epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Шпіталь

Пад чэрапам дзесь жылка б’ецца,

То згасіць змрок, то кіне ў жар.

Калі ўжо рвецца, хай парвецца,

Абы за раз, абы за ўдар.

 

Што не зрабіў, цяпер не здзейсню,

Пара збірацца, дружа мой,

Каб не пачуць абмоў за песню

І пахваляння за труной.

 

Прабыў, правёў шляхоў ці мала,

Мне лёгка не было і ў сне:

Жыццё ў жыцці не абдымала,

Хай смерць у смерці не кляне.

 

Адно прашу тварца ці чорта,—

Калі канчаеш, не марудзь,

Каб разам — лопнула аорта,

І з сэрца прэч пякельны груз.

 

Лістапад, 1968


11.1968