epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Тэатр ваенных дзей

Я дзесьці прачытаў:

Тэатр ваенных дзей...

І ўбег

у бег атак,

У крык,

у кроў людзей.

 

Агонь — гусцей, гразней,

Рады — вузей, радзей.

І раптам —

сціхата...

 

Хіба ж гэта спектакль?

Не гаварыце так!

 

Што, можа, быў тэатр,

Калі, аматар здрад,

Прывязваў белы кат

Сіпаяў да гармат?

 

Ці граў тады тэатр,

Калі ў пушчанскі спрат

Вёў за сабой Кастусь

На бітву Беларусь?

 

Снарадам рве снарад,

Б’е мінны вадаспад,

А крок —

і Сталінград,

А перад ім салдат.

Стаяў.

І стаў сівы,

Стаяў і нежывы,

Стаіць з магільных крат.

Няўжо ж і тут тэатр?

 

Цаляе ў мірны борт,

Дзе толькі рыс і корт,

Бамбіць заморскі чорт

Бальніцу і курорт.

На прысак дзьмуць вятры,

Прымае сэрца гарт.

Сябры і несябры,

Зноў скажаце — тэатр?

 

І Брэст, і схілы Татр,

Крывавых сотні рат,

Што сплочваў сын і брат,

Каму ў зямлі спакой

Даў край удзячны мой.

 

І гэта ўсё — спектакль?

Не гаварыце так...

 

1972


1972