epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Усходняе паданне

...І была ў яго турбота:

Вабіў хлопца мілы тварык,

Белы-белы, быццам лотас,

І каса чарней ад хмары.

 

Запрашае сіраціна

Маладую стаць да шлюбу.

На шчытку яго хаціны

Качкі выпілены з дубу.

 

Птушкі дзедавай рукою

Дзеля шчасця там прыбіты,

А гняздзечка пад страхою

Белай ластаўкаю звіта.

 

Каб і ў іх гняздо вілося,

Каб і ў іх дабро вялося,

Ды пачулі ў тую восень

Маладыя пагалоссе:

 

Напрарочыў валацуга

Ёй — праз год — без вокан хатку,

А яму жыццёвым лугам

Папаходжваць шэсць дзесяткаў.

 

Не злучыўшы — разлучыла!

Не, на гэта смерць не ў сіле!

Папалам рашыў хлапчына

Век дзяліць...

І падзялілі.

 

І пражыць ім давялося,

Як засведчыў час руплівы,

Аж да сівага валосся,

І, расказвалі, шчасліва.

 

Як бы цяжкім крок ні здаўся,

Калі нават грозіць згубай,

Не шкадуйце, аддавайце

Палавіну веку любым.

 

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан