epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Субота

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11


 

 

1

Глаша ішла мяккаю сцежкаю ўздоўж шашы і чытала ўголас. Слухачоў было двое: яе маці, хударлявая жанчына гадоў за сорак, і кафейная, хутчэй ружаватая, Субота, карова швіцкага заводу.

Глаша трымала кнігу аберуч. Вышэй локця на левай руцэ ў яе быў замотан налыгач са старога ручніка, забэрсаны на адзін каровін рог. Не вельмі цяжка было злузацца з такой няўмелай бабскай прывязі і махнуць цераз канаву на нявыбітую траву ранняга чэрвеня. Аднак Субоце, відаць, не надакучала слухаць, дый не такі яна мела век, каб спакушацца на легкадумныя ўчынкі і ляцець, задраўшы хвост, насустрач ветру, быццам якая-небудзь ялаўка-шаляніца.

Гэта была жывёла спаважная, шмат чаго перажыла і, галоўнае, не адчувала ніякай ахвоты ўцякаць ад сваіх нечакана знойдзеных гаспадынь. Тым больш што Кацярына Іванаўна, так звалі Глашыну маці, ведала, чым скрасіць дарогу: падсоўвала пад мызу жменю дзятліны і абмахвала Суботу свежай бярозавай галінкаю. Па спіне дзьмуў прыемны халадок, і не так часта даводзілася абганяцца дый не ўсюды ж дастанеш гэтых праклятых аваднёў.

Пачало прыпякаць.

Глаша ўзяла кнігу пад паху. Вельмі ж хораша пісалася там пра адну чарнявую неспакойную дзяўчыну. Захацелася памаўчаць, падумаць...

Глаша не бачыла вайны і зараз ішла па яе незагоеных слядах. Непраўдзіва зялёнае лісце і такая ж непраўдзіва сакаўная трава прымушалі забывацца. Глашы не верылася, што тут, і не вельмі даўно, метал, нібы ў прыступе вар’яцтва, выйшаў з паслушэнства ў чалавека на ворыве і сяўбе і трушчыў сустрэчны метал, забіваў навечна духі тым самым людзям, каму не ён, гэты метал, адмовіўся служыць, а хто змусіў яго адарвацца ад абыклых заняткаў. Лета гнала ў рост і добрыя расліны і пустазелле, як быццам сілілася схаваць могільнікі таго, што і дасюль магло быць відушчымі істотамі і рухомымі машынамі.

Глаша была ўдзячна лету за яго добрую работу. Мусіць, так і трэба — аддаліць горкую памяць, каб тыя, што засталіся жыць, спрабавалі спяваць на вяселлях і хрэсьбінах.

 

2

Глаша нарадзілася і вырасла ў Задольшчыне. Драўляны гарадок да самых сядзіб, проста ўсутыч, абкружаны мурожнымі сенажацямі, забудоўваўся наўкруга дужаватага пагорка. На самы верх узвышша вылезла царква. Адступіўшыся на прыстойную адлегласць, паабапал стаялі будынкі ўстаноў і сярод іх камянічка райкома, дзе многа год працаваў Глашын бацька. На вольнай акружыне пляца збіраліся ў святы дэманстрацыі, шумелі нядзельныя кірмашы.

Звычайна плошча пуставала, было дзе папагуляць Глашы і яе таварышкам-падуростам. Яны так і звярталіся адна да адной: «Пачакай мяне, падуроста! Праўду кажу, падуростачка!» Слоўца было перахоплена ад Глашынай маці, яна хрысціла ім усё, што падрастае і дурэе: дзяцей, кацянят і хрыпатых пеўнікаў.

Нагуляўшыся ў хованкі, Глаша задыханая, узбягала па рыплівых прыступках на старую званічку. Адбывалася дзіва: у горадзе, здавалася ёй, было два надвор’і. Глаша глядзела з акна званічкі на захад: там было цёмна, засядалі змрочныя клубястыя хмары. Варта было азірнуцца на процілеглае акно, як усё рэзка змянялася: сінела чыстае неба і нечым няўлоўна лёгкім і белым адсвечвала зарэчная далеч. І самае цікавае: усходняе акно паказвала дзяўчынцы ясныя далягляды і ў нягоду, калі над Задольшчынай сапраўды хмарылася дажджыстая восень. Глаша тады выпрошвалася ледзь не са слязамі: «Мамачка, гэта ў цябе дождж, а ў мяне ёсць пагода», і бегла з сяброўкамі на званіцу. Так у іх і называлася: адно акно — пагода, а другое — дождж. Седзячы каля «дажджу», яны шапталіся, спавівалі сваіх лялек, «гатавалі» ім страву, «вадзілі» іх адна да адной у госці. Перайшоўшы «ў пагоду», спявалі, прытанцоўвалі, балазе ніхто не сварыўся: званіца была без званоў, а царква — даўным-даўно на замку.

Ці здагадалася Кацярына Іванаўна так, ці ўпотайкі злазіла на званіцу, але сакрэт двух надвор’яў тлумачыўся проста. Белы бярозавы гай захінаў празрыстай сцяною гарадок з усходу, абяцаючы падуростачцы, што вось-вось калыхнецца гэта лёгкая заслона і сонца зробіць ёй ясна і добра. З другога акна быў відзён сіні, аж чорны, яловы лес, і Глашына сэрца замлявала, чакала грому і маланак з тае нахмуранай чарнаты.

Глаша пасміхнулася сваім далёкім успамінам. Усё маленства здалося адным летнім днём на беразе задольшчынскай рэчкі, дзе збіраліся сяброўкі-неразлучкі — клуб зялёных пахістачак. Так дражніла іх кампанію школа за аднолькавага колеру істужкі ў косах, па-мясцоваму — пахісткі. Дзяўчаты рыхтаваліся тады да экзаменаў, першых, на ўступленне ў жыццё. Цяпер чакалі выпрабаванні на выхад з гора,— Глаша толькі-толькі пераступала парог яго...

Пад падэшву трапіў востры каменьчык, забалела. Жанчына спынілася і зірнула на ногі: усе ў засохлых пісагах, без панчох, разбітыя тапачкі папрывязваны нейкімі паўразамі. Няўжо гэта яна некалі ўбегла ў прасторную інстытуцкую залу ў зграбных малочных туфліках, першых сваіх — выхадных, і спынілася, аглушаная музыкай, аслепленая люстрамі, збянтэжаная шумлівым натоўпам! Гэта Васіль, ужо выпускнік, запрасіў яе на свой развітальны вечар і павёў у танцы, больш размаўляючы вачыма. Раскружыўшыся, з кожным тактам яна рабілася лягчэйшая і лягчэйшая, траціла вагу, як тапалёвая пушынка: не трэба так блізка да парасчыняных акон — страшна! — адарвуцца насочкі ад слізкай падлогі і паляціш над начною Масквой...

Здавалася б, на гэтым усё скончылася. Глаша паехала праводзіць вакацыі да бацькоў, а Васіль адразу ж атрымаў прызначэнне ў Сібір, на даследчую станцыю. І адтуль рынулася бясконцая чарада лістоў, часамі па два на дзень. Ашаломленая непадробленасцю ўпершыню чутых слоў і пачуццяў другога чалавека, пачала думаць пра яго і нават адчуваць нешта падобнае сама. Лісты ішлі ўсё лета і восень. Слёзныя просьбы прыехаць на хвіліну пабачыцца змяніліся грозьбамі кінуць-рынуць работу і з’явіцца да Глашы самому. Наманіўшы нечага ў дэканаце, яна адпрасілася на дзесяць дзён і рушыла ў дарогу, да ненарачонага, з кім і знаёмства было ўсяго адзін той вечар ды яшчэ пару сеансаў у кіно. На ад’ездзе Глаша папрасіла сяброўку апускаць у скрынку загадзя прыгатаваныя, з рознымі датамі, паштоўкі да маці, каб не ўстрывожылася і, чаго добрага, не прыехала праведаць.

Усю праўду давялося напісаць дадому з Сібіры, удваіх: яны запісаліся. Не паспела Глаша асвойтацца са становішчам замужкі, як давялося вярнуцца ў інстытут. І тут жа да яе ў інтэрнат прыкацілі абое — маці і бацька — усхваляваныя, заклапочаныя: адна дачка, яшчэ другакурсніца, і — такі крок! Каб жа хоць чалавек добры...

Васіль? Ён сапраўды быў добры і вельмі, і нават больш упадабаўся бацькам, чым самой Глашы. Як і яны, зваў ён маладзейшую за сябе жонку падуростачкай, ды як жа глядзеў! Чым толькі жывіўся гэты чалавек, бо пераводзіў усе заробкі ёй: заплаціць за пакойчык і каб не адчувала ніякай нястачы сама, а тым больш тое невядомае, але ўжо роднае, што, па ўсіх адзнаках, павінна было нарадзіцца на свет. Калі гэта здарылася, прывалок дзіцячага пасагу сама менш на дзесяць немаўлят, абдарыў новаспечаных дзеда з бабкаю, а што казаць пра парадзіху: хапіла ёй і на плечы, і на ногі, і пацерак на шыю.

Канчаўся першы ваенны чэрвень, калі ён перавёз Глашу з сынам да сябе на даследчую станцыю. Толькі і ўправіўся падшукаць ёй работу, купіў сяго-таго ў запас на ўсе грошы і развітаўся, прыхапіўшы з сабой, што там патрабавала позва з ваенкамата.

Неўзабаве туды прыехала па эвакуацыі Кацярына Іванаўна. Смялей такі: Глаша чакала яшчэ аднаго дзіцяці і дачакалася — дачку. А цераз год, хоць ішлі яшчэ грошы па Васілёвым атэстаце, дазналася, што ніколі не сустрэне мужа. Яны і так мала сустракаліся, жывучы паасобку, пакуль Глаша скончыць інстытут, вывучыцца на батаніка. Яна не паспела ні палюбіць, ні добра прывыкнуць да Васіля, бачыла ў ім старэйшага таварыша, з чыёю радай і ласкаю цяплей жыць, і адказвала яму на пачуццё ўдзячнасцю, шчыра лічачы яе за штосьці большае. Пасля смерці мужа ўсё светлае, што было паміж імі, стала яшчэ святлейшае і ўжо сапраўды здавалася ёй каханнем.

Падгадаваўшы дачку, Глаша наважыла вярнуцца назад у Маскву, працаваць і давучвацца,— на каго ж было спадзявацца цяпер, як не на сябе. Студэнцкі профіль батаніка дапамог ёй, пераехаўшы, застацца на работу ў лабараторыі жыўлення раслін. Аклад у лабаранткі — скупенькі: некалькі соцень аддзешавеўшых рублёў, але затое пакой у падмаскоўным пасёлку і соткі пад бульбу і буракі. Дубовыя гаі непадалёку ад дома насыпалі багата жалудоў: вымачыўшы іх і ператоўкшы ў мажджэры, можна напячы гаркаватых праснакоў і заварыць кавы. Сабе-то нішто, а дзеці!

Пакуль Глаша карміла Тацянку, пападала з паўшклянкі матчынага малака і Петрыку,— яна хоць ела мала і кепска, але была здаровая, шырокай косці, дзе, як вядома, можа і нарасці тое-сёе.

Зараз у сям’і пачалася амаль роўная для ўсіх нішчымніца. Па выручку малым і спяшалася малако ў выглядзе ружовай швіцкай каровы.

Аж з самай Задольшчыны!

 

3

Кацярына Іванаўна не турбавала Глашыных думак. Ёй, хоць і старэйшай, таксама даводзілася шукаць выйсця з гора і пераступаць парог яго, калі не для сябе асабіста, дык для дачкі і ўнукаў. Але зрабіць гэта было яшчэ цяжэй, бо і парог той быў куды вышэйшы.

Кацярына Іванаўна пражыла з сваім мужам ні многа ні мала, калі палічыць, што Глашы напрадвесні пайшоў дваццаць чацвёрты. Жылі яны ў добрай згодзе і прывячанні, душа ў душу, як звычайна гавораць у народзе. Малады салдат, сусед цераз хату, вярнуўшыся з грамадзянскай, падхапіў яе ў прыполацкай вёсачцы, яшчэ зусім дурнічку. І Глашыных гадкоў не дабыла да замужу. З таго часу стала вернай спадарожніцай былога салдата, пакуль адольваў грамату, вучыўся гаспадарыць у воласцях і раёнах і з Міколкі рабіўся асобай прыкметнай, Мікалаем Сямёнавічам.

Выправіўшы Кацярыну Іванаўну да дачкі ў Сібір, ён застаўся ў тыле ворага і ваяваў у партызанскім атрадзе на Смаленшчыне, у тых самых задольшчынскіх лясах, што некалі цешылі і палохалі Глашу. Кацярына Іванаўна доўга нічога не ведала пра яго, і ў Маскве першым чынам пайшла ў Цэнтральны партызанскі штаб. Яе прыняў чалавек, па ўсім цывільны, але ў генеральскім адзенні, і папрасіў быць мужнаю. Далей гаварыць было залішне. Кацярына Іванаўна, хоць і чула, а разумець не разумела, што атрад Мікалая Сямёнавіча ішоў на злучэнне з арміяй і быў адрэзаны немцамі на ўсходняй ускраіне Смаленска.

Калі першы боль ашорх, Кацярына Іванаўна атрымала ліст. Канверт меў многа пячатак і пераадрасовак, бо трапіў спачатку ў Сібір, але першы адрас быў напісаны мужавай рукою. І тут Кацярына Іванаўна не вытрымала, войкнула і ўпала. Ён пісаў з Задольшчыны, адразу пасля яе вызвалення, перад апошнім сваім боем, пісаў радасна, не прадчуваючы недалёкага расстання з белым светам. Тым больш было смутку ад горкай нагадкі пра таго, хто завочна размаўляў з імі, што ён аграваў сям’ю клопатам, даваў парады і такім чынам як бы працягваў жыць. «Пераязджайце ў Задольшчыну,— пісалася ў лісце,— ёсць дах над галавою, дом цэлы, лягчэй перакідаецеся, пакуль збяромся разам, да таго ж нейкім цудам захавалася Субота».

Несухія вочы перш не звярнулі ўвагі на гэту акалічнасць. Пра карову ўспомнілі, калі стала зусім скрутна: пачалі хварэць дзеці дый Глаша валілася з ног, бо праседжвала ночы за кніжкамі.

Кацярына Іванаўна моцна тужыла, і дачка не ведала, чым ёй дапамагчы. Калі баі перакінуліся пад Бабруйск, падышоў час Глашынага адпачынку. Кацярына Іванаўна ажыла, пачуўшы ад дачкі, што трэба наведаць месца апошняга бацькавага заспакаення. Якраз гэта было патрэбна ёй, бо паверыць да астатку ў непазбежнае яна не магла, асабліва пасля ліста. Аднак Кацярына Іванаўна, як ні хацелася ёй пакласці хоць галінку на перадчасны мужаў курганок, рашуча адмовілася. Як гэта траціць апошнюю капейчыну, калі ў дачкі, маладой жанчыны, ні надзець, ні абуцца. Хай лепш за адпачынак яна набярэцца сілы сама і падтрымае Петрыка і Тацянку.

Глаша кінулася на хітрыкі: яны абавязкова заедуць яшчэ і ў Задольшчыну, паглядзець, як там, а можа і праўда засталася Субота. Вось тады і будзе падтрымка ўсім.

Нельга сказаць, каб не зразумела таго ходу Кацярына Іванаўна, ды больш не пярэчыла, бачачы ў гэтым магчымасць выканаць астатнюю волю нябожчыка.

Сямейны савет, куды была паклікана цётка, на якую мелася пакінуць дзяцей, многа разоў перабіраў усе доказы «за» і «супраць». І вырашыў: ехаць.

Сабралі бялізну, насушылі сухароў,— дарога на той рух марудных цягнікоў па пашкоджанай каляі выпадала няхуткая. З тым жа разлікам была ўзята ў інстытуцкай бібліятэцы самая тоўстая кніга, хоць і чытаная некалі, але хапаючыся, па-вучнёўску, каб здаць залік.

 

4

Падарожніцы жахнуліся, дабраўшыся на вакзал. Ні ў адну з залаў, звычайна пустых і ўрачыстых, дзе жменька пасажыраў гублялася сярод калон і цяжэразных крэслаў, нельга было ўбіцца. Глаша ўзяла маці за руку, і яны стаялі на ганку пры дзвярах. Людзей прыбывала, праз некаторы час за плячыма ў падарожніц яны стоўпіліся так шчыльна — не зробіш кроку. Заднія падціскалі, абвінавачваючы ў бяздзейнасці пярэдніх, усіх, што апынуліся бліжэй да ўвахода. Але ж і тыя пярэднія ў сваю чаргу былі заднімі — і перад імі стаяла сцяна плячэй і галоў. Нарэшце рашуча націснулі самыя заднія: Глашу адарвала ад Кацярыны Іванаўны, падняло, закруціла — раз, яшчэ раз — і ўнесла ў залу. Са збітай на патыліцу хусткай, ускудлачаная, тут яна зноў схапілася за матчыну руку.

Крыху аддыхаўшыся, яны памкнуліся стаць па білеты, але куды і за кім? Густы, спрасаваны тлум — чалавек сорак — намёртва прырос да касы. Гэта была галава чаргі. Далей чарга радзела, павівалася ўздоўж усіх чатырох сцен, падыходзіла зноў да касавага акенца і тут рабіла новы закрутак, у яго ўпісваўся меншы і танчэйшы, пасля яшчэ меншы і яшчэ вузейшы, які недзе ў цэнтры залы канчаўся зусім тонкім хвосцікам.

Адшукаць той няўлоўны хвосцік і належала Глашы. Яна падумала, што ўсё гэта, калі б зірнуць зверху, выглядае круглай спружынай неймавернай таўшчыні, што выскачыла з немаведама якога вялізазнага механізма. Спружына няспынна пагойдвалася, паміж віткамі яе хадзілі і стаялі людзі, якія таксама займалі чаргу, але дзе было іх месца, не ведаў ніхто, а можа і яны самі.

На Глашыны роспыткі адгукнулася не па гадах пастарэўшая жанчына ў салдацкім шынялю наапашкі.

— Можа і я апошняя.

Жанчына дастала з кішэні пакамечаны пачак махоркі.

— Хочаш? Халера тут яго разбярэ! — яна лёгка, як нешта абыклае, вымавіла брыдкае слова.

Глаша была не супраць папяросы, бо ўжо ці раз адбівала горкім дымком засмучэнне, але курыць на людзях, асабліва пры маці, не адважвалася. Яна здзівілася, якім чынам угадалі ў ёй курца? І, чаго добрага, думаюць, што і яна можа ляпнуць такое...

Глаша пачырванела, быццам зрабіла нешта непрыстойнае. Хіба і яна стала падобнай да гэтай, у шынялю? Глаша прысарамаціла сябе: а ці можна яе асуджаць? Цяпер жанчыны ваююць, робяць самую цяжкую мужчынскую работу, дык якое дзіва, што каторая закурыць і кіне чорнае слоўца мужчынскага ўжытку.

Нібы прачытаўшы ў Глашыных вачах усе яе развагі, жанчына ў шынялю пасміхнулася.

— Паездзіш з маё, яшчэ мудрэй крапнеш. Давай трымацца разам. Я — Вера. А ты?

Панурая суровасць сплыла ў яе з твару, і Глашы здалося, што даткнулася яна да трапяткой душы, знарок захінутай грубым сукном, абы-як пакроеным у салдацкую вопратку.

А Вера працягвала, пазіраючы на заружавелы Глашын твар і на ўсю яе амаль дзявочую постаць.

— Ты — яшчэ подлетак. Не ваявала? А куды едзеш? Тут ёсць адзін чалавек, мне ў спадарожнікі набіваецца. Хваліўся, усё магу, усе хады і выхады ведаю. Табе два білеты? То я пайду, скажу, хай стараецца.

Тым часам Кацярына Іванаўна знайшла вольную лапіну падлогі і цераз натоўп, на мігі, клікала туды дачку адпачыць. Глаша праціснулася да яе, зняла з плячэй тоненькі рукзачок, прысела і разгарнула прыхопленую з сабой кнігу.

«Вайна і мір»,— як быццам упершыню прачытала яна і здзівілася: як гэта падобна!

На адным канцы яе радзімы не ўціхала вайна, а на другім рабіў першыя крокі мір. Не такі, як прывыклі звычайна ўяўляць, яшчэ ваенны, аднак падпарадкаваны ўжо не толькі намаганням перамогі, а празе мацаваць створанае, мір галаднаваты і абшарпаны, хай з прыгашанымі фарамі і замаскіраванымі вокнамі, але ж мір, без простай пагрозы жыццю і рабоце.

Не толькі Глаша з Кацярынай Іванаўнай, больш за паўсвета было тады ў дарозе да аселасці.

Усю велізарную краіну апанаваў рух. Новы, не падобны на тыя панурыя ўцёкі ад бяды, калі нашым войскам даводзілася адступаць. Днеўся, можа і нялёгкі яшчэ, заўтрашні дзень. Таму ў людскім руху была пэўнасць атаўбавацца недзе на сталым жыццёвым прыпынку.

Глаша добра прыкмеціла гэта. І вось па чым. Разам з людзьмі перамяшчалася незлічоная колькасць бог ведае якім чынам назбіраных і ацалелых трантаў.

Абцерпеўшыся і абвыкшыся з мітуснёй і штурханінай, Глаша бачыла, што на вакзале не так і многа было б людзей, каб не іхнія рэчы. Фанерныя скрынкі, плеценыя кошыкі ледзь не мінулага стагоддзя, гаматныя скруткі, паўвязваныя ў посцілкі і прасцірадлы, вучнёўскія ранцы і службовыя партфелі, напакаваныя няма знаць якою драбязою,— хоць зараз на сметнік. Туды б гэта і трапіла ў іншы час, цяпер жа набывалі вартасць нават не рэчы, а падабенства рэчаў — лепшае было паспродвана і пражыта. Старыя халявы, бутэлечкі ад лекаў, прымусы без гарэлак, кульгавыя дзіцячыя крэселкі з дзіркаю ў сядзенні — усё забіралася ў дарогу, а ну і спатрэбіцца, калі не сабе, дык каму іншаму, хто і гэтага не меў.

Глаша ў такім самым клопаце пераязджала з Сібіры. І яна ж, як гэтая суседка поруч, сядзела на станцыях з дзіцем на руках, штохвіліны пералічвала вачыма клункі і сачыла, каб далёка не адбегся сынок.

Пакуль яна чытала і думала, Кацярына Іванаўна знайшла некалькі спадарожнікаў, наслухалася парад, як трымацца ў дарозе, дзе чаго танней купіць, на што самы большы попыт. Выгледзеўшы на падыходзе да касы маладога яшчэ чалавека, які цяжка абапіраўся на кіёк, аднак з чаргі не выходзіў, Кацярына Іванаўна паспачувала яму, запрапанавала папільнаваць чамаданчык, а заадно расказала, куды і па якой патрэбе едзе з дачкою. Потым яна ўмяшалася ў наліпшы да касавага аконца тлум добраахвотных ахоўнікаў парадку, якія нібыта не падпускалі нікога збоку, але так і цікавалі, каб непрыкметна прабіцца без чаргі.

— Я самая крайняя,— тлумачыла Кацярына Іванаўна,— мая тут цікавасць малая. Але чаго вам, бліжэйшым, ціснуцца? Ад гэтага ж хутчэй не будзе.

Ушчунак дапамог мала, аднак у чарзе пазначыўся рух, пасунуўся крыху бліжэй і малады чалавек з кійком.

— Ды трэба ж да людзей нейкую ўвагу мець! — паказала на яго, падбадзёрыўшыся, Кацярына Іванаўна.— Вунь стаіць калека, ціхманы, наперад не лезе, хоць мог бы. Чаму такога не прапусціць?

Яе падтрымалі, і такім чынам малады чалавек неўзабаве апынуўся каля касы. Не паспела здаволеная сваімі захадамі Кацярына Іванаўна вярнуцца на месца ў хвасце, як ён тузануў яе за рукаў і адвёў убок.

— Трымай, маці, білеты, бо ты тут зазімаваць можаш.

— А мой жа ты дарагі! — Кацярына Іванаўна выцягнула з рукзака скураны курцік, што застаўся ад зяця.— Вазьмі сабе, насі на здароўечка.

Але той і слухаць не захацеў, узяў толькі грошы за білеты і параіў выходзіць на перон, бо пасадка, як відаць, будзе нялёгкая.

Захопленая чытаннем, Глаша не адразу зразумела матчыну радасць, што вось ужо можна ехаць. Французская размова на пачатку кнігі адпудзіла яе, і яна чытала наўздагад, проста там, дзе разгарнулася. Цяпер перад вачыма ўсё стаяла маленькая княгіня з адстаўленай губкай, калі была ўцяжку і праз гэта ніяк не магла ўмасціцца ў зручнай паставе на ложку. Глаша ўспомніла, што ёй таксама было няёмка класціся, нішто не падабалася, хацелася пакапрызіць і нават пасварыцца, калі насіла сваіх дзяцей.

— І адкуль гэта ўсё ведае граф Талстой? — толькі і магла сказаць яна маці.

Выходзячы на платформу, Глаша азіралася, ці няма дзе жанчыны ў шынялю, але тая, відаць, забавілася. Так і скончылася, не пачынаўшыся, іх выпадковае знаёмства.

 

5

З разнамоўнай гаманой і ўсім зразумелымі слязьмі, смехам і лаянкай плылі насустрач, не разбіваючыся адзін аб адзін, два патокі.

Большы цягнуўся з глыбіні краіны на захад і поўдзень, у разбураныя і праз гэта яшчэ больш дарагія родныя мясціны — там, думалася, і трэска памагае. Другі паток, куды меншы і радзейшы, кіраваўся адтуль, дзе зусім нядаўна так моцна балела і гаравалася.

Самі таго не ўсведамляючы, Кацярына Іванаўна і Глаша апынуліся ў першым патоку — з міру ў бок вайны. Праўда, потым трапілі яны і ў другі, але аб гэтым у свой час. Цяпер жа плынь, скіраваная на захад, падхапіла іх, увабрала ў сябе і несла насустрач трывогам і нечаканасцям.

Кацярына Іванаўна ехала ў турбоце за сваю няўдзячнасць. Была памкнулася пашукаць у цягніку чалавека, які так моцна дапамог ім. Можа ён укусіць не мае чаго, хоць бы пару сухарыкаў занесці. Такія ж смачныя ўдаліся, з кменам, пасоленыя. Але на хаду з вагона ў вагон не пяройдзеш. Праходы і тамбуры — поўным-поўныя, а вылазіць на прыпынках — страшна: астанешся.

Зазіраючы на верхнюю паліцу да дачкі, Кацярына Іванаўна каторы раз гаварыла, што і ў вайне няма зводу на добрых людзей. Іх нават пабольшала цяпер, бо, ведама ж, сэрца, моцна нагараваўшыся, лягчэй адгукаецца другому сэрцу.

Выходзіла акурат на яе. Добрыя людзі знайшліся і ў Смаленску і за Смаленскам, далі ім прытулак і правялі колькі кіламетраў да брацкай магілы.

Курганок быў абкладзены свежым дзёрнам, на ім густа жаўцелі дзьмухаўцы, быццам сама зямля выстаралася бронзавы панцыр і ахоўвае пад ім ад нягоды спакой тых, хто разлучыўся з ёю, дбаючы, каб жыла яна, карміцелька.

Глаша разабрала алаўковы надпіс на дошчачцы — роднае імя партызанскага камандзіра. Нарэшце Кацярына Іванаўна дала волю слязам. Пэўна ж, не апошнія яны былі, але самыя патрэбныя: як дождж пасля доўгай спёкі. Нахіліўшы галаву, яна сядзела каля курганка і плакала, ціха, не ўсхліпваючы, не сцепаючыся ўсім целам, без галошання і прыгавораў. Слёзы выплывалі з вачэй і падалі проста на скрыжаваныя рукі.

Глаша адышлася, пакінула маці ў бязгучнай размове з прыгарнуўшай не адно жыццё зямлёю і з бесклапотнымі воблакамі ў вышыні. Выплакаўшыся на адзіноце сама, яна вярнулася, абцерла Кацярыне Іванаўне хусткаю твар і пашаптала на вуха:

— Мама мая, мамачка, сіротка!

Жанчыны ўзяліся за работу. Пасыпалі жвірам сцежку да курганка, схадзілі ў лес, нарвалі бярэмя самай лапушное дзеразы і звілі вянок на ўсю магілу. А пад вечар, перад самым адыходам, Глаша пасадзіла ў галавах маладую таполю,— хоць не ў пару, але можа і дасць цянёк бацьку. Яно ж учэпіста бярэцца за грунт і хутка расце, гэтае дрэва!

 

6

Дзіва, з таго самага шэрагу дзівос, што сустракаліся тады, у далёка не казачны час, і, прасцей кажучы, называліся добрымі людзьмі, гэта дзіва працягвалася і ў Задольшчыне.

Субота, іхняя Субота, скубла траву на гарадскім выгане ў нешматлікім статку, пад апекаю хлопчыка ў пілотцы і зусім малое дзяўчынкі. Як ні былі змораны дзённым пераходам Глаша і Кацярына Іванаўна, яны пабеглі на луг.

Субота мыкнула і лізнула гаспадыні руку. Кацярына Іванаўна потым запэўняла, нібы ў каровы завільгатнелі вочы, але ж ці магла жанчына за сваімі слязьмі ўбачыць каровіны, каб яны і былі? Аднак намеры пакінуць Суботу тут, якую б цану ні далі, расталі без следу пасля такой сустрэчы. Як можна? Не, яе канечне трэба забраць з сабою. Столькі перацерпела жывёліна і не забыла, пазнала!

І маці, і дачка адчувалі, што, не знайдзіся тая Субота, парвалася б апошняя, можа і невідочная ўжо нітачка дамашнасці, цёплага ўкладу нярушанай вайною сям’і. З хатніх рэчаў нічога не было, у кватэры жылі незнаёмыя людзі. Яны нават устрывожыліся напачатку, пэўна, прыйдзецца выбірацца, але тут жа і павесялелі: старыя жыхаркі не думалі заставацца ў Задольшчыне. Іх накармілі бульбяною поліўкай і паслалі ў бацькавым пакоі.

Кацярына Іванаўна так і не задрамала. Гэта ж ён, яе муж, праводзіў тут сваю апошнюю ноч. Тады было холадна, з незаклееных вокан, мусіць, дзьмула. Ён паліў у печы, хадзіў з канца ў канец па пакоях, церабіў пальцамі непаліты вазон кітайскай ружы. І, напэўна ж, гуў сабе пад вусы ўлюбёнае: «Віхры варожыя...» А потым узяўся за ліст...

І вось чаму яшчэ нельга пакідаць тут Суботу. Ні ў якім разе! Ён жа бачыў карову. Можа гладзіў нават, і словам абзываўся. Як заўсёды, крыху пануры. Такую натуру меў: здаецца, і нешта суровае гаворыць, а вочы — ласкавыя. Купляць карову — ён і слухаць не хацеў. Няёмка яму абрастаць гаспадаркай. Але Глаша кволілася, ніяк не магла выхадзіцца пасля дыфтэрыту. Не будзеш жа рызыкаваць здароўем адзінай дачкі. Так і з’явілася ў іх Субота.

О, каб яна магла гаварыць!

Кацярына Іванаўна, калі было вырашана ёй ехаць да Глашы ў Сібір, завяла Суботу на эвакапункт. Казалі, што, маючы квітанцыю на здачу каровы, у новым месцы, дзе давядзецца жыць, можна атрымаць другую.

Статак пагналі на ўсход. Мінула ноч. Кацярына Іванаўна выносіла апошнія рэчы на грузавік, як на падворку пачулася знаёмае мыканне. Ці то кепска пільнавалі пагоншчыкі, ці то занудзілася яна па хатнім доглядзе, адным словам, Субота стаяла каля ганка і раўла. Кацярына Іванаўна раскалаціла ёй цёплага пойла і растлумачыла, як умела: пі, галубка, але ўзяць цябе не магу. Карова паслухала, паўздыхала і зноў пайшла за гаспадыняю на здачу.

Далей было тое, чаго Кацярына Іванаўна не ведала. Знецярпліўлены шафёр ледзь дачакаўся яе, пасадзіў і пагнаў машыну. Следам у Задольшчыну ўскочылі немцы. Лепшую жывёлу з нарыхтоўчага пункта пагрузілі на платформы і адправілі ў Германію, а рэшту пачалі прыразаць у кацёл.

Субоце зноў пашчасціла ўцячы. Яна вярнулася дадому, праціснулася ў хлеў і стаяла там, падлізваючы леташнія сянінкі ў застаронні. Страціўшы надзею хоць на якую гаспадарскую падтрымку, карова адчыніла рагамі дзверы і выйшла на пашу ў агародчык. Хадзіла яна па разорках, як быццам асцерагалася таптаць дагледжаныя стараннымі рукамі гаспадыні грады. А можа помніла старую навуку, калі Кацярына Іванаўна вадзіла яе на павадку, выпасваючы салодкую травіцу пад яблынямі.

Тут вось і трапіла Субота на вочы нямецкаму каменданту. Уласна кажучы, не яму самому. Касавокі дзяншчык без куродыму, затое ў супрацьгазніку, выдзіраў мёд на суседняй сядзібе. Ён далажыў: калі гер камендант пажадае, ёсць зацішны дамок. Асобны, на дзве кватэры, і з кароваю. Можна перабрацца. Гер камендант пажадаў, ён быў слабагруды і змалку прывык піць сырадой.

Суботу пачалі карміць і, вядома ж, патрабавалі за гэта натуральнай аплаты. Падаіць яе спачатку не ўдавалася ні дзеншчыку, ні запрошаным суседкам. За час свае акінутасці Субота ледзь не запусцілася, трэба было раздойваць. Апрача таго, каб не аддаць малака чужому, яна ўжывала звычайныя каровіны хітрыкі — затойвала духі. За гадзіну тармасавання і выціскання вымені ў дайніцы насілу закрывалася дно,— змакрэлы дзяншчык хапаўся за пісталет. Потым кінуўся на хітрыкі сам і перахітрыў, дадумаўся, касавокі, да спосабу Кацярыны Іванаўны. Не паказваючы злосці, ён паляпваў карову па баках — гут! гут! — і даваў ёй скібку хлеба.

Як было даўмецца Субоце, што яе ашукваюць? Гэтак рабіла і гаспадыня, яна не з’яўляецца, а распёртае вымя гарыць. Людзі-то чужыя, але жывуць чамусьці на яе, Субоціным, двары. Пэўна ж, да часу: вернуцца некалі і свае.

З тае пары — рана, удзень і ўвечары — касавокі немец у рабенькім хвартушку Кацярыны Іванаўны сядаў на зэдлік і, памазаўшы дойкі эрзацным вазелінам, выдойваў усё да кропелькі. Пасля, таксама тройчы на дзень, ён ставіў перад камендантам белы гарлачык і шклянку ў мельхіёравай нашклянніцы, што нядаўна служыла галаве сям’і. Зверыўшыся з гадзіннікам, каб не спазніцца і не апараніцца, ахвотнік да сырадою рабіў ласку наліць малака ўласнаручна і роўна пяць хвілін піў яго маленькімі глыткамі. Нядбалым рухам, нібы прамакаючы чарніла, камендант дакранаўся да губ сурвэткай з гаспадынінай мярэжкаю і клаўся адпачыць. Праз паўгадзіны выпіваў яшчэ паўшклянкі, нагбом. Не больш і не менш, такі курс рэкамендавалі дактары.

Рэшта ўдою заставалася дзеншчыку. З’есці ўсё ён не ўправіўся б і расперазаўшыся, таму стаўляў на кіслае, нават біў масла, балазе бойка знайшлася ў кладоўцы.

Касавокі раскашаваўся: утаргоўваў на масле і на малацэ, выменьваў у салдат нарабаваныя рэчы. Ён не бачыў канца салодкаму бытаванню: і сабе стае па завязку, і дамоў можна адаслаць акуратную скрыначку не свайго дабра.

Завейнай лютаўскай ноччу бязгучныя цені абрэзалі правады і паздымалі вартавых на ўскраінах Задольшчыны. Бой трываў нядоўга, гарнізон так і не паспеў прачнуцца. Касавокі дзяншчык бегма кінуўся хавацца ў стагі сена над рэчкаю, не аставацца ж было і пунктуальнаму каменданту. Там іх перахапілі.

Партызаны хутка сабралі зброю, пагрузілі на фурманкі харчовы склад. Пагналі і рагатую жывёлу з пакінутых двароў, дзе жылі немцы.

У лесе Суботу прыкамандзіравалі ў сямейны лагер, карміць партызанскіх дзяцей. Там было холадна, затое хапала сена.

Мінула вясна і лета, потым яшчэ адна вясна і яшчэ адно лета. Лагер некалькі разоў пераходзіў з месца на месца, нарэшце людзі вярнуліся ў вызваленае паселішча. Тут было не лягчэй, але цуд ёсць цуд. Насуперак жорсткаму ваеннаму лёсу карова не толькі ацалела, а і добра даілася, хоць усю вясну працавала, цягала плуг на сядзібах...

...Кацярына Іванаўна апранулася ціха, каб не пабудзіць дачку: хай спачне лішнюю хвіліну перад дарогаю. Развязала апусцелы рукзачок: сухароў заставалася толькі тры. Памкнулася была завязаць, але падумала, палічыла яшчэ раз і ўзяла адзін. На дварэ зняла з плота вядзерца, спаласнула і пайшла ў хляўчук.

Субота ляжала.

— Устань, міленькая! — сказала Кацярына Іванаўна і прысела пад карову.

Пругкае вымя падалося, нібы злілося з пальцамі, жанчына лёгка сціснула далоні і адпусціла. У вядро дзвынкнуў першы востры струменьчык, за ім зазвінеў другі, смялейшы. Струменьчыкі ўсё падалі і падалі, спяшаючыся адзін перад адным: раз-раз, дзын-дзын. Потым усё сціхла, пасудак быў поўны больш чым напалавіну.

Кацярына Іванаўна аддала Субоце размочаны сухар, а сама стала ў дзвярах і адпіла: цёплага, няцэджанага, з шумаю.

Так і паснедалі яны: ужо сваім, не куплёным малаком. Падтрымка падаспела акурат у пару: прыкупіць іншых харчоў не было дзе і, праўду кажучы, не было за што.

 

7

Падзякаваўшы ўсім — знаёмым і незнаёмым, Глаша і Кацярына Іванаўна развіталіся з Задольшчынай.

Першыя гадзіны ішлося лёгка. Неўзабаве падарожніцы, не ўцягнуўшыся яшчэ ў хаду, пачалі прыставаць. Каб адагнаць змору, Глаша ўзялася за чытанне.

Пасля паўдня Кацярына Іванаўна сказала, што хутка будзе вядомы ім населены пункт. У вуснах маці пашыраны праз газетныя зводкі выраз здаўся дзіўнаватым. Яны звярнулі на папаску ў бок паселішча. Знаёмая назва выклікала знаёмыя ўяўленні: дзяруцца пеўні, шуміць, абапёршыся на прасла, вішняк, гуляюць дзеці. Глаша глыбей унурылася ў кнігу, каб утрымаць уяўлены малюнак, і не падымала вачэй з надзеяй: а можа так яно і ёсць, так і засталося? Але яны ішлі па ўмуравелай паласе, якая некалі называлася вуліцай, насіла на сабе статкі і фурманкі, чула чалавечыя песні і смех.

Быў пункт, але не населены. Паабапал вуліцы — гола і, галоўнае, чорна. І не так уразіла Глашу страшэнная галізна, як гэты чорны, варожы жыццю колер: галавешкі, закураныя печы, абгарэлыя дрэвы. Два зрубы прыткнуліся чамусьці на ўскраінах папялішча. Яны яшчэ горш растрывожылі Глашына сэрца. Акурат хацінкі на курыных ножках, якія яна малявала свайму сыну.

Каля адной з хацінак сядзеў на дзяружцы хлапчук, гартаючы нямецкі часопіс з малюнкамі.

Падарожніцы прыпыніліся.

— Хіба ты адзін тут жывеш? — спытала Глаша.

— Маці ў лесе. Збірае суніцы на абед.

— Сам бы збегаў...

— Я не магу хадзіць. Раматус круціць. Я застудзіўся ў партызанах.

Дазнаўшыся, што хлопчыка завуць Ісайка і што да вайны ён вучыўся дзве зімы ў школе, Глаша хацела была запытаць, хто яшчэ ёсць у сям’і, але сумелася.

— Бацька — там, дзе ўсе,— растлумачыў хлопчык сам.

Васільковыя вочы асвятлілі на момант змарнелае аблічча.

— Мы от пабудаваліся, чакаем яго.

Жанчыны агледзелі дамок зблізку. Складзены хапаючыся, з неакораных, пазалышваных крыху, цераз вянец, нават не бярвенняў, а таўставатых жардзін. І накрыты абы-чым: чаротам і яловымі лапкамі.

— Тата прыйдзе — паправіць,— разважліва працягваў Ісайка.— Які гэта дом? Толькі і таго, што за каўнер не льецца.

Глашу агарнуў смутак. Сапраўды, якое ж гэта жытло? Хутчэй сведчанне прагі будавацца, яе нічым і ніяк не вынішчыш у чалавеку. Вось жа хапіла трываласці ў выпадковых будаўнічых, без пары пасталеўшых падлеткаў і такіх самых адзінокіх жанчын, як яна, Глаша. А сапраўдныя майстры недзе яшчэ кіруюцца да апошняга ворагавага прыпірышча, і невядома, хто з іх і калі будзе дома...

— Вы хочаце ў нас застацца? — перапыніў яе развагі Ісайка.— А дзе жыць? — Хлопец шырока развёў рукамі.— Усё пайшло з дымам... Толькі каміны павыхватвалі.

Глаша пасміхнулася на ўжо чуты ад дарослых жарт і села поруч з хлопцам.

— У нас ёсць дзе жыць,— сказала яна,— але ісці далёка.

Глаша ўзяла ў хлопца часопіс.

— Ты ўмееш па-нямецку? — пацікавіўся ён і паказаў на малюнкі.— Які гэта горад?

— Берлін. Аляксандар-пляц. Такая плошча ў іх. У гонар рускага цара назвалі.

— Значыць, іхнія цары з рускімі добра жылі?..

Ісайка памаўчаў і, не дачакаўшыся Глашынага адказу, зноў пачаў гаварыць:

— І я б там пабыў, каб ногі не забалелі. Камандзір атрада абяцаў мяне ўзяць.

— А што табе рабіць у Берліне?

— Як што? Напісаў бы хімічным алоўкам: «Тут быў савецкі партызан». На самай большай нямецкай хаце. І распісаўся б...

Хлопец павесялеў і разгаварыўся, выкладваючы ўсе свае далейшыя намеры.

— Яшчэ б паглядзеў, ці добра Гітлера пільнуюць. Каб не ўцёк. Партызаны казалі, мы яго на востраў Святой Алены зафурым. Як Напалеона. Ты ведаеш, нашу вёску і Напалеон паліў.

Гэтага Глаша не ведала, Ісайка зірнуў на яе з выглядам пераможцы.

— Паліў дый сам спёкся. Бо з нашага дрэва агонь вельмі гарачы.

Глаша зірнула на хлопчыка:

— Хто табе гэта сказаў?

Ісайка пакрыўдзіўся.

— Ніхто. Так у нашых лістоўках пісалася. А іх мы разам складалі. Увесь атрад. Я адну лістоўку перапісваў, перапісваў, а потым, не ведаю як, ад сябе дадаў трохі.

Ісайка перахапіў зацікаўлены позірк Глашы.

— Не верыш? Я табе зараз пакажу.

Ён памкнуўся ўстаць і скрывіўся ад болю.

— Не трымаюць ногі. Не тыя харчы. Ты вазьмі сама. У сенцах, на століку.

Глаша вынесла з сянец дзесятак лісткоў рознага памеру. Гэта былі кавалкі шпалераў, вокладкі вучнёўскіх сшыткаў, спісаныя дзіцячай рукою. Ісайка выцягнуў адну лістоўку і, нібы апраўдваючыся, прамовіў:

— Во, тут якраз месца заставалася, дык я дапісаў.— Ён ціха прачытаў:

 

Будзеш, Гітлер, чорт рагаты,

Будаваць нам новыя хаты.

 

Глаша мімаволі пасміхнулася.

— Табе не падабаецца? А камандзір хваліў...

— Што ты, Ісайка, гэтак не кожны можа. Толькі чаму «рагаты»? Хіба ў Гітлера ёсць рогі?

Хлопчык дакучліва махнуў рукою.

— Гэта ўсе пытаюць. У фашыстаў знак такі,— ён накрэсліў у паветры свастыку,— як паламаныя рогі ў бугая. А Гітлера мы не толькі з рагамі, і з хвастом малявалі.

Падбадзёраны Глашынай пахвалою, Ісайка гаварыў далей:

— І каб мая воля, я б яго на той востраў не заганяў. Што з таго, будзе гульма гуляць. Лепей прывезці сюды, хай бы хоць адну хату пабудаваў, сваімі рукамі. Як мы з мамаю... Без каня. Бярвенца кожнае на сабе... Зачэпім вяроўкаю і цягнем з лесу... Потым мама кінецца на зямлю і ляжыць, як нежывая...

Хрыпаты галасок хлопца задрыжаў, і Глаша ўстала, не магла стрываць нахлынуўшай горычы. Пачала памагаць маці. Кацярына Іванаўна асвойталася на панадворку. Знайшла трыногу, назбірала трэсак і паставіла варыць зацірку. Закрасіўшы страву малаком, пад’елі ўсе.

Далей у гэты дзень не пайшлі. Адраіла, вярнуўшыся з лесу, Ісайкава маці: не варта супраць ночы, мала што можа здарыцца, а сюды благія людзі не заглядваюць, чым тут пажывішся.

Падарожніцы начавалі на дварышчы. Навязалі Суботу, а самі ўлезлі ў вялікі бульбяны мех — і смялей, і цяплей так.

— Як будзем уцякаць, калі што? — спытала Глаша, угрэўшыся.

— Ніяк. Абдымемся моцна і памром,— прамармытала Кацярына Іванаўна і тут жа заснула.

 

8

Ад прывалу да прывалу падарожніцы ішлі з дзвюма сем’ямі. Уласна кажучы, гэта была адна сям’я: дзед з бабкаю і Надзя, іхняя залоўка, з малою дачкою. Жанчына была ўсмешлівая і гаваркая, не адставалі ад яе і свёкар са свякрухаю. Расказвалі наўзахапкі. Не дзіўна, папамаўчалі-такі гэтыя людзі!

— Сама не ведаю, ці я замужняя яшчэ,— гаварыла Надзя, яна выглядала на Глашыну равесніцу.— Мой працаваў у саўгасе механікам. У ваенкамат не паспеў, з запаленнем лёгкіх качаўся. А пачаў уставаць — тут яны, немцы. Хадзіў, ныдзіў, што людзі ваююць, а ён каля дому агінаецца. Сабралася іх такіх чалавек дзесяць, сышлі ў лес.

— О, тады ж і было! — не ўцерпеў дзед.— Наехала карнікаў. Абкружылі дамы, дзверы на зашчапку і давай падпальваць. Мы выкраліся ў агарод і — у склеп. А там бульбянік высокі парос, не агледзелі. Ды ўжо думалі там кончымся. Тры дні без вады... А дым клейкі... Прыляпіўся да зямлі, хоць рукамі аддзірай. Ведама ж, столькі душ у ім захлынулася. Толькі мы і выскачылі...

Ён не дакончыў. З палявое дарогі падхапіўся слупок пылу, выбег на шашу, закруціўся і рассыпаўся каля ног. Усе на хвіліну заплюшчылі вочы.

— Кожны раз гэтак,— стары правёў далонню па твары,— нагоніць вецер пылу, а ў вачах усё як быццам той попел курыць... З нашага пажарышча...

У Глашы высахла ў роце, стала млосна. Глянуўшы на матчын спалатнелы твар, яна паспяшалася запытаць, а дзе ж цяпер Надзін муж.

— Казалі, у танкавую часць упрасіўся...

Дзядок шарпаў па шашы вялізнымі, не па назе, гумовымі шлапакамі. Ён быў бухгалтарам і, дазнаўшыся, што Глаша — студэнтка, загаварыў крыху па-кніжнаму, як з чалавекам адукаваным.

— Паслухайце,— узбуджана гуў стары,— як гэта страшна! Чалавеку раптам пачынае неставаць паветра. Вось, калі яны прыйшлі, нібыта мех на галаву насунуўся. Хочаш крыкнуць, а голасу няма: усё паветра скончылася. А я, галубачка, колькі часу чыстым паветрам дыхаў? Ад таго самага першага грому, з «Аўроры». Якаво мне трываць? — Дзед закашляўся ад хвалявання.

— Так — не глянь, гэтак — не ступі, таго — не зрабі,— дагаварыла за яго жонка.— А зробіш...

— Чакайце, Дар’я Пятроўна! — Стары бухгалтар прыпыніўся і шырока расставіў рукі, нібы ўявіўшы сябе на трыбуне.— Я скажу... Пра самае цяжкае. Я — чалавек. І не хачу, каб мяне кідалі, як кладку, у гразь. І па маёй спіне пераходзілі лужыну. А яны рабілі людзей прыладамі... Так, прыладамі... Для абмывання, абшывання, а то...— Ён зірнуў на жанчын і памаўчаў, падшукваючы далікатнейшае слова.— А то і для задавалення іншых патрэб...

Глаша ведала, што захопнікі не абцяжвалі сябе залішняй увагай да чалавечай годнасці. Зараз жа поруч з ёю ішлі само чалавечае гора, усё ператрываўшая цярплівасць. І тым страшнейшы зарад нянавісці таілі яны ў сабе, што не здолелі ўзарваць яго,— не ўсе ж маглі дацягнуцца да гранаты і спускавога кручка.

— І як гэта так? — Стары гарачыўся і размахваў рукамі.— Адкуль, скажыце мне, узяліся падпальшчыкі і гвалтаўнікі? Няўжо з таго самага народа, які свеціць чалавецтву геніямі навукі, музыкі? Не веру. І чаму гэты народ, убачыўшы, што нарадзіў вылюдкаў, не надзеў на іх усцішальнае кашулі? Не разумею... Там, дзе яны пагаспадарылі, і цяпер нельга ўседзець... Сустрэнецца абгарэлы дом без вакон, так і чую: людзі крычаць, на дол выкідаюцца. Вось мы і сышлі...

Глашыны спадарожнікі перабіраліся дзесьці пад Іванава. Чаму ў гэтае месца?..

— Аднолькава,— растлумачыў стары,— дзе нам пачынаць зноў жыць. Дык лепей там, дзе ўсё вядзецца, як заўсёды было, як павінна быць.

І Глаша, відаць, не засталася б у Задольшчыне, каб адчула нешта падобнае. Ёй не здавалася дзіўным, што людзі пакідаюць свае гнездавішчы. Сапраўды, у незачэпленых навалай мясцінах лягчэй сэрцу, дый рукі, відаць, будуць іначай завіхацца.

Глаша пашкадавала, калі прыйшлося развітацца з гэтымі міжвольнымі перасяленцамі. Але ісці з імі было марудна. Плакала ад зморы і гарачыні дзяўчынка, затрымлівала і жыўнасць, якую гналі гэтыя людзі: цялушка-выпустак і парсючок, малы і кволенькі. Парася клалася на шашу, падгінала ножкі і ляжала парохкваючы, відаць, крыўдавала на сваё цяжкое маленства. Дзед браў кабанчыка на рукі і падносіў ад слупа да слупа, на большае не хапала пораху. Яго змяняла бабка, таксама ненадоўга. Даводзілася спыняцца і чакаць, а Глаша баялася спазніцца ў лабараторыю — адпачынак канчаўся.

За першыя дні хады Глаша і Кацярына Іванаўна ці мала нагаварыліся. То яны самі даганялі каго-небудзь, то на чарговай папасцы людзі спыняліся каля іх, найчасцей прывабленыя дойнай кароваю. Размова — адкуль вы і куды? — непрыкметна даходзіла да просьбы прадаць ці памяняць на хлеб бутэльку малака. Грошай Кацярына Іванаўна не брала, ад хлеба ж адмовіцца не магла.

У кожнага падарожнага была свая гісторыя, і Глаша выслухала багата людской бяды, падобнай і непадобнай да яе ўласнае. Каго вайна захапіла ў гасцях на Украіне, хто праводзіў свой адапачынак на Сожы, каля Гомеля, ды так і не здолеў выехаць праз нечаканыя акалічнасці, а дзе хто стараўся матэрыялаў ці дэталяў на заводах і не заўважыў, як апынуўся за лініяй фронту.

Час не паспеў сцерці з абліччаў усіх гэтых людзей змрочнасць перажытага, аднак, заўважыла Глаша, не было ў іх адцуранасці, замкнёнасці ў сабе. Людзі гарнуліся да людзей, шукалі калі не спагады, дык простае ўвагі, ахвотна раілі і раіліся, нават дзяліліся, чым маглі.

Такім чынам Глаша і Кацярына Іванаўна трапілі ў другі чалавечы паток — з вайны ў мір. Як і ў кожным патоку, што ўзнікае пад час паводкі, хапала тут бруду і шумавіння. Той-сёй у свой час, збаяўшыся, пакінуў поле бою і адседжваўся дзе-небудзь пад страхою непераборлівай удавы. Другія, аціраючыся каля акупантаў, пагнюсіліся аб лёгкі, а часам і крывавы хлеб. Як жа такому заставацца на воку ў сведак і пацярпеўшых? Лепш хоць на першы, заўсёды больш гарачы на кару момант прыхавацца за чужой спінаю, пратуляцца пад чужым іменем там, дзе ніхто не ведае і не пазнае. Вось яны і рушыліся ўлегцы, бо перад усім адвозілі ў зацішнейшы кут уласную скуру.

Глаша навучылася пазнаваць такіх падарожных: прытрымліваеш слова на прывязі, не выводзіш вочы на вочы, пэўна, маеш нешта ўтаіць, чалавеча! Яны былі здольны на благое, але ж не кінуцца рабаваць проста на дарозе — гэта была б лішняя зачапка да выкрыцця. Іншая справа тыя, хто ўжо не спадзяваўся акупіць свае правіны, тыя заціналіся і, стаўляючы на карту ўсё, выходзілі з лясных сховішчаў дарабоўваць недарабованае, дажываць, колькі дажывецца.

Падарожніцы чулі, што на дарозе там-сям неспакойна, і больш за ўсё баяліся гэтакай сустрэчы. Не так за сябе, як за сваю шчаслівую знаходку — Суботу.

 

9

Яно б і не трэба было яшчэ спыняцца на адпачынак, але спакушала рэчка. Быстрая і, відаць, халодная. І гурток светлых бярэзінак над ёю, што ўсё глядзелі з берага і ніяк не асмельваліся ступіць, замачыць ногі.

Глаша прыпынілася на мастку.

Рэчка бегла ў лугі, яна была відна далёка на зялёнай разлегласці: нават на самым даляглядзе, дзе пачыналася балаціна, то выблісквала, то хавалася сіняе срэбра.

Вось каб застацца тут надаўжэй! Хоць бы дзянёк бесклапотна пагрэцца на пяску, падрамаць у гэтым слаўным беразачку.

— Спаласнёмся, дачка? — зразумела яе жаданне Кацярына Іванаўна.— Хораша, лугавінка добрая. Хай паскубе Субота.

Яны спусціліся ў ярок паміж двума пагоркамі, наказалі Субоце далёка не адыходзіцца і, не спяшаючыся, пачалі распранацца.

Глаша сышла на жвір, намыты каля лазовага куста, і глянула пад ногі: рэчка паказала яе ўсю.

Жанчына здзівілася з нечаканай акругласці свайго цела. І сну было мала, і здарожылася, а, глядзі ты, паспела палепшаць. Нездарма гэтыя колькі дзён піла і не магла здаволіцца сырадоем.

Яна перавяла позірк на маці — зашчымела пад сэрцам. Мама, і гэта яе прыгожая мама! Яна як быццам паменшала, толькі вочы значны на абліччы. І лапаткі вытыркаюць, як у падлетка. Не глядзіць сябе: лепшы кавалак дачцэ ці ўнукам. Ніхто больш не дазволіць ёй рабіць гэтак.

Глаша кінулася і паплыла, па-жаноцку гонячы перад сабою хвалю. Вада падняла яе, пругка выштурхнула на паверхню, і ўсё цела, з ног да галавы, нібы аблілося тонкай халоднай абалонкаю. Раптам стала лёгка, захацелася дурэць.

— Даганяй, Кацюша! — Яна ўспомніла свой дзіцячы зваротак да маці, калі следам за бацькам называла яе па імені.— Плыві, тут плытка!

Глаша намацала дно ў зарасніку вадзяных лілей, вырвала два гарлачыкі на даўгіх сцяблінах і па дзявочай звычцы абвязала імі валасы. Рэчка зноў паказала жанчыне асвежанае белымі кветкамі аблічча. Яна падплыла да Кацярыны Іванаўны і ўзлажыла ёй вянок на галаву.

— Ты ў мяне зусім маладая, мамачка!

Кацярына Іванаўна пасміхнулася, усмешка чамусьці перакрывілася ды так і застыла ўпоперак вуснаў: вось-вось пачнуць уздрыгваць плечы. Глаша ўжо і не рада была, што дала волю свайму дзіцячаму памкненню. Кінулася абдымаць маці, але яна перамаглася: усмешка зноў стала на месца, зрабілася прывычнай матчынай усмешкаю.

— А ты ў мяне ўсё яшчэ падуростачка,— уздыхнула Кацярына Іванаўна.

Потым яны сядзелі на гарачым пяску, сушылі валасы. Ісці апранацца не хацелася, балазе тут, як за заслонаю ад дарогі: хмызняк трыкутнікам збягае амаль да самае вады. Раптам нешта прымусіла Глашу азірнуцца. Яна не паверыла вачам: рыжаваты рослы байбус, без шапкі, пароўся ў іхняй адзежы, а другі, такі самы гладкі здаравіла, накідваў на карову налыгач.

Жанчыны ў момант пырснулі ў рэчку і, напалоханыя, стаялі па шыю ў вадзе.

— Спакойна, бабкі! Мы вашу кароўку купілі!

— Кіньце дурныя жарты! — нарэшце здолела вымавіць Глаша, яшчэ не ўсведамляючы, адкуль што ўзялося.— Вы не хлапчукі. Ідзіце адсюль, дайце нам апрануцца.

— Вось у тым і справа, што не хлапчукі,— зарагатаў рыжы.— А вы — не дзяўчаткі. Ёсць аб чым паразмаўляць.

Ён падымаў супраць сонца лапленую-пералапленую жаночую бялізну і хутка прамацваў пальцамі кожнае шво, ці не зашыты дзе грошы або дарагая рэч.

Той, што трымаў на павадку Суботу, пыхнуў прыгасшаю папяросаю:

— Канчай брахню! А вы — лічыце, што карову прадалі. За сходную цану і без торгу. Хваліце бога, на добрых людзей нарваліся.

Кацярына Іванаўна ніяк не магла апомніцца: страх, абраза, страта ўсіх надзей спляліся ў даўкі клубок і заціснулі горла. Ледзь не пошапкі яна пачала прасіць — не агалоджвайце, пашкадуйце дзяцей.

— А што ў нас саміх дзетак няма? — здзекаваўся здаравіла.— Сядзяць, бедныя, у лесе. Надакучыць ім цацкамі забаўляцца,— ён паказаў на мігі быццам прыцэльваецца з вінтоўкі,— пачынаюць плакаць, малачка просяць.

Рыжы байбус скончыў ператрасаць рэчы і разагнуўся.

— Нічога людскага,— ён грэбліва пацёр далонь аб далонь.— Адно карэлае транце. А ты,— рыжы зірнуў на Глашу і падышоў да берага,— на маю былую жонку падобна. Ці не прыхапіць цябе з сабою, хоць будзе каму карову падаіць. Ну, вылазь, галубка! — ласкавае слова зляцела забруджаным з яго тоўстых, нібы замасленых губ.— Дай я на цябе зблізку гляну... Вылазь, не саромейся, прывыкнеш...— Ён працягнуў наперад чырвоныя ад загару рукі.

Кацярына Іванаўна рэзкім кідком стала перад дачкою, гатовая крычаць, бараніцца да апошняга. Глаша ўбачыла: просьбаю і крыкам рады не дасі. Яна непрыкметна адступілася на глыбейшае і тузанула за сабою маці: уцякайма, ратуймася!

— Э-э-э, назад! — разгадаў рыжы яе намеры.— Я плаваю лепш. Не задавай мне лішняй работы!

— На чорта яна здалася! — нецярпліва абазваўся напарнік.— Гэткага дабра — пад кожным кустам па дзве... Пайшлі!..— Ён сцебануў павадком карову.— Забяры іхнія лахманы, каб услед не кінуліся. Сядзіце тут ціха: ні шэп, ні свісь. А калі паспрабуеце...

