epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Вечная нявеста

1
2
3
4
5
6
7
8


 

 

1

Сустрэча з ім была такая ж нечаканая, як і раптоўнае знікненне гэтага чалавека...

Я прыехаў у Сухумі позняй восенню 1936 года. У Маскве было золка, дзень і ноч вісела дробная імжака, а старыя клёны ў скверы каля Крамлёўскай сцяны ўжо не мелі чым акрыцца. Раніцай, ідучы на работу па яшчэ не падмеценых алеях, я чуў, як след у след скача з ліста на ліст цыбаты дожджык на топкіх вераб’іных ножках. А ў мяне адна справа набягала на другую, і вырвацца ў адпачынак ніяк не ўдавалася. Трэба было рабіць, хоць назбіраная за год змора ўсё часцей надакучала бяссонніцай і галаўным болем.

Нарэшце — перон Курскага вакзала! Пачмыхвае парай перад дарогаю на поўдзень хуткі. Уся стомленасць і нядужасць, разам са штодзённай мітуснёй, шэранькім надвор’ем і няўтульнасцю майго халасцяцкага пакойчыка на Цвярскім бульвары, раптоўна адступіліся. Пад Растовам, калі паўз акно вагона пабеглі яшчэ толькі ледзь-ледзь прыжоўклыя таполі, нават спяваць захацелася. І я, выпіўшы шклянку віна, мармытаў сам сабе нешта накшталт «Чарнаморац мой не едзе» — слаўнае мора прадчувалася, можна сказаць, за паваротам.

У Сухумі пасля надаеднай асенняй слаты асабліва ярка сінела неба і свяціла сонца. Неахаладалая хваля раз-поразу пагладжвала ўзбярэжны пясок, заліваліся цветам ружы ў скверы, а па вуліцах мільгалі лёгкія сукні жанчын, хадзілі мужчыны ў белым.

Дамовіўшыся пра месца ў гасцініцы, я адразу рушыў у горы. Лапушыліся, чакаючы свайго зацвітання, мімозы, і ў іхнім зацішку прыезджыя людзі пражылі на сонцы і так загарэлыя да нельга твары і спіны. Праз паўгадзіны я ўжо рабіў тое самае, перагаворваючыся з суседзямі па імправізаваным пляжы наконт абедаў і вячэр, кіно і мясцовага малпятніка.

На жаль, сіняя паўднёвая казка адляцела — не дазволіла і нацешыцца з сябе. Назаўтра мяне і тут дагнаў дождж, толькі, прабегшы двое сутак з поўначы, ён, што называецца, разышоўся, стаў не піцяны, а ўлеўны. Струмені сцёбалі, як пастухоўскія пугі, і пакуль я пераскочыў з гасцініцы ў кафэ, плечы ў плашчы сталі добра мокрыя.

Тут пачалося знаёмства з чалавекам, нават больш — з цэлай парою, адлучанай ад маіх вачэй заслонай часу і таямнічых акалічнасцей.

Сапсуты дзень, а можа і цэлы адпачынак! Я сядзеў за столікам, кленучы ў душы паганае надвор’е. Таму і не адразу адгукнуўся, калі нехта спытаў дазволу прысесці разам,— высокі худы мужчына вымушаны быў паўтарыць просьбу. Дый гэта, па праўдзе сказаць, здзівіла крыху: кафэ амаль пуставала, можна было абысціся і без суседства.

— Калі ласка! — я паказаў на крэсла збоку, аднак ён зрабіў крок, каб сесці насупраць мяне, спінаю да святла.

— Калі ласка? — ён пакланіўся, і я адчуў на сабе дапытлівыя вочы.

Гэты зварот вырваўся ў мяне не сказаць каб выпадкова — роднае слова заўсёды ўсплывае ў скрутную хвіліну, а тут я пачуваў сябе некалькі вінаватым.

— Значыць, на беларуса пашанцавала? — пытанне гучала дабрадушліва, ён відавочна не пакрыўдзіўся.— Выходзіць, мы амаль што землякі. Я ў мінскай турме на дзвюх адседках быў.— І падаў руку: — Сяргей Іванавіч.

— Міхаіл Трафімавіч,— назваўся і я.

— Ну, па ўзросце вы для мяне проста Міша. Не будзе абразы, калі скажу так?

У голасе ў Сяргея Іванавіча чулася нешта бацькоўскае, і я паспяшаўся запэўніць, што не хварэю на залішняе самалюбства. Апрача таго, гэта абяцала магчымасць звесці знаёмства карацей. Ужо ж не крадзеж і махлярства прыводзілі яго двойчы за краты, не выглядаў ён на такога. А калі гэтак, дык можа ўдасца зазірнуць у гарачы час, калі старэйшыя браліся за зброю, каб перайначыць жыццё.

— Будуеце гарады ці проста аматарская цікавасць?

Адгадка такой пранікнёнасці ляжала поблізу: Сяргей Іванавіч прачытаў назву кнігі, якую я прыхапіў з сабою, збіраючыся снедаць. Але па першым часе мне стала ніякавата. Чамусьці ўсё пайшло наадварот: збіраўся выклікаць на размову яго, а загаварыў сам. Расказаў, што архітэктура — мая прафесія, адукацыю заканчваў у Маскве. І працую там зараз: пакінуў у сябе ў майстэрні вядомы ўжо майстар гэтага мастацтва.

Сяргей Іванавіч здаваўся здаволеным маімі растлумачэннямі. Упраўляючыся з яечняй і чабурэкамі, мы гаварылі пра нязначныя рэчы. Маўляў, па-сапраўднаму адпачыць можна вось так, як мы з ім, «дзікім» парадкам. У санаторыях ты сабе не гаспадар: лячэнне — прызначаць усё роўна, трэба ці не трэба,— нудны рэжым, а для развагі — масавік з гармонікам і дапатопнымі жартамі.

— Толькі што там людзі наўкол,— уздыхнуў Сяргей Іванавіч.— Я вось пражыў колькі дзён адзін і не вытрымаў: пайшоў набівацца да вас на размову. А заракаўся: з чым прыехаў, з тым паеду...

— А чаму да мяне? — пацікавіўся я і зараз жа адчуў нетактоўнасць. Лёс сутыкнуў мяне з чалавекам відавочна незвычайным, і спудзіць яго прыхільнасць было б недаравальна.

— Чаму? Не ведаю, самі ногі павялі да вашага століка.

Лоб яго быў спісажаны зморшчкамі, і хоць бы крывінка пазначылася на твары. Шчокі здаваліся абцягнутымі васкаванай папераю, як у людзей з невылечнымі хваробамі. Не-не дый заводзіліся вочы пад павекі, што, аднак, не магло схаваць трывожнага паблісквання ў зрэнках. Сяргей Іванавіч нязграбна абыходзіўся з нажом і відэльцам: пальцы на адной руцэ амаль не гнуліся, відаць, былі пашкоджаны ў суставах.

Ён перахапіў мой позірк і падняў над сталом рукі:

— Гэта ў мяне з Мінска памятка. Правая рука падгуляла, затое левая — разумніца: піша і выбівае дзевяць з дзесяці магчымых. Вядома, з рэвальвера, Як гэта здарылася? Даўгаватая песня.

Некаторы час мы сядзелі моўчкі. Ён глядзеў мне проста ў твар, нібыта выпрабоўваючы, і пад вострым позіркам рабілася неспакойна.

— Ведаеце, Міша, ёсць прапанова... Вы, здаецца мне, з тых людзей, у каго вочы бачаць болей, чым выпускаюць на язык. Відаць, мяне нездарма пацягнула да вашага століка. Я ўжо столькі наашукваўся ў людзях, што не магу і на гэты раз памыліцца. Да таго ж, кажуць, архітэктары думаюць аб’ёмамі. Мне не здаралася сустракацца з такой пародай. Я думаю лінейна, у адной роўніцы. Разумееце, да мяне прыйшло дзівацкае прадчуванне, нібыта з гэтым светам давядзецца хутка развітацца. Вечарамі не знаходжу месца, трэба жывая душа поруч...

Сяргей Іванавіч памкнуўся сказаць яшчэ штосьці, але стрымаўся. Потым махнуў рукою і падняў на мяне павесялелыя вочы:

— У вас добры пакой у гасцініцы? Тры ложкі? Мнагавата. А я адзін на цэлую кватэру — гаспадары паехалі аж да новага года. Дык ці не згодзіцеся вы?.. Гарантуецца асобны пакой і добрая кухня. Так што можна піць чай і варыць каву дома. А пры жаданні і шашлык спячом, я нагледзеў, дзе шампуры і вугалле.

Пакуль я ўзважваў, як могуць павярнуцца гэтыя пярэбары, ён, па-ранейшаму, лавіў мае вочы ў свае.

— Не згодны? Ну, як сабе хочаце. Хоць павінен сказаць: апрача бар’еру ўзросту, вам нічога не пагражае. Я — у асноўным — ціхі і не даю адчуваць свае прысутнасці. Ды што вам? Напэўна, на які бок ляжаце, з таго і ўстаяце, хоць у бубен грымі над вухам.

Мне стала брыдка. Чалавек, які ведае, што душа найлепей набіраецца сілы ў адзіноце, раптам хоча выбавіцца з яе. А ты? Хіба ніколі не адчуваў патрэбы абтрэсці цяжкі настрой з дапамогай сабе падобных? Табе ж ішлі насустрач...

Ён прачытаў маю згоду ў вачах.

— Ну, вось так бы і адразу! — Сяргей Іванавіч устаў і паклаў руку мне на плячо.— Дождж пераціх, пройдзем куды-небудзь. Потым забяром вашы гардэробы з гасцініцы і справім улазіны. Так, здаецца, па-вашаму называюць перасяленне ў новае жытло?

 

2

— Па ўсім бачу, нам трэба зраўняць шанцы,— Сяргей Іванавіч закурыў і прылёг на канапу.— Вы пра сябе тое-сёе расказалі, а цяпер — мая чарга. Закон супольнага існавання абавязвае.

