epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Уступ да дэтэктыўнай аповесці

Гаварыў мне аднойчы знаёмы:

— Мусіць, пішаце вершаў зашмат,

Вы, як быццам, пісьменнік вядомы,

А вось буйнага твора — няма!

 

Што б узяць ды адгрукаць паэму —

Дом прасторней і вышай страха.

Можа, вы не знаходзіце тэмы,

Ці атрамант пачаў падсыхаць? —

 

Я пабачыў: чытач не жартуе,

Не абыдзеш рахункі дарма.

Можа, праўда, таму не пішу я,

Што панаднае тэмы няма.

 

Не! На волю аж ломіцца слова,

Гоніць хвалі жыцця акіян,

І яны пераліцца гатовы

У паэму, аповесць, раман.

 

Значыць, справа зусім не ў аснове,

Скінь ляноту, збудуецца дом!

...Так і быць,

пачынайся, аповесць,

Лістабойным ліпнёвым дажджом.

 

Пачынайся са здрады кабечай,

Ад бадзяння ля мокрага шкла,

Як чакалі яе цэлы вечар,

А яна і ў другі не прыйшла.

 

Потым...

Стыла на скверчыку цела,

Рваўся пёс на нятоптаны след...

 

...Калі гэта чытво не дадзела,

Так і быць, запрагайся, паэт!

 

1966


1966