epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Умова з часам

Далячынь пад снягамі, сцяжыны нятоптаны,

Хоць і моцна падбіўся ў шляхах чалавек,

Недачэрпана мара, налітая з коптурам,

Што на душу даецца адразу навек.

 

Я не мераў, малая яна ці вялікая,

Супраць ветру ішоў, не ўцякаў ад клінка.

Другу сэрца аддаць не лічыў я пазыкаю

І па марнай трывозе сяброў не склікаў.

 

Не тужу, што патрэбна адсюль выбірацца нам.

Гэта — хочаш ці не — незалежна ад нас.

Не, бывае страшнейшы канец кантрактацыям,

Калі ўмову з табой разрывае твой час.

 

Можа ў скрутнай гадзіне, мой клопат узважыўшы,

Скажуць:

рату яшчэ папрацуй, калі дуж.

Я падумаю, мусіць, згаджуся, таварышы,

Як там, часе, з умовай?

Бяруся за гуж.

 

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан