epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Вадаспад

Той шум нізрынуўся імгненна,

Як быццам, перакрыўшы стаў,

Каменны кош

млынар каменны

Каменным зернем засыпаў.

 

У горных жорнах перацёрты,

Па схіле, як па латаку,

Паток ссыпаўся, распасцёрты,

І ніцма падаў у раку.

 

А там — вада! Аж пальцы ломіць,

Як выхапіш — яны ў агні...

 

Каля адной з Татранскіх Ломніц,

На ніштаватай вышыні,

Я там хадзіў крыху шчаслівы,

Захоплены з дзівос дзіўных,

Што ацярушваліся млівам

Бліскучых пырскаў вадзяных.

 

А ў аднае з маіх сябровак,

З кім заглядзеліся ў струмень,

На кожнай вейцы сто вясёлак

Вячорны выкрасаў прамень.

 

1955


1955