epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

"Вецер тузае ў небе вяроўкі дажджоў..."

* * *

Вецер тузае ў небе вяроўкі дажджоў,

Біла восені бомкае ў лісце мядзянае.

Я далёка ад дому.

Чакаю лістоў,

Хоць самому не верыцца ў неспадзяванае.

 

І ніякай уцехай не ўцішыш згрызот,

Што, відаць, не папраўдзе я лёсам абдзелены.

Не са мною на поўнач ідзе самалёт,

Дзе ўсміхаецца мара мая ненадзейная.

 

Не паклічаш назад, не схаваеш у спрат...

Хай табе пасміхаецца, хай забываецца!

Я збяднеў на цябе і табою багат:

Прамінула тваё, а маё не мінаецца.

 

1.VIІ.1958