На шашы зашуршалі шыны, рыпнуў тормаз, каля самага мастка, падпыліўшы, спынілася машына.

— Купацца, дзяўчаткі! — пачуўся ўзрадаваны голас.

Рыжы з напарнікам разгубіліся, памкнуліся шуснуць у хмызняк, але, відаць, шкада было кінуць карову.

А Субота ўпіралася, матляла галавою, не хочучы ісці за чужымі.

З кузава грузавіка высыпалася дзесяткі два дзяўчат у вайсковым адзенні. Яны з рогатам беглі на луг, проста ў ярок, відаць, вядомы, аблюбаваны імі зацішак. Найбольш упраўныя ўжо скідалі на хаду гімнасцёркі, прагнучы хутчэй акунуцца ў рачную прахалоду.

Пабачыўшы, што пагроза не такая ўжо і вялікая, рыжы абцягнуў цяльняшку пад расхрыстаным пінжаком і нядбала прамовіў:

— Салют слаўнаму жаночаму войску!

Сустрэўшы дзве пары насцярожаных мужчынскіх вачэй, дзяўчаты пачалі зашпіляцца і падцягваць рамяні.

Мажная жанчына з пагонамі старшыны зрабіла крок да незнаёмых:

— А ну, ушалёствайце адсюль. Гэта наш бераг.

Тым часам Субота, якой дапяклі мухі, сарвалася

з павадка і кінулася у раку, да анямелых ад холаду і страху гаспадынь. Тут толькі прыкмецілі іх дзяўчаты, байцы, як высветлілася потым, з батальёна супрапьпаветранай абароны.

— Даражэнькія мае, даражэнькія...— Кацярыне Іванаўне ніяк не ўдавалася сказаць, што зараз было, і яна адно паказвала дрыгаткім пальцам: — Гэтыя, гэтыя...

Тыя прыкметна звялі: каровы ўжо не забярэш. Хоць бабы, але іх зашмат.

— Жартаў не разумеюць,— паспрабаваў усміхнуцца рыжы.— Думалі пакупацца разам: пара на пару...

Робленая жартлівасць і цынічны тон рыжага міжволі наводзілі на падазрэнні. Дый чаго ж бы так калацілася збялелая жанчына ў рэчцы. Спрактыкаванае вока старшыны заўважыла нядобрае.

— Таварышы байцы! — скамандавала яна.— Затрымаць іх.

За адзін скок невядомыя апынуліся ў хмызняку. Адступаючыся задам у гушчар, рыжы агрызнуўся:

— Цішэй, цішэй! Знайшліся мне тут байцы! Байцыцы.

Постаці мільгнулі між кустоў і бязгучна зніклі.

— Стой, стой! — загукалі, падаўшыся ўслед, дзяўчаты.

— Не трэба, куды вы? — спляснула рукамі Кацярына Іванаўна.— Яшчэ абязвечаць...

Затрымаць, вядома, дзяўчаты нікога не маглі, ды можа дзе поблізу чакала засада. Да таго ж не было ў іх і зброі, нават у старшыны пры боку матлялася пусценькая кабура, без пісталета.

Пакупацца дзяўчаты такі пакупаліся, праўда, не без ваганняў і пакінуўшы пры адзежы некалькі вартавых. Яны падвясельвалі Глашу і Кацярыну Іванаўну, расказвалі, які добры ў іх батальёне повар і які справядлівы камандзір, некалькі разоў паранены франтавік.

Высокая, не вельмі зграбная дзяўчына разгарнула Глашыну кнігу.

— Леў Талстой? — Яна загаварыла нізкім густым голасам, і буйныя губы яе смешна склаліся ў трубку, быццам збіраючыся свіснуць.— Вось я пісьменніка Тургенева чытала... Цэлая кніга пра любоў. І як у яго гэта ўсё точна апісана... Ведаеш пісьменніка Тургенева?

Апошнія словы вымавіліся ў яе неяк асабліва, быццам пісьменнік было воінскае званне, якое прыкладалася да прозвішча, акурат так яна называла толькі што свайго камандзіра, якогасьці капітана Семіпалава.

Дзяўчына аж пасвятлела, успомніўшы нешта сваё, запаветнае. На твар усплыў і застаўся на ім выраз смутнай летуценнасці.

Глаша сачыла за раптоўным пераўтварэннем гэтага, без асаблівай стараннасці вылепленага прыродай аблічча. У непрыгожых, падумалася ёй, сэрца больш чулае і лягчэй адкрываецца пачуццю. Такое яно, пэўна, і ў гэтай дзяўчыны, відаць, нялёгка спарадкуецца яе жаночы лёс. Бо гэта ж толькі ваенная форма робіць яе не абдзеленай прывабнасцю, а наогул лепей бы і нарадзіцца ёй для гэтага ўбрання... Глаша злавіла сябе на жорсткай думцы: «А якой карысці, што мяне ўсе лічылі прыгожай? Невядома яшчэ, у каго з нас будзе больш шчасця ў дарозе?..»

Далей Кацярына Іванаўна і Глаша ішлі не адны. Па загаду старшыны трое дзяўчат, на чале з ахвотніцай чытаць пра каханне, прывялі іх на начлег у вёску, адкуль да іхняй часці было рукою падаць.

 

10

Дзень пры дні пасоўвалася пакрысе наперад тая нядзіўная працэсія: карова і дзве жанчыны. Малодшая ўсё так жа чытала ўголас, старэйшая слухала і памахвала зялёнай галінкай.

Кніга чыталася ўжо недзе пры канцы: сыходзіў дзесяты дзень падарожжа. Адзін-два пераходы і — Падмаскоўе! Цяпер шаша была не пустая. Людзі ішлі пехатою, пхаючы перад сабой цялежкі і тачкі, ехалі на фурманках, упрошваліся на парожнія машыны, а больш спрытныя кацілі на трафейным ламаччы, недапсутым адступаўшымі.

Тут не было чаго баяцца, і падарожніцы прыхватвалі ў хадзе цёмнага часу, балазе стаялі самыя доўгія дні. Вось і зараз яны не ўцішалі кроку ў надвячорным халадку.

Глаша азірнулася на хаду.

Над дарогай, амаль спусціўшыся на дол, прытанцоўвала сонца. Чырвоны шар дакранаўся да зямлі беражком і зараз жа падскокваў угару, быццам выпрабоўваў, ці можна даверыць ёй сваю паважную, прытомленую бадзяннем па небе асобу. Глаша стала, і ў той жа момант спыніўся сонечны танец: свяціла спакойна вісела на даляглядзе.

— Пасядзім трохі,— Кацярыне Іванаўне здалося, што дачка змарылася.— Ноччу будзем ісці, колькі ўвойдзецца. А цяпер накладзём агню, падрэмлем.

Сыходзіць з шашы не хацелася. Цені прыдарожных бяроз клаліся пад ногі і ўсё даўжэлі, нібы сіліліся сысціся, пашаптацца верхавінамі, чаго не маглі зрабіць самі дрэвы, разлучаныя паласой асфальту. Глаша глядзела на марныя намаганні ценяў, пакуль не схавалася сонца.

Кацярына Іванаўна клікнула вячэраць. Падмацунак абяцаў быць выдатны. Раніцай, на раённым рыначку, яны ўбачылі вялікія, смачна падрумяненыя абаранкі. Калі ўжо каштавалі такія! Дазволілі сабе параскашавацца, купілі парачку.

Глаша села каля маці і пачала здымаць лупіну з халоднай, зваранай у запас бульбіны. Памачыла ў соль, нехаця адкусіла.

— Зараз смачнейшага дам,— падахвоціла Кацярына Іванаўна.

Яна разгарнула паперу. Цуды пекарскага мастацтва, якімі бачыліся ім абаранкі ў кошыку ружовай заварной цёткі, пачарнелі і пакрышыліся. Бульбяныя, крыху абваляныя ў муцэ, яны рассыпаліся ад дотыку пальцаў. Нават Субота доўга прынюхвалася да шэрых крошак, пакуль узяла на язык.

Глаша адышлася назбіраць сушняку для вогнішча. Ад запуставаўшых палеткаў навыперадкі беглі пудкія асінкі. Узрадаваныя з раптоўнай бесперашкоднасці свайго існавання, яны балбаталі, нібыта змаўляліся захапіць як мага больш прастору, хутчэй вырасці, стаць гаямі. Тады ўжо не замахнецца сякера — шкада!

Даўшы вачам нагледзецца і нацешыцца з гэтага здзічэлага хараства, Глаша адчула ў ім нешта трывожнае і шчымлівае. Яна час ад часу падкідала па галінцы ў дружны траскучы агеньчык. Абазвалася праз сон маці і зноў задыхала роўна. Да вогнішча падалася Субота і стала, павольна жуючы жвайку.

І так ціха было, што Глашы здалося: цішыня не маўчыць — прыслухайся, і яна акажацца да цябе...

І цішыня гаварыла...

Колькі часу прайшло без чалавечага догляду, а як усё зарасло і забуяла... Дай толькі волю гэтай зялёнай сіле, і яна разгорнецца, пакажа сябе. Чаго добрага, давядзецца пачынаць усё спачатку — пілаваць, карчаваць і выпальваць, каб укінуць жменьку збожжа на ляда...

А можа і сапраўды чалавек не навучыўся ашчаднаму абыходку з прыродай? Можа не паланіць яе трэба, не лічыць, колькі шалёвак і гарбыля дасць дзялянка пастаўленых на падсочку хвой, а разважыць, як яны, зялёныя і некранутыя, падымаюць і гояць сэрца і падаюць руку свайму працавітаму суседу — полю.

Можа праз гэта пры кожным зручным і нязручным выпадку распроствае плечы паланянка і спаганяе сваё, намагаецца выхапіць у чалавека здабытае ім за вякі мазольнай працы: віруе паводкамі на змялелых, здавалася б, рэках, нішчыць плаціны і дамбы, выдзімае сухавеямі адабраныя ад лесу і без яго затулы пакінутыя загоны. І адразу ж, нібы засаромеўшыся свайго безразважнага бушавання, кідаецца ратаваць пашкоджанае і папсутае, накрываць дзірванамі, засланяць непераборлівымі дрэўцамі... Як гэтыя асінкі!