З нашай ранішняй праходкі нічога не атрымалася, сонца толькі падражнілася, а дождж і не думаў пераносіцца са сваімі палівачкамі ў іншае месца. Я перацягнуў рэчы на кватэру да Сяргея Іванавіча. Тут было ціха, прасторна, а галоўнае — проста пад вокнамі пашумлівала мора і за апонай дажджу ўгадвалася далёкая сінеча ветраных разлогаў.

Гадзіна была перад вечарам і сама хіліла да непаспешнай гаворкі.

— Успамінаць зняволенне — мала прыемнасці. Гэты стан пярэчыць прыродзе жывога. Нават расліны і тыя нудзяцца пад штучнымі дахамі. Знаёмы агароднік расказваў мне, нібыта ў яго кожную вясну адзін-два агуркі абавязкова ўцякаюць з цяпліцы. Належыцца зернетка ў перагнойнай цемры, вылезе парастак. Наўздагад, здаецца, а шыецца і беспамылкова вылазіць дзе-небудзь з-пад сцяны, проста пад вясновы дожджык. Выломваюцца звяры з вальераў, і, вядома ж, уцякаюць людзі з-за крат. Уцякаў і я. Астрог ёсць астрог. Сцены — на метр таўшчыні, халодныя, як быццам усярэдзіне лёд замураваны. Што яшчэ? Кавалачак неба ў акенцы, забраным у жалеза, убачыш часам аблачынкі шматок — і шчаслівы! Дык як не ўцякаць з такой выгоды? Будзеш голымі пазногцямі цэглу дзерці, у вераб’я крылы пазычыш, а вырвешся. Пераляціш, пераскочыш...

Сяргей Іванавіч падсунуў да сябе крэсла з папяльнічкай.

— Нудна? — ён перахапіў мой позірк за акно ў туманную далеч мора.— Дождж у некаторым родзе дазваляе адчуць слодыч таго стану, пра які я гавару: нікуды не выткнешся, макрыня. Сядзі, са столі не капае — і тым будзь давольны. Зрэшты, гэтыя акалічнасці можна і ў мастацкай літаратуры знайсці. Ну добра! Дождж прывязаў нас з вамі на дзень, на два. А я, разам злажыўшы абедзве мае адседкі, месяцаў трыццаць пракачаўся на юрцах. Не чулі? Юрцы — турэмныя нары, страшэнна мулкія. Чалавек засыпае на паўгадзіны, не больш, і прачынаецца — бок адлежаў. Так і варочаецца ўсю ноч, а сябры па камеры падсмейваюцца: «Юр напаў!» Разумееце? Вясновы неспакой птушак і жывёл, перад тым як паркавацца. Бачыце, вашы суайчыннікі не гублялі гумару і пад замком. Я пра іх і гаварыць буду, пра вашых землякоў.

Сергея Іванавіча пачало апаноўваць хваляванне. Сеў на канапу, не ўседзеў, пачаў мераць крокамі пакой, заходзячы і ў мой, куды былі адчынены дзверы.

— Пасля Лютаўскай рэвалюцыі павялося як каму. Адных вызвалялі, а другіх — мяне, скажам,— за шкірку і браму наглуха...

Ён зрабіў выразны жэст і зноў закурыў.

— Мяне перакінулі на Заходні фронт, там стаяў адзін з грэнадзёрскіх карпусоў. А даручана мне было тое самае, што камандуючы фронтам Балуеў абвясціў рэвалюцыйнай прапагандай. За гэта належала ні многа ні мала: ваенна-палявы суд і пакаранне смерцю. Паднятае Часовым урадам наступленне скончылася вядома як. Ліпеньскія падзеі...— Сяргей Іванавіч спыніўся.— Трэба тлумачыць, што гэта такое? Не? Салдацкі кацёл зашумеў крутым кіпнем. Мітынгі, дэманстрацыі, сходкі, камітэты. За Піцерам — Мінск, можна сказаць — франтавы горад. Ваяваць ніхто не хоча. Кераншчыкі ўзяліся за расправы. Акажацца ў часці бальшавіцкі настрой, яе адразу на расфарміроўку, а то цэлымі батальёнамі — у турму. Лепшай паслугі нам яны і зрабіць не маглі. Уяўляеце, тысяч шэсць франтавікоў, за кратамі. І гэта толькі ў Полацку і ў Мінску. Глеба — самая ўдзячная, фарміруй бальшавіцкія часці і выходзь браць уладу.

Мяне прывезлі ў мінскі астрог. Што я член карпуснога камітэта, бальшавік — расказваць не трэба было. Ведалі, што і пры цары сядзеў. З гэтай прычыны рабілі выгляд, нібыта паважаюць, лічацца. Пасадзілі ў лепшую камеру, чуць гусцейшую баланду носяць. І кожны дзень — размовы. То да намесніка камандуючага вязуць, то валачэцца адвакат да мяне. Быў такі дзядок, з эсэраў. Член можа дзесяці розных камітэтаў, і ў тым ліку «абароны рэвалюцыі».

Цягнуць на свой бок, як толькі могуць. Чаго твая душа ніколі не пажадае, і тое абяцаюць. Не за так сабе, не. Абзавіся, маўляў, скажы — ваяваць да пераможнага канца, напішы адозву, калі не хочаш паказвацца публічна.

Сяргей Іванавіч спыніўся каля акна, узлакоціўся на спінку майго крэсла.

— Не засумавалі? Як-ніяк, амаль дваццаць гадоў прайшло, інтарэсы ў людзей змяніліся. І самі людзі, вядома. А тыя падзеі — жывыя. З чыстага зерня выраслі, цяплом многіх душ абагрэты...

Пабачыўшы на маім твары цікавасць, ён вярнуўся да ранейшага.

— Дык вось. Пэўна, з месяц ішлі ў мяне з тымі асобамі, так сказаць, праграмныя спрэчкі. Надакучыла. «Чаго дарма ваду ў ступе таўчы? — кажу.— Мы адзін аднаго пераканаць не можам, дык вынесем гаворку да салдатаў: за кім пойдзе большасць, таго і праўда». Мне далі зразумець: упартасць ні да чога, падумай, чалавеча, ты будзеш мець для гэтага час і адпаведныя ўмовы. Неўзабаве да мяне пачалі раптам чапляцца наглядчыкі: то доўга мыюся, то не хутка ўстаю. І я паддаўся на правакацыю: адказаў грубасцю. Сунулі ў карцэр, стварылі ўмовы думаць. Тут ужо і акенца не было, шчыліна нейкая пры самай зямлі, закратавана і знадворку застаўлена глухім шчытом.

Што дзень, што ноч — не разабраць, цемра. І я страціў адчуванне часу, дакладней — мяжу паміж днём і ноччу. Не памагаў і гадзіннік, удалося неяк прыхаваць яго, можа толькі горш з толку збіваў. Цыферблат і стрэлкі ў ім свяціліся, гэта навінка была, з-за мяжы прывезена. Такім чынам, я ведаў, каторая гадзіна, але блытаў дзень і ноч. Гэта магло скончыцца псіхічным захворваннем, каб не адзін ваш зямляк. І хто б, вы думалі?

Сяргей Іванавіч неяк асабліва гучна пстрыкнуў пальцамі.

— Турэмны наглядчык! Па мянушцы — Маніфест, бо ён выстройваў твар пад так званага цара — вызваліцеля сялян: гадаваў вусы і бакі, а падбароддзе начыста галіў. Служака, адданы начальству, тут на палёгку і не спадзявайся, арыштант! Я схапіўся з ім аднойчы. Глянуў на гадзіннік — ноч, людзі спяць, а ён разносіць хлеб і кіпень. Крычу: «Яшчэ дзве гадзіны, а ад вас спакою няма». Маніфест на гэта як быццам ніякай увагі, а праз суткі тое самае, у тую ж пару. Я зноў учыняю гвалт. Ён пытае: «Адкуль вам вядома, што зараз дзве гадзіны?» — «Вось маеце,— я быў не ў сабе,— гадзіннік — гэта не паліцэйскі сабака, не збрэша». Маніфест адным кідком да мяне і выхапіў гадзіннік. «Ад гэтага часу,— выскаляецца,— калі я скажу, тады і будзе раніца або вечар. Вы ў нашых руках і павінны жыць па нашым часе. А калі хочаце ведаць, зараз дзве гадзіны дня — абед. Сілкуйцеся на здароўе!»

— Задалікатна для вернага служакі...

Сяргей Іванавіч пасміхнуўся на маю заўвагу.

— Вось і я пачуў у голасе Маніфеста спачуванне. Ён падумаў, што ў цемры і ў адзіноце я кіўнуўся з розуму. І не толькі падумаў, а так і далажыў начальству. Да мяне на агледзіны з’явіўся сам начальнік турмы і доктара прывёў. Мякенькія абодва, цягнуць размову абы пра што, відавочна прамацваюць, ці канчаткова я даспеў да вар’ята. Пасля іх прыйшоў Маніфест і ўжо зусім ласкава абвяшчае: «Вас загадана перавесці ў іншае месца. Калі ласка, не спяшайцеся. Вам адразу на святло нельга, каб не аслеплі часам. Я ад акна шчыток адсланю, пабудзьце ў паўзмроку крыху. А потым і перавядзём, не хвалюйцеся». Сяджу, чакаю, думаю: «Што гэта з Маніфестам здарылася? Не можа быць, каб у сабакі раптам усе зубы выпалі. Мусіць, нашы верх бяруць, таму яны і са мною шануюцца». Але прычына была не ў гэтым, мы да яе дойдзем пазней.

У агульнай камеры лягчэй стала. Асабліва калі туды падкінулі маладога грэнадзёра Гаўрылку. Я помніў яго яшчэ з палка. На ўсе салдацкія сходкі — першы. Сядзіць, слухае кожнае слова ўважліва, здаецца, бачыш, як у ім душа расце. Непісьменны, можна сказаць, цёмны хлапчук, а сэрцам чуў, да чаго гарнуцца. Бальшавікам ад такіх вялікая падтрымка была.

Вось вам яшчэ адзін зямляк. І што цікава, яму давялося, як потым высветлілася, працаваць заадно з Маніфестам.

Пра гэта — другім разам. Я пайшоў заварваць чай, вам, па маладосці, такія адказныя справы не давяраюцца. Можаце накроіць хлеба, дастаць масла і што мы там яшчэ купілі...

 

3

Абяцаны «другі раз» надышоў не вельмі хутка і не зусім так, як мне хацелася.

Кастрычнік у самым канцы сваім абдараваў вадою і небам амаль аднолькавай сінізны. З набярэжнай не пазнаць было, дзе яно, у якім баку, мора: тут, за жоўтай стужкаю берага, ці там, пад гарамі, куды, нібы па прыступках, узбягаў вечназялёны падлесак.

Сяргей Іванавіч рашуча адхіліў намеры загараць у аблюбаваным мною мімозпым зацішку. Дзень у дзень мы хадзілі ў розных кірунках і памногу. Нават купаліся, хоць тэмпература мора не дацягвала да курортнай нормы. Праўда, ахватней і даўжэй прарабляў водныя працэдуры Сяргей Іванавіч: па-юнацку жвава акунаўся і плыў, пакуль не забівала духі. У вандроўках да бліжэйшых рэк Гумісты і Кадоры ён не зазнаваў стомы.

Паснедаўшы, мы выбіраліся часцей за ўсё ў ваколіцы Кадоры. Ехалі крыху, потым падымаліся па берагах ракі ўгару. Сяргей Іванавіч як назнарок выбіраў самыя крутыя сцяжыны і найбольш працяглыя маршруты. Лёгка скакаў з каменя на камень, умела перабіраўся па скальных парожках над прорвамі. Я даўно быў гатовы прасіць злітавання, а ён сабе ішоў ды ішоў, памахваючы знятаю з плячэй кашуляй.

Нарэшце абвяшчаўся прывал. Мы з’ядалі па бутэрброду, закусвалі мандарынамі і з паўгадзіны спачывалі нерухома пад халоднае пабулькванне горнай ракі.

Дрэнны настрой майго спадарожніка як быццам пачынаў развейвацца. Ён стаў падкпіваць з мае нецягавітасці, чакаючы, пакуль я адолею чарговы пад'ём, гаварыў: «Ну вось, пяць крокаў па адхоне — і ўжо засопся. Колькі вам гадоў? Трыццаці няма? А мне ўсе сорак, з хвосцікам. Значыць, наперад! І не прыставаць».

І ўсё ж мяне не пакідала думка, што трывогі яго не сышлі назусім, што ён усё нечага чакае, да нечага рыхтуецца.

Сяргей Іванавіч добра арыентаваўся ў гарах, выбіраў найбольш зручныя і кароткія дарогі. Узнікалі здагадкі, што ён бываў у гэтых мясцінах раней і яны нечым дарагія яму. Такое ўражанне асабліва ўмацавалася, калі расказваў дарогаю, як поблізу гэтай самай ракі чырвоныя атрады цэлы тыдзень не падпускалі да Сухумі меншавіцкіх войскаў. Толькі бачыўшы на свае вочы, можна было пералічыць, колькі атак і дзе давялося адбіваць за дзень абаронцам горада, толькі ведаючы ў твар кожнага, можна было называць іх прозвішчы, паўтараць іх перадсмяротныя воклічы. Аднак ад свайго ўдзелу ў гэтых баях Сяргей Іванавіч не сказаць што адрокся, але невыразна хмыкнуў:

— Мала...

І болей ні слова. Не адказаў таксама толкам, ці не давялося яму і сухумскай турмы пакаштаваць, адмахнуўся:

— Амаль што...

Затое пачатая некалі гісторыя пра зняволенне ў Мінску, наглядчыка Маніфеста і салдата Гаўрылку хутка атрымала нечаканы штуршок і пачала разгортвацца далей.

 

4

Мінула два тыдні, я заказаў білет на зваротную дарогу. Сяргей Іванавіч не спяшаўся з гэтым, яму належаў адпачынак за два гады.

Тым часам надвор’е пагоршала, і выбірацца на ўвесь дзень за горад стала рызыкоўна — нахватваліся пралётныя дажджы.

Мы гулялі поблізу свайго жытла. Не ведаю, так было толькі ў тым годзе ці гэта звычайная для горада з’ява: прыкладна каля паўдня ад бухты дзьмуў чысты, свежы вецер з паўднёвага захаду, пад вечар на некаторы час цішэла, а яшчэ пазней паветра пачынала рух у адваротным кірунку, з паўночнага ўсходу. Такім чынам, на горад як бы працавалі два натуральныя вентылятары, прадзімалі яго наскрозь.

Прыкмеціўшы гэта, мы навучыліся выбіраць час, калі лепей выходзіць на праходку, падыхаць на поўныя грудзі, бо паветра, роўнага па чысціні, не глынеш і ў Кіславодску — там няма мора.

Аднойчы, вярнуўшыся з кіно, куды мне Сяргей Іванавіч звычайна не таварышаваў, я не застаў яго дома. На стале, пераплётам дагары, ляжала разгорнутая кніга, якую ён прывёз з сабою і не выпускаў з рук апошнія дні. Гэта была гісторыя нешчаслівых прыгод высакароднага гідальга Ламанчскага на іспанскай мове. Сяргей Іванавіч не карыстаўся слоўнікам і калі-нікалі перакладаў мне даволі вялікія, асабліва ўпадабаныя ім мясціны.

Даўно мінуў час нашых сумесных падвячоркаў, а яго ўсё не было. Пры той акуратнасці, з якой ён пільнаваўся дамоўленага распарадку дня, гэта здзіўляла. Пачакаўшы яшчэ з паўгадзіны, я выпіў чаю, але са стала не прыбіраў, а чайнік сунуў пад падушку.

Блізка дванаццатай гадзіны, калі мне стала трывожна, дзверы адчыніліся.

— Заходзь! — Сяргей Іванавіч прапусціў перад сабою здаравяку ваеннага з ромбам на пяхотных пятліцах.

Ваенны даволі нядбала кіўнуў мне галавою і жартліва казырнуў Сяргею Іванавічу:

— Дазвольце адбыць у распалажэнне санаторыя?

Яны абняліся.

— Пазналі? — спытаў Сяргей Іванавіч, правёўшы свайго спадарожніка.— Не? Ну і брыдка. Як можна не пазнаваць землякоў? З яго ж, хоць і ў высокіх чынах ходзіць, акцэнт так і прэ. Як і з вас, між іншым. Гэта не ў ганьбу,— засмяяўся ён.— Я схілен верыць выслоўю: «Матчына слова ў пялёнкі кладзе і за труною брыдзе». Чулі?

Сяргей Іванавіч павесіў у шафу пінжак, адгарнуў коўдру на ложку.

— Наша не азмрочанае ніводнай сваркай знаёмства,— загаварыў ён, пабліскваючы вачыма,— дае мне права засведчыць буйны недахоп у вашым характары.

Высокі, нязвыклы яму стыль размовы змушаў чакаць нейкай падэсці. «Што будзе далей?» — падумалася мімаволі.

— У вас поўная адсутнасць цікаўнасці. Недахоп? — Ён падумаў крыху.— А можа і не. У падполлі некалі гаварылі: «Меней ведаеш, меней раскажаш». У дадзеным выпадку аднясём вашу нецікаўнасць на рахунак прыроджанага далікацтва.

Зноў усмешка і зноў закрашаныя іроніяй словы:

— І ўсё ж, Міша, каб вярнуліся пасля поўначы вы, ды яшчэ з незнаёмым, ды яшчэ пацалаваліся б з ім, я загнаў бы вас запытаннямі пад самую столь.

Разумеючы, што мяне паддражніваюць, я напусціў на сябе непрабіўную абыякавасць. Падышоў да палічкі з кнігамі як быццам выбраць што-небудзь на сон.

— Значыць, нецікава? — ён сеў на ложак і пагасіў лямпачку.— Тады будзем спаць у святым няведанні...

— Сяргей Іванавіч! — узмаліўся я, хоць і адчуваў, што вядзецца тая ж гульня.— Адкуль мне што ведаць, калі вы не хочаце гаварыць?

Лямпачка пры ягоным ложку зноў запалілася.

— Так, канстатуем яшчэ адзін ваш недахоп: адсутнасць назіральнасці. Можна было лёгка здагадацца, хто прыходзіў. Лічыце адзнакі: ваенны — раз, абдымаемся, значыць, мы добрыя сябры — два, ён звяртаецца да мяне, як да старэйшага,— тры, беларускі акцэнт...

— Сяргей Іванавіч, у задачы вельмі шмат невядомых...

— Ды Гаўрылка ж гэта, Гаўрылка. Той самы, з кім турэмныя юрцы дзялілі. Адкуль узяўся? Проста з неба, прызямліўся каля тытунёвага кіёска на вуліцы. Я прашу ў прадаўца «Казбек», а нехта мяне схапіў ззаду за плечы і не дае павярнуцца. Нарэшце адпусціў. Гляджу, не пазнаю ніяк. Пакуль не абазваўся. А яго бог голасам надзяліў: век, пачуўшы, не забудзеш. Стаім, ляпаем адзін аднаго па плячах, а гаварыць не можам. Па шклянцы сухога ўзялі, тады насілу языкі размачылі. Пацягнуў ён да сябе ў госці, у «Сіноп». Давай угаворваць перабірацца да іх у санаторый. Можна было б... Хлопец — са старой дружбы, ціха там і догляд нішто. Але...

У вачах Сяргея Іванавіча зноў з’явіўся знаёмы выраз чакання і заклапочанасці.

— Але,— паўтарыў ён,— дабудзем разам да вашага ад’езду... Свята ў мяне, Міша, сёння... Свята... Мне хацелася, каб яно і вам пасвяціла. Таму даруйце, калі што якое...

 

5

— І навошта вам было тое кіно? Мы ўчора з Гаўрылкам усю нашу турэмную мінуўшчыну ператрэслі. А можа зараз да яго рушыць?

Сяргей Іванавіч пасля ўчарашняга гасцявання пабадзёраў і пасвяжэў. У белай пікейнай кашулі, гладка паголены, ён спыняў на сабе ўвагу крыху ўрачыстым выглядам.

