epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

"Шаўкі і дарогі па-рознаму мераюць..."

* * *

Шаўкі і дарогі па-рознаму мераюць,

І плаціну жвірам пе мыюць, як медзь,

А сэрца шаруюць наждачнай папераю,

Як быццам бы сэрца павінна блішчэць.

 

Лязо адаб’еш і — работа не цяжкая:

Спявае каса і спявае рука,

А сэрца мянташаць сухою мянташкаю,

Як быццам бы сэрца пяе ад бруска.

 

Пагодна ў душы, ні хмурынкі над кручамі,

Ідзеш, і крыло вырастае з пляча,

А ты падліваеш у сэрца гаручага,

Як быццам бы ў сэрцы завод ад ключа.

 

А стане само ці пакончыць з вандроўкамі,

Тады ўжо дакор пекане палыном,

Што з дошчак агрэхі здымаем габлёўкаю,

А з сэрца сякераю трэску сячом.

 

Ідзе праз вятры чалавек неаблашчаны,

Не хоча цяньку, не шукае сядла,

А сэрца чакае, каб сэрцам абнашчылі,

Каб сэрцу ад сэрца палёгка прыйшла.

 

І як ні было б тое сэрца знявечана,

А з добрага вока павее цяпло —

Паціху кранецца і, сэрцам прывечана,

Глядзіш, аджыло...

Пакульгала.

Пайшло!

 

1973


1973