epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Сустрэча

Старой букавінскай цацкаю

Горад мільгнуў і знік.

На землі чэхаславацкія

Кіруецца мой цягнік.

 

Развітваюся з бярозамі,

Што долу страсаюць медзь.

Красу нашай восені позняе

Ці прыйдзецца там сустрэць?

 

Дамочкі ў прымглёнай далечы,

Прахожага ўбачыш радзей.

Нам сумна заўжды, пакідаючы

Радзіму хаця б на дзень.

 

Пунсовая, залацістая!

Ты люба мне ўсім, усім:

Шляхамі, пажоўклымі лісцямі

І лёсам сваім маладым.

 

Абняць бы вось пагранічніка

З рукою пры казырку...

А далей — хада ў нязвычнае...

Прыслухваюся к цягніку.

 

Ідзе мой цягнік, пасвіствае

Знаёма, а нейк не так,—

За гэтай прымежнай рысаю

Ён будзе ўжо звацца «влак».

 

Па краі, авеяным славаю,

Бяжы, пакажы хутчэй

Прошвы мастоў над Влтаваю,

Добрых яе людзей.

 

Пабачыў я твары простыя,

Абдымкі раскрыў сябрам,

Як быццам усё жыццё сваё

Хлеб-соль дзяліў папалам.

 

Нібы пад дажджамі цёплымі,

Пачуцці раслі у нас

З харошага смутку кропляю,

Бо стрэчы кароткі час.

 

1955


1955