Мы сядзелі пад бамбукавай засенню каля набярэжнай. Разгульваўся дзень, абяцаючы нескупое святло. Не толькі некуды ісці, нават варухнуць рукою не хацелася, каб не пабунтаваць выпадкам сіняга спакою ў прасторы.

У такім самым стане знаходзіўся, відаць, і мой суразмоўнік.

— Не,— прамовіў ён,— сама раз брацца за ўспаміны цяпер. І ўдвух. Вы і Гаўрылка незнаёмыя, адчувалі б сябе звязанымі на першым часе. А ўчора мы багата аднавілі ў памяці. Пойдзем па гарачых слядах...

Сяргей Іванавіч устаў, нечым нагадаўшы плыўца, які стаіць над запененым вірам і вось-вось кінецца туды.

— Я не сказаў, здаецца, што сустрэча з Гаўрылкам у турме была невыпадковая. Карпусному камітэту спатрэбілася перадаць мне і атрымаць такія-сякія весткі. Як? Трапіць у турму. А гэта не вельмі проста. Вось калі не хочаш — яна сама браму расчыняе. Думалі, гадалі хлопцы: каго паслаць? Трэба было, каб і я паверыў, што не правакатар прыйшоў, і каб казацкія патрулі мелі падставы затрымаць яго. Выбар прыпаў на Гаўрылку: з выгляду праставаты, а хітрыны — хоць пазычай. «Ідзі,— сказалі яму,— галубок, проста ў сваю вёску. Не хаваючыся, па трактах. Затрымаюць, гавары: вайна нам без карысці, іду да бацькі, работу рабіць пара... Разлік быў правільны, і праз нейкі тыдзень Гаўрылка ўжо сёрбаў арыштанцкі крупнік разам са мною. Што належала, ён мне перадаў, цяпер была турбота, як хлопца адправіць назад у часць. Нашы добрыя адносіны з ім не маглі не звярнуць увагі турэмшчыкаў. Вось і ўзяліся яны за Гаўрылку. Думалі, дазнаюцца, ці не задумана ў нас што, і за адным заходам мяне настрашаць.

Трапіў хлопец у лапы да следчага Ляцкага. П’янюга, шэльма, мардабойшчык, салдаты іначай трохі ягонае прозвішча вымаўлялі. Апрача дэзерцірства, Гаўрылку ні ў чым не звінаваціш, а гэты хвастакрут умудрыўся агітацыю супроць вайны прышыць. Пратрымаў на допыце суткі. А як прывялі ў камеру, глянуў я на свайго сябра і не пазнаў: твар апух, вочы пазаплывалі, што з ім рабілі, пытаць не трэба. Накармілі бедака, далі памыцца, пачаў расказваць. «Іх благароддзе, гаспадзін следчы,— кажа спакойна, а вочы гараць,— разы два ўсяго па шчацэ пагладзілі. Ручка далікатная, у пальчатцы, сам не ведаю, чаго гэта морда так падышла».— «А ў вас гаворка была якая?» — «Амаль што ніякай. Іх благароддзе, калі па мордзе гладзілі, дык і па зубах цалялі, але не парушылі: зубы ў нашым родзе да сямідзесяці год растуць».

Сяргей Іванавіч зябка павёў плячыма.

— Мяне перасмыкнула, як вось зараз. Гляджу: салдаты стоўпіліся вакол нас, маўчаць, але зацінаюцца — пальцы самі ў кулакі камечацца. Давай я далей распытваць: чаго дамагаліся на допыце, што ведаюць, на што найбольш насядалі. Гаўрылка павесялеў, дый, мусіць, менш балець стала. Пераказаў дакладна ўсё. Ён і дагэтуль гаворку са следчым слова ў слова помніць.

За плячыма ў нас пачуўся гучны, заразлівы рогат.

— Ну і размалёўваеце вы мяне, Сяргей Іванавіч!

Учарашні ваенны, зараз ён быў у цывільным, стаяў, узяўшыся ў бокі, відаць, ён даволі доўга слухаў нашу размову.

Прырода высякала гэту постаць, не вельмі турбуючыся пра тонкі інструмент: далей сякеры і долата справа, відавочна, не пайшла. А за мацунак можна ручацца: вычасала з векавога граба тулава, паставіла яго на магутныя ногі, ажывіла замашныя рукі. І пакінула, як у жывым дрэве, густую верхавіну — чупрына светлых валасоў спадала на лоб, адценьваючы чорныя з блішчынкай цыганскія вочы. Аднак грубаватасць постаці і простасць аблічча ніяк не шкодзілі яму, наадварот, прываблівалі своеасаблівай абаяльнасцю.

І я, вядома, мог пазнаць земляка — Сяргей Іванавіч казаў праўду, бо не раз жа бачыў падобных волатаў на родным Палессі.

— Сядай, калі не спяшаешся,— запрапанаваў Сяргей Іванавіч і пазнаёміў нас.

— Спяшаюся! — Гаўрыла Пятровіч, аднак, сеў і расшпіліў каўнер лёгкай кашулі.— Я ўсё-такі прыйшоў па вас, Сяргей Іванавіч. З галоўным урачом дамоўлена, пакой рыхтуюць самы ціхі...

— А мне і тут някепска. І ў мяне малады таварыш — Міша. Загадаеш кінуць яго?

— Ён даруе, дальбог, даруе! — Гаўрыла Пятровіч узяў мяне пад руку.— Ды ў нас з вамі дружба даўжэй трывае.— Ён не дазволіў мне абазвацца.— Ну, вось бачыце, у яго пярэчанняў няма. А каб у вас, Міша, крыўды не было, што забіраю такога чалавека...

— Пад нары! — гукнуў Сяргей Іванавіч, і яны абодва засмяяліся.— Гэта наш турэмны покліч. Як толькі хто перабіраў меру, гаварыў лішняе, яго адпраўлялі простым ходам туды,— палец Сяргея Іванавіча паказаў пад лаўку.

— А тут ніякага перабору. І я скажу, што хацеў, каб наш малады друг ведаў. Такіх людзей, як Сяргей Іванавіч, з кожным годам усё меншае. Узрост, нястачы, блуканні... Найбольш сілы паглынуў унутраны агонь, які падымаў іх у дарогі. Мала такіх... А роўных па розуме, трываласці, па заслугах, галоўнае, па сціпласці — пашукаць...

— Гаўрылка!

Сяргей Іванавіч нездаволена закурыў. Недакінуў да урны запалку і памкнуўся падняць яе.

— Ну, што я казаў? — Гаўрыла Пятровіч ускочыў і нагнуўся па запалку сам.— Колькі тут людзей сядзела, кідалі недакуркі і недасмалкі, і ніхто не патурбаваўся... А вы за сабою павінны і запалку прыбраць...

— Ты не гаворыш мне кампліментаў, дружа!

— Самі вінаваты, самі! — Гаўрыла Пятровіч крыху збянтэжыўся, але адказаў жартам: — Недавучылі лапуха...

— Гэтым ты ад мяне не адбаярышся.— Сяргей Іванавіч глядзеў убок і нібы сварыўся: — Тваё нустабайства і марнаслоўе не могуць быць нічым акуплены. Хіба што раскажаш Мішу, як ты са следчым Ляцкім размаўляў. Учора людзі за жываты браліся, хто слухаў.

— Што ж... Толькі ўмовімся: не прытрымліваць мяне за руку і не заганяць пад нары.

Сяргей Іванавіч не мог не пасміхнуцца, і апавяданне пачалося.

— Ведаеце, зямляк, я нездарма паставіў умову. Гэта гісторыя патрабуе чыстай праўды. А па праўдзе кажучы, з тым следчым размаўляў не зусім я. Вядома, я быў на допыце, але толькі варушыў вуснамі, гаварыў жа старэйшы і больш вопытны таварыш. Хто — здагадацца не цяжка...

На нездаволены рух Сяргея Іванавіча апавядальнік усміхнуўся мне адным вокам.

— Імёнаў дзеля сціпласці называць не будзем. Усе мае адказы следчаму былі загадзя абдуманы, вызначана лінія паводзін, як і што. Я тады быў — пацёмкі, так бы канцы з канцамі не звязаў. Слухайце. Прывялі мяне на допыт. Пакой пусты, як стадола, адзін стол ад сцяны да сцяны, быццам мост. А за сталом, на крэсле, нешта зусім дробненькае, і не відно добра. Галоўка стаўбуном, нібыта клінок з тварагом, і твар нейкі малочна-шэры.

«Падыдзі бліжэй!» — крычыць.

Падыходжу. Следчы ўсхваціўся і замахваецца па твары ўдарыць. Не дастаў з-за стала: ручкі кароткія, а я ладна ўгору вымахаў. Тады выбег на сярэдзіну пакоя:

«Сядзь!»

Не паспеў я сесці, а ён адну поўху, другую. А я не зважаю, што крыўдна дый балела,— умеў біць, хоць і нягеглы. Сяджу і рагачу.

«Чаго зубы продаеш, сукін сын? Яшчэ па зубах хочаш?»

«Вінават, ваша благароддзе, вёску ўспомніў».

«Якую такую вёску?»

«Маю родную, Кіяхі».

«А што цябе там, білі?»

«Нікак нет, ваша благароддзе. Там адзін дзядзька жыў, Раменьчык яго звалі па-вулічнаму. Сам прысадзісты, а жонку высозную, як хвойка, узяў. Дык ён, калі завядуцца ў сварцы, лезе на лаўку і крычыць: «Адэля! Ідзі сюды, я табе ў морду дам».

Следчы на дыбкі:

«З кім ты мяне раўняеш, сучая душа?»

«Я не раўняю, бо тая Адэля магла і за дзверы ўцячы. А я ад вашага благароддзя куды дзенуся?»

Тут ён мне яшчэ пару разоў адважыў.

— Гэтага мы ў камеры не прадугледжвалі,— не ўтрываў Сяргей Іванавіч.— Так што вы, Міша, улічвайце: у салдата Гаўрылкі былі прыроджаны гумар і схільнасць да імправізацыі.

— Не будзем адракацца ад уласных заслуг,— Гаўрыла Пятровіч нахіліў галаву і павёў апавяданне далей: — Астыў крыху мой следчы і давай пытаць:

«Грэнадзёр?»

«Так точна, ваша благароддзе!»

«Дэзерцір?»

«Так точна, ваша благароддзе?»

«Ваш полк — бальшавіцкі?»

«А як жа іначай, ваша благароддзе?»

«Я цябе, мамінага сына, яшчэ горш па храпе натраплю!»

«І гэтым давольны, ваша благароддзе».

«Ты што, здзекуешся?»

«Нікак нет, морда баліць, ваша благароддзе».

«А ты — бальшавік?»

«Як вы, так і я, ваша благароддзе».

«Як жа ты, бальшавік, з фронту ўцёк?»

«Дадому захацеў, ваша благароддзе».

«Дзе твае дакументы?»

«Скурыў, ваша благароддзе».

«Курыць хочаш?»

«Няма чаго, ваша благароддзе!»

«На, дымі!»

«Вельмі далікатная папяроса, дазвольце дзве, ваша благароддзе».

«А чым вы ў камеры займаецеся?»

«Бядуем, ваша благароддзе. Хлеба мала. Мы сядзім, а людзі недзе маёнткі дзеляць».

«Хочаш болей хлеба атрымліваць?»

«Чаму не!»

«Давай, дар за дар: я табе — хлеба, а ты мне будзеш расказваць, што салдаты паміж сабою гавораць».

«Дзякуй, ваша благароддзе! А вы мне будзеце расказваць, што афіцэры гавораць?»

«Цябе змалку па галаве абухом ударылі, ці ты нарадзіўся дурны!»

І зноў палез з кулакамі. Лаяў, бэсціў, нарэшце выгнаў у камеру. Пачалі цягаць другіх салдатаў, а яны ўжо дачуліся, што са мною было, і ведалі, як адказваць.

 

Апавяданне падыходзіла пад канец. Мы рагаталі, усміхаліся. З суседніх лавак у наш бок паварочваліся міжвольныя слухачы і гледачы. Двое маладых людзей нават падбеглі да нас і запляскалі ў ладкі, відаць, палічыўшы, што слухаюць кагосьці з прыезджых акцёраў. Але глянулі і асекліся, адышліся.

Гаўрыла Пятровіч гаварыў не без задавальнення і, я б сказаў, не без умельства. Адзін, здавалася б, нязначны рух, і ён з хітругі-салдата ператвараўся ў плюгавага следчага, а пасля, таксама непрыкметна, рабіўся самім сабою, цяперашнім і такім, як быў у маладосці. Следам за ім я трапляў у той узбуджаны, ускаламучаны час. Задуху камеры праразала маланка недалёкай мэты, усплёскі чалавечых страсцей кіраваліся ў рэчышча рэвалюцыі.

Часамі яго магутнае тулава калацілася ад стрыманага смеху, раптам ён бялеў, гаварыў адрывіста і жорстка, праз зубы. А ўнутраны запал, хоць не першую гадзіну цягнулася апавяданне, не сцішаўся, не гас.

Як ні дзіўна, і яго старэйшы сябар, Сяргей Іванавіч, не мог ўседзець на месцы. Паліў папяросу за папяросай, папраўляў апавядальніка, гаварыў сам. Словам, яны перажывалі перажытае нанава.

Я не мог адарваць вачэй ад даўніх таварышаў, але ў істоце прачыналася няёмкасць, нібыта памільгвала вочка сігналу на трывогу: ці не лішні ты тут? Людзі вяртаюцца ў балючае і цяжкое, што давялося зазнаць, перабыць, перабароць. А на якое ліха шаноўнаму чалавеку, што прыехаў спакойна адпачыць, расхлістваць насцеж душу? Расказваць, як яго зневажалі, білі па твары, змушалі на здраду? І, галоўнае, перад кім раскрывацца, каб хто спытаў? Перад першым стрэчным, нікому не вядомым архітэктарышкам!

І мяне пранізала здагадка...

Не для ўласнай уцехі, каб паказытаць не абыякавае людзям славалюбства, пацацкацца з былымі заслугамі, адгортваецца тая, далёкая і блізкая, слаўная ў часе старонка. Ды ўжо ж і не для цябе, мілы чалавек!

Завялікі гонар быў бы, завысока занёсся ты ў сваіх развагах, палічыўшы, нібыта нешта важыш у сустрэчы і размове сяброў.

Тут узнаўляўся паядынак — вось што! Так, ён завершаны перамогай. Але ці канчатковай, ці ўсюды ў свеце?

Таму за ўспамінамі грымотных падзей выразна адчувалася праверка гатоўнасці...

Зусім поруч з гэтым скверам, праз водар мора і руж, цераз воклічы бесклапотнай малечы зыбалася марская мяжа. За ёю цяжка дыхаў выпарэннямі золата, гноем ран, чыстай і нячыстай крывёй свет неверагодных палацаў, непарушных турмаў, часовых урадаў, куплёных следчых, свет, на які паўстаюць, з якім ваююць, у якім мучацца Сяргеі і Гаўрылкі іншых народаў. Не зачапі — і не падумае збірацца ў нябыт сваёю ахвотай...

І два чалавекі, што сядзелі разам са мною, не цешыліся мінулымі схваткамі, не ганарыліся імі, яны проста жылі ў іх і не забывалі, каб не даць прамашкі, калі прыйдзецца, у заўтрашняй барацьбе. Яны сягоння адчувалі сябе яе ўдзельнікамі, былі ўсюды, дзе хто-небудзь падымаўся за свабоду. Іначай яны не ўмелі жыць, не маглі.

Я ачуўся ад гэтых думак і разваг, калі сябры пачалі развітвацца.

— Дружа мой,— казаў сур’ёзна Сяргей Іванавіч.— Пакінем гаварыць пра пярэбары. Дзякуй табе за клопат, але ў санаторый я пакуль што не пайду.

 

6

З раніцы Сяргей Іванавіч пісаў лісты, хадзіў на пошту. Вярнуўся адтуль занепакоены, як і на пачатку нашага знаёмства. Ляжаў, як быццам гартаў свайго «Дон Кіхота», а вочы былі скіраваны паўзверх старонак, на столь. Перад вечарам нібыта крыху супакоіўся і запрапанаваў мне прайсціся да бухты.

Мы не прыкмецілі, як выйшлі далёка за горад. Прытомленыя, селі ў выцягнутую на бераг лодку.

Буйныя асеннія зоры зрываліся з неба над самай вадою; здавалася, мора падхватвае іх і гасіць, а яны шыпяць, раскідаючы пырскі. Аднак гэты гук нараджаўся пры беразе, дзе ляніва набягалі на пясок дробныя хвалькі і шумелі лагодна,— было падобна, нібыта дзесьці ў шырокай пасудзіне закіпае малако.

Мы доўга і лёгка маўчалі, абнятыя пачуццём з’яднанасці з вялікай цішынёй прасторы.

— Дзіўная рэч,— хутчэй да сябе, чым да мяне, прамовіў Сяргей Іванавіч, удосыць надыхаўшыся і намаўчаўшыся.— Нахадзіўся я па зямлі, здаецца, да ўтомы, нагледзеўся благога і добрага — на некалькі душ хопіць. І ўсё мала. Цяпер кожнае гадзіны шкада. Прагаварыў ты яе ці праспаў, а за гэты час сонца закацілася, чалавек прайшоў міма цябе, не паказаўшыся: шчодрага ён сэрца ці безнадзейны скнара.

І ты ўжо ніколі не дазнаешся, што прапусціў, якія дзівосы нарадзіў свет за тую змарнаваную гадзіну. Вось і пачынаюцца дакоры: а каб не прапусціў, а каб дазнаўся? Магчыма, пабагацеў бы і ты, і свет, магчыма, адхіліў бы ад свае галавы ці ад ягонай бяду якую. Што ж гэта, старасць? Міжвольнае звужэнне магчымасці думаць і адчуваць, а можа боязь раптоўна і назусім страціць такую магчымасць?

Усе пытанні, відавочна, толькі ставіліся, аднак я паспрабаваў адказваць і зрабіў гэта даволі нязграбна.

Сяргей Іванавіч паківаў галавою.

— Ваша сэрца ўмее слухаць, гэта многа. Але яно яшчэ не ўмее гаварыць, выказаць тое, што пачула. Паўбяды! Назбірвайце ў сябе як мага больш, аднойчы само сабою загаворыцца.

Відаць, яму захацелася падсаладзіць сваё жорсткае навучанне. Набраў у жменю вільготнага пяску, прапусціў струменьчыкам паміж далонямі.

— Не хачу пахваліцца, нібыта валодаю такой якасцю выказвання. Але, здаецца мне, не маю права і трымаць у сабе набытае за жыццё. Зрэшты, што жыццё кожнага з нас? Эпізод, момант, можа яшчэ менш — усяго літара ў навуцы агульнаму жыццю, у навуцы часу, калі мы існуем, думаем, стараемся пакласці прыступку для тых, хто за намі.

— Я ўдзячны вам за гэтую сустрэчу, Сяргей Іванавіч. Хоць пастаяў каля крыніцы, адкуль вы пілі і п’яце... Хачу спадзявацца...

— Словам, мой дарагі, філазафічныя разважанні вам надакучылі! — суразмоўнік ахаладзіў мой пафас.— Што ж, і я не супроць перайсці да канкрэтнай навукі жыццю. І мне, і вам яшчэ трэба добрыя зубы на гэты граніт... Дый у мяне часу не хопіць, каб дагаварыць тую даўнюю гісторыю. Давайце! Якраз Гаўрылкі няма, і мы здолеем абысціся без высокіх рэгістраў.

Ліловы агеньчык запалкі даткнуўся да пагаслай папяросы, і ў ёй ажыў чырвоны вугалёк.

— Гаўрылка расказаў пра сваю каронную, так сказаць, сустрэчу са следчым. Схадзіў яшчэ пару разоў, на тым і заціхла. Пабачылі, што, апрача дэзерцірства, нічога не прышпіліш, і паабяцалі накіраваць назад у часць. Нам гэта толькі і трэба было. Гаўрылка павінен быў перадаць таварышам, колькі салдатаў адправіць у Петраград і куды ім з’явіцца. Дзе чакаць і як дзейнічаць, калі бальшавікі дадуць сігнал да паўстання. Усё гэта я ведаў і трымаў у сакрэце. А членам камітэта не паспеў перадаць, мяне схапілі вельмі раптоўна.

Гаўрылку мы навучылі: у сваю часць не прасіся, каб падазрэнняў не ўзнікла. Кажы, што не хочаш туды, ад сораму згарыш за дэзерцірства. Шліце, маўляў, куды хочаце, абы бліжэй да фронту. Тады і зробяць насуперак жаданню, вернуць у корпус.

Аднак час ішоў, яго не чапалі, а я пачаў прадчуваць: надыходзіць мая чарга. Так неўзабаве і здарылася. Выклікае мяне Ляцкі. Я не даю яму нічога папытаць, адразу пратэст:

«На якой падставе мяне трымаеце?»

«А хіба вас не было за што арыштоўваць?»

«Не бачу законных падстаў».

«Чаму ж вы не хочаце растлумачыць салдатам, што Часовы ўрад трэба паважаць і вайну належыць працягваць?..»

«А вы самі паспрабуйце. Ці не саб’юць яны вас за гэта на горкі яблык?..»

Следчы на дыбкі:

«Вы і тут, у турме, змову арганізавалі. Пакайцеся — і заўтра на волю».

Лаяць ён мяне не лаяў і ў твар кулакамі не соваў, хоць адказ пачуў не вельмі далікатны. Прыдумаў, не ён, праўда, прыдумаў, і ўжыў самае горшае. Стаў абвінавачваць у разлажэнні арміі...

Сяргей Іванавіч пералажыў папяросу ў знявечаную руку і пацёр яе леваю.

— Наконт змовы следчы, вядома, не памыляўся. Мы ў турме ажыццяўлялі дырэктыву гуртаваць па-бальшавіцку настроеных салдатаў. Па магчымасці падтрымліваць дысцыпліну, нават заняткі праводзіць, каб не забываліся, як зброю ў руках трымаць. А выбухне паўстанне, дык на дапамогу з турмы — баяздольная бальшавіцкая адзінка. Нашы турэмшчыкі падступаліся з усіх бакоў, так нічога і не вынюхалі. Скажам, выходзіць аддзяленне — мы разбілі салдатаў па ўзводах і аддзяленнях — на праходку і давай штыкавыя прыёмы на палках прарабляць. Наглядчык у крык, а яму адказваюць: «Мы тут седзячы забудзем, як тату з мамаю зваць. Трэба нейкую справу рабіць, вайна не скончылася, і ніхто яе за нас не скончыць». Ну, якой тут рады дасі — трымаліся хлопцы дружна.

Ляцкі падкладаў міну і пад тое, і пад гэтае, пакуль не пераканаўся, што нічога ад мяне не даб’ецца. Тады ён зрабіў выгляд, нібыта адпускае ў камеру. Падвёў да дзвярэй кабінета, адчыніў іх і як быццам незнарок штурхнуў мяне. Я абапёрся на вушак рукою, а ён і прыціснуў пальцы дзвярыма.

«Ну, будзем гаварыць?»

Маўчу. Націскае мацней. Маўчу. І так з гадзіну: курыць і цісне, курыць і цісне. У мяне ў вачах чырвоныя мухі плывуць, цярпець — сіла канчаецца. Вырашыў: дам яму нагою пад жывот, адпусціць, быць не можа. А там — хай хоць страляе...

Выручка прыйшла нечакана. Нехта папхнуў з калідора дзверы, і рука мая вызвалілася. Зайшоў уласнай персонай камісар Часовага ўрада на Заходнім фронце. У фрэнчыку, як і Керанскі, у дэмакратызм граецца, ручку мне цягне. Так яна ў яго і павісла ў паветры. Скрывіўся. А я кажу: «Падзякуйце яму,— паказваю на следчага,— і вось тым дубовым дзвярам!» І падымаю руку, хоць ледзь трываю: яна — сіняя, пухне, набракае. «Зрэшты,— дадаю,— каб і не балела, я ўсё роўна вам бы не падаў». Камісар давай тупаць нагамі на следчага. Паклікалі доктара, той мяне ў шпіталь. Не так палёгку даць хацелі, як салдатаў, мусіць, баяліся, каб якой уструшні не выйшла. Вось мае пальцы і не выпростваюцца...

У блакітным спакоі ночы ўсё гэта гучала страшна і неверагодна. Але прыглушаны вільгаццю голас, пад амаль нячутнае паплёскванне хваль, сцвярджаў, пераконваў, вяртаў у тую пару і вёў па яе дарогах.

— З Гаўрылкам мы пабачыліся перад яго адпраўкай. Правёў хлопца ў шпіталь усё той жа Маніфест. Гаўрылка спачатку не паверыў: як гэта так, наглядчык падручаецца сам наладзіць сустрэчу арыштантаў, ды яшчэ небяспечных? Ветліва папрасіў яго пайсці туды, адкуль з’явіўся. Маніфест настойліва запрапанаваў другі раз: «Цябе чакаюць, не траць марна часу». Хлопец згадзіўся. Я тлумачыў Гаўрылку падрабязнасці, звязаныя з перакідкай салдатаў у Петраград, а Маніфест пільнаваў дзверы з калідора. Потым зайшоў, сказаў канчаць і даў мне бутэлечку з нейкай асаблівай гаючай прымочкай для рукі. «Вам кланяліся і загадалі перадаць,— Маніфест зычліва зірнуў і дадаў: — А выйдзеце са шпіталя, будзеце мець спатканне».

Я падумаў, што наглядчыка добра падмазалі і не даваць яму веры падстаў няма.

Гаўрылка ўсё дакладна пераказаў у карпусным камітэце, і хлопцы падаліся ў Піцер. Трэба сказаць, тады рух салдатаў па чыгунцы быў даволі значны і не вымагаў асаблівых фармальнасцей. А нашы дзейнічалі асцярожна, пад’язджалі ад станцыі да станцыі, дзе-небудзь ва ўмоўленым месцы спыняліся, правяралі наяўнасць і ехалі далей. Вінтоўкі — пры сабе, а кулямёты везлі ў рэчавых мяхах, разабраныя. У Піцеры сабраліся разам на Пуцілаўскім заводзе. Там і дачакаліся загаду выступаць... Ну што, пайшлі дамоў? Золка нешта...

Мы падаліся ў горад. Рэдкія ліхтары стаялі па калені ў раптоўна апаўшым тумане.

— Хіба гэта ўсё, Сяргей Іванавіч?

— А што ж болей? Партыйны наказ мы выканалі. Бальшавіцкай арганізацыі турмы давялося папрацаваць. Але захавалі і баявы дух у салдатах і нават узброілі іх. Так што 25 кастрычніка на вуліцы Мінска выйшаў сфарміраваны ў астрозе рэвалюцыйны полк. Далей — гісторыя: усё вядома, усё запісана.

Сяргей Іванавіч, відаць, змарыўся ці проста абмінаў далейшыя акалічнасці. Давялося набрацца смеласці і запытаць яшчэ:

— А як ж са зброяй? Гэта не запіска, у хлебе не перадасі.. А на цэлы полк, ды цераз астрожныя сцены...

Ён некаторы час ішоў не адказваючы.

— Вы, здаецца, не паверылі мне, Міша? А можа і мелі рацыю. Цяпер гэта выглядае вельмі складана, тады ж... Па-першае, прывёўшы ў турму, салдатаў часта абшуквалі абы абшукаць. Калі ж прыбывала асабліва шмат арыштаваных, наглядчыкі не ўпраўляліся. Клікалі на дапамогу такіх самых салдатаў, хто ўжо абжыўся ў турме. Ну, тыя і зусім нічога не глядзелі. Вось і праносілі: карабіны, рэвальверы, а то і з вінтоўкай каторы праскочыць. Чаго не хапала — дастаўлялі з волі. І даволі арыгінальным шляхам. Спатканні са зняволенымі дазвалялі толькі сваякам. Ну, адкуль у варонежскага салдата сваякі ў Мінску? Затое бадай у кожнага трэцяга з нашай браціі пачалі з’яўляцца «нявесты». На правах будучых жонак атрымлівалі спатканні. І перадавалі ўсё, што трэба. Туды і назад. Гэта былі сваячкі членаў гарадской арганізацыі бальшавікоў і проста добрыя знаёмыя, дзяўчаты, якія нам спачувалі...

— Ці не пра такое спатканне вам даваў знаць Маніфест?

— Вы робіце поспехі, Міша. Так, і мяне наведвала «нявеста». Зусім дзяўчынкай выглядала. Ніхто і падумаць не мог, што на ёй трымалася падпольная работа вялікага раёна. Каця...— вымавіў ён з ласкавым засмучэннем. Нібыта нечага спалохаўшыся, загаварыў, рэзка абрываючы словы: — Гэта была падпольная мянушка. І сапраўднае імя. Яе звалі Кацярына Юраўна Вернікоўская.

І, мусіць, каб не даць мне нічога больш запытаць, кінуў напаўжартліва:

— Позна ходзім, позна! Вам не здаецца, што нас могуць палічыць за браканьераў ці, не дай божа, яшчэ за каго. Прыбаўляйце кроку.

Каля самага дома спыніўся і зноў нечакана памякчэлым голасам прамовіў:

— Кацярына Юраўна павінна быць у Сочы. Я пасылаў ёй адсюль ліст.

Гэта ўжо была шчырасць, чаго я не чакаў і на што не мог спадзявацца.

 

7

Разгублены і ашаломлены, я не ведаў, што думаць і якой яшчэ даваць рады. Ехаў аўтобусам на маскоўскі цягнік і нічога не прыкмячаў. А за акенцам — голлем, хмарамі, верхавінамі гор — адвітваліся мясціны багатай красы, усё, на што звычайна глядзіш і не можаш наталіцца, пакуль не адцягнеш сябе за руку і не закалышашся на якіх-небудзь дарожных колах. На гэты раз не было месца нават шчымліваму смутку ад перамены месца, ад расстання з морам. Адна трывога, незразумелая і неадступная.

Дзяжурны ў міліцыі выслухаў мяне, тое-сёе запісаў, запытаў маё прозвішча і знікшага. І, на маё здзіўленне, не ўстрывожыўся, а шырока пасміхнуўся:

— У Маскве жывеш? Хар-рошы горад! Ніколі не быў там. Ну, шчаслівай дарогі! І не турбуйся: чалавек не іголка, знойдзецца. У нашым горадзе такіх здарэнняў не бывае: мы нават іголку знаходзім.

Раніцай у той дзень у фортку нашага акна заляцеў голуб, глянуў у пакой і павярнуўся дзюбаю да мора.

— Калі голуб садзіцца так, дык, па турэмнай прыкмеце,— сказаў Сяргей Іванавіч,— адсюль нехта павінен пайсці. Угадала птушка ці падслухала, што вы ад’язджаеце...

Гэта былі апошнія пачутыя ад яго словы.

Я займаўся гаспадарчымі справамі: пакаваў рэчы, хадзіў на рынак. Купіў вінаграду, славутых сакаўных ігруш, прыхапіў і пару бутэлек маджары. Сяргей Іванавіч любіў гэта маладое віно, хацелася цяплей правесці астатнюю гадзінку.

Нагружаны пакункамі, я вярнуўся дамоў і пачаў выстаўляць прыпасы ў куханьцы. У кватэры было ціха, ніхто да мяне не абазваўся, як заўсёды, не пачулася і знаёмага пакашлівання.

Відавочна, Сяргей Іванавіч пайшоў па газеты. Ну так, няма плашча і капелюша на вешалцы. Але дзе ж чамаданчык? Стаяў жа ўвесь час вось тут, у нагах ложка. А-а! Пэўна, здаўся нарэшце на ўгаворы Гаўрылы Пятровіча і перабраўся ў санаторый. Толькі чаму было не папярэдзіць? А навошта? Ён жа ведае, што буду выязджаць па абедзе. Значыць, ёсць час вярнуцца, забраць у мяне ключы і скурыць развітальную папяросу.

Усе здагадкі былі раптоўна абвергнуты адной акалічнасцю. У мяне на падушцы ляжаў «Дон Кіхот», а з гэтай кнігай Сяргей Іванавіч амаль не разлучаўся. Мне падабалася даўняе выданне ў старамодным пераплёце са скураным карашком і абцягнутымі скурай ражкамі.

Дык што гэта: памятка? Падарунак, наказ, даручэнне?

Я прысеў за стол і пачаў гартаць кнігу, яна маўчала, адказу не было. Закурыўшы, звярнуў увагу на папяросны карабок з прыгашанымі недакуркамі. Гэтага Сяргей Іванавіч не любіў і ніколі не рабіў так, нават у папяльнічцы не пакідаў нічога і апалоскваў яе, выходзячы з пакоя.

Машынальна абтрасаючы попел у той самы карабок, я заўважыў на сподзе яго ледзь прыкметныя літары: «Перад...» — закончыць слова, відаць, не хапіла нагару на запалцы. Ці часу?

Па нейкіх няўлоўных адзнаках адчувалася, што тут быў яшчэ нехта. Можа яго прысутнасць не дазволіла дачакацца мяне ці хаця б растлумачыць што-небудзь запіскай.

Я зноў успомніў пра Гаўрылу Пятровіча. Ну так, каму ж іншаму быць тут? Ніякіх другіх знаёмстваў у Сяргея Іванавіча не заўважалася. Значыць, ён. Тады нашто было пісаць на карабку? І запалкай? Праўда, сваю ручку Сяргей Іванавіч згубіў і звычайна карыстаўся маёю. Збіраючыся ў дарогу, я забраў яе са стала. Але ж у Гаўрылы Пятровіча, калі гэта заходзіў ён, няўжо не знайшлося ніякага алоўка?

Гэтыя і другія меркаванні няспынна ўзнікалі, развязваючыся самі і застаючыся без адгадкі, калі я ледзь не бегма праставаў у санаторый. Гаўрыла Пятровіч адпачываў пасля працэдуры, але, выслухаўшы мяне, усхапіўся.

— У яго былі непрыемнасці? Атрымаў ліст? Хадзіў куды-небудзь? Да яго заходзілі? Як трымаўся? Настрою не паказваў?

Цэлая патока пытанняў нізрынулася на мяне, пакуль Гаўрыла Пятровіч апранаўся.

Што я мог прыгадаць яшчэ для яго і для сябе? Адно хіба: апошнія дні Сяргей Іванавіч не мог дачакацца газет. Ён і раней купляў усе, што трапляліся ў кіёску. Тут жа, на набярэжнай, разгортваў, не дайшоўшы да лаўкі, і прабягаў палосу міжнародных навін. Тады вочы ўсіх былі прыкуты да бітвы рэспубліканцаў за Мадрыд, усе мы жадалі ім перамогі. Таму не патрабавалі тлумачэнняў красамоўныя выгукі Сяргея Іванавіча ў адрас фалангі, фашысцкіх змоўшчыкаў і чужаземнай інтэрвенцыі. На большае ён не ішоў. Маўчаў аж да канца кастрычніка, калі наш урад абвясціў, што не лічыць сябе звязаным пагадненнем пра неўмяшанне ў іспанскія справы. Аднак і тады пачуў я не вельмі многа. «Нарэшце можна будзе дапамагчы»,— уздыхнуў Сяргей Іванавіч. І ўсё.

Вось што я мог паведаміць Гаўрылу Пятровічу, разам з ім вяртаючыся ў горад.

Дарэмныя турботы! Сяргея Іванавіча ў доме не было, і слядоў яго не прыбавілася.

Гаўрыла Пятровіч пакруціў у руках карабок, пачытаў надпіс.

— Сапраўды, пісаў запалкай.— Ёп пахадзіў крыху па пакоі.— Але ж пісаў. Гэта дае надзею.

Я прынёс з кухні маджары, і мы чокнуліся за здароўе адсутнага.

— І ўсё ж такі навошта яму была запалка? — падумаў я ўголас.— Вунь на этажэрцы алоўкі. Праўда, каляровыя.

— У турмы і падполля быў непахісны закон: напісанае запалкай выконваецца неадкладна, любымі сродкамі. А вось што гэта за «Перад...»? Перад дарогай, перад бурай? Ці не дапісаў, што скончылася перадышка,— ён жа так называў бытаванне тут. Не, хутчэй за ўсё,— да Гаўрылы Пятровіча вярталася абвыклая манера жартаваць,— перадыміўся і пайшоў на вецер...

Ён устаў.

— Здаецца, усё гэта не падыходзіць. З нас, Міша, пінкертонаў не атрымаецца. Будзем чакаць, спадзявацца на лепшае. Трэба думаць,— Гаўрыла Пятровіч моцна паціснуў мне руку,— што і я хутка адбуду ў тым жа кірунку. Калі, вядома, разумею ўсё правільна.

На развітанне Гаўрыла Пятровіч параіў занесці ключы ад кватэры ў міліцыю.

 

8

Вылезшы з аўтобуса на сочынскай аўтастанцыі, я ўжо ведаў, што буду рабіць. Кінуўся ў адрасны стол і праз нейкія паўгадзіны званіў у кватэру на другім паверсе невялікага цаглянага дома.

Жанчына, якая адчыніла мне, была апранута ў дарогу і трымала ў руцэ паходны баульчык.

— Кацярына Юраўна? — я пераступіў парог.

— Так... Але я не маю часу... Вось-вось адыходзіць сухумскі аўтобус.

— Справа ў тым, што Сяргея Іванавіча там ужо няма. Я спадзяваўся знайсці яго ў вас...

— Хто вы? Адкуль вам гэта вядома?

Уражаная нечаканай весткай, яна апусцілася на пыльнае крэселка даўно не прыбіранага калідора.

Блытана, хапаючыся, я расказваў пра знаёмства з Сяргеем Іванавічам, камячыў патрэбнае, тоўкся на залішніх падрабязнасцях. Жанчына здавалася ўкамянелай і падняла вочы, калі я перайшоў да яго знікнення.

— Былі якія-небудзь непрыемнасці? — звярнулася з тым самым пытаннем, што і Гаўрыла Пятровіч.

— Непрыемнасці ў адпачынку? Магу даць слова, я нічым не засмуціў яго.

Яна кінула на крэсла летняе паліто і засталася ў чорнай карункавай накідцы.

— Зайдзіце ў пакой. Не зважайце на рэзрух. Месяц не была, толькі сёння — з Растова. Знайшла ў паштовай скрынцы ягоную запіску і ліст з Сухумі. Сабралася ехаць, не прысеўшы. А тут — вы...

Жанчына на момант затуліла твар рукамі, потым загаварыла ціха і горка:

— І так усё жыццё. Лёс кідаў нас па свеце, як сам хацеў. Але абавязкова падгадваў: мяне ў адзін бок, яго — у другі. Нарэшце, думалася, з’едземся. Пры моры, у цішыні, можа крыху акупіцца наш жыццёвы неспакой. Хоць на час. На вельмі доўга я не спадзявалася. Вы не павінны думаць благога, мне агідны матыліныя звычкі: мах-мах крыльцамі — і на іншую кветку. Проста мы большую частку жыцця правялі, дбаючы не пра сябе, і першы покліч ахвяраваць сваім, каб цяплей стала дзе-небудзь другому чалавеку, мог лёгка разлучыць нас. А мы даўным-даўно родныя, хоць і гадзіны не прабылі пад адным дахам, не з’елі кавалка хлеба ўдваіх.

Кацярына Юраўна адвярнулася. Здрыгануліся плечы, толькі па гэтым і было відаць, што яна праглынула даўкі спазм. Зараз жа авалодала сабой і ўжо глядзела на мяне, ці не заўважыў хвіліннай слабасці.

— Пасля грамадзянскай пагубляліся ўсе сляды. Мне нічога не маглі сказаць пра яго. Пэўна, быў дзесьці далёка. Я ўжо думала: жывога няма — і ўсё ж нечага чакала. Раптам — сустрэча: летась, такою амаль парою. У Харкаве, на вакзале, пад трэці званок. Усяго і паспелі: пазналі адно аднаго ды я свой адрас сказала. З год перапісваліся, змовіліся: пачынаем жыць разам...

Яна зажурана пасміхнулася, бліснулі вільготныя вейкі.

— Аднак простымі рэчы здаюцца толькі здалёк. Словам, як заўсёды, лёс паклаў сваю цяжкую лапу. Сяргей выехаў сюды без папярэджання, хацеў зрабіць нечаканку. А мяне ў гэты час выклікалі да хворай сястры, я хутка выбралася, паведаміла яму, але мая тэлеграма не захапіла яго. Вось і размінуліся. Ён прыехаў і, не застаўшы мяне, пакінуў запіску, што будзе чакаць у Сухумі. І чакаў. Для сустрэчы нам не хапіла аднаго дня...

Кацярына Юраўна зірнула на дзверы. Я зразумеў яе позірк. У ім бліснула надзея: дзверы адчыняцца — і на парозе стане ён. Не можа быць іначай. Яна чакала ўсё жыццё, павінна ж нарэшце ўзяць верх справядлівасць. Але званок не звінеў, дзверы стаялі нерухома, агеньчык надзеі, што быў узгарэўся ў яе вачах, пагас.

— Я разумею... Звычайная справа не магла б адарваць яго. Мусіць, так павінна было стацца.

Пакрысе яна супакойвалася і, калі я памкнуўся на адыход, не дазволіла.

— Сядзіце, сядзіце. І расказвайце: як сустрэліся з ім. Пра кожны крок, пра кожную гадзіну. Што бачылі, што гаварылі? Можа марылі пра што? Мяне гэта шчасце абдзяліла, не пасвяціла і на трохі. І вось, як у юнацтве, я зноў — «нявеста». Да таго ж вечная, так ахрысцілі некалі ў турме. Што я кажу,— яна нібыта ўзлавалася на сябе,— нават каб мы жылі разам, у яго была б іншая нявеста. Сапраўды вечная...

Кацярына Юраўна прыгасіла ў голасе гаркоту. Паслала абрусок, уключыла электрычны чайнік і пачала даставаць з баульчыка брынзу, халоднае кураня, прыпасы, падрыхтаваныя, відавочна, не для мяне. Яна асцярожна і асабліва прыгожа стаўляла талеркі, раскладала прыборы, нібыта збіралася частаваць таго, хто павінен быў прыйсці.

На спробы адмовіцца ад вячэры яна амаль рэзка кінула:

— Пайсці? Гэта была б здрада.

Стала відавочна: яна не можа заставацца сам-насам з сабою. Я прынёс з калідора свой партфель і паставіў па стол маджары, апошнюю, таксама не для гэтай сустрэчы рыхтаваную бутэльку.

— Яму падабаецца такое віно? — ажывілася Кацярына Юраўна.— Налівайце.

Прыгубіла бакальчык зеленаватага шкла, скрывілася.

— Выбачайце, але гэта нешта кіславатае... Праўда, у кожнага з нас сваё ўяўленне пра віно, пра поўню жыцця, пра шчасце... Мы з Сяргеем вырашылі пабыць шчаслівымі. Вырашылі... І забыліся — шчасце заўсёды бліжэй да трывогі, чым да спакою. А як спадзявацца на спакой? Цяжка ў наш час: над чалавецтвам звісае столькі трывог!

Мігнулі ў люстры лямпачкі, прыбавілася напалу, і я ўбачыў перад сабой жанчыну не часта спатканага хараства. Не той позняй красы так званага бабінага лета, хоць гады і паклалі яго цені пад вачыма, а свежай сілы ад нерастрачанай маладосці ў постаці і ў абліччы.

— Бяда не прыходзіць адна, Міша... Дазвольце мне клікаць вас, як ён? Тры дні назад я страціла апошняга блізкага чалавека, сястру. А сягоння — яго. На гэты раз, адчуваю, назаўсёды... Гады мінаюць. У свеце трывожна,— Кацярына Юраўна вярнулася да ранейшага,— вельмі трывожна. Стаць на ўтаймаванне давядзецца вам, маладым. А хто ведае, можа і нам. Мы ваявалі з навалай, але не пазбылі яе ўсю...

Яна ненадоўга задумалася.

— Міша! Пасля яго не засталося ніякай рэчы? Алоўка, запанкі ці чаго?

У партфелі ў мяне ляжаў «Дон Кіхот», я дастаў і падаў ёй кнігу.

— Мой падарунак!

Кацярына Юраўна падхапілася з месца, з усіх бакоў агледзела кнігу.

— Тая самая! Я прынесла яму ў мінскую турму. Аддайце мне, добра? Не! Калі ён перадараваў дараванае, значыць, нездарма. Хай будзе ў вас. Я перадала яе з «начынкай», у пераплёце былі сакрэтныя весткі. Наконт кастрычніцкага перавароту. Даводзілася хадзіць у турму не раз, пад выглядам...

— Нявесты... Я чуў пра гэта, Кацярына Юраўна.

— Так, казала і я. Але не ўсё. Мае наведванні сталі здавацца падазронымі турэмнаму начальству. Ролю давялося іграць па-сапраўднаму, і, у прысутнасці канваіраў і наглядчыкаў, мы аднойчы пацалаваліся... Яна затуліла вусны рукою, нібыта ад апёку: сказала лішняе незнаёмаму, аднак не спынілася.— Аднойчы за ўсё жыццё. Дый то цераз краты. Маглі б уявіць, што існуе такая жанчына? Затое я адчуваю той дотык у цяжкую хвіліну. Тады ж мы страшэнна збянтэжыліся, трэба было яшчэ сказаць нейкія адпаведныя словы. «Сумую», «кахаю» ці яшчэ якія. А ні ён, ні я гэтага не ўмелі. Маніфест глядзеў збоку на нас і пырснуў... Чаго ўсміхаецеся? Сяргей расказваў пра Маніфеста? Цікавейшая постаць...

Як бы адказваючы на маю маўклівую просьбу, яна гаварыла далей:

— Я прыйшла на спатканне да яго... Не мае значэння калі. Вось гэты Маніфест і сустрэў. Вочы вострыя, наскрозь бачыць, што недазволенае меруся перадаць. Заводзіць гаворку здалёк:

«Бывалі ў нас?»

«Не мела задавальнення».

«Вось памяць мая, старэчая! Усё здаецца — заходзілі. У 1912 годзе не завітвалі хіба да Пятровіча?»

— Сяргей тады сядзеў пад гэтым прозвішчам,— растлумачыла Кацярына Юраўна.

«Памыляецеся,— кажу яму,— я цяпер хачу пабачыць Пятровіча».

«Цяпер? На правах нявесты?»

«Так, мы збіраемся павянчацца».

«Нешта, як толькі ён сядзе, вы адразу нявестай робіцеся... І ў 1912 годзе...»

«Кажу вам, не была тады».

«У 1912 годзе былі,— ён як быццам і не чуў пярэчанняў,— зараз на дварэ 1917. А вы ўсё нявеста... Пара б і жонкаю стаць...»

— Пазнаў, стары пень! — Кацярына Юраўна засмяялася.— А тады было не да смешак. Я, вядома, выконвала тую ж ролю і ў 1912, а тут — няўпраўка. Уся падрыхтоўка ўцёкаў і перадачы зброі магла сарвацца. Тым часам Маніфест падступіў бліжэй і гаворыць напаўголасу: «Зараз яго прывяду. Размаўляйце пра што хочаце — не чую і не бачу. А вось патроны для рэвальвера, вы іх і мінулы раз прыносілі ў хатніх булачках, патроны, кажу, аддайце мне. За ім сочаць. У мяне спрат больш надзейны. Калі будзе трэба, перадам ва ўласныя рукі».

— Уяўляеце, Міша, мой стан? Відавочная правакацыя. Зараз абшукаюць, і я прапала. Уцякаць? Позна, не ўдасца. А Маніфест нагінаецца і шэпча на вуха наш падпольны пароль. І дадае ўголас: «Давай булачкі, дачка! І не заставайся ў вечных нявестах».

Вытрымка здрадзіла Кацярыне Юраўне, тонкі твар яе ўзяўся зморшчкамі і пастарэў, яна голасна заплакала.

— Даруйце, Міша,— толькі і здолела вымавіць.

Я зразумеў: трэба развітвацца. Калі прыйшлі слёзы, недзе непадалёку і палёгка сэрцу. І тут выбліснула здагадка. Я адгадаў недапісанае слова на карабку. «Перад...айце» — значыла яно. Каму і куды — мне было сказана напярэдадні імя і прозвішча, а тое, што належала перадаць, ляжала на маім ложку.

— Кацярына Юраўна! — крыкнуў я.— Гэта ваша кніжка, мне даручана было перадаць яе вам. Слухайце, як...

Аблічча яе пасвятлела.

— Здаецца, я пачынаю тое-сёе разумець. Аднак не буду блытаць вас здагадкамі. Каб ён мог, сам бы даверыўся вам. Ды, па сутнасці, нічога не сказаў і мне. Толькі развітаўся. Дзякуй, Міша! Калі ўбачыце яго раней, раскажыце, як вы знайшлі мяне... Бывайце!

 

Праз многа гадоў па гаманлівым, раптоўна расцвіўшым чырвонымі берэтамі стадыёне таварыш хацеў пазнаёміць мяне са славутай партызанскай разведчыцай.

— А навошта? — сказала яна таварышу.— З табою мы пазнаёміліся ў атрадзе, а з ім,— усмешка ў мой бок,— трохі раней.

Кацярына Юраўна! Высакародная сівізна, аніяк не сагнутая векам постаць, тыя самыя маладыя вільготныя вочы.

— Я такі ўбачыла яго,— яна паглядзела на мяне, ці не забыў, пра каго размова.— На жаль, у кінахроніцы. Сяргей стаяў у берэце, вось гэтак, як мы з вамі, сярод байцоў інтэрнацыянальнай брыгады. На іспанскай зямлі. Па-мойму, яны святкавалі перамогу пад Гвадалахарай. На жаль, там былі не адны перамогі. А можа, гэта быў і не ён...

1975

 


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан