epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Тысяча дзевяцьсот чатырнаццаты

Мясаед
Вялікдзень
Ліпень


 

 

Мясаед

Там,

Дзе ў пушчах асіны ад страху калоцяцца,

Выліваецца Морач праз берагі,

Ёсць засценак Пасынічы,

Вёска Балоцічы

І, радзіма старое мужыцкае рочаці,

Ёсць сяло Мурагі.

 

У баку ад сяла, моцна ўдачай аблашчаны,

Агароджу на сажань падняўшы вакол,

Сабакарняю шчэрыцца хутар Дамашчыка,

Знаны тым,

што не ўпусціць анучы валяшчае,

Ды ласінаю сілай сыноў і бацькоў.

 

А пачатак той справе —

з пітва ды ад ежыва...

За паўгода

Ад першай з германцам вайны

Сустракаліся хлопцы, гулякі і нежані,

Валачыліся,

Елі, пілі, як належала,

Ды валілі па вёсках са стрэх каміны.

 

Пад святочныя світкі хаваючы бічыкі,

На ўсяночную рушылі праз паплавы

І давалі ў каршэнь

Засцянковым панічыкам,

І стаўлялі дубка старамодныя брычкі іх,

І шляхцяначак ціснулі

Каля царквы.

 

Іх было чатырох —

Здараўцы, задзірастыя! —

Быццам нехта ў гаі навыкопваў дубоў:

Міканор Налівайчанка,

Яначка Ластаўка,

Дарафей Перасада

Ды Зміцер Падшастуха,

Крываносы дурніла з мянушкаю Боўць.

 

Пазбіваўшы замкі,

Клямкай свірнавай бразгалі;

Пад мяцёлку засек і — ні шум баравы!

Латашылі гароды, па пчэльніках лазілі,

Каб юнацтва пацешыць, пакідаць абразікі

У Зіноўкі, не вельмі скупой удавы.

 

Не шманалі нічога,

Ані,

Нічагусенькі!

Ні сабака не гаўкнуў, ні піснула мыш.

Не хавайце, дзяўчаты, крамяныя вусенкі,

Не ўратуецца сад ад зялёнага вусеню.

Рад не рад, а маўчыш!

 

*

Пачынаў мясаед свае ўцехі вясельныя,

Бразгаталі шамкі і званілі ў званы.

Людзі пляжылі качак,

Крапілі гарэліцай,

Патыхала сівухай рака за аселіцай,

Верашчалі пад швайкамі кабаны.

 

П’яны дым

Падымаўся над п’янаю вёскаю.

Камячыліся самі сабой кулакі,

Трэба ж рады ім даць —

Грае кроў!

І на ростанях

Пачыналіся кепікі,

Жарцікі вострыя —

Задзірацца выходзілі перш хлапчукі.

 

Маладых

У сукенках, пад вэлюм аздобленых,

Жаніхі пакідалі.

Які там вянец!

Паважнейшыя справы былі не дароблены —

Калацілася вёска, каламі, аглоблямі

Біў мужык мужыка,

На хлапца пёр хлапец.

 

Поп стаяў у царкве, не дакончыўшы пацеры,

Ручнікі паздзіраўшы, ляцелі сваты.

— Пачакай, Мікалай!..

— Я яго...

— Трасца матары! —

Вось тады ўжо,

Нарэшце,—

Старыя аматары! —

Выпаўзалі пабіцца

Дзяды.

 

Асцярожна,

Лядок прабіваючы мыліцай,

З непагасшымі люлькамі,

У кажушках,

Даставалі адзін аднаго па патыліцы,

Паглядалі —

каторы не ўстоіць, скапыліцца,

А як не —

Памагалі дручком, па нагах.

 

 

Вялікдзень

Мне свет сягонняшні мілей стаў

Без таннай дробязі акрас:

Я адгарнуў ражок маленства —

Далёкі, даўкі, горкі час.

 

Той горад толькі разаспаўся,

Калі гукнулі на паклон:

Нібыта цяўкнуў, абазваўся

Раней за ўсіх малодшы звон.

 

Старшэйшы — ўслед,

яшчэ старшэйшы

Ударыў.

Біла прытрымаў,

І сціхлі ўсе, нібы самлеўшы,

А самы старшы гахнуў:

— Б-баў!

 

Скубуць дзядоў за крыссе ўнукі,

Трашчаць ракеты, відната!

І зноў усе пагрэлі рукі

Каля васкросшага Хрыста.

 

У торг ішлі

падэшвы, свечкі,

Вяндліна, дзеўкі, абады

І пасвянцаныя яечкі

З накрапамі святой вады.

 

Ад чорных душ быў чорны рынак,

Хапала іх — чаго-чаго! —

Як, зрэшты,

на яго радзінах,

На танным продажы яго.

 

Ліпень

З газетнаю позвай ліпень

Ступіў хутарам на парог:

Зямлі вам нарэзаў Сталыпін,

А збожжа зародзіць бог.

 

Дык прыйдзецца кола хатніх

Парушыць —

прыйшла вайна!

Няхай паспяшае ратнік,

Ён прыйдзе дамоў, аднак.

 

Яшчэ не ўзыходзіць сонца,

Пакуль не ўстае народ,

У воласць на параконцы

Шыкуецца —

патрыёт!

 

Пакуе мяхі з дарамі,

На заклік той у адказ

Здасць ратніка хутаранец —

Не сына, а батрака.

 

За ветрам, не па газетах,

Прыбегла бяда наўскач.

У вёсцы, прачуўшы гэта,

Жанчыны — у крык, у плач.

 

За суткі усім сабрацца! —

Гукае паходны шлях.

Людскуюцца навабранцы

У новенькіх шынялях.

 

Спявалі «Варага» — песню,

Крычалі не ў лад «Ура!»,

Штыкі за плячыма неслі —

«За веру, айчыну, цара!»

 

Іх вера маной паіла,

Айчына пад кулі вяла,

Сіліла царова сіла —

Не вылужашся з сіла.

 

У полі, пад ветракамі,

Злажыў іх упокат бой

З раскіданымі рукамі,

З адкінутай галавой.

 

З папамі, пры конскай падле,

Адпелі, зварылі боршч...

А дома — яблыкі падалі

І новы ішоў набор.

 

За кроўю, за кульным віскатам

Другі наспяваў заход —

На даляглядзе паблісквала,

Нахмарваў семнаццаты год.

 

1972

 




Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў. У 4-х тамах. Т. 3. Падарожныя нізкі; Вершы 1966—1973; Як нараджаўся новы свет; Рэпартаж з рубцом на сэрцы.— Мн.: Маст. літ., 1981.— 512 с.