epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

"Толькі вока заплюшчу..."

* * *

Толькі вока заплюшчу,

Лячу за віхурай

З Белавежскае пушчы

У восеньскі Тураў.

 

На дарожных развілках

Сівеюць паданні

Аб народных асілках,

Народных паўстаннях.

 

Дрэмле ціхае месца.

Буяюць ажыны,

Мы тут вогнішча сэрцаў

Сваіх разлажылі.

 

І гарэў тры прадвесні

Касцёр партызанскі.

...Не даспевана песня,

Не складзена казка.

 

Але сэрцы — пад прыскам,

Яны не сатлелі,—

З той нязгаснаю іскрай

Той першай нядзелі.

 

Вы нас, добрыя людзі,

Для свят не шчадзіце,

А спатрэбіцца —

ў будзень

Агонь разадзьміце.

 

1970


1970