epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Сустрэча з перакопам

Цягнуў мяне цягнік паштовы

На поўдзень лета даганяць.

У стэпе конь скакаў вішнёвы,

Падобны мала да каня.

 

Іржаў...

З-пад ног ляцелі макі...

І вокам рынуўся туды

Мужчына:

кепачка набакір,

Руды кліночак барады.

 

— Ты знаеш, колькі тут скакала

Сказаў і ўцёр узмокшы лоб,—

А пад Турэцкім валам пала...—

Нас апаліла:

Перакоп!

 

І з-за акна дыхнулі промні

Неўтаймаванаю вайной.

Нібы збянтэжаны, што ўспомніў,

Устаў ён:

— Вось і мой Джанкой.—

 

Тады

ў вагона за парогам

Пабегла на прыволжскі лог

Мая вайсковая дарога,

Зялёны мех і кацялок.

 

1973


1973