epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Светлы чалавек

Чыста мару марыўшы

Свой кароткі век,

Жыў ды быў, таварышы,

Светлы чалавек.

 

Сонца над памежкамі

Ён сабе хацеў,

Каб зялёнай вешкаю

Матчын спеў шумеў.

 

Шмат з такімі душамі

Млела пад гужом,

Прыціскалі крушнямі

Бедны іх ужон.

 

Шмат з такімі думкамі

Не трапляла ў кон:

Лёс насілі клункамі

Ад сваіх акон.

 

Гора гарцам сёрбалі

Ля чужых сянец

І хадзілі з торбамі

Нават пад вянец.

 

У арла ў кіпцюрынах

Жыў той чалавек,

Ён з-пад стрэшкі курнае

Трэль у долю сек.

 

...Шрот вазілі парамі,

І з высокіх лаў

Кат у сэрца мары біў,

Каб народ не ўстаў.

 

І ад стрэлу кожнага

Адпраўляй імшу:

Ніва, стаўшы пожняю,

Падала ў імжу.

 

А за ёю падалі

Ніцма ў дол сыры,

З мары стаўшы лядамі,

Сінія бары.

 

Толькі чалавечая

Цяглая душа

На зары засвечыны

Зноў і зноў ішла,

 

На зары засвечыны

Бачачы здалёк

Мары неўміручае,

Волі вугалёк:

 

Той, што, не дамарыўшы

За нядоўгі век,

Зацяпліў, таварышы,

Светлы чалавек.

 

Рваў ён змроку прадзіва,

Цэлы свет любіў,

А быў нашым прадзедам,

Беларусам быў.

 

Мары сцяг нявытканы

Ён сплаціў жыццём.

Знаўся з белай світкаю,

Зваўся Кастусём.

 

З шыбеніцы дзёрзка ён

Б’е ў грымотны звон...

 

Чуеш Каліноўскага?

Пакладзі паклон.

 

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан