немаленькім на той час кнігасховішчы, яна ўзрасла. А зарабіліся першыя грошы, купілася і першая кніжка. У тыя гады магазіны часта абвяшчалі танны распродаж кніг. У мяне — а ў Глебкавай бібліятэцы і пагатоў — знойдуцца набытыя тады зборнічкі вершаў, выданні «Всемирной литературы» з перакрэсленай старою цаною і пастаўленай алоўкам сходнаю для нашых кішэняў — 5 або 10 капеек.

У Пятра Глебкі збор кніг вырас не вузка прафесійны, паэтычны, а бадай усебаковы: гісторыя, геаграфія, мовазнаўства. Перавага, вядома, беларусіцы і мастацкай літаратуры. Мне здаецца, Пятро не меў сілы адкінуць, развітацца з чым-небудзь надрукаваным, хай сабе гэта будзе брашурка на некалькі старонак або проста нумар газеты. І ў яго перахоўваліся камплекты газет, часопісаў, тыднёвікаў. Па самае нельга напакаваныя паліцы і ўсе шуфлядкі ў кватэры і на дачы, да таго ж — пад дах загружаны гараж. Аднак тут не было скнарасці, якая калоціцца над набытым, набыткі падбіраліся паводле схільнасцей гаспадара: а можа некалі спатрэбіцца. І патрэбілася не самому, дык людзям, у прыватнасці мне. Калі заманулася неяк паглядзець на першыя свае кніжачкі, я хацеў быў выпісаць іх праз міжгародні абанемент, ажно Пятрусь палазіў па паліцах і дастаў: маеш, пакарыстайся, але прынясі. І не раз напамінаў, бо адна кніжка чамусьці не адшуквалася, хоць цяпер, як высветлілася, стаіць на месцы: я даваў яе В. Таўлаю, а ён вярнуў па прыналежнасці, Глебку, толькі, мусіць, пастаўлена была не туды.

Аднойчы, праўда, у ваенныя часы, здзівіў ён мяне. Спыніліся на Кузнецкім мосце перад вітрынай, спыніла дарвінаўскае «Падарожжа на караблі «Бігль». Гэтай кнігі не было ні ў мяне, ні ў яго, а мець вельмі хацелася. Пятро прытрымаў мяне:

— Дзе ты яе дзенеш? Давай лепей грошы на чарку пакінем.

Давялося паслухаць горкае рады, аднак, зайшоўшы праз некалькі дзён да яго ў гасцініцу, я ўбачыў на тумбачцы разгорнутае «Падарожжа». Не толькі, выходзіць, купіў, але і чытаў.

На мой запытальны пагляд Пятро вінавата прыплюшчыў вочы:

— Ведаеш, давялося вярнуцца тады. Не трымаў жа ў руках ніколі...

Тут ён быў вымушаны зрабіць паўзу, каб выслухаць нараканні, што гэта не зусім па-таварыску. А Ілья Гурскі, з кім яны жылі ў адным пакоі, засмяяўся:

— Дык ён жа і табе купіў. Кажа: «Вайна-то вайна, а кнігу забяруць».

Міла і цяпер, перабіраючы паліцы, патрымаць тое ваеннае, на жоўтай паперы, выданне! Таннае і вельмі дарагое.

 

...Год выпуску з тэхнікума — 1928 — быў і годам нашай сустрэчы ва універсітэце, куды Пятро падаўся пасля таго, як не перайшоў разам з намі з другога курса на трэці, а Паўлюк трапіў, замест настаўніцкай практыкі, адрабіўшы год у абласной газеце.

На адным курсе, апрача нас траіх, апынулася многа пісьменнікаў: Міхась Зарэцкі, Алесь Дудар, Сяргей Дарожны, Наталля Вішнеўская, Ядвіга Бяганская, Віктар Казлоўскі, Паўлюк Шукайла, Тодар Кляшторны, Мендэль Ліўшыц і З. Вітэнзон.

Было гэта таленавітае і разумнае асяроддзе, быў і тут сад, і таксама малады, ды ўсё ж не такі, як той, ранейшы.

Нават у нас траіх сяброўства чамусьці не шырылася, не глыбела, а працягвалася, калі можна так сказаць, некалькі інерцыйна. Паўлюк здаваўся нечым заклапочаным, занадта паглыбленым у сябе, усё менш і радзей чуўся яго бесклапотны раскацісты смех. Пятро нядаўна ажаніўся і адпаведна выпадку пасаліднеў, больш трымаўся сямейных пенатаў, і хоць мы жылі зусім поруч на ўскраіне каля чыгуначнага пераезду, а бачыліся не вельмі часта. Няма ў тым Пятровай віны, ён часцяком залучаў мяне ў дом бацькоў ягонай жонкі Ніны, каб напаіць чаем, накарміць абедам. Для хлопца з няўладжаным побытам гэта было зусім нялішне, асабліва калі вытыхалася стыпендыя, хай сабе персанальная, ды ўсё роўна — скупаватая.

Ва універсітэце рыхтавалася вечарына. Паўлюку, Пятру і мне прапанавалі аднавіць практыку «калектыву шаўцоў». Пад гэтым псеўданімам мы ў тэхнікуме выпускалі вусную газету «Чырвоны прамень». Чаму «калектыў»? І чаму «шаўцоў»?

У Паўлюка быў дзядзька, шавец па прафесіі,— гэта першае. Другое: у тэхнікуме вучыўся А. Александровіч. Друк адзначыў яго рабочае паходжанне: сын шаўца. У нас з Глебкам, вясковых гадаванцаў, не было такіх козыраў у біяграфіі, вось неяк і высмеялася аднойчы назва добраахвотнай суполкі перасмешнікаў, якая працавала калектыўна.

Звычайна напярэдадні выступленняў мы замыкаліся ў свабоднай аўдыторыі і складалі вершам фельетоны, кідалі з’едлівыя заўвагі ў бок студэнтаў і выкладчыкаў, расказвалі смешныя выпадкі ў сталовай ці ў агульных памяшканнях. Па выбухах Трусавага смеху, калі ўдавалася прыдумаць нешта дасціпнае, студэнты ведалі: «шаўцы працуюць».

Калі надыходзіла наша чарга выступаць на вечары, у зале прыгашвалася святло. Адзін з нас абзываўся са сцэны, другі — з гімнастычнага снарада каля сцэны, трэці — проста з гурту слухачоў. Такім чынам праграма тэатралізавалася, хоць гэтага можна было і не рабіць: на нас не глядзелі, а слухалі.

Пэўна, траплялася тое-сёе ўдалае. Трус меў практыку: гумарыстычныя прыгоды ягонага героя Ціта чыталіся наросхапы. Глебка таксама друкаваў дробныя гумарыстычныя рэчы, псеўданімы — Язэп Касіла і Грыша Асот — успомніліся яму пад час вайны.

Архіваў газеты, напэўна, не захавалася, мы не ўмелі калаціцца над кожнай паперкай, аднак не падручуся, што калі-небудзь пры разборы Глебкавых спратаў не знойдуцца матэрыялы «Чырвонага праменя».

Тады ўжо адчувалася патрэба ў спрашчэнні граматыкі і правапісу, у Інстытуце беларускай культуры мы слухалі дыскусіі з гэтай прычыны. Жаліліся і студэнты на залішнюю складанасць. І «шаўцы» не замарудзілі адгукнуцца. Злажылі доўгі верш пра пакутніка-студэнта, які заблытаўся сярод граматычных умоўнасцей і выключэнняў: «Так і ходзіць, адным словам, ад прыдаткаў к дзеясловам, а як стане якаць-акаць, можа портачкі... надзець не тыя»,— з ходу дакончыў радок Глебка. Трус гэта месца чытаць не згадзіўся: «Зарагачу раней часу, смешна не будзе». Не сказаць, каб тут збыткаваліся добры густ, пераборлівасць, аднак тады было весела і слухачам і аўтарам.

Дык вось, сабраліся мы ў Глебкі, каб адрадзіць «шаўцоў» на універсітэцкай глебе. Доўга сядзелі, разоў колькі выкідалі недакуркі з попелкі, напсавалі гару паперы, малюючы рагатых і бязрогіх чорцікаў, а нічога людскага так і не выжартавалі.

На тым і разышліся, не разумеючы, чаму не прыйшло, не падняло, як раней падымала, пачуццё гумару, не пайшоў складацца радок. Было сумна: не заспявалася колішняя маладая песенька! Адказ на гэта далёка не ляжаў: нічога не зробіш! — пасталелі! Сябры выходзілі на сур’ёзныя задумы: Трус на «Дзесяты падмурак», Глебка — таксама на паэмы, яны пазней прарваліся ў яго цыклам.

Літаратурнае жыццё ў той час ускладнялася, часамі штучна, уяўнымі і няўяўнымі абвастрэннямі, словам, калі і не кіпела, дык бурбалкі ўсхватваліся. Спрэчкі, дыспуты, палеміка ў друку, папрокі і абвінавачванні — усё гэта як быццам абмінула наша сяброўства, хоць мне і Глебку пападала: мы не належалі да БелАППа, куды ўваходзіў Трус, а гэтага ўжо было даволі, каб заслужыць няласку ў крытыкі і прабіць расколіну ў адносінах.

Не маю намеру варушыць накладныя выдаткі і страты пары. Час разважыў усё: паказаў абвінавачаных без віны і вінаватых у іх абвінавачванні. Цалкам гэта стала ясна пазней, а многа чаго было ўжо відно і ў час вайны.

Мой сябар стаў, як і ўсе мы, бесхацінцам, пеша, у лапціках прайшоў немалую і нялёгкую дарогу з Мінска аж пад Смаленск, і толькі сустрэўся там з таварышамі, як налучылася хвароба і пачала кідаць яго па гарадах і шпіталях Паволжа.

У ваенных нягодах, далёка ад «бацькаўскіх гоней», пад выпадковымі дахамі, а то і без іх, вырасла ў яго жывая і цэльная кніга паэзіі: 1941 — 1945. Хоць не шмат там вершаў, але, думаецца, чытацкая прыхільнасць да іх застанецца трывалай.

Тою парою ў Пятра Глебкі як бы адкрылася другое паэтычнае дыханне.

Мы сустрэліся ў Маскве, калі ён быў адкліканы з газеты на Калінінскім фронце, а я вярнуўся з-пад Сталінграда.

Ніколі не быў такі смачны чорны асушак хлеба, а я такі каштаваў той, прынесены з-за лініі фронту партызанскім пасланцом. Сапраўды родны хлеб, пах і смак якога застаўся ў Глебкавым вершы. І не скупая чарка памагала нам успамінаць і гаварыць, яе магло б і не быць зусім,— над нашымі галовамі зноў шумела зялёная галіна з саду маладосці.

Чаго толькі не ўспомнілі, чаго не перагаварылі! У думках прайшліся пяшэчкам па Мінску: з Дома пісьменнікаў — а ці цэлы? — да ягонай кватэры — а кнігі не згарэлі? Увесь, як ёсць, абтупалі родны горад, успамянулі перш-наперш сваякоў і знаёмых, якія з той адлегласці прасторы і няшчасця таксама здаваліся сваімі.

І адчулі патрэбу: пабыць хоць на крок бліжэй да дому, паехалі зірнуць на тое месца, адкуль яшчэ не хадзілі цягнікі ў Беларусь,— на Беларускі вакзал. На пероне сталі тварам да ветру, як нам здавалася, з роднага боку. Маўчалі і думалі. Потым прыселі на дубовыя цяжэразныя канапы ў вестыбюлі, не парушаючы маўчання, пакуль не падсуседзіўся чалавек, таксама ў шыняльку, з нясвежым тварам, распаўсюджваючы букет моцнага перагару. Аб тым аб сім пагаварыў і неўзабаве папрасіў пару дзесятак — не хапае даехаць дамоў, а ён сам — ужо інвалід, адваяваўся.

Я хацеў быў пашкадаваць просьбіта, але Пятро паклаў на плячо руку.

— Пайшлі! — тонам загаду прамовіў ён і павёў нас да касы. Тут, каля акенца, хаваючы ўсмешку, звярнуўся да нечаканага знаёмага: — Давай, колькі ў цябе там ёсць,— рэшту я даплачу.

Той рэзка крутануўся і знік у дзвярах.

Не пазнаючы, я глядзеў на Глебку: новыя якасці ў характары — на такое ад яго ніяк нельга было спадзявацца.

Пятро, скрывіўшыся, абціраў рукі, нібыта хацеў абтрэсці штосьці бруднае.

— Ужо і на бядзе майструюцца зарабіць,— прамовіў ён неяк зусім незнаёма, пачужэла.

А праз хвіліну зноў стаў тым самым добрым Глебкам, якім яго ведалі ўсе:

— Паколькі я ашчадзіў табе грошы, дазваляю пачаставаць мяне.

Вярнуліся ў гасцініцу, і я застаўся ў яго начаваць. Ніяк не маглі адагнаць ад вачэй прыкры вакзальны выпадак. Як так! Народ увесь узняты на подзвіг, мы самі былі не раз сведкамі, як урасталі ў зямлю людзі ў шынялях і заступалі дарогу ворагу. Хіба ўжо не варушыліся, тады... І калі была ў кім дагэтуль доля ашуканства, крывадушнасці, баязліўства, дык мусіла сатлець і выветраць усё гэта ў зыркім агні і ў віхурах вайны.

На вачах адбывалася перагартоўка волі, свядомасці, перадужванне слабасці, перайначванне ўсіх душэўных і фізічных сіл. Нерашучы бег з гаручай бутэлькай на танкі, бязногі, ледзь авалодаўшы хадой на пратэзах, зноў садзіўся за штурвал, той, хто недабачваў раней, набываў раптам рысіны зрок разведчыка. Усе і ўсё рабілі зацяўшыся — мы парадаваліся ёмкаму роднаму слову! — нацэліўшыся на перамогу.

А як жа гэты чалавечынка? Не той, што на вакзале, не! Гэтага мы маглі, асабліва Пятро, наглядаць раней зблізку. На твар, некалі ганарлівы і пагардлівы, як навесіў, так і не спускае ні на момант лагоднасці, добразычлівасці, усмешачкі да ўсіх разам і да кожнага паасобку. Прыстала гэта да яго, як выбранае на маскарад аблічча, даволі ўдала, аднак часам так і хочацца падысці і калупнуць: а што адтуль пакажацца? Не, лепей не трэба. Асцярожненька гудзе, нібыта і ён нешта творыць. А куды яму гэта? На масцы нічога людскага не натворыш, яшчэ, чаго добрага, сапраўднае аблічча праступіць. А яго нельга паказваць. Не толькі людзям, а і сабе. Хто ж ён — вораг? Не. Мог бы стаць ворагам? Бадай што, таксама не. Тады — хто ж ён? Проста дробненькая істота, сябелюбец, можа і не без здольнасці, але нарабіў шкоды людзям — як каню павезці. Вось цяпер, дрыжучы і калоцячыся, ён сіліцца кожнаму гадзіць, каб не ўспамянулі чаго благога часам. А то з’явіцца аднекуль нехта ўкрыўджаны ім або ўстане прысутны сярод бяседы і пакажа пальцам...

Гэты жэст атрымаўся ў Глебкі вельмі маляўнічы.

— «Вось ён! — Пятро паўтарыў гогалеўскія словы,— закрычаў Вій і наставіў на яго жалезны палец».

Мы пакінулі абурацца: вайна зганяе шлакі прэч, але ж і падымае мул на паверхню. Дый не гэта займала думкі: многа было ваенных дарог наперадзе, яшчэ больш чакала работы ў разбураным доме, калі суджана вярнуцца...

У Маскве меліся выходзіць часопісы «Беларусь», «Партызанская дубінка», збіраліся сілы, каб адкрыць выдавецтва. Тады, аж на саменькі верх старога дома на плошчы Пушкіна, і падаўся неўзабаве Пятро ў якасці галоўнага рэдактара. Гэта быў сапраўдны клопат, ёсць да чаго прыкласці рукі.

Пятро многа чаго ведаў, як там вядзецца ў Беларусі. Кожны поспех партызанскага атрада ці падпольнай групы падкідаў нам праменьчык надзеі: хутка дом!

Цеснаваты пакойчык у «Якары», дзе доўга жыў Пятро, быў для мяне і родным кутком, і крыніцаю навін з партызанскага краю, з нашага нешырокага тады літаратурнага асяроддзя. Сапраўды, хто б ні прыбываў з-за лініі фронту, адразу ж кіраваўся да Глебкі. Імправізаваўся стол з сваіх прыпасаў, нешта падносілі суседзі. Кузьма Чорны звычайна прыходзіў з кропляй партвейну ў аптэчнай бутэлечцы — ён ачуньваў яшчэ пасля цяжкой хваробы. Заглядваў цудоўны дзед Талаш, нязменна беручы пад казырок перад кампаніяй. Часамі ўсе мы пераходзілі да Уладзіславы Францаўны і Алесі Александровіч. Цягнулася тая ж бяседа, але гарачая бульба і прыбраны жаночымі рукамі пакой стваралі добры ўтулак і святлейшы настрой.

Там жа, у «Якары», многа цікавага расказваў пра партызанскае жыццё-быццё М. В. Зімянін, тады сакратар ЦК камсамола Беларусі. Ён толькі вярнуўся ад лясных мсціўцаў, зрабіў, як сказаў сам, асноўны даклад у Цэнтральным штабе, але і на нашу долю застаўся цэлы вечар гераічных, трагедыйных і вясёлых падзей. Бачыць яго, вострага на слова апавядальніка, давялося ўпершыню, ягоны запал скалануў істоту — захацелася туды самому, і я падаў аб гэтым рапарт па начальству. Мяне адчыталі, на тым справа і скончылася.

А паехаць можа і не шкодзіла б. Неяк Пятро перадаў мне пісьмо ад партызанаў Случчыны: прышлі нам вершаў, мы надрукуем іх, каб не брахалі лішняга пра цябе нацыяналістычныя газецінкі, заткнём ім горла. На нейкі складаны адрас — «Пятру для Івана» і г. д.— я паслаў, але ў партызанскіх выданнях нічога не з’явілася. Як потым расказаў І. В. Куляшоў, аўтар пісьма, мая пасылка не дайшла. Падумалі, параіліся мы з Пятром і вырашылі: публікаваць пабольш тут, дойдзе і туды.

У той самы першы вечар сустрэчы мы ўсмак начыталіся вершаў. Многа гадоў не чуўшы адзін аднаго, як быццам знаходзілі сябе наноў. Перапынялі, калі што вельмі падабалася, не даслухаўшы, на хаду прыдумвалі новыя варыянты, словам, трымаліся, як некалі даўным-даўно, уваходзячы ў знаёмства.

Тады неўзаметку пачалі перабіраць па імёнах, як я зрабіў спачатку, усіх сяброў па садзе маладосці...

Успомнілі выкладчыка, які на экзаменах любіў задаваць каверзныя пытанні кшталтам: «Колькі «а» ў беларускай мове?» І як нехта з хлопцаў зрэзаў яго, здагадаўся: «Два — вялікае і малое».

Уласна кажучы, успомнілі перш не гэта. Пасля чытання нейкіх зімовых радкоў, якія крышку падобны былі і ў яго, і ў мяне, усплыла перад вачыма дзяўчына, маё юнацкае захапленне. Яна, пачытаўшы ў адным нумары часопіса нашы вершы пра зіму, аддала перавагу Петрусёваму. Проста ў вочы, перада мною. І мне стала смутна, думаў — свет абернецца, здалося, яна наогул перакінулася да таварыша.

І другую дзяўчыну прыгадалі, гэта ўжо было сябрава захапленне. Светленькая, лялечнага амаль хараства і зграбнасці, яна не чытала нічыіх вершаў, затое хораша смяялася і не адмаўлялася пайсці з Пятром у кіно.

Разламалі апошнюю лусціну з нашага пачастунку і, не змаўляючыся, разам вымавілі:

— А хлеб?

Мы з Пятром, як дзеці сялян, якія плацілі сельскагаспадарчы падатак, атрымлівалі самую ніжэйшую ў тэхнікуме стыпендыю. З яе вылічвалі за абед і за хлеб, што можна было атрымаць у недалёкай пякараньцы на рагу — хочаш увесь, хочаш па буханцы. Цэлы пуд, 16 кілаграмаў на цяперашнія меры, даваўся ў адны рукі студэнту. Зараз, калі краіна даражылася кожным зернем, карміла франты, заводы, вазіла па лёдзе абкружаным ленінградцам, гэты пуд уявіўся асабліва важкім, ледзь не ажыўленай істотай, апраненай у мех, з саламянымі валасамі і каласянымі вусамі.

Пуд хлеба — больш чым багацце! І даваўся нам зусім дармова, праўда, на руках ад стыпендыі заставалася гатоўкі ўсяго паўрубля — гэта на сшыткі, чарніла, лазню, кіно. Але затое — пуд хлеба!

— Можа і не прапаў той клопат, нездарма нас кармілі...— абазваўся Пятро.

Тады стала зразумела, чаму мы толькі што накінуліся на нявартаснае на нашай дарозе, на дробнага таго чалавечка. Гарачнасць, рэзкасць, незаміральнасць — усё гэта ішло адтуль, з саду маладосці. Абвеяныя яго галінамі, мы паснулі аж пад раніцу.

 

Апошні раз — дасюль не магу пагадзіцца з гэтым словам — мы бачыліся незадоўга перад заўсёдным расстаннем. Глебкі зайшлі да нас на вячэру, тады лістапад 1969-га акругліў мой узрост да пярэйдзенай сябрам шасцідзесяткі.

Пятро быў хвараваты, лячыўся перад гэтым у Нясвіжы і збіраўся на больш капітальны рамонт кудысьці пад Маскву. Таму — найстражэйшая дыета і рэжым, чаго, дарэчы сказаць, быў змушаны пільнавацца і я сам. Аднак мы чокнуліся, не так за пражытыя гады, як за тыя, што чакаюць наперадзе.

За размоваю пра лячэнне ў Маскве ўсплыла і наша ваенная маскоўская гаворка.

— А што ты думаеш,— Пятро стаў адвітвацпа,— можа сад маладосці і ёсць самыя лепшыя лекі? Вярнуся, давай зробім туды яшчэ адну вандроўку...

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 623 с.
Крыніца: скан