epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Світанне

Равуць пажарныя сірэны,

Трывожаць ноч па сто разоў.

Я вырываюся пад сцены

Нью-йоркскіх гаматных муроў.

 

Гляджу цераз кудзельны морак,

А можа, праўда, не на жарт,

У неўтаймоўны гэты горад

Ступіў пажар, шугнуў пажар.

 

Дарма! Адкуль такія страхі?

Ні знаку полымя наўкол,

Стаяць сабе спакойна гмахі,

І дахі не ляцяць на дол.

 

Трывогі марнай не спыняю,

Чужой турботы не гашу,

Няхай равуць!

То ж дзень світае

Не на адну маю душу.

 

Патомак мой на веру прыме,

Што толькі для світальных спраў

Я з аднадумцамі сваімі

На золак сонца абуджаў.

 

А дэлегаты Асамблеі

Пасведчаць, можа, буду рад:

Калі тут штосьці дзесьці тлее,—

У гэтым я не вінават.

 

6.Х.1968