epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Успамін

Багоны ветраюць на рэйках.

Салдаты ў лазні...

Мы цішком

Рыхтуем стол у школе нейкай,

Дзе роўна суткі быў наш дом.

 

Гартае кнігу вецер з пасек,

Пра мір і пра вайну яна...

Але як светла піша класік,

Няўжо святлей была вайна?

 

Нам выязджаць не вельмі лёгка...

Ну дзе ж яны?

Давай нальём!

Пачуюць тост: за дзесяць крокаў

Стаіць звышпільны батальён.

 

Зенітчыцы, нябёс ахова

І земных душ разгардзіяш.

Ідуць.

Хоць не з графінь Растовых,

Затое цэлы ўзвод Наташ.

 

За вас, дзяўчаты селавыя!

І вам наліта не скупей.

Хай дзесьці мыляцца Талстыя,

Пісцы наступных эпапей.

 

А мы станцуем! Гэта лепей,

Чым смуткі з некалішніх кніг,

Дзе, пэўна, крылейкі прылепяць

Да вашых плечыкаў крутых.

 

Прайшоў паўз вокны манеўровы,

Гукнуў і ахінуўся ў дым.

Бывай, Наташа не-Растова!

Куды мы едзем? Памаўчым.

 

Вунь той, дужэйшы цягнічыска

Пасля падзеліцца з табой,

Што вёз нас, колькі можна, блізка

Туды, дзе пагрукотваў бой.

 

 

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан