epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Сон

Я падымаўся па гару,

І дрэвы талакою —

Чаму, ладу не дабяру —

Услед ішлі за мною.

Я клаў зарубкі на кару,

Каб знаць, адкуль якое.

 

Каб ведаць, дзе іх пасадзіць

Зноў у лясной гасподзе.

Яны павінны свет будзіць,

Жывіць красу ў народзе,

Яны ж не людзі, каб хадзіць

Па бітым шкле стагоддзі.

 

Спынюся, спыняцца яны,

Зірнём за акаёмы:

Налева — грозяць перуны,

Направа — страшаць стромы,

І за імглою не відны

Шляхі на дол, дадому.

 

Хоць ні ступіць, ні добра стаць

Нагімі каранямі,

Стаіць сяброў зялёных раць —

Расткамі крышыць камень!

І пачынае заклікаць

У засень салаўямі.

 

Як ні стаўлялі мой народ

На босае карэнне,

Як ні араў мяне парог

Нялюдскага знішчэння —

Я аджываў, як назнарок,

У новым пакаленні.

 

І зноў, і зноў у свой прастор

Яно ўрастала з болем:

Касіў віхор, складаў тапор,

А падымала голле!

 

Ад зор да зор чуцён мой бор

На ўсім зямным застоллі.

 

1972


1972