Глаша здзівілася сама сабе. Яна думае, як чалавек, загублены ў першабытнай прыродзе, ашаломлены буяннем яе неадольных сіл: не падужаць іх, не ахапіць розумам. Не гэтак гаварылі яе вялікія настаўнікі, што пазіралі з партрэтаў у студэнцкіх аўдыторыях. Славутыя знаўцы душы зямлі, а праз гэта і душы чалавечай, яны любілі чалавека ў прыродзе і вучылі шанаваць прыроду ў чалавеку. Не выпрошвай на каленях скібку хлеба ці напарстак нафты! Дапамажы зямлі, каб яна сама адарала цябе ўсім, чым мае: багаццямі ўрадлівай паверхні і прыхаваным у глыбіні. Толькі без гвалту і драпежніцтва! Змагацца — змагайся, але любі! А любіць прыроду — зусім не значыць быць у яе пад ярмом.

З такога паняволення доўга вырываўся чалавек. Шмат чаго дамогся, набраў сілы, узброіўся, і таму павінен шанавацца.

Прырода не можа выставіць супраць яго дывізіі электрапіл, калоны канавакапальнікаў, капронавыя невады і зарады трацілу.

Ёй не дадзена такога спрыту, яна здольна на большае — аднаўляцца ў росце, тварыць жывое, і на ўсю сілу робіць гэта, змагаецца з вынішчэннем за сябе, а часамі і за чалавека. Дні і ночы працуе гіганцкая лабараторыя хларафілу і бялку, папаўняе незлічоныя выдаткі і страты, але вось жа не дае да пары да часу ў рукі людзям гэтага сакрэту. І, магутныя ў разбурэнні, яны напружваюць усе здольнасці, каб стаць упоравень, а потым і перасягнуць прыроду ва ўмельстве ствараць жыццё па яе законах, але па сваёй волі. Злучыў вядомыя рэчывы і — клетка расце, ужо надзеленая найлепшымі якасцямі будучай істоты.

Каб гэта ўдалося!

Тады будзе пяройдзена бадай ці не апошняя мяжа пазнання...

Вось яны — Глаша зноў падумала пра вялікіх настаўнікаў — і шанавалі прыроду ў чалавеку, далі запавет разгадаць яе да астатку.

На гэтым яна забылася, як быццам на адзін момант, але ж заснула добра і моцна.

 

11

Глаша прахапілася раптам, нібыта яе нешта падняло і паставіла на ногі.

Ужо добра заднела. Субота стаяла на росным канюшынішчы, а наўкруга яе заклапочана тупала Кацярына Іванаўна.

Карова раз-поразу ўздыхала, вялікія, налітыя болем вочы глядзелі на Глашу з-пад доўгіх веек.

— Што ж табе баліць, Суботка? — бездапаможна прамовіла Глаша, як быццам напраўду спадзявалася пачуць які адказ.

— Праспала, праспала я! — голасна ўшчувала сябе Кацярына Іванаўна.— Прачнулася, а яна стаіць у лужку і мыкае. Напілася балотнай вады...

Што рабіць і якой даць рады, жанчыны не ведалі, адно было ясна: хутчэй адсюль, можа трапіцца якое жытло па дарозе і памогуць людзі. Подбегам сабралі рэчы і выгналі карову на шашу. Але ісці Субота не магла, ступала некалькі крокаў і спынялася, раздзьмутыя бакі цяжка пакалыхваліся і, здавалася, круглелі на вачах.

— Ну яшчэ трошкі падыдзем, маленькая,— прасіла Глаша.

Карова смутна глядзела на яе, перамагалася і пачынала перастаўляць ногі.

Ніколі яшчэ так не здоўжвалася ім дарога. Ужо ўзышло і даволі высока паднялося сонца, а яны былі зусім недалёка ад месца начлегу. Паселішчаў уздоўж шашы не было, не сустракалася нават бітых дарог убок, якія паказвалі б на недалёкую прысутнасць чалавека.

Нечакана шаша выгнулася дугою, і яны ўбачылі дамок дарожнага майстра.

Два чалавекі сядзелі на лавачцы перад штыкетнай агароджай.

Глаша пабегла наперад і на бягу нешта крычала, прасіла памагчы.

Вусаты стары ўстаў з лаўкі і хутка пайшоў ёй насустрач, за ім падняўся і другі.

— Здорава цябе абабэнчыла,— ён пачухаў карову між вушэй.— Абкармілі,— стары жорстка зірнуў на Кацярыну Іванаўну.— Што вы ёй давалі?

Глаша ўспомніла канюшынішча, дзе наелася Субота.

— Канюшына? Так я і думаў. Прырвалася есці з расою, вось і абдзьмуло. Гэтак, настаўнік?

Той, каго назвалі настаўнікам, паправіў руку на перавязцы і згадзіўся:

— Пачынаецца тымпанія. Ад грэчаскага слова — тымпан, значыць, барабан.

Ён ляпнуў здаровай рукою карову па чэраве:

— Чуеце?

Глухі гук сапраўды нагадваў удар па барабане.

— Трэба рабіць пракол, і неадкладна,— казаў далей настаўнік.— Кіламетраў за шэсць — калгас. Там ветэрынарны пункт поблізу. Ганіце хутчэй. І ўвесь час рабіце масаж. Ведаеце, як хлеб месяць?

Мужчыны старанна, у тры кулакі, прарабілі гэтую працэдуру, прычым штурхалі пад бакі не шкадуючы, так што карова пахіствалася.

— Зразумелі? — спытаў вусаты.

Раздумвацца і дзякаваць не было калі. Жанчыны хутка сцягнулі Суботу з месца і патурылі па шашы.

— Не спыняйцеся, калі хочаце яе даіць! — толькі і паспеў гукнуць услед настаўнік.

Бегма-бегма, ласкаю і прынукаю, змушалі падарожніцы рушыцца абцяжэлую карову. Яна паварочвала галаву, пазірала то на адну жанчыну, то на другую, як быццам пытаючыся, чаму гэтыя добрыя людзі чыняць ёй столькі болю, не ўпыняючыся таўкуць пад рэбры кулакамі і ўсё часцей прыкладаюць да спіны замашныя дубцы. А цяпер бы легчы і ціха ляжаць.

Але гэтага якраз не маглі дазволіць ні сабе, ні ёй Глаша і Кацярына Іванаўна. Ляжа — тады ўсё, не ўстане.

І яны беглі, хоць не было ўжо сілы ў нагах, не заставалася ніводнай сухой рубіны на целе, не хапала паветра задыханым грудзям. Колькі яшчэ наперадзе тых кіламетраў, за якімі можа і пасміхнецца дапамога?

Канца дарогі не відаць, але трэба бегчы, і дабегчы, чаго б гэта ні каштавала, выратаваць жывую істоту не дзеля сябе, нават не дзеля згаладалых малых, а дзеля яе самой, такой кемлівай і цярплівай, што разам адольвала поўнае трывог і турбот падарожжа. Няўжо страта спасцігне іх амаль на парозе дома?

Карова рашуча спынілася. Падарожніцы прылажылі апошнія высілкі, крычалі, падпіхалі, прабавалі перастаўляць ёй ногі. Ніводнага кроку. Яны з жахам зразумелі: нічога не парадзіш, сілы вычарпаліся.

Глаша адвярнулася, каб не бачыць апошніх хвілін свае мілай дамашніцы...

У каровы падагнуліся ногі, яна згорбілася, вось-вось гатовая абваліцца, і раптам стрэліла на шашу струменем зялёнай жыжкі. Крыху пастаяла і зрабіла крок сама.

Праз некалькі такіх прыпынкаў бакі ў Суботы сталі ападаць. І ўжо не людзі гналі яе, а яна вяла іх за сабою, зняможаных, знябытых, можа яшчэ добра і неўсвядоміўшых, што небяспека мінулася. Яны не чулі ні рук, ні ног, быццам страцілі вагу і здольнасць заўважаць, і здавалася, самі стаялі на месцы, а насустрач плыў, падпіраючыся тэлеграфнымі слупамі, прастор з галінамі дрэў, засеянымі палямі і дахамі паселішчаў.

А жывёліна не спынялася, ішла ды ішла, нібыта разумела, што ў руху для яе адзіная магчымасць адужаць і акрыяць.

Нарэшце карова стала і аблізнулася.

— Піць хоча,— здагадалася Кацярына Іванаўна.

Глаша ледзь знайшла ў сабе сілы пераступіць кювет і тут жа кінулася ніцма на пыльную прыдарожную траву. Кацярына Іванаўна падпусціла карову да балаціны, але многа піць не дала, павадзіла па лугавіне і прысела каля дачкі. Тут яна накрыла Глашы галаву хусткай, развязала рукзак і адкроіла па кавалку хлеба ўсім траім. Глаша не абазвалася, Кацярына Іванаўна паклала яе дзялянку на кнігу і прылегла крыху воддаль сама. Потым падышла Субота, пастаяла, уздыхнула, з’ела Глашын хлеб, злізала крошкі з кнігі і ўмасцілася паміж жанчынамі.

І ўсе ўтраіх заснулі...

Поблізу прагрукатаў цягнік. Гэта быў прыгарадны, падмаскоўны. Да пасёлка, дзе жылі Глаша і Кацярына Іванаўна, было ўсяго некалькі прыпынкаў. Яны маглі сёння адпачыць дома. Жанчыны не ведалі гэтага і спалі.

Вецер, карыстаючыся з выпадку, адгортваў старонкі бессмяротнай кнігі, нібы натуючы яе ў памяці маладога лесу і зялёнага разлогу і нагадваючы, што павінна быць напісана новая і ўсё аб тым жа: як моцна стаіць на роднай зямлі чалавек...

Глашы прыснілася Задольшчына.

Яна стаяла на званічцы перад акном, якое абяцала пагоду.

Сіні і вясёлы, разгульваўся дзень.

 

Пры стале, застаўленым рэактывамі, колбамі і розным іншым хімічным пасудкам, працавала тонкая, як трысцінка, бялявая дзяўчына. Яна прыпадала вокам да мікраскопа і потым запісвала штосьці ў тоўсты цыратовы сшытак. Дзяўчына была так занята сваёю справаю, што не заўважыла, як я зайшоў у лабараторыю. Проста перад сталом вісела апраўленая пад шкло фатаграфія швіцкай каровы.

— Гэта рэкардсменка?

— Як вам сказаць! — усміхнулася дзяўчына.— У кожным разе адзіная між свайго роду. Яна праслухала «Вайну і мір». Ад мае маці.

І мне расказалі гэту гісторыю.

Лістапад 1964 — студзень 1965

 


1964-1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан