epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Слава працы

Пасярод Карловых Вар,

Як у студзень, так і ў ліпень,

З-пад зямлі, амаль што вар,

Б’е круты, ігрысты кіпень.

 

Год у год — каторы век! —

Грэе хаты, круціць жорны,

І дужэе чалавек

Ад струменяў дабратворных.

 

На скале, як мур, цвярдой

Ускапаў ён агародчык:

Раскашуецца павой,

Лапушыцца агурочнік.

 

Дбалых рук відны сляды,

І пастаўлен гэтак побыт:

Калі робяць — назаўжды,

Не з'іначыш, не адробіш.

 

Працавітыя майстры,

Смеючыся, мне казалі:

— Бог не сам зямлю стварыў,

Чэхі многа памагалі.

 

Над краінай новай спрэс

Абудзіўся вокліч ясны:

Слава працы — працэ чэст!

Працэ чэст на вечнэ часы!

 

18.VI.1958